Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:

25660-1

.pdf
Скачиваний:
21
Добавлен:
14.04.2015
Размер:
1.65 Mб
Скачать

ную, худую (чамусьці адразу ўсе жанчыны пашкадавалі маладую ўрачыху), і за абедам, зноў жа ў яе, Тасіным доме, пахвалілася, што гэта яна «выбіла» ім урачэбны пункт, хоць добрынцы не сумняваліся, што «выбіў» Астаповіч,— з таго часу Еўдакія Міронаўна прыязджала па два-тры разы на год; для абласнога работніка столькі ўвагі да сельскага пункта ўжо і занадта. Але інспектарку як нешта зрадніла з Рымай Сяргееўнай, можа агульнасць лёсаў: сама Бурмістрава была адзінокая і ў Рымы Сяргееўны пры яе нежаночай паставе і высокай патрабавальнасці было мала шанцаў выйсці замуж. Можа цётка Дуся, як яе называлі завочна, па-мацярынску шкадавала маладую ўрачыху, бо аднойчы сказала Таісе Міхайлаўне: бог даў Рыме талент урача, веды, душэўную дабрыню, але пашкадаваў, стары хрыч, жаноцкасці

выцягнуў лазіну трохі не двухметровую і не вылепіў па-боску ні твар, ні грудзі, ні бёдры.

Калі інспектарка часам даволі строга прабірала Рыму Сяргееўну за памылкі ў рабоце — а яны заўсёды бываюць! у каго іх няма? — Тасі здавалася, што бабуся проста пастарэла, цяжка ёй ездзіць у далёкія раёны, у глухія сёлы, таму і ездзіць так часта ў іх Добрынку: блізка, роўна, па асфальце, прымаюць сардэчна.

Пра гады свае Еўдакія Міронаўна не любіла гаварыць, але ўвесь час выстаўляла іх — планкай ордэнскіх калодак, якую насіла заўсёды, на любым касцюме і сукенцы. Ды і расказамі пра свой удзел у вайне пацвярджала, што даўно ўжо мае пенсійны ўзрост.

Інспекцыйныя свае абавязкі Бурмістрава выконвала шчыра. Правярала ўсю работу, не даравала прамашак, часам нават грубавата лаялася. Але і памагала шчыра: абавязкова гутарыла з усім медперсаналам, з веданнем расказвала пра новыя метады лячэння розных хвароб, пра новыя формы арганізацыі і абслугоўвання несельніцтва. Чытала лекцыі. Са смехам расказвала, што правяраючы неяк адну школу, яна пажадала пагутарыць з вучнямі старэйшых класаў, асобна

з дзяўчатамі, асобна — з хлопцамі. Загадчыца навучальнай часткі, старая настаўніца, паслухаўшы яе гутарку з хлопцамі дзевяці- і дзесяцікласнікамі, спалохалася да паўсмерці, напісала рапарт у райана. З рапарта таго смяяліся медыкі ўсёй вобласці.

Утую раніцу Бурмістрава пачала інспекцыю гутаркай з персаналам урачэбнага пункта. Два ўрачы (адзін зубны, па сумяшчэнні, фельчарыца, медсястра, дзве санітаркі — і ўся аўдыторыя. Але інспектар выступала, як перад вялікай залай. Прыйшоў загад міністра аб раннім выяўленні сардэчнасасудзістых захворванняў і аб прафілактычным лячэнні хворых на сэрца. Вялікая сістэма франтальных мерапрыемстваў, цэлы комплекс. Каб ён выконваўся, усе людзі былі б

здаровыя. Пасля многіх пастаноў, загадаў, адкрыцця новых лекаў было многа шуму, а хваробы застаюцца, і людзі паміраюць. Гэта, магчыма, адзінае, пра што падумала Таіса Міхайлаўна на лекцыі Еўдакіі Міронаўны. А больш не слухала. Не, слухала, але нічога не чула. Думала пра сваё. Разумела, што Бурмістрава бачыць, што яна не слухае яе, здзіўляецца: заўсёды акушэрка была такая ўважлівая! Але цяпер Таіса Міхайлаўна не магла перадужаць сябе, ды і абыякавая была да таго, што падумае пра яе інспектарка.

Скончыўшы дзелавую гутарку, Еўдакія Міронаўна спытала:

— Ты, Тася, сёння бытта плаваеш у аблоках. Што з табой? Пасля лекцыі Бурмістрава правярала ўрачэбную дакументацыю і

адразу выявіла непарадак. Нідзе — ні ў кнізе назначэнцаў, ні ў гісторыі хваробы — не запісвалася, што хвораму Шышкову зроблены нядаўна пазначаныя ўрачом ін'екцыі.

Рыма! — строга спытала Еўдакія Міронаўна.— Скажы ты мне, гэта вы лянуецеся пісаць ці лянуецеся працаваць?

Маніць Рыма Сяргееўна не ўмела. Нa твары яе выступілі фіялетавыя плямы. Яна вылаялася:

Чортава гультайка!

Словы гэтыя адносіліся да медсястры Лены. Але той не было ўжо на пункце — пайшла выконваць назначэнні, і Таіса Міхайлаўна, якая была ў пакоі, магла прыняць гэтыя словы на сябе.

З Ленай у Таісы Міхайлаўны адносіны былі складаныя. Яна займала пасаду фельчара і акушэркі, але акушэрскіх абавязкаў было мала — колькі тых родаў цяпер, колькі дзяцей! — і яна дзяліла з Ленай абавязкі медсястры. Натуральна, што за ёй, сталай жанчынай, сямейнай, Рыма Сяргееўна замацавала Добрынку, а Лене трэба было абслугоўваць далёкія сёлы і пасёлкі. Маладая, год назад скончыла вучылішча, але ленаватая і самаўпэўненая, Лена лічыла такое раздзяленне несправядлівым. Маўляў, у Батрачыхі муж шафёр, мог бы падвозіць жонку, а ёй, нябозе, часта прыходзіцца пехатой шлёпаць па гразі ў непагадзь, абутку больш падзярэш, чым таго заробку. Ды, вядома, Батракі багатыя, у госці ўрача запрашаюць, частуюць... А калі Таіса Міхайлаўна адмовілася рабіць уколы Шышку, які жыў на яе ўчастку, і Рыма Сяргееўна даручыла гэта Лене, тая зусім надзьмулася. З-за эгаізму, ляноты ці дурноты яна нічога не хацела ведаць, нічога не хацела разумець, акрамя сябе, дакладна ўлічвала толькі сваю працу. Напрыклад, Тасіны абавязкі старшай сястры — загадванне аптэкай, паездкі па лекі, па інструменты, бялізну, іншыя гаспадарчыя клопаты

— Лена ўвогуле не лічыла за работу. Падумаеш, з'ездзіць у горад на

машыне з мужам, часта дырэктар і легкавушку дае! Ёй бы такая работа!

Але цяпер, можа ўпершыню, Таіса Міхайлаўна не асудзіла Лену, што тая не выконвала назначэнні Шышку. Можa яна не зрабіла не з- за ляноты, а з-за агіды да паліцая, з-за пратэсту супраць яго.

Бурмістрава абуралася:

Міністр выдае загады. Уся медыцына ўзнята на барацьбу з сардэчнымі захворваннямі. А вы забываеце сардэчніку рабіць уколы!

Папракнула і яе, Таісу: — А ты, фельчар, што глядзіш? Вопытная работніца! Лена ваша гультайка — сама зрабі. Ох, даўно я цябе ганяла!

Таіса Міхайлаўна ўспыхнула. Рыма пачала яе абараняць:

Тут, Еўдакія Міронаўна, такі выпадак...

Таісе Міхайлаўне не захацелася слухаць Рыміны тлумачэнні. Выйшла ў другі пакой. Але яе не пакідала адчуванне, што гэта не Лена, а яна падвяла свайго ўрача. Яна першая адмовілася лячыць паліцая. Сабраўшыся на працэдуры, яна вырашыла не мінуць на гэты раз і Шышку. «Чорт з ім, з гэтым гадам! Няхай на хваробу яму будзе гэтая ін'екцыя!»

Ішоў густы сухі снег. Ад такога сухога снегу не пратаптаная яшчэ сцежка паўз хаты не была слізкая. Але Таісе Міхайлаўне яна здалася вельмі слізкай. Ці не ад таго, што ногі яе зрабіліся алавянымі і не неслі ўперад, а як бы цягнулі назад? І ў галаве шумела. Са страхам, якога ніколі не адчувала перад хваробамі, яна думала: хоць бы не загрыпаваць. Быццам грып мог перашкодзіць ёй зрабіць нешта вельмі важнае ў жыцці.

Учамаданчыку звінелі банькі. Трэба будзе паставіць банькі Сернікавай Веры і зрабіць ін'екцыю біяміцыну Даніленкавай унучцы. Заўсёды яна пачынала з дзяцей. Але цяпер прайшла міма Вользінай хаты. Хацелася выканаць хутчэй гэтую, самую цяжкую з усіх працэдур, якія ёй прыйшлося рабіць за дваццаць гадоў работы.

Старалася не думаць пра Шышку, Думала пра іншых людзей — пра добрых. З ласкавасцю падумала пра Бурмістраву. Цікавая цётка.

Ідобрая, і строгая. Трэба будзе на абедзе спытаць: завошта яна так палюбіла Рыму? Як дачку. Раптам прыгадаўся даўні расказ Еўдакіі Міронаўны.

Увайну Бурмістрава рабіла сястрой у франтавым шпіталі. Палкоўніку, начальніку палітаддзела арміі, з цяжкім крупозным запаленнем лёгкіх былі назначаны ўрачом глюкоза ўнутрывенна і страфантын. Урач напісаў: страфантыні 5-6 к. Урач меў на ўвазе пяць-шэсць кропель: у той час страфантын быў у флаконах, а не ў

ампулах, як цяпер. Дуся прачытала: пяць-шэсць кубікаў. Палкоўнік памёр — не паспела яна выйсці з палаты. Урача — на перадавую, яе

— на перадавую, санітаркай у штрафную роту. «Во як, мілыя мае, трэба думаць над кожнай працэдурай, якую вы робіце,— гаварыла тады Еўдакія Міронаўна.— Шчасце маё: штрафнікі мяне палюбілі, ахоўвалі, раненую вынеслі. Крывёю я змыла сваю віну. А пасля так ваявала, што вось бачыце...» — і пагладзіла ордэнскую планку, яна часта яе ласкава гладзіла, і Таісу Міхайлаўну гэта заўсёды чамусьці кранала.

Прыгадала гэта і ажно спынілася пасярод вуліцы, ашаломленая нечаканай страшнай думкай: «А што, калі і мне памыліцца? Яму назначаны тая ж глюкоза і той жа страфантын». І адчула, што ногі зусім самлелі і цела абмякла, аблітае халодным потам. Галава кружыцца. «Божа, пра што я думаю? Трэба вярнуцца і сказаць Рыме, што я захварэла. Гэта грып. Як недарэчна. Да вяселля Валю трэба рыхтаваць».

Але праз момант заспакоіла сябе: у чамаданчыку ў яе толькі адна ампула страфантыну, якая нікога не заб'е, толькі паможа хвораму сэрцу.

Калі ўзялася за клямку Шышкавай брамкі, зноў абліў халодны пот і падэшвы ботаў прыліплі да свежага снегу, як да расплаўленага бітуму, але яна заспакоіла сябе тым, чаго яшчэ колькі хвілін назад баялася: «Нічога, гэта ад грыпу, ад яго такая слабасць».

І ўсё роўна як баючыся, што грып зваліць яе зусім, тут жа, на вуліцы, хутка адчыніла брамку, новую, да прыезду Шышкі яе зусім не было, уваход у двор загароджваўся жэрдачкай. Праз нізкія дзверы нават ёй, невысокай, трэба было нахіліцца, без стуку прашмыгнула ў хацінку. І захапіла гаспадароў знянацку.

Шышка, мажны, плячысты, у ватніку і валёнках сядзеў ля парога, перад печчу, на калодзе, і калоў сякерай смалісты цурбан на тонкую лучыну. Таіса Міхайлаўна, аслепленая паўзмрокам, трохі не спатыкнулася на яго. Разгубілася. Не павіталася. Праўда, і ў іншай сітуацыі яна наўрад ці стала б жадаць «добрага дня» ў гэтую хату.

Шышка, крэкчучы, падняўся з калоды і прыціснуў руку да сэрца, паскардзіўся:

— Толькі нагнуўся — і ўжо закалола,— і, перахрысціўшыся, сказаў, пэўна, з бібліі: — Истощилась в печали жизнь моя...

Ды на хворага ён не быў падобны. Але яшчэ больш выразна стан яго выдаў ложак. Ён не быў засланы. Але на ім ляжала непамечаная гара падушак. Іншага месца ў гэтай маленькай хаціне, акрамя ложка і печы, для падушак не было. Ганна, ідучы рана на работу ў лясніцтва,

склала падушкі на ложак, узбіўшы іх, і яны не кранутыя з таго часу, а скора поўдзень. Значыцца, не было ў Шышкі патрэбы ляжаць.

Старой адразу не ўбачыла. Толькі наблізіўшыся да стала, каб пакласці на яго свой медыцынскі чамаданчык, адчыніць яго і ўзяць неабходнае для ін'екцыі, Таіса Міхайлаўна ўбачыла Марыну і скаланулася ад яе выгляду. У дзіўнай паставе, за сталом, у самым куце, пад абразамі, сядзела маленькая, згорбленая, бяззубая, сівая і бледная бабулька, яе сухія ручкі ляжалі на белым настольніку, яна варушыла вузлаватымі пальцамі, як бы хацела сціснуць іх у кулакі і не магла сціснуць. Тася даўно не бачыла яе і бадай жахнулася, што Марына так змянілася за апошні час. «Не соладка табе, відаць, з гэтым гадам».

Марына глядзела на Таісу Міхайлаўну шырока расплюшчанымі вачамі, і ў іх бачыўся выразны страх. Ад чаго? Ад яе, Тасінага, неспадзяванага для іх з'яўлення? Ці ад размовы, якую яны вялі да яе прыходу? Можа ад думкі, што яна магла пачуць пад дзвярамі іх размову? Каб не маўчаць, Тася сказала, вяртаючыся да Марыны:

— Снег дабрэнны пайшоў.

Старая ўстрапянулася, яўна ўзрадавалася яе голасу і гэтым простым словам, якія ўвогуле нічога не значылі, а для яе напэўна нешта значылі, падтрымала размову:

Старыя кажуць, добрая прыкмета, калі на Міколу снег ідзе, на ўраджай ета.

Ураджай цяпер ад хіміі.

Без бога ніякая хімія не паможа,— адгукнуўся Шышка, крэкчучы і стогнучы; за спіной у фельчарыцы ён распранаў ватоўку, закасваў рукаў сарочкі.

Але Таіса Міхайлаўна патыліцай бачыла, як пільна, цераз яе плячо, паліцай сочыць за тым, як яна ломіць ампулы з глюкозай, са страфанцінам, набірае ў шпрыц. Чуючы, як Шышка сочыць, яна сказала:

Уключыце святло.

Шышка ажно з палёгкай уздыхнуў, калі хату ярка асвятліла лямпачка, што вісела пад нізкай столлю. І зусім спакойна заваліўся на гару даччыных падушак. Перавязваючы яму жгутом руку, каб знайсці вену, Таіса Міхайлаўна ажно здзівілася, якія моцныя ў яго мускулы, якая гладкая і маладая скура: рэдка ў людзей яго ўзросту яна бачыла такія рукі. І ёй раптам да болю стала шкада Марыны: вунь хто сапраўды адпакутваў, таму і зрабілася, што мошчы.

Калі павярнулася да стала, каб узяць шпрыц, Марына, падняўшыся, раптам сказала ціха, здавалася, абыякава:

— Не калі ты яго, дзетка. Здаровы ён, як бугай. Ета ён Хведзьку! Ён! Усю ноч майстраваў... А пад ранне... А пад ранне... пайшоў...

куды пайшоў?!.

Апошнія яе словы заглушыў звярыны крык Шышкі: усё змяшалася ў гэтым крыку — стогн, выццё, брудная лаянка.

Паліцай падхапіўся з ложка, кінуўся да печы, схапіў сякеру. Ды не паспеў ён замахнуцца, як да яго кінулася Таіса Міхайлаўна і...

выхапіла з рук яго сякеру...

Прыйшоўшы дадому, дзе Валя паводзіла ідэальны парадак, верачы, што нарэшце маці згодзіцца, каб яны прыйшлі з Сашам і адбыліся іх заручыны, Таіса Міхайлаўна нічога не сказала дачцэ, толькі папрасіла яе схадзіць па машынны двор паклікаць бацьку.

Валя пырхнула матыльком.

Застаўшыся адна, Тася вырашыла перш-наперш сабраць бялізну, каб усё было гатова, калі па яе прыедуць. Адчыніла шафу, паглядзела на свой набытак, на паліто, плацці, футры, і тут ёй захацелася плакаць. Узлавалася на сябе за такую слязлівасць і нічога не стала збіраць. Перададуць, што можна! Толькі надзела цёмна-сіні касцюм, у якім звычайна ездзіла на нарады, хадзіла на сесіі сельсавета, абула чорныя чаравікі, уключыла тэлевізар і села перад ім, як госця ў сваім доме. Паказвалі нейкі фільм, але ўнікнуць у яго змест яна не магла.

За акном гусцеў снег. Гэта быў снег жыцця — будучага ўраджаю. Але, гэта было жыццё, і яна адчула яго з новай, бадай невядомай дагэтуль сілай і думала пра ўраджай, пра дзяцей, пра здароўе. Радавалася, што ніякага грыпу ў яе няма. Ногі больш не здаваліся алавянымі. І галава светлая. Добрымі цёплымі хвалямі падступалі сіла, бадзёрасць і... спакой. Гэта радавала больш за ўсё — што знік страх, з якім яна жыла апошнія дні, пасля аварыі,— страх за Івана, за дзяцей. Цяпер яна нічога не баялася. Ад таго, што здарылася так нечакана — не паспела яна і падумаць — але, безумоўна, непазбежна, бо толькі так магла яна засланіць старую, сябе, Івана, дзяцей,— ад таго засталося адчуванне забруджанасці рук. Колькі ні мыла рукі на ўрачэбным пункце... спіртам мыла — не адмыла. Напэўна, праз гэта не хацелася ні да чаго дакранацца тут, у сваім доме. Рукі ляжалі на каленях, як чужыя.

Думала яна пра рознае — неяк пра ўсё адразу. Толькі асобна вырывалася думка аб непазбежнасці таго, што зрабіла. Каб застаўся Іванаў боль, боль яго памяці, страшна падумаць, што было б з ім. Яна павінна была ўзяць яго боль! Цяпер у Івана будзе другі боль — за яе. Але ад гэтага болю ёй будзе спакойна, дзе б яна ні знаходзілася.

Аднаго Таіса Міхайлаўна з баязлівай нецярплівасцю хацела: каб Іван прыйшоў хутчэй, чым па яе прыедуць. Дарэмна яна так спакойна сказала Валі паклікаць яго, гэтая закаханая каза паскача, чаго добрага, міма канторы, а там сустрэне свайго Сашу і забудзецца на ўсё. А яшчэ ёй хацелася, каб дзяцей не было ў хаце, калі яе будуць забіраць. Каб быў адзін Іван.

Івану пазваніў Астаповіч раней, чым да яго прыйшла дачка.

Бяжы дадому, жонка твая, брат, такое ўтварыла...— Але не сказаў — што, бо не мог знайсці слова, як назваць яе ўчынак. Няшчасцем? Бядой? Для каго? Сам Астаповіч да сардэчнага прыступу быў ашаломлены паведамленнем доктаркі і смактаў валідол.

Іван бег праз гароды — як толькі не разарвалася сэрца. Ускочыў

ухату, убачыў жонку ў крэсле перад тэлевізарам і... аслупянеў. Ці не жарт? Але ж — сам Астаповіч! Хіба ён будзе так жартаваць? А яна паднялася, стаяла на высокіх абцасах, прыгожая, як у маладосці, ласкава ўсміхалася яму.

Чаго ты такі спалоханы, Ваня? А я... я, знаеш, якая? Як тыя салдаты, што прыйшлі ў Берлін. Я скончыла яе, вайну... яна вярнулася была да нас... да цябе... да дзяцей...

Івана здзівілі і спалохалі яе незвычайныя, як у вершах, словы. Ён здагадаўся, што яна зрабіла. Тася падышла да яго, абняла і сказала зусім проста, па-бабску:

Ты ж не забудзеш мяне, Ваня.

Што ты гаворыш, Тася! Родная мая!

І Забаўскаму скажы... Каб ён Валечку не пакрыўдзіў. Ён добры. Ён разумны. Няхай пажэняцца скарэй.

Ад гэтых слоў Іван заплакаў.

Таіса пагладзіла яго па галаве, як малога. І адразу пачула, што рукі яе сталі чыстыя. Яна ўсміхнулася. Сумна і радасна.

©OCR: Камунікат.org, 2013

©Інтэрнэт-версія: Камунікат.org, 2013

©PDF: Камунікат.org, 2013

Шамякін І.

Вазьму твой боль: Раман: — Мн.: Маст. літ., 1982,— 342 с.

Новы раман народнага пісьменніка Беларусі Івана Шамякіна «Вазьму твой боль» — твор аб нашых сучасніках, аб людзях сённяшняй вёскі. У цэнтры аўтарскай увагі расказ пра лёс таго пакалення беларусаў, якое ў час вайны было дзецьмі і якое яна асіраціла. Але і дагэтуль ваенная трагедыя адгукаецца ў жыцці людзей і нярэдка ломіць іх шчасце, як вось зламала, разбіла яна шчасце Івана Батрака, галоўнага героя рамана.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]