Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:

8 катэгорыя роду

.docx
Скачиваний:
34
Добавлен:
20.03.2016
Размер:
31.7 Кб
Скачать

8.Раскрыць сутнасць паняцця катэгорыі роду. Ахарактарызаваць сістэму яе значэнняў і выражэнне ў сучаснай беларускай мове. Пракаменціраваць спосабы вызначэння роду нескланяльных назоўнікаў іншамоўнага паходжання і нескланяльных абрэвіятур.

Катэгорыя роду - адна з асноўных граматычных катэгорый назоўніка. Назоўнікі ў форме адзіночнага ліку адносяцца да аднаго з трох родаў: мужчынскага: мой брат, звонкі голас, той выпадак; жаночага: мая радзіма, наша вёска, блакітная кветка; ніякага: цудоўнае падарожжа, малое дзіця, расчыненае акно. Назоўнікі, якія ўжываюцца толькі ў множным ліку, катэгорыі роду не маюць (духі, сані, акуляры, калготы, Асіповічы ).

3 а ў в а г а. Катэгорыя роду назоўнікаў вызначаецда ўстойлівасцю. Аднак некаторыя назоўнікі ў працэсе развіцця мовы змянілі сваю родавую прыналежнасць. Так, у першай трэці XX ст. у беларускай мове назоўнікі кляса, эліпса, рэха, коміна ўжываліся ў форме жаночага роду, назоўнікі роспач, люстэрак мелі форму мужчынскага роду: Зварухнулася сіла, толькі рэхаю стогне абшар (М. Ч.). Ляжаў, курыў і цыркаў сліну з-за белай коміны на хату (К-с). Быў роспач у яго вачах (К. Ч.). Над маім над высокім парогам распускаецца клён малады, краскі лёгенька выбеглі логам паглядзецца ў люстэрак вады (У. X.).

Род назоўнікаў можна вызначыць трыма спосабамі: марфалагічна, сінтаксічна, семантычна.

Марфалагічна род назоўнікаў вызначаецда па склонавых канчатках. Да мужчынскага роду адносяцца назоўнікі, якія ў назоўным склоне маюць нулявы канчатак, а ў родным - канчаткі -а(-я), -у(-ю): дом - дома, цэх - цэха, дзень - дня, град - граду, край - краю, настрой - настрою. Да мужчынскага роду адносіцца невялікая група асабовых назоўнікаў, якія ў назоўным склоне маюць канчатак -а(-я), а ў родным - і(-ы): дзядзька - дзядзькі, бацька - бацькі, мужчына - мужчыны. Мужчынскі род уласцівы субстантываваным прыметнікам і дзеепрыметнікам, якія ў назоўным склоне маюць канчатак -ы: знаёмы, паляўнічы, дзяжурны, ранены, камандуючы.

Да жаночага роду адносяцца назоўнікі, якія ў назоўным склоне маюць канчатак -а(-я) і нулявы канчатак, а ў родным - канчатак(-і): вуліца - вуліцы, вясна - вясны, песня - песні, зямля - зямлі, ноч - ночы, далонь - далоні, гусь - гусі, Сібір - Сібіры. Жаночы род маюць субстантываваныя прыметнікі і дзеепрыметнікі, якія ў назоўным склоне маюць канчатак -ая: дзяжурная, знаёмая, сталовая, маладая, важатая.

Да н і я к а г а роду адносяцца назоўнікі, якія ў назоўным склоне маюць канчаткі -а(-я), -о(-ё), -е, а ў родным а(-я): збожжа - збожжа, возера - возера, дзіця - дзіця( ці), жарабя - жарабя( ці), акно - акна, вядро - вядра, жыццё - жыцця, калоссе - калосся, зерне - зерня. Ніякі род уласцівы субстантываваным прыметнікам і дзеепрыметнікам, якія ў назоўным склоне маюць канчатак -ае: марожанае, пірожнае, шампанскае.

Сінтаксічна род назоўнікаў вызначаецца па форме дапасаванага азначэння (прыметніка, парадкавага лічэбніка, займенніка, дзеепрыметніка) або па форме выказніка, выражанага дзеясловам прошлага часу: сонечная раніца, пяты. пад'езд, наш універсітэт, занесенае снегам поле, прыйшла зіма, пачуўся стрэл.

Семантычна вызначаецца род асабовых назоўнікаў у залежнасді ад полу асобы: брат, бацька, мужчына, хлопец - мужчынскага роду; сястра, маці, жанчына, дзяўчына - жаночага роду.

Род назоўнікаў агульнага роду, якія з'яўляюцца імёнамі і прозвішчамі, таксама вызначаецца семантычна: сын Жэня - дачка Жэня, унук Шура - унучка Шура, хлопчык Саша - дзяўчынка Саша; Алеся Ждановіч - Віктар Ждановіч, Ніна Ткач - Максім Ткач.

Нярэдка назоўнікі, што абазначаюць назвы асоб паводле іх прафесійных заняткаў, пасад, маюць форму мужчынскага роду і захоўваюць яе ў тых выпадках, калі адносяцца да асоб жаночага полу. Тлумачыцца гэта тым, што раней у пэўных сферах дзейнасці былі занятыя выключна мужчыны: прафесар, дацэнт, дэкан, акадэмік, рэдактар, скульптар, біёлаг, карэктар, афіцэр, лейтэнант, капітан, генерал, тэрапеўт, слесар, будаўнік, інжынер і г. д. Назоўнікі, якія ўзнікаюць у мове для абазначэння новых прафесій і пасад, найчасцей традыцыйна таксама маюць форму толькі мужчынскага роду: касманаўт, кардыёлаг, дызайнер, авіяканструктар, механік, бортінжьінер, вірусолаг, эпідэміёлаг, дыялектолаг, каардынатар. Дзеясловы-выказнікі пры назоўніках мужчынскага роду, якія абазначаюць жанчын па прафесіі, ужываюцца ў прошлым часе ў форме жаночага роду, а азначэнні захоўваюць форму мужчынскага роду: на сходзе выступіла ганаровы акадэмік Папова; малады лейтэнат Патапава справілася з заданнем; вопытны кардыёлаг Ніна Іванаўна распазнала хваробу.

Назоўнікі толькі жаночага роду, што абазначаюць назвы асоб паводле іх прафесійных заняткаў, пасад, у беларускай мове сустракаюцца рэдка: няня, прачка, машыністка, пакаёўка, павітуха, кастэлянша, манікюрша, педыкюрша, балерына.

У беларускай мове назіраецца актыўны працэс утварэння адпаведных назоўнікаў жаночага роду ад назоўнікаў мужчынскага роду, якія абазначаюць назвы асоб паводле прафесій і пасад. Вялікай прадуктыўнасцю пры гэтым вызначаецца суфікс -к-: бібліятэкар - бібліятэкарка, практыкант - практыкантка, аспірант - аспірантка, дыпламант - дыпламантка, кіяскёр - кіяскёрка, лабарант - лабарантка, сакратар - сакратарка, фельчар - фельчарка, бухгалтар - бухгалтарка, дыктар - дыктарка, дысертант - дысертантка, дыспетчар - дыспетчарка, дэлегат - дэлегатка, дэпутат - дэпутатка. Пакуль што многія назоўнікі жаночага роду з суфіксам -к- маюць у «Тлумачальным слоўніку беларускай мовы» памету разм. (размоўнае): бібліятэкарка, дыпламантка, дырэктарка, доктарка, касірка, кандуктарка, сакратарка. Аднак гэта не перашкаджае такім назоўнікам актыўна ўжывацца ў мове мастацкай літаратуры: Вінцусь ураз пазнаў у жанчыне доктарку, што лечыць яго Зоську (Л. А.). Яны стаялі непадалёку ад гэтай групы, і Вераніка ўважліва слухала экскурсаводку (Я. С.).

Назоўнікі жаночага роду з суфіксам -іх-(-ых-) тыпу старшыніха, старасціха, каваліха, дырэктарыха (як і Васіліха, Іваніха, Камарыха) паказваюць не на прафесію, пасаду; яны маюць значэнне “жонка старшыні”,”жонка старасты”, “жонка дырэктара”. Гэтым назоўнікам уласціва адценне размоўнасці: «Скажыце, калі ласка, ці яшчэ старшыні не было?» - «Не. Сёння ў яго раённае начальства. Дык у канторы», - адказала старшыніха (Вад.). «Хто ж ваша мілая? Ну, скажыце?» - «Старасціха Алена», - прамовіў Лабановіч (К-с). Сакратарысе, відаць, стала няёмка, што патурбавала такой недарэчнай просьбай заслужаную настаўніцу, і яна хуценька развіталася (Шам.).

Назвы некаторых жывёл і птушак у залежнасці ад полу носьбіта маюць формы назоўнікаў мужчынскага і жаночага роду: воўк - ваўчыца, слон - сланіха, заяц - зайчыха, казёл - каза, бык - карова, гусь - гусак. Аднак не ва ўсіх назоўнікаў, якія абазначаюць назвы жывых істот (апрача чалавека), граматычны род і біялагічны пол супадаюць. Граматычны род і біялагічны пол нельга атаясамліваць, бо род - граматычная, абстрактная катэгорыя. Таму многія назвы жывёл, птушак, рыб, паўзуноў ужываюцца толькі ў форме мужчынскага або толькі ў форме жаночага роду: вожык, крот, верабей, шчупак, жук, камар; сарока, сініца, ластаўка, чапля, вавёрка, аса, муха, яшчарка. Форму ніякага роду (безадносна да полу носьбіта) маюць назоўнікі, што абазначаюць назвы маладых істот: кацяня, парася, птушаня, зайчаня, дзіця.

Некаторыя суадносныя пары назоўнікаў мужчынскага і жаночага роду, якія абазначаюць сваяцкія адносіны або называюць жывёл у адпаведнасці з прыналежнасцю да полу, маюць суплетыўныя асновы: дзед - баба, бацька - маці, сын - дачка, баран - авечка, певень - курыца. Большасць родавых пар назоўнікаў утвараюцца пры дапамозе суфіксаў -к-, -ых-, -эс-, -ыс-: беларус - беларуска, артыст - артыстка, унук - унучка, ткач - ткачыха, паэт - паэтэса, акцёр - актрыса або без суфіксаў: Алесь - Алеся, Аляксандр - Аляксандра, Валянцін - Валянціна (канчатак -а (-я) у гэтых словах мае словаформаўтваральнае значэнне).

Адрозненне ў родзе некаторых назоўнікаў сведчыць пра іх семантычнае размежаванне: гваздзік (кветка) і гваздзіка (прыправа), прастор (свабоднае месца, абшар) і прастора (неабмежаваная працягласць), прэс (машына, прыстасаванне для апрацоўкі матэрыялу ціскам) і прэса (агульная назва перыядычнага друку), тон (гук пэўнай вышыні) і тона (адзінка вагі).

У сучаснай беларускай мове ёсць група назоўнікаў, род якіх канчаткова не вызначыўся: зал і зала, замш і замша, бярлог і бярлога, клавіш і клавіша, перыфраз і перыфраза, аблога і аблог, салата і салат, рэпрыза і рэпрыз, пачак і пачка, кішэнь і кішэня, шаша і шасэ. У мове XIX - пачатку XX ст. такіх назоўнікаў было значна болын: цуд і цуда, жаваранак і жаваранка, воблака і воблак, табака і табак і інш.

Катэгорыя роду назоўнікаў у беларускай і рускай мовах не заўсёды супадае. Можна выдзеліць дзве групы назоўнікаў, род якіх не супадае:

1) назоўнікі, якія супадаюць марфемнай будовай у дзвюх мовах: сабака, фальш, летапіс, жывапіс, накіп, рукапіс, поступ, дроб, насып, цень, пыл, боль, шынель, мазоль, палын, подпіс у беларускай мове мужчынскага роду, у рускай - жаночага; назоўнік гусь у беларускай мове жаночага роду, у рускай - мужчынскага;

  1. назоўнікі, у якіх ёсць адрозненне ў марфемнай будове: табака, туфля, жырафа, камода, пара, ухаба, цыкорыя, пратока ў беларускай мове жаночага роду, у рускай табак, туфель, жираф, комод, пар, ухаб, цикорий, проток - мужчынскага роду; яблык, капыт у беларускай мове мужчынскага роду, у рускай яблоко, копыто - ніякага роду; у беларускай мове жыццё, жніво, брыво ніякага роду, у рускай жизнь, жатва, бровь - жаночага роду. Назоўнікі - назвы маладых істот у беларускай мове адносяцца да ніякага роду: качаня, цяля, кацяня, парася, у рускай - да мужчынскага: утенок, котенок, теленок, поросенок.

Каб вызначыць род нескланяльных назоўнікаў іншамоўнага паходжання, пад увагу бярэцца значэнне слова. Да назоўнікаў мужчынскага роду адносяцца назоўнікі - назвы асоб мужчынскага полу і назвы жывых істот: спецыяльны аташэ, японскі мікада, маленькі калібры, ружовы фламінга, аўстралійскі кенгуру (назоўнікі івасі і цэцэ належаць да жаночага роду); да назоўнікаў жаночага роду - назвы асоб жаночага полу: пажылая ледзі, эфектная пані, прыгожая фрау; да назоўнікаў ніякага роду - назвы неадушаўлёных прадметаў: бясспрэчнае алібі, вішнёвае жэле, разнастайнае меню, светлае фае, кваліфікаванае журы, глыбокае дэкальтэ, цікавае інтэрв'ю. Род нескланяльных назоўнікаў - геаграфічных назваў вызначаецца па родзе агульнага назоўніка, якім можна замяніць уласнае імя: Токіо, Баку, Батумі (горад), Хакайда, Хансю (востраў) - мужчынскі род; Чылі, Перу (дзяржава), Місісіпі (рака), Кіліманджара (гара) - жаночы род; Антарыо (возера) - ніякі род.

Род нескланяльных складанаскарочаных назоўнікаў, як правіла, вызначаецца па апорным слове словазлучэння, з якога ўтварылася абрэвіятура: БелТА (Беларускае тэлеграфнае агенцтва), СП (сумеснае прадпрыемства) - ніякі род; ЭВМ (электронная вылічальная машына), ААН (Арганізацыя Аб'яднаных Нацый), ДАІ (Дзяржаўная аўтаінспекцыя) - жаночы род; СП (Саюз пісьменнікаў), РАНА (раённы аддзел народнай асветы) - мужчынскі род. Род скланяльных абрэвіятур, што заканчваюцца на зычны, вызначаецца не па сэнсе, а па структуры (нагадвае назоўнікі мужчынскага роду): ЛіМ («Літаратура і мастацтва»), БАМ (Байкала-Амурская магістраль) - мужчынскі род: у апошнім ЛіМе, на далёкім БАМе.

У сучаснай беларускай мове ёсць група назоўнікаў на -а(-я), якія ў залежнасці ад ужывання могуць абазначаць асоб мужчынскага і жаночага полу. Гэта так званыя назоўнікі агульнага роду: калега, сведка, гарэза, ціхоня, непаседа, малайчына, назола, плакса, соня, туляга, беларучка, задзіра і інш.: няўрымслівьі гарэза - няўрымслівая гарэза, такі малайчына - такая малайчына, вясёлы непаседа - вясёлая непаседа. Такіх назоўнікаў у беларускай мове каля сотні. Ім уласцівыя спецыфічныя суфіксы -с-, -он-, -іц-, -к-: плакса, ціхоня, п'яніца, няўдаліца, выскачка, задавака, калека, хвалько. У большасці выпадкаў назоўнікі агульнага роду маюць стылістычна зніжаную экспрэсіўную афарбоўку, ужываюцца для адмоўнай характарыстыкі асобы ў гутарковай мове і ў мове мастацкай літаратуры.

Катэгорыя роду ўласціва прыметнікам, род прыметнікаў залежыць ад назоўнікаў, якія яны паясняюць: зялёны лес, шырокае поле, далёкая дарога; некаторым лічэбнікам (адзін, адна, адно, два-дзве; тысяча – ж.р., мільён, мільярд – м.р.); займеннікам (у залежнасці ад таго, з якой часцінай мовы суадносяцца (ён, яна, яно – з назоўнікам, наш, наша – з прыметнікам; першы, першая, першае – з парадкавымі лічэбнікамі); спрагальным дзеясловам у прошлым часе адзіночнага ліку (прыйшоў, прыйшла, прыйшло); дзеепрыметнікам (зжатае поле, зжаты палетак, зжатая ніва).