Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:

25660-1

.pdf
Скачиваний:
21
Добавлен:
14.04.2015
Размер:
1.65 Mб
Скачать

Ішоў праз гароды дадому па снезе, у завею, калі ўсё навокал ахутала белая каламуць. І раптам у нейкі міг адчуў страх, што ідзе не туды, што не дойдзе, упадзе і ніхто не пачуе крыку, ніхто не знойдзе. Самая недарэчная смерць была б — за гародам сваім.

Однако ж,— уздыхнуў Шышка ці то ад таго, што прадаўшчыца не з'яўлялася, ці ад іншай цяжкасці.

Ні-нка! — гучна паклікала прадаўшчыца з прадуктовага аддзела.— Ідзі пальто адпусці!

Знала, што з-за дробязі Нінка не прыйдзе, а паліто — гэта выру-

чка.

Іван ведаў гэтую Нінку. Гультаяватая і юрлівая дзяўчына, адны хлопцы ў галаве. Мабыць, цалуецца недзе на складзе з сельпоўскім шафёрам, інакш чаго ёй так доўга там сядзець. Ніна — не добрынская, з «Іскры», і Хведзька Шчэрба, які чамусьці не любіў суседзяў, не прызнае новай прыгожай назвы сяла, па-старому называе — Кулагі, кулажцы, звычайна тыцкае пальцам: «Усе яны там, як Нінка етая,— гультаі і задавакі». Яго аспрэчваюць: «Як жа гэта яны калгас зрабілі лепшым у раёне?» — «Пашчаслівіла. Ды і папрашайкі вялікія. Дзяды іх ездзілі са смаленымі аглоблямі».

Іван пашкадаваў Тамару, якая адпускала прадукты. Тамара яго суседка, сяброўка Валі, пасля школы выйшла замуж, муж усё яшчэ з такімі, як яго Карней, футбол ганяе ці са старэйшымі ў кульдзюме піва цэдзіць, а яна ўзваліла на свае худзенькія плечы клопаты пра хворую свякроў, немалую гаспадарку — карова, куры — і працу ў сельмагу не пакідае, не працавала, пакуль у дэкрэтным была, ды і то хварэла — масціт за масцітам, Тася штодня хадзіла рабіць ёй масаж. Мабыць, баючыся масціту, яна ў цёплым закрытым світэры. Ёй горача. На бледным ілбе — пацеркі поту. Нездаровы пот. Звычайна іх працуе трое, прадаўшчыц, ды яшчэ часам і загадчыца памагае. А сёння ўсяго ўдзвюх. А працы ў нядзелю больш: паўгорада адпачываць прыязджае. Сапраўды горача будзе шчырай працаўніцы Тамары, маючы такую напарніцу. Каб гэта дзе ў іншым месцы — на полі, на таку, ён, Іван, абавязкова памог бы ёй. Дзіця. Ды і не зусім здаровая яшчэ. А дзяцей трэба берагчы. Ах як трэба берагчы!

На гэты раз перад вачамі стала маці. Яго маці, зусім маладая, ёй не было і трыццаці яшчэ; ён пачуў яе голас, як яна прасіла Аньку схавацца з ім, з Іванькам, пад печчу. Гэтага ўспаміну Іван асабліва баяўся.

Можа, ён застагнаў, можа, скрыгатнуў зубамі ці так узяўся за стол, што той са скрыгатам пасунуўся па падлозе. Не помніў. Але

ўспамінаў пасля, што на яго зноў азірнуўся Шышка, на яго паглядзелі з чаргі.

Ніна выйшла з-за парцьеры, што засланяла дзверы на склад, як актрыса, не працаваць — сябе паказаць: модная прычоска, падмаляваныя губы, бровы. Добрынцаў яна ігнаравала, ведаючы іх думку пра сябе, як бы помсціла ім, незнаёмых абслугоўвала акуратней, найбольш старалася перад сваімі, кулажцамі, дрэннай славы вельмі ж у роднай вёсцы баялася-такі.

Якое вам паліто? — спытала Ніна і пазяхнула, убачыўшы, што пакупнік стары і незнаёмы.

Мне не паліто, дачка. Мне розны тавар...

Які розны?

Платочкі розныя, касынкі. Мацір'яльчыку рознага. Туфелькі. Шчоб падарыць... Шчоб не хадзіць да радні з пустымі рукамі. Падарачкі ўсе любяць. І малыя, і старыя. Сама, нябось, любіш, каб табе дарылі?

Шышка загаварыў мнагаслоўна, весела, даверліва. І не па-руску, не па-сібірску, не так, як пытаў, ці ёсць хто ў аддзеле,— па-іхняму, па-добрынску; у кожнай вёсцы ёсць сваё адметнае вымаўленне, тыя

жкулажцы, жывучы за нейкія шэсць кіламетраў, пасміхаюцца з іх добрынскага «шчо», называюць іх «шчокаламі».

Івана і гэта непрыемна ўразіла, што паліцай, якога трэць стагоддзя назад назаўсёды выкрасілі са спісаў сяла і з памяці людской, загаварыў па-добрынску. Быццам дражніўся, здзекаваўся. Але тут жа ўразіла іншае — як Шышка купляе. З купецкім размахам. Яўна выстаўляе сваю грашавітасць, плюе ўсім у твар: во, маўляў, вам, вы мяне пахавалі, а я тут як тут, і не калекам вярнуўся, не з працягнутай рукой — з тугім кашальком, і грошы гэтыя не ўкраў, зарабіў, таму нікога не баюся.

Шышка адлажыў з дзесятак розных хусцін, некалькі шалікаў, чаравікі... Ніна ўбачыла, што пакупнік сур'ёзны, і прыветліва завіхалася ля яго: кідала на прылавак новыя рэчы, тканіну. Пачала размашыста, засланяючы сябе квяцістымі палотнішчамі, адмяраць штапель, паркаль...

Чыя ты, дачка?

Я — з Іскры,

Адкуль?

З Іскры.

Кулажачка,— засмяяўся нехта з хлопцаў у прадуктовай чарзе.

Не разяўляйся, шчокала няшчасны,— груба кінула яму Ніна, бо быў гэта адзін з яе паклоннікаў, якому яна дала адстаўку.

Шышка весела засмяяўся:

А-а, кулажская? То-та, я гляджу, ты вясёлая. Кулажцы ўсе вясёлыя.

А вы, дзядзька, адкуль?

Я? Я тутэйшы. Я свой. Божы страннік. Пахадзіў па свеце...

Паглядзеў людзей.

«Чаму я маўчу? — падумаў Іван з нейкім незразумелым страхам.— Нельга маўчаць! Тут маладыя. Яны не знаюць. Сказаць ім! Сказаць, хто ён, дзе і чаму хадзіў. «Божы страннік...» Ах ты!..» Але тут жа пахаладзеў ад думкі, што і прадаўшчыцы, і добрынцы, што стаяць у чарзе, ведаюць, хто гэта. Занадта многа было гаворкі ў апошнія дні аб звароце Шышкі, каб не здагадацца, хто завітаў у сельмаг і робіць такія пакупкі. Ведаюць — і маўчаць? Ніхто — ні слова. Больш таго: вось так увішна, зычліва, культурна абслугоўваюць; Нінка гэтая дзеля каго іншага, дзеля таго, хто прыйшоў з поля, з фермы, лянуецца лішні раз паварушыцца. Што ж гэта такое? «Ніхто не забыты, нішто не забыта». Выходзіць, забылі, даравалі? Засталася адна цікаўнасць. І паліцай зразумеў гэта, пакуль сядзеў тыдзень у нары. Не адзін, значыцца, сядзеў, меў дарадцаў. Няўжо ёсць такія? А жонка? А дачка? Сваякі. Ёсць! Ёсць! Няўжо ты, Іван, думаў, што ўсе праклялі яго? Не прыехаў бы ён сюды, каб яму не пісалі. Прыехаў, пасядзеў стоена, і вось смела вылез, смела выстаўляе сябе. І што яму зробіш?

Іван выцер мокрыя далоні аб штаны. Пры любой аварыйнай сітуацыі мозг яго, вочы, рукі, ногі дзейнічалі, як адладжаныя аўтаматы

імгненна, рашуча. А тут як бы нешта застопарылася, загасцілася, як поршань у маторы, і ўся машына замерла. Якая тут сітуацыя? Аварыйная? Для каго? Недарэчна ён застыў пасярод магазіна, учапіўшыся, як п'яны, у стол. Здалося, што людзі ў чарзе глядзяць не на Шышку, а на яго: што здарылася з Батраком? Ён як бы пераняў занятак Хведара Шчэрбы: той у вольны час гадзінамі аціраецца ў сельмагу, кажа, што вельмі любіць такім чынам вывучаць «пакупную здольнасць народа» — хто што купляе са сваіх, што купляюць украінцы і малдаване, якія прадалі памідоры ці віно ў Мінску, Рызе і вяртаюцца дадому, а заадно ўзяць ад людзей з розных краёў тыя навіны, якія не перадаюць ні радыё, ні тэлевізар.

Пераступаючы самлелымі, як не сваімі, нагамі, Іван адышоў да акна, у канец чаргі, да прадуктовага прылаўка.

Тамара прыветліва ківала яму яшчэ тады, як ён увайшоў. Цяпер яна, збянтэжаная, спытала:

Вам што, Іван Карнеевіч?

Тамары было ніякавата ад таго, што такі чалавек, муж акушэркі, якая ратавала яе і якой яна была вельмі ўдзячная, стаіць у чарзе. Да таго ж яна ведала, што са сваіх ніхто слова не скажа, калі яна адпусціць яму хлеб ці віно без чаргі. Па-першае, на час уборкі было ўказанне: механізатараў абслугоўваць без чаргі і прапаноўваць усе лепшыя дэфіцытныя тавары; па-другое, супраць Батрака ўвогуле ніколі ніхто нічога не сказаў бы, бо нікому ён не пераступіў дарогу, усім рабіў дабро. Ён і жонка яго.

Нічога, Тамара. Я пастаю з людзьмі. Выхадны. Няма чым заняцца.

Праўда, дайце чалавеку на людзей паглядзець. А то ў яго ад камбайна ды машыны ў галаве гудзіць, як у мяне ад веялкі. Бензінам прапах,— сказала Іванава равесніца Вольга Даніленка, якая ўвесь прыпар рабіла на таку, прымала збожжа, сушыла і веяла.

Тамары ўсё ж хацелася зрабіць Івану Карнеевічу нешта прыемнае. Яна адарвалася ад вагаў, падышла да яго і не вельмі прыцішана сказала:

Перадайце Таісе Міхайлаўне: прывезлі тое, што яна прасіла для Валі.

Што прасіла Тася, Іван не знаў. Ды наўрад ці дайшлі да яго свядомасці гэтыя словы. У галаву ўдарыла новая хваля крыві. Шышка!.. Ён паказаў пальцам, і Ніна зняла з верхняй паліцы... ляльку. О, якая лялька! З паўгадовае дзіця, з бялюткімі, як натуральнымі, косамі, з блакітнымі вочкамі, у яркай блакітна-ружовай сукенцы, у чырвоных чаравічках са шнурочкамі. Імпартная лялька гэтая доўга стаяла на паліцы на спакусу і зайздрасць дзецям, не адна малая ўчыняла тут «канцэрт», патрабуючы ў маці гэтую радасць. Але лялька «кусалася» — каштавала ажно васемнаццаць рублёў. Яе не купілі нават украінцы і малдаване, везучы з поўначы па торбе грошай. Яе купляў Шышка, каб падарыць нейкаму дзіцяці, паказаць сваю дабрыню і шчодрасць.

Іван увесь абліўся потам. Хацелася крыкнуць: «Не прадавайце яму лялькі! Не мае права адорваць дзяцей! Ён жа забіваў дзяцей! Людзі! Няўжо вы не знаеце? Ці забыліся?»

Але хіба закрычыш такое? Сапраўды, гэтыя людзі могуць не знаць. Забыліся. Не, такое нельга забыць! Нельга не знаць! Вольга, напрыклад, хіба яна не помніць, яна ж яго равесніца? У першыя пасляваенныя гады пра расстрэл партызанскіх сем'яў многа гаварылі. Настаўнікі на ўроках расказвалі. У дзетдомаўскай школе на ўроку літаратуры ім далі сачыненне: апісаць фашысцкія зверствы, якія яны, дзеці-сіраты, помняць. Ён нічога не папісаў, аддаў чысты сшытак.

Маладая настаўніца вельмі здзівілася: «Ты, Батрак, нічога не помніш?» Але адзнакі не паставіла. Можа, ёй хто сказаў, што Ваня Батрак помніць залішне многа. Можа, здагадалася сама, што помніць ён такое, пра што не можа напісаць.

Пасля таго як Шышка сунуў ляльку ў сваю жоўтую торбу, быццам забіў яе, жывую, і пахаваў, каб не бачылі людзі. Іван зусім знясілеў і толькі выцер аб штаны далоні, якія цяпер пацелі ўвесь час, бы бясконца працягвалася аварыйная сітуацыя. І дыхаць яму было цяжка; Вольга Даніленка павярнулася, сказала:

Ты, Карнеевіч, прастуджаны, ці што? Пыхціш, як кавальскі мех. Каньячку купі, з чайком памагае. Не скупіся. Куды табе грошы дзяваць? Кажуць, твая Міхайлаўна на машыну збірае. На чорта табе тая машына? На саўгасных не наездзіўся?

Тут, завяршыўшы пакупкі ў прамтаварным аддзеле, падышоў Шышка і стаў у чаргу, абвясціў усім, хто ўвайшоў пазней:

Я занімал за этой дзевушкай.

І чарга насцярожана змоўкла, рассунулася, адны падаліся ўперад, другія адступілі назад, даючы яму месца прасторнае; тыя, хто апынуўся побач, яўна не жадалі датыкацца да яго.

Іван убачыў гэта, зразумеў, што людзі ведаюць, хто ўціснуўся паміж імі, помняць мінулае, і яму зрабілася лягчэй ад такой людской салідарнасці, удзячнасць да іх сагрэла яго захаладалае нутро.

Чарга на нейкі час змоўкла, як змаўкае любая кампанія блізкіх людзей, калі ў ёй з'яўляецца чужак. А пасля чарга як бы ўзлавалася, так часам злуюць хаўруснікі парушанай бяседы, і часта злосць скіроўваюць не на таго чужака, што завітаў няпрошаны-нязваны, а на каго-небудзь са сваіх.

Унучка старога Дубадзела, глуханямая Наташа, купляла ажно пятнаццаць кілаграмаў цукру. Не хапала гіраў, і Тамара пайшла з навалачкай на склад, каб зважыць там на вялікіх вагах. Магчыма, гэта і абурыла чаргу.

Куды ета людзі па столькі цукру бяруць?

Праўда. Трэба норму ўстанавіць. А то некаторыя мяшкамі цягаюць.

Вам цукру шкада? Дзякуй богу, хапае.

Падвозіць не паспяваюць. У сельпо адна машына, а колькі магазінаў...

Тут эшалона не хопіць, калі па столькі будуць браць.

Украінцы кажуць: буракі ў гэтым годзе не вельмі ўрадзілі.

Фідэль падкіне. Трасніку хапае, яго ні садзіць, ні палоць не трэба. Сам расце.

Думаеш, з трасніку цукар сам сыплецца? Бачыў па тэлевізары, як сякуць той траснік. У нас з такімі шаблямі ніхто не пайшоў бы ўжо. Да машын прывыклі людзі. Ета, можа, цяжэй, чым касой памахаць.

Наташка! Шчо ты будзеш дзелаць з цукрам?

Наталка глядзела вялікімі прыгожымі вачамі і ківала галавой, што не разумее.

Стары Дубадзел знае, што дзелаць. Дзедуган-хітруган. Пчол корміць. Цукар па семдзесят восем капеек, а мядок — па шэсць рублёў. Еты ж цукар ты ў яго і купіш, толькі перамешаны з пчаліным г... За г... і заплаціш шэсць рублікаў.

Засмяяліся.

Смех даў зразумець нямой, што гавораць пра яе і пра дзеда, якога яна любіла, смяюцца з іх. Таму пачала па-свойму, жэстамі, горача тлумачыць, што цукар трэба, каб зварыць варэнне, выраслі во такія грушы — Наталка склала два кулакі — і гніюць.

А нашто табе тое варэнне? У твайго дзеда мёду бочкі. Мёду, кажу, во якія бочкі! Глядзі, засахарыцеся,— выразна і смешна даводзіла нямой Вольга.— А потым пад дажджом растанеце. Ці абліжуць вас. Ага! А што ты думала? Во так возьмуць і абсмокчуць мядовага дзеда...

У чарзе паблажліва смяяліся з Вольгінай размовы з нямой. І раптам знайшоўся абаронца — Шышка:

Не обижайте калеку. Ее бог обидел.

Змоўкла чарга, як стаілася. Ніхто — ні слова. Нават вострая на язык Вольга Даніленка нічога не сказала, толькі вачамі бліснула, на Івана зірнула, як бы спытала: пляснуць мне гэтага гада ці лепш не чапаць падлу, каб не смярдзела? Зразумела, мабыць, што лепш не чапаць, хоць Іван нічога не адказаў вачамі, хіба толькі падзякаваў за яе гнеў да Шышкі.

Ніхто нямую крыўдзіць не думаў і ніколі не крыўдзіў. І Дубадзела старога паважалі. На мёдзе ён, праўда, добра зарабляе. Але не жмот, не скупярдзяй. Заўсёды пачастуе гэтым мёдам, а калі ў каго дзіця захварэе — сам нясе мёд, асобы, ліпавы, лекавы. Памагае іншым пчолы разводзіць, часам бясплатна аддае адсаджаныя раі. Праўда, кажуць, Астаповіч яму прэміі выплачвае за пчолы і за тое, што ўгаворвае добрынцаў разводзіць іх, вучыць даглядаць. А яшчэ Дубадзел лепшы пячнік, можа, адзіны такі майстар на ўсё наваколле. Такіх заўсёды шануюць. Безумоўна, былі такія, што зайздросцілі даходам старога, але гэта з тых, каторыя самі мала што ўмеюць. Вольга да іх не належала. Вольгіны словы — звычайная мешаніна вясковых жартаў з

добразычлівай суседскай крытыкай; такія адносіны паміж добрынцамі, чужому чалавеку іх нялёгка зразумець бывае.

Івану хацелася зайсці наперад і глянуць у твар усім іншым, хто стаіць у чарзе, маладзейшым: ці ведаюць яны? ці помняць? ці адносяцца да паліцая гэтак жа, як Вольга? А можа, яны змоўклі проста з-за павагі да старога незнаёмага чалавека?

У сельмаг уваходзілі новыя людзі, колькі чалавек, чужых, падарожнікаў, прайшло ў прамтаварны аддзел, свае, добрынцы, станавіліся ў чаргу, за Іванам. Увайшла Адарка Канаплёва, па-вулічнаму — Пліска. Павіталася па-старому, па-вясковаму, што мала ўжо хто рабіў, калі заходзіў у грамадскія будынкі. Адарка рабіла гэта не без хітрасці: каб потым папрасіць прапусціць яе, старую, без чаргі. Сапраўды, яна прайшла наперад, агледзела паліцы — што там ёсць, быццам намервалася купляць вельмі многа, хоць купляла яна, адзінокая, не многа: буханку хлеба, паўлітра алею... Некалі Іван не любіў гэтую жанчыну. Ды не толькі ён. Маладзейшая — была яна сварлівая, брахлівая, пляткарыла многа. Калі ён ажаніўся, Пліска плёткі пра Тасю распускала, і яму прыйшлося пагразіць ёй. Але лёс яе быў цяжкі: муж — неўдалюга, сухарукі з маленства, алкаголікам зрабіўся і, п'яны, трапіў пад машыну, тут жа, на шашы, каля кульдзюма. Сын Сяргей нішто хлопец быў, ціхмяны — не ў маці, здзіўляў сваіх аднагодкаў, што ў рот не браў ні гарэлкі, ні віна, жартавалі: «Яго норму бацька выпіў», электрыкам у саўгасе рабіў, на здароўе сваё нікому не скардзіўся, а гады тры назад трапіў у бальніцу і не выйшаў адтуль — памёр ад нефрыту. Пасля такой страты Адарка заняпала, пастарэла і... аглухла. Ад гэтага яна зрабілася яшчэ больш шумная: не гаварыла — крычала і была бесталковая — часта пляла бязглуздзіцу. Некаторыя казалі, што Пліска хітруе — спекулюе глухатой, але большасць шкадавала небараку. Тая ж Тася, якая некалі плакала ад дурных Плісчыных плётак, цяпер абараняла яе: «Божа мой, якая там ужо хітрасць! Пра што вы кажаце!»

Сквапна агледзеўшы прадукты на паліцах, Адарка павярнулася да людзей, каб вызначыць, хто можа запярэчыць, калі яна пачне купляць без чаргі, а хто, добры і аўтарытэтны, падтрымае яе. Убачыла Івана — здзівілася, як бы ўстрывожаная:

Іваначка, і ты стаіш? — усё ведала.— Тамарачка, Астаповіч жа загадаў механізатарам без чаргі адпускаць.

Але тут жа ўбачыла Шышку, доўга ўзіралася ў яго, ажно пакуль той не ўсміхнуўся ёй і сам не азваўся:

Не пазнаеш, кума Адарка?

І яна як бы ўзрадавалася, што яе пазналі праз столькі год — быццам вярнулі ў маладосць, пляснула ў далоні, войкнула:

Рыгорка! Чы ты, чы не ты ета? А божачка мой! А мне кажуць: кум твой вярнуўся. А я — не веру. З таго свету, думаю, не варочаюцца.

Цяпер уся чарга глядзела на іх. Маладзейшыя, хто ведаў Пліску, глядзелі з усмешкамі, чакаючы вясёлага прадстаўлення. Іван — зноў са страхам. Няўжо гэтая старая стрэне паліцая па-чалавечы, ласкава? Кум. Кума. Ёсць і такія, выходзіць, акрамя блізкіх сваякоў. А ён і не знаў, што Канаплёвы куміліся з Шышковічамі. У вайну, безумоўна. Хто ж у каго хрысціў? Яна, Пліска, у Шышкі? Што магло звязаць такіх розных людзей у той час?

Дай жа, Рыгорка, я цябе пацалую.

Шышка паставіў на падлогу торбу і ступіў насустрач Адарцы, з радасцю расставіўшы рукі.

Іван глядзеў яму ў спіну, але і са спіны ўбачыў яго радасць, яна і на спіне адбілася. Яшчэ б! У такім людным месцы яго, катаржніка, так сустракае прадстаўніца старых добрынцаў — тых, якія ўсё бачылі, усё помняць. Значыцца, не лічаць яго злачынцам.

УІвана зноў захаладала ўсяродку, і зноў яму зрабілася страшна

за самога сябе.

Яны абняліся і тройчы, крыж-накрыж, пацалаваліся. Нехта з маладых пажартаваў:

— Не развучыліся.

У чарзе засмяяліся. Але ні Шышка, ні Пліска не звярнулі на гэта ўвагі. Яны глядзелі адно аднаму ў твар, перажывалі радасць сустрэчы да слёз, якія затуманілі іх старыя вочы.

Як жа ты, Рыгорка?

Нічога, кума, жывы, як бачыш. Бог літасцівы.

А мы ж цябе, Рыгорачка, было пахавалі. Я, грэшная, сама ў царкве свечачку за ўпакой ставіла.

Бог літасцівы,— зноў паўтарыў Шышка.— Не даў загубіць бязвінную душу.

«Бязвінную? Гэта ты бязвінны?» — Івану здалося, што ён не вытрымаў — закрычаў на ўвесь магазін.

Калі жывеш з богам у душы, то ўсявышні не дасць цябе на расцярзанне... Як сказана ў евангеллі: «Призову достопоклоняемого господа и от врагов моих спасусь».— З гэтымі словамі Шышка вярнуўся да сваёй жоўтай торбы, нахіліўся, дастаў адтуль хустку-гаруску, спрытным, умелым рухам кінуў яе на плечы Адарцы.

Табе, кума, ад мяне...

Пліска ажно заружавелася, як маладуха. Даўно не атрымоўвала такіх падарункаў.

Спасібачка табе, Рыгорка, такі падарак! Спасібачка, дара-

жэнькі!

Івану вочы засланіла сінім туманам. Чаму сінім? Пасінелі твары. Пасінеў хлеб на паліцы... Што гэта? Так страчваецца адказнасць за свае ўчынкі? Але ж ён можа нарабіць бяды дзецям, Тасі. Тасі! Задыхаючыся, быццам вакол яго не стала паветра, ён рушыў за дзверы, на вуліцу, дзе ззяў жнівеньскі дзень і ішло звычайнае жыццё. Чалавечае.

Іван не чуў, што Вольга Даніленка не вытрымала — сапсавала кумам сустрэчу, сурова і злосна сказала Шышку!

Ты хаця б бога не чапаў.

Я яго не чапаю, дачка. Бог у мяне ў душы. Цвярдыня мая і ізбавіцель мой...

Каб я не знала тваю дачку, то сказала б, хто твая дачка. Дачка! Крый божа мець такога бацьку!

Адарка абурылася была:

Чаго ета ты дзікай кошкай кідаешся на людзей? Ігнат над рэбры надаваў, ці шчо?

А ты, старая кайстра, памаўчы, калі табе анучкай мазгі

закрылі!

Сварлівая, крыклівая Пліска, убачыўшы, як сцяўся, згорбіўся кум, адвярнуў морду ад людзей на пляшкі з алеем, слова не сказаў на Вользін наскок, таксама змоўкла, адышла ў прамтаварны аддзел, магчыма, паглядзела, колькі каштуе хустка, якую падарыў Шышка, і непрыкметна, нічога не купіўшы, выслізнула з магазіна.

9

— ...Пасля сустрэчы з бацькам я пазбягаў паліцаяў. Я іх баяўся. Не таму баяўся, што яны паліцаі, фашысты, тады яны яшчэ нікога не застрэлілі. Я баяўся добрынскіх. Панімаеш? Мне здавалася, што калі яны зноў павядуць мяне ў школу і будуць добрыя, будуць вучыць страляць з пісталета і частаваць мёдам ці нямецкімі цукеркамі, то я...

як бы табе сказаць?.. разгублюся, ці што, і па вачах маіх, па тым, як я буду хаваць іх, вочы свае, яны здагадаюцца, што я знаю, дзе бацька. Што біць будуць — не баяўся, па-дзіцячы верыў, што — як бы мяне ні лупілі — нікому не выдам тайны, якую даверылі мне, як вялікаму, роўнаму сабе, бацька і матка. А ласкавасці юдавай, як казаў дзед Качанок, баяўся. Угледжу Шышку ці Лапая і, што кот ад сабак, кідаюся ў любую падваротню, у чужы двор, залажу ў якую хочаш шчыліну...

Яшка Качанок смяяўся з мяне, называў зайцам, яшчаркай, удодам. Чаму ўдодам — не знаю, удод не больш палахлівы, чым іншыя птушкі. Можа таму, што ўдод ванючы, мянушка гэтая крыўдзіла. Мне, сыну партызана, слухаць такія папрокі? Яшка, як дзед яго, выстаўляў сваю смеласць, нарошна праходзіў міма школы, дражніў паліцэйскага сабаку, свістаў у два пальцы. Было, што паліцай пацягнуў яго шомпалам, і Яшка пасля гэтага зусім задраў нос, хадзіў, што герой, лаяў немцаў і паліцаяў на поўны голас. Усё знаў і пра ўсё ўмеў пагаварыць так, як дзед яго. Ты што?

Нічога, Ваня. Я, відаць, усміхнулася. Так? Я падумала пра Качанка — што і тады ўжо ён быў Качанком. У сем гадоў.

А-а. Не. Ён быў таварыскі хлопец. А пагаварыць любіў. Гэта ў яго ад дзеда. Адзін раз не сцярпеў я, калі ён назваў мяне трусам, і змазаў яму па мордзе. Закрычаў: «Да ты знаеш, хто...» Ды тут жа прыкусіў язык і разроўся, як малы. Не ўсміхайся, калі ласка. Гэта так: ніхто з нас не лічыў сябе малым — бацькі былі на вайне, а мы гаспадарылі. Асабліва я. У яго, у Яшкі, у хаце ўсё ж дзед быў хоць і хворы, але наравісты, крыклівы, усімі камандаваў. А я — адзіны мужчына на два двары: на свой і на бабін, якая жыла з цёткай Хвядорай. Баба ў нас была разумная, яна наўмысля раілася са мной, як з вялікім, частавала, як мужчыну. Мама, канечне, абыходзілася, як з малым, цяжэйшую працу старалася зрабіць сама, смачнейшую ежу аддавала нам. Раней мама магла паганяць мяне, ручніком шлёпнуць, накрычаць... А ў тую вось... у тую восень... Не глядзі на мяне так. І не смейся, калі я заплачу. Я магу заплакаць...

Што ты, Ваня! Як я магу смяяцца?

Ты ніколі не бачыла, як я плачу. Калі прыйшла ты, я ніколі не плакаў. У мяне ўсё было добра. Дома. На рабоце. Не, ты знаеш, я плакаў. Ад радасці. Калі выпіваў і п'янеў ад шчасця... ад таго, што ты са мной... што дзеці ў нас харошыя... Калі Карней зламаў руку на велагонках, я так гнаў машыну, а ён, ён нічога... ляжыць вясёлы. «Нахіліся, кажа, тата...» І пацалаваў. Ты ж знаеш, Карней — не Валя, скупы на ласку, на словы. Во тады я заплакаў і спужаў яго, яму здалося, што здарылася другая бяда. Але пачакай. Аб чым я гаварыў?..

Пра Яшку.

Ах да... У яго добрае сэрца... Балбатлівы, як дзед. Задавака. Такі ён і тады быў. Але калі я, даўшы яму па мордзе, заплакаў сам, ты знаеш, ён пачаў прасіць, каб я прасціў яму. І мы пакляліся, што будзем дружыць вечна. Ён хацеў паліць на агні руку, каб даказаць сваю дружбу. Гэта я запомніў. Мы сядзелі ля вогнішча ў глінішчы за ветраком, пяклі ў прыску бульбу. Качанок, можа, забыўся, а я дагэ-

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]