Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ФП дапаможнік.rtf
Скачиваний:
28
Добавлен:
07.07.2019
Размер:
1.63 Mб
Скачать

7.2. Сацыяльныя песні

Падзяляюцца на рэкруцкія, салдацкія, казацкія, антыпрыгонніцкія, батрацкія, бурлацкія, чумацкія, турэмныя. Іх вызначальная рыса – мастацкая прэзентацыя сацыяльнай прыналежнасці герояў і таго асяроддзя, у якім яны дзейнічаюць.

На сённяшні дзень наўрад ці ўдасца запісаць шмат антыпрыгонніцкіх (пра панскі прыгнёт і несправядлівыя адносіны да селяніна), батрацкіх і бурлацкіх (пра цяжкую вымушаную працу ў наймальніка), рэкруцкіх (пра сялянскіх хлопцаў, якіх забіралі ад родных сем’яў амаль у пажыццёвае рэкруцтва – службу ў імператарскай арміі), салдацкіх (пра парадкі і складанасці вайсковай службы і г. д.) і чумацкіх (пра людзей, якія займаліся рознымі заробкамі, у асноўным перавозкай солі і рыбы) песень. Фактычна названыя жанры ўтвараюць класічны, але малапрадуктыўны ў плане функцыянавання фонд сацыяльных песень. Магчыма, вам удасца зафіксаваць казацкія песні, дзе гаворыцца пра адыход казака на службу і на вайну, развітанне казака з жонкай, маці, нявестай, казацкі паход, смерць казака на полі бою, вяртанне дадому і г. д.

Даведка. Казацтва – сацыяльная праслойка рускага і ўкраінскага народаў. У XVI–XVII ст. беларускія сяляне і бедныя жыхары гарадоў разам з казакамі і паўстаўшымі сялянамі Украіны вялі барацьбу супраць феадалаў Рэчы Паспалітай і шляхты. Многія беларускія сяляне збягалі ад прыгонніцтва «на ніз», ва Украіну, і ўступалі ў атрады запарожскіх казакоў. Былі і іншыя казакі – вольныя дробныя зямельныя ўладальнікі, якія збеглі ў XVI ст. з Маскоўскай дзяржавы ў Літву і аселі ў Полацку, на Смаленшчыне і Чарнігаўшчыне. Названыя гістарычныя падзеі знайшлі адлюстраванне ў беларускіх казацкіх песнях.

Узор запісу:

ОЙ, У ПОЛІ ТАМ ЖАНКІ ЖНУЦЬ…

(сацыяльная казацкая песня)

Ой, у полі там жанкі жнуць,

Ой, да пад гарою туман даліною,

Казакі йдуць.

Ой, даліною, ой, шырокаю

Казакі йдуць.

Папе-папераду Дарашэнька

Вядзе сваё войска, войска Запарожска

Харашэнька.

А па-, а пазаду Сагайдачны.

Памяняў ён жонку на табак і люльку,

Да й няўдачна.

Эй, даліною, эй, шырокаю,

Да няўдачна.

– А мне, а мне жонка – не вадзіца,

А табак і люлька казаку ў дарозе

Прыгадзіцца.

Эй, даліною, эй, шырокаю,

Прыгадзіцца.

Постфальклорныя сацыяльныя песні складаюцца з салдацкіх (аб службе ў арміі нашага часу), турэмных і «блатных» (аб жыцці і парадках у спецыялізаваных установах для тых, хто парушыў закон), фанацкіх (песні фанатаў спартыўных клубаў, папулярных артыстаў і г. д.), студэнцкіх песень (аб вучобе, быце і адпачынку ў студэнцкім асяроддзі).

Парада

Названыя творы ў мастацкім плане разнаякасныя. Іх прыкметай з’яўляецца выкарыстанне спецыфічнай лексікі (жарганізмаў, арго, вульгарызмаў), увага да сферы інтарэсаў адпаведных субгруп насельніцтва. Па магчымасці фіксуйце найбольш яркія, выразныя, эстэтычна вартыя творы, якія карыстаюцца папулярнасцю ў пэўным асяроддзі. Памятайце, што вы збіраеце мастацкія творы, па якіх наступныя пакаленні будуць меркаваць аб узроўні і вартасцях нашай культуры. Неэстэтычныя, нізкаякасныя і проста брудныя па змесце творы лепш не запісвайце.