Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
пыщ-пыщ.docx
Скачиваний:
5
Добавлен:
07.09.2019
Размер:
278.87 Кб
Скачать

Глава 18 дужкі

§ 62. Правілы пастаноўкі дужак

1. У дужкі бяруцца ўстаўныя словы, спалучэнні слоў і сказы, якія аб’яднаны з асноўным сказам сэнсавай сувяззю і служаць у якасці заўваг, удакладненняў і пад.

Напрыклад:

У руках у яго вялікая галка камякоў (бульбяной кашы) (К. Крапіва).

Узялі мы вуды, кацялок для юшкі, сачок (на ўсякі выпадак) і рушылі на рыбалку (А. Якімовіч).

Мы, дзеці, сядзелі на нашым бярвенні (бацька збіраўся ставіць новую хату і таму навазіў ужо многа лесу) і рабілі сабе свістулькі з вярбовых пруткоў (Я. Сіпакоў).

У яго тады жыла запаветная мара –– стаць лётчыкам (калі не лічыць таго, што адзін час, нядаўна, ён захапляўся геалогіяй, каб знаходзіць затоеныя багацці) (І. Мележ).

2. У дужкі бяруцца словы і спалучэнні слоў (разам з адпаведным знакам прыпынку), якія выражаюць рэакцыю, адносіны слухачоў да чыёй-небудзь прамовы, выказвання, рэплікі.

Напрыклад:

С т а р ш ы н я. ...Пажадаем жа яму далейшых поспехаў. (Бурныя апладысменты.)

А н д р э й. ...Да новай сустрэчы, сябры. (Апладысменты.)

Ц і м о х. ...Так мяне ашукалі! (Смех.)

Г а н н а. ...Хто не дбае, той не мае, людцы мае! (Гучны смех.)

Б р ы г а д з і р. ...Такое не часта сустракаецца. (Вясёлае ажыўленне ў зале.)

А н і с і м. ...Таму кожны павінен атрымаць сваю долю. (Воклічы: «Правільна!»)

С а к р а т а р. Ці будуць пытанні да прысутных? (Галасы: «Хопіць!»)

3. У дужкі бярэцца прозвішча аўтара або прозвішча аўтара і крыніца (назва твора), з якой прыводзіцца цытата.

Напрыклад:

Каля пасады лесніковай цягнуўся гожаю падковай стары, высокі лес цяністы (Я. Колас. «Новая зямля»).

4. Пасля цытаты, непасрэдна за якой у гэтым жа радку ў дужках змяшчаецца спасылка на аўтара або на аўтара і крыніцу (г. зн. перад адкрывальнай дужкай), захоўваецца адпаведны знак прыпынку –– пытальнік, клічнік або шматкроп’е.

Напрыклад:

Эпіграфам да працы ўзяты словы: «А там, над Нёманам, плывуць чаўны ў прасторы, там спевы коцяцца ў нямую далячынь» (П. Трус. «Ліст да сястры»).

Прыгадаліся знаёмыя радкі: «Чым сустрэла мяне мая вуліца, як я выходзіў?» (А. Куляшоў. «Сцяг брыгады»).

Няхай для нас палеткі родзяць, няхай для нас сады цвітуць! (П. Панчанка).

Насустрач цягніку выходзяць з-за ўзгорка маладыя алешыны, дубы, хвоі... (П. Галавач).

5. Калі ж спасылка на аўтара ці на аўтара і крыніцу змяшчаецца асобна ўнізе пад тэкстам, тады ў канцы тэксту (цытаты) ставіцца кропка ці іншы адпаведны знак прыпынку (пытальнік, клічнік, шматкроп’е) і спасылка ў дужкі не бярэцца.

Напрыклад:

Любіце сваю зямлю аддана і да канца. Іншай нам не дадзена, дый не трэба.

У. Караткевіч.

Максім Багдановіч па праву заняў пачэснае месца ў нашай маладой паэзіі як высокаталенавіты паэт і майстра паэтычнай формы. …Тое, што напісаў ён за сваё кароткае жыццё, ставіць яго ў першыя рады нашых лепшых песняроў.

Якуб Колас. «Выдатнейшы паэт і крытык».

6. У дужкі бяруцца рэмаркі аўтара ў драматургічным творы.

Напрыклад:

А л ь ж б е т а (убягае, трымаючы ў руцэ клінок з тварагом). Што гэта ў вас тут парабілася, мае міленькія?

П а ў л і н к а. Кабыла дзядзькава ўцякла ці хто ўкраў. (Ідзе, садзіцца на ложак і шые) (Я. Купала).

7. Пасля ўстаўной канструкцыі (перад закрывальнай дужкай) ставіцца пытальнік, клічнік або шматкроп’е, якія патрабуюцца кантэкстам, а кропка не ставіцца.

Напрыклад:

Быў узгорак, так як бубен, але Ціт пасеяў лубін, дык (ці веры вы дасце?), як чарот, жытцо расце (К. Крапіва).

Змітрок (добры ён хлопец!) чытае розную літаратуру (В. Каваль).

І толькі школа (я адразу ўбачыў яе і беспамылкова пазнаў) стаяла за гародамі, бліжэй да лесу (І. Шамякін).