Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
XXвек.rtf
Скачиваний:
4
Добавлен:
02.08.2019
Размер:
1.87 Mб
Скачать

Пытанні і заданні для самаправеркі

1. Якія манапалістычныя аб’яднанні былі створаны на тэрыторыі Беларусі ў пачатку ХХ ст.?

2. Ахарактарызуйце ролю банкаўскага капіталу ў развіцці прамысловасці Беларусі ў пачатку ХХ ст.

3. Назавіце адметныя рысы працэсу урбанізацыі ў Беларусі.

4. Якія змены адбываліся ў сацыяльным складзе насельніцтва Беларусі пасля 1861 г.?

5. Ахарактарызуйце шляхі фарміравання і нацыянальны склад класаў пралетарыяту і буржуазіі ў Беларусі.

6. Назавіце фактары, якія замаруджвалі фарміраванне капіталістычнай зямельнай уласнасці ў беларускіх губернях.

Пытанні і заданні для абмеркавання на ўроку

1. Вызначце асаблівасці манапалістычнай стадыі капіталізму ў эканоміцы Беларусі.

2. Існуюць два шляхі развіцця капіталізму ў сельскай гаспадарцы: “прускі” і “амерыканскі”. Які з іх быў характэрны для Беларусі? Сваю думку абгрунтуйце.

3. Вызначце прыкметы капіталізму ў сельскай гаспадарцы Беларусі ў першым дзесяцігоддзі ХХ ст.

4. Параўнайце сацыяльна-эканамічныя працэсы, якія адбываліся ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. у Беларусі, Расіі і Заходняй Еўропе. Вызначце агульнае і адметнае.

Спіс ілюстрацый

1. Фатаграфія. Селянін з ваколіц Мінска. Пачатак ХХ ст.

2. Фатаграфія. На мінскім кірмашы. Пачатак ХХ ст.

3. Фатаграфія. Беларусы. Быхаўскі раён. 1911 г.

§ 23. Культура беларусі ў пачатку хх ст.

Успомніце. 1. Калі пачаўся працэсу фарміравання беларускай нацыі? 2. Якія фактары аказалі ўплыў на гэты працэс?

Асноўныя тэндэнцыі развіцця культуры Беларусі ў пачатку ХХ ст. Працэс фарміравання беларускай нацыі наклаў адбітак на развіццё матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў. Рост нацыянальнай самасвядомасці, зараджэнне і развіццё беларускага нацыянальнага руху, навуковае вывучэнне гісторыі, этнаграфіі, фальклору беларусаў – важнейшыя фактары, што паўплывалі на станаўленне нацыянальнага прафесійнага мастацтва Беларусі.

Адметнай прыкметай часу стала развіццё мастацкай літаратуры і перыядычнага друку на беларускай мове, з’яўленне нацыянальных матываў у тэатральным, музычным і выяўленчым мастацтве. Разам з тым нацыянальнае прафесійнае мастацтва знаходзілася яшчэ на стадыі станаўлення і пад моцным уздзеяннем рускага і сусветнага мастацтва.

Адукацыя. У пачатку ХХ ст. у Расійскай імперыі ў цэлым, а таксама і на тэрыторыі Беларусі адбываецца імклівы рост колькасці пачатковых (народных вучылішч і царкоўна-прыходскіх школ) і сярэдніх (гімназій і рэальных вучылішч) агульнаадукацыйных школ. Пры гэтым разам з дзяржаўнымі навучальнымі ўстановамі адкрываюцца прыватныя школы і вучылішчы.

У гэты перыяд склалася сістэма прафесійнай адукацыі. Колькасны рост агульнаадукацыйных школ вылучаў на першы план праблему падрыхтоўкі настаўнікаў. Калі да 1900 г. на тэрыторыі Беларусі дзейнічала 4 настаўніцкія семінарыі, то ў 1916 г. іх было ўжо 12. Для падрыхтоўкі настаўніцкіх кадраў былі адкрыты тры настаўніцкія інстытуты – у Віцебску, Мінску, Магілёве. Акрамя таго, падрыхтоўка спецыялістаў у галіне народнай гаспадаркі і культуры ажыцяўлялася ў рамесных, сельскагаспадарчых, камерцыйных, медыцынскіх, музыкальных і мастацкіх навучальных установах. Вышэйшых навучальных устаноў у Беларусі не было. Расійскія ўлады неаднаразова адхілялі хадайніцтвы грамадскасці Беларусі аб адкрыцці універсітэта ці політэхнічнага інстытута.

Пачатак ХХ ст. звязаны з пашырэннем грамадска-педагагічнага руху за стварэнне беларускай нацыянальнай школы. Прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі засноўвалі тайныя школы, дзе навучанне вялося на беларускай мове. Там выкарыстоўваліся падручнікі Каруся Каганца “Першая навука чытання”, Цёткі “Першае чытанне для дзетак беларусаў”, Якуба Коласа “Другое чытанне для дзетак-беларусаў”.

Навуковыя даследаванні беларускага краю. У пачатку ХХ ст. узрастае актыўнасць навукоўцаў у вывучэнні гісторыі, этнаграфіі і культуры Беларусі. Важнае значэнне мелі этнаграфічныя даследаванні, якія высвятлялі нацыянальныя асаблівасці быту і культуры беларускага народа, пытанні яго этнагенэзу і этнічнай тэрыторыі. У галіне этнаграфіі плённа працавалі Еўдакім Раманаў, Мікалай Нікіфароўскі, Аляксандр Сержпутоўскі і іншыя даследчыкі. Навуковы аналіз назапашаных этнаграфічнай навукай матэрыялаў даў магчымасць стварэння грунтоўных абагульняючых прац. Асабліва заметнае значэнне ў гэтым плане адыграла праца Яўхіма Карскага “Беларусы”, у якой пераканаўча даказана, што беларусы з’яўляюцца асобным этнасам са сваёй мовай і культурай.

Былі створаны і грунтоўныя даследаванні, прысвечаныя беларускай гісторыі. Навуковыя працы Мітрафана Доўнар-Запольскага ўнеслі вялікі ўклад у вывучэнне гістарычнага мінулага Беларусі. Дзеяч беларускага нацыянальнага руху Вацлаў Ластоўскі ў 1910 г. выдаў на беларускай мове “Кароткі нарыс гісторыі Беларусі”, дзе імкнуўся паказаць адметнасць гістарычнага лёсу беларускага народа.

Усё больш шырокія колы інтэлігенцыі сталі захапляцца краязнаўствам. Дзякуючы грамадскай актыўнасці, быў утвораны шэраг музеяў і культурна-асветных устаноў.

Развіццё беларускай літаратуры. На лепшыя дасягненні літаратуры другой паловы ХІХ ст. абапіралася беларуская літаратура пачатку ХХ ст. Новыя тэмы, матывы і вобразы прынесла ў беларускую літаратуру Цётка (А. Пашкевіч). Яе кнігі “Скрыпка беларуская” і “Хрэст на свабоду” сталі першымі арыгінальнымі зборнікамі беларускай паэзіі ХХ ст. Цётка з’явілася адной з пачынальнікаў апавядальнага жанру. Як таленавіты паэт-наватар, адзін з пачынальнікаў беларускай драматургіі і заснавальнікаў нацыянальнай школы перакладу ўвайшоў у гісторыю беларускай літаратуры Янка Купала (І. Луцэвіч). Ён узняў беларускую літаратуру на якасна новы ўзровень, садзейнічаў фарміраванню і развіццю беларускай літаратурнай мовы. Разам з Янкам Купалам заснавальнікам новай беларускай літаратуры і літаратурнай мовы стаў Якуб Колас (К. Міцкевіч). Адзіны паэтычны зборнік “Вянок” належыць Максіму Багдановічу, аднак ён дазволіў паэту заняць пачэснае месца сярод класікаў беларускай літаратуры. У пачатку ХХ ст. раскрыліся творчыя здольнасці Максіма Гарэцкага, Змітрака Бядулі, Цішкі Гартнага, Каруся Каганца і інш. Беларуская літаратура пачала знаходзіць прызнанне ў суседніх, перш за ўсё славянскіх, народаў, паступова ўключацца ў сусвегны гісторыка-літаратурны працэс.

У пачатку ХХ ст. пачынаюць больш шырока друкавацца беларускамоўныя творы. Некалькі асобных выданняў вытрымала паэма “Тарас на Парнасе”, у Пецярбургу выйшаў з друку зборнік вершаў Янкі Лучыны “Вязанка” і некаторыя іншыя творы. У Пецярбургу было створана першае легальнае беларускае выдавецтва “Загляне сонца і ў наша ваконца”, якое выдала зборнікі вершаў “Дудка беларуская”, “Смык беларускі” Багушэвіча і “Жалейка” Купалы.

Станаўленне нацыянальнага прафесійнага тэатра. У фарміраванні беларускага прафесійнага нацыянальнага тэатра вялікую ролю адыграла тэатральная культура рускага, украінскага і польскага народаў. У беларускіх гарадах дзейнічалі мясцовыя рускія драматычныя трупы, а таксама гастралявалі акцёры сталічных тэатраў. Паспяхова выступалі артысты ўкраінскіх тэатраў, прыязджалі польскія тэатральныя калектывы.

Пад уздзеяннем прафесійнага тэатра ў асяроддзі беларускай інтэлігенцыі наспявала ідэя неабходнасці стварэння беларускага нацыянальнага тэатра прафесійнага тыпу. У пачатку ХХ ст. арганізоўваюцца шматлікія музычна-драматычныя гурткі і так званыя “беларускія вечарынкі”. Там звычайна выступалі хары, чыталіся беларускія літаратурныя творы, ставіліся п’есы.

На традыцыях “беларускіх вечарынак” у 1907 г. узнікла “Першая беларуская трупа” Ігната Буйніцкага – сапраўдны тэатр прафесійнага тыпу. Энтузіязм І. Буйніцкага, удалы падбор акцёраў і рэпертуара склалі трывалы падмурак поспеху гэтага калектыва. Аднак у 1913 г. тэатр спыніў сваё існаванне.

Пераемнікам “Першай беларускай трупы” ў працэсе фарміравання нацыянальнага тэатра стала “Першае таварыства беларускай драмы і камедыі”, якое ўзнікла ў Мінску пасля Лютаўскай рэвалюцыі. Арганізаваў Таварыства вядомы беларускі акцёр і рэжысёр Фларыян Ждановіч. Нягледзячы на цяжкасці, калектыў ужо ў першыя тыдні свайго існавання ажыццявіў гастрольную паездку па Беларусі.

Музычнае мастацтва. Даволі разнастайным і багатым было музычнае жыццё. З вялікім поспехам гастралявалі рускія і ўкраінскія музычна-драматычныя і харавыя калектывы, якія знаёмілі беларускую публіку з лепшымі творамі айчынных і замежных кампазітараў. У гэты перыяд узрасла цікавасць музыкантаў да беларускай народнай песеннай творчасці. Рускія кампазітары М. Рымскі-Корсакаў, А. Грачанінаў, С. Танееў апрацоўвалі беларускія песні і выкарыстоўвалі беларускую тэматыку ў сваіх творах. Выступленні хору В. Тэраўскага садзейнічалі папулярызацыі беларускіх народных песень.

Патрэба ў нацыянальнай музычнай літаратуры часткова была задаволена выданнем “Беларускіх песень з нотамі” Антона Грыневіча, “Беларускага песенніка з нотамі для народных і школьных хораў” Людаміра Рагоўскага, публікацыяй апрацоўкі беларускіх песень для фартэпіяна Мікалая Чуркіна.

Выяўленчае мастацтва. З канца ХІХ ст. ў выяўленчым мастацтве Беларусі з’яўляюцца новыя імёны. Вельмі заметна быў прадстаўлены пейзажны жывапіс. У творчасці таленавітага беларускага мастака Вітольда Бялыніцкага-Бірулі развіваюцца традыцыі рускага лірычнага пейзажу. Віды беларускай прыроды натхнялі ўраджэнца Ашмянскага павета Фердынанда Рушчыца. У яго лепшых работах “Зямля”, “Стары млын”, “Эмігранты” спалучаюцца пейзажны і бытавы жанры. У работах Сяргея Жукоўскага пейзажны жывапіс цесна звязаны з інтэр’ерам і нацюрмортам. Вядомасць набылі пейзажныя палотны Генрыха Вейсенгофа “Снег”, “Могілкі ў Русаковічах”, на якіх мастак адлюстраваў віды мястэчка Русаковічы Мінскай губерні, дзе ён жыў працяглы час.

Партрэтны і бытавы жанры былі прадстаўлены ў творчасці Юдаля Пэна (1854–1937 гг.). Яго палотны “Аўтапартрэт у саламяным капелюшы”, “Гадзіншчык”, “Стары кравец” выкананы ў рэалістычнай манеры і адлюстроўваюць яўрэйскі побыт і традыцыі. Творчая спадчына мастака вельмі вялікая і разнастайная. Пэн набыў вядомасць і ў якасці педагога. Яго намаганнямі ў Віцебску была адкрыта прыватная мастацкая школа. Самым вядомым вучнем Пэна стаў Марк Шагал (1887–1985 гг.). Вялікае месца ў яго творчасці займаў родны Віцебск з яго яўрэйскім местачковым побытам, які мастак адлюстроўваў у сімвалічна-містычным духу.

Тэмы і матывы беларускай гісторыі выкарыстоўваў таленавіты мастак Я. Драздовіч, стварыўшы серыю графічных работ і скульптурных партрэтаў дзеячаў гісторыі Беларусі.

Архітэктура. У архітэктуры Беларусі працягваў існаваць стыль гістарызм. Архітэктары па-ранейшаму займаліся стылізатарствам, выкарыстоўваючы прыёмы і формы, уласцівыя дойлідству папярэдніх перыядаў.

У каталіцкай культавай архітэктуры наглядаецца росквіт неагатычнага стылю. Неагатычныя пабудовы ўзводзіліся з чырвонай добра абпаленай цэглы, прычым фасады не атынкоўваліся. Найбольш багатыя храмы мелі вітражы, падлогу з паліраваных керамічных плітак, фрэскавы роспіс. Праваслаўная культавая архітэктура, як і ў папярэдні перыяд, знаходзілася пад уплывам візантыйскага і старажытнарускага дойлідства.

У архітэктуры Беларусі склаўся неараманскі стыль. Найбольш вядомы помнік, які спалучае матывы раманскай і гатычнай архітэктуры, – Чырвоны касцёл у Мінску (касцёл Сымона і Алены).

Побач з “архітэктурай гістарызму” з канца ХІХ ст. адбываецца станаўленне новага стылю мадэрна. Для помнікаў мадэрна характэрны пераплеценыя лініі, асіметрычныя кампазіцыі, багаты ляпны дэкор. Мадэрн прынёс новыя тыпы пабудоў (чыгуначныя вакзалы, масты, прамысловыя збудаванні), новыя будаўнічыя матэрыялы і канструкцыі (цэмент, металічная арматура, фабрычная дахоўка). У стылі мадэрн у Беларусі ўзводзіліся вакзалы, банкі, навучальныя ўстановы, даходныя дамы, сядзібы, некаторыя культавыя пабудовы. Прыкладам архітэктуры мадэрна з’яўляюцца гасцініца “Еўропа” у Мінску, будынак Лужаснянскага сельскагаспадарчага вучылішча і інш. Мадэрн праіснаваў на тэрыторыі Беларусі да Першай сусветнай вайны, аднак шырокага распаўсюджання не набыў.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]