25660-1
.pdf—Толькі ты еш. Чай пі. Я заварыла, як ты любіш. Што дзёгаць. У печы чайнік. Каб не астыў. Занесці ім чаго, дзецям?
—Не трэба. Не малыя. І... не сіраты.
Словы гэтыя — «не сіраты» — нарадзілі ў яе новую трывогу, новы неспакой. Але Шчэрбавы дзеці яе расчаравалі. Не малыя. Старэйшая дачка ўжо на ферме робіць, самы малодшы ў чацвёртым класе. Дзеці, глядзелі тэлевізар, нейкі фільм, як бы не разумеючы, што адбылося. Нават не спыталі ў яе, у якім стане бацьку павезлі ў бальніцу.
Таісе Міхайлаўне заўсёды не падабалася, што Люба настройвала дзяцей супраць бацькі. Казала самой Любе і Тамары, старэйшай Шчэрбавай, што так нельга, бацька ёсць бацька. З Іванам неаднойчы гаварыла пра гэта. Цяпер таксама падумала, што нядобра Люба рабіла. У Хведара была слабасць, бадай што хвароба. Але колькі было душэўнай дабрыні, чуласці!
Спакой Шчэрбавых дзяцей яшчэ больш узмацніў яе ўласны неспакой. Яна пайшла на ўрачэбны пункт. Нягледзячы на позні час, Ліпская была там. Напэўна, чакала яе. Рыма Сяргееўна, да педантычнасці акуратная і адданая сваёй прафесіі, патрабавала, каб кожны з іх, падначаленых, дакладваў аб усіх сур'ёзных хворых. Аб такой аварыі, аб такім раненні рабочага яна павінна пачуць ад таго, хто аказваў Шчэрбе першую дапамогу.
Яны доўга званілі ў бальніцу. Але нікога са знаёмых урачоў, хто мог бы паведаміць аб стане раненага падрабязна, не знайшлі, а незнаёмы дзяжурны ардынатар адказаў коратка, шаблонна: «Хвораму зрабілі аперацыю. Адчуванне нармальнае».
Разумей як хочаш. Абураліся з-за гэтай чыноўніцкай казёншчыны; яны, сельскія медыкі, ніколі так не адказваюць, у іх хапае часу і цярпення растлумачыць людзям па-чалавечы аб іх блізкіх.
Снежаньскі дзень кароткі. Пакуль сядзелі ў паўзмроку кабінета ўрача з белай шафай, з белай канапай, пад снежнай беллю за акном, Таіса Міхайлаўна, захопленая размовай, ні аб чым не думала, нават перажытае ў сувязі з аварыяй на нейкі час адышло, перастала балець. А ўключыла Рыма Сяргееўна лямпу — ад святла ў пакоі пачарнела за акном, нібы адразу наступіла глыбокая ноч,— і Таісу раптам апанаваў страх: бліснула думка, што калі бандзюга той, фашыст, не забіў Івана ў машыне, то ён будзе шукаць магчымасці забіць яго іншым чынам.
Яна наспех развіталася з урачом і, абы-як завязаўшы хустку, кінулася дадому.
Сяло жыло яшчэ шумным вячэрнім жыццём. Крычалі і смяяліся на коўзанцы дзеці, стаялі ля водаправодных калонак жанчыны — каб пагаварыць пра навіну дня, рыкалі ў дварах каровы, чакаючы ад
гаспадынь пойла, палілася ў печах, мірна і смачна пахла дымам, салам і дранікамі. А ў Таісы Міхайлаўны ўсё роўна рос страх, і яна, калі не відно было блізка людзей, бегла, задыхаючыся ад такой хады, ад боязі, што нехта можа спыніць яе, як спыняюць часта.
Яшчэ больш спалохалася, калі ўбачыла, што ў зале іх дома цёмна, толькі на кухні гарыць святло. Ускочыла апантана ў дом, адразу ўключыла святло. Здзівілася, што Іван сядзіць там жа — са непрыбраным сталом, перад шклянкай чаю. Яна яго таксама здзівіла такім сваім выглядам, задыханасцю.
—Ты чаго?
—А ты... ты ўсё сядзіш?
—Не знаю... пайшла нейкая бяздумнасць... зморанасць,— вінавата ўсміхнуўся ён.— Можа, я задрамаў. Не помню.
—Табе нездаровіцца?
—Ды не, нічога.
Тася памацала рукой яго лоб, але рукі былі халодныя, таму не паверыла ім, прыпала да лба вуснамі. Так яна амаль беспамылкова вызначала тэмпературу ў сваіх дзяцей, калі тыя былі малыя.
—Ты лёг бы.
—Не, не буду лажыцца. Цяпер я магу заснуць. А потым прачнуся пасярод ночы... Цяжка мне, бяссонніца. Чортведама што лезе ў галаву.
Таіса хутка распранулася і раптам, на здзіўленне мужу, пачала засланяць вокны, адно — Карнеевай чарцёжнай паперай, другое — коўдрай.
—Нашто гэта ты?
—Гад гэты трыццаць гадоў жыў з адпетымі бандзюгамі. Такія што хочаш могуць зрабіць. Прыязджаюць да яго «святыя»...
—Людзі здзівяцца.
—Няхай здзіўляюцца.
Іван перасмыкнуў плячамі. Пярэчыць яму не хацелася. Яму нічога не хацелася ў той вечар.
А пасля Таісу Міхайлаўну апанаваў новы страх — што няма дома Карнея, загуляў пазней звычайнага, цяпер ён больш сядзіць дома — канчаецца паўгоддзе, многа школьных заданняў.
— Пайду пашукаю Карнея.
Цяпер Іван разумеў яе, матчын, страх і не вельмі рашуча паспрабаваў адгаварыць:
—Што ты будзеш яго шукаць, як малога! Нялоўка хлопцу будзе.
—Ад чаго няёмка? Што маці шукае? Пайду. Толькі ты зачыніся,
япрашу цябе.
— Добра,— згадзіўся Іван.
Але яна пастаяла на ганку, трывожна ўслухоўваючыся ўжо бадай у начную цішыню сяла, не дачакаўшыся, калі Іван выйдзе ў сенцы, каб зачыніць дзверы, вярнулася, сказала:
—Я з двара зачыню цябе. Тады ён запярэчыў рашуча:
—Якую дурату ты ўбіла сабе ў галаву! Сорамна перад людзьмі будзе, калі хто прыйдзе... Забаўскі хацеў прыйсці. Можа сам Астаповіч прыйдзе.
Усё-такі яна настаяла, каб Іван зачыніўся: не адышла, пакуль не пачула, як ён ляпнуў засаўкай.
Таіса Міхайлаўна аббегла паўсяла — па Карнеевых аднакласніках. Адных не было дома, другія не зналі, дзе Карней. А страх яе рос, ажно пакуль адна вучаніца не сказала, што хлопцы пайшлі на пасёлак Вербны праведаць хворага таварыша. Вербны быў за шашой, за лесам, кіламетры за тры ад Добрынкі. Ісці туды трэба па лясной дарозе. Не сказаць, што яна была задужа смелая, у звычайных абставінах ісці такой дарогай уначы пабаялася б. Але цяпер не думала пра сябе, кінулася ў цемру, у лес. Ды на шашы ўсё ж спыніла яе думка, што Карнею сапраўды будзе няёмка перад сябрамі, смяяцца пачнуць, што маці шукае яго ажно ў Вербным.
Спынілася пад соснамі насупраць дома раманцёра. Праз вокны падалі на шашу палосы ўтульнага, добрага святла; каля варот стаялі два грузавікі — як звычайна, начавалі шафёры далёкіх перавозак. Часам зімой яны начавалі ў іх доме; Іван разумеў нялёгкі лёс «міжгароднікаў», сам ездзіў у далёкія рэйсы, таму запрашаў да сябе на начлег. І яна ніколі не баялася чужых людзей. І ўсе людзі нічога не баяцца, шафёры гэтыя едуць за тысячы кіламетраў, з каштоўным грузам начуюць, дзе застае ноч, наступае стомленасць. А цяпер яна баіцца. Цяпер яна не пусціла б незнаёмага, няхай і з машынай. І гэта не мніцельнасць. Не. Яна адчувае рэальную небяспеку — Івану, Карнею, ёй самой. Падумала пра Валю — і за Валю ёй таксама стала страшна. Колькі ж можна жыць з такім страхам?
Замерзлі ногі, і ўся яна акалела, бо апранулася не вельмі цёпла, спадзявалася, што знойдзе Карнея ў суседзяў. Але пайсці дадому, не дачакаўшыся сына, не магла. Толькі калі пачула ў лесе вясёлыя галасы хлопцаў, пазнала Карнееў голас, узрадавалася. Але ўсё роўна не пайшла назад у сяло, каб яе не ўбачылі тут. На шашы, у паласе святла з раманцёравых вокнаў, дачакалася хлопцаў.
Карней здзівіўся:
—Мама?
Яна зманіла:
— Дзіця ў Варывончыхі захварэла.
Усіх гэтых хлопцаў яна прымала, калі яны нараджаліся, лячыла малых. Для іх такое тлумачэнне было праўдападобнае, звычайнае. І праз хвіліну яны забыліся на яе, занятыя спрэчкай пра метад стыкоўкі касмічнага карабля і станцыі, колькі дзён назад адбылася такая стыкоўка, на арбіце працавала навуковая станцыя з касманаўтамі.
Яна ішла следам за хлопцамі, рослымі, разумнымі, упэўненымі, у якіх не было і не павінна быць ніякіх страхаў, і ёй раптам захацелася заплакаць, ад чаго — сама не разумела.
Капітан Драмака, пачуўшы ля машыны нервовы крык Таісы Міхайлаўцы, ведаючы лепш, чым хто з раённых работнікаў, сітуацыю ў сувязі са зваротам былога паліцая, паверыў, што магла быць дыверсія. І таму падняў на ногі ўсе органы: пракурора, міліцыю, экспертаў ДАІ. Ніводная машына з тых, што траплялі ў аварыю, не абследавалася так, як гэтая. Аварыя сапраўды была загадкавая. Эксперты, якія шмат ведалі і нямала чыталі пра самыя нечаканыя, неверагодныя катастрофы і мала чаму здзіўляліся, паціскалі плячамі. Работу іх ускладняў кювет з вадой: нешта магло апынуцца там, у вадзе. Каўшом экскаватара вычарпалі з кювета пласт зямлі і перагрэблі яе, халодную, якая тут жа замярзала (мароз мацнеў), рукамі. Сам Драмака пераграбаў.
Знайшлі аплаўленую медную пласцінку са слядамі прыпайкі дроцікаў і школьную падкоўку-магніт — з тых рэчаў, што не былі дэталямі машыны. Драмака прыдаў ім значэнне, хоць іншыя эксперты, людзі не менш вопытныя, скептычна ўхмыляліся. Чаго не бывае ў кюветах ля бойкай шашы! Ды яшчэ ў такім лясным месцы, дзе ў летні час, калі было суха, спыняліся сотні машын і на кароткі адпачынак, і на начлег. Пласцінка гэтая магла праваляцца, утаптаная ў зямлю, гадамі. А падкоўка яўна была старая — іржавая і, галоўнае, размагнічаная, не трымалася на жалезе. Аднак Драмака, як вялікія каштоўнасці, з перасцярогай паслаў гэтыя рэчы ў рэспубліканскую лабараторыю.
Але больш, чым лабараторыям, ён верыў паказанням людзей. Верыў у мудрасць старога сялянскага жарту: выйдзі ў самую цёмную ноч са сваёй хаты, пакажы ў прастору кукіш — і раніцой абавязкова знойдзецца чалавек, які спытае, каму ты паказваў кукіш. У сяле існуюць загадкавыя законы начнога жыцця і не бывае тайны, якая не стала б яўнай. Таму Драмака нікога не дапытваў, а проста даверліва гутарыў з самымі рознымі людзьмі — з вартаўнікамі, шафёрамі, з маладымі, што позна гулялі, са школьнікамі, якія па наіўнасці могуць
перадаць падслуханую хатнюю размову. Важна ведаць усе размовы, на гэты конт. Капітан ведаў, што часта зусім выпадкова сказанае, чаму расказчык і значэння не надае, можа даць разумнаму следчаму тую нітачку, за якую размотваюць клубок злачынства.
Іншыя следчыя працавалі афіцыйна. Івана дапытвала прыгожая маладзіца з поўнымі грудзьмі; адразу відно — корміць малое, думае пра яго, таму не надта ўважлівая, паспешлівая. У Івана да яе з'явіўся недавер: што такая можа даследаваць? Але калі яна даведалася, што ён у той жа дзень, за колькі гадзін да аварыі, здаў сваю машыну, у следчай загарэліся вочы, можа ёй здалося, што яна адна зрабіла адкрыццё. Пачала настойліва дапытвацца, чаму ён раптам адмовіўся ад рэйса.
—Я не ў рэйс не пайшоў. Я здаў насаўсім.
—Чаму?
—Доўга расказваць. Ды і цяжка вам будзе паняць.
—Аб гэтым не турбуйцеся. Дык чаму вы здалі машыну?
—Пагана сябе пачуў.
—Што значыцца пагана?
—Галава кружылася.
—Ад чаго?
—Не знаю. Я не доктар. У вас хіба не бывае, што кружыцца
галава?
—Батрак! Пытанні задаю я. Вы папіваеце?
—Вы так пра ўсіх мужчын думаеце? У вас што — муж папівае? Следчая ўзлавалася.
—Я вас папярэджваю, грамадзянін Батрак. Пытанні задаю я. Некалі пракурорава «грамадзянін» Івана абурыла, а з вуснаў
гэтай дамачкі нічога — нават пацешыла.
—Я ўсё гавару, як было.
—Вот і скажыце: чаму вы здалі машыну?
Але Іван раптам успомніў Хведара Шчэрбу, успомніў: раніцой пазванілі, што яму стала горш. У бальніцу разам з Любай паехала Тася. Яму забалела, і ён узлаваўся на неразумную падазронасць гэтай прыгожай жанчыны, маці.
—Што ж вы думаеце, я міну падлажыў пад сваю машыну? Следчая, здаецца, упершыню збянтэжылася.
—Не, я так не думаю. Але следству трэба знаць, чаму вы здалі машыну.
—Бывае такое, калі чалавек не можа сесці за руль.
—Колькі гадоў вы водзіце машыну?
—Дваццаць.
—Раней быў такі стан?
—Не. Толькі калі радыкуліт скруціў, тады перадаў машыну другому вадзіцелю. Ці калі ў санаторыі быў. Машыны ў нас не стаяць.
Добра, што Іван не ведаў, што дапытвала яго жонка пракурора,
ато напэўна раздражняўся б яшчэ больш. І ставіўся б з недаверам, хоць і так падумаў, што не жаночая гэта работа быць следчым, няхай бы жанчына ехала карміць малое, бо яўна ж думае пра сваё дзіцятка, ды і грудзі, відно, набрынялі, баляць.
У той жа момант у канторы саўгаса знаходзіўся і сам Міхалеўскі. Але ён пачаў свой візіт з размовы з Астаповічам. Пракурору падабаліся разважлівасць і асцярожнасць старога дырэктара, яго сумненні наконт дыверсіі. Ні допыт вартаўніка старога Мацвея Рапяха, які кляўся, што за ўсю ноч не заплюшчыў вачэй, хоць добрынцы ў гэта не верылі, ні сабака, што абнюхаў машынны двор, усю дарогу і задворкі Шышкавай сядзібы, ніякіх вынікаў не далі. Міхалеўскі не даў дазволу на вобыск у Шышковіча, чаго хацеў Драмака. Сумненні Астаповіча ўзбадзёрылі пракурора. Ён лічыў свой метад самым правільным: не спяшацца, не фарсіраваць, не наламаць дроў.
Выйшаўшы ад Астаповіча, Міхалеўскі спыніўся ў калідоры, бо за дзвярамі кабінета старшыні рабачкома пачуў жончын голас. Паслухаў, як яна вядзе допыт. Пазнаў голас Батрака. Пра яго яны гаварылі з дырэктарам, з Драмакам, ён адчуваў сябе як бы вінаватым перад гэтым чалавекам, і таму яму не падабаліся жончыны пытанні, яе залішне афіцыйны, як кажуць, «пракурорскі» тон. Не разумее Лена, з кім гаворыць.
Леанід Аркадзьевіч не стрымаўся. Увайшоў без стуку. Алена Макараўна не знала, што муж тут, таму спалохалася, падумала пра сына.
Леанід Аркадзьевіч мякка сказаў жонцы:
—Не трэба, Лена, так,— і да Батрака:— Прабачце, Іван Карнеевіч. Можаце ісці працаваць. З вамі пагаворыць Драмака.
З капітанам Іван паўдня шукаў у згарэлай машыне старонні прадмет і разграбаў вычарпаную з кювета зямлю. Тады яны пагаварылі, як добрыя старыя сябры,— пра ўсё істотнае і неістотнае.
Як ні дзіўна, Івану таксама, на другі дзень, пасля цвярозай мужчынскай развагі, не так ужо верылася ў дыверсію, як пасля Тасіных роспачлівых слоў, яе вячэрняга страху. Страх яе не змяншаўся, ён, бадай, рос. Івана гэта пачало непакоіць. Увечары Тася прыйшла ў майстэрню. Ён зразумеў, прыйшла, каб весці яго дадому, баялася, што ён адзін будзе ісці па загароддзі, паўз сасняк ля фермы і праз алешнік ля раўчака...
У той жа вечар Тася спытала ў Івана, калі ён расказваў пра следства:
—Яго арыштуюць, гада гэтага? — у яе не было і кроплі сумнення, што машыну ўзарваў Шышка.
—Не так гэта проста. У яго — алібі,— магчыма, Іван не дакладна разумеў сэнс гэтага слова. Тася не разумела яго зусім, бо ніколі не мела справы ні са злачынствамі, ні з судамі.
—А што гэта?
—Алібі — калі той, каго падазраюць, даказвае, што ён у гэты час не быў на месцы злачынства,— растлумачыў Карней, які нярэдка здзіўляў бацькоў сваімі ведамі.
Тлумачэнне Карнеева чамусьці ўзлавала Таісу Міхайлаўну. Не, бадай, узлавала яе тое, што бацька і сын абмяркоўвалі падзею спакойна, як нешта старонняе, што асабіста іх мала тычыцца. Іван, безумоўна, так не думаў, але з сынам гаварыў з мужчынскай разважлівасцю і спакоем: навошта хлопцу наганяць падазронасць і страх? Даволі іх у маці. Не хапала яшчэ, каб і яны панікавалі.
—Дурні вы! І следчыя вашы дурні! — гнеўна сказала яна і паправіла аркуш чарцёжнай паперы, якім засланяла акно і які нехта з іх, бацька ці сын, мабыць, знарок адсланіў.
Раніцой наступнага дня ашаламіла вестка, што Хведар Шчэрба памёр. Гэта было неспадзявана. Напярэдадні, калі яны з Любай былі ў бальніцы, Хведар яшчэ спрабаваў жартаваць, і Таіса Міхайлаўна з радасцю заключыла, што самае страшнае прайшло, ды і ўрач сказаў, што крызісны стан мінуў. Толькі Люба, скупая на ласкавае слова і на слязу, раптам заплакала ў машыне: «Памрэ Хведзька».
Вестку ў дом Батракоў таксама прынесла Люба. На світанні зімовага дня, калі яшчэ былі дома Іван і Карней, увайшла без «добрай раніцы», у чорнай хустцы, з пачарнелым тварам, простая і суровая, як манумент, застыла ля парога.
Люба маўчала, а Таіса Міхайлаўна раптам заплакала. Гучна, страшна, роспачліва. Быццам страціла самага блізкага чалавека. Калі бацьку тры гады назад хавала, так не плакала. Села ля стала, закрыла твар рукамі і плечы яе сутаргава трэсліся. Ажно Люба разгубілася і пачала супакойваць, так звычайна суседзі супакойваюць аўдавелых жонак, асірацелых матак:
—Ну годзе табе, годзе. Не вернеш.
Карней таксама разгубіўся, бо ніколі не бачыў, каб маці так плакала. Іван паіў яе валяр'янкай. Івану было асабліва цяжка, ён усё яшчэ адчуваў сваю віну, што перадаў машыну Хведару. Але яго пачуцці выявіліся інакш, па-мужчынску: ён змоўк і за два дні не сказаў
двух дзесяткаў слоў — хіба толькі пра тое, што датычылася пахавання. Калі труну з целам Хведара прывезлі і знялі века і ён убачыў сябра, на твары якога як бы застыла здзіўленне, то закрыў вочы шапкай і так стаяў колькі хвілін.
На пахаванне прыйшло ўсё сяло, нямала людзей прыехала з іншых брыгад. Хведара любілі. Часам лаялі за бязладнасць, аднак усе любілі за весялосць, за бяскрыўднасць — нікога не пакрыўдзіў ні п'я- ны, ні цвярозы, за бескарыслівасць, акрамя чаркі гарэлкі, іншай выгады чалавек не шукаў і не хацеў І памагчы людзям умеў — і справай, і словам.
Жанчыны плакалі. Таіса Міхайлаўна таксама плакала, але ўжо не так, як у тую раніцу. А Люба слязінкі не выраніла. Як акамянела. Старыя бабы раілі ёй:
— Пагаласі, галубачка мая. Пагаласі. Лягчэй на душы будзе. Галасіла дачка Хведара, Тамара, млела колькі разоў.
Таіса Міхайлаўна давала ёй кроплі, нашатыр нюхаць. І папракала сябе, што зноў нядобра думае пра Любу, ды і пра Тамару таксама. Асаблівым жаночым чуццём адчувала: акамянела Люба ад раскаяння, што так мала давала радасці свайму Хведару, што ў крыклівых бабскіх сварках тапіла любоў сваю, што толькі цяпер непапраўна позна зразумела, як з такім чалавекам можна было б жыць, каб яна менш слухалася маці сваю. Маці яе, старую Гузырыху, Таіса Міхайлаўна ў той дзень узненавідзела: сказала ёй суседка Шчэрбавых, што старая ўчора ўвечары, калі труна з нябожчыкам стаяла ў яго хаце (у дзень пахавання яе перанеслі ў клуб), патрабавала запрасіць для адпявання Шышку. Тамара істэрычна закрычала бабулі ў твар, што, маўляў, людзі кажуць: гэты «святы» падсунуў якісь запал у машыну, хацеў Івана Батрака забіць. А старая агрызалася па-дурному: маўляў, Батрак ведаў, што машына няспраўная, таму не паехаў сам, пасадзіў Хведзьку, а цяпер шукае, на каго віну зваліць, ды «бог усё бачыць і ўсё чуе і не дасць у крыўду таго, хто служыць яму».
Расказ гэты не выходзіў у Таісы Міхайлаўны з галавы. Перш-на- перш падумала, што, калі Гузырыха, якая ходзіць да Шышкі на маленне, хацела запрасіць яго, то, значыцца, ведае, што не такі ён хворы, як запісала ў гісторыю хваробы Рыма Сяргееўна і як дала даведку следчаму, мімаволі ствараючы паліцаю тое самае алібі, пра якое казаў Карней.
А потым прыйшла другая думка: Гузырыха напэўна скажа пра ўнуччыны словы Шышку, святошы такія — фанатычныя і адданыя свайму пастыру, і тады той, узнаўшы, што на яго падае падазрэнне, можа ўцячы. Напэўна ўцячэ.
Не падабалася на грамадзянскай паніхідзе выступленне Качанка: Яшка пагражаў, што органы разбяруцца, ад чаго адбылася такая аварыя. Каму ён пагражаў?
На могілкі ішлі міма Шышкавай хаціны.
Таіса Міхайлаўна са сваім медыцынскім сакваяжыкам увесь час была каля Любы, каля Тамары: раптам камусьці з іх стане блага.
А на краі вуліцы пакінула сваякоў нябожчыка, адстала ад іх, знайшла ў натоўпе мужчын мужа, узяла яго пад руку.
Яна глядзела на пахілую, з прыплюснутымі аконцамі хаціну. Іван таксама паглядзеў туды. І яшчэ шмат хто павярнуў у той бок галаву. Асабліва мужчыны — Іванавы і Шчэрбавы таварышы.
Таісе Міхайлаўне здалося, што да шыбы прыліпла агідная Шышкава морда. Яе пачало ліхаманіць. Іван пачуў, як яна задрыжала, занепакоіўся:
—Што з табой?
—Ён глядзіць,— прашаптала яна.
Тады ён зразумеў жончын стан, моцна сціснуў яе руку.
— Ніхто не глядзіць. Супакойся. Выкінь з галавы. Выкінь з галавы, прашу цябе,— ён сказаў тыя словы, якія нядаўна сама яна гаварыла яму.
Іван спалохаўся, што яго душэўная хвароба перадаецца ёй. Здарыцца гэта — у доме пагасне радасць. Упершыню пашкадаваў, што так многа расказваў Тасі, усё расказаў — пра мінулае, пра вайну і пра тое, што перажыў, калі ўбачыў Шышку ў сельмагу, калі ехаў з ім і калі той пабег па руні. І сон свой страшны... Не трэба было жанчыне ўсяго гэтага расказваць! Жаночыя ў яе нервы.
Увечары таго дня прыехала Валя. Безумоўна, на шашы, ля сельмага, ёй расказалі пра няшчасце, і яна прыйшла дадому сцішаная, засмучаная. Калі маці і Карней расказалі, як усё здарылася, у Валі заблішчалі на вачах слёзы: яна была чуллівая. Але маладосць ёсць маладосць, радасць жыцця ў яе не знікае ад смерці не толькі аднаго, але і многіх людзей. Хіба не кахалі, не жаніліся, не радаваліся ў вайну, калі гінулі тысячы і мільёны?!
Прыехала Валя пасля таго, як атрымала матчына пісьмо, яе паведамленне, што нарэшце і бацька не пярэчыць супраць Сашавага сватаўства, што ўсе завалы на шляху да іх шчасця расчышчаны і яны могуць прыходзіць прасіць іх, бацькоўскага, блаславення.
Ад пісьма матчынага ўсё роўна што крылы выраслі. Ва ўсялякім разе, з такім адчуваннем дзяўчына ехала дадому, праклінаючы ў думках аўтобус, які занадта для касмічнага веку павольна ішоў. Ёй не цярпелася.
Гадзіны праз дзве, навёўшы ў доме парадак на свой развіты, як яна лічыла, эстэтычны густ, знішчыўшы сляды матчынай і Карнеевай бытавой анархічнасці (бацьку, акрамя ўсяго іншага, яна любіла за акуратнасць, у яго заўсёды ўсё прыведзена да ладу), Валя са шчырай дзявочай сарамлівасцю і нясмеласцю — разумела, што не лепшы дзень выпаў для трыумфу яе радасці,— сказала маці:
—Мамачка, мы прыйдзем з Сашам...
—Сягоння? — здзівілася Таіса Міхайлаўна,
—А што?
—Валечка, чалавека толькі пахавалі.
—Не свайго ж. Не блізкага.
Маці паглядзела на яе з такім дакорам, што Валя ажно сцялася. Маці не закрычала, не, яна панізіла голас амаль да шэпту; яны гутарылі на кухні, а ў зале сядзелі бацька і Карней. Але які гэта быў шэпт!
— Не, Валечка, свайго, свайго! Самага блізкага! Самага роднага! Пазней, бачачы, як засмуцілася дачка, пашкадавала яе, суце-
шыла, сказала ласкава, пахваліла будучага зяця:
— Дурачка, сам жа Забаўскі ў такі дзень не пойдзе. Ён жа разумны, народныя звычаі знае.
25
На ўрачэбны пункт прыехала інспектар аблздрава Еўдакія Міронаўна Бурмістрава. Таіса Міхайлаўна ведала яе ўжо гадоў пятнаццаць; яна прыязджала, калі ў Добрынцы яшчэ быў фельчарскаакушэрскі пункт і маладая яшчэ Тася часова загадвала ім. Інспектарка тады моцна паганяла акушэрку за неакуратны ўлік хворых і неахайныя запісы гісторый хвароб. У Тасі былі малыя дзеці, будаваўся дом, хварэла цётка Хвядора, і яна такі сапраўды трохі запусціла работу. Але ўдзень, паездзіўшы на возе па вёсках сельсавета, строгая інспектарка проста спытала:
— Абедам ты мяне накорміш?
Узрадаваная, Тася з дапамогай санітаркі і суседак за паўгадзіны сабрала ёй «купецкі» абед і накрыла стол не ў Хвядорынай хаціне, а ў сваёй, новай, дзе толькі што былі ўстаўлены і зашклёны рамы, наслана падлога і дзе так пахла сасной, што сама Тася п'янела ад гэтага водару, як ад віна.
Еўдакія Міронаўна аказалася вельмі простай, свойскай жанчынай. Любіла паесці. Выпіць. Песні спявала. Ваенныя і пра жаночую долю. Некаторы час, гадоў колькі, яна, праўда, не прыязджала. Але пасля таго, як стварылі ўрачэбны ўчастак і Бурмістрава сама прывезла ім Рыму Сяргееўну, выпускніцу медінстытута, высокую, нязграб-
