Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
ФП дапаможнік.rtf
Скачиваний:
29
Добавлен:
07.07.2019
Размер:
2 Мб
Скачать
☆

Проза абраду провадаў русалкі

Русальны абрад – адметная з’ява традыцыйнай культуры Усходняга Палесся (Гомельшчына). Галоўныя структурныя моманты русальнага абрадавага комплексу: выбар прыгожай дзяўчыны на ролю русалкі (месцамі да яе далучаецца маленькая дзяўчынка – дачка русалкі – і русалін – мужчына-праваднік) – провады русалкі ў жыты (часам з абраным ёю хлопцам) – выкананне праводных песень – мясцовыя міфалагічныя ўяўленні, звязаныя з русалкай, якую праводзяць.

Ад збіральніка патрабуецца запісаць аповед аб лакальнай версіі абраднасці (або адной з яе частак) з вызначэннем лакальных структурных элементаў, якія маюць мясцовыя назвы. Напрыклад, лавіць русалку; весці ў танок; весці праз вёску; весці ў жыта. Майце на ўвазе, што ў кожнай вёсцы абрад складаецца з дэталей і дзеянняў, уласцівых толькі гэтай версіі. Напрыклад, у адным выпадку русальныя вянкі спальвалі, у другім – сплаўлялі па вадзе, у трэцім – закідвалі на дрэва.

Апытальнік для збору русальнай прозы

1. Як у вашай мясцовасці называюць абрад провадаў русалкі (напрыклад, «паліць русалку», «тапіць русалку», «закапуваць русалку», «заганяці на грушу»)? Калі ён адбываецца?

2. Што гэта была за русалка? Гэта быў жывы чалавек ці чучала? Якім чынам апраналі русалку? З якіх галінак і кветак выраблялі вянок русалкі? Ці была ў русалкі пара (напрыклад, русалін, «дачка»)?

3. Як пачыналіся провады? Адкуль і куды вялі русалку? Што з ёю рабілі? Як сябе паводзіла русалка? Ці шукалі русалку? Дзе яна хавалася?

4. Як завяршаўся абрад? Ці вярталіся за русалкай? Што рабілі з вянкамі?

5. Навошта, з якой мэтай праводзілі русалку (напрыклад, каб задобрыць яе, выгнаць, як шкодную істоту, на добры ўраджай і да т. п.)?

Узор запісу:

а) На русальную нядзелю калісь вадзілі русалку. І сьпеваюць: «Проведу, проведу русалочку до бору» (поўны тэкст песні). І тады венкі етые скідаюць з галоў. А дзе русалка йшла, з берозы венок чэпляюць у варота кладбішча. Русалку адзявалі ў белае адзенне і зелёный венок да розавуй. А дзевушкі другіе ў всякуму разнум. А венкі сабе кожна саўе із цветоў, па лесу наломець. Кагда с кладбішча ідуць, ну, тады хлопцы маладые сабіраюцца туды. Венкі тые пашшыбаюць ужэ, угору падкідаюць. Да хлопцы іх – панамочваюць розкі, наломяць да хочуць пабрыскаць дзевак. Дак хто куды папала ўцекае. І агні палілі. Бяросту здзерэ з берозы, берэсцінку, да накіне, да запаліць. Пробуе і агнём подпаліць дзевак. Русалкай выбіралі кого папала, хто согласіцца: я, чы ву, чы ані, хто согласіцца. От я буду русалка. У русалкі венок з бярозы, здоровуй, аж цягнецца по землі.

б) Правядуць русалку, а самі ідуць дадому, кідаюць вянкі на грады, на гуркі. Гэта, кажуць, на ўраджай. Гэта па-калішняму такая прымха была.

в) Праводзіцца абрад гэты ў полі, усе ўдзельнікі свята ідуць туды з песнямі і пляскамі, вядуць русалку ў жыта і там качаюць яе па жыту. А хлопцы дзевак стрыкаюць крапівой, дзеўкі прыгаюць цераз вогнішча і хаваюцца ад хлопцаў у жыта, а хлопцы шукаюць дзяўчат у жыце.

г) Русалку вялі па дзярэўне, а потым у жыта, там спяваюць і кладуць агонь. Хлопцы і дзеўкі прыгаюць чэраз яго, а русалка ловіць іх. Калі паймае, то апячэ крапіваю. Патом русалка выбірала сабе хлопца і цалавала яго, калі хлопец любіў яе, то цалаваў тожа, а калі не, то кідаў русалку ў воду і казаў: «Ідзі да лешага, яго сватай». Патом русалку вымалі з вады, і яна павінна была адпомсціць хлопцу: кінуць яго ў ваду, вымазаць у гразь, надзець яму сваю юбку, пацалаваць без разрашэння.

д) Чучала рабілі з саломы, з сярэдняга куля, здзелаям як чалавека, уніз калосся, а ўверсе камель. Пасярод перавяжам повясам (у каго е дзіравій, красный), а тады павірэзуім шыю кругам, кала камлей тады пахожа як галава. На ету галаву зав’яжам завязку і надзенем чапец... Тады напраном попку – кароткія армякі, шчо па тры хвасты ззаду. І рукі дзелаям: выхвацім з бакоў па жмені саломы, да абкруцім хустамі, да парав’яжам пат плечы, яны і стырчаць. На шыю хустачку краснянькую зав’яжам... На галаву вянок кладом із красак...

Русальныя песні.

Спяваліся на Русальным (Граным) тыдні, які адзначаўся праз тыдзень пасля Тройцы (Сёмухі). Яны падзяляюцца на дзве групы:

а) песні, якія спяваюцца на працягу Русальнага тыдня. Гэта творы на сюжэт «На граной нядзелі русалкі сядзелі», «Ходзіць Пятрышча па вуліцы», «Русалачкі-зямляначкі», «Русалачка, дзе твая дачка?» і інш.

Узор запісу:

НА ГРАНОЙ НЯДЗЕЛІ…

(русальная песня)

На граной нядзелі

Русалкі сядзелі,

Эй, рана-рана,

Русалкі сядзелі.

Русалкі сядзелі,

На дзевак глядзелі,

Эй, рана-рана,

На дзевак глядзелі.

– Дзевачкі-сястрыцы,

Падайце вадзіцы,

Эй, рана-рана,

Падайце вадзіцы.

Падайце вадзіцы

З халоднай крыніцы,

Эй, рана-рана,

З халоднай крыніцы.

А хлопчыкі-брацця,

Вы спляціце лапці,

Эй, рана-рана,

Вы спляціце лапці.

б) песні, якія спяваліся падчас абраду провадаў русалкі. Кампазіцыйна гэта творы двухчасткавыя: у першай указваецца месца провадаў русалкі – поле, лясок, «да йгрушкі» і інш., у другой канстатуецца момант вяртання «да дому», «к падружкі», «да мамкі», «да дзяжы» і інш.

Даведка. З абрадам провадаў русалкі могуць быць звязаны таксама карагодныя (ці таночныя – у залежнасці ад мясцовасці) песні тыпу: «Ах, мая русалачка, // Летні ты цвяточак, // Вазьмі сабе дзевачак //Ў карагод-таночак», у якіх яскрава вызначаецца любоўна-шлюбная тэматыка: «А сярод тых дзевачак // Малады галубчык, // Малады галубчык, // Залаты пярсцёнак».