Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ЯЦУХНА ТЭОРЫЯ ЛІТАРАТУРЫ 1.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.04.2025
Размер:
797.7 Кб
Скачать

МІНІСТЭРСТВА АДУКАЦЫІ РЭСПУБЛІКІ БЕЛАРУСЬ

УСТАНОВА АДУКАЦЫІ

«ГОМЕЛЬСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ УНІВЕРСІТЭТ

ІМЯ ФРАНЦЫСКА СКАРЫНЫ»

В.І. ЯЦУХНА

ТЭОРЫЯ ЛІТАРАТУРЫ

ВУЧЭБНЫ ДАПАМОЖНІК

ДЛЯ СТУДЭНТАЎ-ФІЛОЛАГАЎ

ВНУ

ЧАСТКА І

ГОМЕЛЬ

ГДУ ІМЯ Ф. СКАРЫНЫ

2003

УДК 82.0(075.8)

ББК  83.0 Я 73

Я 94

Рэцэнзенты:

доктар філалагічных навук, прафесар, член-карэспандэнт НАН Беларусі М.І. Мушынскі (Інстытут літаратуры імя Я. Купалы НАН Беларусі);

доктар філалагічных навук, прафесар, загадчык кафедры тэорыі літаратуры Беларускага дзяржаўнага універсітэта В.П. Рагойша

Яцухна В.І.

Я94 Тэорыя літаратуры: Вучэбны дапаможнік для студэнтаў-філолагаў ВНУ. Частка І.— 2-е выд., дапрац. / В.І. Яцухна.— Гомель: Установа адукацыі «Гомельскі дзяржаўны універсітэт імя Ф. Скарыны», 2003.— 119 с.

У дапаможніку з улікам дасягненняў сучаснай літаратурнай навукі і практычнага вопыту выкладання курса «Тэорыя літаратуры» ў вышэйшай школе пададзены наступныя яго раздзелы: «З гісторыі развіцця тэарэтыка-літаратурнай думкі», «Сутнасць і спецыфіка мастацтва», «Літаратура як від мастацтва», «Функцыянаванне літаратуры».

Першае выданне дапаможніка выйшла ў 2002 г.

УДК 82.0(075.8)

ББК 83.0 Я 73

© В.І. Яцухна, 2003

© ГДУ імя Ф. Скарыны, 2003

Уводзіны

1. Тэорыя літаратуры як галіна навукі

Тэорыя літаратуры — гэта адна з галін літаратуразнаўства, якая займаецца тым, што выпрацоўвае сістэму навуковых паняццяў аб мастацкай літаратуры. Плёнам сваіх назіранняў і высноў тэорыя літаратуры забяспечвае іншыя састаўныя часткі літаратуразнаўства (гісторыю літаратуры і літаратурную крытыку як дзве астатнія асноўныя галіны літаратуразнаўства, а таксама тэксталогію, бібліяграфію, гісторыю і метадалогію літаратуразнаўства і некат. інш. дапаможныя дысцыпліны) для строга навуковага даследавання і сістэматызацыі канкрэтных літаратурных фактаў і з’яў. Спецыфіка тэарэтыка-літаратурнага пазнання ў тым, што яно займаецца не ўсебаковым і дэталёвым апісаннем канкрэтных літаратурных фактаў і з’яў, а выяўляе агульнае, істотнае, заканамернае ў іх. Гэтым вызначаецца і метадалагічная функцыя тэарэтыка-літаратурнага пазнання: тэорыя літаратуры не проста абагульняе і сістэматызуе эмпірычны літаратурны матэрыял, а таксама стварае сістэму літаратуразнаўчых паняццяў і тэрмінаў, яна яшчэ служыць і асновай для ўзнікнення навуковых метадаў пазнання літаратуры.

Заўважым, што тэорыя літаратуры не з’яўляецца нейкай замкнё­най у сабе ці, шырэй — у межах літаратуразнаўства, навуковай дысцыплінай. Неабходна адзначыць шматстайныя сувязі яе з цэлым шэрагам навук, і ў першую чаргу з лінгвістыкай (мовазнаўствам), а таксама з сацыялогіяй, гісторыяй, этыкай, этнаграфіяй, псіхалогіяй і г. д. Не менш цесныя ўзаемада­чыненні тэорыі літаратуры з навукамі, якія вывучаюць мастацтва — эстэтыкай і мастацтвазнаўствам.

Адзначым таксама, што ў працэсе выпрацоўкі сваіх паняццяў і тэрмінаў тэорыя літаратуры абапіраецца як на шматвяковыя мастацкія і філасофска-эстэтычныя традыцыі, выпрацаваныя чалавецтвам, так і на вопыт сучасных мастакоў слова, крытыкаў, літаратуразнаўцаў, лінгвістаў, мастацтвазнаўцаў, філосафаў і г. д.

Літаратура

Андреев А.Н. Методология литературоведения.— Мн., 2000.

Бушмин А.С. Наука о литературе: Проблемы. Суждения. Споры.— М., 1980.

Волков И.Ф. Теория литературы.— М., 1995.

Вопросы методологии литературоведения / Под ред. А.С. Бушмина.— М.–Л., 1966.

Манн Ю.В. Литературоведение // Литературный энциклопедический словарь / Под общ. ред. В.М. Кожевникова, П.А. Николаева.— М., 1987.

Маркевич Г. Основные проблемы науки о литературе / Пер. с польск.— М., 1980.

Михайлов А.В. О некоторых проблемах современной теории литературы // Из­вестия РАН. Отд. литературы и языка.— 1994.— №1.

Прозоров В.В. О составляющих современного литературоведения // Филоло­гия.— Саратов, 1996.

Теория литературы: Основные проблемы в историческом освещении.— М., 1962.— Кн. 1.

Хализев В.Е. Теория литературы.— 2-е изд.— М., 2000.

2. Змест, мэты і задачы курса «Тэорыя літаратуры», яго структура

Тэорыя літаратуры займае вельмі важнае месца ў сістэме падрыхтоўкі будучага філолага. На завяршальным этапе навучання ў ВНУ на базе ўжо атрыманай грунтоўнай гісторыка-літаратурнай падрых­тоўкі ёсць неабходнасць у замацаванні і сістэматызацыі ведаў па літаратуразнаўству. Гэта якраз і выконвае курс «Тэорыя літаратуры», і гэтым самым ён адрозніваецца ад курса «Уводзіны ў літаратуразнаўства», галоўная мэта і задача якога — пазнаёміць пачынаючых філолагаў з асноўнымі паняццямі і тэрмінамі сучас­най навукі пра літаратуру.

Такім чынам, курс «Тэорыя літаратуры» прызначаны для замацавання і сістэматызацыі ведаў па адной з дзвюх асноўных галін філалогіі, а таксама для іх істотнага пашырэння і паглыб­лення. У працэсе знаёмства з курсам у тэарэтычным аспекце раз­глядаюцца важнейшыя з’явы з гісторыі развіцця сусветнага прыгожага пісьменства, вывучаюцца найбольш важныя і характэрныя прычыны ўзнікнення і эвалюцыі эстэтычных і ўласна літаратуразнаўчых паняццяў і тэрмінаў, прасочваюцца сувязі літаратурнай навукі і ўласна тэорыі літаратуры з іншымі, блізкімі па прадмету даследавання навукамі і дысцыплінамі. Як правіла, студэнты павінны знаёміцца з цэлым спектрам поглядаў на тую альбо іншую праблему тэорыі літаратуры. Абмеркаванне спрэчных пытанняў тэорыі літаратуры і літаратуразнаўства ў цэ­лым, супастаўленне думак розных вучоных па найбольш важных пытаннях літаратурнай навукі выступае ў якасці абавязковай пе­радумовы для паўнацэннага і грунтоўнага засваення курса.

Структура курса «Тэорыя літаратуры» ў кожнага, хто вы­кладае дадзеную дысцыпліну студэнтам, можа быць рознай. Разам з тым ніводзін з вы­кладчыкаў не можа абмінуць пры чы­танні курса трох асноўных цыклаў, на якіх грунтавалася класічная і на якія не можа не абапірацца сучасная тэорыя літаратуры, а ме­навіта: вучэння аб асаблівасцях вобразнага ўзнаўлення і асэнса­вання рэчаіснасці мастацтвам у цэ­лым і літаратурай у прыват­насці (дадзены раздзел тэорыі літаратуры часта імянуюць эстэ­тыкай літаратуры); вучэння аб структуры і асаблівасцях ар­ганізацыі ў адзінае цэлае асобнага літаратурна-мастацкага твора ці паэтыкі; і вучэння аб літаратурным працэсе. З аднаго боку, з вучэннем аб літаратурным працэсе, а з другога — з паэтыкай, вельмі цесна звязаны раздзел тэорыі літаратуры, прысвечаны раз­гляду родавага, відавога і жанравага члянення літаратуры. Акрамя таго, тэорыя літаратуры даследуе цэлы спектр праблем, звязаных з асаблівасцямі функцыянавання літаратуры ў грамадстве (на сучасным этапе назіраецца рост цікаўнасці да гэтага кола пытанняў). І, нарэшце, зразумець сутнасць многіх пытанняў тэорыі літаратуры немагчыма без ведання гісторыі развіцця і станаўлення самой літаратурнай навукі, і ў першую чаргу тэарэтыка-літаратурнай галіны ў ёй.

Менавіта з разгляду гісторыі развіцця тэарэтыка-літаратурнай думкі мы і пачнём знаёмства з нашым курсам.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]