УА “Віцебскі дзяржаўны ордэна Дружбы народаў
медыцынскі ўніверсітэт”
кафедра рускай і беларускай моў ФПДП
Абмеркавана на пасяджэнні кафедры
пратакол №1 ад 2.09.2011 г.
МЕТАДЫЧНАЯ РАСПРАЦОЎКА ДЛЯ СТУДЭНТАЎ №4
для правядзення заняткаў
на I курсе стаматалагічнага, фармацэўтычнага, лячэбнага факультэтаў
па дысцыпліне “Беларуская мова (прафесійная лексіка)”
Лексічная сістэма сучаснай беларускай мовы
75 хвілін
I. ПЫТАННІ ДЛЯ АЎДЫТОРНАГА КАНТРОЛЮ ВЕДАЎ:
Лексікалогія і лексіка. Прадмет вывучэння лексікалогіі.
Лексічнае значэнне слова.
Класіфікацыя лексікі.
Амонімы і іх адлюстраванне ў слоўніку.
Спосабы адрознення амонімаў ад мнагазначных слоў.
Сінонімы і прычыны іх узнікнення.
Антонімы і іх групы.
Паронімы, іх прычыны і шляхі ўзнікнення ў мове.
Характарыстыка спрадвечнабеларускай лексікі.
Характарыстыка запазычанай лексікі.
Дыферэнцыяцыя лексікі паводле ўжывання.
Актыўная і пасіўная лексіка.
Лексікаграфія. Тыпы слоўнікаў сучаснай беларускай мовы.
II. Матэрыял для самападрыхтоўкі:
Лексікалогія і прадмет яе вывучэння
Лексіка ( ад грэч. lexikos − які адносіцца да слова) − гэта сукупнасць слоў пэўнай мовы, яе слоўнікавы склад (лексіка англійскай мовы, лексіка беларускай мовы). Лексікай называюць і слоўнікавы запас канкрэтнага чалавека (у Васіля багатая лексіка), асобнага твора (лексіка “Новай зямлі”), пэўнай сферы дзейнасці (прафесійная лексіка) і інш.
Раздзел мовазнаўства, які вывучае словы, іх лексічнае значэнне называецца лексікалогіяй (ад грэч. leksikos − які адносіцца да слова, logos − навука, вучэнне).
Прадметам лексікалогіі з’яўляецца лексічнае багацце мовы, яе слоўнікавы склад і асноўная мінімальная адзінка мовы - слова. Слова − гэта комплекс гукаў, які ўяўляе сабой адзінства лексічнага і граматычнага значэнняў, называе прадметы і з’явы і служыць для зносін паміж людзьмі.
Слова як лексічная адзінка мае свае характэрныя рысы:
фанетычная аформленасць;
граматычная аформленасць;
лексічнае значэнне;
узнаўляльнасць у мове.
Змест слова, яго сэнсавае напаўненне, сувязь гукавой абалонкі з пэўным прадметам або з’явай называецца лексічным значэннем слова. Напрыклад, слова адукацыя мае лексічнае значэнне “працэс і вынік набыцця сістэматызаваных ведаў, уменняў і навыкаў”. Лексічнае (асноўнае) значэнне індывідуальнае для кожнага слова. Яно дапаўняецца, удакладняецца граматычным значэннем, якое паказвае на падабенства слоў.
Значэнне, уласцівае слову як часціне мовы, якое выражаецца рознымі формамі (склону, ліку, асобы, і інш.), што ўтвараюцца пры дапамозе канчаткаў, суфіксаў, прыставак і інш. называецца граматычным значэннем слова. Так, граматычнае значэнне слова адукацыя выражаецца формай адзіночнага ліку жаночага роду назоўнага склону.
Галоўная функцыя слова – намінатыўная, або назыўная, якая заключаецца ў абазначэнні (называнні) прадметаў і з’яў, працэсаў і дзеянняў рэчаіснасці. Большую частку лексікі складаюць паўназначныя (самастойныя) часціны мовы. Службовыя словы і выклічнікі не выконваюць намінатыўную функцыю і маюць толькі граматычнае значэнне. Аднак словы здольныя не толькі называць які-небудзь канкрэтны, аднародны прадмет, але і выражаць паняцце пра цэлы клас аднародных прадметаў. Паняцці з’яўляюцца вынікам пазнавальнай дзейнасці чалавека. У працэсе пазнання асобных прадметаў і з’яў рэчаіснасці чалавек заўважыў такія іх прыметы і ўласцівасці, якімі яны адрозніваюцца ад іншых прадметаў і з’яў. На аснове гэтых асаблівасцей у яго свядомасці склаліся асобныя паняцці пра цэлыя класы аднародных прадметаў і з’яў. А ў сувязі з тым, што прадметы і з’явы пазнаюцца ў працэсе сумеснай дзейнасці людзей і ў ходзе гэтага пазнання фарміруюцца паняцці, адны і тыя словы аднолькава разумеюць усе, хто карыстаецца данай мовай. Здольнасць слова называць не толькі канкрэтны прадмет, але і паняцце – надзвычай важная асаблівасць. Калі б для кожнага асобнага прадмета ці з’явы рэчаіснасці спатрэбілася асобная назва, то само існаванне мовы як сродку зносін паміж людзьмі было б немагчымым. Авалодаць мілбярдамі слоў практычна не змог бы ні адзін чалавек не змог бы сфармуляваць і выказаць свае думкі. Але дзякуючы таму, што слова можа абазначаць пманяцце, у мове выкарыстоўваецца параўнальна невялікая колькасць слоў (некалькі сот тысяч), з дапамогай якіх людзі называюць самыя разнастайныя прадметы, з’явы, дзеянні, прыметы, уласцівасці і г.д.
У залежнасці ад таго, можна ці не вызначыць характэрную рысу, спецыфічную прымету, якая была пакладзена ў аснову назвы, выдзяляюць матываваныя і нематываваныя назвы. Для нематываваных назваў нельга вызначыць, на аснове якіх рыс яны ўзніклі, нельга растлумачыць іх з дапамогай іншых слоў. Матываваныя словы словы ўзніклі і тлумачацца з дапамогай іншых слоў. Напрыклад, сёння цяжка растлумачыць, чаму існуе сінонім лутніца да слова артэрыя, а сінонім кананне да запазычанага агонія лёгка матытваваць – гэта значыць, крайні, перадсмяротны стан, паколькі дзеяслоў канаць у беларускай мове мае лексічнае значэнне “паміраць”. Выкарыстанне назвы з тым значэннем, якое за ёй замацавалася ў працэсе развіцця мовы – галоўнае правіла словаўжывання. Нельга карыстацца словам, калі яго лексічнае значэнне невядома дакладна. Патрэбна высветліць сэнс слова з дапамогай тлумачальнага слоўніка, і толькі тады ўжываць яго ў вусным або пісьмовым маўленні.