Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Дапаможнік БЕЛ. МОВА.doc
Скачиваний:
15
Добавлен:
06.11.2018
Размер:
6.7 Mб
Скачать

Сімяон полацкі

(1629 —25.8.1680 гг.)

Сапраўднае імя гэтага славутага палачаніна – Самуіл Гаўрылавіч Пятроўскі-Сітніяновіч, у манастве Сімяон. Беларускі і рускі пісьменнік, філосаф-асветнік, педагог, тэолаг, грамадскі і царкоўны дзеяч. Паходзіў, як мяркуюць даследчыкі, з купецкага саслоўя. Пачатковую адукацыю атрымаў у Полацку. У Кіеве атрымаў званне «дыдаскала» (настаўніка). Пісаў тады паэт на старабеларускай, старапольскай і лацінскай мовах (першыя творы, што дайшлі да нашых дзён, пазначаны 1648 годам). Большасць польскіх і лацінскіх яго вершаў належаць да так званай школьнай паэзіі. Тады паэтычны талент пісьменніка выявіўся пераважна ў свецкай тэматыцы, у кантрастнай вобразнасці, спецыфічнай для паэтычнай культуры барока. Пазней, як мяркуюць даследчыкі, Полацкі вучыўся ў Віленскай езуіцкай акадэміі. У Вільні Сімяон вывучаў рыторыку, тэарэтычную і практычную паэтыку, натурфіласофію і этыку. Якраз тады (1654) пачалася вайна Расіі з Рэччу Паспалітай, якая працягвалася з перапынкам да 1667 г. У такіх трагічных умовах закончыўся беларускі перыяд творчасці Сімяона Полацкага.

Каля 1656 г. Сімяон вярнуўся ў родны Полацк, прыняў праваслаўнае манаства і настаўнічаў у брацкай школе пры Богаяўленскім манастыры. Сімяон стварыў там тэатр, пісаў для яго п’есы, але галоўным ягоным захапленнем заставалася паэзія. Характэрная рыса яго паэтычных твораў полацкага перыяду – патрыятызм, любоў і пашана да свайго народа, да роднага горада і краю.

Чалавек па натуры дзейсны, працавіты, ён выкарыстаў усе магчымасці для грамадскага і літаратурнага самавыяўлення. Былі ў яго жыцці хвіліны адзіноты і тугі, і тады пісаліся вершы-маленні з элегічным настроем. Пісаў ён пераважна па-беларуску, кніжным урачыстым стылем, набліжаным да царкоўнаславянскай мовы.

Пад час прыезду цара Аляксея Міхайлавіча ў Полацк і Віцебск Сімяон прадэманстраваў свой паэтычны дар расійскаму манарху. Зімой 1664 г. Сімяон Полацкі прыняў запрашэнне пераехаць у Маскву. Меркаваў, што часова, а сталася — назаўсёды. Яму было даручана стварыць пры адным з маскоўскіх манастыроў лацінскую школу для падрыхтоўкі служачых Тайнага прыказа – асабістай канцылярыі цара. Пісьменніка пасялілі побач з царскімі палатамі і залічылі на дзяржаўнае забеспячэнне. Ён стаў разам з вучоным візантыйцам Паісіем Лігарыдам дарадцам цара па царкоўных справах, перакладчыкам і рэдактарам. Яго запрашалі на прыдворныя ўрачыстасці, дзе паэт чытаў свае віншаванні ў вершах.

Уплыў паэта на царскі двор асабліва ўзмацніўся пасля 1667, калі ён быў прызначаны выхавальнікам і настаўнікам царскіх дзяцей. Галоўны клопат беларускага пісьменніка ў Маскве – педагагічныя, асветніцкія і выдавецкія справы. Яму ўдалося ажыццявіць сваю даўнюю мару – заснаваць пры царскім двары («наверсе») так званую «Верхнюю друкарню». Гэта была першая ў Расіі незалежная ад царквы друкарня. Сярод надрукаваных у ёй кніг – падручнік для дзяцей «Буквар мовы славенскай», «Псалтыр рыфматворны». За палітычнай і царкоўнай барацьбой пісьменнік не забываў пра сваё наканаванне – літаратурную творчасць. Амаль штодзённа ён пісаў па сшытку вершаў, п'ес, твораў прамоўніцкай прозы. Яго царкоўныя «словы» і казанні служылі падручнікам для рускіх епіскапаў і святароў ніжэйшых званняў. Зборнік вершаў «Вертаград мнагацветны» (у перакладзе на сучасную мову – «Сад шматколерны») на той час служыў для рускай публікі сапраўднай энцыклапедыяй ведаў па гісторыі, антычнай міфалогіі, натурфіласофіі, тэалогіі, маралі і хрысціянскай сімволіцы.

Хоць паэт і вучоны Сімяон Полацкі быў пад абаронай цароў, жылося яму ў Маскве несалодка. Прыгняталі паэта і вярхі афіцыйнага праваслаўя, і жорсткія маскоўскія парадкі. Але і ў той задушлівай, гнятлівай атмасферы палачанін мужна і аддана служыў асвеце. Ён стаў першым у Расіі прафесійным пісьменнікам, перакладаў з латыні і польскай мовы, літаратурна апрацоўваў папулярныя тады свецкія і царкоўныя творы, удзельнічаў у падрыхтоўцы поўнага перакладу расійскай Бібліі. Сімяон Полацкі напісаў праект першай у Расіі вышэйшай навучальнай установы, паводле якога потым стваралася маскоўская Славяна-грэцка-лацінская акадэмія. Яе студэнт Міхайла Ламаносаў упершыню пазнаёміўся з вершаскладаннем менавіта па творах Сімяона Полацкага. Полацкі стаяў ля вытокаў першага ў Расіі тэатра, створанага ў 1672 годзе пры царскім двары, сам напісаў і паставіў у ім дзве першыя п’есы, набраўшы трупу з беларускіх артыстаў.

Пісьменнік памёр на 51-м годзе жыцця, але след, пакінуты ім, вельмі значны. У спадчыну нам засталіся 50 тысяч радкоў паэтычных твораў Полацкага . Больш за тое, вучоны палачанін славуты сваімі паэтычнымі эксперыментамі – фігурнымі вершамі (ці так званымі геаметрычнымі) – у выглядзе крыжа, зоркі, сэрца або стужкі серпанціну…

(Паводле Л.У.Званарова, У.М.Конана, У. Арлова)