Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Дапаможнік БЕЛ. МОВА.doc
Скачиваний:
15
Добавлен:
06.11.2018
Размер:
6.7 Mб
Скачать

Мялецій сматрыцкі (свецкае імя Максім Герасімавіч; каля 1578—27.12.1633)

Грамадска-палітычны і царкоўны дзеяч, пісьменнік. Нарадзіўся ў мястэчку Смотрыч (цяпер Дунаявецкі раён Хмяльніцкай вобласці) у шляхецкай сям'і. Пачатковую адукацыю атрымаў пад кіраўніцтвам бацькі — вядомага палеміста, аўтара антыкаталіцкіх твораў, рэктара Астрожскай школы. Скончыўшы філасофскі факультэт Віленскай езуіцкай акадэміі, Сматрыцкі займаўся педагагічнай дзейнасцю ў праваслаўных брацкіх школах Вільні, Мінска, Кіева. Паводле Баркалабаўскага летапісу, князь Б.Саламарэцкі па рэкамендацыі К.Астрожскага ў 1600 г. запрасіў Сматрыцкага настаўнікам да свайго сына Багдана. 3 гэтага часу Сматрыцкі надоўга звязаў свой лёс з сям'ёй памянёнага князя, часта жыў у яго маёнтках Саламарэчча пад Мінскам і Баркалабава на Магілёўшчыне. Разам з сынам князя ён прадаўжаў адукацыю ў розных гарадах Сілезіі, Славакіі, Германіі, слухаў лекцыі ва універсітэтах Лейпцыга, Нюрнберга, Вітэнберга, дзе жыў і прапаведаваў Мартын Лютэр. Відаць, за мяжой Сматрыцкі атрымаў ступень доктара медыцыны, пра што сведчыць тытульны ліст яго «Апалогіі» (1629, Львоў). Вярнуўшыся з-за мяжы, Мялецій жыў у таго ж князя пад Мінскам.

У той час ішло бязлітаснае змаганне дзвюх цэркваў – каталіцкай і праваслаўнай. Уключыўшыся ў гэту барацьбу, Сматрыцкі напісаў шэраг брашур, у якіх не прызнаваў правамоцнасць уніі, даваў парады пра спробы супраціўлення распаўсюджванню уніяцкага веравызнання, садзейнічаў стварэнню ў Мінску праваслаўнага брацтва. Антыезуіцкая накіраванасць яго твораў і дзейнасці выклікала да Сматрыцкага павагу і давер насельніцтва, якое бачыла ў яго асобе свайго абаронцу. Адзін з лепшых яго тагачасных твораў па змесце, форме і перадачы пачуццяў – «Трэнас, альбо Лямант усходняй царквы» (1610), за прыгожы і вобразны стыль якога Сматрыцкага называлі Златавустам. У цэнтры вобраз праваслаўнай маці-царквы, якая плача і пакутуе. У ім адлюстраваны трагічны лёс народа, разбурэнне жыцця грамадства, смута і спусташэнне ў краі. Гэты плач і пакуты —трагедыя народа, які плача ад бяссілля ў няроўнай барацьбе з тонка спланаваным і арганізаваным каталіцка-уніяцкім наступам, ад гаротнага становішча і пакут праваслаўных, што церпяць ганенні, ад пагрозы разбурэння дзяржавы і гібелі ў ёй няпольскіх народаў. Галоўная тэма «Трэнаса...» — усебаковая крытыка каталіцкай царквы ад яе догматаў да маральнага абрысу яе святароў. Пасля выдання «Трэнаса...» паводле ўказа Жыгімонта III на праваслаўнае брацтва абрынуліся рэпрэсіі: яго друкарня была зачынена, кнігі і шрыфт знішчаны, накладзены штраф у 5 тыс. злотых, карэктар Л.Карповіч быў зняволены ў турму, аўтара ад пакарання выратаваў псеўданім (Феафіл Арфалог). Сіла довадаў, логікі і пачуццяў «Трэнаса...» была такая, што яго прыцягальная моц не страціла свайго значэння на працягу ўсяго стагоддзя. Твор захоўвалі, перадавалі з пакалення ў пакаленне, перапісвалі ад рукі.

Сваю антыкаталіцкую дзейнасць Сматрыцкі працягваў і надалей. Пасля смерці Карповіча ён быў абраны настаяцелем Святадухаўскага манастыра, узначаліў праваслаўнае брацтва ў Вільні. Яго дзейнасць як педагога і вучонага-філолага на працягу ўсяго жыцця была цесна звязана з праваслаўнымі брацтвамі ў Вільні, Мінску, Кіеве. У брацкіх школах ён выкладаў стараславянскую, грэчаскую і лацінскую мовы, быў рэктарам брацкай школы ў Кіеве (1616-17 гг.). Абагульненнем навуковай працы і педагагічнай практыкі Сматрыцкага з'явілася «Грамматики славенския правилное синтагма», выдадзеная ў Еўі (каля Вільні) у 1619 г. Яе выданнем Сматрыцкі фактычна працягваў барацьбу супраць польска-каталіцкага засілля, адстойваў і сцвярджаў правы беларусаў на захаванне сваёй мовы як асновы культуры, спрыяў умацаванню нацыянальнай самасвядомасці, абараняў мову і самабытную культуру ад нападкаў каталіцкіх палемістаў. 3 выданнем «Грамматики...» гаворка пра беларускае пісьменства з абстрактнай катэгорыі станавілася практычным здабыткам народа. На першае месца ён ставіў практычнае прызначэнне — навучыць правільна гаварыць і пісаць. Па аналогіі з грэчаскай мовай Сматрыцкі падзяліў граматыку на арфаграфію, этымалогію, сінтаксіс і прасодыю. Менавіта Сматрыцкі ўвёў 10 знакаў прыпынку, якія захаваліся да нашага часу. Захоўвае сваё значэнне да нашага часу і знойдзеная Сматрыцкім галоўная прыкмета падзелу дзеясловаў на спражэнні. Сматрыцкі падводзіць вынікі і сцвярджае, што на стараславянскай мове можна ствараць паэтычныя творы. Ён прапануе правілы вершаванага мастацтва, уводзіць метрычны размер, што спрыяла вызваленню ад сілабічнага ладу, чужога ўсходнеславянскім мовам. «Грамматика...» абагульніла ўжо вядомыя і стварыла новыя правілы і законы выкарыстання моўных форм. Пра высокі ўзровень граматычнай думкі, выказанай Сматрыцкім, сведчыць сам факт захавання навуковага значэння яго «Грамматики...» на працягу амаль 150 гадоў.

Мялецій Сматрыцкі займае значнае месца ў гісторыі грамадска-палітычнай думкі Беларусі і Украіны 1-й чвэрці 17 ст. як рэлігійны дзеяч, таленавіты пісьменнік-публіцыст, як філолаг і педагог. Яго біяграфія – цікавая старонка тагачаснай гісторыі Беларусі. Больш за 30 гадоў ён жыў у розных гарадах і мястэчках Беларусі, у Вільні – цэнтры нацыянальна-рэлігійнага і грамадскага руху як актыўны яго ўдзельнік і сведка цяжкай і ўпартай барацьбы «русінаў» за сваё выжыванне. Апошнія гады жыцця правёў у Дзерманскім манастыры. Лісты таго часу адлюстроўваюць яго душэўны неспакой і разгубленасць.

(Паводле К.С. Пракошына)