Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Адказы да экзамену па краязнаўству.docx
Скачиваний:
42
Добавлен:
18.04.2015
Размер:
82.71 Кб
Скачать

1.Аб’ект і прадмет краязнаўства. Формы і віды арганізацыі краязнаўчай працы

Краязнаўства – гэта ўсебаковае вывучэнне асобнага рэгіёну ці населенага пункта мясцовым насельніцтвам, а таксама спецыялістамі навуковых устаноў. Важна ўсведамляць, што тэрмін “краязнаўства” разглядаецца як комплекс навуковых дысцыплін і ўсебаковае вывучэнне краю мясцовымі жыха­рамі, а таксама як грамадскі рух, які аб’ядноўвае мясцовае насельніцтва.

Аб’ектам пазнання ў краязнаўстве з’яўляецца тэрыторыя, мясцовасць, што вызначаецца паняццем “край” ці “рэгіён”. Край – канкрэтная частка тэрыторыі дзяржавы, якая звычайна супадае з адзінкамі сучаснага адміністрацыйна-тэрытарыяльнага дзялення і вызначаецца з улікам змяненняў гістарычных меж, а таксама фізіка-геаграфічных, прыродна-кліматычных, геалагічных, эканамічных і іншых крытэрыяў раяніравання.

Дзейнасць краязнаўцаў накіравана на вывучэнне асобных тэрыторый у межах краіны. Краязнаўцы сцвярджаюць, што непаўторныя ў часе комплексы з’яў, іх істотныя рысы самі сабой утвараюць у свядомасці краязнаўца-даследчыка прасторавыя межы рэгіёну. Лічыцца, што вельмі малая тэрыторыя – дом, вуліца, якія не адлюстроўваюць з неабходнай паўнатой пералічаных сукупнасцей і сувязяй, не могуць называцца краем, аднак з’яўляюцца аб’ектамі краязнаўчага вывучэння. На тэрыторыі краю аб’ектамі вывучэння з'яўляюцца розныя з’явы, працэсы, канкрэтныя людзі, помнікі, прадпрыемствы і інш. Таму ў краязнаўстве сфарміраваліся розныя прадметныя сферы вывучэння вызначанай мясцовасці: яе прыроды, эканомікі, дэмаграфіі, гісторыі, мовы, культуры, мастацтва. На іх аснове сфарміраваліся галіны краязнаўства. Галіновае краязнаўства паглыблена вывучае асобныя кірункі: гіста­рычны, геаграфічны, этнаграфічны, літаратурны, тапані­мічны, мемарыяльны, ахову помнікаў і інш. Сярод шматлікіх галін развіваецца і бібліятэчна-бібліяграфічнае краязнаўства. Развіваецца і комплекснае краязнаўства, якое разглядае ўсе звесткі ва ўзаемасувязі.

2.Крыніцы і метады гістарычнага краязнаўства

У сваёй дзейнасці краязнаўцы выкарыстоўваюць вялікае кола крыніц. Да краязнаўчых крыніц адносяцца крыніцы ўсіх відаў, якія заключаюць інфармацыю, звесткі аб тым ці іншым краі. Крыніцы падзяляюцца на рэчавыя, пісьмовыя, аўдыё­візуальныя і машыначытальныя.

Рэчавыя крыніцы – гэта любыя аб'екты матэрыяльнай культуры: вынікі археалагічных раскопак (старажытныя прадметы, забудаванні або пахаванні, тое, што захавалася на зямной паверхні, пад зямлёй і пад вадой), этнаграфічных экспедыцый (вопратка, гаспадарчыя рэчы і інш.), прыродных даследаванняў (узоры мінералаў), розныя вырабы: прадукты вытворчасці (хлеб), прылады працы, бытавыя рэчы, упры­гожванні і інш.

Пісьмовыя – гэта рукапісныя, друкаваныя і машына­чытальныя тэксты. Пісьмовыя крыніцы падзяляюцца на две асноўныя групы: актавага (дакументальнага) і літаратурнага (апавядальнага) характару. Да крыніц актавага характару адносяць заканадаўчыя матэрыялы, юрыдычныя дакументы, афіцыйную перапіску, статыстычныя даныя. Да крыніц літаратурнага характару – летапісы, хронікі, мемуары, запісы, дзённікі, прыватныя пісьмы і інш. Пісьмовыя крыніцы ствараюцца чалавекам, таму адлюстроў­ваюць рэчаіснасць і суб'ектыўны светапогляд чалавека (пісьменніка, вучонага, падарожніка). Пісьмовыя крыніцы – гэта прадукты гістарыч­най рэчаіснасці пэўнага часу. Яны і частка той рэчаіснасці, і вобраз яе адначасова. Рэальнасць праз уяўленне чалавека своеасабліва і шматпланава адлюстроўваецца ў іх з такой паўнатой і разнастайнасцю, што стварае магчымасць больш познім даследчыкам пазнаваць гэту назаўсёды адышоўшую, непаўторную рэчаіс­насць.

Друкаваныя крыніцы маюць разнастайны характар і падзяляюцца па відах (кнігі, брашуры, лістоўкі, газеты, часопісы, ноты і інш.).

Аўдыёвізуальныя крыніцы – гуказапісы ўдзельнікаў важ­ных падзей у краі, знакамітых ураджэнцаў, творы выяў­лен­чага мастацтва, кінафотафонадакументы, прысвечаныя краю.

Машыначытальныя крыніцы – інфармацыя на CD-ROM, DVD-ROM, у аддаленым доступе. Створаны шматлікія сайты адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, населеных пунк­таў, прысвечаныя знакамітым людзям і іншыя, колькасць і інфармацыйная насычанасць якіх беспера­пынна павяліч­ваюцца.

Краязнаўчы падыход – гэта асноўны метад краязнаўства. У краязнаўстве таксама выкарыстоўваюцца метады вывучэння дакументальных крыніц, даследавання прадметаў матэрыяльнай культуры, палявыя даследаванні і назіранні, анкетаванне, картаграфаванне, бібліяграфічныя і іншыя метады.