Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:

25660-1

.pdf
Скачиваний:
22
Добавлен:
14.04.2015
Размер:
1.65 Mб
Скачать

Дарэчы, ужо тады Таіса Міхайлаўна падумала, што Іван часцей пачаў гаварыць аб гэтым з сынам, чым з ёй. І яшчэ раз парадавалася, што бацька і сын так збліжаюцца, размаўляюць, як мужчыны, сур'- ёзна, ца-даросламу. Яшчэ нядаўна Карней быў яршысты і з усіх праблем хмыкаў, акрамя хіба тых, якія звязаны з бацькавай работай, з тэхнікай. Пра яе, матчыну, работу сын увогуле пазбягаў размоў, пэўна, саромеўся яе прафесіі. А цяпер і пра акушэрства можа паразважаць. Упачатку яна нават спалохалася такой нечаканай сынавай сталасці.

А ў тую бяссонную ноч раптам цюкнула іншая думка: а ці не таму Іван душэўна аддаляецца ад яе, што яна не здолела жыць тым жа, што і ён, гэтак жа перажываць зварот Шышкі? Пасля Іванавага расказу яна, безумоўна, узненавідзела паліцая, кіпела гневам. Калі неяк Шышка прыйшоў да іх на ўрачэбны пункт і Рыма Сяргееўна ўскрыла яму фурункул на плячы і паклікала яе, Тасю, каб забінтавала, бо забінтаваць плячо ўмее толькі яна, так і доктар не ўмее, Тася, убачыўшы паліцая, ажно закалацілася ўся, выскачыла з кабінета і больш не вярнулася. Урач пасля зрабіла ёй заўвагу. Яна адказала не проста з хваляваннем — са страхам: «Рыма Сяргееўна! Не прымушайце мяне лячыць гэтага чалавека! Не прымушайце!»

Ліпская, як і кожны сельскі ўрач, усё ведала, усю гісторыю сяла, узаемаадносіны людзей, па-чалавечы зразумела сваю памочніцу і строга не ўшчувала, аднак, як урач, не згадзілася, што яна, Тася, мае права камусь не аказваць дапамогу: «Наша прафесія, дарагая Таіса Міхайлаўна, абавязвае лячыць кожнага чалавека, хто б ён ні быў. Нашы калегі на вайне рабілі складанейшыя аперацыі палонным немцам, фашыстам».

Так, Таіса Міхайлаўна ненавідзела былога паліцая, але думаць увесь час пра яго не магла. Па-першае, лічыла, што няма ў гэтым патрэбы: падумаеш, шышка! — плюнуць на яго і няхай падыхае сам, старая падла! Па-другое, замнога ў яе было сваіх спраў — такіх, якія напаўнялі жыццё радасцю,— каб сушыць душу думкамі пра нейкага гада.

20

Аляксандр Пятровіч Забаўскі таксама не спаў у тую ноч. Але не ад бяссонніцы. Ён не лажыўся. Працаваў, пісаў. Пісаў ён амаль штовечар, але звычайна не так позна. Сваю новую кнігу ён вырашыў зрабіць у форме дзённіка сакратара партыйнай арганізацыі саўгаса. Форма не новая, але Забаўскага захапіла. Перавага дзённіка перад працай над дакументальнай аповесцю (дзве ён ужо напісаў) заклю-

чалася ў тым, што не трэба нікуды ехаць вывучаць жыццё, знаёміцца з людзьмі, з іх справамі, а пасля сачыняць нейкі сюжэт, дыялогі, бо запісаць іх падчас кароткіх сустрэч з людзьмі немагчыма. Занатаваць жа падзеі аднаго дня, размовы з рознымі людзьмі, свае назіранні і роздум над фактамі вытворчай дзейнасці, побытам вяскоўцаў значна прасцей і, здавалася яму, цікавей — для яго цікавей пісаць і для чытача, не сумняваўся, цікавей будзе чытаць такі непасрэдны, шчыры дакумент. Безумоўна, не ўсё ляжа ў кнігу, адбор матэрыялу неабходны і пры дзённікавай форме, трэба будзе добра правеяць, каб адляцела мякіна, а пад рукой засталася горка залатога зерня. Дзённік цікавы яшчэ і тым, што прымушае аўтара пільна прыглядацца да жыцця, да людзей, слухаць іх з большай увагай, чым звычайна, запамінаць трывала, маючы на ўвазе, што ўвечары шмат з таго, што адбылося за дзень, павінна быць запісана. Праўда, гэтая яго павышаная ўвага трохі і замінае: рабочыя, сельскія інтэлігенты, безумоўна, здагадваюцца, што ён вядзе запісы, і адносяцца да яго з некаторай насцярожанасцю, асабліва ў пачатку яго работы стараліся хітра абыходзіць у размове «вострыя вуглы», і яму прыходзілася траціць немалыя намаганні, каб разгаварыць людзей, уцягнуць у спрэчку. Найбольш умела ўнікалі такіх размоў механізатары, усё збівалі на жартачкі, хітруганы, адзін хіба Шчэрба часам мог выказацца шчыра, хоць пры гэтым і блазнаваў, прытвараўся п'яненькім, а п'янаму, маўляў, мора па калена. Жанчыны былі больш шчодрыя на словы, на выказванне і сваіх радасцей, і сваіх бед; відаць, яны не думалі пра тое, што могуць папасці ў кніжку, іх мала займалі думкі пра славу. Пра гэта найбольш прыкметна турбаваліся аграномы, інжынеры, канторскія работнікі, амаль усе яны спачатку набіваліся да яго ў сябры, а пасля некаторыя расчараваліся — мабыць, страцілі веру, што могуць стаць героямі кнігі,— і, захоўваючы знешнюю дружалюбнасць, не заўсёды спрыяюць, памагаюць у рабоце, часам ён адчувае калі не дручкі, то кіі ў колах сваёй «машыны», можа нават не кіі, а каменьчыкі пад каўпаком кола: шкоды не робяць, а палохаюць, прымушаюць спыніцца і паглядзець, што ж там грукаціць. Параўнанне гэтае прыйшло ад успаміну пра свайго былога начальніка — загадчыка аддзела газеты, які набыў «Масквіча» і з якога яны, маладыя, пажартавалі: паклалі пад каўпак каменьчыкі. Машына стаіць — ціха, зрушыць з месца — грукат. Яны глядзелі з акна, як той шукаў «старонні шум», і рагаталі.

Сапраўды, камусь, магчыма, хочацца, каб ён з уключаным маторам стаяў на месцы — рабіў толькі сваю журналісцкую ці пісьменніцкую работу. Маўляў, узяў цябе Астаповіч у якасці летапісца —

пішы: усё роўна чалавек ты тут часовы. Але ён не мог згадзіцца з такой роляй. Яго рэкамендавалі абком і райком, выбралі камуністы, усяго чацвёра прагаласавала супраць, і ён стараўся сумленна выконваць свае абавязкі, апраўдваць давер'е арганізацыі. Акрамя таго, Аляксандр Пятровіч добра разумеў, што калі ён пайшоў на такое вывучэнне жыцця, то сапраўды багаты матэрыял яму можа даць не роля сузіральніка, нават самага ўважлівага, а актыўная работа з людзьмі, работа творчая, новая, незвычайная і для яго, і для ўсіх тых, хто зжыўся, змірыўся са старымі формамі і метадамі. Безумоўна, без вопыту, са сваім журналісцкім максімалізмам, ён напачатку зрабіў нямала наіўнага, магчыма, нават недарэчнага, з чаго за яго спіной пасміхаліся і інструктары райкома, і такія дзеячы, як Качанок, Лукашоў. Яго шчасце, што ўсё, што ён робіць, яго поспехі і яго наіўныя прамашкі, са спакоем алімпійскага бога прымае Астаповіч. Дырэктар

— адзіны чалавек, хто загадзя ведаў, што галоўным героем кнігі будзе ён, і аднак жа ні ў чым не іграе гэтага героя, не стараецца паказаць сябе лепшым, чым ён ёсць...

А ўсё пачалося з Астаповіча. Ён, Забаўскі, малады яшчэ журналіст, толькі з універсітэта, таму самаўпэўнены і поўны ружовых надзей, гадоў шэсць назад па камандзіроўцы рэдакцыі прыехаў сюды, у Добрынку, і, як Цэзар, «прыйшоў, убачыў, перамог» — гадзіны тры пагаварыў з Астаповічам і сачыніў нарыс на два падвалы. Нарыс галоўнаму спадабаўся — напісаны смела, востра, нават дасціпна. Яго далі з працягам, у двух нумарах газеты. А потым, не адразу, можа праз месяц, не раней, супрацоўнік рэдакцыі паважанай газеты атрымаў пісьмо ад героя свайго нарыса — Астаповіча. Дырэктар саўгаса, якога ён узняў да нябёс, далікатна і тактоўна разабраў яго нарыс, не пакінуўшы, па сутнасці, ад усяго прыгожага збудавання каменя на камені: адзінаццаць пунктаў памылак, недакладнасцей, агранамічных, эканамічных, бытавых і нават псіхалагічных. Гэта быў самы сур'ёзны ўрок маладому журналісту, больш сур'ёзны, чым заўвагі старэйшых калег, разносы і бязлітасная праўка загадчыка аддзела Багацькі, сівога зубра, які з'еў на газеце зубы і які, мабыць, адчуўшы перспектыўнасць Забаўскага, маладога, энергічнага члена партыі, неўзлюбіў яго і стараўся ўсяляк прынізіць, калі не даказаць яго бяздарнасць (Забаўскі надрукаваўся ў тоўстым часопісе), то даказаць іх несумяшчальнасць і выжыць са свайго аддзела. Дзівакі яны, гэтыя старыя! Здаецца, недурныя людзі былі і раптам у пэўным узросце пачынаюць дарэмны, бязглузды, небяспечны для іх жа саміх занятак: хочуць спыніць машыну бясконцага аднаўлення, не разумеючы, што без гэтага не можа быць не толькі прагрэсу, але і самога жыцця.

У Алеся хапіла розуму і самакрытычнасці правільна паставіцца да пісьма героя, да яго заўваг. Падабалася тактоўнасць Астаповіча: не напісаў рэдактару, напісаў асабіста яму, дарэчы, слова гэтае, «асабіста» дырэктар напісаў на канверце пасля прозвішча адрасата і двойчы падкрэсліў, каб убачыла самая няўважлівая сакратарка, якая будзе разбіраць рэдакцыйную пошту.

Алесь адказаў Астаповічу доўгім і шчырым пісьмом, з большасцю заўваг згадзіўшыся, наконт адной паспрачаўся, адну ці дзве не зразумеў, таму прасіў растлумачыць. З таго часу ялы перапісваліся, не часта, але ніводзін з іх не пакідаў пісьмо другога без адказу, а пасля працяглага маўчання першым не абавязкова адзываўся ён, малады, здаралася, што і стары дырэктар падаваў голас, прытым не якінебудзь віншавальны са святам, а абавязкова ў сувязі з новым Алесевым нарысам аб сяле, аб яго праблемах, якіх заўсёды хапае, бо, пакуль вырашаюцца адны, з'яўляюцца другія. Часта перапісвацца, можа, і не было патрэбы, бо яны разы па два, па тры на год страчаліся, калі Астаповіч прыязджаў на рэспубліканскія нарады, на сесіі Вярхоўнага Савета.

Так яны сустрэліся вясной мінулага года ў фае Дома афіцэраў. Сустрэліся, здаецца, весела, жартавалі. Аднак Алесь адразу ўбачыў, што Хведар Цімафеевіч залішне ўважліва прыглядаецца да яго, а потым узяў пад руку, адвёў убок і з бацькоўскім клопатам спытаў: «Ты што зблажэў? І вочы патухлі. Нездаровіцца?»

Праніклівы стары. Угледзеў, адчуў. Былі прычыны зблажэць. Перажыў адразу дзве драмы. Па-першае, як сказаў паэт, «разбілася любоўная лодка», а гэта, магчыма, найцяжэйшая з усіх жыццёвых драм, калі не лічыць трагедыі — смерці блізкіх. Другая, ненамнога лягчэйшая драма — у выдавецтве затрымалі кнігу, на якую ён ускладаў значныя надзеі: дакументальную аповесць аб меліяратарах, аб праблемах асушкі Палесся. З крытыкамі сваімі ён не згадзіўся, але «прабіць» не здолеў: занадта цяжкая артылерыя супраць яго была выстаўлена — два навукова-даследчыя інстытуты, вучоныя аўтарытэты і ў дадатак сакратар райкома таго палескага раёна, адкуль быў узяты асноўны канфлікт аповесці. Нарэшце, у сувязі з першай драмай прыйшлося пакінуць рэдакцыю, што таксама было ўдарам.

За абедам у кафэ Дома афіцэраў Алесь даверліва і шчыра, бадай, так не расказваў і сваім равеснікам, прызнаўся, ад чаго ён зблажэў. Астаповіч слухаў уважліва, яго кранула споведзь маладога чалавека, ён нават са смуткам падумаў, што яго дзеці, сын і дачка, бадай ніколі так не раіліся пра свае сардэчныя справы, хоць ён лічыў сябе нядрэнным бацькам; можа, гэта таму, што ў іх ёсць з кім

пасакрэтнічаць — з маці, на якую, калі быць шчырым, сам ён узваліў усе сямейныя клопаты; непрыкметна адбылося як бы раздзяленне працы абавязкаў па прынцыпу: ты, жонка, педагог — табе клопаты пра душы, я — эканаміст, мне — пра страўнікі. Так у сям'і. А ў саўгасе яго якраз паважалі за тое, што ён, дбаючы пра страўнікі, не забываўся пра душы. Падумаў, што з чужымі лягчэй, чым з уласнымі дзецьмі. Бачыў, што «інжынер чалавечых душ» чакае ад яго хоць якой-небудзь парады ці хаця б спагады, нават не есць, стыне яго добрая адбіўная, пахучая, свежая, якую кухар, таўсцяк у белым каўпаку, прынёс сам: у Забаўскага з ім нейкія асаблівыя адносіны — на «ты». Астаповіч, якому дома рэдка ўжо давалі свініну, з'еў адбіўную з апетытам.

Спачуваць чалавеку ў бядзе — занятак абыякавых, раўнадушных. Астаповіч любіў памагаць, таму, разліўшы рэштку каньяку і трымаючы чарку, як для тосту, сказаў:

«Знаеш, што я табе хачу параіць? Перабірайся да нас у саўгас. Паработай годзік-два... Ох як табе спатрэбіцца багаж, які ты ў нас набудзеш! Гэта будзе такая скарбонка, з якой доўга можна чэрпаць!»

Алесь сумна ўсміхнуўся.

«Вы думаеце, я накапіў ганарары? Што было — аддаў былой жонцы. У адной сарочцы выскачыў, як з пажару. Мне трэба жыць».

«У якасці чалавека свабоднай прафесіі я цябе не запрашаю. Людзям будзе здавацца, што ты боўтаешся... прабач... Я цябе запрашаю на пасаду».

«Нa якую?»

«А гэта трэба падумаць, параіцца».

Толькі месяцы праз тры, пад восень, калі Забаўскі ўжо ўладзіўся на працу ў часопіс, прыйшло пісьмо ад Астаповіча: не перадумаў — прыязджай.

Нельга сказаць, што ён лёгка ўзняўся: меў добры тыдзень бяссонных начэй. Адны пісьменнікі (цяпер ён больш гарнуўся да Саюза пісьменнікаў) раілі, другія скептычна ўсміхаліся, трэція шчыра адгаворвалі: табе, маўляў, больш трэба літаратурная вучоба, жыццё ты пяць гадоў вывучаў як журналіст, а пойдзеш у глыбінку — на цябе забудуць, прыйдзецца спачатку сцвярджаць сябе, а табе ўжо трыццаць; каб узняцца з перыферыі, трэба мець талент Быкава ці Астаф'ева, ды яны сядзелі не ў саўгасе, а ў рэдакцыях абласных газет.

Аднак чым настойлівей адзін з новых сяброў, які прапісаў яго ў сваёй кватэры, адгаворваў ад «легкадумнага кроку», тым мацней ён пераконваўся, што не можа не паехаць, калі не паедзе — перастане

паважаць сябе, а страціць павагу да самога сябе — гэта цяжэй за ўсе тыя драмы, якія ён перажыў ужо.

Астаповіч узрадаваўся. Адразу павёз на размову ў райком: набліжаўся справаздачна-выбарны сход.

Паставіўшы мэту — за час сваёй працы сакратаром напісаць кнігу ў выглядзе дзённіка, Алесь, безумоўна, меў на ўвазе, што галоўным аб'ектам даследавання і, само сабой зразумела, галоўным героем стане Хведар Цімафеевіч, яго якасці кіраўніка, чалавека, яго вопыт, мудрасць, метода працы. Але напачатку Астаповіч амаль расчараваў. Пра яго мала што можна было запісаць. Дырэктар здаўся зусім не такім, якога ён сачыніў у сваім нарысе шэсць гадоў назад і якім уяўляў увесь час, дамаляваўшы вобраз па кароткіх, але дасціпных пісьмах і цікавых размовах пры сустрэчах,— не тым кіраўніком, у руках якога, як вобразна кажуць, усё гарыць і на плячах якога трымаецца ўся гаспадарка.

Забаўскі бадай спалохаўся, калі ў мінулую восень (год быў удалы, ураджайны, саўгас меў высокія паказчыкі ў паляводстве і жывёлагадоўлі, добры прыбытак, стаў галоўнай гаспадаркай у вытворчым аб'яднанні па вырошчванні мясных бычкоў) Астаповіч зрабіў на яго ўражанне чалавека старога, стомленага, абыякавага да сваёй славы і да многіх спраў. У рабоце ён больш спадзяваўся на памочнікаў, чым рабіў сам,— на ўпраўляючых аддзяленняў, аграномаў, заатэхнікаў, інжынераў, эканамістаў, бухгалтараў і, безумоўна, на рабочых. Дырэктар зусім не імкнуўся ўнікнуць ва ўсе гаспадарчыя адгалінаванні; пра многія факты, якія парторгу, новаму чалавеку, з павышанай цікавасцю і ўвагай, здаваліся істотнымі ці, ва ўсялякім разе, важнымі, Хведар Цімафеевіч даведаўся ад яго, Забаўскага, часам здзіўляўся, вельмі рэдка абураўся, а ў большасці выпадкаў адмахваўся: «Разбірайцеся самі» ці «Скажы Качанку, Кузю». Праўда, пазней у Алеся з'явілася думка, што Астаповіч хітраваў, прытвараўся, што не знае тых фактаў, што гэтак ён правяраў сакратара і адначасова даваў магчымасць ва ўсім разабрацца самому і прыняць патрэбнае рашэнне без яго, дырэктаравай, дапамогі, без яго аўтарытэту, за які можна схавацца. І цяпер, больш як праз год, Алесь не выключаў, што элементы такога педагагічнага прыёму ў Астаповіча былі і ёсць. Але не яны, безумоўна, вызначаюць сутнасць Астаповічавага характару. Бясспрэчна адно: ён, малады журналіст, у той даўні гастралёрскі свой прыезд у саўгас не ўбачыў гэтай сутнасці і ў нарысе сваім стварыў вобраз не без уплыву літаратурных вобразаў старшынь калгасаў, дырэктароў саўгасаў, хоць пра апошніх пішуць радзей і бадай ніхто з аўтараў не раскрыў вельмі істотнай розніцы ў статусе дырэктара і старшыні, што, безу-

моўна, адбіваецца і на метадах іх дзейнасці. Не пазнаў ён Астаповіча і па яго пісьмах, па выпадковых сустрэчах і прадаўжаў дапісваць яго вобраз усё па тых жа літаратурных трафарэтах.

Цяпер, зразумеўшы сваю прамашку, ён, Забаўскі, стаў больш асцярожны. Праз год сумеснай працы, штодзённых сустрэч у безлічы розных, самых нечаканых сітуацый, ён не адважваецца напісаць, што дасканала вывучыў і ведае дырэктара. Астаповіч нечаканы і загадкавы.

Бясспрэчна хіба адно: першае яго, Алесева, уражанне памылковае. Астаповіч зусім не абыякавы да жыцця саўгаса, да дзейнасці яго складанага арганізма, і якраз тое, што год назад ён палічыў за слабасць,— Астаповічава сіла: вера ў людзей, у іх здольнасці і ніякага жадання каго-небудзь падмяняць у рабоце. Няхай малады работнік зробіць памылку, але павучыцца! Падбірае работнікаў ён сам, ніхто, ні зверху, ні знізу, навязаць нікога яму не можа, тут Хведар Цімафеевіч непахісны, звальняе ён рэдка, але калі ўбачыць, што нехта не цягне, то абараніць такога чалавека ўжо не можа ні прафсаюз, ні партарганізацыя, ніхто. Прытым адносіцца гэта не толькі да саўгасных кадраў, але і да тых арганізацый, якія павінны працаваць на саўгас,— да сельпо, урачэбнага пункта, школы, ПМК, лясніцтва. І гэта не ўладарнае самадурства: «Я ўсё магу». Не. Гэта высокая прынцыповасць. І мэта ў Астаповіча адна: не столькі пакараць нядбайнага работніка, колькі на прыкладзе яго звальнення выхоўваць іншых.

Карацей кажучы, не адразу ён, Забаўскі, сцяміў, што Астаповіч

— не рукі і тым больш не ногі жывога арганізма, ён — яго мозг. Ён не працуе — ва ўсёабдымным да бязмежнасці разуменні гэтага слова, ён кіруе, мудра, спакойна, разважліва, з любоўю да справы і, што асабліва кранула маладога гуманіста,— з любоўю да людзей.

Астаповіч не лётае з цямна да цямна па саўгасе, як пісаў ён у сваім нарысе, не дае практычныя ўказанні на кожным полі, на таку, на машынным двары; ёсць людзі, якія адказваюць за свае ўчасткі, і яны ў сваёй галіне, як правіла, больш адукаваныя спецыялісты, чым дырэктар. Астаповіч дае ідэі і дакладна вызначае: якую з яго ідэй хто павінен выканаць; сабе пакідае толькі тыя, якія патрэбны «прабіваць» у высокіх інстанцыях яго аўтарытэтам, яго званнямі.

Не, абыякавым Астаповіч ніколі не быў і не будзе! Стомленасць? Стомленасць, безумоўна, адчуваецца. Узрост — шэсцьдзесят тры. Але і да старасці Астаповіч праяўляе пэўную мудрасць: менавіта з-за ўзросту ён вызваляе сябе ад лішняй работы, ад лішніх эмоцый і болей узвальвае на плечы маладых. Ён аднойчы так і сказаў на парткоме:

«На мяне, калі ласка, не валіце. Каму трэба, каб я хутчэй аддаў канцы?»

Магчыма, што не ўсё было няпраўдай у тым, шасцігадовай даўнасці, нарысе. Само сабой зразумела, што тады, а тым больш пятнаццаць — дваццаць гадоў назад, Астаповіч быў іншы, пра гэта расказваюць; тады само жыццё прымушала круціцца на «павышаных абаротах»: саўгас быў не той, магчымасці не тыя, дыпламаваных спецыялістаў адзін-два, усё цягнулі практыкі. Тады сапраўды дырэктар мусіў везці галоўны цяжар.

Падабалася Алесю яшчэ адна рыса Астаповічавай старасці. Будучы журналістам, ёй назіраў некаторых кіраўнікоў пенсійнага ўзросту ў розных сферах і адкрываў у іх адну прымітыўную рысу, якую можна было б назваць «узроставай салідарнасцю». Калі ў такіх людзей было права самім падбіраць сабе памочнікаў, яны абкружаліся людзьмі свайго ўзросту, раўніва і падазрона ставячыся да маладых, як да канкурэнтаў, якія, маўляў, толькі і пільнуюць момант, каб спіхнуць старога і заняць яго месца.

Астаповіч сам шукаў маладых, ды не абы-якіх — самых таленавітых, і перацягваў да сябе, не баючыся, што нехта спіхне яго. Сакратар райкома ў гутарцы з ім, Забаўскім, між іншым сказаў: «Прасачы, каб дзед не пераманьваў людзей з суседніх гаспадарак. Скардзяцца на яго».

Трохі лесціла Алесеваму самалюбству (што зробіш, усе мы грэшныя): значыцца, і яго Астаповіч палічыў чалавекам здольным, патрэбным, раз парэкамендаваў на такую адказную пасаду.

Аўтар будучай кнігі баяўся, як бы ад расчаравання ў сваім героі не перайсці да празмернага захаплення ім, да ідэалізацыі, а то атрымаецца бог, а не чалавек, а таму ў апошні час больш запісваў пра яго слабасці і дзівацтвы, а іх было нямала. Калі не лічыць псіхалагічных, якія праўляюцца ў побыце, то з кіраўнічых слабасцей у Астаповіча была адна, зусім новая, народжаная, напэўна, НТР — празмернае захапленне тэхнічнымі навінкамі: усё, што ёсць у другіх, павінна быць і ў «Добрынскім»! Своеасаблівая праява самалюбства! А часам Алесю здавалася, што гэта ў старога — ад боязі ад нечага адстаць, нешта не паспець зрабіць і пры жыцці не ўбачыць. Але такая пагоня часам адрывае ад рэальнасці.

Прачытаў Астаповіч, што ў саўгасе «Гігант» уведзена АСК, і тут жа загарэўся ўвесці яе ў сябе.

Алесь да АСК нават на некаторых заводах ставіўся скептычна. Не да самой аўтаматычнай сістэмы кіравання, а да непадрыхтаванасці, каб эфектыўна выкарыстоўваць яе. Здаралася яму бачыць,

чуць ад спецыялістаў, ад сваіх калег, якія пісалі аб НТР і праблемах прамысловасці: затраты на ўвядзенне АСК мільённыя, а эфект — капеечны. Ён запісаў у дзённіку: «Магчыма, я кансерватар, невук, трапіў не на сваё месца, але, паназіраўшы работу ў саўгасе, ніяк не магу зразумець той «вялікі эфект» ад АСК, пра які гаворыць Астаповіч». Спрабаваў гаварыць з Астаповічам на гэтую тэму, але дзед як бы прапускаў усе доказы міма вушэй ці жартаўліва адмахваўся, што нават крыўдзіла. Праўда, у апошні час Алесю пачало здавацца, што дзед схітраваў перад міністэрствам, перад іншымі інстанцыямі: эксперымент, якога ён так дамагаўся, памог яму выбіць сродкі і матэрыялы для наладжвання дасканалай унутрысаўгаснай сувязі, што, бясспрэчна, вельмі патрэбна, а да поўнай АСК пачынае астываць, неяк выказаўся, што дорага каштуе ЭВМ. Найлепшы барометр такой перамены — Якаў Качанок. Калі ён перастае быць забеспячэнцам, даставалам і вяртаецца да сваіх прафсаюзных абавязкаў, значыцца, можна лічыць, што ідэя, якой Астаповіч запаліў Качанка,— а ён загараецца хутчэй за ўсіх,— або вычарпана, высахла, як рэчка пасля меліярацыі, або ажыццяўленне яе завершана і трэба зрабіць паўзу да з'яўлення новай ідэі.

Увогуле ўсімі гэтымі Астаповічавымі ідэямі, вытворчымі праблемамі ён, Забаўскі, узрадаваны, што расчараванне яго памылковае, перагрузіў сярэдзіну свайго дзённіка. Замнога тэхналогіі. І ўвогуле яго гадавых запісаў па аб'ёму на тры кнігі хопіць.

Пачынаць кнігу з таго, што, прыехаўшы па запрашэнні даўняга сябра, ён спачатку расчараваўся ў гэтым чалавеку, як у кіраўніку,— хораша, гэта заінтрыгуе любога чытача. Вытворчасць лёгка скараціць. Трывожыла фінальная частка, дзе галоўны герой яўна адышоў на другі план, яго пачалі адціскаць іншыя людзі, іншыя падзеі, і дзе замнога ўвагі сваім асабістым перажыванням, думкам, развагам не толькі пра справы сучаныя, але і пра мінулае, пра вайну.

Пра вайну ён пісаў рэдка, толькі калі часам трэба было даць біяграфію героя нарыса, аповесці; для яго, чалавека, які нарадзіўся пасля вайны і мае схільнасць да жанру дакументальнага, да апісання таго, што пабачыў уласнымі вачамі, пачуў сваімі вушамі, тэма вайны здавалася амаль недасягальнай, ва ўсякім разе, такой, якая патрабуе сур'ёзнага дакументальнага вывучэння, а ён не вельмі любіць корпацца ў архівах, займацца гісторыяй, яго больш вабіць жывая дынамічная сучаснасць. І раптам вайна неспадзявана — і калі! больш як праз тры дзесяцігоддзі! — уварвалася не толькі ў яго творчасць, але і ў яго жыццё, у біяграфію.

Месяцы тры назад ён запісаў у дзённіку: «Вярнуўся былы паліцэйскі. Цікава, як сустрэнуць яго вяскоўцы?

Спрабаваў узнаваць, як жа людзі адносяцца да фашысцкага паслугача. Пытаў у розных людзей. Тыя, што помнілі добра вайну, гаварылі абурана: «Гнаць яго трэба, гада!» Але актыўнага гневу, які мог бы прывесці да пэўнай, можа, нават непажаданай дэманстрацыі, Забаўскі не адчуваў.

Маладыя, пасляваенная генерацыя, увогуле паціскалі плячамі і здзіўляліся хіба таму, што такі дагістарычны выкапень іхтыязаўр, яшчэ жывы і яму нават дазволілі вярнуцца дадому; многія, хоць і чулі пра Шышку, ведалі, што ў сяле жыве сям'я паліцая, бо хадзілі міма яго хаты, сустракалі яго жонку, дачку, аднак самога Шышковіча чамусьці лічылі даўно ў нябыце. Адзін Саша Крупнік, манцёр, зрабіў круглыя вочы: «Фу чорт! А я думаў, яго закапалі разам з Гітлерам».

Гэта ён, Забаўскі, запісаў у свой дзённік і паразважаў на тэму, што некаторай частцы моладзі, якая атрымала ўсё для сапраўды чалавечага жыцця з рук тых, хто заваяваў перамогу, здаецца, што фашызм закапалі разам з Гітлерам. Ён падрыхтаваў і прачытаў у Палацы культуры лекцыю аб тым, што фашызм жыве, у розных краінах, у розных формах, адкрыта, захапіўшы ўладу, як у Чылі, ці расце ядавітым грыбам на целе буржуазных дэмакратый, як у ФРГ, Італіі.

Дарэчы, на лекцыю гэтую сабралася значна менш людзей, чым на яго ж лекцыю, якую ён назваў «Чалавецтва XXI стагоддзя» — аб прагназаванні марксісцкай і буржуазнай навукай сацыяльных і навукова-тэхнічных пераўтварэнняў у свеце.

Якаў Качанок на яго пытанне пра Шышковіча адказаў: «Каб я судзіў, то я яго павесіў бы. Але Савецкая ўлада добрая».

Магчыма, своеасаблівае разуменне дабрыні Савецкай улады і перакананне, што ён, Качанок, увасабляе ўладу, а таму таксама павінен быць добрым, і прывяло яго да думкі далучыць лагернага сувязіста да аперацыі па даставанні дэфіцытных рэле.

Адным словам, мала што сакратара і пісьменніка зацікавіла ў сувязі са зваротам Шышкі, нічога ў яго дзённіку больш не з'яўлялася. Нават сваю размову з Шышкам ён не запісаў, бо не прыдаў ёй асаблівага значэння. З'яўлялася ў яго часам пісьменніцкае жаданне пагутарыць з былым паліцаем. Але ён адганяў яго пытаннем: «А навошта?» Раскрыцца такі тып усё роўна не раскрыецца, пісаць пра яго няма чаго, няхай будзе «закапаны разам з Гітлерам». Можа, правільна робіць народ, што закопвае яго, жывога, апускае ў нябыт. Але неяк інструктар райкома спытаў у Забаўскага: «Што гэта ў вас там за поп з'явіўся? Ты ведаеш, што багамол гэты — былы паліцай?»

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]