Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
пыщ-пыщ.docx
Скачиваний:
5
Добавлен:
07.09.2019
Размер:
278.87 Кб
Скачать

§ 51. Коска пры словах і спалучэннях слоў, якія ўдакладняюць або абмяжоўваюць значэнне іншых слоў у сказе

1. Коскамі выдзяляюцца акалічнасці, выражаныя словамі і спалучэн­нямі слоў са значэннем месца, часу, спосабу дзеяння і інш., якія стаяць побач і ўдакладняюць, канкрэтызуюць ці ўзмацняюць сэнс папярэдніх слоў, што маюць больш шырокае значэнне.

Напрыклад:

Тут, на высокай і даволі прасторнай пляцоўцы, і знайшло сабе ціхі прыпынак сяло Верхань (Я. Колас).

За дваром, на бярозах, была пасека –– больш за дзясятак ліпавых вулляў (М. Лупсякоў).

Адтуль, недзе з-за ўзгорка, даносіліся невыразныя, як бы прыглушаныя, гукі (К. Крапіва).

А было гэта тыдзень таму, у нядзелю, пад вечар (Я. Брыль).

2. Калі другая акалічнасць мае больш шырокае значэнне, чым папярэдняя, то яна не ўдакладняе, а толькі паясняе папярэднюю і коскамі не выдзяляецца.

Напрыклад:

Зусім інакш ішло жыццё ў сасняку за горадам, дзе быў штаб фронту (І. Мележ).

Яшчэ зранку на другі дзень па вёсцы панеслася чутка пра гэта здарэнне.

3. Калі другая акалічнасць у адносінах да папярэдняй мае больш вузкае значэнне, але па сэнсе і інтанацыйна не выдзяляецца, то паміж імі коска не ставіцца.

Напрыклад:

А там за возерам, як струнка, пралегла роўненька чыгунка (Я. Колас).

На балоце паабапал дарогі раслі кусты лазы і алешніку (Я. Колас).

Дзялілі лужок найчасцей у нядзелю пад вечар (Я. Брыль).

4. Калі ў сказе стаяць побач адна за адной тры і больш акалічнасці, з якіх наступная ўдакладняе папярэднюю, але апошняя не мае ўдаклад­няльнага значэння, то пасля яе коска не ставіцца.

Напрыклад:

Там, на ўзлессі, на высокім дрэве з разгалістай кронай у гняздзе шчабяталі птушаняты.

5. У творах мастацкай літаратуры і ў перыядычным друку пры выдзяленні ўдакладняльных акалічнасцей з узмацняльным значэннем часам ужываецца працяжнік.

Напрыклад:

Стрэлы чутны толькі недзе далёка –– у лесе (Я. Скрыган).

6. Коскамі выдзяляюцца акалічнасці, выражаныя словамі і спалучэн­нямі слоў, якія ўдакладняюць, падкрэсліваюць значэнне папярэдняга прыметніка, займенніка і інш.

Напрыклад:

З яснага, без адзінай хмурынкі, глыбокага неба россыпам зорак свяціў поўны месячык (І. Шамякін).

Крыху далей стаяла невялікая, хат на дзесяць, вёсачка (Я. Сіпакоў).

Хвалістыя, доўгія, ледзь не ў пояс, валасы... былі незвычайнага, попельнага колеру (Т. Бондар).

7. Коскамі выдзяляюцца спалучэнні слоў і асобныя словы, якія ўдакладняюць або абмяжоўваюць, выдзяляюць ці ўзмацняюць сэнс папярэдніх ці наступных слоў, далучаючыся да іх непасрэдна або пры дапамозе выразаў у тым ліку, у тым ліку і, апрача (апроч), акрамяамаль, за выключэннем, галоўным чынам, па прозвішчы (па мянушцы і інш.), гэта значыць,так званы, або, ці (у значэнні «гэта значыць»), асабліва, нават, напрыклад, як, у прыватнасці, і ў прыватнасці, і прытым і інш.

Напрыклад:

Усе палешукі, у тым ліку і стараста, пісаць не ўмелі (Я. Колас).

Вада ў Нёмане, нават каля берага, не ідзе, здаецца, а бяжыць (Я. Брыль).

Усе птушкі, і нават непаседлівыя крыклівыя вераб’і, схаваліся ад навальніцы (Я. Маўр).

Добра памагае падбел супроць падагры, ці, як цяпер кажуць, адкладання солі (В. Вольскі).

8. Калі спалучэнні слоў з апрача, акрамя і іншымі маюць пры сабе ўзмацняльную часціцу і, то яны звычайна коскамі не выдзяляюцца.

Напрыклад:

Пабываў ля крыніцы нехта і акрамя нас.