Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Мартынаў М.І. Філасофія.docx
Скачиваний:
11
Добавлен:
13.09.2019
Размер:
672.41 Кб
Скачать

ТЭма 8 Свядомасць чалавека як прадмет філасофскага аналізу

8 Праблема свядомасці і асноўныя традыцыі яе аналізу ў класічнай філасофіі 8.1 .1. Праблема свядомасці і асноўныя традыцыі яе аналізу ў класічнай філасофіі

Вядома, што «апісаннем» разнастайных з’яў свядомасці і свядомай дзейнасці людзей займаюцца шматлікія навуко­выя дысцыпліны. Аднак філасо­фію цікавіць не толькі праблема рэальнасці свядомасці. Прад­метам філасофскага аналізу становіцца сама прырода гэтай рэальнасці, праблема сутнасці яе паходжання, прырода дзіўных магчымасцей стваральнай сілы свядомасці, чалавечага розуму ў пазнанні і пераўтварэнні навакольнага свету.

Галоўным пытаннем заўсёды было і застаецца пытанне аб адносінах свядомасці да быцця, пытанне аб уключанасці чалавека, які валодае свядомасцю, у свет, аб тых магчымасцях, якія надае свядомасць індывіду, і аб той адказнасці, якую яно накладвае на чалавека.

Праблема свядомасці закранае карэнныя пытанні светапогляднай арыентацыі чалавека, выяўляе адносіны самой філасофіі да навукі. Інтэрпрэтацыя з’яў свядомасці непазбежная пры вырашэнні практычных задач. Да апошніх можна аднесці і праблемы адукацыі і выхавання, кіравання сацыяльнымі працэсамі, маніпуляцыі свядомасцю пры дапамозе сродкаў масавай інфармацыі, развіццё геннай інжынерыі, псіхафізіяла­гічныя асновы чалавечай дзейнасці і г. д.

Яшчэ на зары чалавечага грамадства людзі задумваліся над харак­тарам псіхічных працэсаў, над прыродай сваёй уласнай душэўнай дзей­насці. Узнікла ўяўленне пра «душу» як звышнатуральным двайніку чала­вечага цела. Лічылася, што душа бессмяротная і здольна пакідаць тлен­нае, смяротнае цела, падарожнічаць і перамяшчацца па той бок бачнага свету. Пры гэтым кожная канкрэтная рэч, якая пачуццёва ўспрымаецца, таксама надзяляецца «душой», а навакольны свет (асабліва прыродны) аказвается вельмі залежным ад свавольства розных «душ». Такі погляд называецца анімізмам (ад лац. anima – душа) і выступае асновай усіх рэлігійна-міфалагічных поглядаў на свядомасць і псіхічную дзейнасць чалавека. Да тагога погляду далучаецца і гілазаізм (греч. hyle – рэчыва + zoe – жыццё) – вучэнне аб усеагульнай адухаўлёнасці свету.

Пазней, нягледзячы на наіўнасць такіх меркаванняў, яны сталі агуль­най зыходнай перадумовай усіх ідэалістычных вучэнняў аб прыродзе і чалавеку. І гэта не выпадкова. Раздзяленне арганічнага і неарганічнага, матэрыяльнага і псіхічнага, псіхічнага і свядомага зусім не з’яўляецца непасрэдна дадзеным і самавідавочным. Вызначэнне крытэрыяў гэтага дзялення і цяпер знаходзіцца ў цэнтры ўвагі навук, якія спецыяльна зай­маюцца праблемамі свядомасці, псіхікі, мыслення, духоўнага жыцця гра­мадства і індывіда (суб’екта). Вырашэнне гэтай праблемы ўскладняецца і немагчымасцю выявіць псіхічныя з’явы ці тонкія духоўныя сувязі пры дапамозе органаў пачуццяў. Як казаў антычны філосаф Геракліт Эфескі: «Па якіх бы дарогах ты не ішоў, не знойдзеш межаў душы, такі глыбокі яе логас». Аднак ужо антычныя мысліцелі выказвалі меркаванне аб «сувязі розуму» з дзейнасцю мозга. Сёння гэта элементарная ісціна. Але меха­нізмы дзейнасці мозга, псіхічных з’яў да цяперашняга часу ў многім застаюцца загадкавымі.

Сказанае зусім не азначае адмаўлення ідэалізмам свядомасці ці псі­хічнага, ідэальнай прыроды пазнаваемых вобразаў. Наадварот, згодна з філасофскай традыцыяй, менавіта ідэалістычным вучэнням належыць заслуга «выдзялення» (ці вызначэння) з’яў, якія адрозніваюцца прынцы­пова і якія, верагодна, незалежныя ні ад цела, ні ад «душы» кожнага асобнага індывіда.

Платон, Арыстоцель, Аўгустын, Лейбніц, Берклі, Кант, Гегель і многія іншыя прадстаўнікі гэтага кірунку ў філасофіі звярталі ўвагу на шэраг істот­ных момантаў. Так, была зроблена выснова аб грамадскім характары мыслення, мысліцельнай дзейнасці чалавека, сацыяльна-гістарыч­най і суб’ектыўнай (індывідуальнай) прыродзе свядомасці, яе дзейс­най сутнасці (свядомасць «творыць» свет). Станоўчым было і сцвяр­джэнне аб прынцыповай немагчымасці звядзення душэўных (духоўных, ідэальных) працэсаў да метамарфозаў агню, паветра, атамаў ці якіх-небудзь іншых фізічных мадэлей.

Матэрыялісты, якія мыслілі метафізічна, стаялі ў асноўным на пазі­цыях гілазаізму ці панпсіхізму, згодна з якімі, уся матэрыя адухоўлена і ва­лодае пэўнымі псіхічнымі ўласцівасцямі, хоць чалавечая псіхіка «выпра­цоўваецца» не усёй матэрыяй, а найбольш складанай формай жывой матэрыі.

Трэба адзначыць, што заслуга ўвядзення ў навуковы і філасофскі апарат (слоўнік) тэрміну «свядомасць» належыць французскаму філосафу Дэкарту.

Разуменне свядомасці толькі як нейкай асаблівай духоўнай сутнасці не раскрывае сапраўдную прыроду ні самой свядомасці, ні спецыфічныя адрозненні ідэальных з’яў ад матэрыяльна-прыродных. Як бачым, прабле­ма свядомасці, яе вырашэнне закранае перш за ўсё зыходныя света­поглядна-метадалагічныя прынцыпы адносін да класічнай філасофскай дылемы цела і душы: што з’яўляецца вызначальным і што чаму папярэдні­чае. Думка і свядомасць з’яўляюцца прадуктамі матэрыяльнага мозга, але нельга пагадзіцца з вылучанай вульгарным матэрыялізмам (Бюхнер, Фогт, Малешот) аналогіяй, што «думка з’яўляецца такім же прадуктам мозга, як жоўць – прадуктам печані… Рэдукцыянісцкае параўнанне думкі з жоўцю, адзначаў Ф. Энгельс, практычна нічога не дае. Носьбітам руху з’яўляецца матэрыя: «Мы, несумненна, «звядзём» калі-небудзь эксперыментальным шляхам мысленне да малекулярных і хімічных рухаў у мазгах. Але хіба гэтым вычэрпваецца сутнасць мыслення». Вось чаму размежаванне матэ­рыяльнага і духоўнага, фізічнага і псіхічнага (ментальнага) мае прынцыпо­вае значэнне не толькі для самой філасофіі, але і для навук, што выву­чаюць феномен свядомасці. Гэта дазваляе зразумець, што ключавым значэннем для раскрыцця сапраўднай прыроды свядомасці і сутна­сці ідэальнага з’яўляецца дыялектыка-матэрыялістычнае вырашэнне асноўнага пытання філасофіі. Разам з тым дыялектыка-матэрыялістыч­нае вырашэнне асноўнага пытання філасофіі фармулюе даволі жорсткае патрабаванне: абсалютнае проціпастаўленне матэрыі і свядомасці за яго межамі навукова неабгрунтавана. Паміж матэрыяй і свядомасцю існуе дыялектычная «тоеснасць» і «адрозненне». Паміж імі існуе як прычынна-выніковая, так і прасторавачасавая сувязь. Свядомасць непарыўна звяза­на з матэрыяй, паколькі яна існуе толькі як уласцівасць высокаарганіза­ванай матэрыі, як функцыя мозга чалавека. Па сваім паходжанні свядо­масць ёсць функцыя матэрыяльнага, а па сваёй якасці істотна адрозні­ваецца ад яго.

Свядомасць такая ж рэальная, як і матэрыя, але яе рэальнасць суб’ектыўная. Суб’ектам і носьбітам свядомасці з’яўляецца толькі чала­век. Прычым змест свядомасці існуе для асобнага чалавека як яго эма­цыянальна-псіхічныя перажыванні, каштоўнасныя адносіны да свету. Свядомасць вызначае, рэалізуе здольнасць чалавека як духоўнай асобы вызначыць свае адносіны да навакольнага свету, духоўна яго асвойваць, пазнаваць, прагназаваць і арганізоўваць сваю дзейнасць, матываваць свае дзеянні і ўчынкі. Дзякуючы гэтаму, свядомасць "асвойвае" свет рэчаў, з’яў, аб’ектаў толькі ў іх практычным для чалавека значэнні, у іх адносінах да яго патрэб і інтарэсаў, якія адпавядаюць мэтавым устаноўкам, ідэалам, вобразам. Адгэтуль і такая спецыфічная рыса свядомасці, як яго прадмет­насць і практычная скіраванасць. Яна праяўляецца ў тым, што змест свядомасці па сваёй якасці з’яўляецца ідэальным. Калі матэрыя як аб’ек­тыўная рэальнасць мае свой уласны змест, які існуе ў выглядзе канкрэт­ных матэрыяльных утварэнняў і сістэм, то формы быцця свядомасці і яго зместу істотна адрозніваюцца: свядомасць суб’ектыўная па форме і аб’ектыўная па зместу.

Таму «дух», свядомасць заўсёды «абцяжараны матэрыяй» і па-за сваім матэрыяльным увасабленні не існуюць. Гэта «матэрыя» свядомасці выступае ў дадзеным выпадку ў выглядзе рухальных пластоў паветра, гукаў, у выглядзе мовы, моўнай дзейнасці. Дзякуючы гэтаму, змест свядо­масці, яго ідэальная сутнасць, якая аб’ектывуецца ў слове, яго знакавых формах, уключаецца ў сістэму грамадскіх ведаў, у структуру духоўнай культуры грамадства, набывае якасць нейкай дадзенай індывідуальнай «аб’ектыўнай рэальнасці». Акрамя таго, змест свядомасці фіксіруецца ў ідэальных сістэмах рознага іерархічнага рангу – пачуццёвыя даныя, аб­страктныя паняцці, мастацкія вобразы, духоўныя каштоўнасці, матэрыяль­ныя прадукты (прадметы) чалавечай дзейнасці, нормы культуры, мовы, мыслення і г. д. Змест свядомасці можа быць захаваны, перададзены, але не «згубіцца», таму што свядомасць, выступаючы як суб’ектыўная рэаль­насць, рэалізуе сябе не толькі ў форме індывідуальнай свядомасці. Важнейшай формай быцця свядомасці з’яўляецца па-заіндывідуальная грамадская свядомасць – сацыяльная «памяць» грамадства. Яна зафікса­вана ў матэрыяльнай і духоўнай культуры, літаратурных тэкстах, хроніках, прыказках і прымаўках, штодзённых жыццёвых уяўленнях, маральна-этыч­ных нормах і інш. Гэтыя формы існавання свядомасці, яго «ідэальнай» якасці цесна звязаны, пераплецены, здольны як бы пералівацца адна ў другую, узаемаабагачацца і змяняцца.

Такім чынам, важнымі характарыстыкамі ці істотнымі ўласцівасцямі свядомасці з’яўляюцца суб’ектыўнасць і ідэальнасць.

Свядомасць – вышэйшая, уласцівая толькі чалавеку і звязаная з мо­вай функцыя мозга, якая заключаецца ў грамадскім, ацэначным і мэта­накіраваным адлюстраванні і канструктыўна-творчым пераўтварэнні рэча­існасці, у папярэднім мыслярным пабудаванні дзеянняў і прадбачанні іх вынікаў, у разумным рэгуляванні і самакантролі паводзінаў чалавека. Свядомасць уяўляе сабой адзінства псіхічных працэсаў, якія актыўна ўдзельнічаюць у асэнсаванні чалавекам аб’ектыўнага свету і свайго ўлас­нага быцця. Разам з тым нельга атаясамліваць паняцці «псіхіка» і «свядо­масць», г. зн. лічыць, што ўсе псіхічныя працэсы ў чалавека ў кожны да­дзены момант уключаюцца ў свядомасць. Шэраг псіхічных перажыванняў можа знаходзіцца пэўны час як бы «за парогам» свядомасці (падсвядо­мае), увабраўшы ў сябе гістарычны вопыт, веды і метады мыслення, выпрацаваныя папярэдняй гісторыяй.

Крыніцамі свядомасці з’яўляюцца:

1) знешні прадметны і духоўны свет, які адлюстроўваецца ў выглядзе канкрэтна-пачуццёвых і паняційных вобразаў;

2) сацыякультурнае асяроддзе, агульныя паняцці, этычныя, эстэтыч­ныя ўстаноўкі, сацыяльныя ідэі, веды: тут і сродкі, спосабы, формы пазнавальнай дзейнасці;

3) увесь духоўны свет індывіда, вопыт яго жыцця і перажыванняў, у адсутнасці непасрэдных знешніх уздзеянняў чалавек здольны пера­асэнсаваць сваё мінулае і канструяваць сваё будучае і да т. п.;

4) мозг як макраструктурная прыродная сістэма складаецца з мноства нейронаў, іх сувязей і забяспечвае на клетачным узроўні арганізацыі матэ­рыі ажыццяўленне агульных функцый свядомасці.