Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Дапаможнік БЕЛ. МОВА.doc
Скачиваний:
15
Добавлен:
06.11.2018
Размер:
6.7 Mб
Скачать

Статуты вялікага княства літоўскага

Статуты Вялікага княства Літоўскага – зводы законаў феадальнага права эпохі Вялікага княства Літоўскага. Вядомы тры рэдакцыі Статутаў – 1529, 1566, 1588 гг. У іх атрымалі юрыдычнае замацаванне асновы грамадскага і дзяржаўнага ладу. Тут адлюстравалася багатая праўная культура беларусаў, якая бярэ свой пачатак з часоў Полацкага княства, а таксама дасягненні еўрапейскай юрыдычнай думкі.

Першы Статут Вялікага княства Літоўскага (1529 г.) – звод законаў феадальнага права, які дзейнічаў у ВКЛ у сярэдзіне 16 ст.. Статут склала камісія пад кантролем канцлера ВКЛ А.Гаштольда (ёсць меркаванні, што ў складанні Статута прымаў удзел Ф. Скарына). Ён быў зацверджаны на Віленскім сейме 29 верасня 1529 г. У аснову Статута складальнікі заклалі такія прынцыпы, як суверэннасць дзяржавы , адзінства права, прыярытэт пісанага права, у склад дакумента было ўведзена шмат новых прававых норм, у якіх адлюстраваны тагачасныя таварна-грашовыя адносіны, уключаны нормы дзяржаўнага, адміністрацыйнага, грамадзянскага, сямейнага, крымінальнага, судова-працэсуальнага і інш. галін права.

Упершыню Статут 1529 г. надрукаваны ў 1841 г. у Познані ў «Зборы літоўскіх законаў з 1389 да 1529 гг.» (лацінскім шрыфтам), у 1854 г. – кірыліцай у Маскве.

Другі статут Вялікага княства Літоўскага дзейнічаў у Беларусі і Літве ў 1566 –88 гг., а на Правабярэжнай Украіне і ў 17 – 18 стст. У аснову яго пакладзены Статут 1529 г., дапоўнены новымі палажэннямі, якія адлюстроўваюць змены ў грамадска-палітычным жыцці Вялікага княства Літоўскага. Складальнікі Статута надалі яго нормам аднастайную і сучасную, на той час, форму і прававую тэрміналогію (беларускую), зразумелую для большасці насельніцтва, што спрыяла ўмацаванню сярод шляхты і мяшчан павагі да закона і дзяржавы. Статут напісаны на беларускай мове, быў перакладзены на лацінскую і польскую мовы. Упершыню надрукаваны ў 1855 г. у Маскве.

Трэці статут Вялікага княства Літоўскага дзейнічаў у ВКЛ з 1589 г. Крыніцы для распрацоўкі Статута 1588 г. – Статуты ВКЛ 1529 і 1566 гг. Статут 1588 г. падрыхтаваны на высокім тэарэтычным узроўні кваліфікаванымі прававедамі пад кіраўніцтвам канцлера ВКЛ А.Б.Валовіча і падканцлера Л.І. Сапегі. У Статут увайшлі нормы дзяржаўнага (канстытуцыйнага) права, чаго на той час не было ў заканадаўчай практыцы іншых еўрапейскіх дзяржаў. Ён абагульніў тагачасныя дзяржаўна-прававыя ідэі, некаторыя з іх апярэджвалі свой час. У Статуце знайшла адлюстраванне тэорыя падзелу ўлад на заканадаўчую (сойм), выканаўчую (вялікі князь, адміністратыўны апарат) і судовую (Трыбунал ВКЛ, земскія і падкаморскія суды, выбарныя і незалежныя ад адміністрацыі). Вольныя людзі паводле закону ні за якое злачынства не маглі быць аддадзены ў вечную няволю. Кожны вольны чалавек меў права выехаць за мяжу, калі гэта не рабілася на шкоду Бацькаўшчыне. Грунтоўна было распрацавана ў Статуце крымінальнае права. Уводзілася прэзумпцыя нявінаватасці, паводле якой чалавек не лічыцца злачынцам, пакуль яго віна не даведзена судом. Закон усталёўваў адказнасць шляхціца за забойства простага чалавека, прадугледжваў больш суровую кару за злачынствы супраць жанчын. Параўнальна з іншымі еўрапейскімі краінамі сістэма пакарання была больш гуманнай: вызваляліся ад крымінальнай адказнасці падлеткі да 18 гадоў, псіхічна хворыя людзі. Статут 1588 г. быў ці не першым у Еўропе праўным кодэксам, які рашуча абараняў прыроду, каштоўных звяроў і птушак.

Ва ўсіх Статутах назіраецца адступленне ад традыцыйных правапісных прыёмаў і збліжэнне з жывымі маўленчымі нормамі беларускай мовы. Напрыклад, адлюстроўваецца з’ява зацвярдзення р,ч; у Статуце практычна не ўжываецца літара і; у Статутах практычна ўпершыню выкарыстоўваецца літара э. Багаццем лексічнага матэрыялу са Статутамі не можа параўнацца ніводзін іншы помнік старабеларускага пісьменства.

Значэнне Статутаў у гісторыі беларускай мовы яшчэ і ў тым, што яны юрыдычна замацацоўвалі прававое становішча беларускай мовы як дзяржаўнай у Вялікім княстве Літоўскім. У сярэдзіне 16 ст. у сувязі з умацаваннем палітычных і культурных сувязей з Польшчай у справаводства Вялікага княства Літоўскага пачала пранікаць польская мова. Але гэта тэндэнцыя была прыпынена Статутам 1566 г., куды быў унесены спецыяльны закон аб абавязковым ужыванні ў справаводстве беларускай (па тагачаснай тэрміналогіі – рускай) мовы. Гэта палажэнне было захавана і ў Статуце 1588 г., што спрыяла яшчэ доўгаму выкарыстанню беларускай мовы ў справаводстве.

(Паводле Я. Юхо)