Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
2Канспект курса лекцый па гiсторыi сярэднiх вяк....rtf
Скачиваний:
9
Добавлен:
04.08.2019
Размер:
2.2 Mб
Скачать

  1. Заходнееўрапейскі сярэднявечны менталітэт

  2. Рымска-каталіцкая царква ў раннім сярэднявеччы

  3. Рымска-каталіцкая царква ў высокім сярэднявеччы

  4. Рымска-каталіцкая царква ў познім сярэднявеччы

  5. Францыя ў раннім сярэднявеччы

  6. Італія ў раннім сярэднявеччы

  7. Іспанія ў раннім сярэднявеччы

  8. Англія ў раннім сярэднявеччы

  9. Францыя ў высокім сярэднявеччы

  10. Італія ў высокім сярэднявеччы

  11. Германія і Аўстрыя ў высокім сярэднявеччы

  12. Англія і Шатландыя ў высокім сярэднявеччы

  13. Хрысціянскія каралеўствы Пірэнейскага паўвострава ў высокім сярэднявеччы

  14. Францыя ў познім сярэднявеччы

  15. Італія ў познім сярэднявеччы

  16. Германія і Аўстрыя ў познім сярэднявеччы

  17. Швейцарыя ў сярэднія вякі

  18. Англія і Шатландыя ў познім сярэднявеччы

  19. Іспанія і Партугалія ў познім сярэднявеччы

Уводзіны

Грамадства. Сярэднявечча. Мадэлі феадальнага грамадства. Медыявістыка. Кафедра гісторыі старажытнага свету і сярэдніх вякоў БДУ.

Грамадства. Грамадства ўяўляе сабой цэласную сістэму, устойлівасць якой забяспечваецца пастаянным узнаўленнем яе эканамічнага падмурку, сацыяльнай структуры, палітычнай арганізацыі і менталітэту. Дынамічным элементам сістэмы з’яўляецца эканоміка, эвалюцыйнае развіццё якой выклікае адпаведныя паступовыя змяненні ў астатніх элементах. Кансерватыўным, ці стабілізуючым, элементам сістэмы выступае менталітэт. Пераход эканомікі на якасна новы ўзровень выклікае да жыцця новую ментальнасць, якая пасля ўмацавання ў грамадскай свядомасці ператвараецца ў актыўна дзеючы фактар. Адначасова адбываюцца адпаведныя змены ў сацыяльных структурах і палітычных інстытутах грамадства. Сумеснае дзеянне новых фактараў мае вынікам узнікненне новага грамадства, пасля чаго аднаўляецца раўнавага. Эканоміка захоўвае свой дынамізм, які, аднак, запавольвае свой тэмп, ментальнасць закасневае да лепшых часоў.

Грамадства, якое ўзнікла, сфарміравалася і развіваецца на тэрыторыі Заходняй Еўропы, прайшло пэўны гістарычны шлях, які ў сваю чаргу распадаецца на некалькі этапаў: 1) дагістарычны перыяд (першабытнае грамадства); 2) старажытнасць (кельцкая, грэчаская і рымская цывілізацыі); 3) сярэднявечча (перыяд існавання societas reipublicae Christianae, Christendom); 4) ранні новы час (перыяд Рэфармацыі і зараджэння капіталістычных адносін); 5) новы час (перыяд станаўлення і развіцця капіталістычных адносін, індустрыяльнае грамадства), 6) сучаснасць (перыяд існавання спажывецкага грамадства).

Сярэднявечча. Тэрмiн “сярэднiя вякi” (“сярэднявечча”) вынайшлi iтальянскiя гуманiсты XV–XVI ст. для вызначэння эпохі памiж антычнасцю i сучасным iм перыядам Адраджэння. З цягам часу, калi даволi трывала замацаваўся падзел заходнееўрапейскай гiсторыi на старажытную, сярэдневяковую i новую, за сярэдняевеччам таксама трывала замацавалася дэфінiцыя як эпохi гiсторыi памiж старажытнасцю i новым часам. У ХІХ ст., калі пачалося навуковае вывучэнне сярэднявечча, яно было падзеляна на ранняе (V–IX ст., з вылучэннем падперыядаў V–VІІІ ст. у якасці “цёмных стагоддзяў”, г. зн. час, калі ў Заходняй Еўропе адсутнічала імперыя, і ІХ ст. – стварэнне, існаванне і распад імперыі Карла Вялікага), высокае (Х–ХІІІ ст.) і позняе (XІV–XVст.) сярэднявечча. Унутраным зместам усёй эпохі вызнавалася зараджэнне, станаўленне і заняпад феадальнага грамадства (феадалізму, ад лац. feudum – маёнтак).

У шырокім сэнсе тэрмін “феадалізм” азначае сістэму панавання-падпарадкавання, якая была заснавана на шматузроўневай перадачы за выкананне пэўнай службы надзела ў спадчыннае трыманне, што стварала пэўную іерархічную паслядоўнасць панавання-падпарадкавання і аб’ядноўвала вышэйшы слой грамадства. Шырокае разуменне феадалізму дазваляе гісторыкам шукаць яго (і паспяхова адшукваць пры гэтым) у вельмі шырокім храналагічным і тэрытарыяльным дыяпазоне: ад старажытныга Усходу да Усходу сярэднявечнага.

У больш вузкім сэнсе тэрмін “феадалізм” азначае сярэднявечнае заходнееўрапейскае грамадства, стрыжнявым прынцыпам арганізацыі эканамічнага, сацыяльнага, палітычнага жыцця і менталітэту выступаюць карпаратывізм, іерархізм, каталіцызм.

Германскі свет паступова ўспрыймаў і адаптаваў асноўныя элементы рымскай цывілізацыі – у першую чаргу права, арганізацыю гаспадарчага жыцця, арганізацыйную структуру і ідэалогію рымска-каталіцкай царквы.

У VІ ст. жылі і дзейнічалі постаці, якія стварылі (прама або ўскосна) парадыгму рэлігійнага, палітычнага і культурнага жыцця заходнееўрапейскага сярэднявечча. У рэлігіі гэта Бенедыкт Нурсійскі, аўтар першага манаскага статуту на Захадзе, папа рымскі Грыгорый І Вялікі, што пачаў пашырэнне хрысціянства за межы рымскага свету, выступіў з ідэяй пра наяўнасць ачышчальнага вагню (будучы чысцец), ІІІ Таледскі сабор прапанаваў догмат пра зыходжанне Духа Святаго і ад Бога-Айца, і ад Бога-Сына (што стала потым глебай для схізмы 1054 г.). У палітыцы – кароль остготаў Тэадорых Вялікі, або Дытрых Бернскі з “Песні пра Нібелунгаў”, Аўрэлій Амвросій, вядомы пазней як кароль Артур, што стаў разам з “рыцарамі круглага стала” героем шматлікіх раманаў. У культуры – манах Дыянісі Малы, ініцыятар усталявання сувязі паміж адлікам гадоў сусветнай гісторыі з нараджэннем Хрыста, Севярын Баэцый, заснавальнік сярэднявечнай логікі і схаластыкі, готскія гісторыкі Флавій Касіядор і Іардан, якія прапанавалі новую парадыгму нацыянальнай гісторыі.

VІ–VІІІ ст. характаразуюцца рассяленням на тэрыторыі Рымскай імперыі германскіх плямёнаў, стварэннем імі сваіх уласных дзяржаў, пераходам у каталіцызм з арыянскага веравызнання або з паганства. У выніку ўзніклі тры ачагі будучай цывілізацыі: 1) на востраве Брытанія (англа-саксонскія каралеўствы), 2) у Галіі (каралеўства франкаў), 3) на Пірэнейскім паўвостраве (каралеўства вестготаў). Ім супрацьстаялі ўладанні Візантыі (якая фарміравала ўласнае своеасаблівае грамадства) на Апенінскім паўвостраве. Па-за межамі Заходняй Еўропы некалькі дзесяййігоддзяў існавала яшчэ адна германская дзяржава – каралеўства вандалаў і аланаў у Паўночнай Афрыцы.

У ІХ ст. развіццё заходнееўрапейскага грамадства звязваецца з першымі двумя цэнтрамі (вестгоцкае каралеўства ў 711–714 гг. было заваявана арабамі). Тут адбываецца станаўленне сацыяльна-эканамічных і палітычных структур раннефеадальнага характара. У другой палове стагоддзя на хвалі распада і дэзінтэграцыі імперыі Карла Вялікага адбылася рамачнае фарміраванне палітычнай карты сучаснай Заходняй Еўропы.

У гэты жа час заходнееўрапейская цывілізацыя зрабіла першую, пакуль вельмі сціплую, спробу выйсці за геаграфічныя межы Еўропы. Вікінгі пачалі каланізацыю Ісландыі і, крыху пазней, Грынландыі.

Перыяд Х–ХІІІ ст. быў часам значнага тэрытарыяльнага пашырэння заходнееўрапейскага грамадства, якое ахапіла ў гэты перыяд не толькі Брытанію і Францыю, але таксама Пірэнейскі паўвостраў (па меры адваявання земляў у арабаў), Апенінскі паўвостраў (апошняя візантыйская апорная база тут была захоплена ў 1071 г.), Германію і Скандынавію (якія былі хрысціянізаваны).

Мадэлі феадальнага грамадства. У плане сацыяльна-эканамічным і палітычным у гэты час завяршылася станаўленне феадальнага грамадства, якое рэалізавалася ў некалькіх мадэлях: французскай (і набліжанай да яе арагонскай), нармандскай, іерусалімскай, ламбардскай (якая распадаецца на дзве – італьянскую і германскую), кастыльска-партугальскай, тэўтонскай, скандынаўскай, візантыйскай. Кожная з мадэляў мае свае асаблівасці.

Французская мадэль традыцыйна лічыцца класічным выяўленнем феадалізму. Пры яе рэалізацыі адбываецца распад краіны на значную колькасць дробных і сярэдніх феадальных уладанняў, аб’яднаных намінальнай уладай караля. Пры гэтым дзейнічае правіла “васал майго васала гэта не мой васал”, якая азначае на практыцы разрыў у ланцугу панавання-падпарадкавання. Рэалізоўвалася на большай частцы французскіх земляў. Вельмі блізкая да французскай мадэль феадальнага грамадства склалася ў пірэнейскім каралеўстве Арагон. Прычым вытокі яе з’яўляюцца цалкам самастойнымі (зборнік законаў “Барселонскія звычаі”, зафіксаваны ў другой палове ХІ ст. З’яўляецца самым старажытным феадальным правам Заходняй Еўропы), але ў наступным яна развіваецца пад вызначальным уплывам французскіх традыцыяў і нормаў. Апошнія таксама ў значнай ступені вызначылі іерусалімскую мадэль, якая ўяўляла сабой рафінаваны, штучны, нежыццяздольны варыянт феадальнага грамадства, зафіксавана ў зборніку законаў крыжацкага Іерусалімскага каралеўства – “Іерусалімскія асізы”. Штучнасць дадзенай мадэлі была ў тым, што рэчаіснае жыццё феадальнага грамадства ў рэгіёне разгортвалася па-за яе ўплывам. Нармандская мадэль таксама зарадзілася на французскай тэрыторыі, у герцагстве Нармандыя. Пры яе рэалізацыі фарміравалася цэнтралізаваная феадальная дзяржава, калі кожны васал незалежна ад сваіх амажаў вызнаваўся прамым васалам герцага (ці караля), паўнамоцтвы магнатаў максімальна абмяжоўваліся, цэнтральная ўлада імкнулася паставіць пад свой кантроль царкву. Акрамя Нармандыі дадзеная мадэль у розных варыянтах была рэалізавана на землях, заваяваных нармандцамі – Англіі і Паўднёвай Італіі.

Штуршок для развіцця ламбардскай мадэлі дала Павійская канстытуцыя 1037 г., вядомая таксама як “Кніга феодаў”, якая ўсталявала для дробных паўночнаітальянскіх рыцараў спадчыннасць бенефіцыяў, чым ператварыла іх у феоды. Ламбардскае феадальнае права дзейнічала на германскіх і італьянскіх землях Рымскай імперыі. Пазней, аднак, у імперыі сфарміраваліся дзве розныя мадэлі феадальнага грамадства: германская і італьянская. У германскі “парадак шчытоў” (Heershildordung), які складаўся з сямі рангаў, уваходзілі таксама вышэйшыя царкоўныя іерархі і невысакародныя свабодныя людзі, якія нарадзіліся ў законым шлюбу, г. зн. лінеаж быў неабавязковым. Акрамя таго для германскай мадэлі характэрна высокая ступень заблытаннасці васальных сувязяў на ніжэйшых узроўнях іерархіі. Так, дробныя феадалы (міністэрыялы) маглі мець да некалькі дзясяткаў сеньёраў. У паўночнай Італіі ў выніку камунальнага руху склаўся гарадскі паліцэнтрызм, пры якім горад выступаў у якасці калектыўнага феадала адносна вясковай акругі. У познім сярэднявеччы мадэль, падобная на італьянскую сфарміравалася ў Швейцарыі, толькі месца горада занялі кантоны, а вясковай акругі – фогства.

Кастыльска-партугальская мадэль развівалася ва ўмовах перманентнай вайны (Рэканкісты), што прывяло не толькі да ўзмацнення традыцыйных элементаў феадальнага грамадства – магнатэрыі і служылага рыцарства, але і прыўнесла новую рысу – вельмі значны (а часам і вызначальны) ўплыў мелі пірэнейскія духоўна-рыцарскія ордэны. У найбольшай ступені палітычная актыўнасць духоўна-рыцарскага ордэна рэалізавалася ў іншай лакальнай мадэлі феадальнага грамадства – у стварэнні дзяржавы Тэўтонскага ордэна (на землях старажытнай Прусіі).

Для скандынаўскай мадэлі характэрна вельмі значная роля сялянства ў жыцці грамадства, пэўная недаразвітасць васальна-леных адносін і феадальнай іерархіі, а таксама ўключанасць да яе складу такіх своеасаблівых структурных элементаў як астраўныя рэспублікі (Ісландыя, Грынландыя, Готланд).

Візантыйскую мадэль на раннім этапе развіцця рэпрэзэнтавалі шэраг арыгінальных сацыяльна-эканамічных інстытутаў – фема, пронія, экскусія, якія не мелі вызначальнага характару. Галоўная роля належала дзяржаве, галоўныя прыбыткі давала дзяржаўная служба. У ХІІІ ст. пасля нядоўгага існавання і крушэння Лацінскай імперыі адбыўся своеасаблівы сінтэз уласна візантыйскіх і заходнееўрапейскіх інстытутаў. Проніі пачынаюць нагадваць феоды, а экскусіі – імунітэтныя акругі. Але пры гэтым захоўвалася значная роля дзяржавы, феадальная іерархія адсутнічала. Яе ролю як і раней выконвала дзяржаўная служба.

Позні феадалізм. У ХІV–ХV ст. феадальнае грамадства ў Заходняй Еўропе ўступіла ў заключны этап свайго развіцця, які быў звязаны з паметнай дэфармацыяй яе эканамічнай, сацыяльнай і палітычнай складаючых частак. Што ж тычыцца менталітэта, то акрамя традыцыйнага можна заўважыць зараджэнне прынцыпова новага тыпу светаўспрыняцця. Сілай, якая ініцыіравала працэс дэфармацыі грамадства і зараджэння новага менталітэта, была гародская эканоміка, цесна звязанная з таварна-грашовымі адносінамі. Уплыў яе быў узмоцнены дэмаграфічнай катастрофай ХІV в. Супаденне двух фактораў: развіцця таварна-грашовых адносін і значнай убылі насельніцтва прывяло ўрэшце рэшт да дэфармацыі грамадства.

Мадэль феадальнага заходнееўрапейскага грамадства ХІV–ХV ст. настолькі значна адрозніваецца ад часоў высокага сярэднявечча, што некаторыя гісторыкі, напрыклад Жак Ле Гоф, лічаць магчымым казаць пра мутацыю і трансфармацыю феадалізма, некаторыя англамоўныя аўтары выкарыстоўваюць больш жорсткую тэрміналогію – bastard feudalism.

Лекцыя 1–2

Лекцыя 6–7

Заходнееўрапейскі менталітэт

7–8. Лекцыя 6–7. Заходнееўрапейскі менталітэт. Заходнееўрапейскі менталітэт ранняга сярэднявечча. Менталітэт высокага сярэднявечча. Менталітэт позднесярэднявечнага грамадства. Вобраз смерці ў масавай свядомасці. Фарміраванне асноў новага менталітэту. Асаблівасці візантыйскай ментальнасці.

Заходнееўрапейскі менталітэт ранняга сярэднявечча. Менталітэт можна вызначыць як сукупнасць не сфармуляваных адназначна і не зусім асэнсаваных, ці зусім неасэнсаваных спосабаў мыслення, якія характэрны для пэўнага грамадства ці цывілізацыі. Гэта своеасаблівы аўтаматызм думкі, які дазваляе чалавеку арыентавацца ў прыродным і сацыяльным асяроддзі. Гэта пазаасабістыя ўстаноўкі на той, ці іншы варыянт паводзінаў.

Як можна бачыць, менталітэт не супадае са светаўспрыманнем, але шлях для разумення першага ляжыць праз аналіз апошняга. Вельмі добры матэрыял для выхаду на раннесярэднявечную ментальнасць даюць скандынаўскія плямёны і блізкія да іх па мове, культуры і рэлігіі англасаксы.

Мадэль Сусвету ў скандынаваў будавалася па ўзору сялянскай гаспадаркі – хата, двор, агароджа, за агароджай лес. Калі паглядзець вачыма скандынава на свет па ўмоўнай гарызанталі, то можна пабачыць Мідгард (тое, што знаходзіцца ў межах агароджы) – добра ўпарадкаваную частку Сусвету, дзе жывуць людзі. Яго абкружае Утгард (тое, што знаходзіцца па-за межамі агароджы) – частка Сусвету, дзе пануе хаос і стыхія, жывуць пачвары і волаты. Абмяжоўвае Сусвет змей Ёрмундганд.

Такім чынам, базавай апазіцыяй у менталітэце германцаў была наступная “вядомае – невядомае”. Пры гэтым першы элемент азначаў дабро, другі – зло. Наогул, невядомае і яго носьбіты ўспрымаліся германцамі рэзка адмоўна і ў больш познія часы. Аб гэтым сведчыць, у прыватнасці 20 артыкул законаў англасаксонскага караля Інэ (688–726). Тут можна прасачыць наступную рэалізацыю базавай апазіцыі: вядомае – гасцінец, ён жа выконвае ролю апазнавальніка “свой – чужы”, невядомае – лес. “Калі чалавек, які ідзе здалёку (feorcund mon), ці чужынец, па-за гасцінцам ідзе лесам і не крычыць, і ў рог не трубіць, то яго трэба лічыць злодзеем; хай заб’юць, альбо возьмуць выкуп”.

Па вертыкалі скандынаў бачыў наступную карціну. Расце вялікае дрэва, ясень Ігдрасіль, карані якога праз Утгард ідуць у падземнае царства, дзе жывуць нябожчыкі, вяршыня дрэва сягае ў нябёсы, дзе знаходзіцца сядзіба багоў-асаў, Асгард. Прычым вертыкаль успрымаецца як непарыўнае адзінства, кожная з частак якога існуе ў дадзены момант. Жыццё Мідгарда з’яўляецца адбіткам жыцця Асгарда і можа існаваць толькі пры ўмове пастаяннага аднаўлення сувязі Мідгард – Асгард праз: 1) рэгулярнае ўзнаўленне міфічных падзей у адпаведных рытуалах, 2) жыццё па этычных нормах асаў, якія былі дадзены ў выглядзе прамога звароту правадыра асаў Одзіна да конунга Геалаві (“Прамовы Высокага”). У выніку можна прапанаваць яшчэ адну базавую апазіцыю – “падпарадкаванне–непадпарадкаванне”, якая набывала асобую актуальнасць пад час баявых дзеянняў, калі непадпарадкаванне каралася смерцю.

Пераход да новых умоў існавання пасля рассялення на землях былой Заходняй Рымскай імперыі, умоў больш камфортных, выклікаў пэўную дэзарыянтацыю. Элемент “вядомае” ў апазіцыі пачаў размывацца, знікала яго былая адназначна станоўчая афарбоўка. Паралельна больш станоўчае гучанне пачынае набываць і другі элемент апазіцыі. У выніку была нарушана устойлівасць сістэмы, што пасеяла ў людзях няўпэўненасць у былых жыццёвых арыенцірах і стэрэатыпах паводзін.

Дастаткова паказальны прыклад апісанай сітуацыі даёцца ў 13 раздзеле другой кнігі “Царкоўнай гісторыі народу англаў” Беды Высокашаноўнага (672 – 735). На савеце першых асоб двара, скліканым каралём Эдвінам прысутнічаў Паўлін, епіскап Ёркскі, посланы папам Грыгорыем Вялікім на дапамогу Аўгусціну, які прапаведваў сярод саксаў хрысціянства. Выслухаўшы Паўліна, Эдвін заявіў, што яму неабходна параіцца з бліжэйшымі сябрамі і дарадцамі. Кароль спытаў меркаванні ў кожнага з удзельнікаў сустрэчы паасобку. Першы жрэц Койфі выказаўся наступным чынам: “Калі ты палічыў, што прапаведанае нам зараз, лепш і мацнейшае, то мы без усякага прамаруджвання паспяшаемся гэта прыняць”. Больш яскрава і вобразна адчуванне дэзарыянтацыі выявіў не названы па імені знатны чалавек: “Цяперашняе жыццё людзей падаецца мне такім, быццам ты сядзіш за абедам са сваімі элдармэнамі і тэнамі зімовай парой, у сярэдзіне гарыць полымя і ў сталовай цёпла, а звонку поўсюдна шалеюць віхры зімовага дажджу і снегу; і тут, наблізіўшыся да дома, хутка праляцеў шпак ці верабей. Ён, заляцеўшы ў адны дзверы, тут жа вылецеў праз іншыя. Пакуль ён быў унутры, пралятаяючы праз найдрабнейшую прастору ціхамірнасці, яго не біла зімовая бура, але ён тут жа вярнуўся з зімы ў зіму і знік з тваіх вачэй. Так і жыццё чалавечае з’яўляецца толькі на кароткі час. Што ж будзе потым і што было перад гэтым, мы зусім не ведаем. Пагэтаму мне падаецца, што калі новае вучэнне дае штосьці больш вызначанае, яно з абавязкова павінна быць прынята”. Пасля таго, як у тым жа духу выказаліся прадстаўнікі радавой знаці і каралеўскіе дарадцы, Паўлін па просьбе Койфі і па загаду караля зрабіў прамову пра бога, пасля чаго жрэц параіў прыняць хрысціянства і кароль абвесціў, што прыняў веру ў Хрыста.

Адначасова германцы імкнуліся да атрымання дастаткова надзейных гарантый. Калі падчас спрэчкі рымска-каталіцкіх і ірландскіх місіянераў кароль Осв‘ю пачуў, што Ісус Хрыстос даў ключы ад царства нябеснага Пятру, першаму рымскаму епіскапу, то заявіў, што ён жадае, каб Пётр адчыніў для яго райскую браму, і вырашыў спрэчку на карысць рымакатолікаў. Былі, аднак, і іншыя варыянты. Сыны караля Саберта адмовіліся ад хрышчэння і заявілі пры гэтым: “Мы не жадаем уваходзіць у гэтую крыніцу, таму што не ведаем, ці трэба туды ісці”.

Такім чынам, дзеля таго, каб хрысціянства стала часткай свядомасці германцаў, трэба было перакласці веравызнанне на мову зразумелых для іх сімвалаў і вобразаў. Такія прыклады дае арыянства, якое пачало пашырацца сярод готаў у ІV ст., устаўкі хрысціянскага кшталту ў старажытны англасаксонскі гераічны эпас “Песня пра Беавульфа”.

Адначасова на больш зразумелую мову пераходзіла і афіцыйная царкоўная прапаганда, разлічанная не толькі на германцаў, але і на непісьменнае рымскае вясковае насельніцтва. Гэты пераход выявіўся ў з’яўленні пасіёнаў (VІІІ ст.), дзе апавядалася пра хрысціянскіх пакутнікаў, і якія былі запоўнены шматлікімі казачнымі цудамі. Мова пропаведзей набліжалася да народнай. У выніку апазіцыя “вядомае – невядомае” паступова набывае хрысціянскае гучанне.

Што ж тычыцца апазіцыі “падпарадкаванне–непадпарадкаванне”, то яна таксама набывае хрысціянскае гучанне і набывае новы выгляд: “выратаванне – катаванне”. Пры гэтым першы элемент звязваўся з касцёлам, другі з супраціўленнем воле бога, касцёла, караля. Працэс разгортвання новай базавай апазіцыі адбываўся ў рамках асобага літаратурнага жанру – бачанняў замагільнага свету, закліканых напоўніць кожны з элементаў апазіцыі канкрэтнай і вобразнай інфармацыяй.

Менталітэт высокага сярэднявечча. Новым момантам у заходнееўрапейскай ментальнасці можна лічыць паступовую трансфармацыю зыходнай апазіцыі “свой – чужы” ў накірунку большай варыятыўнасці. З аднаго боку працягваецца лінія на рэзкае супрацьпастаўленне хрысціянскага (каталіцкага) свету ўсім астатнім. Пры гэтым да складу другога элемента апазіцыі ўключаюцца не толькі мусульмане і яўрэі (супраць першых накіроўваліся крыжовыя паходы, па другім наносіліся ўдары падчас пагромаў), але таксама заходнееўрапейцы-ерытыкі (Альбігойскія войны) і схізматыкі (праваслаўныя). Першы элемент арыянтаваўся на ўнутраную кансалідацыю, усеахопнасць, універсалізм, уніфікацыю – агульны касцёл, агульная мова як для набажэнства, навукі, адукацыі (латынь), так і для большасці рыцарства (lingua franca), агульныя тэндэнцыі ў развіцці архітэктурнамастацкіх стыляў.

Паралельным варыянтам рэалізацыі апазіцыі “свой – чужы” стае ўзнікненне арыянтацыі на нацыянальную самасвядомасць, калі першы элемент звязваецца выключна з носьбітамі роднай мовы. Характэрным прыкладам у гэтым плане служыць аповесць Вернера Садоўніка “Селянін Гельмбрэхт” (ХІІІ ст.). Сын селяніна Гельмбрэхта, таксама Гельмбрэхт, вярнуўся дамоў і вітаў дамачадцаў на розных мовах. Сястры сказаў: “Gratia vester!”, маці: “Dobra ytra!”, бацьку: “Deu sol!”. Вынік быў наступным. Бацька сказаў: “Гэта раманец, хаця ён і падобны вельмі на майго сына, хай яму дапамагае Гасподзь, але гэта не ён … Калі ты сын мой, Гельмбрехт, то я прыйму цябе тады, калі ты скажаш слова по нашаму звычаю, падобна дзедам нашым, каб я мог цябе ўразумець”.

Вызначальнай характарыстыкай адлюстравання сацыяльнага асяроддзя ў заходнееўрапейскай ментальнасці высокага сярэднявечча быў карпаратывізм. Чалавек у сацыяльным жыцці ніколі не выступаў асобна, індывідуальна. Нават яго прыватнае жыццё праходзіла “на вачах грамадскасці” – сярэднявечча не ведала ізаляваных пакояў.

Чалавек абавязкова ўваходзіў да складу пэўнай сацыяльнай групы, якая ў сваю чаргу належала да пэўнага ўзроўню іерархіі. Прыналежнасць да карпарацыі вызначала правы і абавязкі чалавека перад грамадствам, якія ўспрымаліся як абавязкі перад богам. Чалавек мог пераходзіць з адной групы ў іншую (міжсаслоўная мабільнасць была не вельмі значнай, але была – чалавек мог стаць клірыкам, студэнтам, свецкім спецыялістам), селянін мог ператварыцца ў гараджаніна і наадварот. Нельга было зрабіць толькі адно – апыніцца паза межамі карпарацыі наогул. Апошняе на практыцы азначала яго грамадзянскую смерць. У выніку, адной з базавых апазіцый ментальнасці можна вызнаць наступную: “карпарантізгой”.

Стрыжням, які звязваў у адно цэлае і сацыяльнае, і прыроднае асяродзе быў прынцып іерархізму. Іерархія пранізвала ўвесь Сусвет: яго духоўную частку (свядомасць у апісанні схаластаў), прыродную частку (паслядоўнасць жывых істот ад расліны да анёла), сацыяльную арганізацыю (феадальная сістэма панавання-падпарадкавання). Адлюстраваннем іерархізму ў менталітэце стае апазіцыя “верхніз”, вонкавым выяўленнем якой служыць гатычны сабор.

Пры гэтым, аднак, неабходна ўлічваць, што ўплыў апазіцыі “верх – ніз” на ментальнасць быў варыятыўным.

Як член карпарацыі чалавек быў членам іерархіі цалкам і тое, што тут адбывалася прама ці ўскосна ўплывала на яго жыццё. У выніку, на яго пачыналі ціснуць і ўласныя грахі, і грахі карпарацыі, і грахі ўсёй іерархіі (салідарная адказнасць). Ціск дасягаў максімальнай адзнакі ў дачыненні да простага чалавека, якому за ўсё гэта трэба было адказваць на Страшным судзе!

Выхад, як уяўляецца, быў у выкупленні грахоў яшчэ да канца часоў, на працягу земнога жыцця. Улічваючы жа, што выкупаць прыходзілася греахі практычна ўсяго хрысціянскага свету, трэба вызнаць, што чалавеку ў пэўным сэнсе прыходзіцца паўтарыць то, што ў пачатку новай эры зрабіў Ісус Хрыстос. Знешнім выяўленнем дадзенага накірунка развіцця апазіцыі “верх – ніз” служат яскравыя выбухі релігійнага энтузіазма, часам нават аж да фанатызму: крыжовыя паходы дзетак (1212), жабрацкія манаскія ордэны (францысканцы, 1223), рух лупцоўшчыкаў – флагелантаў (у Італіі ў сярэдзіне ХІІІ ст., пазней у Германіі і Фландрыі).

Найбольш радыкальным варыянтам было фактычнае атаясамліванне сябе з Хрыстом. Пасля больш чым тысячагадовай гісторыі хрыстыянства з’явіліся стыгматыкі, людзі, на целе якіх без бачных прычын узнікалі пяць ран, прычым у тых жа месцах, што і ў укрыжаванага Іісуса Хрыста. Першым стыгматыком каталіцкі касцёл афіцыйна вызнае Францыска Асізскага, атрымаўшага стыгмы 14 верасня 1224 г. пасля 40-дзённага пасту.

Паралельны варыянт рэалізацыі апазіцыі “верх – ніз” у заходнееўрапейскім менталітэце прадстаўлен нашмат меньш драматычнай мадэллю паводзін, зарыянтаванай на пераважную большасць насельніцтва. Гэтых людзей цалкам задавальнялі атрыманыя ад касцёльных ідэолагаў тлумачэнні пасмярлтнага лёсу людзей. Апошні момант адбіўся ў завяршэнні распрацоўкі агульнай карціны замагільнага свету і яе фіксацыі ў вельмі папулярным у свой час “Відзенні Тнугдала” (ХІІ в.), вядомым у ірландскай, германскай, дацкай, французскай, англанармандскай і іспанскай версіях.

Менталітэт позднесярэднявечнага грамадства. Бліжэйшым вынікам абазначанага вышэй псіхолагічнага фону стала пэўная эмацыйная неустойлівасць людзей. Зыходзячы з літаратурных твораў можна зрабіць выснову пра рэзкія кантрасты ў настраеннях заходнееўрапейцаў – от крайніх выяўленняў бяды да такой жа безмежнай радасці. Прычым пераход адбываўся ў мінімальны тэрмін. Эмацыйная неустойлівасць выяўлялася і ў празмернай, хваравітай цікавасці да ўсяго, што было звязана са смерццю (у тым ліку і ўспрыняцце пакарання смерццю як свята). Трэба улічваць, аднак, што людзі не моглі жыць пад перманентным страхам смерці ці ў жорсткіх і адназначна вызначаных рамках паводзін. Час ад часу была неабходна разрадка. Кампенсатарскую функцыю пры гэтым выконвалі рознага кшталту свята.

Яшчэ адным наступствам стала кансервацыя традыцыйнага феадальнага менталітэту, выяўленага апазіцыяй “свой – чужы”. Пры гэтым першы элемент цалкам прыродна суадносіўся з хрысціянскім светам, змест жа другога пачаў змяняцца – акрамя мусульман і ерытыкоў сюды ўсё больш актыўна ўключаліся яўрэі (менавіта ў ХІV – ХV стст. у заходнееўрапейскіх гарадах пачалі з’яўляцца месцы прымусовага пасялення яўрэяў (гета). У начны час адсюль забаранялася выходзіць.

Вобраз смерці ў масавай свядомасці. Вызначальным чынам на фарміраванне менталітэту заходнееўрапейскага позняга сярэднявечча паўплывала Чорная смерць, калі цэлы рэгіон літаральна зазірнуў у вочы смерці. Гэта не магло не адбіцца на свядомасці людзей. Псіхалагічны фон амаль усяго перыяда вызначаецца страхам перад смерццю і звязанымі с ім усялякімі пякельнымі пакутамі.

Дагматычная лінія пры ўспрыняцці вобраза смерці, намечаная Фамой Аквінатам, была прадоўжана Дыянісіем Картузіанцам (1402/03 – 1471) у трактаце “Пра чатыры заканчэнні чалавечага (жыцця)” (De quatuor hominum novissimus), прысвечаным разважанням над чатырма паслядоўнымі “фінішамі” чалавечага быцця – смерццю, страшным судом, пеклам і раем.

Абазначанае ў трактаце кола ідэй не было новым для рымска-католіцкай практыкі публічных казанняў. Але цяпер з’явілася тэхнічная магчымасць для выхада на значна большую аудыторыю. У канцы ХІV стагоддзя ідэі, звязаныя з успрыняццем смерці былі перакладзены ў іншую знакавую форму – простых і выразных мастацкіх вобразаў, і атрымалі шырокую папулярнасць у выглядзе ілюстраваных гравюрамі на дрэве брашур “Майстэрства паміраць” (Ars moriendi).

Адначасова ў масавую свядомасць пачынае пранікаць рэальная карціна смерці. Кардынал Лагранж загадаў паставіць на сваёй будучай магіле скульптурную кампазіцыю з трох вертыкальна размешчаных сцэн. Пасярэдзіне – нябожчык на катафалку, вышэй – чалавек падчас малітвы, ніжэй – цела ў стадыі разлажэння. Французскі медыевіст Жорж Дзюбі (1917–1996) заявляе наконт гэтага наступнае: “Именно этот образ смерти постепенно утверждается в сознании – жуткий, тошнотворный образ, от которого в ужасе отшатываются выехавшие на охоту всадники”.

Асноўным аб’ектам масавай архітэктуры становіцца не сабор ці палац, а сямейны могільны склеп, які будаваўся пры першай лепшай нагодзе, асноўным зместам запаветаў былі дэталёвыя распараджэнні наконт пахавання і вызначэнне колькасці заупакойных набажэнстваў (лік мог быць і на дзясяткі, і на сотні, і на тысячі). У апошнім выпадку пакідалася спецыяльная рэнта.

Фарміраванне асноў новага менталітэту. Адначасова ў Паўночнай Італіі на базе развітай гародской эканомікі пачалося зараджэнне прынцыпова новай ментальнасці, звязанай з гуманізмам і культурай Адраджэння. Пры гэтым неабходна адзначыць пераход апазіцыі “свой – чужы” ў больш мягкую форму: “дасканалы – недасканалы”. Дадзены працэс добра прасочваецца па поглядах аднаго з найбольш вядомых прадстаўнікоў ранняго Адраджэння графа Джавані Піко дела Мірандола (1463 – 1494), які свабодна валодаў асноўнымі еўрапейскімі, лацінскай, старажытнагрэчаскай і арабскай мовай, іўрытам.

У 1486 г. ім былі выдадзены “Тэзісы філасофскія, кабалістычныя і теалагічныя”, да складу якіх ўвайшлі 900 тэзісаў, пачэрпнутых з розных релігійна-філасофскіх сістэм, абагульненых і асэнсаваных аўтарам на гпадмурку хрыстыянскага гуманізму. Такім чынам можна зрабіць папярэднюю ацэнку новай ментальнасці як політрадыцыаналістцкай, талерантнай, вызнаваўшай дыалыгізм культур.

У больш канцэнтраваным выглядзе погляды Піко дела Мірандолы прадстаўлены ў яго “Промове пра годнасць чалавека”, напісанай у якасці прадмовы для дыспута па першаму твору. Менавіта тут можна адшукаць вельмі цікавае вызначэнне месца чалавека ў свеце: “Тогда согласился бог с тем, что человек – творение неопределенного образа, и поставив его в центре мира, сказал: “Не даем мы тебе, о Адам, ни своего места, ни определенного образа, ни особой обязанности, чтобы и место. и лицо, и обязанность ты имел по собственному желанию, согласно своей воле и своему решению. Образ прочих творений определен в пределах установленных нами законов. Ты же не стесненный никакими пределами, определишь свой образ по своему решению, во власть которого я тебя предоставляю. Я ставлю тебя в центре мира, чтобы оттуда тебе было удобнее обозревать все, что есть в мире. Я не сделал тебя ни небесным, ни земным, ни смертным, ни бессмертным, чтобы ты сам, свободный и славный мастер, сформировал себя в образе, который ты предпочтешь. Ты можешь переродиться по велению своей души и в высшие, божественные”. О, высшая щедрость бога-отца! О, высшее и восхитительное счастье человека, которому дано владеть тем, чем пожелает, и быть тем, кем хочет! Звери при рождении получают от материнской утробы все то, чем будут владеть потом, как говорит Луцилий. Высшие духи либо сразу, либо чуть позже становятся тем, чем будут в вечном бессмертии. В рождающихся людей отец вложил семена и зародыши разнородной жизни, и соотвотственно тому, как каждый их возделает, они вырастут и дадут в нем свои плоды. Возделает растительные, – будет растением, чувственные, – станет животным, рациональные, – сделается небесным существом, интеллектуальные, – станет ангелом и сыном бога. А если его не удовлетворит судьба ни одного из этих творений, пусть вернется к своей изначальной единичности и, став духом единым с богом в уединенной мгле отца, который стоит надо всем, будет превосходить всех”.

Такім чынам: 1) чалавек выводзіцца за рамкі сусветнай іерархіі, якая ідзе ад ніза да верха, а значыць і за рамкі разнастайных іерархій і карпарацый, якія існавалі ў грамадстве; 2) чалавек атрымлівае свабоду выбора станоўчай ці адмоўнай мадэлі паводзінаў; 3) дапамагчы чалавеку ў выбары здольны зерня інтэлекта, якія былі пасеяны ў ім богам.

Арыентацыя на інтэлектуальную сферу жыцця фактычна азначала фарміраванне асаблівай “трэцяй рэчаіснасці” (tertium regnum), якая занімала прамежкавае месца паміж светам ідэальным (боскім) і сацыяльна-прыродным, дзе пануе неадукаваны натоўп (populus imbecillus).

Асаблівасці візантыйскай ментальнасці. У падмурку візантыйскаа менталітэту знаходзіліся натупныя прынцыпы: 1) візантынацэнтрызм, 2) элінства, 3) індывідуалізм. Першы з іх адлюстроўваўся ў заўважанай шмат якімі заходнееўрапейскімі аўтарамі фанаберыстасці рамеяў, якія лічылі свае краіну цэнтрам хрысціянскага свету. Элінства азначала адчуванне датычнасці да вышэйшай культуры. Індывідуалізм ва ўмовах татальнага дзяржаўнага кантролю над жыццём грамадзян трансфармаваўся ў пачуццё персанальнай адказнасці за свае дзеянні перад уладай, імператарам, богам.

Лекцыя 8

Палітычная карта Заходняй Еўропы ў раннім сярэднявеччы

9. Лекцыя 8. Палітычная карта Заходняй Еўропы ў раннім сярэднявеччы. 2-я палова V ст. VІ ст. VІІ ст. VІІІ ст. ІХ ст. Знешнепалітычнае становішча Візантыі ў IX ст. Супрацьстаянне з ісламскай цывілізацыяй ў раннім сярэднявеччы.

Мадэлі эканамічнага жыцця, сацыяльнай структуры і палітычнай арганізацыі сярэднявечнага заходнееўрапейскага грамадства сфарміраваліся і развіваліся на пэўнай тэрыторыі. Апошняя ўяўляецца сістэмай, асобныя элементы якой (тэрытарыяльныя адзінкі: суб’рэгіёны, асобныя краіны) ўступаюць у рознага кшталту ўзаемадачыненні. Вонкавым адлюстраваннем вынікаў гэтага ўзаемнага ўплыву з’яўляецца дынаміка развіцця палітычнай карты рэгіёна. Разгортванне працэса можа быць прасочына пры дапамозе умоўных срэзаў. Для перыяду сярэднявечча дастаткова рэпрэзэнтатыўным будзе храналагічны крок у адно стагоддзе.