Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Мартынаў М.І. Філасофія.docx
Скачиваний:
11
Добавлен:
13.09.2019
Размер:
672.41 Кб
Скачать

9 Суб’ект і аб’ект пазнання. Формы пачуццёвага і рацыянальнага пазнання 9.2 .2. Суб’ект і аб’ект пазнання. Формы пачуццёвага і рацыянальнага пазнання

Працэс пазнання працякае ў форме ўзаемасувязі і ўзаемадзе­яння суб’екта, які пазнае, і – пазна­вальнага аб’екта.

Суб’ектам пазнання з’яўля­ецца чалавек, чалавечы індывід, здольны адлюстроўваць у сваёй свядомасці з’явы рэчаіснасці. Але чалавек не проста індывід з пэўнымі біялагічнымі ўласцівасцямі, а перш за ўсё грамадская істота. Таму ён думае і пазнае пастолькі, паколькі з’яўляецца членам грамадства, якое праз формы грамадскай свядомасці аказвае істотны ўплыў на змест пазнання.

Мысленне, якое пазнае, ёсць актыўны працэс адлюстравання рэчаіс­насці ў паняццях, суджэннях, навуковых тэорыях. Яно заўсёды дапускае наяўнасць суб’екта, які ставіць мэты, вызначае сродкі іх дасягнення, робіць карэктыроўку гэтых мэтаў на аснове практыкі.

Аб’ект пазнання ўяўляе сабой прадмет, з’яву, працэс матэрыяльнага ці духоўнага свету ці галіны рэчаіснасці, на якую скіравана пазнавальная дзейнасць суб’екта. Аб’ект пазнання нельга атаясамліваць з усёй матэры­яльнай ці духоўнай рэчаіснасцю. Аб’ектам становяцца толькі тыя галіны рэчаіснасці, якія ўключаюцца ў пазнавальную дзейнасць суб’екта. Чым вышэйшы ўзровень развіцця навукі і пазнавальнай дзейнасці людзей, тым шырэйшым становіцца кола з’яў, ахопленых навуковым даследаваннем.

Прадмет пазнання – больш ці менш шырокі фрагмент рэчаіснасці, выдзелены з пэўнай сукупнасці аб’ектаў у працэсе пазнання. Адзін і той жа аб’ект пазнання можа быць прадметам даследавання розных навук. Мысленне як аб’ект пазнання з’яўляецца прадметам даследавання такіх навук, як логіка, тэорыя пазнання, псіхалогія, фізіялогія вышэйшай нерво­вай дзейнасці і іншых. У структурных адносінах прадмет пазнання адроз­ніваецца ад аб’екта тым, што ў яго ўваходзяць толькі галоўныя, істотныя ўласцівасці, з пункту гледжання вывучаемага аб’екта, мэты і задачы навуковага даследавання.

У савецкай філасофскай навуцы было прынята выдзяляць дзве сту­пені пазнання: пачуццёвае адлюстраванне рэчаіснасці і рацыянальнае ад­люстраванне. У далейшым, калі стала высвятляцца, што ў чалавека па­чуццёвае ў шэрагу момантаў пранізваецца рацыянальным, сталі прыхо­дзіць да думкі, што ступенямі, ці ўзроўнямі, пазнання з’яўляюцца эмпірыч­нае і тэарэтычнае, а пачуццёвае і рацыянальнае – здольнасці, на базе якіх фарміруюцца эмпірычнае і тэарэтычнае. Некаторыя аўтары выдзяляюць яшчэ адзін узровень пазнання, які прымаецца імі за зыходны – жывое сузі­ранне, якое разглядаецца не як пазнавальная здольнасць, а як вынік рэа­лізацыі гэтых здольнасцей ці сам працэс пазнання пэўнага боку аб’ектаў.

Пазнавальныя здольнасці чалавека звязаны перш за ўсё з органамі пачуццяў. Чалавечы арганізм мае экстрарэцэптыўную сістэму, накірава­ную на знешняе асяроддзе (зрок, слых, смак, нюх, скураная адчуваль­насць), і інтрарэцэптыўную сістэму, звязаную з сігналамі пра ўнутраны фізіялагічны стан арганізма. Гэтыя здольнасці называюцца здольнасцю да пачуццёвага адлюстравання рэчаіснасці.

Існуе тры формы пачуццёвага адлюстравання: адчуванні, успрыняцці, уяўленні. Адчуванні адпавядаюць асобным уласцівасцям прадметаў, успрыняцці – сістэме ўласцівасцей прадмета. Адчуванні могуць існаваць па-за ўспрыняццямі, але ўспрыняцці немагчымыя без адчуванняў. Будучы генетычнай перадумовай успрыняцця і валодаючы здольнасцю да самастойнага праяўлення, адчуванні ўсё же існуюць пераважна як часткі цэласных успрыняццяў.

Адчуванне з’яўляецца суб’ектыўным ідэальным вобразам прадмета, паколькі адлюстроўвае і праламляе ўздзеянне прадмета праз «прызму» чалавечай свядомасці. Ужо ў адчуванні пачынае адлюстроўваецца аб’ек­тыўная сувязь суб’екта, які адчувае, з тымі цалкам пэўнымі з’явамі і працэ­самі навакольнага свету, з якімі практычна ўзаемадзейнічае гэты суб’ект. Адчуванне стаіць ля вытокаў адлюстравання і фіксавання аб’ектыўнай сістэмы адносін, у якія рэальна ўступае і рэальна ўключаны пэўны чалавек.

Успрыняцце з’яўляецца вынікам актыўных, дзейсных адносінаў чала­века да знешняга асяроддзя. У дзейнасці асобныя адчуванні набываюць рэальную значнасць. Дзякуючы мнагакратнай рабоце механізмаў успры­няцця ў чалавечай свядомасці і памяці ўтрымліваецца цэласны вобраз прадмета, прычым нават тады, калі гэты прадмет непасрэдна не прысут­нічае. У гэтым выпадку функцыянуе яшчэ больш складаная форма пачуц­цёвага ўспрыняцця – уяўленне.

Прадстаўленне – пачуццёва-наглядны вобраз прадметаў і з’яў рэча­існасці, захоўваемы і ўзнаўляемы ў свядомасці без непасрэднага ўздзе­яння саміх прадметаў на органы пачуццяў. Гэта ўзнаўленне ў свядомасці тых прадметаў і з’яў, якія ўздзейнічалі на нашы органы пачуццяў, успры­маліся ў мінулым і захаваліся ў нашай памяці.

Уяўленні ўзнікаюць на базе адчуванняў і ўспрыняццяў і разам з імі ўваходзяць у склад пачуццёвага пазнання. Але яны змяшчаюць элементы абагульнення і працягваюць адыгрываць важную ролю і ў працэсе рацыя­нальнага пазнання.

Важным элементам пачуццёвай дзейнасці і пачуццёвага пазнання з’яўляцца эмоцыі. Эмоцыі – комплексная і даволі складаная форма чала­вечай пачуццёвасці, якая ўключае ў сябе розныя перажыванні і схільнасці, слабасці, такія як гнеў, страх, каханне, нянавісць, сімпатыя і антыпатыя, задавальненне і незадавальненне. Эмоцыі цалкам выразна залежаць ад пачуццёвай арганізацыі асобнага чалавека, асаблівасці яго псіхікі, індывідуальных рысаў характару і тэмпераменту. Яны, з аднаго боку, уключаюць у сябе аспекты аб’ектыўнага адлюстравання рэальных сувя­зей, у якія ўключаны чалавек, з іншага боку, яны фіксуюць суб’ектыўныя адносіны чалавека да свету.

Рацыянальнае пазнанне грунтуецца на здольнасці лагічнага мыс­лення. Яно ўключае ў сябе два тыпы лагічнага мыслення – развагу і розум.

Развага аперыруе паняццямі ў межах складзеных ведаў і пачуццёвага вопыту ў строгай адпаведнасці з устаноўленымі правіламі. Развага мае жорсткую вызначанасць, строгасць сцверджанняў, тэндэнцыю да спрошча­насці, фармалізацыі, схематызму. Развага прыводзіць веды ў сістэму і садзейнічае прыстасаванню чалавека да стандартных умоў, асабліва пры вырашэнні ўтылітарных задач. Ёй уласцівы нягібкасць, няздатнасць выйсці за рамкі дакладна вызначанай задачы.

Розум надае ведам больш глыбокі і абагульнены характар. Ён ахоплі­вае аб’ект у адзінстве супрацьлегласцей, яму ўласціва гібкасць, гнуткасць, ён забяспечвае атрыманне нестандартных, творчых рашэнняў. Розум здо­льны аналізаваць не толькі даныя пачуццёвага вопыту, але і крытычна ацэньваць уласныя рашэнні. Адметнасцю розуму з’яўляецца выхад за межы, устаноўленыя пазнавальнай задачай, па-заўтылітарнасць і навізна вынікаў. Розум дапаўняецца развагай, якая выконвае нятворчую работу мыслення.

Рацыянальнае пазнанне найбольш поўна выражана ў мысленні. Мысленне – працэс пазнавальнай дзейнасці, для якога характэрна ства­рэнне абагульненых, апасродкаваных вобразаў рэчаіснасці. Яно апасрод­кавана пачуццёвым пазнаннем і абапіраецца на вопыт, у тым ліку і на ўсвядомлены раней. Дзякуючы мысленню чалавек пакідае ў баку канкрэт­ную разнастайнасць з’яў і выяўляе ўласцівыя ім агульныя і найбльш істотныя прыкметы. Яно ажыццяўляецца ў цеснай сувязі з мовай, якая выконвае функцыю інструмента мыслення, і мовай, у якой думка ўвасаб­ляецца. Асноўнымі формамі мыслення з’яўляюцца паняцце, суджэнне, вы­вад, выснова.

Паняцце – вузлавая форма мыслення, якая адлюстроўвае канкрэтна ўсегульную прыроду ці «агульны тып» пэўнага роду з’яў, сінонім разу­мення сутнасці справы. У паняцці мысляцца прадметы, уласцівасці і адно­сіны паміж імі ў іх агульных істотных прыкметах. Паняцце з’яўляецца зыходным момантам руху думкі, якая стварае «стартавыя ўмовы» ўсяго мысліцельнага працэсу. Фарміраванне ўзбагачанага, разгорнутага, разві­тога паняцця завяршае мысліцельны працэс.

Суджэнне – форма мыслення, у якой адлюстроўваецца сувязь паміж прадметам і яго прыкметай, сувязь паміж прадметамі, а таксама факт іх іс­навання. Граматычна суджэнне выражаецца ў апавядальным сказе. Яго асаблівасцю з’яўляецца тое, што суджэнне мае сапраўднае значэнне, г. зн. прэтэндуе на ўстанаўленне ісціны. Аднак у суджэнні можа быць вы­ражана і ісціна, і памылковасць, і праўда, і няпраўда.

Выснова – гэта лагічная форма выснаваных ведаў, якая заключаецца ў пераходзе ад некаторых зыходных суджэнняў да новых ведаў, выніклых з гэтых суджэнняў, якія з’яўляюцца яго асновай.

Творчасць – асобая форма пазнавальнай дзейнасці чалавека, гэта яго нацэленасць на стварэнне канкрэтнага, непаўторнага і закончанага выніку, які ўвасабляе сабой мэту творчага працэсу, задавальняючай раз­настайнасці. Творчасць заўсёды носіць індывідуальна-асабісты характар.

У гісторыі філасофіі склаліся розныя погляды і ўяўленні на праблему суадносінаў пачуццёвага і рацыянальнага пазнання. Існуюць тры вядучыя філасофскія кірункі, якія спрабуюць па-свойму вырашыць гэту праблему – сенсуалізм, эмпірызм і рацыяналізм.

Паняццем «сенсуалізм» абазначаецца тэарэтыка-пазнавальны і псіха­лагічны кірунак, які выводзіць усё пазнанне з пачуццёвых успрыняццяў і адлюстроўвае ўсе з’явы духоўнага жыцця як больш ці менш звязаныя комплексы адчуванняў, прычынай якіх з’яўляюцца ўнутраныя ці знешнія раздражняльнікі. У старажытным свеце прадстаўнікамі сенсуалізму былі кірэнаікі і эпікурэйцы, у сярэднія вякі сенсуалізм быў мала распаўсюджаны. У Новы час аснову сенсуалізму заклаў Д. Лок, які выставіў палажэнне, што няма нічога ў інтэлекце, чаго раней не было б у пачуцці. Гэта палажэнне раздзялялі Т. Гобс і Д. Берклі. Сістэматычнае абгрунтаванне сенсуалізм атрымаў у французскіх асветнікаў, у прыватнасці, Э. Кандыльяк сцвяр­джаў, што ўспрыняцце ахоплівае ўсе духоўныя здольнасці. Д. Юм дадаў да «знешняга вопыту», з якога зыходзілі ўсе папярэднія прадстаўнікі сен­суалізму, «унутраны вопыт». Згодна з яго сцвярджэннем, усе творчыя сілы душы ёсць не больш чым здольнасць звязваць, перастаўляць і павяліч­ваць матэрыю, дадзеную пры дапамозе пачуццяў і вопыту. На пазіцыях сенсуалізму стаяў Л. Феербах. Блізкімі да сенсуалізму кірункамі з’яў­ляюцца эмпірыякрытыцызм і пазітывізм.

Эмпірызм – кірунак у гнасеалогіі, які выводзіць усё пазнанне з пачуц­цёвага вопыту – эмпірыі. З метадалагічнага пункту гледжання – прынцып, згодна з якім уся навука, уся жыццёвая практыка і маральнасць павінны грунтавацца на гэтым вопыце. Радыкальны эмпірызм прызнае толькі пачуццёвыя ўспрыняцці, умераны эмпірызм адводзіць ім вырашальную ролю. Эмпірычным быў ужо сярэдневяковы наміналізм. Заснавальнікам гнасеалагічнага эмпірызму ў філасофіі Новага часу, які развіваўся ў цеснай сувязі з прагрэсам у галіне эксперыментальнага прыродазнаўства, з’яўляецца Д. Лок, заснавальнікам метадалагічнага эмпірызму – Ф. Бэкан. Галоўным прадстаўніком эмпірызму ў XIX ст. з’яўляецца Д. С. Міль. Сучасная фізіка грунтуецца на эмпірызме, які мае лагічны кірунак.

Рацыяналізм – гэта сукупнасць філасофскіх напрамкаў, якія робяць цэнтральным пунктам аналізу з суб’ектыўнага боку – розум, мысленне, развагу, а з аб’ектыўнага боку – разумнасць, лагічны парадак рэчаў. У старажытным свеце існавалі ўсяго толькі асобныя элементы аб’ектывісц­кага рацыяналізму. У XVII–XVIII стст. складваецца сістэма суб’ектывісцкага рацыяналізму, яе прадстаўнікамі з’яўляюцца Р. Дэкарт, Б. Спіноза, Г. Лейбніц, X. Вольф. І. Кант спрабаваў скасаваць супрацьлегласць эмпірызму і рацыяналізму ў вышэйшым сінтэзе свайго крытыцызму. І. Фіхтэ, Ф. Шэлінг, Г. Гегель часткова вярнуліся да аб’ектыўнага рацыяналізму. Цалкам рацыяналістычнымі з’яўляюцца гістарычны матэрыялізм, прагматызм і тыя напрамкі сучаснай філасофііи, якія залежаць ад філасофіі рацыяналізму і знаходзяцца пад яго ўплывам: марксізм, неавіталізм, лагіцызм, неарэалізм.

У марксісцкай гнасеалогіі быў сфармуляваны тэзіс аб узаемадзеянні, узаемапранікненні пачуццёвага пазнання, эмпірычнага вопыту і паняцій­нага рацыянальнага мыслення. У ёй пачуццёвае і рацыянальнае пазнанне не разглядаюцца як некаторыя абсалютна самастойныя, ізаляваныя здо­льнасці чалавека, які пазнае, наадварот, сцвярджаецца, што ў рэальным пазнанні яны знаходзяцца ў адзінстве і ўзаемадзеянні. У іх складаным узаемадзеянні выяўляюцца два тыпы дзейнасці: практычная і тэарэтычная дзейнасць як асаблівы від разумовай працы, спецыяльна накіраваная на стварэнне ведаў і ўтварэнне паняццяў. Пры гэтым практычная дзейнасць, у ходзе якой бесперапынна ўзнікае непасрэдны кантакт органаў пачуццяў з прадметамі і з’явамі прыроды і грамадства, цесна звязана з мысленнем, з паняццямі, а тэарэтычная дзейнасць пранікнута пачуццёва-вобразнымі элементамі і звязана з усімі формамі практычнай дзейнасці.