Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
история бел.театра 2.doc
Скачиваний:
39
Добавлен:
18.09.2019
Размер:
1.17 Mб
Скачать

Палескі драматычны тэатр

Афіцыйнае адкрыццё Палескага драматычнага тэатр адбылося 14 сакавіка 2006 г. у Пінску. У яго склад увайшлі гарадскі аматарскі тэатр-студыя “Дыяген”, у якім пад кіраўніцтвам выпускніка Беларускага універсітэта культуры і мастацтва І. Базана за 14 гадоў дзейнасці быў створаны шэраг цікавых спектаклей, і маладзёжная тэатральная студыя “Візаві” пад кіраўніцтвам А. Гаўрыловіч. Дырэктарам і галоўным рэжысёрам быў прызначаны І. Базан, а А. Гаўрыловіч увайшла ў штат тэатра ў якасці рэжысёра. Такім чынам, новы тэатр у Пінску ствараўся не на пустым месцы, і атрыманне статусу прафесійнага — гэта перш за ўсё сведчанне пераходу ў якасна новую форму існавання абодвух аматарскіх калектываў.

Галоўнае багацце Палескага драматычнага тэатра — яго будынак, адрэстаўраваны і часткова рэканструяваны помнік архітэктуры XIX ст., размешчаны ў цэнтральнай гістарычнай частцы горада. Першапачатковы знешні воблік пабудовы захаваны, а ўнутры па-сучаснаму пераабсталяваны. У выніку архітэктарам у цэлым удалося стварыць умовы для творчасці і для паўнавартаснага адпачынку гледачоў: невялікая глядзельная зала на 110 месцаў, візуальна нават меней за фае, але вельмі ўтульная. Прадумана размешчаны службовыя памяшканні. Аднак глыбокая і вузкая сцэна кожны раз ставіць перад пастаноўшчыкамі цяжкую сцэнаграфічную задачу.

У першым сезоне 2006/2007 гг. рэпертуар Палескага драматычнага тэатра ўмоўна складаўся з трох накірункаў: адзін з іх складалі казкі і спектаклі для юнацтва, сярод якіх былі “Пунцовая кветачка” С. Аксакава, п'еса-казка вядомага беларускага драматурга і празаіка В. Ткачова "Вушасцік, “Адгукніся, браце” Г. Марчука; другі — спектаклі для дарослых па сучаснай драматургіі, да якіх належала меладрама А. Курэйчыка “Асцярожна, жанчыны”; нарэшце трэці накірунак — спроба сцэнічнага прачытання класікі — сюды найперш трэба аднесці спектаклі “Маленькія трагеды”А. Пушкіна і “Настаўнік танцаў” Л. дэ Вегі.

П'еса А. Курэйчыка "Асцярожна, жанчыны!" добра вядома ў тэатральным асяродку. Нягледзячы на тое, што п’еса гэта адзначалася у свой час на драматургічных конкурсах, ставілася ў розных тэатрах Расіі, яе драматургічны матэрыял падаецца занадта аблегчаным: гумар на мяжы фолу, невыразны фінал, нарэшце адсутнасць вартай аўтарскай думкі. Паводле п'есы кемлівы хлапец абводзіць вакол пальца дзяўчынку-студэнтку ды двух недалёкіх кабет і застаецца непакараным. Гэтак жа распачынаўся і спектакль. Але рэжысёр спектакля А. Гаўрыловіч ставіла перад сабою больш глыбокія задачы, апроч забаўлення публікі і пераказу ёй смешнага анекдота, і сваё мэты яна дасягнула. Пасля таго, як нарэшце махляр быў выкрыты і звязаны, тры выканаўцы жаночых роляў (Т. Барышчук, Г. Масальская, Н. Гусак) сутнасна змясцілі акцэнты гэтай гісторыі. Артысткі разам з рэжысёрам здолелі выявіць тры розныя станы, тры архетыпа жаночага існавання і адчування рэчаіснасці. Аднак спектаклю крыху не хапала фінальнага моцнага акорда, які падкрэсліў бы гэтую яго "жаноцкасць" і вывеў бы яго на вышыню філасофска-мастацкага абагульнення.

За чатыры сезоны Палескі драматычны тэатр вызначыўся з творчым складам — зараз у трупе васемнаццаць акцёраў. Сярод іх некалькі «старажылаў-дыягенаўцаў», а большасць — моладзь. У 2006 г. у тэатр прыйшло адразу восем выпускнікоў акцёрскага курса Магілёўскага каледжа культуры, частка з іх зараз завочна працягвае навучацца ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, а частка ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтва. І, канечшне ж, яны іграюць у спектаклях. Зараз тры штатныя рэжысёры тэатра працуюць у розных накірунках — І. Базан аддае первагу класіцы; А. Гаўрыловіч імкнецца да камедыйнага жанру, цікавыя ёй п'еса-казка і гістарычная тэматыка; П. Марыніч у сваёй творчасці скіраваны на маладзёжную праблематыку. Акрамя іх у тэатры ставілі спектаклі запрошаныя рэжысёры — В. Грыгалюнас («Кветкі правінцыі» Г. Марчука), З. Пасюціна («Фабрычная дзяўчына» А. Валодзіна) і інш. Такім чынам, тэатрам сфарміраваны разнастайны рэпертуар, у якім ёсць спектаклі, што хутка сыходзяць з афішы, да прыкладу, асучасненыя «Маленькія трагедыі» А. Пушкіна (рэжысёр П. Марыніч); іншыя, наадварот, становяцца знакавымі, як «Пінская шляхта» В. Дуніна-Марцінкевіча (2008), пастаўленая рэжысёрам І. Базанам да 200-годдзя аўтара і стаўшая візітнай карткай тэатра.

«Пінская шляхта» В. Дуніна-Марцінкевіча іграецца на мясцовым «палешуцкім» дыялекце. Некалі гэту п'есу «дыягенаўцы» ігралі на беларускай мове, а зараз вырашылі вярнуцца да яе на мове аўтарскага арыгінала, які вельмі набліжаны да гаворкі палешукоў. «Добродэю! Ратуй нышчасного! Ды навучы, як збавыцца од лозы…», — так на каларытным «палешуцкім» дыялекце гучыць фраза з ролі Ціхона Пратасавіцкага ў выкананіі І. Базана. І цікава, што і мясцовыя, і мінскія гледачы, і гледачы падчас гастраляваў тэатра на Беласточчыне выдатна разумелі змест спектакля.

Да эксперыментаў пінчане ставяцца насцярожана. «Галоўная рэжысёрская задача не ў тым, каб дэманстраваць нейкія абстрактныя бліскучыя формы сцэнічнага прадстаўлення. Быць арыгінальным можна і ў традыцыйнай форме падачы драматургічнага матэрыялу, тым больш, калі ў рэжысёра пад рукой такі, прама кажучы, родны матэрыял! Задача рэжысёра, а значыць — і акцёра, у адлюстраванні душ чалавечых, у пошуку шляхоў узаемаразумення — ад душы да розуму, ад розуму да сэрца. У незалежнасці ад жанравых асаблівасцей нашых пастановак усе яны аб'яднаны чалавечнасцю. За мінулыя пяць год пастаўлена 44 спектаклі для дарослых і дзяцей. Яны паказаны 1227 разоў. Нашы спектаклі за гэты час паглядзела звыш 114 тысяч гледачоў»21.

Усё часцей на афішах Палескага драматычнага тэатра з'яўляеца імя П. Марыніча ў якасці рэжысёра. Ён з ліку маладых артыстаў першага прызыву — групы выпускнікоў Магілёўскага каледжа культуры. З той пары прайшло чатыры гады, сыграна больш за дзесятак роляў і пастаўлена сем спектакляў і такія з іх, як камедыя Л. дэ Вегі «Настаўнік танцаў», пластыка-драматычная кампазіцыя «Кармен» паводле П. Мерымэ, вострасюжэтная маладзёжная драма Л. Разумоўскай «Я так хачу дадому» атрымалі вялікі поспех у гледача і трывала ўвайшлі ў асноўны рэпертуар тэатра. З 2010 г. П. Марыніч займае пасаду рэжысёра і завочна працягвае вучобу ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтва.

Апроч названых, тэатрам за чатыры сезоны былі ажыццёўлены пастаноўкі па п’есах С. Кавалёва «Стомлены д'ябал» (рэжысёр С. Панкова), меладрама «Старая зайчыха» М. Каляды (рэжысёр А. Гаўрыловіч), драма «Навальніца» А.Астроўскага (2008, рэжысёр І. Базан), трагікамедыя «Гаральд і Мод» К. Хігінса Ж-К. Кар'ера (рэжысёр А. Гаўрыловіч), камедыя становішчаў «Ён, яна, вакно, пакойнік» паводле п'есы Р. Куні «№ 13» (рэжысёр А. Гаўрыловіч). Дзіцячага гледача тэатр парадаваў спектаклямі "Маўглі" паводле Р. Кіплінга (рэжысёр І. Базан), «Папялушка» Я. Шварца, "Карлік Нос" М. Шувалава «Чароўны сон» Ю. Кіма — усе тры ў пастаноўцы рэжысёра А. Гаўрыловіч.

Добрай традыцыяй у Палескім драматычным тэатры, нягледзячы на яго «юначы» ўзрост стала ўручэнне прэмій «Залатая талерка». «Акцёры, як вядома, народ творчы, вынаходлівы, заўсёды ў пошуку. Так адбылося і з нашай тэатральнай прэміяй. Тры гады таму ўзнікла ў трупе прапанова стварыць сваю тэатральную прэмію. Чым не стымул для падтрымкі ў калектыве прафесійнага майстэрства? ,— узгадвае пра ідэю конкурса «Залатая талерка» І. Базан. — У першы раз правялі конкурс, так бы мовіць, кулуарна, а два гады таму мы запрасілі ў журы паважаных у Пінску людзей, прадстаўнікоў культуры. Словам, уручэнне прэміі стала падзеяй не толькі ў жыцці нашага тэатра, але і, мяркую, у культурным жыцці горада. Ну а назва — ад залатога талера. Праўда, лаурэату разам з прэміяй ўручаем не залаты талер, а талерку, самую звычайную, бадай толькі арыгінальна распісаную»22. Прэмія ўручаецца раз у два гады ў дзевяці намінацыях. Яны традвцыйныя для тэатральных конкурсаў — «За лепшую пастаноўку спектакля», «За лепшую галоўную ролю», «За ролю другога плана» і гэтак далей. З дапамогай гледачоў, меркаванні якіх адлюстроўваюцца ў спецыяльных анкетах пасля кожнага прагляду, аўтарытэтнае журы вызначае пераможцаў ва ўсіх дзевяці намінацыях. Апошняя па часе цырымонія ўручэння прэмій «Залатая талерка» адбылася ў тэатры ў красавіку 2011 г. Лепшым спектаклем сезона 2009 — 2010 гг. прызнана пастаноўка рэжысёра П. Марыніча «Я так хачу дадому». За лепшую рэжысуру «Залатую талерку» ўручылі галоўнаму рэжысёру тэатра І. Базану, спектакль «Палёты паветранага змея». Актрыса В. Шэндзер аьрымала прызнанне ў намінацыі «Лепшая галоўная жаночая роля», спектакль «Гаральд і Мод»), а С. Серада стаў пераможцам у намінацыі «Лепшая галоўная мужчынская роля», спектакль «Я так хачу дадому». «Залатыя талеркi» ў адпаведных намінацыях атрымалі актрыса А. Андрэева, мастак па святлу А. Колб, гукарэжысёр С. Пратасавіцкая.

Палескі драмтэатр ужо дастакова моцна заявіў аб сабе ў культурным жыцці Пінска і ўсё больш «абрастае» колам сваіх прыхільнікаў як у самім горадзе, так і далёка за яго межамі. І тут трэба аддаць належнае кіраўніцтву тэатра, якое праводзіць вельмі вялікую працу з гледачом, які за апошнія тры гады значна змяніўся. «Раней бывала ў антрактах прыходзілася сур'ёзна размаўляць з моладззю,— прызнаецца І. Базан. — Тлумачыць, што яны не на КВЗ (Клуб вясёлых і знаходлівых — заўвага наша, В.І.). Зараз усё інакш. Бо ўжо не мы да іх прыязджаем, а яны самі цікавяцца, ідуць на спектакль свядома»23.

Палескі драматычны тэатр сёння ўжо трывала “стаіць на нагах”, але яго магчымасці для імклівага развіцця вельмі і вельмі абмежаваныя рэгіанальнай дзейнасцю. Нельга дапусціць, каб малады калектыў быў “забыты”, застаўся на пераферыі тэатральнага працэсу краіны. Дзейсная дапамога яму мусіць насіць комплексны характар, закранаць не толькі матэрыяльныя патрэбы калектыву, але і садзейнічаць яго творчаму развіццю. Неабходна не толькі ствараць умовы для жыцця маладых спецыялістаў, каб яны прыязджалі ў Пінск па размеркаванню, але і прапаноўваць ім сапраўды важкія творчыя праекты з удзелам вядомых тэатральных дзеячаў Беларусі і замежжа: выезды на фестывалі, майстар-класы, сумесныя капрадукцыі з вядучымі тэатрамі краіны.