Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
история бел.театра 2.doc
Скачиваний:
39
Добавлен:
18.09.2019
Размер:
1.17 Mб
Скачать

Беларуская студыя ў маскве

Напачатку 1920-х гадоў урадам Беларусi было прынята рашэнне аб папаўненнi тэатраў маладымi акцёрскiмi i рэжысёрскiмi кадрамi. Было вырашана правесцi набор у драматычную студыю. З 1-га лютага 1921 г. пачалiся ўступныя экзамены. У кароткi тэрмiн набралi неабходную колькасць навучэнцаў у тры секцыi студыi: беларускую, рускую i яўрэйскую.

Методыка падрыхтоўкi была ўзята з творчых майстэрань петраградскага i маскоўскага пралеткультаў. Аднак вельмi хутка высветлiлася, што ў Мiнску для iснавання такой студыi не хапала педагагiчных кадраў, не было пастаяннага памяшкання, заняткi праходзiлi нерэгулярна. Таму было прынята рашэнне аб пераводзе студыi ў Маскву.

Пра набор у новую студыю шырока аб'яўлялася ў друку, ад абiтурыентаў паступiла больш 400 заяў. Пасля стараннага адбору ў лiстападзе 1921 г. група моладзi выехала на вучобу ў Маскву. Сярод iх былi К.Саннiкаў, А.Ільiнскi, С.Станюта, Я.Глебаўская, Т.Бандарчык, вядомыя ўжо тады пiсьменнiкi М.Чарот i В.Сташэўскi (праз год яны пакiнулi студыю i прысвяцiлi сябе цалкам лiтаратуры).

На працягу першых трох год студыя ў Маскве перыядычна папаўнялася новымi навучэнцамi, менш здольныя адсейвалiся. К канцу 1923 г. склад студыi ўсталяваўся. Акрамя ўжо названых там вучылiся П.Малчанаў, В.Вашкевiч, А.Лагоўская, М.Мiцкевiч, Л.Мазалеўская, Ц.Сяргейчык, Р.Кашэльнiкава. Апошнiмi ў студыю прышлi ўжо ў 1924 г. М.Бялiнская, С.Скальскi, Л.Шынко.

Спачатку меркавалася, што тэрмiн навучання ў студыi абмяжуецца дзвума гадамi, затым Наркамасветы ўстанавiў чатыры гады з прысваеннем студыйцам правоў студэнтаў ВНУ. Фактычна ж студыя працавала пяць год.

У студыi, якая папаўнялася ўсё новымi навучэнцамi, фактычна склалiся тры групы (наборы 1921, 1922 i 1923 гг.), пад канец навучання яны былi аб'яднаны.

Асноўнымi педагогамi беларускай студыi па спецыяльных прадметах былi майстры МХАТа i яго першай студыi. Мастацкiм кiраўнiком быў прызначаны вядомы акцёр МХАТа А.Бондараў, сярод першых педагогаў былi С.Гiяцынтава, Н.Успенская, Б.Афонiн. Аднак вельмi хутка ў сувязi з ад'ездам А.Бондарава на працяглыя замежныя гастролi мастацкiм кiраўнiком прызначаецца Валянцiн Смышляеў. Разам з iм у студыю прышлi новыя педагогi В.Громаў, Л.Аляксеева, І.Меерхольд. Усе студыйцы вучылiся з вялiкай ахвотай. i трэба сказаць, што пад кiраўнiцтвам Смышляева ў студыi вялiся сапраўды цiкавыя пошукi шляхоў развiцця сучаснага тэатра: вялiся заняткi па псiхатэхнiцы, акрабатыцы, бiямеханiцы па сiстэме Меерхольда. Зазначым, што спецыфiка вучобы ў студыi будзе мець iстотнае значэнне ў творчым жыццi БДТ-2, прынамсi, на працягу першага дзесяцiгоддзя яго творчага жыцця.

У цэлым творчае аблiчча беларускiх студыйцаў фармiравалася ў вiруючых плынях тэатральнага жыцця Масквы пачатку 1920-х гадоў.

Па першапачатковай задуме выпускнiкi студыi павiнны былi стаць папаўненнем БДТ-1, але потым было вырашана з выпускнiкоў студыi стварыць новы нацыянальны тэатр, у адпаведнасцi з чым склад студыi даўкамплектоўваўся.

Да абароны дыпломаў у студыi былi падрыхтаваныя наступныя спектаклi: народная драма "Цар Максiмiлiян", "Сон у летнюю ноч" У.Шэкспiра, "Апраметная" В.Шашалевiча, "Вакханкi" Еўрыпiда, "Эрас i Псiхея" Е.Жулаўскага, "Астап" А.Глобы.

Падрыхтаваныя спектаклi паказвалiся ў Маскве. Усяго адбылося 11 паказаў, якiя былi прыхiльна прынятыя i гледачамi, i спецыялiстамi. Адзначалася, што маладыя акцёры ў большасцi спектакляў сумелi паказаць сябе з найбольш выгаднага боку. Спектаклi iшлi на беларускай мове.

Кiраўнiкi студыi яшчэ падчас заняткаў пачалi вылучаць на рэжысёрскую працу тых, хто праяўляў да гэтага здольнасцi: М.Мiцкевiча, К.Саннiкава, Ц.Сяргейчыка. Двое першых у далейшым стануць вядучымi рэжысёрамi беларускага тэатра.

У 1926 г. студыя ўсiм складам пераязджае ў горад Вiцебск i на яе аснове ствараецца БДТ-2. У рэпертуарную афiшу ўвайшлi ўсе студыйныя пастаноўкi, а таксама "Вечар студыйных практыковак" (аднаактовыя п'есы). Усе спектаклi пад кiраўнiцтвам В.Смышляева i Б.Афонiна былi дапрацаваныя ўжо ў Вiцебску.

Пройдзе некаторы час i большасць з былых студыйцаў войдзе ў шэраг буйных майстроў беларускай сцэны.