Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Рабышко_УМК по ВОВ.doc
Скачиваний:
26
Добавлен:
16.09.2019
Размер:
1.54 Mб
Скачать

Тэма 4. Акупацыя Германіяй краін Еўропы

1. «Дзіўная вайна». 2. «Бітва за Англію». Агрэсія Германіі на Балканах.

3. Рух Супраціўлення ў краінах Заходняй Еўропы.

4. Падрыхтоўка Германіі да вайны супраць СССР.

1. «Дзіўная вайна».

3 верасня 1939 г. Англія і Францыя аб’явілі Германіі вайну. Аднак ніякіх актыўных ваенных дзеянняў не вялося. Праціўнікі абмяжоўваліся толькі пера­стрэл­ка­мі, якія амаль не прыносілі стратаў. Дзеянні авіяцыі бакоў не выходзілі за межы разведвальных палётаў. 8 месяцаў «дзіўнай вайны», бяздзеяння англа-французкіх і германскіх войск, скончыліся 10 мая 1940 г.

Гэты час заходнія краіны выкарыстоўвалі, каб паспрабаваць перана­кіраваць германскую агрэсію супраць Савецкага Саюза. З верасня 1939 г. па красавік 1940 г. адбылося каля 160 тайных сустрэч паміж прадстаўнікамі Германіі, Англіі і Францыі. Антысавецкая кампанія з боку Англіі і Францыі значна ўзмацнілася з правядзеннем Савецкім Саюзам жорсткай палітыкі ў адносінах да Прыбалтыкі і ў сувязі з савецка-фінскай вайной.

Гітлераўскае кіраўніцтва выкарыстала перыяд «дзіўнай вайны» для падрыхтоўкі ўзброеных сіл; выпуску новых узораў баявой тэхнікі і боепры­пасаў; для абучэння войск новым прыёмам вайны з улікам вопыту баявых дзеянняў у Польшчы. Актыўна праводзілася агітацыйна-прапагандысцкая дзей­насць у заходніх краінах.

Восенню 1940 г. Германія распачала новы этап захопніцкай дзейнасці ў Еўропе. 9 красавіка 1940 г. капітулявала амаль без барацьбы Данія, а ўзброеныя сілы Нарвегіі склалі зброю толькі праз 50 дзён супраціўлення, 10 чэрвеня 1940 г.

У маі 1940 г. Германія пачала генеральнае наступленне праз Люксембург, Бельгію, Галандыю, захапіўшы гэтыя краіны. Англа-французскі фронт быў прарваны, і да 20 мая саюзнікі былі акружаны ў Францыі. Але па загаду Гітлера наступленне было спы­нена на двое сутак, што дазволіла англічанам арганізаваць эвакуацыю сваіх войскаў на Брытанскія астравы. Пры гэтым давялося пакінуць усё ўзбраенне.

5 чэрвеня ў адпаведнасці з планам «Рот» пачалося наступленне вермахта ў цэнтральныя раёны Францыі. Французскія войскі, застаўшыся без англічан, страцілі ўсялякую рашучасць змагацца. Сярод грамадскага насельніцтва па­чалася паніка, французскі ўрад абвясціў Парыж «адкрытым горадам», і ў яго без боя ўступіоі германскія войскі. 22 чэрвеня 1940 г. у тым жа вагоне, і ў тым жа Камп’енскім лесе, дзе было падпісана перамір’е 1918 г., немцы, цяпер ужо пераможцы, прадыктавалі Францыі новыя ўмовы перамір’я. Германія акупавала ўсю паўночную і заходнюю Францыю. Маршал А. Петэн, кіраўнік новага прагерманскага ўраду, вымушаны быў падпісаць перамір’е і з Італіяй, якая ўступіла ў вайну 10 чэрвеня 1940 г.

Сталіцай неакупаванай часткі краіны стаў невялікі гарадок Вішы, дзе стаў фармавацца прафашысцкі рэжым пад кіраўніцтвам французскага маршала Пе­тэна.

Паралельна з ваеннымі дзеяннямі ў Еўропе, італьянскія войскі праводзілі захопніцкую палітыку ў Афрыцы. Яны захапілі Брытанскія Самалі, частку Кеніі, Судан, а ў верасні 1940 г. праніклі праз Лівію ў Егіпет, аднак тут былі спынены і разбіты англічанамі.

2. «Бітва за Англію». Агрэсія Германіі на Балканах.

Пасля капітуляцыі Францыі Англія ў адзіночку супрацьстаяла Германіі. Згубны курс «замірэння» урада Н.Чэмберлена прывёў да яго паражэння на парламенцкіх выбарах 10 мая 1940 г. Кааліцыйны ўрад на чале з лідэрам кансерватараў У. Чэрчылем заняў вельмі жорсткую антыгерманскую пазіцыю.

4 ліпеня У. Чэрчыль у выступленні перад парламентам заявіў аб вайне да пераможнага канца і адмёў усе варыянты перамоў з Гітлерам.

Вермахт рыхтаваўся да выканання дырэктывы №16 «Марскі леў». Акупацыя Англіі павінна была распачацца 17 ліпеня 1940 г. Аднак пачатак аперацыі «Марскі леў» некалькі разоў пераносіўся. Спробы Германіі паслабіць краіну масавымі бамбардзіроўкамі не мелі вялікага выніку. З ліпеня па канец кастрычніка 1940 г. англійская авіяцыя страціла 915 знішчальнікаў, нямецкія страты склалі 1733 самалётаў.

У.Чэрчыль разумеў ўсю небяспечнасць становішча краіны, таму ён звяртаецца 25 чэрвеня 1940 г. да І.В. Сталіна і да кіраўніцтва ЗША, каб схіліць іх да агульнай барацьбы супраць Германіі. Аднак Англія не ўяўляла сур’ёзнай палітычнай сілы, таму Масква пакінула прапановы У.Чэрчыля без адказу. А ЗША «рабіла грошы» на еўрапейскай вайне — ваенная прадукцыя пастаўлялася абодвум бакам. Так, прыватныя фірмы ЗША да 1944 г. пастаўлялі нафта­прадукты гітлераўскай Германіі. Толькі вясной 1941 г. урад ЗША стварыў ваен­ныя базы ў Грэнландыі і Ісландыі, і актывізавалася барацьба супраць герман­скіх падводных лодак у Атлантыцы.

Толькі 14 верасня 1940 г. нямецкія ваенныя пераканалі Гітлера адкласці аперацыю «Марскі леў» на нявызначаны тэрмін у сувязі з вялікай ступенню рызыка правалу. Улічваючы значныя страты, якія панесла нямецкая авіацыя, а таксама неабход­насць падрыхтоўкі да нападу на Савецкі Саюз, гітлераўскае камандванне вясной 1941 г. амаль спыніла паветраныя налёты на Англію.

Вельмі хутка ў Лондана з’явіўся моцны козыр ў ваеннай і дыпламатычнай барацьбе супраць Германіі. 27 кастрычніка 1940 г. брытанскія матэматыкі раскрылі прынцып работы нямецкай шыфравальнай машыны «Энігма». Гэта дазволіла ведаць аб усіх перагаворах германскага ваеннага камандавання. Было канчаткова высветлена, што агрэсіі супраць Англіі ў бліжэйшай будучыні не будзе.

Пасля перамогі над Захадам асаблівую ўвагу Берліна прыцягвалі краіны Балканскага рэгіёну. Па-першае, гэта быў важны стратэгічны рэгіён у планах падрыхтоўкі вайны супраць СССР. Балканскія краіны пры правядзенні адпа­веднай работы з іх урадамі маглі стаць саюзнікамі Берліна і іх тэрыторыю, матэрыяльныя і людскія рэсурсы можна было б выкарыстаць у вайне супраць Савецкага Саюза. Да таго, на Балканах вельмі моцны ўплыў мела Англія — і гэты ўплыў трэба было ліквідаваць.

У адносінах да Балгарыі, Румыніі, Венгрыі і Фінляндыі праводзілася палітыка як прамога націску, так і выкарыстоўвалася пакрыўджанасць гэтых краін на СССР, асабліва Румыніі і Фінляндыі. Новым саюзнікам абяцаліся і значныя тэрытарыяльныя набыцці на Усходзе.

Румыніі абяцалі вярнуць Малдавію (Бесарабію) і дадаць паўднёвыя раёны Украіны. У адказ урад Антанэску дазволіў ўвесці на тэрыторыю краіны гер­манскія войскі і даў згоду на сумеснае нападзенне на СССР. Аналагічную згоду даў урад Фінляндыі восенню 1940 г., якой была абяцана Карэлія і Ленін­градская вобласць, акрамя тэрыторыі багацейшых нікелевых радовішчаў.

Пасля жорсткага націску з Берліна ў сакавіку 1941 г. аб далучэнні да «траістага пакта» заявіў урад Балгарыі. Гэта рашэнне было з незадавальненнем успрынятае балгарскім народам. У выніку ў краіну былі ўведзены нямецкія войскі. Берлін таксама апрацоўваў урад Югаславіі. Вельмі моцную падтрымку Германіі аказвалі сепаратысцкія колы харвацкіх нацыяналістаў.  

25 сакавіка 1941 г. урад Цвятковіча падпісаў пратакол аб далучэнні да «траістага пакту». Гэта выклікала востры палітычны крызіс у краіне і прывяло да дзяржаўнага перавароту 27 сакавіка 1941 г. Новы ўрад генерала Сімовіча 5 красавіка 1941 г. заключыў дагавор аб сяброўстве і ненападзенні паміж СССР і каралеўствам Югаславіі. СССР імкнуўся захаваць незалежнасць Югаславіі і Грэцыі, але такія памкненні ў склаўшайся рэчаіснасці ў Еўропе былі немаг­чы­мымі да выканання. Падпісанне такога дагавору перакрэслівала ўсе планы гіт­ле­раўскай Германіі, таму 6 красавіка 1941 г. германскія, італьянскія і венгерскія войскі ўторгліся ў Югаславію. Яшчэ не дамогшыся канчатковай перамогі, 12 красавіка Гітлер падзяліў Югаславію паміж Германіяй, Італіяй, Венгрыяй і Балгарыяй. А 18 красавіка 1941 г. у Сараеве быў падпісаны акт аб капітуляцыі Югаславіі. Харватыя была абвешчана «незалежнай» дзяржавай.

Найбольш моцныя пазіцыі Англія мела ў Грэцыі. Менавіта з гэтай нагоды, адначасова з агрэсіяй супраць Югаславіі разгарнуліся ваенныя дзеянні супраць Грэцыі. Гарыстая мясцовасць спрыяла грэкам, якія доўгі час малымі сіламі трымалі абарону на горных перавалах на балгарскай і албанскай межах. Падтрымку Грэцыі аказаў англійскі экспедыцыйны корпус, які налічваў 50 тыс. чалавек. Але ў выніку здрады камандуючага грэчаскай арміі яна 23 красавіка капітулявала. Германскія і італьянскія войскі акупіравалі краіну і шматлікія астравы ў Эгейскім моры, у тым ліку востраў Крыт, якому адводзілася роля плацдарма для захопу Суэцкага канала і краін Бліжняга Усходу. Паўднёва-усходняя Еўропа аказалася пад кантролем агрэсараў, якія значна ўмацавалі свае пазіцыі. Краіны, якія не пайшлі насустрач агрэсіўным планам Берліна, страцілі сваю нацыянальную незалежнасць.