Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:

16 сказ

.docx
Скачиваний:
53
Добавлен:
20.03.2016
Размер:
21.15 Кб
Скачать

16.Раскрыць сутнасць паняцця сказа як асноўнай сінтаксічнай адзінкі. Апісаць яго асноўныя прыметы. Ахарактарызаваць падзел сказаў па мэце выказвання, інтанацыі, паводле адносін да рэчаіснасці, па структуры. Даць паняцце развітага і неразвітага простага сказа, поўнага і няпоўнага, ускладненага сказа.

Сказ – гэта граматычна і інтанацыйна аформленая адзінка моўных зносін, у якой сфарміравана і выражана пэўная думка: Сымон Будны – настаўнік Скарыны ў справе друкавання кнігі пашырэння асветы сярод народных мас. (В.В.) Шануйце зямлю нашу ўвесну, што ўся аддалася сяўбе. (Сіп.)

Асноўная прымета сказа – прэдыкатыўнасйць, якая ўказвае на суадноснасць зместу выказвання з рэчаіснасцю. У словазлучэння прэдыкатыўнасці няма. Напрыклад, у словазлучэнні прыгожа адбівалася названа дзеянне і яго прымета, але няма пэўнага паведамлення. У сказе ж – Дубовае лісце з усімі яго пражылкамі прыгожа адбівалася на ніжняй скарынцы бохана…(Сач.) - выражана закончаная думка. Прэдыкатыўнасць выражаецца праз мадальнасць, якая абазначае дзеянне як рэальнае або толькі як магчымае, пажаданае: Мы будуем дом. Мы будзем будаваць дом. Мы будавалі б дом. Граматычныя паказчыкі мадальнасці – час і лад дзеяслова.

Другая прымета сказа – інтанацыйная аформленасць: Вясна. Сяўба. Працуйце, людзі!

Паводле мэты выказвання сказы бываюць апавядальныя, пытальныя і пабуджальныя.

Апавядальнымі называюцца сказы, у якіх паведамляецца пра факты рэчаіснасці, канстатуецца наяўнасць або адсутнасць чаго-небудзь: Ноч. Зіма. У хаце ўсе спяць.(І.Н.) Неба не пасвятлела, а дождж паменшаў, ішоў драбнейшы, радзейшы, але не пацяплела. (Янк.) Асаблівасць апавядальных сказаў – спакойная, роўная інтанацыя, з паніжэннем на канцы сказа і павышэннем (лагічным націскам) на слове ці групе слоў. У канцы апавядальнага сказа ставіцца кропка.

Пытальны сказ – гэта сказ, у якім выражана пытанне: У цябе час ёсць? (І.Н.) Ты куды гэта ўцёк? (Скр.) Ты што, сын, надумаў? (Дубр.) Пытальныя сказы вызначаюцца своеасаблівай інтанацыяй – павышэннем тону на тым слове, на якое падае лагічны націск. Пры афармленні пытальнага сказа, акрамя інтанацыі, выкарыстоўваюцца пытальныя часціцы, займеннікі, прыслоўі – ці, няўжо, хіба, колькі, які, чаму, дзе, калі і інш. У канцы пытальнага сказа на пісьме ставіцца пытальнік.

У залежнасці ад характару пытання пытальныя сказы падзяляюцца на ўласна-пытальныя, пытальна-рытарычныя і пытальна-пабуджальныя.

Уласна-пытальныя сказы прадугледжваюць абавязковы адказ на пытанне:

  • На базар павезяце яблыкі? – спытаў Пятро.

  • На базар.

  • Хату будзеце ставіць?

  • Хату. (І.Н.)

Пытальна-рытарычныя сказы не патрабуюць адказу – у іх саміх штосьці сцвярджаецца або адмаўляецца. Хіба свет не без добрых людзей? (К-с) на пісьме ў канцы такіх сказаў ставіцца пытальнік або клічнік, а пры моцнай экспрэсіі – абодва знакі: І дзе на свеце ёсць такая, як Нёман, рэчанька другая?! (К-с)

Пытальна-пабуджальныя сказы ў форме пытання выражаюць просьбу, пажаданне., пабуджэнне да дзеяння: Можа б, ты заўтра зайшоў? (І.Н.) Дык мо пад’едзеце са мною ў канец поля? (Дал.)

Пабуджальнымі называюцца сказы, у якіх выражаюцца загад, просьба, парада, перасцярога, запрашэнне, заклік. Адметная рыса – пабуджальная інтанацыя: “Глядзі пад ногі сабе! – крычыць Коля. – Не гойсай па лесе! Тапчыся і тапчыся!” (І.Н.)

У пабуджальных сказах выказнік можа ўжывацца ў форме:

  • загаднага ладу 2-й асобы: “Стой! Ні з месца!” (І.Н.)

  • будучага часу: Заўтра ж паедзем у млын!

  • прошлага часу з часціцай каб: Каб ніхто заўтра не спазніўся!

  • інфінітыва: “Джым, ляжаць!” – строга скамандаваў Валошын. (В.Б.)

  • 3-й асобы цяперашняга часу з часціцай няхай (хай): Хай гучыць беларускае слова!

У клічных сказах выказванне набывае ўрачыстае або эмацыянальнае гучанне. Клічнымі могуць быць апавядальныя. Пытальныя і пабуджальныя сказы пры наяўнасці клічнай інтанацыі, якая перадае разнастайныя адценні пачуццяў – захапленне, здзіўленне, радасць, гнеў, засмучэнне і інш. Для ўзмацнення клічнай інтанацыі часта ўжываюцца часціцы, выклічнікі. У канцы клічнага сказа ставіцца клічнік: У Васі вунь трыццаць баравікоў! (І.Н.) Таварыш сяржант! А ну вярніцеся! (В.Б.) Ох, як даўно я думаў аб гэтай сустрэчы! (Б.)

Паводле адносін зместу выказвання да рэчаіснасці сказы падзяляюцца на сцвярджальныя і адмоўныя.

Сцвярджальнымі называюцца сказы, у змесце якіх сцвярджаецца наяўнасць чаго-небудзь у рэчаіснасці: Дождж перастаў, праглянула сонца. Паветра было свежае і чыстае. Жоўты пясок ярка вылучаўся сярод зялёнага фону травы і хмызняку. (В.В.)

У адмоўных сказах адмаўляецца наяўнасць таго, пра што гаворыцца ў сказе. У такіх сказах абавязкова прысутнічае часціца не або ні ці слова няма: Па грыбы мяне яшчэ ні разу не бралі (І.Н.) Там нікога няма. (В.Б.)

Сказы, у якіх адмоўная часціца стаіць не перад выказнікам, называюцца часткова адмоўнымі: Не хто-небудзь іншы, а ён, Данікаў друг Мікола Кужалевіч, паказаў панам вялікі, складзены шдвая ліст паперы. (Б.)

! Не заўсёды наяўнасць часціцы не сведчыць пра тое, што сказ адмоўны, бо часціца не можа быць сцвярджальнай: Ён не мог не прыйсці. Хто не любаваўся на жураўліны клін!

! Пытальна-рытарычныя сказы без адмоўных слоў могуць быць адмоўнымі: Хіба ж ёсць на свеце шчасце лепшае, як пад небам Бацькаўшчыны жыць? (Віт.)

Паводле структуры сказы падзяляюцца на простыя і складаныя.

Простыя сказы – гэта сказы з адной граматычнай (прэдыкатыўнай) асновай, што складаецца з дзейніка і выказніка або аднаго з іх: З палёў шырокіх вецярок прыносіць крыштальны звон даспелага калосся. (Панч.)

Складанымі называюцца сказы, у якія ўваходзяць дзве і больш граматычных асноў, што аб’яднаны сэнсам і інтанацыяй: Верасы пад лісцем спалі, бор зялёны гнуўся, недзе пелі ў цёмнай далі журавы ды гусі. (Куп.)

Простыя сказы могуць быць двухсастаўнымі і аднасастаўнымі, развітымі і неразвітымі, поўнымі і няпоўнымі, ускладненымі і няўскладненымі.

У двухсастаўных сказах ёсць састаў дзейніка і выказніка (прычым дзейнік і выказнік могуць мець пры сабе паясняльныя словы): Сонца па-ранейшаму паліць нясцерпна. (І.Н.)

У аднасастаўных сказах ёсць або састаў дзейніка, або састаў выказніка: Летні дзень. Вечарэе. Ціха на дварэ.

Неразвітыя сказы складаюцца толькі з галоўных членаў сказа: Угрэла сонца. (К-с) Жніво. Ранне. (Гар.) Лета скончана (Луж.)

У развітых сказах, апрача галоўных, ёсць даданыя члены сказа: Гарачы дзень. На полі душна.(К-с) Дажджавое памяло жоўтых лісцяў намяло. (Панч.)

У поўных сказах прысутнічаюць усе неабходныя члены гэтай структуры, што робіць зразумелым сэнс выказвання: Добра было ясным днём на высокім беразе. (К.Ч.)

Няпоўнымі з’яўляюцца сказы, у якіх апушчаны адзін ці некалькі членаў сказа, неабходных для разумення зместу (іх можна вызначыць толькі з кантэксту). Найчасцей няпоўныя сказы сустракаюцца ў дыялогах:

  • Дзе вы ваду бралі? – спытаў хлопец.

  • У калодзежы, - адказаў Трахімчук…(І.Н.)

Ускладненымі з’яўляюцца сказы, у складзе якіх ёсць ці аднародныя члены сказа, ці адасобленыя члены сказа, ці зваротак, ці пабочныя словы і сказы, ці ўстаўныя канструкцыі: Зімовае сонца хілілася на захад, нізка спусцілася над самым лесам. (Лыньк.) Першы гром, дрымотны і далёкі, як з нябыту рык старога тура. (Вял.) Матчына нявыцвілае слова, даўжнікі мы вечныя твае. (Бур.) Мабыць, самы прыгожы з усіх беларускіх шляхоў – лясны шлях з Мінска на Полацк. (В.Б.) Высока цанілі дружбу з Цішкам Гартным паэты Якуб Колас і Янка Купала, а таксама Змітрок Бядуля (Ясакар) і Міхась Чарот. (Лыньк.)