Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Уводз ны археалог ю (исправленный).doc
Скачиваний:
29
Добавлен:
03.11.2018
Размер:
1.02 Mб
Скачать

201

Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь

Беларускі дзяржаўны педагагічны універсітэт імя Максіма Танка

Л.У. Калядзінскі

Уводзіны ў археалогію

Вучэбна-метадычны дапаможнік для гістарычных факультэтаў ВНУ Рэспублікі Беларусь

Навуковыя рэдактары:

І.І. Багдановіч – кандыдат педагагічных навук, дацэнт кафедры дапаможных гістарычных дысцыплін і методыкі выкладання гісторыі.

Э.М. Зайкоўскі – кандыдат гістарычных навук, старшы навуковы супрацоўнік аддзела археалогіі першабытнага грамадства Інстытута гісторыі НАН Беларусі.

Уводзіны

Прапануемы дапаможнік з’яўляецца першаю часткаю курса «Асновы археалогіі», які павінен сфарміраваць у студэнтаў-гісторыкаў уяўленне пра археалогію як састаўную і галоўную частку гістарычнай навукі, закліканай у першую чаргу аднаўляць дапісьмовы перыяд гісторыі чалавецтва і ў значнай ступені дапаўняць тыя перыяды і раздзелы гісторыі, дзе пісьмовых крыніц яўна недастаткова для рэканструкцыі гістарычнага мінулага. Для асвятлення гэтага курса выкарыстоўваюцца матэрыялы розных эпох, краін і рэгіёнаў, але пераважна еўрапейскіх. У нязначнай ступені, наколькі гэта неабходна, каб праілюстраваць тую ці іншую з’яву, дапасуецца матэрыял афраазіяцкага рэгіёна і Новага свету.

Прапануемы дапаможнік мае назву «Уводзіны у археалогію». Гэтая частка курса у нашых лекцыях займае прыкладна адну трэць часу. Яна знаёміць студэнта-першакурсніка, па сутнасці яшчэ учарашняга выпускніка школы, з новай для яго навукаю, пра якую ён мае самыя павярхоўныя веды, атрыманыя ім са школьных падручнікаў, тэлевізійных праграм і інтэрнета.

Уводзіны ў археалогію маюць за мэту азнаёміць студэнтаў з узнікненнем і станаўленнем самога паняцця «археалогія», з аб’ектам даследавання гэтай навукі – відамі археалагічных помнікаў. Паказаць, як гэтыя помнікі выяўляюцца, фіксуюцца, пераўтвараюцца ў археалагічныя і гістарычныя крыніцы, на падставе якіх затым ствараюцца навуковыя працы па гісторыі. Паказаць, якое месца займае археалогія у сумежжы іншых навук і яе узаемадзеянне з гэтымі навукамі. У дапаможніку звяртаецца ўвага на спецыфіку археалагічных помнікаў і крыніц, якія, у сапастаўленні з іншымі помнікамі і крыніцамі, маюць канчатковы рэсурс. Таму адзін з раздзелаў дапаможніка і прысвечаны пытанням аховы і захаванасці помнікаў археалогіі.

Выданняў з назваю «Введение в археалогию» і беларускамоўны варыянт «Уводзіны у археалогію» на сёння вядома ўжо сем. Гэта найперш «Введение в археалогию» С.А. Жэбелева у двух частках, што выйшла яшчэ ў 1923 годзе. Першая частка гэтага выдання прысвечана гісторыі археалогіі, яе нараджэнню ў антычную пару і першым крокам, як навукі, ужо ў Новы час. Асобны раздзел гэтай кнігі прысвечаны нават тэрміналогіі, у прыватнасці тлумачэнню паняцце «археалогія». Нададзена увага і метадалогіі археалогіі. Ёсць інфармацыя пра дзейнасць Археалагічнай камісіі, Археалагічныя з’езды, Таварыствы і выданні па археалогіі.

Другі том гэтых уводзінаў прысвечаны тэорыі і практыцы археалагічных ведаў. У гэтым томе ёсць такія цікавыя і па сёння раздзелы як «прадмет археалогіі», «выпадковыя знаходкі», «рабаўнічыя раскопкі» – у разуменні дня сённяшняга, гэта чорная археалогія, «навуковыя раскопкі» і самае галоўнае, «Ахова і захаванне помнікаў». Ёсць раздзелы прысвечаныя выяўленню і фіксацыі помнікаў археалогіі (апісанню, складанне плана і інш.), раздзелы, прысвечаныя ролі археалогіі сярод сумежных дысцыплін (гісторыі, этналогіі і інш.). Нават ёсць раздзел «практычная і тэарытычная археалогія», «патрыятычная», і «міжнародная» археалогія. Выданне С.А. Жебелева «Уводзіны у археалогію» і па сёння з’яўляецца лепшым у гэтым рэчышчы. [гл. Жебелев С.А. Введение в археалогию. Часть I и часть II. Петроград, 1923].

У 1940 г. выйшлі уводзіны ў археалогію А.У. Арцыхоўскага. У гэтым выданні ўласна ўводзінам адведзена толькі пару старонак. Асноўны ж аб’ём кнігі прысвечаны кароткаму агляду археалагічных культур ад ніжняга палеаліта і да археалогіі Масквы. У гэтай кнізе прысутнічаюць раздзелы па антычнай археалогіі, еўрапейскага і мусульманскага сярэднявечча. У 1941 г. выйшла другое выданне ўводзінаў у археалогіі А.У. Арцыхоўскага, прызначанае для студэнтаў-завочнікаў. А ў 1947 г. – трэцяе, перапрацаванае і дапоўненае [гл. Арцыховский А.В. Введение в археалогию. М., 1947]. Выданне і па сённе цікавае сваім зместам менавіта па антычнай археалогіі, гальштату і латэну, археалогіі сярэднявечча Заходняй Еўропы і Усходу.

У 1960 г. ў перакладзе з англійскай мовы на рускую выйшлі ўводзіны ў археалогію С.К. Дыкшыта. Прыблізна чацвёртая частка гэтага выдання прысвечана вызначэнню паняцця «археалогія» і раскопам. Астатняе – археалогіі каменнага, меднага, бронзавага і жалезнага вякоў Блізкага Усходу, Індыі і ў невялікай ступені культуры Крыта [гл. Дикшит С.К. Введение в археологию / пер. с англ. М.Б Граковой-Свиридовой. М., 1986]. Найбольшую цікавасць у гэтай кнізе на дзень сённяшні ўяўляе раздзел па гісторыі станаўлення паняцця «археалогія» і метадах палявых даследаванняў.

У 1996 г. у перакладзе на беларускую мову выйшлі ўводзіны ў археалогію Фэйгана Браена [гл. Фэйган Б. Уводзіны ў археалогію / пер. с англ. В. Мірончык, А. Сташкевіч; пад навук. рэд. С. Тарасава. – Мн., 1996]. Па сутнасці гэта скарочаны варыянт рускамоўнага выдання Фоган Б., Де Корс К. «Археология. В начале», якое выйшла ў свет ў 2007 г. у Маскве. Выданне досыць цікавае і карыснае. У ім ёсць раздзелы, прысвечаныя нараджэнню гэтай навукі, археалагічнаму пошуку і даследаванню. Ёсць раздзелы «жывая археалогія» і «эксперыментальная археалогія». Даволі карысным з’яўляецца змешчаны ў гэтай кнізе гласарый, дзе утрымліваюцца кароткія звесткі пра навуковыя паняцці, звязаныя з археалогіяй.

І нарэшце ў 2009 г. выйшла першае, уласна нацыянальнае выданне уводзінаў ў археалогію В.М. Ляўко [гл. Левко О.Н. Введение в археологию: пособие / Могилев: УО «МГУ им. А.А. Кулешова», 2009]. У выданні чатыры раздзелы : «Археология, ее место и значение в системе исторических наук, процедура научного исследования в археологии, понятийный аппарат науки, археологическая и историческая хронология и периодизация». Пытанні да экзаменаў і дадатак. Мы б узялі на сябе смеласць заўважыць, што гэтае выданне, ня гледзячы на яго малады узрост, усё ж саступае уводзінам у археалогію С.А. Жэбелева. Асобныя фармулёўкі ў гэтым выданні не вызначаюцца дакладнасцю, часам няма канкрэтных прыкладаў, да таго ж яно напісана цяжкай для успрыняцця студэнтам-першакурснікам моваю. Будзем расцэньваць гэтае выданне, як першую спробу такога кшталту ў Беларусі.

На нашу думку, уводная частка да агульнага курса па археалогіі добра пададзена, хаця і сцісла, у вучэбна-метадычным комплексу Д.У. Дука [гл. Дук Д.У. Археалогія: вучэб.-метад. Комплекс для студэнтаў спец. 1–21.03.01 Гісторыя». Наваполацк: ПДУ, 2009. – 756 с.].

З выданняў на гэту тэму на замежнай мове (польскай) мы б адзначылі уводзіны ў археалогію Д. Лавецкай [гл. Ławecka D. Wstęp do archeologіі. Warszawa; Kraków, 2003]. Але улічваючы, што дадзенага выдання няма нават і ў Нацыянальнай Бібліятэцы Беларусі, а таксама, што студэнты-першакурснікі наўрад ці валодаюць дасканала польскай мовай, каб дэталёва азнаёміцца з гэтым выданнем, абмяжуемся толькі канстатацыяй выхаду гэтага выдання ў свет.

Што новага ў прадстаўленых уводзінах у археалогію у нашым выданні? Прадстаўлены матэрыял тут падаецца на трох узроўнях: сусветныя дасягненні, еўрапейскія вынікі даследавання і мясцовы матэрыял, пераважна уласных палявых работ. Да таго ж тэкст дапаможніка адаптаваны для успрымання студэнтаў-першакурснікаў, утрымлівае рэкамедацыі для выкарыстання атрыманых ведаў па археалогіі у школьнай і пазакласнай працы настаўніка гісторыі.

Выказваем падзяку Т.С. Бубеньке, А.В. Вайцяховічу, М.Ф. Гурыну, Л.У. Дучыц, Э.М. Зайкоўскаму, Ю.А. Заяцу, М.М. Крывальцевічу, А.У. Кузняцову, М.І. Лашанову, М.І. Мініцкаму, М.А. Плавінскаму, П.А. Русаву, І.І. Салівон, Л.І. Цягака, М.М. Чарняўскаму, І.М. Язэпенка за кансультацыі у ходзе напісання дапаможніка.