Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Планы семинаров по истории Беларуси.doc
Скачиваний:
1
Добавлен:
21.11.2018
Размер:
484.86 Кб
Скачать

РЭЦЭНЗІЯ

на метадычныя парады да семінарскіх заняткаў

па “Гісторыі Беларусі”

(аўтары-складальнікі І.А. Пушкін, Н.В. Саклакова)

Кароткае і дасціпнае змяшчэнне матэрыяла да кожнага пытання семінарскіх тэм дазваляе студэнтам вызначыць істотнае і галоўнае ў праблематыцы і ў будучым наталіць канкрэтнымі фактамі адказы, дэталізаваць сутнасць пытанняў. Аўтары метадычнай распрацоўкі кваліфікавана прадставілі блок крыніц навуковай літаратуры, адзначылі дадаковыя тэмы рэфератаў, далі яскравыя рэкамендацыі, якія тлумачацца з тэарэтычнага курса.

Матэрыял дапаможніка дазваляе выказаць істотную дапамогу студэнтам, рэкамендуецца да друку.

Рэцэнзент, к.г.н., дацэнт

кафедры гуманітарных дысцыплін А.П. Косцераў

Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь

Установа адукацыі

«Магілёўскі дзяржаўны

універсітэт харчавання»

Кафедра гуманітарных дысцыплін

Гісторыя Беларусі

Метадычныя парады да семінарскіх заняткаў

для студэнтаў усіх спецыяльнасцей

Магілёў 2009

УДК 947.6

ББК 63.2 (2Б)

Разгледжаны і рэкамендаваны да выдання на пасяджэнні кафедры гуманітарных дысцыплін

Пратакол № __ ад 30.06.2009 г.

Складальнікі:

І.А.Пушкін, Н.В.Саклакова

Рэцэнзент

кандыдат гістарычных навук, дацэнт кафедры гуманітарных дысцыплін А.П. Косцераў

Дадзеныя метадычныя парады да семінарскіх заняткаў па “Гісторыі Беларусі” прызначаны для студэнтаў усіх спецыяльнасцей УА МДУХ. На падставе аналізу гістарычных крыніц, вырашэння праблемных і дыскусійных пытанняў гісторыі ў студэнтаў павінна сфарміравацца ўяўленнне аб заканамернасцях гістарычнага развіцця, укладзе беларускага народа ў сусветную культуру і гісторыю.

© УА “Магілёўскі дзяржаўны універсітэт харчавання”, 2009

Прадмова

Асноўная мэта курса “Гісторыя Беларусі” фарміраванне сацыяльна-асобасных кампетэнцый студэнтаў, забяспечваючых іх асабістае самавызначэнне ў сістэме каштоўнасцей, выпрацаваных падчас гістарычнага развіцця беларускага народа і станаўлення суверэннай беларускай дзяржавы, і выхаванне на гэтай аснове пачуцця далучанасці да лёсу краіны і яе гісторыі. Асноўная мэта семінарскіх заняткаў – далучэнне студэнтаў да нацыянальных і сусветных культурных традыцый, выхаванне грамадзяніна і патрыёта Айчыны, асобы, валодаючай высокімі маральнымі якасцямі, здольнай да самарэалізацыі ва ўмовах сучаснай сацыякультурнай сітуацыі.

Для рэалізацыі гэтых мэтаў неабходна рашэнне наступных задач:

- усвядомленае засваенне і ўжыванне вучэбнай гістарычнай інфармацыі, звязанай з аналізам заканамернасцяў і асаблівасцяў дзяржаўна-палітычнага, сацыяльна-эканамічнага, канфесійнага, культурнага і духоўнага развіцця беларускага народа і фарміраванне на гэтай аснове здольнасці да самарэалізацыі ва ўмовах сучаснай сацыякультурнай сітуацыі;

- засваенне студэнтамі сістэмы матэрыяльных, культурных і духоўных каштоўнасцяў беларускага народа, якія служаць рэтраспектывай для аналізу сучаснасці і азначэнні перспектыў будучай жыццядзейнасці;

- станаўленне выпускніка вышэйшай школы як грамадзяніна Рэспублікі Беларусь здольнага садзейнічаць далейшаму развіццю сваёй краіны.

Семінарскія заняткі па курсе з’яўляюцца састаўной часткай вучэбнага працэсу, і ў адпаведнасці з каляндарным графікам на іх адводзіцца 36 гадзін. У гэтым метадычным выданні распрацаваны планы семінарскіх заняткаў, тэмы для дыскусій і напісання рэфератыўных паведамленняў, утрымліваецца агульная, скарочаная характарыстыка зместу разглядаемай тэмы, спісы асноўнай і дадатковай літаратуры, а таксама слоўнік тэрмінаў.

З улікам якасных характарыстык вышэйшай адукацыі на сучасным этапе неабходна выкарыстоўваць розныя формы правядзення семінарскіх заняткаў. Дзеля далучэння студэнтаў да пошуку і кіравання ведамі, набыцця вопыту самастойнага рашэння розных задач варта выкарыстоўваць: тэхналогіі праблемна-модульнага навучання, вучэбна-даследчай дзейнасці, праектныя, камунікатыўныя (дыскусія, вучэбныя дэбаты, прэс-канферэнцыі і іншыя актыўныя формы і метады), гульнявыя (удзел у дзелавх, ролевых, імітацыйных гульнях) тэхналогіі, аналіз сітуацыі і інш.

Акрамя таго, заняткі могуць праводзіцца ў форме наведвання музеяў, выстаў, выкарыстання мультымедыйнага абсталявання і відэаматэрыялаў па тэмах, заслухоўвання паведамленняў пра яскравыя падзеі ў гісторыі Беларусі, пра жыццядзейнасць выдатных асоб.

Творчы працэс падрыхтоўкі да семінараў прадугледжвае самастойную работу студэнтаў па вывучэнні і асэнсаванні лекцыйнага матэрыялу, метадычных парад, асноўнай і дадатковай літаратуры па тэмах.

Для арганізацыі кантрольнай дзейнасці неабходна выкарыстоўваць рэйтынгавыя (прамежнае тэсціраванне), крэдытна-модульныя сістэмы адзнакі вучэбнай, даследчай, кантраляванай самастойнай працы студэнтаў.

Тэма 1. Уводзіны. Прадмет і перыядызацыя “Гісторыі Беларусі”

  1. Прадмет і задачы вывучэння гісторыі Беларусі.

  2. Праблема перыядызацыі гісторыі Беларусі.

  3. Крыніцы па вывучэнню гісторыі Беларусі.

  4. Гісторыяграфія гісторыі Беларусі.

Пытанне да дыскусіі:

  1. Месца Беларусі ў еўрапейскай гісторыі.

Тэмы рэфератыўных паведамленняў:

  1. Фармацыйны і цывілізацыйны падыходы ў гістарычным пазнанні.

  2. Станаўленне нацыянальнай гісторыяграфічнай канцэпцыі.

Літаратура: [9, с.3-18; 10, с.7-16; 21, с.5-9; 30, с.5-27; 34, с.7-8; 35, с.7-19].

ХХІ ст. вызначаецца як інтэлектуальна-інфармацыйная эпоха, таму выпускніку ВНУ, каб быць запатрабаваным ў грамадстве, трэба стаць не толькі добрым спецыялістам, але і ўсебакова развітай асобай. Павышэнню ўласнай эрудыцыі спрыяе вывучэнне грамадскіх навук.

Любы адукаваны чалавек найперш павінен ведаць гісторыю сваёй краіны. Засваенне гістарычнага вопыту мінулых пакаленняў дазваляе накіроўваць ўсю практычную дзейнасць сучаснасці. Гісторыя – адна са старажытных навук, заснавальнікам якой лічыцца старажытнагрэчаскі гісторык Герадот (V ст. да н.э.), які першым напісаў кнігу. Гісторыя ёсць апавяданне аб мінулых падзеях, аб тым, што пазнана, даследавана.

Па меры накаплення, сістэматызацыі і абагульнення звесткі аб мінулым паступова ператварыліся ў гістарычную навуку. Гістарычная навука – усялякі працэс развіцця ў прыродзе, грамадстве, вызначэнне і тлумачэнне фактаў мінулага. Аснова гістарычнай навукі – збіранне, сістэматызацыя і абагульненне фактаў.

Кожная грамадская навука мае свой прадмет. Прадмет гісторыі вызначыўся не адразу. У ходзе паступовага развіцця гісторыі ішоў працэс удасканальвання матэрыяльнай вытворчасці, змяняўся і ўдакладняўся палітычны лад грамадства і яго сацыяльная структура, развіваліся навука і культура.

Студэнты павінны звярнуць увагу на тое, што гісторыя – навука канкрэтная і патрабуе дакладнага ведання храналогіі, фактаў, падзей. Прадметам яе вывучэння з’яўляецца ўся сукупнасць жыцця грамадства на працягу ўсяго гістарычнага працэсу. Прадметам гісторыі Беларусі з’яўляюцца заканамернасці развіцця беларускага этнасу, розных бакоў яго жыццядзейнасці, узаемасувязі з іншымі народамі і краінамі. Пры гэтым гісторыя Беларусі даследуе не ўсе заканамернасці, а найбольш агульныя.

Дзякуючы паступоваму накапленню фактаў склаліся асобныя галіны гістарычных ведаў (палітычная гісторыя, гісторыя дзяржавы і права, гісторыя культуры і г.д.), а таксама шэраг дапаможных гістарычных дысцыплін (геральдыка, нумізматыка, тапаніміка і інш.). Трэба адзначыць, што вывучэнне гісторыі Беларусі ўключае ў сябе шэраг функцый, сярод якіх можна вылучыць пазнавальную, апісальную, прагматычную, цэласную, светапоглядную, культурную і выхаваўчую. Падводзячы вынік, студэнты павінны вызначыць найбольш актуальныя задачы вывучэння гісторыі Беларусі.

Раскрываючы змест другога пытання, неабходна ведаць, што для большай зручнасці гісторыю падзяляюць на перыяды – адрэзкі часу, калі адбываліся гістарычныя падзеі. Важнае значэнне надаецца крытэрыям, на аснове якіх робіцца перыядызацыя. Адны гісторыкі кіруюцца сацыяльна-эканамічнымі крытэрыямі, іншыя шукаюць іх у галіне палітыкі ці ў сферы духоўнага жыцця, культуры. Існуюць перыядызацыі сусветная і лакальная, якія суадносяцца з сусветнай як адзінае з агульным. Глыбокае і ўсебаковае пазнанне гісторыі забяспечвае сучасная навуковая метадалогія, у адпаведнасці з якой вызначаюць фармацыйны і цывілізацыйны падыходы. У беларускай гісторыяграфіі склаліся два асноўныя падыходы: дзяржаўніцкі і фармацыйны. Дзяржаўніцкая канцэпцыя ў дачыненні да гісторыі Беларусі аформілася ў працах В. Ластоўскага і У. Ігнатоўскага. Яе прынцып грунтуецца на дзяржаўнай прыналежнасці. У аснове фармацыйнай канцэпцыі – схема змены сацыяльна-эканамічных фармацый.

У адпаведнасці з новай канцэпцыяй гістарычнай адукацыі, пачынаючы з 1991 г., была ўведзена новая перыядызацыя гісторыі Беларусі, суадносная з перыядызацыяй усеагульнай гісторыі. Чалавечае грамадства на тэрыторыі Беларусі прайшло наступныя перыяды свайго развіцця: старажытнае грамадства (40 тыс. гг. да н.э. – V ст. н.э.), сярэднявечча (канец V – ХV стст.), новы час (ХVІ – пачатак ХХ ст.), навейшы час (з 1918 г. – да нашых дзён).

Аналізуючы праблему гістарычнай перыядызацыі, студэнтам трэба мець на ўвазе, што адзінай прызнанай канцэпцыі перыядызацыі гісторыі, як ўсеагульнай, так і гісторыі Беларусі не існуе.

Разглядаючы трэцяе пытанне, неабходна адзначыць, што гісторыя Беларусі вывучаецца на падставе разнастайных гістарычных крыніц, якія падзяляюцца на групы: археалагічныя, этнаграфічныя, лінгвістычныя, вусныя, пісьмовыя, кіна-фота-фона-дакументы і інш. Гістарычныя крыніцы – гэта матэрыяльныя аб’екты, якія маюць сацыяльную прыроду, паходжанне, адлюстроўваюць мінулае грамадства, уцягнуты ў сферы гістарычнага даследавання і служаць сродкам гістарычнага пазнання.

У апошнім пытанні студэнты павінны звярнуць увагу на тэрмін “гісторыяграфія” (ад грэч. historia i grapho – пішу) – апісанне гісторыі. Неабходна адзначыць, што станаўленне і развіццё беларускай нацыянальнай гісторыяграфіі бярэ пачатак з зараджэння беларускай нацыянальнай ідэі і нацыянальнага руху (І п. ХІХ ст.). Першымі прафесійнымі гісторыкамі, якія сваімі даследаваннямі заклалі падмурак канцэпцыі айчыннай гісторыі, былі вучоныя Віленскага універсітэта І. Апацэвіч, М. Баброўскі, І. Даніловіч. Значны ўклад у вывучэнне гісторыі Беларусі ўнеслі працы М. Доўнар-Запольскага, Я. Карскага, У. Ігнатоўскага, У. Пічэты і інш. Студэнтам неабходна ведаць і сучасных гісторыкаў, якія працягваюць вывучэнне гісторыі Беларусі.

Завяршаючы падрыхтоўку дадзенай тэмы, студэнты павінны засвоіць, што вывучэнне гісторыі Беларусі абумоўлена неабходнасцю шырокай гуманітарнай падрыхтоўкі будучых спецыялістаў і мае на мэце сфарміраваць гістарычнае пазнанне, цэласнае ўяўленне аб заканамернасцях і асаблівасцях эвалюцыі чалавечага грамадства, асэнсаваць месца айчыннай гісторыі ў сусветным гістарычным працэсе і ўклад беларускага народа ў сусветную цывілізацыю.

Тэма 2. Старажытнае грамадства на тэрыторыі Беларусі

  1. Даіндаеўрапейскі перыяд этнічнай гісторыі Беларусі.

  2. Рассяленне індаеўрапейцаў. Балты на тэрыторыі Беларусі.

  3. Славянскі этап этнічнай гісторыі Беларусі.

Пытанне да дыскусіі:

Індаеўрапейцы і іх роля ў гісторыі народаў Еўропы.

Тэмы рэфератыўных паведамленняў:

  1. Матэрыяльная і духоўная культура першабытнага грамадства.

  2. Усходнеславянскія супольнасці на тэрыторыі Беларусі.

Літаратура: [9,с.19-27, 36-45; 10, с.17-37; 17, с.5-8; 20, с.9-70; 21, с.10-18; 30, с.28-44; 34, с.20-35; 35, с.19-29].

Узнікненне чалавечага грамадства – надзвычай доўгі і складаны працэс і яго развіццё адбывалася прагрэсіўна, паводле адпаведных перыядаў. Першым перыядам існавання людзей з’яўляецца першабытнае (старажытнае) грамадства. Існуюць дзве перыядызацыі першабытнага грамадства: агульнагістарычная і археалагічная. У адпаведнасці з агульнагістарычнай, гісторыя першабытнага грамадства прайшла наступныя стадыі станаўлення і развіцця: першабытны чалавечы статак, або праабшчына, ранняя радавая абшчына, позняя радавая абшчына, разлажэнне першабытнага грамадства і пачатак утварэння класаў. Акрамя агульнагістарычнай перыядызацыі, шырока распаўсюджана археалагічная перыядызацыя. У залежнасці ад таго, які матэрыял выкарыстоўвалі людзі для вырабу прылад працы, ранняя гісторыя чалавецтва падзяляецца на каменны (палеаліт: ніжні, сярэдні, верхні; мезаліт, неаліт і энеаліт), бронзавы і жалезны вякі.

Раскрываючы змест дадзенай тэмы, неабходна вызначыць, што этнічная гісторыя Беларусі ўмоўна падзяляецца на два перыяды: даіндаеўрапейскі і індаеўрапейскі. Асноўныя перыяды ў гісторыі першабытнага грамадства суадносяцца з адпаведнымі перыядамі этнічнай гісторыі Беларусі. Каменны век з даіндаеўрапейскім, бронзавы і жалезны – з індаеўрапейскім суадносна. У межах даіндаеўрапейскага перыяду вылучаюцца тубыльская і фінаўгорская хвалі засялення, а ўмежах індаеўрапейскага – балцкая і славянская.

Беларусь не з’яўляецца прарадзімай чалавецтва. Першае пранікненне людзей на тэрыторыю сучаснай Беларусі адбылося ў верхнім палеаліце, прыкладна 40 тыс. гадоў таму. Пачаўся даіндаеўрапейскі перыяд этнічнай гісторыі Беларусі (40 тыс. гг. да н.э. – 3-2 тыс. гг. да н.э.). Вядомы дзве самыя старажытныя верхнепалітычныя стаянкі чалавека на тэрыторыі Беларусі – каля в. Юравічы і в. Бердыж. Пры значных пахаладаннях людзі верхняга палеаліту здзяйснялі неаднаразовыя міграцыі і значныя перасяленні. Па меры раставання і адступлення ледніка ў мезаліце (8-5 тыс. гг. да н.э.) адбылося поўнае засяленне чалавекам тэрыторыі Беларусі з розных месцаў і рознымі групамі насельніцтва.

Даіндаеўрапейскі перыяд характарызуецца панаваннем такіх форм гаспадаркі, як паляванне, рыбалоўства, збіральніцтва. У неаліце (4-3 тыс. гг. да н.э.) паступова пачаўся пераход да вытворчай гаспадаркі – земляробства і жывёлагадоўлі. Пераход старажытнага насельніцтва ад прысвойваючай да вырабляючай гаспадаркі атрымаў у гістарычнай навуцы назву неалітычнай “рэвалюцыі”. Тэрмін уведзены англійскім археолагам Г. Чайлдам (1892-1957). Гэта найбольш глыбокі і значны за ўсю гісторыю чалавецтва гаспадарчы ўздым, які выклікаў глабальныя перамены ва ўзаемаадносінах чалавека і прыроды, прывёў да істотных змен у сацыяльна-эканамічным ладзе, рэлігійных уяўленнях, дэмаграфічных працэсах, даў штуршок да ўзнікнення старажытных цывілізацый.

Разглядаючы другое пытанне тэмы, студэнты павінны звярнуць увагу на тое, што другі індаеўрапейскі перыяд этнічнай гісторыі Беларусі пачаўся ў бронзавым веку з часу рассялення на яе тэрыторыі індаеўрапейскіх плямёнаў (3-2 тыс. гг. да н.э. – да нашага часу). На рубяжы 4-3 тыс. гг. да н.э. індаеўрапейскія плямёны пачалі свой рух у розных напрамках. Гэта было абумоўлена бурным развіццём земляробства і жывёлагадоўлі, павелічэннем колькасці насельніцтва, што выклікала перанаселенасць і неабходнасць асваення новых тэрыторый.

Індаеўрапейскія плямёны не былі аднароднымі. У выніку міграцыі і змешвання з карэнным насельніцтвам, пад уздзеяннем розных геаграфічных умоў яны страчвалі сваё адзінства і ператвараліся ў мазаіку народаў, іх культур і моў.

У 3-2 тыс. да н.э. на тэрыторыі басейнаў Віслы, Нёмана, Заходняй Дзвіны, Верхняга Падняпроўя ў выніку асіміляцыі мясцовага неалітычнага насельніцтва індаеўрапейцамі адбываецца фарміраванне адной з галін індаеўрапейскай мазаікі народаў – балты. Пачаўся балцкі этап індаеўрапейскага перыяду этнічнай гісторыі Беларусі, які храналагічна супадае з эпохай меаліту (3-2 тыс. да н.э. – ІV - Vстст. н.э.). З рассяленнем індаеўрапейцаў змяніўся не толькі этнічны склад насельніцтва Беларусі, змянілася і эпоха. Каменны век саступіў месца бронзаваму (3-2 тыс. да н.э. – 1 тыс. да н.э.).

У апошнім пытанні тэмы студэнтам неабходна засвоіць, што новы, славянскі этап этнічнай гісторыі Беларусі пачаўся ў раннім сярэднявеччы (ІV-V стст. н.э. – наш час). Да першых стагоддзяў нашай эры славяне ўяўлялі сабой адзінае цэлае. Але ж у выніку вялікай шчыльнасці насельніцтва, змен у палітычным і сацыяльна-эканамічным развіцці, уціску з боку іншых народаў пачалася актыўная міграцыя славян са сваёй прарадзімы.

Частка славян пачала масавы рух на поўдзень і ў VІІ – VІІІ стст. засяліла Балканы, землі Сербіі, Харватыі, Македоніі, Славеніі, Чарнагорыі, Балгарыі, часткова Грэцыі. У працэсе асіміляцыі мясцовага насельніцтва ўтварылася галіна славян, якіх называюць паўднёвымі славянамі.

Другая частка рухаючыхся на ўсход дайшла да Дняпра і ў VІ – VІІ стст. на тэрыторыі Валыні і Паўднёвай Беларусі сфарміравалася новая галіна славян – усходнія славяне. Цесныя кантакты славян з мясцовым балцкім насельніцтвам прывялі да асіміляцыі апошніх. У VІІІ – ІХ стст. адбываецца масавае рассяленне славян на тэрыторыі сучаснай Беларусі. У выніку славяна-балцкага ўзаемадзеяння ўзніклі новыя этнічныя супольнасці – крывічы, дрыгавічы, радзімічы. Заходнія славяне нікуды не мігрыравалі і ні з кім не змешваліся.

Дрыгавічы аселі ў басейне ракі Прыпяць, крывічы (палачане) – у вярхоўі Дняпра і басейне Заходняй Дзвіны, радзімічы – на землях паміж Дняпром і Сожам. Акрамя іх, тэрыторыя Беларусі была заселена прадстаўнікамі іншых усходне-славянскіх плямёнаў: драўлян, валынян, севяран, славян.

Тэма 3. Сярэднявечча. Станаўленне раннефеадальных дзяржаўных утварэнняў на тэрыторыі Беларусі

  1. Станаўленне раннефеадальных дзяржаўных утварэнняў усходніх славян на тэрыторыі Беларусі. Кіеўская Русь.

  2. Полацкае і Тураўскае княствы ў IX-XIII стст. Іх узаемаадносіны з Кіевам і Ноўгарадам.

  3. Барацьба супраць крыжакоў і татара-манголаў.

  4. Увядзенне хрысціянства. Культура на беларускіх землях у X-XIII стст.

Пытанне да дыскусіі:

Аб праблеме старажытнарускай дзяржаўнасці.

Тэмы рэфератыўных паведамленняў:

  1. Полацкае княства – выток беларускай дзяржаўнасці.

  2. Выдатныя дзеячы беларускай культуры Х – першай паловы ХІІІ стст.

Літаратура: [9, с.33-34, 54-74; 10, с.44-71; 17, с. 8-19; 20, с.71-113; 21, с.28-57; 30, с.45-60; 34, с.39-56, 104-108; 35, с.29-38].

Раскрываючы змест дадзенай тэмы, студэнты павінны адзначыць, што ІХ – першая палова ХІІІ стст. храналагічна звязаны з эпохай ранняга сярэднявечча. Да ІХ ст. у асноўным завершылася разлажэнне родаплемянных адносін ва ўсходніх славян, і яны ўступілі ў новы этап гістарычнага развіцця. Характэрнай асаблівасцю гэтага этапа стала не толькі складванне класавых адносін, але і з’яўленне дзяржаўных утварэнняў, даволі хуткі рост вытворчых сіл грамадства, яго культуры.

У развіцці дзяржаўнасці на тэрыторыі Беларусі можна вылучыць працэс узнікнення племянных княжанняў (першапачатковых дзяржаўных утварэнняў), ператварэнне племянных княжанняў у дзяржаўна-палітычныя аб’яднанні, цесную сувязь княстваў на тэрыторыі Беларусі з палітычнымі працэсамі Старажытнай Русі.

Да гісторыі Беларусі маюць дачыненне княжанні, якія сфарміраваліся на аснове Крыўскага племяннога саюза. Гэты саюз аб’ядноўваў крывічоў, дрыгавічоў, радзімічаў, вяцічаў і севяран. Раней за іншых з гэтага племяннога саюза выдзеліліся палачане. З распадам саюза ўтварылася княжанне дрыгавічоў і радзімічаў. Важную ролю ў княствах адыгрывала народнае веча, яму фактычна належала заканадаўчая ўлада. Выканаўчую ўладу ажыццяўляў князь.

Дзяржаўна-палітычныя ўтварэнні ў выглядзе племянных княжанняў з’явіліся да ІХ ст. не толькі на тэрыторыі Беларусі, але і на іншых славянскіх землях і ў сярэднім Падняпроўі, дзе ўзвысіўся Кіеў, а таксама ў раёне Паладажжа, у якім цэнтрам стаў Ноўгарад. Паміж гэтымі фарміраваўшыміся княствамі мела месца барацьба, якая адлюстравала імкненне князёў пашырыць сферу свайго ўплыву. Прычым найбольш актыўнымі ў ёй былі кіеўскія князі. Асабліва ўзмацнілася значэнне Кіева, як аднаго з буйнейшых палітычных цэнтраў усходніх славян пасля аб’яднання яго земель з Ноўгарадам у 882 г. У выніку аб’яднанай палітыкі кіеўскіх князёў на тэрыторыі Усходняй Еўропы склалася адна з буйнейшых сярэдневяковых дзяржаў – Старажытнаруская дзяржава або Кіеўская Русь. Погляды вучоных на гэтую дзяржаву розныя, таму ў гістарычнай літаратуры па дадзенай праблеме склаліся тры асноўныя пункты гледжання. Прыхільнікі першага разглядаюць Кіеўскую Русь як палітычна цэнтралізаваную адзіную дзяржаву. Другі пункт погляду гісторыкаў наступны: яны прызнаюць Старажытнарускую дзяржаву, але разглядаюць яе як федэратыўную ці канфедэратыўную з вялікай самастойнасцю мясцовых княстваў. У аснове трэцяга пункту гледжання – погляды гісторыкаў, якія адмаўляюць факт існавання Старажытнарускай дзяржавы.

У сучаснай гісторыяграфіі тэрмінам “Кіеўская Русь” абазначаецца раннефеадальная дзяржава ўсходніх славян ІХ – ХІІ стст., на чале якой стаяў вялікі князь. Яна ўзнікла ў выніку аб’яднання двух усходнеславянскіх дзяржаўных утварэнняў – Куявы (палітычны саюз палян, севяран і вяцічаў, цэнтр – Кіеў) і Славіі (чудзь, славене, мера, крывічы, цэнтр – Ноўгарад). Існуюць дзве асноўныя тэорыі паходжання Кіеўскай Русі: нарманская і антынарманская. Сфарміраваўшыся на працягу другой паловы ІХ – першай паловы Х стст., Кіеўская Русь як адносна адзіная і цэласная дзяржава праіснавала да пачатку ХІІ ст. Найвышэйшага росквіту дасягнула падчас княжання Уладзіміра Святаславіча і Яраслава Мудрага. З узмацненнем міжусобіц пачаўся распад Кіеўскай Русі на самастойныя дзяржаўныя ўтварэнні. Прычынамі распаду сталі імкненні княстваў да самастойнасці, палітычнае і эканамічнае замацаванне іх, узмацненне ролі мясцовай знаці і кіраўніцтва княствамі, развіццё феадальных адносін у грамадстве.

Першымі дзяржаўнымі ўтварэннямі на тэрыторыі сучаснай Беларусі былі Полацкае і Тураўскае княствы. Разглядаючы другое пытанне тэмы, студэнтам неабходна звярнуць увагу на асаблівасці палітычнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця гэтых княстваў, іх ўзаемаадносіны з Кіевам і Ноўгарадам.

Пры вывучэнні гісторыі беларускіх зямель ІХ – першай паловы ХІІІ стст. студэнты павінны ўлічваць і знешнепалітычныя ўмовы іх развіцця. Фарміраваўшымся княствам даводзілася вырашаць праблемы ўзаемаадносін усходнеславянскіх зямель, устанаўліваць сувязь з сумежнымі дзяржавамі і весці барацьбу са знешняй бяспекай.

У перыяд феадальнай раздробленасці ўзмацнілася самастойная роля мясцовых княстваў у вырашэнні міжнародных спраў у сувязі з небяспекай, якая навісла з боку іншаземных захопнікаў. Для беларускіх зямель гэта небяспека зыходзіла перш за ўсё ад нямецкіх рыцараў – крыжаносцаў.

З пачатку ХІІІ ст. развярнулася барацьба беларускіх зямель з агрэсіяй крыжакоў. Прычым асноўны цяжар яе лёг на Полацкае і іншыя княствы, якія знаходзіліся на мяжы з Прыбалтыкай. Барацьба з нямецкімі захопнікамі працягвалася многія гады. Толькі за перыяд з канца ХІІІ ст. па 1410 г. крыжаносцы больш за 140 разоў урываліся на тэрыторыю Беларусі і Літвы, а беларуска-літоўскія палкі ажыццявілі каля 60 адказных паходаў. Але пагроза ў ХІІІ ст. зыходзіла не толькі з боку крыжакоў. Страшэнным бедствам для народаў Усходняў Еўропы стала мангола-татарскае нашэсце. Ёсць падстава сцвярджаць, што манголы прайшлі толькі па поўдню Беларусі, аднак у цэлым землі Беларусі засталіся з боку ад галоўнага напрамку руху манголаў і не зведалі таго разарэння, якому падвергліся паўночна-ўсходняя і паўднёвая Русь. Барацьба з іншаземнымі захопнікамі была працяглай, аднак пакарыць беларускія землі тады не ўдалося ні крыжакам, ні татара-манголам.

Раскрываючы змест чацвёртага пытання, студэнты павінны адзначыць, што хрысціянскай рэлігіі на Русі папярэднічала язычніцтва. Хрысціянства на Старажытную Русь прыйшло з Візантыі ў гатовым выглядзе. У славянскім грамадстве яго распаўсюджвалі зверху. Руская княгіня Вольга першай прыняла хрысціянства, а яе ўнук Уладзімір у 988 г. пачаў хрышчэнне Русі. Узаемадзеянне дзвюх рэлігійных сістэм – язычніцкай і хрысціянскай нарадзіла такую з’яву, як двухвер’е. Увядзенне хрысціянства садзейнічала развіццю культуры на беларускіх землях. Асабліва вялікую ролю адыграла хрысціянства ў распаўсюджванні пісьменнасці, асветы, у развіцці кніжнай справы, мастацтва, архітэктуры, жывапісу і г.д. Хрысціянская рэлігія стала ідэалагічнай асновай усяго духоўнага жыцця людзей.

Тэма 4. Сацыяльна-эканамічныя і палітычныя фактары развіцця Вялікага Княства Літоўскага

  1. Перадумовы і працэс фарміравання Вялікага Княства Літоўскага. Крэўская унія.

  2. Палітычны лад і органы дзяржаўнай улады ВКЛ.

  3. Асноўныя напрамкі знешняй палітыкі ВКЛ у ХІV – ХVІ стст.

  4. Эканамічнае развіццё і сацыяльныя адносіны на беларускіх землях у ХІV – ХVІ стст. Аграрная рэформа 1557 г.

Пытанне да дыскусіі:

Праблема ўтварэння Вялікага Княства Літоўскага, яго этнічная прыналежнасць.

Тэмы рэфератыўных паведамленняў:

  1. Месца і роля ВКЛ у гісторыі Еўропы.

  2. Наваградак – цэнтр беларуска-літоўскай дзяржавы.

Літаратура: [9, с.75-117; 10, с.75-137; 17, с.19-35; 20, с.114-166; 21, с.58, 68-72, 78-95; 30, с.61-82; 34, с.58-102, 154-156; 35, с.39-65].

Пачынаючы разгляд дадзенай тэмы, студэнтам неабходна звярнуць увагу на тое, што ў другой палове ХІІІ ст. пачынаецца новы перыяд гісторыі Беларусі, галоўным зместам якога з’яўляецца фарміраванне на яе і суседніх тэрыторыях новай дзяржавы – Вялікага княства Літоўскага, Рускага і Жамойцкага (ВКЛ). Яе ўтварэнне – заканамерны вынік палітычнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця зямель сучасных Беларусі і Літвы ў ХІІ – ХІІІ стст.

Адносіны ўсходнеславянскіх княстваў са сваімі бліжэйшымі балцкімі суседзямі былі няпростымі. Аднак у канцы ХІІ – перш. пал. ХІІІ стст. наспела неабходнасць кансалідацыі ў адзіную дзяржаву. Фарміраванню буйнейшай сярэдневяковай еўрапейскай дзяржавы садзейнічала мноства фактараў: унутрыпалітычных, сацыяльна-эканамічных і знешнепалітычных. Працэс утварэння ВКЛ быў працяглым і меў складаны характар. Ён адбываўся больш за стагоддзе разнастайнымі шляхамі (пры дапамозе ваенных захопаў, добраахвотна на аснове пагадненняў, шляхам дынастычных шлюбаў).

Цэнтрам аб’яднання ў сярэдзіне ХІІІ ст. сталі землі басейна ракі Нёман з цэнтрам у г. Наваградак. Гэтая тэрыторыя стала ядром для ўтварэння ВКЛ, а першы князь новай дзяржавы – Міндоўг – зрабіў Наваградак сваёй сталіцай. Стварэнне магутнай краіны працягвалася пры нашчадках Міндоўга: князе Войшалку, Трайдзеню, Віценю, Гедыміне, Альгердзе, Вітаўце.

Пры вывучэнні першага пытання тэмы асаблівай ўвагі заслугоўвае падпісанне Крэўскай вуніі і яе значэнне ў гісторыі.

Разглядаючы другое пытанне, трэба мець на ўвазе, што палітычны лад Вялікага княства Літоўскага ўяўляў сабою манархію на чале з вялікім князем (гаспадаром) – носьбітам заканадаўчай, судовай, ваеннай улады. Першай сталіцай ВКЛ з’яўляўся Наваградак, з 1323 г. – Вільня. Герб дзяржавы – “Пагоня”. Дзяржаўнай мовай была старабеларуская мова.

З сярэдзіны ХІІІ ст. і да канца ХІV ст. палітычны лад ВКЛ уяўляў сабою спадчынную манархію, дзе ўлада вялікага князя не была абмежавана. Але ўжо ў ХІV ст. ВКЛ паступова набывае статус абмежаванай манархіі. Гэта адбылося таму, што ўмовы Крэўскай уніі (1385г.) з Польшчай прадугледжвалі не спадчынную, а выбарную вялікакняжацкую ўладу. Акрамя таго, улада князя абмяжоўваецца пэўнымі дзяржаўнымі органамі. Пры вялікім князе існавала Рада альбо Паны-рада. Спачатку гэта быў дарадчы орган пры князю, а потым ператварыўся ў цэнтральны дзяржаўна-палітычны інстытут, які ўжо юрыдычна абмяжоўваў уладу гаспадара. Рада стаяла пастаянным выканаўчым, распарадчым, заканадаўчым, кантрольным і судовым органам. З цягам часу ўстанавіўся пэўны састаў Рады. Права засядаць ў ёй мелі каталіцкія біскупы, ваяводы, кашталяны (маршалак земскі, канцлер, гетман найвышэйшы, падскарбій) і некаторыя буйныя феадалы па асабістых запрашэннях. Рада збіралася эпізадычна, некалькі разоў у год і разбірала толькі важныя справы. Іншыя пытанні па кіраванню дзяржаўнымі справамі ад імя Рады вырашала найвышэйшая (тайная) Рада.

Важнае значэнне ў сістэме органаў дзяржаўнай улады меў агульнадзяржаўны (вольны) сейм, на пасяджэннях якога прысутнічалі паны-рады, службовыя асобы, феадалы ВКЛ. На соймах выпрацоўваўся агульны кірунак знешняй і ўнутранай палітыкі дзяржавы.

Мясцовае кіраванне на беларускіх землях залежыла ад адміністрацыйна-тэрытарыяльнага падзелу (ваяводства, паветы) і мела свае органы кіравання: ваяводы, ключнікі, гараднічыя, дзяржаўцы, соцкія і г.д.

Саслоўна-прадстаўнічымі органамі ў павеце былі павятовыя соймікі, дзе адмяркоўваліся мясцовыя і агульнадзяржаўныя справы. Яны збіраліся штогод або некалькі разоў на год.

Праводзячы аналіз трэцяга пытання, студэнты павінны вызначыць асноўныя напрамкі знешняй палітыкі Вялікага княства Літоўскага ў ХІV-ХVІ стст. Зыходзячы з унутранага становішча дзяржавы і знешнепалітычнай расстаноўкі сіл, асноўнымі накірункамі знешняй палітыкі з’яўляліся: на захадзе – уладкаванне ўзаемаадносін з Польшчай, на паўночна-заходнім напрамку – барацьба з нямецкімі ордэнамі (Грунвальдская бітва 1410 г.); на ўсходзе – саперніцтва з Маскоўскай дзяржавай; на паўднёвым усходзе і поўдні – барацьба з татарскімі ханствамі (Залатой Ардой, Вялікай Ардой, Крымскім ханствам) па абароне сваіх дзяржаўных межаў.

Раскрываючы змест чацвёртага пытання, неабходна адзначыць, што ў другой палове ХІІІ – першай палове ХVІ ст. у Беларусі працягваецца фарміраванне і ўдасканаленне феадальных адносін. Асновай эканамічнага развіцця з’яўляецца сельская гаспадарка, галоўным сродкам вытворчасці і багаццем з’яўляецца зямля, а галоўным гаспадарчым заняткам – земляробства, звязанае з жывёлагадоўляй і хатнімі промысламі. Формы феадальнай уласнасці, правоў і абавязкаў складваліся паступова.

Вярхоўным землеўладальнікам лічыўся вялікі князь. Землі падзяляліся на дзяржаўныя, прыватнаўласніцкія, баярскія (шляхецкія), царкоўныя. Гаспадарчае жыццё ВКЛ характарызавалася існаваннем і пэўнымі суадносінамі паміж рознымі саслоўямі і панамі-магнатамі (шляхтай), духавенцвам, мяшчанмі і сялянамі.

Самую вялікую частку складалі сяляне, якія ў ХІV-ХV стст. з землеўласнікаў сталі землекарыстальнікамі. У адпаведнасці са сваім маёмасным, падатным становішчам, па ступені залежнасці ад феадалаў сяляне дзяліліся на катэгорыі: пахожыя, непахожыя, чэлядзь нявольная, цяглыя, асадныя, закупы, закладнікі, найміты, агароднікі, слугі і інш.

За карыстанне зямельнымі надзеламі сяляне павінны былі выконваць шматлікія павіннасці і ўносіць рэнту. Працэс запрыгоньвання сялян пачынаецца з выдання ў 1447 г. уласнасці феадала на зямлю, а Судзебнік Казіміра 1468 г. пазбавіў сялян права свабоднага пераходу ад аднаго феадала да другога. Такім чынам, адбылося юрыдычнае афармленне запрыгоньвання сялян. У ХІV-ХVІ стст. адбываецца рост гарадоў і гарадскога насельніцтва. Гарады з’яўляліся цэнтрам культурнага жыцця, рамёстваў і гандлю.

Змены, якія адбываліся ў эканамічным развіцці і сацыяльных адносінах, прывялі да неабходнасці правядзення аграрнай рэформы. Студэнты павінны вызначыць мэты, асноўныя пытанні і вынікі рэформы 1557 г.

Тэма 5. Этнічная сітуацыя і духоўнае жыццё на беларускіх землях у перыяд стварэння і развіцця ВКЛ

  1. Асноўныя канцэпцыі паходжання беларускага народа і назвы "Белая Русь".

  2. Фарміраванне беларускай народнасці.

  3. Культура Беларусі ў другой палове ХІІІ – першай палове ХVІ стст.

Пытанне да дыскусіі:

Этнічная аснова беларускай народнасці.

Тэма рэфератыўнага паведамлення:

Вусная народная творчасць – аснова беларускай культуры.

Літаратура: [9, с.136-144; 10, с.37-44, 137-161; 17, с.36-44; 20, с.192-200; 21, с.18-27, 97-103; 30, с.99-117; 34, с.35-37, 108-116].

Пры вывучэнні дадзенай тэмы неабходна адзначыць, што праблема паходжання беларусаў, фарміравання беларускай народнасці ў многіх аспектах застаецца спрэчнай і дыскусійнай. Пытанне пра гістарычныя карані, этнічную аснову беларускай народнасці непасрэдна звязана з гісторыямі засялення і асваення тэрыторыі Беларусі старажытнымі людзьмі яшчэ ў перыяд першабытнаабшчыннага ладу. Беларускія землі ўжо ў старажытнасці былі арэнай сутыкнення і ўзаемадзеяння самых разнастайных груп насельніцтва, дзе развіваліся інтэнсіўныя этнічныя працэсы.

Адсутнасць адзінага погляду на пытанне аб продках беларусаў прывяла да ўзнікнення мноства навуковых канцэпцый іх паходжання. Старажытнаруская канцэпцыя распрацавана напрыканцы ХІХ – пачатку ХХ стст. гісторыкамі А.А. Шахматавым, М.У. Токаравым, Я.І. Карнейчыкам. Асноўным палажэннем было існаванне старажытнарускай народнасці, якая склалася з усходнеславянскіх плямён.

Існуе таксама дзве выключаючыя адна адну тэорыі – вялікаруская і вялікапольская, аўтары якіх адмаўлялі існаванне самастойнага беларускага этнасу, таму што ў насельніцтва Беларусі быццам не было самастойнай мовы. Прыхільнікі польскай канцэпцыі (Л. Галембоўскі, А. Рыпінскі і інш.) лічылі беларускую мову дыялектам польскай мовы, а беларусаў – часткай польскага этнасу. У адпаведнасці з вялікарускай канцэпцыяй (А. Сабалеўскі, І. Сразнееўскі і інш.) лічылі, што Беларусь – частка вялікарускай этнічнай тэрыторыі, а беларуская мова – дыялект рускай мовы.

У пачатку ХХ ст. з’явілася крывіцкая канцэпцыя (М. Пагодзін, В. Ластоўскі), прыхільнікі якой лічылі продкамі беларусаў крывічоў. А аўтары крывіцка-дрыгавіцка-радзіміцкай тэорыі (Я. Карскі, М. Грындблат і інш.) уключылі ў склад продкаў яшчэ ў дадатак дрыгавічоў і радзімічаў.

У адпаведнасці з балцкай тэорыяй этнагенезу беларусаў (У. Сядоў), змяшчэнне славян з балтамі прывяло да з’яўлення беларускага этнасу. Аўтар фінскай канцэпцыі І. Ласкоў лічыў, што продкамі беларусаў маглі быць і фіны. Шмат прыхільнікаў у нацыянальна-патрыятычным асяродку мае канцэпцыя М. Ермаловіча.

Сучасная канцэпцыя, якая ўлічвае амаль усе акалічнасці этнічных працэсаў на Беларусі, распрацавана ў пачатку 90-х гг. ХХ ст. М. Піліпенкам. Ён лічыць, што ў выніку рассялення славян і змешвання іх з усходнімі балтамі ўтварыліся ўсходне-славянскія этнічныя супольнасці крывічоў, дрыгавічоў і радзімічаў (ІХ-Х стст.), якія кансалідаваліся ў агульнаславянскую этнічную супольнасць (канец Х – пачатак ХІ стст.). Аналізуючы асаблівасці розных канцэпцый этнагенезу беларусаў, студэнты павінны вызначыць у іх недахопы і памылковасці.

Па-рознаму тлумачаць і паходжанне назвы “Белая Русь”, прапаноўваючы самыя розныя гіпотэзы. Вядомы расійскі гісторык ХVІІІ ст. В. Тацішчаў меркаваў, што гэта назва паходзіць ад белага колеру льнянога адзення тутэйшых жыхароў. Этнограф Я. Карскі адзначаў верагоднасць уплыву на ўтварэнне тэрміна антрапалагічных асаблівасцей беларусаў – “бландзінак з блакітнымі ці светла-шэрымі вачамі”. Беларускі філолаг П. Крапівін звязваў паходжанне назвы з наяўнасцю ў рэгіёне вялікай колькасці рэк і азёр, а тэрмін “Белая Русь” з гэтай нагоды перакладаў як “Чыстая вада”. Гісторык М. Ільінскі лічыў, што горад Бельск на тэрыторыі сучаснай Польшчы мог даць адпаведную назву ўсёй падкантрольнай сабе тэрыторыі.

Украінскі вучоны М. Драгманаў сцвярджаў, што тэрмін “белы” азначаў “вольны”, незалежны ад мангола-татар. Расійскі даследчык В. Іваноў адзначаў, што яшчэ да прыняцця хрысціянства ў Еўропе існавала традыцыя суадносіць асноўныя колеры з бакамі свету (поўнач – чорны, поўдзень – чырвоны, захад – белы, усход – жоўты ці блакітны і г.д.).

Разглядаючы другое пытанне, студэнтам неабходна звярнуць увагу на змест паняцця “народнасць”. Народнасць з’яўляецца адной з асноўных гістарычных форм этнасу, якая характарызуецца наяўнасцю заселенай тэрыторыі, пэўнай агульнасцю мовы, побыту, культуры, сацыяльна-эканамічных сувязей, некаторымі асаблівасцямі псіхалагічнага складу, самасвядомасцю. Фарміраванне беларускай народнасці непасрэдна было звязана з утварэннем ВКЛ. Менавіта ў межах гэтай дзяржавы дзейнічаў цэлы шэраг фактараў, якія абумовілі ўзнікненне беларускага этнасу. Гэта былі фактары ўнутранага і знешняга характару.

Першая група фактараў утварэння беларускай народнасці – палітычныя фактары, звязаныя са знаходжаннем беларускіх зямель у складзе ВКЛ і неабходнасцю абароны ад знешніх ворагаў. Утварэнню беларускай народнасці садзейнічаў і шэраг сацыяльна-эканамічных фактараў, бо эканамічнай асновай этнаўтваральных працэсаў з’явіліся далейшае развіццё сельскай гаспадаркі, удасканаленне рамяства, пашырэнне гандлю, рост гарадоў і г.д. Адначасова адбывалася складванне саслоўна-класавай структуры грамадства.

Вялікі ўплыў на этнічную сітуацыю ў Беларусі аказваў і канфесійны фактар. Пранікненне каталіцызму на Беларусь і ўмацаванне пазіцый каталіцкай царквы надавала пэўную адметнасць этнічным працэсам. Асаблівасць беларускай народнасці ў тым, што яна была поліканфесіянальнай. Такім чынам, працэс фарміравання беларускай народнасці, які пачаўся ў ХІІІ ст., завяршыўся ў ХVІ ст. Сукупнасць дзейнасці этнаўтваральных фактараў спрыяла ўтварэнню беларускай народнасці і такіх яе агульных прыкмет, як этнічная тэрыторыя, адносная агульнасць мовы, своеасаблівая матэрыяльная і духоўная культура, пэўныя гаспадарчыя сувязі, этнічная самасвядомасць і саманазва.

У апошнім пытанні тэмы трэба зазначыць, што культура Беларусі другой паловы ХІІІ – першай паловы ХVІ стст. развівалася на аснове засваення традыцый старажытнарускай спадчыны пад уздзеяннем іншых культур з улікам асаблівасцей палітычнага і сацыяльна-эканамічнага развіцця ВКЛ.

Станаўленню самабытнай беларускай культуры спрыяла народная творчасць. У працэсе фарміравання беларускай народнасці склаліся ўсе асноўныя віды беларускай народнай творчасці (фальклор, творы гісторыка-гераічнага этнасу, народна-гістарычныя песні, каляндарна-абрадавая і сямейна-бытавая паэзія і г.д.). Новыя, уласна беларускія рысы набывае і народны побыт, матэрыяльная культура, змяняецца адзенне.

Закладваецца падмурак для развіцця ўласна беларускай мовы, літаратуры, бурна развіваецаа летапісанне, зараджаецца кнігадрукаванне, прававая і грамадска-палітычная думка, асветніцтва.

Складваецца і актыўна развіваецца беларуская архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Другая палова ХІІІ – першая палова ХVІ стст. – яркі і самабытны перыяд у развіцці беларускай культуры, перыяд росту палітычнай і патрыятычнай свядомасці беларусаў, пашырэння культурных сувязей паміж беларусамі і іншымі народамі.

Тэмы 6-7. Люблінская унія. Сацыяльна-эканамічнае і палітычнае развіццё беларускіх зЯмЕЛЬ у складзе Рэчы Паспалітай

  1. Люблінская унія. Статус ВКЛ.

  2. Знешняя палітыка Рэчы Паспалітай. Войны другой паловы ХVІ - ХVІІІ стст.

  3. Эвалюцыя палітычнага ладу ў беларускіх землях. Статуты ВКЛ.

  4. Сацыяльна-палітычнае развіццё гарадоў. Магдэбургскае права.

  5. Сацыяльна-эканамічнае становішча беларускіх зямель у складзе Рэчы Паспалітай.

  6. Палітычны крызіс аб’яднанай Рэчы Паспалітай.

  7. Падзелы Рэчы Паспалітай (1772, 1793, 1795 г.). Канстытуцыя 3 мая 1791 г.

  8. Паўстанне 1794 г. пад кіраўніцтвам Т.Касцюшкі.

Пытанні да дыскусіі:

  1. Атрыбуты адноснай самастойнасці ВКЛ у сістэме Рэчы Паспалітай.

  2. Падзелы Рэчы Паспалітай як вынік вырашэння моцнымі дзяржавамі лёсу слабых краін.

Тэмы рэфератыўных паведамленняў:

  1. Прычыны і вынікі ўтварэння Рэчы Паспалітай.

  2. Т. Касцюшка – нацыянальны герой ЗША, Польшчы, Беларусі.

Літаратура: [9, с.152-166, 175-185; 10, с.169-184, 200-232; 17, с.45-81; 21, с.61, 82, 84-85, 95-97, 104-113, 122-144; 30, с.119-155; 34, с.127-172; 35, с.65-75].

У дадзенай тэме студэнты павінны адзначыць, што ў выніку падпісання Люблінскай уніі на геаграфічнай карце з’явілася адна з буйнейшых краін Еўропы – Рэч Паспалітая. Гісторыя збліжэння ВКЛ з Польскім каралеўствам бярэ свой пачатак з Крэўскай уніі 1385 г. Прычыны чарговай уніі ўмоўна можна падзяліць на знешнюю і ўнутраную. 10 студзеня 1569 г. пачаўся Люблінскі сойм, які цягнуўся амаль паўгода. На гэтым сойме пачаліся перагаворы паміж Польшчай і ВКЛ, якія скончыліся падпісаннем акта Люблінскай уніі 1 ліпеня 1569 г.

Студэнтам неабходна бальш падрабязна асвятліць падзеі, што папярэднічалі Люблінскаму сойму, яго ход і ўмовы, на якіх была заключана унія. Трэба ўлічваць, што палітычнае становішча ВКЛ у складзе Рэчы Паспалітай у параўнанні з Польшчай было няроўным. Палітычная дыскрымінацыя пануючых саслоўяў ВКЛ дапаўнялася эканамічнай, што нараджала антыпольскія настроі і барацьбу ВКЛ за сваю самастойнасць.

Раскрываючы змест другога пытання, неабходна звярнуць увагу на тое, што, з’яўляючыся першапачаткова магутнай краінай, Рэч Паспалітая вяла актыўную знешнюю палітыку як ва Усходняй, так і ў Заходняй Еўропе. Першай вайной, атрыманай у спадчыну ад ВКЛ, была Лівонская вайна (1558-1583 гг.). У пачатку ХVІІ ст. вышэйшыя магнацка-шляхецкія колы Рэчы Паспалітай вырашылі выкарыстаць крызісную сітуацыю ў Маскоўскай дзяржаве. “Смутны час” даваў ім надзею на далучэнне новых зямель на Усходзе. Узброеныя сілы Рэчы Паспалітай неаднаразова распачыналі ваенныя дзеянні супраць Маскоўскай дзяржавы (1604-1618 гг., 1632-1634 гг.). Наступныя спробы ўсталяваць уладу ў Маскоўскай дзяржаве былі беспаспяховымі.

Рэчы Паспалітай удалося вырашыць і праблему татарскіх нападкаў. Пастаянныя войны, якія яна вяла ў першай палове ХVІІ ст., прывялі да таго, што на ўкраінскіх і беларускіх землях склаліся напружаныя сацыяльна-палітычныя абставіны. У 1648 г. пачалося казацкае паўстанне на Украіне, якое ў хуткім часе перарасло ў вызваленчую вайну. Казацка-сялянская вайна (1648-1651 гг.) насіла характар антыфеадальнай барацьбы сялянства і гарадскіх нізоў пры падтрымцы казацкіх атрадаў, дасланых на Беларусь з Украіны гетманам Б. Хмяльніцкім, і закончылася паражэннем паўстанцаў. Вайна стала пачаткам разбуранага веку ў гісторыі Беларусі.

У сярэдзіне ХVІІ ст. знешняе становішча Рэчы Паспалітай рэзка змянілася. Пачынаючы з 1648 г. і да 1717 г. яна вымушана была знаходзіцца ў стане амаль бесперапынных войнаў. Рэчы Паспалітай давялося вясці шматлікія войны з Расіяй (1654-1667 гг.), Швецыяй (1655-1660, 1700-1721 гг.), Асманскай імперыяй (1672-1699 гг.). Далёка не ўсе яны заканчваліся перамогай для яе.

Працяглыя войны і ваенныя паражэнні ў гэты перыяд прывялі да таго, што міжнароднае значэнне краіны было страчана. Узмацнілася ўмяшальніцтва ва ўнутраныя справы замежных краін.

У трэцім пытанні тэмы трэба адзначыць, што Рэч Паспалітая лічылася супольнай дзяржавай абодвух народаў: ВКЛ і Польскай Кароны. Кіраўнік дзяржавы – кароль – меў абмежаваныя паўнамоцтвы. Заканадаўчая і часткова судовая ўлада належала агульнаму для ўсёй дзяржавы сойму, які складаўся з сената (вышэйшай палаты) і пасольскай ізбы (ніжэйшай палаты). У Рэчы Паспалітай была вялікая колькасць соймаў: канвакацыйныя, элекцыйныя, каранацыйныя, вальныя, генеральныя, павятовыя, рэляцыйныя. Агульныя соймы засядалі ў Варшаве, а з 1673 г. кожны трэці звычайны сойм праходзіў на тэрыторыі ВКЛ у Гродне. Па меры абмежаванняў каралеўскіх паўнамоцтваў функцыі соймаў пашыраліся. Пры вывучэнні дадзенага пытання студэнтам неабходна вызначыць змест такіх паняццяў, як “ліберум вета” або “залатыя шляхецкія вольнасці”, “паспалітае рушанне”, “пакта канвента”, “рокаша”, “канфедэрацыя”.

У складзе Рэчы Паспалітай абедзьве дзяржавы захавалі свае былыя назвы, свае ўрады, законы. Існавалі самастойныя судовая і мытныя сістэмы, органы мясцовага самакіравання, фінансавыя сістэмы, скарб, манеты, узброеныя сілы, розныя дзяржаўныя мовы.

Адным з патрабаванняў Люблінскай уніі было фарміраванне агульнага заканадаўства. Створаная ў ВКЛ камісія павінна была дапасаваць існуючае заканадаўства да патрабаванняў уніі. Але таму, што палякі на той час не мелі такога збору законаў, як Статут ВКЛ, паўстала пытанне аб удасканаленні заканадаўства. Крыніцамі для распрацоўкі новага зводу законаў сталі папярэднія Статуты (1529 і 1566 гг.), соймавыя пастановы, прывілеі і пастановы павятовых соймікаў. Статут быў зацверджаны ў 1588 г. Ён юрыдычна замацоўваў фактычныя адносіны паміж ВКЛ і Польшчай пасля Люблінскай уніі і завяршыў працэс кадыфікацыі права ў ВКЛ.

Разглядаючы чацвёртае пытанне, патрэбна адзначыць, што адной з яркіх асаблівасцяў эканамічнага развіцця Беларусі ХVІ – перш. пал. ХVІІ стст. стала урбанізацыя (масавае з’яўленне гарадоў). Гарадское насельніцтва папаўнялася за кошт сялян – уцекачоў, перасялення сельскіх рамеснікаў і натуральнага прыросту насельнітцва. Да сяр. ХVІІІ ст. усе буйныя і частка сярэдніх гарадоў атрымалі магдэбургскае права або права на самакіраванне. Паводле гэтага права гаражане вызваляліся ад феадальнай залежнасці (сталі вольнымі) і стваралі свой орган улады – магістрат, які складаўся з рады і лавы і знаходзіўся ў спецыяльным будынку – ратушы, і суд.

Гарады паступова ператвараліся ў рамесна-гандлёвыя цэнтры. Большую частку насельніцтва складалі мяшчане (рамеснікі і гандляры, якія аб’ядноўваліся ў цэхі і гільдыі). З ростам рамяства развівалася і гандлёвая дзейнасць, у выніку якой складваліся элементы ўнутранага рынку. Разам з унутраным пашыраўся і знешні гандаль. Росту ўнутраных і знешніх гандлёвых сувязяў спрыяла будаўніцтва новых шляхоў зносін.

У другой палове ХVІІ – першай палове ХVІІІ стст. развіццё гарадоў ішло складана, бо Рэч Паспалітая перажывала перыяд эканамічнага заняпадку, які быў выкліканы працяглымі войнамі. З спыненнем ваенных дзеянняў на тэрыторыі Беларусі ў гарадах паступова пачалося аднаўленне гаспадарчага жыцця.

Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускіх зямель у складзе Рэчы Паспалітай было складаным і супярэчлівым. У выніку праведзенай аграрнай рэформы (1557 г.) была разбурана сялянская абшчына, змяніліся катэгорыі, эканамічнае і прававое становішча сялян, а сялянская гаспадарка паступова ўцягвалася ў таварна-грашовыя адносіны, узмацняючы сацыяльнае расслаенне.

У другой палове ХVІІ – першай палове ХVІІІ стст. эканоміка Беларусі апынулася ў стане глыбокага заняпадку, які быў выкліканы ўзмацненнем феадальнага прыгнёту, антыфеадальнай, нацыянальна-вызваленчай барацьбой, знешнімі войнамі. З сярэдзіны ХVІІІ ст. набіралі сілу аднаўленчыя працэсы, што значна палепшыла эканамічную сітуацыю ў краі. З’явіліся першыя парасткі капіталістычных адносін у эканоміцы. Яны праяўляліся ў перадачы маёнткаў у заклад, прадпрымальніцтве, пашырэнні мануфактур, стварэнні фабрык і заводаў.

Студэнты павінны вызначыць і зрабіць аналіз сацыяльнай структуры грамадства ў вызначаны перыяд.

Развіццё беларускіх зямель у ХVІІІ ст. адбывалася ва ўмовах крызісу Рэчы Паспалітай, які вынікаў са знешніх (шматлікія войны) і унутраных (палітычных, сацыяльна-эканамічных і духоўных) прычын. Усё гэта рабіла Рэч Паспалітую лёгкай здабычай суседзяў. Пасля смерці Жыгімонта ІІІ Аўгуста пачалася эпоха выбраных соймам каралёў. Адсутнасць спадчыннага трону вяла да пастаяннай барацьбы паміж магнацкімі групоўкамі за ўладу. У барацьбе за першынства магнаты звярталіся за падтрымкай да іншаземных дзяржаў. Нетрываласць улады прыводзіла да ўтварэння канфедэрацый. Палітычны крызіс Рэчы Паспалітай патрабаваў яе рэфармавання. Паступова сярод магнатаў сфарміраваліся дзве плыні: першая выступала за рэформы, другая – за захаванне існуючага становішча.

Спроба рэформаў выклікала незадавальненне суседніх дзяржаў і часткі магнацтва, якая пры дапамозе Расіі і Прусіі стварыла дзве канфедэрацыі ў Слуцку і Торуні (1767 г.) з мэтай ураўнавання ў правах праваслаўных і пратэстантаў (дысідэнтаў) з католікамі. Незадаволеная шляхта стварыла Барскую канфедэрацыю (1768 г.), разгром якой прывёў да першага падзелу Рэчы Паспалітай (1772 г.) паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй. Чарговая спроба карэнных пераўтварэнняў адбылася на Вялікім альбо Чатырохгадовым сойме (1788-1792 гг.), галоўным дасягненнем якога стала прыняцце 3 мая 1791 г. Канстытуцыі. Праціўнікі Канстытуцыі абвясцілі аб утварэнні Таргавіцкай канфедэрацыі (1792 г.), у выніку якой у студзені 1793 г. у Гродне спецыяльны сойм зацвердзіў умовы другога падзелу. Рэакцыяй на страту незалежнасці краіны стала нацыянальна-вызваленчае паўстанне, узнятае 24 сакавіка 1794 г. Т. Касцюшкам у Кракаве. Паражэнне паўстання прывяло да трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай. У выніку трох падзелаў Рэч Паспалітая як дзяржава перастала існаваць.

Тэма 8. Месца беларускіх земляў у геапалітычнай прасторы Еўропы ў эпоху Новага часу

  1. Палітычнае і сацыяльна-эканамічнае становішча беларускіх зямель у складзе Расійскай імперыі.

  2. Падзеі вайны 1812 г. і Беларусь.

  3. Рэвалюцыйны і нацыянальна-вызваленчы рух у першай палове ХІХ ст. (дзейнасць тайных таварыстваў, паўстанне 1830-1831 гг.).

  4. Нацыянальна-вызваленчае паўстанне 1863-1864 гг. пад кіраўніцтвам К.Каліноўскага.

Пытанні да дыскусіі:

  1. Палітыка Расіі ў адносінах да беларускіх зямель і насельніцтва.

  2. Паўстанне 1863 г. і Беларусь.

Тэмы рэфератыўных паведамленняў:

  1. Партызаны ў вайне 1812 г.

  2. Гістарычныя асобы вайны 1812 г.: Напалеон Банапарт, Кутузаў, Баграціён.

  3. К. Каліноўскі: палітычны партрэт.

Літаратура: [9, с.203-230; 10, с.263-280; 17, с.89-115; 20, с.267-290; 21, с.159-182; 30, с.156-179; 34, с.187-218; 35, с.75-92].

Пачынаючы разгляд дадзенай тэмы, неабходна зазначыць, што ў выніку трох падзелаў Рэчы Паспалітай беларускія землі былі далучаны да Расійскай імперыі. Пачаўся новы этап беларускай гісторыі, цесна звязаны з гісторыяй Расійскай дзяржавы. Расійскі ўрад ажыццявіў шэраг мер па ўмацаванню свайго ўплыву на далучаных землях. На нашы землі распаўсюджваліся агульныя прынцыпы расійскага кіравання, падатковая сістэма і расійскае заканадаўства. У палітычных адносінах Беларусь была падзелена на два генерал-губернатарствы: Літоўскае і Беларускае. Усё насельніцтва павінна было прысягнуць новай уладзе. У Беларусі скасоўвалася Магдэбургскае права, а на гарады пашыраліся прынцыпы расійскага гарадскога самакіравання паводле “Даравальнай граматы гарадам” 1785 г.

Расійскі ўрад дазволіў дзейнасць усіх канфесій. Галоўнай задачай канфесійнай палітыкі было ўзмацненне пазіцый праваслаўя. Сацыяльная структура насельніцтва Беларусі мела саслоўны характар. Саслоўі былі прывілеяваныя (дваранства, духавенства, купецтва) і падатковыя (сяляне, мяшчане). Беларуская шляхта, што прыняла прысягу, атрымала правы і прывілеі расійскага дваранства. Становішча сялян амаль не змянілася. Для яўрэйскага насельніцтва ўказам 1794 г. вызначалася мяжа аседласці. Далучэнне да імперыі ўключыла Беларусь у агульнарасійскую гаспадарчую сістэму, аказала ўплыў на развіццё ўсіх галін эканомікі. Нягледзячы на лаяльныя адносіны царызму, у шляхты ўсё ж заставаліся прычыны для незадавальнення новай уладай. Гэты прымусіла царскі ўрад стаць на шлях узмацнення сваіх пазіцый у беларускіх землях. Першым крокам у гэтым напрамку з’явілася ўвядзенне ў Беларусі землеўладання рускага дваранства за кошт дзяржаўнага фонду. Наступным крокам было паступовае абмежаванне правоў мясцовага дваранства, канфіскацыя маёнткаў за ўдзел у антыўрадавай дзейнасці.

Падзеі вайны 1812 г. і паўстання 1830-1831 гг. выклікалі рэзкую перамену палітычнага курсу расійскага ўрада. Урад ідзе на сур’ёзны палітычны крок, вядомы пад назвай “разбор шляхты”. З 1831 г. уведзена расійскае заканадаўства. У 1832 г. створаны “Асобы камітэт па справах заходніх губерняў”. Адменена дзеянне Статута (1840 г.). З мэтай аслаблення каталіцкага ўплыву праведзена аб’яднанне уніяцкай царквы з праваслаўнай.

Раскрываючы змест другога пытання, трэба звярнуць увагу на міжнароднае становішча ў Еўропе напярэдадні вайны і падрыхтоўку Расіі да вайны.

Для забеспячэння падтрымкі з боку дваранства Літвы і Беларусі Аляксандр І выказаў жаданне аднавіць ВКЛ. У 1811 г. магнаты М. Агінскі, К. Любецкі і інш. падрыхтавалі праект Палажэння аб кіраванні аўтаномным Вялікім Княствам Літоўскім, абвяшчэнне якога адкладвалася.

12 чэрвеня 1812 г. войска Напалеона перасекла дзяржаўную мяжу Расійскай імперыі. З самага пачатку вайны Беларусь стала арэнай ваенных дзеянняў. 16 чэрвеня армія Напалеона заняла Вільню. У чэрвені – ліпені адбыліся жорсткія баі пад Кобрынам, Мірам, Салтанаўкай і інш. На пачатак жніўня амаль уся тэрыторыя Беларусі была акупавана французскімі войскамі. На захопленай тэрыторыі Напалеон выдаў дэкрэт аб аднаўленні ВКЛ і ўтварэнні яго Часовага ўрада, які павінен быў забяспечваць усім неабходным французскае вайска. Пытанне аб палітычнай будучыні ВКЛ заставалася нявырашаным. Армію Напалеона сустракалі па-рознаму. Частка шляхты пайшла ў яго войска. Асноўны цяжар вайны лёг на плечы сялян. Жыхары многіх вёсак уцякалі ў лясы і стваралі партызанскія атрады.

Студэнты павінны асвятліць ход ваенных дзеянняў восенню 1812 г., адзначыць вынікі вайны для беларускіх зямель і краін Еўропы. Разглядаючы трэцяе пытанне, неабходна вызначыць, што ў другім дзесяцігоддзі ХІХ ст. на Беларусі значна ўзмацніўся грамадска-палітычны рух. Ён развіваўся пад уплывам рэвалюцыйных падзей у Заходняй Еўропе, расійскай рэвалюцыйнай думкі і польскіх нацыянальна-вызваленчых ідэй. Адразу пасля падзелаў Рэчы Паспалітай пачалі ўзнікаць тайныя антырасійскія арганізацыі (“Віленская асацыяцыя”, “Нацыяльнае масонства”, “Патрыятычнае таварыства”).

У канцы 1817 г. студэнты Віленскага універсітэта заснавалі тайнае таварыства філаматаў. У Свіслацкай гімназіі з 1819 г. узнікла “Таварыства аматараў навук”. У канцы 1820 г. у піярскім вучылішчы Полацка філаманты заснавалі тайную арганізацыю філарэтаў. Знайшлі падтрымку на Беларусі і ідэі дзекабрыстаў. Студэнтам неабходна звярнуць увагу на склад удзельнікаў і галоўныя мэты тайных таварыстваў.

Незадаволенасць шляхты падзеламі Рэчы Паспалітай і парушэнне расійскімі ўладамі польскай Канстытуцыі 1815 г. прывялі ў лістападзе 1830 г. да паўстання ў Варшаве. Расійскі ўрад імкнуўся прадухіліць распаўсюджанне паўстання на тэрыторыі Беларусі, Літвы і Украіны, таму было ўведзена ваеннае становішча. У студзені 1831 г. быў створаны Віленскі цэнтральны паўстанцкі камітэт, а ў красавіку паўстанне ахапіла ўсю Літву і Паўночна-Заходнюю Беларусь. Вузкія палітычныя мэты кіраўнікоў паўстання абумовілі адсутнасць падтрымкі яго шырокімі слаямі насельніцтва.

Бітва за Вільню 19 чэрвеня 1831 г. стала кульмінацыяй паўстання. У пачатку жніўня 1831 г. у Беларусі і Літве паўстанне было падаўлена.

Аднак пасля падзей 1830-1831 гг. рэвалюцыйны і нацыянальна-вызваленчы рух на Беларусі і Літве не спыніўся. З’явілася тайная арганізацыя “Садружнасць польскага народа”, тайная суполка “Дэмакратычнае таварыства”, дзейнічаў “Саюз свабодных братоў”.

Пры падрыхтоўцы апошняга пытання трэба ўлічваць, што паўстанне 1863-1864 гг. у Польшчы, Літве і Беларусі адбылося на хвалі пад’ёму польскага нацыянальна-вызваленчага руху. Яно было накіравана супраць самадзяржаўя, рэшткаў прыгонніцкага права, нацыянальнага прыгнёту і саслоўнай няроўнасці, аказала вялікі ўплыў на ажыццяўленне рэвалюцыйнага руху, садзейнічала абуджэнню нацыянальнай самасвядомасці, паўплывала на далейшае развіццё беларускага нацыянальна-вызваленчага руху.

Тэма 9. Этнічная структура насельніцтва Беларусі і канфесійныя адносіны ў XVI – пач. ХХ стст.

  1. Рэфармацыя і Контррэфармацыя ў Еўропе і Беларусі.

  2. Брэсцкая царкоўна-рэлігійная унія (1596 г.) і ўніяцкая царква ў ХVІІ- першай палове ХІХ стст.

  3. Этнічная структура насельніцтва і асаблівасці складвання канфесійных адносін на тэрыторыі Беларусі ў XVIІ- пачатку ХХ стст.

  4. Эканамічныя і палітычныя фактары фарміравання беларускай нацыі ў ХІХ- пачатку ХХ стст.

Пытанні да дыскусіі:

  1. Роля і значэнне грэка-каталіцкай (вуніяцкай) царквы ў гісторыі і культуры беларускага народа.

  2. Завершанасць працэсу фарміравання беларускай нацыі ў ХХ ст.

Тэмы рэфератыўных паведамленняў:

  1. Дзейнасць ордэна базыльян.

  2. Таварыства Іісуса (езуіты) – каты беларускага народу або носьбіты еўрапейскай культуры.

Літаратура: [].

Студэнты павінны ўсвядоміць, што Беларусь знаходзіцца на памежжы дзвух хрысціянскіх канфесій – праваслаўя і каталіцтва, гэта адбілася на рэлігійнай гісторыі краіны, культуры і менталітэце народа.

На працягу XI-XIII стст. тэрыторыя сучаснай Беларусі была выключна праваслаўнай. Пашырэнню каталіцтва спрыяла падзенне Канстантынопаля ў 1453 г. і рост канфрантацыі з Масквой. У 1563 г. Жыгімонт ІІ Аўгуст спецыяльнай пастановай аб’явіў аб роўнасці ў правах праваслаўнай і каталіцкай шляхты, чым прызнаў роўны статус дзвух рэлігій. Гэта стала добрай глебай для распаўсюджання ідэй Рэфармацыі ў ВКЛ.

Студэнты павінны зразумець асноўныя патрабаванні рэфармацыйнага руху – дэцэнтралізаваць, дэмакратызаваць, зрабіць таннай царкву; ліквідаваць манастыры, культ, абраднасць, духавенства як замкнёную касту, секулярызаваць (канфіскаваць на карысць дзяржавы) царкоўную маёмасць. М.Лютэра, Ж.Кальвіна, У.Цвінглі. Належыць вызначыць асноўныя этапы Рэфармацыі ў Беларусі, яе асноўны рэлігійны накірунак і асаблівасці, сфармуліраваць ролю Рэфармацыі ў гісторыі ВКЛ і нашай Бацькаўшчыны.

Каталіцкая царква ініцыявала контррэфармацыю – рух у каталіцкай царкве з мэтай вярнуць страчаныя пазіцыі. Контррэфармацыі сапутнічалі такія з’явы, як інквізіцыя, спісы забароненых кніг, але так сама і выдатная сістэма адукацыі, развіццё культуры. Істотным з’яўляецца тое, што езуіты (каталіцкі ордэн, створаны Ігнацем Лайолай у 1534 г.) дасканала ведалі беларускую мову і карысталіся ею ў набажэнствах, іх пропаведзі ўзрушвалі. На беларускую мову былі перакладзены святыя кнігі і багаслоўская літаратура, але адначасова езуіты знішчалі забароненыя кнігі. Будаваліся велічныя культавыя храмы. Завяршаючы падрыхтоўку да першага пытання, неабходна адзначыць асаблівасці контррэфармацыі ў ВКЛ.

Разглядаючы другое пытанне, студэнты павінны звярнуць увагу на тое, што праваслаўная Масква і каталіцкі Захад умешваліся ва ўнутраныя справы ВКЛ. Каб абараніць незалежнасць ВКЛ, трэба было нешта іншае – не каталіцтва і не праваслаўе. Пры падрыхтоўцы неабходна сфармуляваць перадумовы стварэння грэка-каталіцкай царквы.

На царкоўным саборы вясной 1595 г. з намерам заключыць унію згадзіліся ўсе праваслаўныя епіскапы, акрамя львоўскага. Студэнты павінны прааналізаваць выпрацаваныя ўмовы аб’яднання, так званыя “33 артыкула”.

6-9 кастрычніка 1596 г. ў Бярэсце на царкоўным саборы уніяцтва было канчаткова аформлена як рэлігійны накірунак. Адначасова ў Бярэсці на свой сабор сабраліся прыхільнікі захавання чысціні праваслаўя, лідэрам іх быў епіскап львоўскі. 15 кастрычніка 1596 г. каралеўскім універсалам акт уніі быў зацверджаны на дзяржаўным узроўне. Афіцыйна праваслаўная царква ў ВКЛ перастала існаваць, была створана грэка-уніяцкая царква. Значэнне ўвядзенне ўніі.

Прыхільнікі праваслаўя не зніклі з гістарычнай сцэны. У ўсходніх раёнах княства праваслаўныя карысталіся значнай падтрымкай, асабліва ў буйных гарадах. У 1632 і 1633 гг. Уладзіслаў IV Ваза прызнаў існаванне праваслаўных цэркваў, была створана Магілёўская праваслаўная епархія.

Пры раскрыцці чацвёртага пытання аб фарміраванне беларускай нацыі, неабходна падкрэсліць, што дзейнасць даследчыкаў і культурна-асветніцкіх гурткоў паспрыяла росту этнічнай самасвядомасці беларусаў у другой палове XIX стагоддзя. Так, згодна з дадзенымі ўсерасійскага перапісу 1897 года (нацыянальная прыналежнасць вызначалася па роднай мове) 74% насельніцтва беларускіх губерняў лічылі роднай мовай беларускую, у тым ліку 43% дваран лічылі сябе беларусамі.

Адначасова неабходна каб студэнты засвоілі перашкоды на шляху фарміравання беларускай нацыі: палітыка царскага ўрада на асіміляцыю беларусаў (русіфікацыя), беларусы жылі пераважна ў сельскай мясцовасці, не існавалі ні беларускай прамысловай буржуазіі (яна яўрэйская і польская), ні беларускага прамысловага пралетарыята (ён пераважна яўрэйскі, рускі і польскі), нешматлікасць беларускай нацыянальнай інтэлігенцыі, афіцыйная ідэалогія “заходнерусізму” і інш.

Нягледзячы на гэта аналізуючы грамадска-палітычнае, сацыяльна-эканамічнае і культурна-асветнае жаццё ў Беларусі, студэнты павінны зрабіць выснову, што, насуперак неспрыяльным умовам, супрацьдзеянню дзяржаўнага апарата імперыі, спецыфічнай, вельмі складанай этна-канфесійнай сітуацыі, фарміраванне беларускай нацыі ў агульных рысах да пачатку XX стагоддзя завяршылася

Тэма 10. Асноўныя тэндэнцыі і дасягненні ў развіцці культуры Беларусі ў другой палове XVI – пач. XX стст.

  1. Развіццё культуры Беларусі ў эпохі Адраджэння і Асветы (другая палова XVI – канец XVIІІ стст.).

  2. Асноўныя накірункі развіцця культуры Беларусі ў ХІХ ст.

  3. Беларуская нацыянальная ідэя ў мастацкай літаратуры, гістарычных, этнаграфічных даследаваннях і яе адлюстраванне ў ідэалогіі народнікаў.

  4. Беларускае нацыянальна-культурнае адраджэнне пачатку ХХ ст.

Пытанне да дыскусіі:

  1. Роля і месца культуры Беларусі ў агульнаеўрапейскай культурна-цывілізацыйнай прасторы ў Новы час.

Тэмы рэфератыўных паведамленняў:

1. Выдатныя дзеячы беларускага Адраджэння: Ф. Скарына, М. Гусоўскі, С. Будны, В. Цяпінскі, Л. Сапега.

Літаратура: [].

Пры разглядзе зместу дадзенай тэмы студэнтам неабходна звярнуць увагу на тое, што ў ВКЛ і ў першае стагоддзе існавання Рэчы Паспалітай абодвух народаў беларускія землі мелі параўнальна больш высокі ўзровень эканамічнага развіцця, таму важную ролю ў дзяржаве адыгрывала беларуская мова і культура. Беларуская мова выкарыстоўвалася як дзяржаўная да 1696 года. XV – першая палова XVII стст. – перыяд развіця культуры , які атрымаў у Еўропе назву Адраджэнне. Ён характарызаваўся ўздымам свецкай навукі і мастацтва, станаўленнем нацыянальных моў, літаратур і нацыянальнай самасвядомасці, гуманістычным светапоглядам. Студэнты павінны адзначыць асаблівасці беларускага Адраджэння. Можна гаварыць аб шматграннасці і варыянтнасці рэнесанснай культуры на Беларусі.

У ВКЛ узнікла кнігадрукаванне раней за ўсе ўсходнеславянскія землі. Дзейнасць Ф.Скарыны, С.Буднага, Л.Крышкоўскага, В.Цяпінскага. Развівалася архітэктура: “беларуская готыка” (Мураванкаўская, Сынкавіцкая, Супрасльская цэрквы-крэпасці, Мікалаеўскі сабор у Брэсце); барока (Нясвіжскі езуіцкі касцёл і інш.); палацава-замкавыя комплексы (Нясвіж, Гродна, Гальшаны, дом-крэпасць у Гайцюнішках, Ружанскі замак); грамадзянская архітэктура (ратушы). У межах ВКЛ развіваліся ўсе віды выяўленчага мастацтва. У пачатку XVI ст. складваецца беларуская іканапісная школа. Тэатр. Творчасць С.Полацкага і М.Сарбеўскага, П.Скаргі, І.Пацея, М.Сматрыцкага, Л.Карповіча, братоў Зізаніяў. З апошняй чвэрці ХVІІІ ст. на беларускіх землях пачынаюць распаўсюджвацца ідэі Асветніцтва. Стварэнне Адукацыйнай камісіі. Творчасць К.Лышчынскага, Г.Каніскага, І.Капіевіча, К. Нарбута, Б.Дабшэвіча, М.Пачобута-Адляніцкага, А.Нарушэвіча.

Такім чынам, у пераходны перыяд ад сярэдневечча да новага часу сфарміраваўся беларускі тып рэнесанснай культуры, узніклі перадумовы для станаўлення сучаснай беларускай мовы, літаратуры, тэатра, музычнага і выяўленчага мастацтваў.

Разглядаючы другое пытанне, трэба мець на ўвазе, што асноўнымі крыніцамі адраджэння беларускай культуры ў XIX ст. сталі народная (сялянская) культура і старабеларуская пісьмова-культурная традыцыя, носьбітамі – асобы з шляхецкага асяродка. На першым этапе нацыянальна-адраджэнскага руху, які ахопліваў першую палову XIX стагоддзя, адбывалася станаўленне новай беларускай літаратуры (П.Багрым, Я.Чачот, Я.Баршчэўскі, А.Рыпінскі, В.Дунін-Марцінкевіч і інш.), нацыянальнага тэатра (В.Дунін-Марцінкевіч), пачалося даследванне народнага побыту і творчасці. Другі этап (пасля паўстання 1863 года) характарызаваўся далейшым развіццём нацыянальнай самасвядомасці, усведамленнем гістарычнай спадчыны Беларусі, адмовай ад рамантычных мар на аднаўленне Рэчы Паспалітай. Галоўны накірунак у гэты час – развіццё ўласнай культуры і дзяржаўнасці.

Вялікая роля ў духоўным жыцці грамадства належыла інтэлігенцыі. Заслугай пакалення беларускай інтэлігенцыі стала спроба аб’яднаць, звязаць народную і прафесійную культуру. У адукаванага выхадца з беларускай шляхты, разначынца з’явілася цікавасць да мясцовай гісторыі, этнаграфіі, археалогіі, фальклору, мовы. Гэтыя галіны навуковых ведаў звязаны з імёнамі I.Грыгаровіча, М.Баброўскага, 3.Даленгі-Хадакоўскага, Т.Нарбута, А.Кіркора, I.Даніловіча, братоў Я. і К.Тышкевічаў і шмат іншых. З дзейнасцю гэтых навукоўцаў звязана зараджэнне на Беларусі археаграфіі, крыніцазнаўства, славяназнаўства, а таксама беларусазнаўства.

У другой палове стагоддзя пашырылася навуковае вывучэнне Беларусі. Былі створаны буйныя працы па гісторыі беларускага края М.Доўнар-Запольскім, М.Любаўскім, М.Уладзімірскім-Буданавым, А.П.Сапуновым, А.Кіркорам. Вялікае значэнне мела дзейнасць шматлікіх збіральнікаў і даследчыкаў фальклору, лінгвістаў і этнографаў: І.І.Насовіча, М.Я.Нікіфароўскага, Я.Ф.Карскага,. П.В.Шэйна, Е.Р.Раманава.

Пасля падаўлення паўстання 1863 года значныя перашкоды зведала развіццё беларускай культуры. Ва ўмовах ваеннага становішча, якое дзейнічала ў Беларусі, любая грамадская дзейнасць, не адобраная ўрадам, была амаль немагчымай. Таму часта культурная дзейнасць беларусаў разгортвалася за межамі беларускіх губерняў.

Беларуская літаратура развівалася ў другой палове стагоддзя ў неспрыяльных умовах. Бацькам беларускага культурнага адраджэнне стаў Ф.Багушэвіч. Яго паслядоўнікамі былі Янка Лучына (І.Неслухоўскі) і Адам Гурыновіч. У 1890-я гады ў беларускую літаратуру прыйшлі такія новыя імёны, як Карусь Каганец (К.Кастравіцкі), Цётка (Э.Пашкевіч).

Станаўленне беларускай мовы адбывалася на рубяжы XIX-XX стагоддзяў. У пачатку XX стагоддзя са з’яўленнем газеты “Наша ніва” і пашырэннем магчымасцяў для беларускага друку, выпрацоўка навуковай тэрміналогіі і фарміраванне літаратурнай мовы паскорылася.

Працэс фарміравання беларускай нацыянальнай ідэі шчыльна ўлучаны з развіццём мастацкай літаратуры, гістарычных, этнаграфічных даследаванняў і знайшоў адлюстраванне ў ідэалогіі народнікаў (часопіс “Гоман”).

Беларускае нацыянальна-культурнае адраджэнне пачатку ХХ ст. непасрэдна звязана з выданнем беларускіх газет “Наша доля” і “Наша Ніва”, творчасцю такіх асобаў як М.Багдановіч, Я.Купала, Я.Колас і інш., дзейнасцю братоў Івана і Антона Луцкевічаў, узнікненнем беларускага тэатру (І.Буйніцкі), стварэннем і дзейнасцю БСГ, культурных і грамадскіх беларускіх арганізацый і г.д. Беларускі рух на гэты час характарызаваўся культурна-асветніцкай працай, пашырэннем сярод насельніцтва навукова-папулярных ведаў у розных галінах гаспадаркі і навукі.

Завяршаючы падрыхтоўку дадзенай тэмы, студэнтам неабходна засвоіць, што насуперак неспрыяльным умовам, супрацьдзеянню дзяржаўнага апарата імперыі, спецыфічнай, вельмі складанай этна-канфесійнай сітуацыі, фарміраванне беларускай нацыі ў агульных рысах да пачатку XX стагоддзя завяршылася.

Тэма 11. Расійскі шлях мадэрнізацыі грамадства падчас станаўленняў індустрыяльнай цывілізацыі. Індустрыяльная цывілізацыя і Беларусь

  1. Буржуазныя рэформы 1860 - 70-х гг.: асаблівасці іх правядзення ў Беларусі.

  2. Грамадска-палітычнае жыццё ў Беларусі ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ стст. Стварэнне і дзейнасць агульнарасійскіх палітычных партый і арганізацый беларускай накіраванасці.

  3. Рэвалюцыйныя падзеі 1905 - 1907 гг. у Беларусі.

  4. Прычыны і характар Першай сусветнай вайны. Беларусь у гады вайны.

Пытанне да дыскусіі:

Роля і значэнне рэвалюцыі 1905-1907 гг.

Тэмы рэфератыўных паведамленняў:

  1. Палітычныя партыі Расіі і Беларусі ў пачатку ХХ ст.

  2. Нацыянальнае пытанне на Беларусі.

Літаратура: [9, с.249-276, 282-289; 10, с.305-375; 17, с.127-153, 164-170, 189-221, 232-248; 20, с.303-329, 358-401, 440-453; 21, с.201-223, 237-241, 251-261; 30, с.184-217; 35, с.93-121].

Пачынаючы разгляд дадзенай тэмы, студэнты павінны адзначыць, што крызіс феадальна-прыгонніцкай сістэмы ў Расіі, адставанне ад капіталістычнай Еўропы, масавая незадаволенасць сялян прымусіла ўрад пайсці на адмену прыгоннага права. 19 лютага 1861 г. Аляксандр ІІ падпісаў Маніфест аб адмене прыгоннага права і зацвердзіў “Палажэнні”, у адпаведнасці з якімі сяляне атрымалі асабістую свабоду, грамадзянскія правы і зямлю ў карыстанне да яе выкупу. Адмена прыгоннага права абумовіла неабходнасць правядзення і іншых рэформ: земскай (1864 г.), судовай (1864 г.), гарадской (1870 г.), ваеннай (1862-1874 гг.), школьнай (1864 г.) і цэнзурнай (1865 г.). Студэнтам неабходна раскрыць змест буржуазных рэформ і вызначыць асаблівасці іх правядзення ў Беларусі.

Пры падрыхтоўцы другога пытання трэба ўлічваць, што арганізаваны рэвалюцыйны рух у Беларусі пачаў адраджацца ў сярэдзіне 70-х гг., калі самым радыкальным напрамкам апазіцыйнай грамадскай думкі ў Расіі было народніцтва, заснавальнікамі якога былі А. Герцен і М. Чарнышэўскі. Беларускія народнікі дзейнічалі пад кіраўніцтвам агульнарасійскай арганізацыі “Зямля і воля”, якая ў 1879 г. распалася на “Чорны перадзел” і “Народную волю”. У 1884 г. студэнтамі-беларусамі Пецярбургскага універсітэта была арганізавана група “Гоман”, якая выступіла з ініцыятывай аб’яднання ўсіх народніцкіх гурткоў Беларусі ў агульную арганізацыю.

Пад’ём рэвалюцыйнага руху ў 80-х – пачатку 90-х гг. садзейнічаў распаўсюджванню марксісцкіх ідэй і сацыял-дэмакратычнаму руху, узнікненне якога ў Беларусі звязана з дзейнасцю польскай партыі “Пралетарыят” (1882 г.) і пляханаўскай групы “Вызваленне працы” (1883 г.). Пачалі стварацца рабочыя арганізацыі сацыял-дэмакратычнага напрамку: Літоўская сацыял-дэмакратычная партыя (1896 г.), Рабочы Саюз Літвы (1896 г.), Польская Сацыялістычная партыя, БУНД (1897 г.), РСДРП (1898 г.), Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы (1900 г.), Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (эсэраў, 1902 г.), БСГ (1903 г.).

Раскрываючы змест трэцяга пытання, неабходна звярнуць увагу на тое, што ў пачатку ХХ ст. Расійская імперыя перажывала палітычны і сацыяльна-эканамічны крызіс, у выніку якога склалася рэвалюцыйная сітуацыя.

Мэты і задачы, якія сталі перад рэвалюцыяй, вызначылі яе буржуазны характар. Па сацыяльнай базе і па формах барацьбы расійская рэвалюцыя была дэмакратычнай. Таму рэвалюцыя 1905-1907 гг. называецца буржуазна-дэмакратычнай. Напярэдадні і ў ходзе рэвалюцыі сфарміраваліся тры грамадска-палітычныя лагеры: урадавы, ліберальна-буржуазны і дэмакратычны.

Пачаткам рэвалюцыі з’явіліся падзеі 9 студзеня 1905 г. у Пецярбургу (“Крывавая нядзеля”). Растрэл мірнай дэманстрацыі вызваў пратэст працоўных Беларусі, і ў студзені – лютым 1905 г. адбыліся стачкі і забастоўкі рабочых. Да лета 1905 г. усю Беларусь ахапіў сялянскі рух. Восенню 1905 г. ініцыятарамі рэвалюцыйных выступленняў сталі чыгуначнікі. Шматлікія агульнагарадскія выступленні зліліся ва ўсерасійскую палітычную стачку, у ходзе якой пачалі ўзнікаць Саветы рабочых дэпутатаў.

Каб спыніць рэвалюцыйны рух, царскі ўрад пайшоў на палітычныя ўступкі. Мікалай ІІ 17 кастрычніка 1905 г. падпісаў Маніфест, паводле якога ў Расіі ўводзіўся парламент з заканадаўчымі паўнамоцтвамі (Дзяржаўная Дума) і абвяшчаліся дэмакратычныя свабоды.

18 кастрычніка 1905 г. на вакзальнай плошчы ў Мінску па загадзе губернатара Курлова былі растраляны ўдзельнікі мітынгу (“Курлаўскі растрэл”). У канцы 1905 г. у рэвалюцыйны рух уцягваецца армія. Палітычная барацьба пралетарыята Расіі ў Маскве (снежань 1905 г.) перарасла ва ўзброенае паўстанне, якое было падаўлена. Гэта быў вышэйшы ўздым рэвалюцыі. У ліпені 1906 г. Дума не прыняла дзяржаўны праект па аграрным пытанні і была распушчана ўрадам. Калі Другая Дума (люты-чэрвень 1907 г.) пачала выходзіць з-пад кантролю ўрада, яна была таксама распушчана (3 чэрвеня 1907 г.). Гэты крок ўрада з’яўляўся дзяржаўным пераваротам і сведчыў аб заканчэнні першай расійскай рэвалюцыі. Нягледзячы на значныя дасягненні, галоўная мэта рэвалюцыі не была дасягнута, але яна аказала моцны ўплыў на развіццё рабочага і нацыянальна-вызваленчага руху.

Разглядаючы чацвёртае пытанне, трэба зазначыць, што абвастрэнне супярэчнасці паміж Траістым саюзам (Германія, Аўстра-Венгрыя, Італія) і Антантай (Англія, Францыя, Расія) прывяло да пачатку Першай сусветнай вайны. З першых дзён вайны ўводзілася ваеннае становішча. Ваенныя дзеянні на тэрыторыі Беларусі пачаліся ў жніўні 1915 г. Нямецкае наступленне ішло ў напрамку Коўна-Вільня-Мінск. Стаўка Вярхоўнага Галоўнакамандуючага была пераведзена з Баранавіч у Магілёў. У кастрычніку фронт стабілізаваўся па лініі Дзвінск-Паставы-Баранавічы-Пінск. На беларускай тэрыторыі падчас вайны былі праведзены дзве буйныя вайсковыя аперацыі: Свянцянскі прарыў (кастрычнік 1915 г.) і наступленне ў раёне возера Нарач (сакавік 1916 г.).

На акупаванай тэрыторыі немцы ўстанавілі жорсткі ваенна –паліцэйскі рэжым. Тут дзейнічала сістэма падаткаў, штрафаў, прымусовых работ. Абсталяванне прамысловых прадпрыемстваў, сельскагаспадарчыя прадукты, жывёла вывозіліся ў Германію.

Ваенныя паражэнні царскай арміі, няўдача баявых дзейнняў, велізарныя людскія страты выклікалі незадаволенасць салдат. У цяжкім становішчы апынуліся эканоміка, грамадска-палітычны, нацыяльна-вызваленчы, рабочы і сялянскі рух. У Расіі рэальнасцю станавілася пагроза рэвалюцыі.

Тэма 12. Выбар шляхоў грамадскага развіцця ў Расіі і Беларусі. Нацыянальна-дзяржаўнае будаўніцтва ў Беларусі

1. Лютаўская рэвалюцыя 1917 г. у Беларусі.

2. Кастрычніцкая рэвалюцыя (Кастрычніцкі пераварот) і ўсталяванне Савецкай улады ў Беларусі. Барацьба з германскімі і польскімі інтэрвентамі.

3. Усебеларускі нацыянальны з'езд (снежань 1917 г.). Стварэнне Беларускай Народнай Рэспублікі і яе лёс.

4. Стварэнне беларускай савецкай дзяржаўнасці. Роля і месца БССР у складзе СССР.

Пытанні да дыскусіі:

  1. Чаму была ўтворана ЛiтБелССР?

  2. У чым вы бачыце палiтычныя пралікі дзеячаў БНР?

Тэма рэфератыўнага паведамлення:

  1. Гiстарычныя асобы: З. Жылуновiч, А. Мяснiкоў, А. Чарвякоў.

Літаратура: [].

З 23 па 27 лютага ў Петраградзе ў выніку масавых выступленняў працоўных, якія перараслі ва ўсеагульную стачку, да якой далучыліся салдаты Петраградскага гарнізона, імератар Мікалай ІІ адрокся ад трона. 27 лютага ў Петраградзе быў створаны Савет рабочых і салдацкіх дэпутатаў, а 2 сакавіка з прадстаўнікоў Думы быў створаны Часовы ўрад. У краіне склалася сітуацыя “двоеўладдзя”. Аднак на Беларусі сітуацыя была яшчэ больш заблытанай. Раскрываючы першае пытанне, студэнтам неабходна вызначыць асноўныя нікірункі дзеянняў Часовага Ураду і саветаў, а таксама падкрэсліць значэнне Лютаўскай рэвалюцыі.

У пачатку сакавіка ў губернскіх цэнтрах і галоўных беларускіх гарадах былі створаны Саветы рабочых і салдацкіх дэпутатаў. Уплывовым палітычным цэнтрам на Беларусі была Стаўка галоўнакамандуючага ў Магілёве. Бальшавікі былі малавядомы, але вельмі актыўна набывалі папулярнасць.

Актыўна прагрэсіравалі нацыянальныя беларускія партыі, якія прэтэндавалі на роль палітычнага цэнтра. 25.03.1917 г. па ініцыятыве БСГ адбыўся I з’езд беларускіх нацыянальных арганізацый. 8-10.07.1917 г. у Мінску адбыўся II з’езд, які стварыў – Цэнтральную раду беларускіх арганізацый. Яна ў кастрычніку 1917 года была пераўтворана ў Вялікую беларускую раду.

Краіна знаходзілася ў стане глыбокага крызісу, які пагаршаўся ўдзелам Расіі ў Першай сусветнай вайне. Перад Часовым урадам стаяла цяжкая задача па вываду краіны з крызісу, але рэальных крокаў яно не зрабіла. Гэта прывяло да росту недаверу да Часовага ўраду і вылілася ў Кастрычніцкую рэвалюцыю. Студэнтам варта пазнаёміцца з палітыкай Часовага ўраду, трыма палітычнымі крызісамі Часовага ўрада, заканчэннем двоеўладдзя, ростам уплыву бальшавікоў, Карнілаўскім мецяжом.

У ноч з 25 на 26 кастрычніка 1917 года ў Петраградзе бальшавікі здзейснілі паспяховае ўзброеннае паўстанне супраць Часовага ўрада. Гэтая падзея ўвайшла ў гісторыю як Кастрычніцкая рэвалюцыя. Але ў апошні час у Расіі яе называюць кастрычніцкім пераваротам. Студэнтам трэба вызнацыць прычыны рэвалюцыі, якія падзеі адбываліся ў Петраградзе і асаблівасці ўстанаўлення савецкай улады на Беларусі, якія сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні адбыліся пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г.

Разглядаючы трэцяя і чацвёртае пытанні студэнтам неабходна асвятлiць асноўныя пазiцыi розных плыняў нацыянальнага руху па пытанні самавызначэння. Звярнуць увагу на ўтварэнне ў кастрычнiку 1917 г. ВБР (каардынацыйнага цэнтра беларускага нацыянальна-вызваленчага руху), асаблiвасцi палiтычнай праграмы. 5–18 снежня 1917г. быў скліканы Усебеларускi нацыянальны з'езд. Неабходна прааналiзаваць склад удзельнiкаў, iх сацыяльнае становiшча i палiтычную накiраванасць, ход i прычыны разгону з'езда. Разгледзець адносiны Аблвыканзаха да Усебеларускага нацыянальнага з'езда.

Студэнтам неабходна зрабiць аналiз прычын абвяшчэння БНР, засяродзiць увагу на становiшчы беларускiх зямель у 1918г.

Трэба звярнуцца да прычын, якiя паўплывалi на аднаўленне дзейнасцi Выканаўчага камiтэта Рады Усебеларускага з'езда, адзначыць факт прыняцця першай устаўной граматы 20.02.1918 г.; стварэнне першага ўрада БНР – Народнага Сакратарыяту; прыняцце Другой Устаўной граматы (9.03.1918г.); Трэцяя Устаўная грамата (25.03.1918г.). Беларусь абвешчана незалежнай i свабоднай дзяржавай. Разгледзець памылкi, дасягненнi i далейшы лёс БНР.

Варта прааналізаваць розныя пазiцыi, якiя iснавалi наконт беларускай нацыянальнай дзяржаўнасцi пасля аднаўлення савецкай улады на тэрыторыi Беларусi (Аблвыканзаха, Абласнога Савета Народных Камiсараў, Беларускага нацыянальнага камiсарыята). Этапы фармiравання Беларускай савецкай дзяржаўнасцi: 1.01.1919 г. Манiфест Часовага рабоча-сялянскага савецкага ўрада Беларусi аб утварэннi беларускай дзяржавы; 2-3 лютага Першы Усебеларускi з'езд Саветаў; 27.02.1919 г. створана Лiтоўска-Беларуская Сацыялiстычная Рэспублiка (ЛiтБел); 31.07.1920 г. прынята Дэкларацыя аб абвяшчэннi незалежнасцi БССР. Беларусь у час Савецка-польскай вайны 1919–1920 гадоў.

Завяршаючы падрыхтоўку дадзенай тэмы, студэнтам неабходна засвоіць, што 18.03.1921 г. паміж Савецкай Расіяй, Украінай і Польшчай быў падпісаны Рыжскі мірны дагавор, паводле якога, дзякуючы здрадніцкай палітыкі бальшавікоў, Беларусь была падзелена на часткі. Польшча атрымала заходнюю частку Беларусі. Усходняя частка Беларусі апынулася ў складзе БССР і РСФСР. Стварэнне СССР 30.12.1922 г. Роля і значэнне ўтварэння БССР. Студэнты павiнны ведаць, што арганiзацыя палiтычнага i эканамiчнага жыцця Беларусi праходзiла пад жорсткiм кантролем камунiстычнага цэнтра ў Маскве (РСФСР).

Тэма 13. Шляхі і метады будаўніцтва індустрыяльнага грамадства ў Беларусі

  1. Асаблівасці ажыццяўлення НЭПа ў БССР.

  2. Ажыццяўленне індустрыялізацыі і калектывізацыі ў Беларусі.

  3. Асноўныя тэндэнцыі грамадска-палітычнага, эканамічнага, нацыянальна-культурнага развіцця Заходняй Беларусі ў складзе Польшчы.

Пытанні да дыскусіі:

  1. Савецкая мадэль мадэрнізацыі БССР на этапе станаўлення індустрыяльнага грамадства.

  2. Брэсцкая і Рыжская дамовы у гістарычных лёсах беларускага народа.

Тэмы рэфератыўных паведамленняў:

  1. Шляхі і метады правядзення калектывізацыі ў БССР.

  2. Развіццё беларускай культуры ў Заходняй Беларусі.

Літаратура: [].

Пры разглядзе зместу дадзенай тэмы студэнтам неабходна звярнуць увагу на тое, што ва ўмовах замежнай інтэрвенцыі і грамадзянскай вайны надзвычайныя метады кіравання гаспадаркай былі апраўданы, але з усталяваннем міру насельніцтва не згаджалася з працягам “ваеннага камунізму”. Расла незадаволенасць сялянства. Антыбальшавіцкі супраціў.

На Х з’ездзе РКП(б) у сакавіку 1921 г. пачалося афармленне новай эканамічнай палітыкі (НЭПа). Галоўнымі мэтамі НЭПа лічыліся максімальна хуткае пераадольванне гаспадарчага заняпаду і стварэнне ўмоў для пабудовы аднароднага сацыялістычнага грамадства.

Разглядаючы першае пытанне, студэнты павінны звярнуць увагу на наступнае: эканамічны механізм будаваўся на рыначных прынцыпах, НЭП пачаўся з сельскагаспадарчай палітыкі, затым развіўся ў палітыку заахвочвання гандлю, дазволіла павялічыць вытворчасць у прамысловасці.

Студэнты павінны сфармуляваць асаблівасці НЭПа ў Беларусі, яго недахопы і дасягненні, прычыны згортвання.

Разглядаючы другое пытанне, студэнты павінны адзначыць, што для забеспячэння эканамічнай стабільнасці неабходна было правядзенне індустрыялізацыі. Існавала дзве праграмы сацыялістычнага будаўніцтва, розніца паміж імі знаходзілася ў пытанні аб суадносінах долі назапашання і спажывання.

IX Усебеларускі з’езд Саветаў зацвердзіў першы пяцігадовы план развіцця народнай гаспадаркі і культуры БССР на 1928-1932 гг. Вынікі пяцігодкі можна падзяліць на станоўчыя (да фарсіравання індустрыялізацыі) і адмоўныя (з абвяшчэннем “вялікага скачка” у чэрвені 1930 г.).

У БССР пераважнае развіццё атрымалі дрэваапрацоўчая, запалкавая, папяровая, харчовая, льняная і швейная галіны прамысловасці. Было пабудавана 78 буйных і 480 дробных і сярэдніх новых прамысловых прадпрыемстваў. Узніклі новыя галіны прамысловасці: сельскагаспадарчае машынабудаванне, станкабудаванне, хімічная (вытворчасць штучнага валакна і хіміка-фармацэўтычная), вытворчасць стандартных будынкаў, вытворчасць маргарыну і інш.

Аднак, адначасова эканамічныя стымулы і гаспадарчы разлік саступалі месца каманднай эканоміцы, выкарыстоўваліся валюнтарысцкія метады кіраўніцтва эканомікай. Пачаліся чысткі сярод мясцовых партыйных, дзяржаўных і гаспадарчых кадрах, абвінавачванні іх у нацыянал-ухілізме і шкодніцтве на падставе невыканання планаў.

У выніку студэнтам варта адзначыць, што да пачатку 1940-х гг. на Беларусі (як частцы СССР) была рэалізавана сталінская мадэль дзяржаўнага сацыялізму. Індустрыялізацыя садзейнічала яе ўмацаванню. Дзяржаўны манапалізм уладкаваўся ў вытворчасці і размеркаванні. Вырасла колькасць бюракратыі, усталяваўся загадны стыль кіраўніцтва эканомікай.

Да канца 20-х гг. сельскагаспадарчая вытворчасць пераважала ў народнай гаспадарцы БССР. Перад сельскай гаспадаркай былі пастаўлены задача фінансавання індустрыялізацыі.

Артыкул І.Сталіна «Год вялікага пералому» (7 лістапада 1929 г.) абгрунтаваў неабходнасць масавай калектывізацыі. Пачалася масавая калектывізацыя метадам адміністрацыйнага прымусу. Яна суправаджалася палітыкай “раскулачвання”. Выкарыстоўвалі гвалтоўныя метады – арышт, пазбаўленне права голасу, высылку. За гады першай пяцігодкі было калектывізавана палова сялянскіх двароў, створана каля 9 тыс. калгасаў.

У канцы 1930-х гг. калектывізацыя ў Беларусі ў асноўным была завершана, сацыялістычны спосаб вытворчасці ў сельскай гаспадарцы стаў пануючы. Аднак, узровень сельскагаспадарчай вытворчасці быў вельмі нізкім.

З 1921 г. заходнебеларускія землі знаходзіліся пад уладай Польшчы. Тут была ўстаноўлена польская буржуазна-памешчыцкая ўлада. У 1920-1921 гг. быў уведзены новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел. Зместам нацыянальна-культурнай палітыкі польскіх улад на заходнебеларускіх землях была прымусовая паланізацыя і асіміляцыя мясцовага насельніцтва.

“Усходнія крэсы” разглядаліся польскімі правячымі коламі як аграрна-сыравінны прыдатак карэннай Польшчы. Насельніцтва Заходняй Беларусі падвяргалася нацыянальнаму і эканамічнаму прыгнёту. Рэпрэсіям падвяргаліся патрыёты, якія стваралі партыі, аб’яднанні, таварыствы ў абарону інтарэсаў беларускага насельніцтва. Сярод партый і арганізацый, якія найбольш актыўна дзейнічалі ў Заходняй Беларусі, трэба адзначыць: КПЗБ, Беларуская сялянска-рабочая грамада (БСРГ), Таварыства беларускай школы (ТБШ) і інш.

У час, калі ў БССР пачаўся працэс згортвання палітыкі беларусізацыі, супрацьстаянне прымусовай паланізацыі ў Заходняй Беларусі садзейнічала актывізацыі і аб’яднанню беларускай інтэлігенцыі. Нацыянальны фактар вызначаўся як галоўны ў сацыяльна-палітычнай барацьбе.

Польскі ўрад жорстка караў за нацыянальна-вызваленчую барацьбу, але насельніцтва Заходняй Беларусі нястомна змагалася за аб’яднанне з БССР, што і адбылося ў 1939 г.

Тэма 14. Беларусь у міжваенны час і напярэдадні вайны (1921-1941 гг.).

  1. Грамадска-палітычнае жыццё БССР у 1920-1930-я гг. (палітычныя рэпрэсіі 1930-х гадоў, стаўленне да рэлігіі і цэрквы).

  2. Станаўленне і развіццё савецкай беларускай культуры. Палітыка беларусізацыі.

  3. Прычыны і пачатак Другой Сусветнай вайны.

  4. Уз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР.

Пытанні да дыскусіі:

  1. Эвалюцыя савецкай грамадска-палітычнай сістэмы ў БССР.

  2. Геапалітычнае становішча Беларусі ва ўмовах нарастання пагрозы Другой сусветнай вайны.

Тэмы рэфератыўных паведамленняў:

  1. Палітыка беларусізацыі: яе мэты, шляхі правядзення і вынікі.

  2. Культурнае развіццё БССР у 1920-1930-я гг.: здабыткі і негатыўныя з’явы

Літаратура: [].

Пры разглядзе зместу дадзенай тэмы студэнтам неабходна звярнуць увагу на тое, што БССР у 1922 годзе – гэта 6 паветаў былой Мінскай губерні з колькасцю насельніцтва 1,5 млн. чалавек. Першачаргова было неабходным вярнуць у склад БССР адабраныя ў студзені 1919 года тэрыторыі. У сакавіку 1924 года да БССР было вернута 15 паветаў Віцебскай, Гомельскай (былой Магілёўскай) і Смаленскай губерняў. У лістападзе 1926 г. было прынята рашэнне аб перадачы БССР Гомельскага і Рэчыцкага паветаў, у перадачы паўночных паветаў было адмоўлена. З 1926 года БССР уяўляла больш-менш адзіны культурны і гаспадарчы рэгіён, на тэрыторыі якого пражывала пераважная большасць прадстаўнікоў адной нацыі – беларусаў. Правядзенне адміністрацыйнай рэформы.

У 1927 г. была прынята новая Канстытуцыя БССР. Дзяржаўнымі мовамі былі зацверджаны беларуская, руская, польская і яўрэйская. Мовай міжнацыянальных зносін вызначалася беларуская. У межах кампактнага пражывання нацыянальных меньшасцяў ствараліся нацыянальныя Саветы (яўрэйскія, польскія, рускія, латышскія, нямецкія, украінскія).

Студэнты павінны засвоіць, што з пачаткам НЭПа ў 1921 годзе адбылася адносная дэмакратызацыя жыцця, наколькі гэта дазваляла аднапартыйная сістэма. Але ў канцы 1920-х гг усталёўваліся загадныя метады кіравання ва ўсіх сферах грамадскага жыцця. Бюракратычны апарат зліўся з партыйным і пераўтварыўся па сутнасці ў асобны сацыяльны клас. У кіраванні спалучаліся метады татальнай цэнтралізацыі, адміністрацыйна-загадныя метады кіравання і дзяржаўны тэрор у дачыненні да незадаволеных і патэнцыяльна незадаволеных асоб. Гэта прывяло да масавых чыстак арганізацый і ўстаноў ад “ворагаў народа” і палітычных рэпрэсій. Сялянам было забаронена пакідаць без дазволу калгасы. Па сутнасці, гэта было мадэрнізаванае прыгонніцтва.

Рэпрэсіі ў СССР пачаліся яшчэ ў 20-я гады, у дачыненні да праваслаўнага, каталіцкага і інш. духавенства. З кожным годам карны механізм паскараўся, дасягнуўшы піка ў 1937 годзе.

Цяжкія страты панесла навука – 26 акадэмікаў і 6 членаў-карэспандэнтаў АН БССР, у тым ліку прэзідэнты акадэміі П.В.Горын, І.З.Сурта, акадэмікі Я.М.Афанасьеў, Т.Ф.Домбаль, П.Я.Панкевіч, І.А.Пятровіч, Б.Тарашкевіч. Былі абвінавачваны ў стварэнні тэрарыстычнай арганізацыі і расстраляны сыны першага прэзідэнта акадэміі навук У.Ігнатоўскага Юрый і Валянцін. Расстраляны так сама пісьменнікі М.Гарэцкі, М.Зарэцкі, М.Чарот, П.Галавач і інш. Не пазбеглі арышту Я.Колас і Я.Купала. З далучэннем да БССР Заходняй Беларусі там адразу падвегліся рэпрэсіям асаднікі, леснікі, каталіцкае духавенства, супрацоўнікі польскай адміністрацыі. Ахвярамі ўнутранага тэрору сталі многія палітычныя і культурныя дзеячы, вучоныя, артысты, пісьменнікі, святары і простыя людзі.

Разглядаючы другое пытанне, студэнты павінны адзначыць, што ў галіне культуры важнай задачай для беларускага савецкага ўрада стала ліквідацыя непісьменнасці. Беларуская навука развівалася ў межах вышэйшых навучальных устаноў – БДУ, Беларускага палітэхнічнага інстытута (1922 г.), Беларускай сельскагаспадачай акадэміі (1925 г.), Віцебскага ветэрынарнага інстытута (1924 г.) і інш. У 1922 г. быў створаны Інстытут беларускай культуры, які стаў падмуркам для ўтварэння ў 1929 годзе Акадэміі навук. У 1922 адчыніла дзверы Дзяржаўная бібліятэка БССР, наладжвалася музейная справа.

У 20-я гады росквіт атрымала беларуская літаратура. Дзейнічаюць беларускія літаратурныя гурткі – "Маладняк" (М. Лынькоў, М. Чарот, П. Трус, П. Галавач і інш.), "Узвышша" (А. Бабарэка, П. Глебка, З. Бядуля, М. Лужанін, К. Крапіва і інш.) і "Полымя" (Я. Колас, Я. Купала, Ц. Гартны, М. Чарот і інш.), рускі “Звенья” і г.д. З’явіліся новыя імёны – К.Чорны, К.Крапіва, М.Зарэцкі, М.Лынькоў і інш., разам са сталымі (Я.Колас, Я.Купала, З.Бядуля, Ц.Гартны) яны шукалі новыя шляхі ў мастацтве. Гэта быў перыяд адноснай свабоды творчасці, які скончыўся ў канцы 20-х гадоў. Былі закладзены асновы для развіцця жывапісу, графікі, скульптуры, архітэктуры, тэатральнага мастацтва, кіно.

З ліпеня 1924 года кампартыя Беларусі афіцыйна аб’явіла аб пачатку палітыкі “беларусізацыі”. Перадумовы пачатку “беларусізацыі”.

Беларусізацыя мела вызначаныя накірункі – перавод справаводства, адукацыйных устаноў на беларускую мову, абавязковае ўвядзенне прадмета “беларусазнаўства” ў вучэбныя праграмы, вылучэнне на кіруючыя пасады ў дзяржаўных і мясцовых органах улады мясцовых ураджэнцаў (палітыка “карэнізацыі”). Пры гэтым не абмяжоўвалі магчымасці для развіцця культуры іншых нацыянальнасцей БССР.

Беларусізацыя мела станоўчыя вынікі як для культурнага развіцця, так і для палітычнай стабілізацыі на Беларусі. Прычыны згортвання палітыкі беларусізацыі.

Разглядаючы трэцяе пытанне, студэнты павінны звярнуць увагу на тое, што з сярэдзіны 1930-х гадоў міжнародны клімат значна пагоршыўся. Было відавочна, што рыхтавалася вялікая вайна. 23.08.1939 года ў Маскве пасля імклівай падрыхтоўкі было заключана пагадненне з Германіяй аб ненападзе тэрмінам на 10 год. Да дагавору прыкладваліся сакрэтныя пратаколы, якія размежавалі сферы ўплыву Германіі і СССР у Еўропе. 01.09.1939 года Германія напала на Польшчу, а 3 верасня Германіі аб’явілі вайну Англія і Францыя, пачалася другая сусветная вайна. Студэнты павінны зразумець прычыны вайны і прааналізаваць падзеі 1939-1941 гг.

Раскрываць апошняе пытанне студэнтам неабходна пачаць з падзеяў 17.09.1939 года, калі быў аддадзены загад Чырвонай Арміі перайсці мяжу Польшчы і заняць Заходнюю Беларусь, узяць пад абарону жыццё і маёмасць насельніцтва Заходняй Украіны і Заходняй Беларусі.

28.09.1939 года зноў у Маскве быў падпісаны дагавор паміж СССР і Германіяй аб сяброўстве і мяжы. 22.10.1939 года адбыліся выбары прадстаўнікоў народнага сходу, які сабраўся 28-30.10.1939 года ў Беластоку. Сход прасіў ВС СССР і ВС БССР прыняць Заходнюю Беларусь у склад СССР і БССР. У адказ 2.11.1939 года ВС СССР і 12 лістапада ВС БССР прынялі адпаведныя законы. Уз’яднанне беларускіх земляў было актам гістарычнай справядлівасці. Беларускі народ атрымаў магчымасць развівацца ў межах аднага дзяржаўнага ўтварэння.

Тэма 15. Беларусь у гады Вялікай Айчыннай вайны.

  1. Пачатак Вялікай Айчыннай вайны. Абарончыя баі летам 1941 года.

  2. Акупацыйны рэжым на тэрыторыі Беларусі. Дзейнасць калабарацыяністаў.

  3. Партызанская і падпольная барацьба беларускага народа ў гады вайны.

  4. Вызваленне Беларусі. Заканчэнне і вынікі Другой Сусветнай вайны.

Пытанне да дыскусіі:

  1. Вытокі патрыятызму беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Тэма рэфератыўнага паведамлення:

    1. Дзейнасць партызан і падпольшчыкаў у рэгіёнах Беларусі.

Літаратура: [].

Важнае месца ў вывучэнні дадзенай тэмы студэнтамі павінна заняць асэнсаванне таго, што вайна 1941-1945 гг. насіла вызваленчы характар. 22.06.1941 года Германія напала на СССР. На дзяржаўнай мяжы адразу адбыліся цяжкія баі. Да канца ліпеня абараняўся гарнізон састарэлай Брэсцкай крэпасці. Аднак немцы прарвалі абарону і хутка прасоўваліся ўглыб Беларусі. 28 чэрвеня пасля жорсткіх баёў, у якіх удзельнічалі добраахвотныя атрады з жыхароў горада, Мінск быў здадзены. На захад ад Мінска ў акружэнні апынуліся злучэнні некалькіх савецкіх армій колькасцю некалькі соцен тысяч чалавек.

У пачатку ліпеня 1941 уздоўж Заходняй Дзвіны і Дняпра была створана лінія абароны. Жорсткія баі разгарнуліся за беларускія гарады. З 3 па 26 ліпеня абараняўся Магілёў, жорсткая шматгадзінная бітва адбылася на Буйніцкім поле. З 12 па 19 жніўня абараняўся Гомель. Аднак да пачатку верасня 1941 года ўся тэрыторыя Беларусі была захоплена германскай арміяй. Студэнты павінны засвоіць прычыны паражэння савецкіх войскаў на першым этапе вайны.

Разглядаючы другое пытанне, студэнты павінны звярнуць увагу на ўсталяванне “новага парадаку”, ідэалагічным падмуркам якога была тэорыя “расавай перавагі” нямецкай арыйскай расы над іншымі народамі. Мэты агрэсараў у адносінах да тэрыторыі СССР прадугледжвалі паэтапную каланізацыю і германізацыю захопленых тэрыторый з мэтай поўнага выкарыстання яе рэсурсаў, знішчэнне каля 75% беларусаў і “агерманьванне” 25% беларусаў для выкарыстоўвання іх як працоўнай сілы.

Дзеля эканамічнай эксплуатацыі Беларусі быў створаны апарат, падначалены штабу па кіраўніцтву эканомікай “Ост”, ці “Ольдэбург”.

Ажыццяўляўся вываз сыравіны і абсталявання для прамысловасці Германіі. Вывозілі ўсё – станкі, абсталяванне прамысловасці, будаўнічыя матэрыялы, сыравіну для тэкстыльнай прамысловасці, лясныя багацці, тарфяныя рэсурсы. Вывозілі нават рабоў – каля 380 тыс. маладых беларусаў выкарыстоўваліся на катаржных работах у рэйху. У аграрнай палітыкі акупантаў студэнты павінны вылучыць тры асноўныя этапы.

Масавы тэрор супраць насельніцтва. На Беларусі было ўтворана каля 260 канцлагераў, буйнейшым быў Трасцянецкі пад Мінскам, дзе нацысты знішчылі каля 206.500 чалавек.

Адначасова з акупацыяй знішчаліся органы савецкай улады, мяняўся тэрытарыяльны падзел. Беларусь была падзелена на часткі. Ствараліся органы мясцовага самакіравання – гарадскія ўправы на чале з бургамістрамі, раённыя ўправы, у валасцях прызначалі валасных старшынь, у вёсках стараст. Яны знаходзіліся пад пільным наглядам гітлераўскіх акупантаў.

Студэнты пры падрыхтоўцы павінны ахарактарызаваць беларускую калабарацыю, якая мела некалькі складаючых частак. Аднолькава трактаваць беларускую калабарацыю як асэнсаваную здраду радзіме немагчыма.

Дзейнасць Беларускай народнай самапомачы (БНС), “Вольнага корпуса самааховы” (беларуская самаахова – БСА), Рады БНР, “Саюза беларускай моладзі – СБМ” “Рады даверу” і інш. арганізацый. Стварэнне Беларускай Цэнтральнай Рады (1943 г.). Правядзенне 27.06.1944 г. II Усебеларускага кангрэсу.

Разглядаючы трэцяе пытанне, студэнты павінны звярнуць увагу на тое, што шырокае развіццё атрымала на Беларусі супраціўленне – партызанскі рух і дзейнасць падпольных арганізацый у гарадах. Падпольная барацьба набыла масавыя маштабы – праз беларускія падпольныя арганізацыі прайшло каля 70 тысяч чалавек.

У сельскай мясцовасці пад час акупацыі выявілася дзве формы супраціўлення – гэта невыкананне загадаў, па сутнасці сабатаж (пасіўнае супраціўленне) і прамая ўзброеная барацьба – ці партызанка (актыўнае супраціўленне). Першыя партызанскія атрады ствараліся як з мясцовых жыхароў, так і з акружэнцаў – салдат Чырвонай Арміі. Аднымі з першых атрадаў былі створаны ў Пінскім раёне, узначальваў яго В.З.Корж, а так сама атрад “Чырвоны партызан” пад кіраўніцтвам Ц.Бумажкова і Ф.Паўлоўскага, якія 6.08.1941 г. сталі Героямі Савецкага Саюза (першыя з партызан). Стварэнне партызанскіх зон, Беларускага штабу партызанскага руха. “Рэйкавая вайна”, вылучаецца тры яе этапы.

Правядзенне шматлікіх карных экспедыцый, якія праводзіліся з асаблівай жорсткасцю. На працягу 1943 года акупантамі было праведзена каля 60 буйных карных экспедыцый, падчас якіх былі знішчаны дзесяткі тысяч мірных жыхароў.

Падчас вызвалення Беларусі партызанскія атрады былі расфарміраваны, а каля 147 тыс. чалавек было ўключана ў склад рэгулярных частак Чырвонай Арміі. Каля 140 тыс. партызан і падпольшчыкаў было ўзнагароджана ордэнамі і медалямі, 88 з іх было прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.

Раскрываючы змест апошняга пытання, студэнты павінны ведаць, што савецкія войскі ў верасні 1943 года вызвалілі першыя райцэнтры на Беларусі – Камарын, Хоцімск, Клімавічы, Касцюковічы, Крычаў. 26 лістапада быў вызвалены Гомель, а ў студзені 1944 года Мазыр і Калінкавічы. Але рэсурсаў для далейшага наступлення ў Чырвонай Арміі больш не было. Таму пад час перапынку пачалася падрыхтоўка да вялікай наступальнай аперацыі па вызваленню Беларусі, якую назвалі “Багратыён”. Але і нямецкая армія рыхтавалася да абароны. На Беларусі было сканцантравана каля 1,2 млн. чалавек, 900 танкаў, 9500 гармат і мінамётаў – якія былі размешчаны на моцных абарончых рубяжах.

Аперацыя “Багратыён пачалася раніцай 23.06.1944 года, і ўжо 24 чэрвеня лінія абароны была прарвана. 26 чэрвеня былі вызваленя Віцебск і Жлобін, 27 – Орша, 28 – Магілёў, Шклоў, Быхаў, Асіповічы. Савецкія войскі імкліва набліжаліся да Мінска, і 3.07.1944 г. ён быў вызвалены. 4 ліпеня былі вызвалены Полацк, 9 ліпеня – Навагрудак, 14 – Пінск і Ваўкавыск, 16 – Гродна. 28 ліпеня с вызваленнем Брэста закончылася вызваленне Беларусі. У выніку Беларускай наступальнай аперацыі савецкія войскі выйшлі да Рыгі і мяжы з Усходняй Прусіяй. 16 красавіка пачалася Берлінская аперацыя. 8.05.1945 г. Германія падпісала Акт аб безумоўнай капітуляцыі. 2.09.1945 г. Акт аб безумоўнай капітуляцыі падпісала Японія. Другая сусветная вайна скончылася. Вынікі вайны.

Тэма 16. Савецкая мадэль мадэрнізацыі ў гісторыі Беларусі: Беларусь у перыяд 1950-80-х гг.

  1. Аднаўленне і развіццё народнай гаспадаркі Беларусі ў пасляваенны час.

  2. Асноўныя рысы грамадска-палітычнага жыцця Беларусі ў другой палове 1940-х - першай палове 1980-х гг.

  3. Сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў 1950-х – першай палове 80-х гг.

  4. Здабыткі і негатыўныя з’явы ў развіцці адукацыі, навукі і культуры ў 1950-е - 1980-е гг.

Пытанні да дыскусіі:

  1. Чаму да сярэдзiны 80-х гг. тэмпы прыросту нацыянальнага даходу БССР былi вышэйшыя за агульнасаюзныя?

  2. Як была звязана эканомiка з ваенна-прамысловым комплексам?

Тэмы рэфератыўных паведамленняў:

  1. Цяжкасцi развiцця сельскай гаспадаркi ў пасляваенныя гады.

  2. Асоба П. М. Машэрава.

Літаратура: [].

Пры разглядзе зместу дадзенай тэмы студэнтам неабходна звярнуць увагу на тое, што вызваленая Беларусь была разрабавана і зруйнавана, велізарныя страты панесла не толькі гаспадарка рэспублікі, але і насельніцтва, прыроднае асяроддзе.

Перад разбуранай эканомікай Беларусі ў першыя паслеваенныя гады стаяла задача цалкам аднавіць народнагаспадарчы патэнцыял і эканамічныя сувязі, забяспечыць далейшае развіццё народнай гаспадаркі, правесці канверсію эканомікі, знайсці рэсурсы для паляпшэння ўмоў жыцця людзей.

Важнае месца ў вывучэнні дадзенай тэмы студэнтамі павінна заняць асэнсаванне асаблівасцей, якія паўплывалі на далейшае развіццё гаспадаркі БССР. У прамысловасці больш хуткімі тэмпамі адраджалася машынабудаванне. Марудна адраджалася лёгкая прамысловасць. Асаблівая ўвага надавалася аднаўленню энергетыкі. Прадугледжвалася паскорана развіваць машынабудаванне, стварыць новыя галіны прамысловасці – трактара- і аўтамабілебудаванне, выпуск лакаматываў, гідратурбін, матацыклаў, веласіпедаў, швейных машын; аднавіць і развіваць энергетычную гаспадарку, пашырыць паліўную базу рэспублікі.

Рэспубліка атрымлівала дапамогу ад цэнтра кваліфікаванымі рабочымі, інжынерамі і служачымі; бюджэтнымі датацыямі, тэхнікай і абсталяваннем, сыравінай. Прыходзіла дапамога і па лініі ААН.

У выніку выканання праграмы гаспадарчага і сацыяльнага развіцця на 1946-1950 гг. шмат чаго ўдалося зрабіць: адноўлены гаспадарчы комплекс, сістэма адукацыі, шырокія памеры набыло жыллёвае будаўніцтва, вырасла пакупная здольнасць насельніцтва, павялічыўся рознічны тавараабарот. У той жа час планы на развіццё сельскай гаспадаркі на Беларусі выкананы не былі. Рэальная заработная плата дасягнула даваеннага ўзроўню. Адначасова наглядаўся рост падаткаў з грамадзян. Былі ўведзены падаткі на халасцякоў, адзінокіх і маласямейных грамадзян. Штогадовыя дзяржаўныя пазыкі мелі абавязковы характар і з’яўляліся скрытай формай павелічэння падаткаў.

Студэнты павінны мець на ўвазе, што камандна-адміністрацыйныя метады кіравання гаспадаркай дазволілі вырашыць складаныя праблемы пасляваеннага адраджэння прамысловасці. Але бліжэй да канца чацьвёртай пяцігодкі яны ўжо сталі тормазам далейшага развіцця эканомікі Беларусі.

З Беларусі ў гэты перыяд ва ўсходнія і іншыя раёны СССР выехала шмат рабочай сілы і высокакваліфікаваных маладых спецыялістаў. У выніку накіраванай уладамі міграцыі ў БССР істотна зменшылася колькасць беларусаў і павялічалася колькасць прадстаўнікоў нацыянальных меншасцей, перш за ўсё рускіх, палякаў, украінцаў, якія адыгрывалі значную ролю ў жыцці рэспублікі.

Разглядаючы асноўныя рысы грамадска-палітычнага жыцця Беларусі студэнты павінны засяродзіць сваю ўвагу на наступных пытаннях: грамадска-палітычная сітуацыя ў БССР у першае пасляваеннае дзесяцігоддзе; асаблівасці працэсу дэмакратызацыі грамадска-палітычнага жыцця ў БССР у другой палове 1950-х - 1960-е гг.; грамадска-палітычнае жыццё ў БССР у 1970-е - першай палове 1980-х гг.

Пасля перамогі ў вайне 1941-45 гг. пачаліся новыя масавыя арышты, расстрэлы, высылкі ў савецкія канцэнтрацыйныя лагеры. Тым не менш, моладзь актыўна стварала тайныя таварыствы, абменьвалася думкамі. Тайнае таварыства “Чайка” існавала ў сярэднне-спецыяльных і прафесійна-тэхнічных установах у Баранавічах, Брэсце, Жыровіцах. “Саюз беларускіх патрыётаў” дзейнічаў у педвучылішчах Глыбокага і Пастаў, існавала арганізацыя “Свободная Беларусь”.

У верасні 1953 года першым сакратаром КПСС, а значыць і кіраўніком дзяржавы, быў абраны М.Хрушчоў. Пачаўся перыяд адноснай дэмакратызацыі. Да гэтага часу першымі асобамі БССР былі не прадстаўнікі тытульнай нацыі, а асобы з ліку нацыянальных меншасцей. У 1956 годзе ўпершыню з сярэдзіны 1920-х гадоў ЦК КПБ ўзначаліў беларус – К.Т.Мазураў. Праўда, на развіцці нацыянальнай культуры гэта не сказалася – на працягу 1960-1970 гг. беларускамоўныя школы пераводзіліся на рускую мову навучання.

У кастрычніку 1964 года з-за шматлікіх пралікаў у кіраванні краінай М.Хрушчоў быў вызвалены ад займаемай пасады, кіраваць партыяй і краінай быў пастаўлены Л.Брэжнеў. У 1965 г. у Беларусі кампартыю ўзначаліў П.Машэраў.

Пасля змены кіраўніцтва ў 1965 г. былі разгледжаны пытанні аб развіцці сельскай гаспадаркі і паляпшэнні кіравання эканомікай. Канчаткова былі ліквідаваны апошнія прыкметы савецкага прыгонннага права для калгаснікаў – яны атрымалі пашпарты, права на пенсію, на гарантаваную аплату працы. Большая свабода была дадзена ў развіцці ўласнай гаспадаркі.

У 1966-1985 гг. у краіне быў перыяд застою. Узмацніўся пераслед іншадумцаў (дысідэнтаў).

Аналізуючы сацыяльна-эканамічнае развіццё Беларусі ў 1950-х – першай пал. 80-х гг., студэнты павінны звярнуць увагу на наступныя пытанні: экстэнсіўныя і інтэнсіўныя фактары развіцця эканомікі БССР у складзе адзінага народнагаспадарчага комплексу СССР; курс на апераджальны рост у рэспубліцы цяжкай прамысловасці; асноўныя тэндэнцыі індустрыяльнага развіцця БССР ва ўмовах разгортвання навукова-тэхнічнай рэвалюцыі; нарастанне экалагічных праблем; чыннікі паступовага запаволення тэмпаў эканамічнага росту і ўзнікненні цяжкасцяў у сацыяльнай сферы.

На працягу 1950-60-х гг. эканамічны ўздым суправаджаўся павышэннем матэрыяльнага і культурнага ўзроўню жыцця беларускага народа і развіццём сацыяльнай сферы. Разам з відавочнымі поспехамі трэба адзначыць, што эканоміка страціла былы дынамізм. Існуючы гаспадарчы механізм стаў тормазам на шляху эканамічнага развіцця краіны, што абумовіла паступовы ўваход савецкай эканомікі ў глыбокі крызіс. Спробы сацыяльнай пераарыентацыі эканомікі і рэфарматарства 1950-х гг. саступілі месца кансерватыўным эканамічным поглядам, якія прывялі гаспадарку краіны да стагнацыі, застою і цяжкага эканамічнага крызісу.

Студэнты павiнны звярнуць увагу, на тое якiя змяненнi адбылiся ў сацыяльна-эканамiчным жыццi пры Л. Брэжневе, спынiцца на рэформах А.М. Касыгiна 1965г. i прычынах iх згортвання.

Эканамічныя цяжкасці 1970-80 гг. адбіваліся на ўзроўні дабрабыту насельніцтва і сацыяльнай палітыкі. Рэальная зарплата не павышалася, а часам нават зніжалася. Абвастрылася жыллёвая праблема, не адпавядала сучасным патрабаванням сістэма аховы здароўя. Узрос агульны дэфіцыт прадметаў спажывання. Уводзіліся прывілегіі для партыйна-дзяржаўнага апарату, што абвастрала сацыяльную напружанасць у грамадстве.

Страшэнныя экалагічныя і эканамічныя наступствы для ўсёй тэрыторыі Беларусі мела аварыя на чацвёртым энергаблоку Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі (ЧАЭС), якая адбылася 26 красавіка 1986 г.

Аналізуючы здабыткі і негатыўныя з’явы ў развіцці адукацыі, навукі і культуры студэнты павінны звярнуць увагу на наступныя пытанні: культурнае і духоўнае жыццё ў БССР; станаўленне і развіццё савецкай беларускай культуры; русіфікацыя; змены ў духоўным жыцці беларускага народа ў канцы 1980-х гадоў.

Беларуская культура перыяду 1950-80 гг. прайшла вельмі складаны і цяжкі шлях. Абмяжоўвалася свабода творчасці, выцісканне беларускай мовы было ўведзена ў ранг дзяржаўнай палітыкі. Культура, навука і адукацыя не атрымлівалі дастатковага фінансавання, што сур’ёзна адбілася на іх узроўні і якасці. У той жа час увесь свет ведае нашых навукоўцаў, літаратараў, мастакоў, акцёраў, што сведчыць аб высокім узроўні культуры.

Завяршаючы падрыхтоўку дадзенай тэмы, студэнтам неабходна засвоіць, што асаблівасцю пасляваеннага развіцця культуры стаў партыйны дыктат, барацьба з прагрэсіўнай інтэлігенцыяй, русіфікацыя (у БССР не было ніводнай сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай навучальнай установы з беларускай мовай навучання). Але важна адзначыць, што адбылося аднаўленне матэрыяльна-тэхнічнай базы адукацыі, навукі і культуры.

Эканамічнае развіццё Беларусі праходзіла супярэчліва. 3 аднаго боку ўзрос эканамічны патэнцыял, эканоміка Беларусі развівалася больш хуткімі тэмпамі ў параўнанні з агульнасаюзнай. Узрос дабрабыт народа. 3 другога боку нарасталі цяжкасці, супярэчнасці ў эканамічным і сацыяльным развіцці краіны. Зніжаліся тэмпы развіцця ўсіх галін народнай гаспадаркі.

Тэмы 17-18. Суверэнная Рэспубліка Беларусь ва ўмовах глабалізацыі сусветных працэсаў і асноўныя тэндэнцыі яе сацыяльна-эканамічнага развіцця

  1. Палітыка перабудовы, яе змест і шляхі ажыццяўлення.

  2. Распад СССР. Абвяшчэнне Рэспублікі Беларусь. Стварэнне Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

  3. Грамадска-палітычнае жыццё Рэспублікі Беларусь. Рэферэндумы 1995, 1996, 2004 гг.

  4. Канстытуцыя і дзяржаўная сімволіка Рэспублікі Беларусь.

  5. Асаблівасці беларускай мадэлі сацыяльна-эканамічнага развіцця.

  6. Культура Беларусі на сучасным этапе. Роля і дзейнасць нацыянальных супольнасцей Беларусі.

  7. Роля і месца Беларусі на міжнароднай арэне.

Пытанні да дыскусіі:

  1. Дзяржаўны суверэнітэт Рэспублікі Беларусь як вызначальная каштоўнасць сучаснай беларускай нацыі.

  2. Сутнасць сучаснага этапу мадэрнізацыі беларускага грамадства.

  3. Фарміраванне прававой дзяржавы і грамадзянскай супольнасці ў Рэспубліцы Беларусь: заканамернасці і асаблівасці.

  4. Мадэрнізацыя нацыянальнай сістэмы адукацыі: праблемы, дасягненні і перспектывы.

  5. Узаемаадносіны дзяржавы і царквы ў Рэспубліцы Беларусь.

  6. Глабалізацыя і сучасны свет: праблемы і спробы іх вырашэння.

Тэмы рэфератыўных паведамленняў:

  1. Перадумовы распаду СССР.

  2. Праблемы дзяржаўна-палітычнага, сацыяльна-эканамічнага і культурнага развіцця Беларусі на сучасным этапе.

  3. На шляху да інтэграцыі Расіі і Беларусі.

Літаратура: [].

У красавіку 1985 г. на пост Генеральнага сакратара ЦК КПСС быў абраны М.С.Гарбачоў. Ён хутка абвясціў курс рэформаў, якія атрымалі назву “перабудова”. Перабудова ў СССР была накіравана на маштабныя змены адразу ва ўсіх сферах, уключаючы дэмакратызацыю грамадства. Асобнымі мерапрыемствамі перабудовы стала палітыка галоснасці, гаспадарчага разліку, адраджэння прыватнай ініцыятывы ў рамках кааператыўнага руху. Палітыка галоснасці прадугледжвала паступовае адмаўленне ад кантролю КПСС за ідэалагічнымі працэсамі ў грамадстве. Цэнзура над публікацыямі была зменшана, дазволены сходы для абмеркавання палітычных працэсаў.

Разглядаючы першае пытанне, трэба мець на ўвазе, што ў БССР працэс дэмакратызацыі грамадства ішоў значна больш марудна, чым у іншых рэспубліках. Тым не менш, тут таксама ўзнікалі апазіцыйныя грамадскія арганізацыі – “Талака”, “Тутэйшыя”, “Паходня”, “Машэка” і інш.

У сакавіку – красавіку 1990 г. у БССР адбыліся выбары ў Вярхоўны Савет рэспублікі і ў мясцовыя саветы. Упершыню за многія дзесяцігоддзі яны праходзілі на альтэрнатыўнай аснове. У выніку ў зноў выбраным Вярхоўным Савеце з’явіліся апазіцыйныя фракцыі БНФ і "Дэмакратычны клуб". 27.07.1990 г. Вярхоўны Савет прыняў дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце БССР. У 1990 г. быў прыняты закон аб арганізацыях, які дазволіў стварэнне грамадскіх і палітычных арганізацый, партый.

Між тым унутрыэканамічная і палітычная сітуацыя ў той час у СССР значна пагоршылася. Пачаліся міжнацыянальныя сутыкненні ў Сярэдняй Азіі. Фактычна ішла грамадзянская вайна паміж Арменіяй і Азербайджанам. Незалежнасць сваёй рэспублікі абвясціў парламент Літвы. Вясной 1991 г. антысавецкія мітынгі прайшлі і ў Беларусі. Аўтарытэт саюзнага кіраўніцтва моцна аслаб. Лёс СССР вырашыла няўдалая спроба дзяржаўнага перавароту ў жніўні 1991 г. ў Маскве.

У снежні 1991 г. на сустрэчы кіраўнікоў Беларусі (С.Шушкевіч), Расіі (Б.Ельцын) і Украіны (Л.Краўчук), якая праходзіла ў Віскулях (Белавежская пушча) было прынята рашэнне аб дэнансацыі дагавора 1922 г. аб стварэнні СССР. Замест яго 8.12.1991 г. стваралася Садружнасць Незалежных Дзяржаў (СНД), каардынацыйным цэнтрам якой стала сталіца Беларусі – Мінск.

Разглядаючы наступнае пытанне, студэнтам неабходна ведаць, што асаблівасцю эканамічнага развіцця Беларусі ў пачатку 90-х гг. было тое, што крызісныя з’явы тут выявіліся пазней, чым у іншых рэспубліках СССР. У 1990 г. выдаткі дзяржавы на сацыяльна-культурныя мерапрыемствы поўнасцю пакрываліся прыбыткамі, якія перавышалі выдаткі на 2,6 %. Практычна адсутнічалі беспрацоўе і інфляцыя. У 1991-1992 гг. па індэксу развіцця чалавечага патэнцыялу Беларусь займала 40-е месца сярод 174 краін свету і адносілася да групы краін з яго высокім узроўнем.

У кантэксце нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва, студэнты павінны засвоіць, як найвышэйшае дасягненне ХХ ст. наступныя падзеі. 25.08. 1991 г. нечарговая сесія Вярхоўнага Савета БССР прыняла закон “Аб наданні статусу канстытуцыйнага закона Дэкларацыі Вярхоўнага Савета БССР аб дзяржаўным суверэнітэце БССР” і пастанову “Аб забеспячэнні палітычнай і эканамічнай самастойнасці БССР”. Такім чынам, фактычна была абвешчана незалежнасць Беларусі. 19 лістапада 1991 г. БССР была перайменавана ў Рэспубліку Беларусь (у скарочаным варыянце – Беларусь), былі вызначаны нацыянальныя сімвалы – бела-чырвона-белы сцяг і герб “Пагоня”. Быў выбраны новы старшыня Вярхоўнага Савета – С.С. Шушкевіч.

Гэта ўсё паспрыяла далейшаму развіццю дэмакратычных адносін. Хутка развівалася незалежная прыватная прэса. Ужо ў першыя гады незалежнасці было зарэгістравана 29 палітычных партый і 7 грамадска-палітычных рухаў.

У 1992 г. былі ўсталяваны дыпламатычныя адносіны з ЗША, Германіяй, Вялікабрытаніяй, Францыяй, Японіяй, Ізраілем, Польшчай і іншымі краінамі. У верасні 1991 года пачалося стварэнне беларускай арміі, у 1992 годзе было заснавана міністэрства абароны, абвешчана абаронная дактрына Беларусі, згодна з якой Беларусь абвяшчалася безядзернай краінай.

Важнай падзеяй стала распрацоўка асноўнага закона Рэспублікі Беларусь – Канстытуцыі. 15.03.1994 г. Вярхоўны Савет прыняў Канстытуцыю Беларусі, згодна з якой у краіне ўводзіўся пост Прэзідэнта. У гэтых умовах у чэрвені 1994 г. адбыліся выбары прэзідэнта Беларусі на альтэрнатыўнай аснове. На выбарах у другім туры перамог А.Лукашэнка.

Студэнты павінны зразумець прычыны і вынікі рэферэндумаў 1995, 1996. 2004 гг.

2.04.1997 года ў Маскве было падпісана пагадненне аб стварэнні Саюза Беларусі і Расіі, а 8.12.1999 года – Дагавор аб стварэнні Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі. Здабыткі і цяжкасці інтэграцыі дзвюх дзяржаў.

Важнае месца ў вывучэнні дадзенай тэмы студэнтамі павінна заняць асэнсаванне “Беларускай мадэлі” дзяржавы, якая прадугледжвае, з аднаго боку, захаванне сацыяльных заваёў народа, а з другога – выкарыстоўванне рынкавых механізмаў для павышэння эфектыўнасці эканамічнай сістэмы, яе ўспрымальнасці да навукова-тэхнічнага прагрэсу. Дзяржава вызначыла асноўныя прыярытэты сацыяльнай палітыкі. Дзяржаўныя праграмы па сацыяльна-эканамічнаму развіццю Рэспублікі Беларусь: інавацыйнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2007-2010 гады, комплексная праграма развіцця рэгіёнаў, малых і сярэдніх гарадскіх пасяленняў на 2007-2010 гг., праграма адраджэння і развіцця вёскі на 2005-2010 гг. і інш.

Раскрываючы змест апошняга пытання, студэнты павінны ведаць, што ў пасляваенны час Беларусь стала вядомым іграком на міжнароднай арэне. 1.02.1944 г. БССР атрымала права знешніх зносін, у сакавіку быў створаны наркамат замежных спраў, які ўзначаліў К.Кісялёў. У 1945 г. БССР стала адной з краін-заснавальніц Арганізацыі Аб’яднаных Нацый (ААН), а пасля і іншых уплывовых арганізацый. Але вызначальныя справы Масква вырашала без узгаднення з беларускім кіраўніцтвам. Міжнародная дзейнасць БССР была вельмі абмежавана. Тым не менш гэта паспрыяла росту аўтарытэту рэспублікі. Міжнародныя адносіны ў перыяд 1991-2005 гг.

У канцы 1990-х гг. згодна з апублікаванымі дадзенымі Беларусь па індэксе развіцця чалавечага патэнцыялу займала ўжо 57-е месца ў свеце. Гэта быў лепшы паказчык сярод дзяржаў СНД (Расійская Федэрацыя – 62-е месца, Казахстан – 73-е, Украіна – 78-е), хаця ў апошнія гады нас значна апярэдзілі краіны Прыбалтыкі і дзяржавы Усходняй Еўропы, якія мелі аднолькавыя з намі стартавыя пазіцыі ў пачатку 1990-х гг. і якія правялі рэфармаванне эканомікі метадам “шокавай тэрапіі”.

Пры разглядзе зместу дадзенай тэмы студэнтам неабходна звярнуць увагу на тое, што паскарэнне працэсаў інтэграцыі Беларусі ў сусветную эканоміку з’яўляецца важнай перадумовай для паспяховай сістэмнай трансфармацыі яе эканомікі і далейшага прагрэсу чалавечага патэнцыялу.