Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Мартынаў М.І. Філасофія.docx
Скачиваний:
11
Добавлен:
13.09.2019
Размер:
672.41 Кб
Скачать

7.5. Каштоўнасці і іх роля ў жыцці чалавека

Ч

Каштоўнасці і іх роля ў жыцці чалавека

7.5

алавек самім сваім існаваннем вы­дзелены з навакольнага свету. Гэта выму­шае яго дыферэнцыравана адносіцца да фактаў свайго быцця. Чалавека цікавіць не проста ісціна, якая ўяўляла б аб’ект такім, якім ён з’яўляецца сам па сабе, а значэнне аб’екта для чалавека, для задавальнення яго патрэб. Індывід дыфе­рэнцыруе факты свайго жыцця па іх значнасці, дае ім ацэнку, рэалізуе каштоўнасныя адносіны да свету. Усё, што мае для чалавека пэўную знач­насць, асобасны ці грамадскі сэнс, з’яўляецца для яго каштоўнасцю.

Тэрмін «каштоўнасць» шырока выкарыстоўваецца ў філасофіі і са­цыялогіі для ўказання на чалавечае, сацыяльнае і культурнае значэнне пэўных з’яў рэчаіснасці. Паняцце каштоўнасцей раскрывае асаблівы ас­пект адносін чалавека да свету. Каштоўнасці дазваляюць глыбей зразу­мець спецыфіку чалавечай дзейнасці, грамадства, культуры, яны з’яў­ляюцца важнейшым фактарам кансалідацыі людзей, іх інтэграцыі ў су­польнасці. Каштоўнасці з’яўляюцца прадметам вывучэння асобнага раз­дзела філасофіі – аксіялогіі, ці тэорыі каштоўнасцей. Яна ўяўляе сабой філасофскае вучэнне аб прыродзе каштоўнасцей, іх месцы ў рэальнасці, аб структуры каштоўнаснага свету, г. зн. аб сувязі розных каштоўнасцяў паміж сабой, з сацыяльнымі і культурнымі фактарамі і структурай асобы.

Вучэнне аб каштоўнасцях – аксіялогія – стала набыткам філосафаў толькі пасля таго, як удалося развесці паняцці быцця і дабротаў. Гэта адбылося ў філасофіі І. Канта, які супрацьпаставіў сферу маральнасці сферы прыроды, а практычны розум – тэарэтычнаму розуму. Выдзяленне феномена значнасці быцця для чалавека прывяло да філасофіі каштоў­насцей з яе асноўным пытаннем: «Што ёсць каштоўнасць, і ў чым схаваны яе вытокі?»

Адны філасафы бачылі крыніцу каштоўнасці ў суб’екце, волі, пачуцці, асаблівасцях трансцэндэнтальнага суб’екта. Неакантыянцы выявілі крыні­цу каштоўнасцей у разумнай волі, якая забяспечвае акты выбару. Ф. Брэн­тана лічыў, што крыніцай каштоўнасцей з’яўляюцца эмацыянальныя акты любові і нянавісці. Філосафы матэрыялістычнага кірунку бачылі крыніцу каштоўнасцяў у незалежных ад суб’екта рэаліях, у матэрыяльных дабро­тах. Марксізм выставіў на першы план каштоўнасці грамадскага парадку.

З часоў антычнасці ў філасофіі вядуцца спрэчкі паміж прадстаўнікамі розных філасофскіх школ і напрамкаў па пытанні пра тое, ці з’яўляецца каштоўнасць атрыбутам некаторай рэчы ці яна ёсць вынік ацэньвання, прадыктаванага патрэбамі асобы і грамадства. У першым выпадку каштоў­насць тлумачыцца як штосьці аб’ектыўнае, існуючае незалежна ад чала­века. У другім выпадку паняцце каштоўнасці зводзіцца да суб’ектыўных ацэначных разважанняў адвольнага характару. Сутнасць каштоўнасцей выводзіцца не з аб’ектаў, а з патрэб чалавека.

Часта праблему каштоўнасцей разумеюць у самым агульным плане, тады ў якасці каштоўнасцяў выступаюць ісціна, дабро і хараство. М. Шэлер лічыў, што ранг каштоўнасці тым вышэй, чым больш яна даўга­вечная і чым большае задавальненне яна выклікае. У гэтай сувязі ён ставіў на першае месца каштоўнасць прыемнага, звязанага з задаваль­неннем пачуццёвых схільнасцей чалавека.

Каштоўнасць – гэта адносіны паміж думкай і рэчаіснасцю. Грунтую­чыся на сваім індывідуальным вопыце, чалавек усведамляе наяўнасць сувязі паміж значным для яго аб’ектам і сваімі патрэбамі і інтарэсамі.

Каштоўнасцю з’яўляецца тое, што валодае станоўчай значнасцю для чалавека. Значнасць вызначаецца не ўласцівасцямі прадмета самога па сабе, а іх уцягненасцю ў чалавечае жыццё. Быццё каштоўнасці спасці­гаецца ў эмацыянальным акце. Суб’ектыўна жадаемае выступае ў ролі ацэнкі, г. зн. устанаўлення значнасці розных з’яў для чалавека, вызначае­мым яго сацыяльнай пазіцыяй, светапоглядам, узроўнем культуры, інтэ­лекту і маральнасці.

Свет каштоўнасцей выяўляе сваю залежнасць ад чалавецтва, ён абумоўлены яго развіццём, пашырэннем сферы дзейнасці, характарам культуры і цывілізацыі. Прырода аксіялагічна нейтральная, як каштоўнасць яна актуалізуецца толькі ў кантэксце з чалавецтвам, у канкрэтна-гістарычных умовах яго існавання і развіцця.

Каштоўнасці надіндывідуальныя, яны могуць усведамляцца ці не ўсведамляцца, альбо ўсведамляцца неадэкватна. Аднак любы варыянт усведамлення каштоўнасцяў як суб’ектыўна жаданага выступае ў форме ацэнкі. Ацэнка заключаецца не ў дасягненні адпаведнасці пазнання са­праўднаму стану рэчаў, а з’яўляецца ўсведамленнем рэчаў і іх уласці­васцей як неабходных і важных для чалавека. Каштоўнасці адлюстроў­ваюць рэальную сувязь суб’екта з патрэбамі і інтарэсамі, памкненнямі, мэтамі, ідэаламі суб’екта. Таму можна казаць пра каштоўнасныя суджэнні з пункту гледжання іх сапраўднасці альбо несапраўднасці.

Значная роля ў фарміраванні цэнасных суджэнняў належыць нормам, якія надаюць патрэбам чалавека сацыяльную форму. Пад нормай разуме­ецца агульнапрызнанае правіла, узор дзеяння альбо паводзінаў. Нормы аказваюць уплыў на патрэбы асобы, якая не можа задавальняць іх па-за нарматыўна-культурным працэсам. Адным з асноўных спосабаў нарматыў­най рэгуляцыі дзеянняў чалавека ў грамадстве з’яўляецца мараль, ці маральнасць. Мараль выступае як асаблівая форма грамадскай свядо­масці і як від грамадскіх адносін. Яна з’яўляецца прадметам вывучэння этыкі – філасофскай навукі, якая вывучае мараль, маральнасць, па-першае, як форму грамадскай свядомасці; па-другое, як адзін з важ­нейшых бакоў жыццядзейнасці чалавека, па-трэцяе, як спецыфічную з’яву грамадскага жыцця.

Нормы выступаюць як адна з формаў усведамлення патрэбаў, і таму яны адносяцца да сферы каштоўнасцей. Аднак паміж нормамі і каштоў­насцямі існуе некаторае функцыянальнае адрозненне. Каштоўнасці, паколькі яны спараджоныя патрэбамі, вызначаюць мэты дзейнасці, а нор­мы адносяцца да сродкаў дасягнення мэты.

Мэта выступае як адзін з элементаў паводзін і свядомай дзейнасці чалавека. Гэты элемент характарызуе прадугадванне ў мысленні выніку дзейнасці і шляхі яго рэалізацыі з дапамогай пэўных сродкаў. Яна ўяўляе сабой спосаб інтэграцыі розных дзеянняў чалавека ў некаторую паслядоў­насць ці сістэму. У аснове чалавечай дзейнасці ў большасці выпадкаў мае месца мэтанакіраванасць, калі мэта, якая ляжыць у аснове дзейнасці, вы­ступае ў якасці канечнай прычыны. У такім выпадку ў наяўнасці мэтазгод­насць – адпаведнасць з’явы ці працэсу пэўнаму, адносна завершанаму стану, матэрыяльная ці ідэальная мадэль якога ўяўляецца ў якасці мэты.

Кожная гістарычна канкрэтная грамадская форма можа характары­завацца спецыфічным наборам і іерархіяй каштоўнасцей, сістэма якіх выступае ў якасці найбольш высокага ўзроўню сацыяльнай рэгуляцыі. На аснове прынятых у грамадстве каштоўнасцей складваюцца катоўнасныя адносіны, істотным элементам якіх з’яўляюцца цэнасныя арыентацыі – важнейшыя элементы ўнутранай структуры асобы, замацаваныя жыццё­вым вопытам індывіда, усёй сукупнасцю яго перажыванняў, яны абмяжоў­ваюць значнае, істотнае для пэўнага чалавека ад нязначнага, неістотнага. У выніку цэнасна-арыентацыйнай дзейнасці ажыццяўляецца выпрацоўка і распаўсюджванне пэўных сістэм каштоўнасцей.

Разнастайнасць патрэб і інтарэсаў асобы і грамадства выражаецца ў складанай сістэме каштоўнасцей, якія класіфікуюцца па розных асновах. Паводле зместу адрозніваюцца каштоўнасці, якія адпавядаюць падсістэ­мам грамадства: матэрыяльныя (эканамічныя), палітычныя, сацыяльныя і духоўныя. Матэрыяльныя каштоўнасці ўключаюць вытворча-спажывецкія (утылітарныя) каштоўнасці, звязаныя з адносінамі ўласнасці, быту і да т. п. Духоўныя каштоўнасці ўключаюць маральныя, пазнавальныя, эстэтычныя, рэлігійныя і іншыя ідэі, уяўленні, веды.

Каштоўнасці маюць канкрэтна-гістарычны характар, яны адпавядаюць таму ці іншаму этапу развіцця грамадства альбо адносяцца да розных дэмаграфічных груп, а таксама прафесійных, класавых, рэлігійных, палі­тычных і іншых аб’яднанняў. Неаднароднасць сацыяльнай структуры гра­мадства спараджае неаднароднасць і нават супярэчлівасць каштоўнасцей і каштоўнасных арыентацый. У гэтым сэнсе каштоўнасці выступаюць як прадметная форма існавання сацыяльных адносін.

Па форме быцця адрозніваюцца прадметныя і ідэальныя (духоўныя) каштоўнасці. Прадметныя каштоўнасці – гэта натуральныя даброты, спа­жывецкая вартасць прадуктаў працы, сацыяльныя даброты, якія змяш­чаюцца ў грамадскіх з’явах, гістарычныя падзеі, культурная спадчына, маральнае дабро, эстэтычныя з’явы, якія адпавядаюць крытэрыям хара­ства, прадметы рэлігійнага культу ці ўвасобленыя ў знакавай форме рэлігійныя ідэі. Гэтыя каштоўнасці існуюць у свеце канкрэтных рэчаў, з’яў, якія функцыянуюць у жыццядзейнасці людзей. Галоўнай сферай прад­метных каштоўнасцей выступаюць прадукты мэтазгоднай дзейнасці чалавека, якая ўвасабляе ўяўленні асобы і грамадства аб дасканаласці. У якасці прадметна ўвасобленай каштоўнасці можа выступаць як вынік дзейнасці, так і сама дзейнасць. Прадметныя каштоўнасці паўстаюць як аб’екты патрэб і інтарэсаў чалавека.

Да духоўных каштоўнасцей адносяць грамадскія. Ідэалы, устаноўкі і ацэнкі, нарматывы і забароны, мэты і праекты, эталоны і стандарты, прын­цыпы дзеяння, выражаныя ў форме нарматыўных уяўленняў пра шчасце, дабро, зло, цудоўнае і пачварнае, справядлівае і несправядлівае, права­мернае і неправамернае, пра сэнс гісторыі і прадвызначэнне чалавека. Каштоўнасці свядомасці выступаюць і як самастойная сфера каштоўнасцей, і як аснова, крытэрый ацэнкі прадметных каштоўнасцей. Ідэальная форма іх быцця рэалізуецца альбо ў выглядзе ўсведамляемых уяўленняў аб даскана­ласці, аб належным і неабходным альбо ў выглядзе неўсведамляемых захапленняў, пераваг, жаданняў, імкненняў.

Духоўныя каштоўнасці неаднародныя па зместу, функцыях і харак­тары патрабаванняў да іх рэалізацыі. Існуе цэлы клас прадпісанняў, якія праграмуюць мэты і спосабы дзейнасці – гэта стандарты, правілы, каноны. Больш гібкія, тыя, што даюць дастатковую свабоду ў рэалізацыі каштоў­насці – гэта нормы, густы, ідэалы.

Паводле суб’екта – носьбіта каштоўнасных адносінаў – адрозніваюц­ца каштоўнасці надындывідуальныя (групавыя, нацыянальныя, класавыя, агульначалавечыя) і суб’ектыўна-асобасныя. Асобасныя каштоўнасці фар­міруюцца ў працэсе выхавання і адукацыі, назапашваняя жыццёвага вопы­ту індывіда. Надындывідуальныя каштоўнасці – гэта вынік развіцця грамад­ства і культуры. Тыя і другія каштоўнасці неразрыўна звязаны паміж сабой.

Каштоўнасці вызначаюцца патрэбамі і інтарэсамі асобы і грамадства, таму яны маюць складаную структуру, асаблівую іерархію. У яе аснове ляжаць фундаментальныя даброты, неабходныя для жыцця чалавека як жывой істоты (прыродныя багацці, матэрыяльныя ўмовы жыцця) і вышэй­шыя каштоўнасці, якія залежаць ад сацыяльнай сутнасці чалавека, яго духоўнай прыроды. Першая група – гэта ўтылітарныя каштоўнасці, яны вызначаюцца знешняй, пастаўленай звонку чалавеку мэтай. Практычная, утылітарная каштоўнасць ёсць каштоўнасць сродку, таму што карыснасць рэчы вызначаецца той задачай, якой яна заклікана служыць. Выканаўшы сваю задачу, гэта рэч у якасці каштоўнасці памірае. Другая група – духоў­ныя каштоўнасці. Яны маюць унутраную аснову. Духоўная каштоўнасць мае самадастатковы характар і ёй не патрэбны матывы, якія ляжаць па-за ёй. Утылітарныя прагматычныя каштоўнасці вызначаюць мэты дзейнасці, духоўныя каштоўнасці – сэнс чалавечай дзейнасці.

Духоўныя каштоўнасці валодаюць неўтылітарным і неінструменталь­ным характарам. Яны не служаць ні для чаго іншага, а насупраць, усё іншае набывае сэнс усяго толькі ў кантэксце з вышэйшымі каштоўнасцямі. Духоўныя каштоўнасці складаюць стрыжань культуры пэўнага народа, фундаментальныя адносіны і патрэбы людзей. Выдзяляюцца агульна­чалавечыя каштоўнасці (мір, жыццё чалавецтва), каштоўнасці адносін (сяброўства, любоў, давер, сям’я), сацыяльныя каштоўнасці (уяўленне аб сацыяльнай справядлівасці, свабодзе, правах чалавека), каштоўнасці стылю жыцця, самасвярджэнне асобы. Вышэйшыя каштоўнасці рэалізу­юцца ў бясконцым мностве сітуацый выбару.