Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
бел.яз №4.doc
Скачиваний:
20
Добавлен:
05.02.2016
Размер:
161.79 Кб
Скачать

6. Актыўная і пасіўная лексіка

Любая мова імкнецца да таго, каб сістэма яе лексічных сродкаў на кожным этапе гістарычнага развіцця як мага паўней адлюстравала адпаведную сістэму разнастайных прадметаў, паняццяў, дзеянняў, прымет і г.д. А паколькі адны прадметы, паняцці, дзеянні і прыметы існуюць даўно і лічацца спрадвечнымі, другія – знікаюць, а трэція – з’яўляюцца, то і ў лексічным складзе мовы таксама вылучаюцца асобныя групы слоў, з якіх адны заўсёды выкарыстоўваюцца носьбітамі мовы, другія – выходзяць з актыўнага ўжывання і паступова забываюцца, трэція – з’яўляюцца ў мове і з цягам часу пашыраюцца ва ўжыванні.

Словы, якія шырока выкарыстоўваюцца ў сучаснай беларускай мове і не маюць адценняў устарэласці або навізны, адносяцца да актыўнай лексікі. У залежнасці ад асаблівасцей ужывання ў складзе актыўнай лексікі вылучаюцца дзве групы слоў:

  1. агульнанародныя словы, якімі актыўна карыстаюцца ўсе носьбіты мовы незалежна ад месца іх пражывання, роду дзейнасці ці спецыяльнасці (бацька, сястра, галава, нага, заяц, ластаўка, вецер, зіма, зялёны, моцны, гаварыць, сеяць і інш.);

  2. словы-тэрміны, якімі актыўна карыстаюцца толькі прадстаўнікі розных галін навукі, тэхнікі і культуры (акварэль, камета, медыяна, мерыдыян, накаўт, пратаплазма, прыстаўка і інш.).

Агульнанародныя словы ўваходзяць у актыўны слоўнік усіх носьбітаў мовы, а тэрміны – у актыўны слоўнік прадстаўнікоў асобных прафесій.

Словы, якія рэдка ўжываюцца ў працэсе штодзённых моўных зносін і з’яўляюцца малавядомымі ці невядомымі носьбітам сучаснай беларускай мовы, адносяцца да пасіўнай лексікі (аэробус, веласамалёт, дэльтадром, баярын, войт, саха і інш.). Малавядомымі ці невядомымі для носьбітаў сучаснай беларускай мовы могуць быць словы, якія ўстарэлі і выходзяць ці выйшлі з актыўнага ўжывання, або словы, якія толькі што з’явіліся ў мове і яшчэ не сталі агульнымі. У адпаведнасці з гэтым у складзе пасіўнай лексікі адрозніваюцца ўстарэлыя і новыя словы.

Словы, якія выходзяць з актыўнага ўжывання і ў наш час з’яўляюцца малавядомымі або зусім невядомымі, называюцца ўстарэлымі.

Словы выходзяць з ужывання і паступова забываюцца па дзвюх прычынах: або перастаюць існаваць у рэчаіснаці якія-небудзь прадметы, з’явы, паняцці – і тады ў мове перастаюць выкарыстоўвацца адпаведныя іх назвы, або ў працэсе развіцця лексікі як сістэмы на змену адным назвам прыходзяць другія. У адпаведнасці з гэтым устарэлыя словы падзяляюцца на дзве групы: гістарызмы і архаізмы.

Гістарызмы – гэта назвы такіх прадметаў, з’яў і паняццяў, якія перасталі існаваць на тым ці іншым этапе гісторыі беларускага народа (абшчына, апрычнік, земства, ураднік; батрак, наймітка; калчан, рэкрут; аршын, фунт; драпач, саха; каганец, лапці, сярмяга і да т.п.). Паколькі гістарызмы з’яўляюцца ўстарэлымі назвамі ўстарэлых паняццяў і прадметаў, то яны не маюць сінонімаў у сучаснай беларускай мове.

Архаізмы (ад грэч. archaios – старадаўні) – гэта ўстарэлыя назвы такіх прадметаў, з’яў і паняццяў, якія існуюць і ў наш час, але для іх абазначэння выкарыстоўваюцца іншыя словы: бортнік (пчаляр), аэраплан (самалёт), прасвета (асвета) і інш.

Гістарызмы і архаізмы – гэта словы, у якіх адлюстроўваецца мінулае нашага народа. Таму сустракаюцца яны перш за ўсё ў навуковай і мастацкай літаратуры, калі апісваюцца падзеі мінулага. У навуковых творах на гістарычную тэматыку гістарызмы і архаізмы выконваюць чыста намінатыўную функцыю як назвы адпаведных прадметаў, з’яў і паняццяў, што былі характэрны для той ці іншай эпохі. Устарэлая лексіка дапамагае пісьменнікам стварыць праўдзівыя вобразы і карціны, адлюстраваць сацыяльна-эканамічнае і грамадска-палітычнае жыццё мінулых часоў.

Поруч са знікненнем асобных слоў лексіка беларускай мовы на ўсіх этапах яе развіцця няспынна папаўнялася і папаўняецца новымі словамі. Новыя словы ўзнікаюць па дзвюх прычынах: у адных выпадках іх з’яўленне абумоўліваецца неабходнасцю назваць новы прадмет, з’яву ці паняцце, што з’явілася ў рэчаіснаці; у другіх – асаблівасцямі развіцця самой лексікі як сістэмы, калі на змену адным назвам прыходзяць іншыя або калі мова ўзбагачаецца новымі словамі-сінонімамі. Так, словы калгас, камсамолец, піянерважаты, сельсавет узніклі ў беларускай мове ў савецкую эпоху як назвы новых прадметаў і паняццяў.

Словы, якія ўзніклі ў мове як назвы новых ці ўжо існаваўшых прадметаў, з’яў і паняццяў і маюць адценне навізны, адносяцца да неалагізмаў (ад грэч. neos– новы і logos– слова, паняцце).

Такім чынам, неалагізмы – гэта новыя словы, але такія новыя словы, навізна якіх адчуваецца і ўсведамляецца ўсімі носьбітамі мовы. Гэта асабліва важна ўлічваць у наш час, час навукова-тэхнічнага прагрэсу, калі нярэдка новае слова адразу становіцца агульнавядомым. Напрыклад, словы аэробус, венераход вядомы не толькі людзям пэўнай прафесіі, але і большасці носьбітаў мовы. Аднак падобныя словы ў сучаснай беларускай мове лічацца неалагізмамі, таму што яны не страцілі яшчэ адцення навізны, незвычайнасці, як і самі прадметы, што імі названы.

Часам некаторыя аўтары не звяртаюцца да нацыянальных рэсурсаў мовы, а шукаюць неабходны сродак у рускай мове і калькуюць яго. Такім чынам, узнікаюць неабгрунтаваныя запазычванні як звычайных слоў, так і фразеалагізмаў (русізмы). Асабліва гэта з’ява распаўсюджваецца ў фразеалогіі. Напрыклад: Дырэктар спецыяльна выпісаў свайго сябрука – два боты пара.Па-беларуску‘два боты пара’–абое рабое.

Беспадстаўна ўжытыя дыялектызмы, запазычванні, русізмы, устарэлая лексіка, неалагізмы, збыткоўная інфармацыя, моўныя штампы і трафарэты засмечваюць маўленне. Чыстае маўленне тады, калі ў ім адсутнічаюць адзінкі, неўласцівыя беларускай літаратурнай мове. Чыстата маўлення вельмі звязана з дарэчнасцю.