Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ВОВ лекции.doc
Скачиваний:
15
Добавлен:
06.11.2018
Размер:
1.12 Mб
Скачать

Вызваленчы паход у Еўропу

Пасля завяршэння аперацыі «Баграціён» было праведзена 20 буйных наступальных аперацый, якія вызначылі канчатковую перамогу краін антыгітлераўскай кааліцыі над нямецка-фашысцкім блокам і мілітарысцкай Японіяй.

У ходзе летне-асенняга наступлення 1944 г. толькі ў трох ваенных аперацыях – Беларускай, Львоўска-Сандамірскай і Яска-Кішынёўскай на фронце працягласцю 2200 кіламетраў – ад Заходняй Дзвіны да Чорнага мора было разгромлена звыш 170 дывізій праціўніка. Амаль поўнасцю была вызвалена тэрыторыя СССР. Выведзены з вайны саюзнікі Германіі – Румынія, Балгарыя, Фінляндыя і Венгрыя. Вельмі напружанымі былі баі на подступах да Усходняй Прусіі ў Прыбалтыцы. Германскае кіраўніцтва, як у свой час савецкае, прымае надзвычайныя меры па ўмацаванню баявога духу салдат. Са снежня 1944 г. дэзерціры прыгаворваліся да смяротнага пакарання, а іх сем’і да канфіскацыі маёмасці і пазбаўлення свабоды. У сакавіку 1945 г. у вермахце былі ўведзены ваенна-палявыя суды. Блізілася расплата за развязаную вайну і гэта стала асновай упартага супраціўлення наступленню савецкай арміі.

12 студзеня 1945 г. войскі шасці франтоў, у тым ліку трох Беларускіх, пачалі Усходне-Прускую, Вісла-Одэрскую і Заходне-Карпацкую наступальныя аперацыі. Савецкае камандаванне змагло забяспечыць значную перавагу над праціўнікам у жывой сіле, а таксама ў тэхніцы. У выніку гэтых аперацый было знішчана і разгромлена больш за 100 дывізій, вызвалена амаль уся Польшча і частка Чэхаславакіі. Савецкія войскі прасунуліся на захад больш чым на 500 кіламетраў, выйшлі на р. Одру за 60 кіламетраў ад Берліна.

Пры вызваленні польскай сталіцы Варшавы вылучыліся салдаты і афіцэры 47-й арміі, якой камандаваў ураджэнец Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці, генерал-лейтэнант Ф.І.Перхаровіч, які быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза.

Гераічна змагаліся на польскай зямлі тысячы салдат і малодшых камандзіраў, выхадцаў з Беларусі. Радавы П.В.Касцючык, баец 218-га стралковага палка, ураджэнец Пухавіцкага раёна 15 студзеня 1945 г. у крытычны момант бою закрыў сабой амбразуру дзота, за што яму было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза. А ўсяго 61 беларус за свае гераічныя ўчынкі, здзейсненыя пры вызваленні Польшчы быў удастоены зоркі Героя.

У выніку паспяховага ажыццяўлення Карпацска-Дуклінскай аперацыі савецкія войскі сумесна з 1-м чэхаславацкім армейскім корпусам, які быў сфарміраваны на тэрыторыі Савецкага Саюза, уступілі на тэрыторыю Чэхаславакіі. 5 мая ў Празе пачалося паўстанне, паўстаўшыя звярнуліся да савецкага камандавання з просьбай аб дапамозе. 9 мая 1945 г. пры актыўнай падтрымцы насельніцтва вызвалілі Прагу. 140 тыс. воінаў Чырвонай Арміі загінулі ў баях за свабоду і незалежнасць чэхаславацкага народа.

Чырвоная Армія выканала сваю вызваленчую місію, вызваліўшы адзінаццаць краін Цэнтральнай і Паўднёва-Усходняй Еўропы з насельніцтвам 113 млн. чалавек.

Крымская канферэнцыя

З 4 па 11 лютага 1945 г. у вызваленым Крыму, у Лівадзійскім палацы імператара Мікалая II, прайшла другая канферэнцыя «Вялікай тройкі». На гэтай сустрэчы былі абмеркаваныя пытанні пасляваеннага ўпарадкавання ў Еўропе. На канферэнцыі было падпісана сакрэтнае пагадненне аб уступленні СССР у вайну супраць Японіі праз два-тры месяцы пасля капітуляцыі Германіі. Саюзнікі згадзіліся з умовамі, на якіх Сталін разрываў нейтралітэт у адносінах з Токіа, гэта вяртанне Сахаліна і Курылаў, а так сама эканамічная экспансія СССР у Кітаі і Карэі.

На канферэнцыі абмеркавалі ўмовы безагаворачнай капітуляцыі Германіі і прынцыпы абыходжання з ёй, як з прайграўшай краінай. Вызначаліся зоны акупацыі трох краін, а «Вялікі Берлін» так сама падзяляўся на тры часткі. Была вызначана сума рэпарацыяў з Германіі – усяго 20 млрд. долараў, з якіх на 10 млрд. прэтэндаваў СССР.

У Ялце было падпісана сакрэтнае пагадненне, якое датычылася абмену ваеннапалоннымі і рэпатрыяцыі ў краіны пражывання вывезеных насільна ці выехаўшых дабравольна грамадзян. У СССР ваеннапалонныя і острабайтэры часта разглядаліся як здраднікі Радзіме і дабравольна выехаўшыя на працу ў варожую краіну. Шмат пакут і здзекаў чакала гэтых людзей на радзіме.

На канферэнцыі зноў паўстала «польскае пытанне». ЗША і асабліва Англія настойвалі на вяртанне ў Варшаву эмігранцкага ўрада, а СССР ужо прызнаў створаныя органы Краёвай Рады Народавай і Польскага Камітэту нацыянальнага вызвалення, дзе большасць мелі камуністы. Тым не менш, Сталін згадзіўся на павялічэнне тэрыторыі Польшчы за кошт тэрыторыі Усходняй Германіі, але мяжа з СССР была вызначана па «лініі Керзана».

Кіраўнікі трох краін прынялі рашэнне аб скліканні 25 кастрычніка 1945 г. у Сан-Францыска канферэнцыі Аб’яднаных Нацый з мэтай падрыхтоўкі статута міжнароднай арганізацыі па бяспецы.

Па ацэнках удзельнікаў канферэнцыі і аналітыкаў, савецкая дэлегацыя пайшла пад час канферэнцыі на большыя ўступкі саюзнікам, чым тыя ўступалі Сталіну. Тым не менш, канферэнцыя прадэманстравала адзінства мэт трох дзяржаў у прадбачанні хуткай перамогі над Германіяй, разам з тым калі прыйшоў час рыхтавацца да міру, усё цяжэй станавілася пераадолець глыбокае адрозненне інтарэсаў і поглядаў паміж партнёрамі па кааліцыі ваеннага часу.