20 бяззлучнікавы складаны сказ
.docx20.Раскрыць сутнасць паняцця бяззлучнікавага складанага сказа. Размежаваць бяззлучнікавыя складаныя сказы з аднатыпнымі і разнатыпнымі часткамі. Ахарактарызаваць сэнсавыя адносіны паміж часткамі бяззлучнікавых складаных сказаў. Пракаменціраваць правілы пастаноўкі знакаў прыпынку ў бяззлучнікавым складаным сказе.
У бяззлучнікавых складаных сказах прэдыкатыўныя часткі звязваюцца бяззлучнікавай сувяззю; асноўны сродак сувязі частак - інтанацыя: Зхмарак першыя зоры выцеклі, за бярозкамі вецер прыціх. (Бур.)
Складаныя бяззлучнікавыя сказы могуць набліжацца да складаназлучаных або складаназалежных сказаў. Гэта залежыць ад сэнсавых адносін паміж прэдыкатыўнымі часткамі. На аснове гэтых адносін адрозніваюць дзве разнавіднасці складаных бяззлучнікавых сказаў:
складаныя бяззлучнікавыя сказы з аднатыпнымі часткамі;
складаныя бяззлучнікавыя сказы з разнатыпнымі часткамі.
Такія сказы набліжаны да складаназлучаных: прэдыкатыўныя часткі ў іх вызначаюцца граматычнай незалежнасцю. Паміж часткамі найчасцей выражаюцца адносіны адначасовасці: Твой погляд запаўняе сіняву, твой голас напаўняе наваколле... (Бур.); паслядоўнасці: Вясна мінецца, прыйдзе лета. (К-с); супастаўлення: Старэйшаму сыну дванаццаць, малодшаму - сем. (I. Н.) Схема: [ ], [ ].
Сказы гэтага тыпу сэнсам і будовай набліжаны да складаназалежных: адна прэдыкатыўная частка патрабуе паяснення (тлумачэння, удакладнення, канкрэтызацыі) з боку другой. Паміж часткамі выражаюцца такія ж сэнсавыя адносіны, як і паміж часткамі складаназалежнага сказа: аб'ектныя, азначальныя, суб'ектныя, акалічнасныя (часавыя, мэтавыя, прычынныя, умоўна-выніковыя і інш.): Прасілі дажджу - град пайшоў. (Прым.) Па рэчцы ўгадвалі і надвор 'е: зменшала пад вечар вада - заўтра зранку будзе дождж... (Ад.) Алесь не адказаў: быў, відаць, нязгодны. (I. М.) Схема: [ ]:[ ].
У складаных бяззлучнікавых сказах у залежнасці ад сэнсавых адносін паміж часткамі, будовы і размяшчэння частак могуць ставіц-ца коска, кропка з коскай, двукроп'е ці працяжнік.
1.Коска ставіцца, калі паміж часткамі выражаюцца адносіны адначасовасці або паслядоўнасці: Клёны росамі ззяюць, птушкі сонца гукаюць, росам зоры варожаць, успамінам трывожаць маё сэрца. (Бур.) Мінулася поле, пачынаўся рэдкі лясок. (I. М.)
2.Кропка з коскай ставіцца ў тым выпадку, калі прэдыкатыўныя часткі з'яўляюцца ўскладненымі (маюць свае знакі прыпынку) або не маюць цеснай сувязі паміж сабой: I раптам ад цёмнай, суцэльнай заслоны хмар аддзяліўся доўгі сіваваты вал; выгнуўшыся дугою і займаючы палавіну неба, ён шпарка каціўся наперад. (К-с) Новыя краявіды, новыя шыр, дарогі, снягі падбягалі, знікалі, змяняліся; у гэтым імклівым лёцеўвесь час не адступалі, кружыліся думкі. (I. М.).
3.Двукроп'е ставіцца:
а) калі наступная частка (ці некалькі частак) раскрывае, дапаўняе, тлумачыць сэнс папярэдняй. Спосаб праверкі: паміж часткамі ўставіць злучнікі што, як, словы а менавіта, а іменна: Я думаў: без кахання пражыву. Я верыў: без цябе не засумую. (Бур.);
б) калі другая частка абазначае прычыну таго, пра што гаворыцца ў першай. Спосаб праверкі: можна ўставіць злучнікі бо, таму што: Пабегчы і адарваць гурок мы не асмельваліся: баяліся дзеда. (Сач.);
в) калі другая частка дапаўняе першую. Спосаб праверкі: перад другой часткай можна ўставіць спалучэнні слоў тыпу і ўбачыў, што; і пачуў, што; і адчуў, што; і даведаўся, што і інш.: Міхалка ўзляцеў наўзгорак: унізе рассцілаўся горад з блішчастымі вежамі цэркваў і касцёлаў. (К-с) Васіль пайшоў хутчэй, угледзеўся: перад ім, хоць і цьмяна, значылася чалавечая постаць. (I. М.) Я азірнуўся: на горад паўзла цёмна-шызая хмара з ружова-серабрыстымі беражкамі. (Грах.);
г) калі другая частка - прамое пытанне: Ты скажы мне, цьма глухая: доўга будзеш ты ляжаць? (К-с);
д) калі першая частка абагульняе наступныя: Усё вакол знаёмае да болю: збягаюць незабудкі да вады, сядае важна бусел на таполю, ад ластавак абвіслі правады. (Бур.)
4. Працяжнік ставіцца:
а) калі паміж часткамі выражаюцца адносіны часу або ўмовы (перад першай часткай можна ўставіць злучнік калі): Не давалі ёй [мове] месца ў палацах - яна ішла пад саламяныя і чаротавыя стрэхі, гучала ў полі, у лесе, у лузе. (Сач.);
б) калі другая частка паказвае на вынік таго, пра што гаворыцца ў першай, або з'яўляецца высновай з яе: Сухі марац, мокры май - будзе жыта нібы гай. (Прым.);
в) калі змест частак супрацьпастаўляецца: Вучаць, выхоўваюць не падручнікі, не методыкі - вучыць, выхоўвае настаўнік. (Віт.);
г) калі паміж часткамі выражаюцца параўнальныя адносіны. Спосаб праверкі: паміж часткамі можна ўставіць злучнікі бы, нібы, быццам: Слова сказаў - сякераю адсек. (Прык.)
д) калі паміж часткамі выражаецца хуткая змена падзей або нечаканы вынік (можна ўставіць злучнік і): Не паспеў стары выбрацца з снегу - ранішнюю сціхоту прарваў стрэл. (Б. Мікуліч);
е) калі паміж часткамі выражаюцца далучальныя адносіны (далучальная частка пачынаецца словамі гэта, то, так, такі): Пасмы снегу раз-пораз перабягалі цераз дарогу, праносіліся ў паветры перад вачыма - ад гэтага ўсё выглядала нерухлівым, неспакойным. (I. М.);
ж) калі апошняя частка абагульняе папярэднія: Пасля дзесці крычалі людзі, пасля плакаў Марыльчын хлапчук, утаймоўвала яго Марылька, галасіла старая, стралялі на вуліцы жаўнеры – усё гэта прыйшло раптам да ягонай свядомасці. (К.Ч.)