Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
XXвек.rtf
Скачиваний:
4
Добавлен:
02.08.2019
Размер:
1.87 Mб
Скачать

§ 29. Барацьба беларускага народа супраць польскіх інтэрвентаў. Аднаўленне беларускай сср. Рыжскі мірны дагавор

Успомніце. 1. Што такое Рэч Паспалітая? 2. Якія тэрыторыі яна ўключала? 3. Калі адбыліся падзелы Рэчы Паспалітай? 4. Якія дзяржавы ўдзельнічалі ў гэтым працэсе?

Польская інтэрвенцыя ў Беларусі. Барацьба беларускага народа супраць інтэрвентаў. У лістападзе 1918 года ў сувязі з паражэннем у Першай сусветнай вайне Германіі і Аўстра-Венгрыі, а таксама перамогай Кастрычніцкай рэвалюцыі ў Расіі і абвяшчэннем савецкай уладай несапраўднымі ўсіх дагавораў царскага ўрада наконт лёсу трэціх краін, на палітычнай карце свету ізноў з’явілася Польская дзяржава. Пры дапамозе краін Антанты за кароткі тэрмін яна стварыла моцную армію. Польскае кіраўніцтва паставіла задачай адрадзіць Рэч Паспалітую ў межах 1772 г., уключыць у склад Польшчы Літву, значныя тэрыторыі Украіны і Беларусі.

У канцы лютага 1919 г. войскі Польшчы пачалі наступленне і занялі Гродзеншчыну, дзе знаходзілася Рада БНР. Яна зрабіла спробу арганізаваць супраціўленне палякам, стварыўшы для гэтага Савет Дзяржаўнай абароны на чале з Ластоўскім і генералам Кандратовічам. Але гэта акцыя поспеху не мела. Да сярэдзіны красавіка 1919 г. палякі захапілі Брэст, Пінск, Ваўкавыск, Слонім, Ліду, а 21 красавіка – Вільню. Асноўныя сілы Чырвонай Арміі ў гэты час былі заняты на Усходнім фронце.

22 красавіка 1919 г. кіраўнік Польшчы Ю. Пілсудскі ў сваім звароце “Да жыхароў былога Вялікага княства Літоўскага” абяцаў даць усім свабоду і магчымасці ў вырашэнні нацыянальных і рэлігійных спраў, а таксама забяспечыць федэратыўныя сувязі беларускай, украінскай і літоўскай свабодных дзяржаў пад патранажам Польшчы. Але гэта быў звычайны зман народаў.

8 жніўня 1919 г. польскія войскі захапілі Мінск. Фронт стабілізаваўся толькі ў канцы 1919 г. на лініі р. Бярэзіны. Пачаліся перагаворы.

На захопленай тэрыторыі быў устаноўлены жорсткі акупацыйны рэжым, адноўлена ўлада памешчыкаў і капіталістаў. Праводзіліся масавыя арышты праціўнікаў польскага рэжыму і дзеячаў беларускага нацыянальнага руху. Багацці Беларусі раскрадаліся і перапраўляліся ў Польшчу. Дзяржаўнай мовай была аб’яўлена польская мова. Зачыняліся беларускія школы і ўстановы культуры. З дзяржаўных устаноў звальняліся асобы беларускага паходжання і праваслаўнага веравызнання.

Некаторыя кіраўнікі беларускага нацыянальнага руху “папаліся на вудачку” прапаганды Ю. Пілсудскага. Рада БНР на чале з Я. Лёсікам звярнулася да Ю. Пілсудскага з лістом, у якім змяшчалася просьба аб перадачы ёй улады ў Беларусі. Старшыня ўрада БНР А. Луцкевіч пачаў перагаворы з прэм’ер-міністрам Польшчы аб прызнанні БНР. У верасні 1919 г. А. Луцкевіч у Варшаве пагадзіўся заключыць унію Беларусі і Польшчы пры ўмове прызнання польскім сеймам незалежнасці БНР. Але Ю. Пілсудскі не прыняў гэтай прапановы і загадаў інтэрніраваць (прымусова затрымаць) А. Луцкевіча.

Польскае кіраўніцтва хітравала, лавіравала. Ю. Пілсудскі дазволіў правесці сесію Рады БНР, спадзеючыся, што яна прыме рашэнне аб уніі Польшчы і Беларусі без ніякіх умоў. Быў падпісаны дэкрэт аб стварэнні двух батальёнаў беларускага войска і арганізавана Беларуская вайсковая камісія. Але галоўнакамандуючым беларускага войска быў прызначаны польскі афіцэр.

Беларускі народ не пакарыўся акупантам. Яго барацьбу ўзначалілі камуністы і эсэры. У канцы жніўня 1919 г. ЦК КП(б)ЛіБ утварыў спецыяльны палітычны орган – Бюро па нелегальнай рабоце, якое займалася фарміраваннем партызанскіх атрадаў. У кастрычніку 1919 г. ЦК БПС‑Р заклікаў ўсе палітычныя партыі стварыць агульны фронт барацьбы за вызваленне Беларусі.

Антыбеларуская пазіцыя польскіх улад і размах антыпольскай барацьбы выклікалі раскол у кіраўніцтве БНР. На сесіі Рады БНР у снежні 1919 г. прыхільнікам польскай арыентацыі, старшыні Рады Я. Лёсіку і Старшыні ўрада А. Луцкевічу быў выказаны недавер. Створаны новы прэзідыум Рады і новы ўрад БНР. Прыхільнікі уніі з Польшчай склалі Найвышэйшую раду. У адказ польскія ўлады арыштавалі кіраўніцтва партыі беларускіх эсэраў, у тым ліку і новага кіраўніка ўрада В. Ластоўскага, а таксама афіцыйна заявілі, што не збіраюцца прызнаваць БНР.

На глебе барацьбы за вызваленне Беларусі ад польскіх акупантаў адбываўся працэс далейшага збліжэння камуністаў і беларускіх эсэраў. У снежні 1919 г. у Смаленску прайшла сумесная канферэнцыя прадстаўнікоў гэтых партый. Быў падпісаны дагавор, у якім камуністы і эсэры абавязваліся стварыць адзіны антыпольскі фронт барацьбы. Быў распрацаваны таксама план узброенага паўстання і створаны Беларускі паўстанцкі камітэт (БПК).

У пачатку 1920 г. камуністычная і эсэраўская плыні партызанскага руху аб’ядналіся. Вялікую ролю ў гэтым аб’яднальным працэсе адыграла Беларуская камуністычная арганізацыя (БКА) на чале з У. Ігнатоўскім.

Беларускія партызаны разбуралі камунікацыі, узрывалі вайсковыя эшалоны, праводзілі разведвальную работу ў тыле ворага. У студзені 1920 г. у вёсцы Гатава каля Мінска адбыўся першы, а ў красавіку ў вёсцы Міханавічы другі з’езды партызан, на якіх была распрацавана тактыка барацьбы супраць польскіх акупантаў.

Вясной 1920 г., павялічыўшы сваю армію з дапамогай краін Антанты да 740 тыс. чалавек, Польшча разгарнула наступленне і захапіла Мазыр, Калінкавічы і Рэчыцу. Чырвоная Армія атрымала папаўненне з Усходняга фронту, дзе скончылася вайна з Калчаком, і пачала контрнаступленне. Але яно было няўдалым. Чырвоная Армія адышла на зыходныя пазіцыі.

Новае наступленне салдат і афіцэраў Заходняга фронту пад камандаваннем М. Тухачэўскага пачалося 4 ліпеня 1920 г. 11 ліпеня быў вызвалены Мінск, 1 жніўня – Брэст. Чырвоная Армія рушыла на Варшаву.

Аднаўленне Беларускай ССР. 6 ліпеня 1920 г. ЦК КП(б) Літвы і Беларусі прызнаў неабходным аднавіць Беларускую ССР. Гэтае рашэнне падтрымаў ЦК РКП(б). Быў утвораны Мінскі губернскі рэвалюцыйны камітэт (губрэўком) на чале з А. Чарвяковым, які аб’явіў аб пераходзе да яго ўсёй улады на неакупіраванай тэрыторыі Беларусі. 30 ліпеня 1920 г. замест Мінскага губрэўкома быў створаны Ваенрэўком Беларускай Рэспублікі.

31 ліпеня 1920 г. у Мінску адбылося сумеснае пасяджэнне прадстаўнікоў партый і грамадскіх арганізацый, на якім была прынята “Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусь”. Савецкая Беларусь аднаўлялася ў межах 6 паветаў Мінскай губерні (Мінскі, Барысаўскі, Бабруйскі, Ігуменскі, Слуцкі і Мазырскі) з насельніцтвам крыху больш за 1,5 млн. чалавек.

У жніўні 1920 г. наступленне Чырвонай Арміі ў Польшчы было спынена. Спадзяванні на развіццё сусветнай рэвалюцыі не здзейсніліся. Магутны нацыянальна-патрыятычны ўздым польскага народа ў абарону сваёй радзімы не спраўдзіў разлікаў Савецкага ўрада на падтрымку Чырвонай Арміі польскім пралетарыятам. Чырвоная Армія пацярпела паражэнне. Заходняя Беларусь была ізноў акупіравана Польшчай. Знясіленая бесперапыннымі войнамі, Савецкая Расія 12 кастрычніка 1920 г. заключыла з Польшчай прэлімінарны (папярэдні) дагавор.

У некаторых школьных падручніках па гісторыі гаворыцца пра тое, што ў лістападзе 1920 г. у Слуцку і Слуцкім павеце адбылося “антыбальшавіцкае паўстанне”. Але тады Слуцк і Слуцкі павет былі акупіраваны польскай арміяй. Ні савецкай улады, ні Чырвонай Арміі там не было. Паводле ўмоў перамір’я і прэлімінарнага (папярэдняга) дагавора з Польшчай 12 кастрычніка 1920 г. Слуцк і Слуцкі павет заставаліся на савецкім баку. Польскія войскі, а разам з імі слуцкая вайсковая брыгада з 4 тыс. чалавек, сфарміраваная праціўнікамі савецкай улады, пры набліжэнні да Слуцка Чырвонай Арміі пачалі адыходзіць на захад. Ніякіх сур’ёзных сутыкненняў з савецкімі войскамі не было. За межамі Слуцкага павета вайсковая брыгада склала зброю і была інтэрніравана. Такім чынам, ніякага паўстання ў Слуцку і Слуцкім павеце не было, можна гаварыць толькі аб спробе антысавецкіх сіл яго арганізаваць.

Рыжскі мірны дагавор. Вынікі грамадзянскай вайны і замежнай інтэрвенцыі. 18 сакавіка 1921 г. у Рызе быў падпісаны мірны дагавор паміж Савецкай Расіяй, Украінай і Польшчай. Прадстаўнікоў Рады БНР у Рыгу не дапусцілі, а Рэўком БССР даручыў прадстаўляць інтарэсы Беларусі дэлегацыі РСФСР. Па Рыжскім мірным дагаворы да Польшчы адышла тэрыторыя Заходняй Беларусі (да Негарэлага, што ў 50 км на захад ад Мінска) з плошчай больш за 100 тыс. км2 і насельніцтвам больш за 4 млн. чалавек.

Вынікам грамадзянскай вайны і замежнай інтэрвенцыі з’яўлялася тое, што тэрыторыя Беларусі аказалася падзеленай на тры часткі: яе заходняя частка знаходзілася ў складзе Польшчы, усходняя – у складзе РСФСР і толькі 6 паветаў цэнтральнай Беларусі складалі тэрыторыю БССР. Многія жыхары Беларусі загінулі ці падаліся ў бежанцы. Не працавала большасць прамысловых прадпрыемстваў, быў разбураны транспарт, скараціліся пасяўныя плошчы і пагалоўе жывёлы, сельская гаспадарка прыйшла ў заняпад. Гарадское насельніцтва, пазбаўленае ежы і паліва, паступова адыходзіла ў вёску. Не хапала адзення і абутку, а таксама прадметаў першай жыццёвай неабходнасці. Вайна прывяла да глыбокага эканамічнага і палітычнага крызісу.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]