Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
лекцыи.doc.docx
Скачиваний:
32
Добавлен:
14.04.2015
Размер:
586.99 Кб
Скачать

Сацыяльна-эканамічнае развіццё вкл

  1. Сацыяльна-эканамічнае развіццё беларускай вёскі ў XIV-XV стст.

  2. Станаўленне фальваркава-паншчыннай сістэмы. Юрыдычнае афармленне прыгоннага права.

  3. Беларуская вёска ў другой палове XVІІ-XVІІІ ст. Сялянскія паўстанні.

  4. Беларускі горад у XIV- першай палове XVІІ ст. Магдэбургскае права.

  5. Гаспадарчае жыццё гарадоў у другой палове XVІІ-XVІІІ ст. Сацыяльныя канфлікты.

  6. Станы-саслоўі феадальнага грамадства.

1.У феадальную эпоху галоўным сродкам вытворчасці была зямля. Манапольнае права ўласнасці на зямлю належала феадалам. Сяляне з’яўляліся землекарыстальнікамі.

Першапачаткова вярхоўным уласнікам усёй зямлі лічыўся вялікі князь літоўскі, аднак паколькі ён не зрабіўся спадчынным манархам, гаспадарскія маёнткі набылі характар дзяржаўных і абслугоўвалі патрэбы не толькі велікакняжацкага двара, але і ўсёй дзяржавы.

3 канца XIV ст. побач з велікакняскай (дзяржаўнай) стала прызнавацца і прыватная ўласнасць на зямлю. Свой уласны дамен меў вялікі літоўскі князь. Яго землі былі раскіданы па ўсёй краіне і складалі аснову асабістых даходаў, якія выкарыстоўваліся на вядзенне войнаў і іншыя дзяржаўныя патрэбы. Акрамя вялікага князя, землямі на правах уласнасці валодалі прадстаўнікі старадаўніх княжацкіх родаў. Яны маглі перадаваць маёнткі ў спадчыну. Самую шматлікую групу феадалаў складала служылае баярства, якое валодала зямлёй умоўна. З цягам часу ўсе феадалы ў ВКЛ на польскі манер сталі называцца шляхтай.

Землеўласнікам у ВКЛ лічылася таксама царква. Царкоўныя (манастырскія) ўладанні ўзнікалі на вольных землях, а таксама пашыраліся за кошт падараванняў вялікіх князёў.

Паступова ўся зямля ў ВКЛ стала падзяляцца на катэгорыі ў залежнасці ад таго, хто з’яўляўся яе ўладальнікам. Была зямля дзяржаўная (гаспадарская), прыватнаўласніцкая і царкоўная. Сяляне, якія жылі на гэтых землях, адпаведна называліся дзяржаўнымі, прыватнымі, царкоўнымі.

Кожная сялянская сям’я звычайна мела зямельны надзел і вяла сваю гаспадарку. Такую сялянскую гаспадарку называлі “дымам”. Сяляне аднаго сяла ўтваралі абшчыну (“грамаду”). Некалькі суседніх абшчын – воласць. Сенажаці, лясы, выганы для жывёлы знаходзіліся ў агульным карыстанні абшчыны.

За зямлю, якую сяляне атрымлівалі ў карыстанне, яны плацілі падаткі і выконвалі розныя павіннасці. Гэта была іх “служба”. Падаткі ўстанаўліваліся на кожны “дым”, але адказнасць за іх своечасовую выплату ў поўным аб’ёме несла абшчына ў цэлым (“кругавая парука”).

Да канца XV ст. асноўнай формай рэнты было “дзякла” (плата збожжам, мясам, мёдам і г.д.). Сялян, якія выконвалі гэтую павіннасць, называлі “даннікамі”. Некаторых сялян феадалы прымушалі плаціць чынш. Такіх сялян называлі “асаднымі” ці “чыншавікамі”. Вельмі пашыранай формай рэнты была паншчына. Сялян, якія выконвалі такую павіннасць называлі “цяглымі”. Акрамя асноўных павіннасцей сяляне выконвалі дадатковыя: талокі – сезонныя гаспадарчыя работы, а таксама гвалты (згоны) – тэрміновыя работы, прывязаныя да пэўных выпадкаў (рамонт дарог, аблава звяроў і г.д.).

Мелася значная група сялян-слуг, якія выконвалі розныя спецыяльныя работы. Сярод іх вылучаліся “зямяне” ці “баяры” (ваенна-служылы люд), леснікі, асочнікі, бортнікі, конюхі, рыбаловы. Да слуг прымыкалі сельскія рамеснікі.

У залежнасці ад ступені асабістай свабоды сяляне падзяляліся на “пахожых” і “непахожых”. Пахожыя сяляне мелі права пераходу ад аднага ўладара да другога. Непахожыя сяляне лічыліся старажыхарамі і правам сыходу з абшчыны не валодалі. Разам з тым непахожыя сяляне не з’яўляліся асабіста залежнымі ад феадала.

Поўнай уласнасцю феадалаў была чэлядзь нявольная. Яна не вяла сваёй ўласнай гаспадаркі і жыла пры двары феадала. Крыніцы набору гэтага саслоўя былі наступнымі: купля-продаж, шлюб з нявольным чалавекам, нараджэнне ў няволі, пакаранне за злачынства. Акрамя працы на полі чэлядзь выконвала і іншыя функцыі ў гаспадарцы: апрацоўвала агароды, сады, пасвіла статкі. Утрымлівалася чэлядзь нявольная месячынай, якая была формай аплаты яе працы. Месячыну плацілі ў асноўным хлебам, які адпускаўся з запасаў гаспадарскага двара. Чэлядзь пазбаўлялася волі пераездаў і права ўладкавання свайго лёсу, яна не мела маёмасці і правоў абароны.

Важнейшымі заняткамі жыхароў беларускай вёскі з’яўляліся земляробства і жывёлагадоўля. У XІV-XV стст. на большай частцы Беларусі пашыраўся трохпольны севазварот, які дазваляў павялічыць вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі. Пры гэтай сістэме ворная зямля дзялілася на тры часткі. Адна засявалася яравымі культурамі, другая – азімымі, а трэцяя заставалася не засеянай (пад папарам). Яна “адпачывала” і аднаўляла сваю ўрадлівасць. Больш прадукцыйнымі сталі сельскагаспадарчыя прылады – саха і плуг. У якасці цяглавай сілы выкарыстоўваліся коні і валы. Убіралі ўраджай сярпамі, касой-гарбушай, снапы малацілі драўлянымі цапамі. Зерне малолі ў ручных жорнах. З канца XV ст. на Беларусі пачалі распаўсюджвацца ветракі. Сярод збожжавых культур па-ранейшаму першае месца належала жыту. Сеялі таксама пшаніцу, ячмень, авёс, проса, боб, гарох, лён, каноплі. У гаспадарках расло пагалоўе жывёлы, павялічвалася колькасць свойскай птушкі.

У гаспадарчым жыцці па-ранейшаму панаваў натуральны ўклад. Сяляне самі выраблялі неабходныя ім прылады працы, будавалі дамы, ткалі палатно.

2.У сувязі з ростам заходнееўрапейскіх гарадоў у канцыXV– першай паловеXVIст.значна вырас попыт на збожжа і іншыя сельскагаспадарчыя прадукты. Да таго ж вялікія зямельныя абшары ў Заходняй Еўропе былі заняты пад гадоўлю авечак і развядзенне вінаграднай лазы. З-за гэтага запашка пад збожжавыя культуры рэзка скарацілася. У выніку кошт жыта на працягу першай паловыXVIст. вырас у пяць разоў, што зрабіла гандаль сельскагаспадарчай прадукцыяй вельмі прыбытковым.

Узрастанне попыту на хлеб у Заходняй Еўропе прымусіла феадалаў ВКЛ перабудаваць сваю гаспадарку. Пачалася рэарганізацыя панскага двара ў фальварак. Фальварак – гэта двор і гаспадарка землеўладальніка, прадукцыя якой прызначалася для продажу (таварны характар). Заўважым, што пад фальваркі адбіраліся найбольш урадлівыя землі. Гэта феадаламі рабілася з той прычыны, каб як мага больш вывезці зерня за мяжу і абагаціцца.

Фальваркавая гаспадарка засноўвалася на працы залежных сялян. Цяпер уласнікі зямлі за карыстанне надзелам пачалі патрабаваць з сялян не грашовага чыншу і натуральнай даніны, а працы на сваіх землях – выканання паншчыны.

Першыя фальваркі ў ВКЛ з’явіліся ў XV ст., а да сярэдзіны XVI ст. фальварак ужо стаў асноўнай формай арганізацыі гаспадаркі феадалаў, асабліва ў Заходняй Беларусі. Тут знаходзіліся буйныя гандлёвыя цэнтры, якія былі звязаны з еўрапейскімі гарадамі сплаўнымі рэкамі: Бугам, Нёманам, Заходняй Дзвіной.

Больш чым паўвекавая практыка дзейнасці фальваркавай гаспадаркі пераканала феадалаў у яе прыбытковасці. У 1557 г. з’явіўся дакумент за подпісам Жыгімонта Аўгуста – “Устава на валокі”. У ім выкладалася сутнасць аграрнай рэформы сярэдзіны XVI ст., якая атрымала назву “валочная памера”. Уся зямля падзялялася на валокі. Валока з’яўлялася зямельнай мерай, роўнай 21,36 га. Адной з асноўных мэт “валочнай памеры” было ўпарадкаванне сялянскага землекарыстання. Справа ў тым, што да гэтага часу надзелы сялян былі рознымі па памерах. Адзін надзел мог быць 10 га, а другі – 30. Прычым і першы, і другі маглі называцца службамі, і з іх спаганяліся роўныя павіннасці. Гэта значна змяншала прыбыткі феадалаў. Тады ў землеўладальнікаў і з’явілася патрэба ўвесці адзіную стандартную зямельную меру і патрабаваць з яе аднолькавыя падаткі і павіннасці.

Сялянская сям’я часцей за ўсё не магла апрацаваць валоку і сплочваць з яе павіннасці. Таму бралі валоку ў асноўным на дзве сям’і, і сярэдні сялянскі надзел складаў прыблізна 10,6 га – паўвалокі. За валоку ў першай палове XVI ст. трэба было працаваць адзін дзень у тыдзень. Дакументы, у якіх запісваліся нормы павіннасцей называліся інвентары.

Спачатку “валочная памера” была праведзена ў дзяржаўных маёнтках, а затым – у панскіх. Як паказаў час, увядзенне валокі ў якасці зямельнай меры і адзінкі абкладання сялян дазволіла феадалам значна павялічыць прыбытковасць сваіх маёнткаў за кошт павелічэння эксплуатацыі беларускага сялянства. Правядзенне аграрнай рэформы прывяло да таго, што абшчыннае землекарыстанне на захадзе Беларусі было заменена падворным.

Развіццё фальваркава-паншчыннай сістэмы паскарала працэс прымацавання сялян да зямлі. Пачатак юрыдычнаму запрыгоньванню паклаў прывілей Казіміра 1447 г. Прывілей абавязваў феадалаў не прымаць да сябе збеглых сялян. Таксама феадалы атрымалі права самастойна судзіць сваіх сялян (уведзены вотчынны суд). Судзебнік 1468 г. прадугледжваў пакаранне за дапамогу пры ўцёках залежных людзей ад феадалаў.

У XVIст. працэс запрыгоньвання завяршыўся. Статут 1566 г. устанаўліваў 10-гадовы, а Статут 1588 г. – 20-гадовы тэрмін вышуку збеглых сялян. Статут 1588 г. зацвярджаў, што сяляне, якія пражылі на землях феадала 10 гадоў, становяцца “непахожымі” (“дзесяцігадовы тэрмін даўнасці”). Паводле Статута пахожыя сяляне маглі скарыстаць сваю волю толькі ў тым выпадку, калі адпрацуюць на карысць землеўладальніка “столькі, колькі на волі сядзелі”. Калі вольны селянін не жадаў адпрацоўваць, ён быў павінны сплочваць феадалу па 6 грошаў за тыдзень. На той час гэта былі вялікія грошы. Так, качка каштавала 2 грошы, а парася – 3. Зразумела, такую суму ніводная сям’я выплаціць не магла. Сяляне вымушаны былі і далей адпрацоўваць паншчыну, якая паступова павялічвалася і склала ў першай паловеXVIІ ст. тры дні на тыдзень з валокі.

Павелічэнне памераў панскай запашкі прыводзіла да малазямелля ў вёсцы. Сярод сялян стала вылучацца такая катэгорыя, як “агароднікі”. Гэта былі сяляне, якія мелі невялікі надзел зямлі і таму былі вымушаны наймацца на працу ў панскую гаспадарку. Былі таксама немаёмныя беззямельныя сяляне – “быбылі” (“каморнікі”, “кутнікі”, “халупнікі”).

На ўсходзе Беларусі, дзе вядзенне фальваркавай гаспадаркі было немэтазгодным (памежныя раёны, кепская ўрадлівасць глебы), пераважаў грашовы падатак. Памер чыншу пастаянна рос і складаў у XVIст. ад 66 да 106 грошаў у год. Становішча сялян тут было таксама цяжкім.

Як бачна, паступова аформілася катэгорыя прыгонных сялян, якіх можна было прадаваць, абменьваць, аддаваць у залог. Гэта была найбольш суровая форма прыгоннага права, якая праіснавала амаль 300 гадоў.

З XVIст. распаўсюдзілася практыка здачы феадальных маёнткаў у арэнду на вызначаны тэрмін (ад 1 да 5 год). Часовых арандатараў асабліва не цікавіла, як развіваецца сялянская гаспадарка. За кароткі тэрмін свайго гаспадарання яны імкнуліся “выбіць” як мага больш грошай з падуладных сялян. Адсюль – павышэнне норм павіннасцей. Менавіта супраць злоўжыванняў і свавольстваў арандатараў часцей за ўсё вялі барацьбу сяляне.

Самымі распаўсюджанымі формамі пратэсту сялян былі скаргі на арандатараў, адмова ад выканання павіннасцей, парубкі лесу, патравы пасеваў і сенажацей, забойствы панскіх слуг. Адкрытым супраціўленнем эксплуатацыі былі ўцёкі прыгонных. Галоўнай іх прычынай была спроба на некаторы час атрымаць палёгку. Звычайна новапасяленцам феадал на некалькі год даваў “слобады”, г.зн. вызначаў меншыя павіннасці. Сярод паўстанняў найбольш буйнымі на Беларусі былі выступленні сялян вёсак Багушэвічы і Задобрычы Свіслацкай воласці і рух пад кіраўніцтвам Севярына Налівайкі (1595 г.), які перакінуўся з Украіны. Казацкія атрады Налівайкі авалодалі Гомелем, Петрыкавым, Слуцкам, Магілёвам. Войска ВКЛ у снежні 1595 г. разбіла загоны С.Налівайкі каля Магілёва (на Буйніцкім полі).

3. Эканоміка Беларусі ў XVIІ – пачатку XVIІІ ст. двойчы цярпела разбурэнні ў выніку ваенных падзей 1648-1667 гг. і 1704-1717 гг. Аднаўленне гаспадаркі пачалося толькі ў 1720-я гг. Феадалы, каб зацікавіць сялян пашыраць свае ворныя надзелы выдавалі ім “прыёмныя” землі. За іх сяляне сплочвалі меншыя падаткі. Гэта было выгадна, таму падчас ваенных ліхалеццяў, калі многія палеткі ляжалі ў запусценні, прыгонныя часам наўмысна скарачалі памеры сваёй надзельнай зямлі, каб потым атрымаць ільготы.

Атрымоўвалі “слобады” і новапасяленцы. Яны маглі ўзяць зямлі столькі, колькі здольныя былі апрацаваць, а падаткі плацілі значна меншыя, чым старажыхары.

Наогул аднаўленчы перыяд у беларускай вёсцы можна вызначыць як час асваення новых зямель, які ажыццяўляўся за кошт пустэч і распрацоўкі лясных нерушаў. Імкненне сялян да асваення новых угоддзяў тлумачылася шэрагам прычын.

Па-першае, свежараспрацаваныя лясныя глебы давалі куды лепшы ўраджай, чым ужо знясіленыя на працягу дзесяцігоддзяў старыя надзелы. Па-другое, селянін, які браўся за распрацоўку лясных нерушаў, атрымліваў добры будаўнічы матэрыял і дровы. Па-трэцяе, распрацоўваючы пустэчы, сяляне атрымоўвалі льготы ў павіннасцях.

Паказальна, што ў тых умовах, калі дзяржаве катастрафічна не хапала сродкаў, яна не пайшла на рабаўнічае павышэнне падаткаў, а землеўласнікі не сталі рэзка ўзмацняць павіннасны гнёт, бо ведалі, што толькі пры ўмацаванні асабістай гаспадаркі сялян можна было ўзняць гаспадарку панскую.

Сапраўды, да сярэдзіны XVIІІ ст. пераважная большасць беларускіх сялян ужо мела дастаткова моцную гаспадарку. Яны былі ў стане пракарміць сябе, дзяржаву і яшчэ прадаць лішкі. Некаторых гаспадароў іначай як фермерамі нельга было і называць. Да прыкладу, селянін Кірэй Шызы з вёсцы Мхова меў 10 коней, 6 кароў, 15 авечак, 10 свіней.

Па меры ўмацавання сялянскай гаспадаркі раслі феадальныя павіннасці. У некаторых маёнтках паншчына дасягала 24 дні на тыдзень, а чынш – 24 злотых з валокі. Акрамя асноўных павіннасцей сяляне выконвалі талокі і згоны. Прычым на гэтыя работы выходзілі ўсёй сям’ёй, пакідаючы дома аднаго “малога ці старога, да працы няздатнага”, каб пільнаваў хату ад пажару. Колькасць гвалтаў на сялянскую гаспадарку часцей за ўсё складала дванаццаць на год.

Вельмі цяжкай для беларускага селяніна была падводная павіннасць. Каб яе выканаць, прыгонны павінны быў сваім канём дастаўляць панскія грузы да найбліжэйшага гандлёвага цэнтра. Абавязковым быў удзел сялян у аблавах падчас панскага палявання, у рыбнай лоўлі для панскага стала, у раскарчоўцы лесу. Падданыя мусілі вылучыць са сваёй грамады пастуха для панскага статка. Жанчыны павінны былі палоць і паліваць панскія агароды, мыць бялізну для двара, ткаць, стрыгчы авечак.

Шмат ускосных падаткаў сяляне выплочвалі грашыма. Згадаем такі пабор, як жарнавое, што спаганяўся за права мець свае жорны і не ездзіць на панскі млын. За карыстанне панскімі ляснымі ўгоддзямі сяляне плацілі ўгайнае, ялавічнае, вепраўшчызна. За дазвол на выраб гарэлкі і піва феадал спаганяў з падуладных яму сялян так званае чапавое, за вяселле з каханай – куніцу. Акрамя названых грашовых падаткаў сяляне сплочвалі феадалам рагавое, запісное, рыбнае. Усяго даследчыкі налічваюць 56 найменняў грашовых павіннасцей.

Мала таго, менавіта селянін быў галоўным падаткаплацельшчыкам у дзяржаўную казну. Штогод кожны сялянскі двор (дым) уносіў пэўную суму грошай – так званае падымнае. Таксама прыгонныя мелі на ўтрыманні войска. Для гэтага з дзяржаўных сялян спаганялася гіберна, а з прыватнаўласніцкіх – рэйтаршчына.

Дапаўняла адпрацовачныя і грашовыя павіннасці дзякла. Аснову яго складалі збожжавыя: жыта, ячмень, авёс, пшаніца. У дзякла ўваходзіла таксама абавязковая здача свайму пану гусей, курэй, яек, масла, хмелю, канапель, грыбоў і ягад.

Селянін быў цалкам залежным ад землеўладальніка. У любы момант той мог перасяліць свайго падданага ў іншае месца, прадаць. Напрыклад, пан Геранім Аўсяны ў 1688 г. прадаў за 250 злотых свайго прыгоннага Лявона Ляшаніна з жонкай і двума сынамі Амяльянам і Мікітаю пану Язэпу Чудоўскаму. А ў прадажным запісе пазначыў, што “збыў падданага без зямлі на “вечныя” часы”. Нягледзячы на тое, што пастанова сойма 1768 г. устанаўлівала смяротную кару за забойства селяніна, гібель сялян ад пабояў феадалаў была даволі распаўсюджанай з’явай.

Калі ў землеўладальнікаў не было грошай, яны маглі закласці ў ламбард на год, два ці тры сваіх падданых за некалькі сотняў ці тысяч злотых. Аперацыя гэта была дасканала распрацавана. Здаеш прыгонных – атрымліваеш грошы. Не пагасіў у час крэдыт – тэрмін арэнды сялян працягваецца да канчатковага разліку. Так, шляхціц У.Анфяровіч у 1689 г. за 1200 злотых заклаў пану Я. Сулкоўскаму на адзін год трох сваіх падданых з маёнтка Касцяневічы Ашмянскага павета: Максіма Ісаевіча, Ваську Яскевіча і Кандрата з іх “хатамі, жонамі, дзецьмі, коньмі і іншай жывёлай, павіннасцямі, валокамі, сенажацьмі”. Часам здараліся драматычныя выпадкі, калі разбіваліся сем’і. Бывала, што здавалі пад заклад ці прадавалі асобна мужа ці жонку.

Вялізарныя павіннасці і сацыяльная безабароннасць прымушалі сялян у крайніх выпадках хапацца за зброю і абараняць свой гонар і дабрабыт. У Беларусі ў XVIII ст. адбыліся два буйныя сялянскія выступленні, якія можна прыраўняць да паўстанняў, – Крычаўскае і Камянецкае.

На чале Крычаўскага паўстання стаяў беларускі селянін Васіль Вашчыла. Нарадзіўся ён у 1690 г. у сялянскай сям’і ў невялічкай вёсцы Лобжа, што на Крычаўшчыне. Вашчыла быў вядомы як ініцыятыўны і прадпрымальны гаспадар. У той жа час ён смела і рашуча выступаў супраць злоўжыванняў арандатараў і адміністрацыі Крычаўскага староства. Васіль складаў і дастаўляў сялянскія скаргі фактычным уладальнікам Крычаўшчыны – Радзівілам. А справа гэта, як вядома, была небыспечная. Скаржнікаў жорстка каралі. Так што выбар крычаўскімі сялянамі свайго лідэра быў невыпадковым.

У маі 1740 г. Васіль Вашчыла ўзначаліў першы ўзброены сялянскі атрад, які пачаў баявыя дзеянні супраць арандатарскіх наймітаў і здабыў поспехі ў барацьбе з упэўненым у сваёй непераможнасці шляхецкім злучэннем.

Магутны выбух народнага гневу выгнаў са староства жорсткіх арандатараў братоў Гдаля і Шмуйлу Іцкавічаў. Паўстанцы ўзялі ўладу ў свае рукі.

Многія пытанні кіравання Крычаўскім староствам Васіль Вашчыла вырашаў са сваімі паплечнікамі. Як і раней, яны здавалі ў арэнду прамысловыя прадпрыемствы і корчмы. Новых арандатараў шукалі сярод гараджан, дробнай шляхты, заможных сялян. Захавалася звыш 20 арэндных дагавораў, падпісаных Вашчылам і яго памочнікамі. Кіраўнікі паўстання стараліся абмяжоўваць эксплуатацыю сялян арандатарамі. Апошнім загадвалася пад пагрозай пакарання не займацца вымаганнем.

Былі прадугледжаныя меры і супраць ліхвярства, што раней шырока практыкавалася ва ўладанні Радзівілаў. Каб прыгонныя не трапілі ў поўную залежнасць ад арандатараў, сялянам забаранялася пазычаць вялікія сумы грошай і многа збожжа. Пры малых пазыках, якія таксама не заўсёды дазваляліся, быў устаноўлены невялікі працэнт.

Такім чынам, кіраўнікі сялянскага руху спрабавалі аслабіць павіннасны ўціск, аберагчы падданых ад вымаганняў з боку сквапных арандатараў, абмежаваць ліхвярства, якое давяло да галечы не адну гаспадарку. Аднак захады былі відавочна накіраваны не супраць феадалаў-землеўладальнікаў, а супраць залежных ад іх арандатараў. Прыгонныя нават уявіць сабе не маглі, што можна выступіць супраць уладальніка Крычаўшчыны. Сяляне акуратна па “старыне” працягвалі сплочваць Радзівілам усе падаткі. Грошы ад арэнды таксама перадаваліся гаспадару.

Аднак, рамантычна-наіўныя ўяўленні беларускага сялянства аб “добрых” панах разбіліся аб рэчаіснасць. Князь Геранім Фларыян Радзівіл, каб задушыць паўстанне, накіраваў на Крычаўшчыну войска са сваёй слуцкай рэзідэнцыі. 15 студзеня 1744 г. некалькі сотняў салдат з гарматамі і некалькі сотняў казацкай конніцы ўвайшлі ў Крычаў. Савет кіраўнікоў сялянскага руху вырашыў даць бой ворагу, пакуль да яго не падышла дапамога.

Узброеныя сяляне на чале з Вашчылам 18 студзеня 1744 г. атакавалі горад. Княжацкія воіны-найміты, акрамя самай сучаснай на той час агнястрэльнай зброі, мелі добры вопыт вядзення баявых дзеянняў. Дапамагалі ім таксама гарадскія ўмацаванні. Галоўная ж сялянская зброя – нянавісць да прыгнятальнікаў – была вельмі слаба падмацавана зброяй баявой. Таму не дзіўна, што радзівілаўскае войска без відавочных страт адбіла атакі паўстанцаў і адкінула іх ад Крычава за Сож.

Але Вашчыла не лічыў сябе пераможаным. Прыгонныя не склалі зброю і не скарыліся. Яны спыніліся ў вёсцы Царковішча, збіралі сілы і рыхтаваліся да новых бітваў. Прынамсі, на 26 студзеня 1744 г. планаваўся паўторны штурм Крычава.

Пра гэтыя намеры неяк даведаўся вораг. У гэты ж час у Крычаў прыйшло падмацаванне да радзівілаўскага атрада. Адчуўшы перавагу, княжацкія злучэнні ў ноч на 26 студзеня – той дзень, калі сяляне планавалі захапіць Крычаў, рушылі ў напрамку Царковішча. Асцярожна, пад покрывам цемры яны наблізіліся да лагера паўстанцаў. На золку радзівілаўскае войска абрынулася на сялян. Тыя не здолелі арганізаваць хоць якую абарону. Невялікія групы паўстанцаў з Вашчылам адыходзілі да лесу. Каля 200 чалавек загінулі на полі бою, 176 трапілі ў палон.

Пачалася расправа. Камандуючы карнікамі загадаў 30 паўстанцаў павесіць, яшчэ 30 пасадзіць жывымі на палі і падвесіць за рэбры на круках. Уся маёмасць актывістаў сялянскага руху канфіскоўвалася. Па сутнасці, Крычаўшчына была аддадзена на разрабаванне салдатам.

У лютым 1744 г. у Крычаў прыбыў гаспадар уладання Геранім Радзівіл. Тады ж адбыўся суд над кіраўнікамі паўстанцаў. Шаснаццаць чалавек, у тым ліку Івана Карпача, Стэся Бачко, Васіля Ветра, Навума Буяна, Івана Дакуку, Івана Галёнку, прысудзілі да пакарання смерцю. Прысуд быў прыведзены ў выкананне. Але Васіля Вашчылы сярод загінуўшых не было. Ён перайшоў мяжу, каб шукаць паратунку ў Расійскай імперыі. Даведаўшыся аб месцазнаходжанні завадатара крычаўскіх сялян, Радзівіл звярнуўся з просьбай да ўрада Расіі аб перадачы яго як злачынцы. Пакуль вялася папяровая цяганіна паміж Кіевам, Пецярбургам і Старадубам, Васіль Вашчыла, якога трымалі пад аховай у Старадубскай крэпасці, цяжка захварэў. У жніўні 1744 г. ён памёр.

Праз дзесяць гадоў пасля Крычаўскага пачалося паўстанне сялян ва ўладанні каталіцкай царквы Каменьшчына Мазырскага павета. Прычынамі яго быў зноў жа непасільны прыгнёт, які доўгі час трывалі прыгонныя маёнтка.

Самыя раннія звесткі аб камянецкім выступленні адносяцца да 7 верасня 1754 г. Пад гэтай датай значыцца загад гетмана Вялікага княства Літоўскага аб накіраванні ва ўладанне дзвюх харугваў-атрадаў для падаўлення сялянскіх хваляванняў. Напэўна, гэта ім хутка ўдалося, бо ў снежні харугвы былі адкліканы на месца.

Аднак барацьба ва ўладанні не спынілася. У кастрычніку 1755 г. сяляне зноў узяліся за зброю. Тым жа дзвюм харугвам, як і год назад, прыйшлося выпраўляцца на Каменьшчыну. На гэты раз такой сілы для ўціхамірвання падданых не хапіла. Праз месяц на Мазыршчыну накіравалі яшчэ чатыры харугвы на чале са шляхціцам Панятоўскім. Аднак і такой колькасці вайскоўцаў для падаўлення выступлення было недастаткова. У сваім лісце гетману Панятоўскі паведамляў, што паўстала ўся Камянецкая воласць, у якой налічваецца звыш 700 сялянскіх двароў.

Пры падыходзе харугваў Панятоўскага сяляне пакінулі свае хаты і накіраваліся да мястэчка Славечна. Там, згуртаваўшыся, яны мелі намер даць бой няпрошаным гасцям. Так і адбылося. Сялянскі атрад перахапіў людзей Панятоўскага яшчэ перад Славечнам. Нечакана для шляхецкага атрада прыгонныя пасля абстрэлу вершнікаў перайшлі ў атаку. Злучэнне Панятоўскага не здолела вытрымаць націску і адступіла да мястэчка Убарць. Камандуючы шляхецкім войскам вырашыў тут затрымацца. Панятоўскі чакаў абяцаную Радзівілам дапамогу, бо ўжо не меў ахвоты з наяўнай сілай ісці супраць сялян.

Рыхтаваліся да сустрэчы радзівілаўскага войска таксама і паўстанцы. Яны стварылі ў Славечна ўмацаваны лагер. Паводле даных Панятоўскага, бунтаўшчыкоў налічвалася некалькі тысяч. Усёй воласцю яны далі клятву “змагацца да апошняга, хоць і галовы прыйшлося б пакласці”.

У лютым 1756 г. да Панятоўскага прыбыло падмацаванне. Гэта былі гусары, лёгкая конніца і пяхота з артылерыяй. 3 такой сілай ён мог разлічваць на поспех у барацьбе з сялянамі. Таму адразу накіраваўся да Славечна.

Сутычка не была доўгай. Імклівая атака прафесійнага войска разбіла ўмацаваны лагер паўстанцаў. Сяляне згубілі 60 чалавек забітымі. Прыкладна столькі ж параненых трапіла ў палон. Аднаго з палонных карнікі адразу пасадзілі на палю.

Гэта быў пачатак жорсткай расправы, якую ўчынілі пераможцы над паўстанцамі. На месца экзекуцыі яны сагналі ўсё дарослае насельніцтва Камянецкай воласці і пачалі выконваць прысуды. Адных удзельнікаў сялянскага руху каралі смерцю, іншых білі бізунамі.

Такім чынам, паўстанне на Каменьшчыне пацярпела паражэнне. У ім, як і ў паўстанні сялян Крычаўскага староства, дакладна праявіліся тыповыя для феадальнай эпохі раз’яднанасць сялянскага руху, яго непаслядоўнасць.

4.УXІV-XVI стст. у ВКЛ адбываўся значны рост гарадоў і гарадскога насельніцтва (урбанізацыя). Так, калі на 1500 г. у Княстве налічвалася 83 горада, то на 1600 г. – 387. Разам з тым большасць гарадскіх паселішчаў заставаліся невялікімі. У іх пражывала ад 1,5 да 3 тысяч чалавек. Толькі ў Магілёве, Берасці, Віцебску і Пінску было больш за 10 тысяч жыхароў. Насельніцтва гарадоў папаўнялася галоўным чынам за кошт сялян-уцекачоў і рамеснікаў-перасяленцаў. Побач з гарадамі раслі і паселішчы гарадскога тыпу –мястэчкі. Сярод іх самымі значнымі былі Беразіно, Вілейка, Любань, Масты, Паставы, Скідаль, Стоўбцы, Сянно, Хойнікі, Чашнікі, Шклоў.

Беларускія гарады і мястэчкі заставаліся пераважна драўлянымі. Толькі з канца XVI ст. камень і цэгла сталі выкарыстоўвацца не толькі пры будаўніцтве храмаў. Усё часцей сярод жылых кварталаў сустракаліся мураванкі – цагляныя пабудовы.

Насельніцтва прыватных і дзяржаўных (гаспадарскіх) гарадоў імкнулася пазбавіцца ад феадальнай залежнасці, што праяўлялася ў барацьбе жыхароў за пашырэнне сваіх правоў. З канца XІVст. вялікія князі, улічваючы імкненні гарадскіх жыхароў, сваімі граматамі сталі дараваць гарадаммагдэбургскае права, або права на самакіраванне (яго назва паходзіць ад нямецкага горада Магдэбурга, які першы ў гісторыі ў ХІІІ ст. атрымаў такое права). Паводле гэтага права гараджане вызваляліся ад феадальнай залежнасці і стваралі свой орган улады – магістрат. Першым з гарадоў ВКЛ магдэбургскае права ў1387г. атрымала Вільня. Першым вольным горадам на сучаснай тэрыторыі Беларусі стала ў1390г. Берасце. Паступова ўсе буйныя гарады Беларусі атрымалі магдэбургскае права: Гродна (1392 г.), Полацк (1498 г.), Менск (1499 г.), Магілёў (1577 г.), Віцебск (1597 г.). Сімвалам горада з магдэбургскім правам з’яўляласяратуша.

У гарадах з магдэбургскім правам з’яўляліся прыватныя ўладанні, якія атрымалі назву “юрыдык”. Юрыдыкі складалі адасобленую частку горада і не падпарадкоўваліся ўладзе гарадскога самакіравання.

Большую частку гарадскога насельніцтва складалі рамеснікі і гандляры. Бяднейшыя жыхары займаліся таксама сельскай гаспадаркай, забяспечваючы сябе ўсім неабходным.

На Беларусі было вядома больш за 100 рамесніцкіх спецыяльнасцей: кафтаннікі, сярмяжнікі, панчошнікі, капялюшнікі, саф’яннікі, замшавікі, збройнікі, печнікі, ліцейшчыкі, кафляры, разьбяры і г. д.

Рамеснікі адной спецыяльнасці былі аб’яднаны ўцэхі. Першы цэх на тэрыторыі Беларусі ўзнік у Менску. Цэхі з’яўлялісясвоеасаблівымі манапалізаванымі структурамі рамеснікаў пэўнай прафесіі, якія дапамагалі арганізаваць збыт прадукцыі, вызначыць цану, а таксама пазбегнуць канкурэнцыі з боку “партачоў (нецэхавых майстроў). Цэх уяўляў сабой не толькі вытворчую кааперацыю, але і вайсковую адзінку. Падчас ваенных дзеянняў цэхі пераўтвараліся ў вайсковыя атрады, якія абаранялі горад і крэпасць, займаючы раней акрэсленае для кожнага цэха месца дыслакацыі.

Цэхі ў першай палове XVI ст. паўстаюць пад мясцовымі назвамі: “сотні” ў Гародні, “староствы” ў Магілёве, “брацтвы” ў Полацку і Менску.

Цэх з’яўляўся арганізацыяй майстроў. Каб дабіцца гэтага высокага звання, трэба было на працягу некалькіх гадоў прайсці школу вучня, затым падмайстра. Толькі пасля гэтага здаваўся экзамен на майстра. Для праверкі ступені валодання сваім рамяством прэтэндэнт на майстра павінны быў зрабіць “штуку”. Каб стаць кавалём, трэба было за дзень адкаваць цясак, падкову і сякеру. Ад слесара патрабавалася вырабіць два замкі – адзін для лаўкі, другі для сундука. Якасць працы павінна была быць высокай. За ёю сачылі лепшыя прафесіяналы. Экзамен на майстра можна было здаваць тры разы. Няўдачнікам адмаўлялі ў прыёме ў цэх.

Адыход ад натуральнай гаспадаркі, развіццё таварна-грашовых адносін у Беларусі ў XV – першай палове XVI ст. садзейнічалі фарміраванню ўнутранага рынку, выводзілі беларускага селяніна, рамесніка, купца за межы воласці, прымушалі да асвойвання гандлёвых плошчаў як суседніх зямель, так і аддаленага замежжа. Рынкі гарадоў усё больш трывала звязвалі паміж сабою ўсе рэгіёны Вялікага княства Літоўскага. Гэтую сувязь забяспечвалі гарадскія гандляры, якіх у той час называлі “прасоламі”.

Ва ўсіх гарадах і мястэчках у вызначаныя дні, звычайна раз–два за тыдзень, адбываліся таргі. Для іх правядзення былі адведзены спецыяльныя месцы – рынкі. У буйных гарадах рынкі займалі даволі вялікую плошчу. Так, у Магілёве яна складала больш чым 2 гектары, на якіх размяшчалася 400 лавак гандляроў. У гэтых лаўках можна было набыць самыя розныя тавары: футры, жалеза, дрот, грабяні, прыправы, іголкі, ртуць, бялілы, акуляры, серу, гузікі, струны, воўну, паперу, хусткі, медзь, рукавіцы, розныя тканіны.

Часам гандлёвай дзейнасцю займаліся сяляне. Яны павінны былі на фурманках дастаўляць сабраны ў фальварку ўраджай да прыстані ці буйнога порта. Так, падданыя ўладання Спіравічы Менскага ваяводства ў 1646 г. павінны былі рабіць адну паездку ў год у Вільню, адну – у Менск. Фурманаў з беларускіх вёсак можна было сустрэць у Варшаве, Гданьску, Рызе. Аднак найчасцей земляроб збываў сваю прадукцыю на бліжэйшым рынку. Так, паступова паміж вёскамі, гарадамі і мястэчкамі пракладваліся шляхі-“гасцінцы”, якія звязвалі рынкі гарадоў усёй Рэчы Паспалітай. У сярэдзіне XVI ст. тэрыторыю Беларусі з захаду на ўсход і з поўначы на поўдзень праразалі не менш чым два дзесяткі буйных сухапутных шляхоў, якія, быццам капілярамі, былі злучаны прасёлачнымі грунтоўкамі.

Замежным гандлем у беларускіх гарадах у XV–XVI стст. займаліся багатыя вярхі гарадскога купецтва. Іх называлі “гасцямі”. Яны складалі значную праслойку гарадскога насельніцтва.

Напрамкі гандлёвай актыўнасці “гасцей” былі скіраваны ва ўсе бакі свету. Беларускія гандляры куплялі ў Кракаве, Любліне, Гнезна, Познані вялікімі партыямі сукно, палотны, жалеза, свінец, волава і прадавалі іх у беларускіх гарадах. Асаблівым попытам у беларускіх землях карысталіся гатовыя вырабы, набытыя купцамі ў Польшчы: папера, цвікі, косы, сярпы, нажы, галантарэя.

Беларускія купцы падтрымлівалі актыўныя гандлёвыя сувязі з Масквой, Цвер’ю, Смаленскам, Псковам. У гэтых гарадах закупляліся абутак, рукавіцы, сярмягі, грабяні, ніткі, футры.

Па Заходняй Дзвіне і Балтыйскаму мору ажыццяўляўся гандаль з Даніяй, Швецыяй, Свяшчэннай Рымскай імперыяй і іншымі дзяржавамі. У адным з дакументаў таго часу занатавана: “прывозіць рака Дзвіна ў Літву соль, віно, цэльныя залатыя і сярэбраныя яхімкі (манеты XVII ст.)”.

На знешнім рынку беларускія купцы пераважна прадавалі вырабы мясцовага рамяства. Таксама ў Заходнюю Еўропу, Польшчу, Прыбалтыку і рускія гарады трапляла прадукцыя сельскай і лясной гаспадаркі: пшаніца, смала, каноплі, мёд, воск, сала, футры, сырыя і вырабленыя скуры, мыла, паташ (драўляны попел), драўніна.

5. Квітнеючыя беларускія гарады XVI – пачатку XVII ст. увайшлі ў другую палову XVII – XVIII ст. у стане страшэннага разбурэння. Сведчаннем таму сумныя лічбы. На 50—70 % былі разбураны гарадскія пасяленні Менскага, Полацкага, Віцебскага, Мсціслаўскага ваяводстваў. Некаторыя населеныя пункты практычна былі зруйнаваны з зямлёй. Так, калі да пачатку ваенных дзеянняў другой Паўночнай вайны ў Крычаве мела жыхарства 500 сем’яў, то пасля засталося каля 20.

Пасля разбуральных навалаў жыхары беларускіх гарадоў і мястэчак адбудоўвалі свае сядзібы. Але вярнуць былую веліч і прыгажосць людным і багатым гарадам Беларусі ім так і не ўдалося. У XVIII ст. чалавек няўтульна адчуваў сябе ў славутых раней Магілёве, Віцебску, Менску. Смецце з вуліц тут не прыбіралася. Вуліцы практычна не брукаваліся. Рыначныя плошчы зарасталі пустазеллем. Ноччу гарады не асвятляліся.

У пераважнай большасці гарадоў было ад 300 да 500 дамоў, гэта значыць, што насельніцтва складала прыкладна 2–3 тысячы чалавек. Звыш 10 тысяч налічвалі толькі Магілёў і Віцебск. А ў такіх павятовых цэнтрах, як Ліда і Мазыр, засталося 1,5 тысячы насельнікаў. У Браславе жыло ўсяго 500 чалавек. “Пустым” горадам здалася падарожніку ў XVIII ст. Орша. Нават Старажытная Гародня, якая стала ў XVIII ст. буйным дзяржаўным, прамысловым, культурным цэнтрам, асабліва не прываблівала вока яе наведвальнікаў.

Пасля ваенных спусташэнняў гарадскі люд пачаў інтэнсіўна папаўняцца яўрэйскім насельніцтвам. Прыток яўрэяў у асноўным з Польшчы і Украіны падтрымліваўся дзяржаўнай уладай і буйнымі землеўласнікамі. У гэтым яны бачылі крыніцу павелічэння прыбыткаў, бо яўрэі сваімі капіталамі і працай ажыўлялі гаспадарчую дзейнасць. У буйных гарадах Беларусі яўрэі складалі ў гэты час каля 30 – 40 % насельніцтва, а ў мястэчках – палову і болей.

Жылі яўрэі ў асобных кварталах сваёй грамадой – кагаламі. Рамеснікі-яўрэі большасцю не ўваходзілі ў цэхі і стваралі свае рамесніцкія “брацтвы”. Шматвяковая традыцыя верацярпімасці на беларускіх землях дазволіла прышламу яўрэйскаму насельніцтву арганічна ўліцца ў грамадства Беларусі. Больш таго, улады і гаспадары ўладанняў сачылі за прадухіленнем канфліктаў на рэлігійна-этнічнай глебе. Напрыклад, Радзівілы ў свой час выдалі прывілей гораду Нясвіжу, паводле якога падчас Вялікодных святаў яўрэі абавязаны былі замыкаць з абодвух бакоў сваю вуліцу, а ключы здаваць замкавай адміністрацыі, каб тая забяспечвала парадак.

Увогуле, як ні ў якія папярэднія вякі, насельніцтва беларускіх гарадоў у другой палове XVII – XVIII ст. было шматэтнічным, шматмоўным і шматверным. Іудзеі ў гарадах і мястэчках будавалі і наведвалі сінагогі, мусульмане – мячэці. Прадстаўнікі вышэйшых колаў гарадскога насельніцтва спавядалі часцей за ўсё каталіцтва. Прасталюдзіны былі ў асноўным уніятамі і, радзей, праваслаўнымі.

Гарады Беларусі па-ранейшаму карысталіся Магдэбургскім правам. Войтаў прызначаў кароль. Ва ўмовах суцэльнай прадажнасці ўлад Рэчы Паспалітай гэтыя пасады захоплівалі багатыя гарадскія вярхі. Праўдамі і няпраўдамі яны перакідвалі асноўныя падаткі на плечы простых гараджан, памнажаючы свае капіталы. 3 насельніцтва гарадоў спаганяліся на карысць дзяржавы падымнае, “гіберна”, паштовае і іншыя падаткі. За карыстанне ворнай зямлёй, сенажацямі і агародамі гарадское жыхарства сплачвала чынш. Цяжарам на плечы мяшчан клаліся грашовыя выплаты магістрату на гарадскія патрэбы. Да таго ж гараджане выходзілі на ахову сваіх паселішчаў, рамантавалі замкавыя ўмацаванні, прымалі на пастой дзяржаўных службовых асоб і прадстаўлялі кватэры для войска.

Павіннасны цяжар, умяшанне ў гарадскія справы дзяржаўнай адміністрацыі і феадалаў, самавольствы членаў гарадскога самакіравання выклікалі супрацьдзеянні з боку мяшчан. Часам яны адстойвалі свае правы і са зброяй у руках. Найбольш буйныя гарадскія паўстанні адбыліся ў Магілёве ў 1606-1608 гг. і 1610 г. Рамеснікі на чале са Стахорам Мітковічам, Пятром-кавалём, Мікітай-збройнікам, Харапонам-краўцом, Міхайлам-ганчаром і Хадком Багдановічам выступілі супраць злоўжыванняў гарадской рады і ліквідавалі яе. Больш за два гады горадам кіравала “рамесніцкая” рада, праводзячы палітыку ў інтарэсах гарадскіх нізоў. У 1608 г. подкупам і пагрозамі дзяржаўным уладам удалося “скінуць” раду рамеснага люду і перадаць паўнамоцтвы былому складу магістрата. Але праз два гады магілёўцы зноў падняліся на паўстанне. На гэты раз уладу ў горадзе захапіць не ўдалося. Расправа з завадатарамі была жорсткай. Пяцярых – Івана Харковіча, Міхайлу Чабатара, Лавору Міхайловіча, Мікіту Мільковіча, Гаўрылу Івановіча – пакаралі смерцю. Двух рамеснікаў – Максіма Тальбуша і Ісая Шчаснага – прысудзілі да 12-тыднёвага зняволення. Пасля чаго іх катавалі ля ганебнага слупа і выкінулі за сцены горада. Выступленні мяшчан адбываліся і ў іншых гарадах: у Полацку (1667 г.), Гародні (1670,1726 гг.), Менску (1700 г.), Магілёве (1733 г.).

Улады вымушаны былі ісці жыхарам горада на ўступкі. Так, за мяшчанамі Магілёва і Гародні было замацавана права выбіраць войта горада. На працягу 60-х гг. XVII ст. членам магістратаў Магілёва, Віцебска, Гародні былі прадстаўлены шляхецкія правы.

Рамяство і гандаль заставаліся асновай гаспадарчай дзейнасці гараджан. Гандаль, як унутраны, так і знешні, вёўся ў традыцыйных формах. Буйныя гарады з’яўляліся таксама буйнымі гандлёвымі цэнтрамі. У малых гарадах і мястэчках перыядычна праводзіліся кірмашы. Найбуйнейшы адбываўся ў Зэльве. Значныя кірмашы збіраліся ў Шклове, Бешанковічах, Нясвіжы.

У XVIII ст. адбылася пэўная карэкціроўка арыентаванасці знешняга гандлю. Заходняя яго арыентацыя заставалася важнай па-ранейшаму. У гэтым кірунку ішлі, як і ў былыя часы, прадукты сельскагаспадарчай вытворчасці. Але з пачатку XVIII ст. узрасла роля Пецярбурга. Праз яго пайшлі тавары ў Заход-нюю Еўропу з паўночнага захаду Расіі, што раней рухаліся цераз Беларусь. Такім чынам, рэзка скарацілася пасрэдніцкая роля беларускага купецтва. Тады яго гандлёвыя сувязі пераарыентаваліся на гарады паўночна-заходняй Расіі і левабярэжнай Украіны.

Як і ў XVI – першай палове XVII ст., ад 25% да 50% гарадскога насельніцтва займалася рамяством. Зноў жа, як і раней, рамеснікі былі згрупаваны ў прафесійныя цэхі. Але цэхі XVIII ст. былі далёка не тымі моцнымі, зарганізаванымі аб’яднаннямі, што ў папярэдні перыяд. На гэты час яны ўжо вычарпалі рэсурсы для самаразвіцця. Разбагацеўшыя майстры і цэхмістры, падмяўшы пад сваю ўладу падмайстраў і вучняў, няшчадна іх эксплуатавалі. Абвастрыліся адносіны паміж цэхавымі і няцэхавымі рамеснікамі. Апошніх станавілася ўсё больш. Узнікалі канфлікты паміж блізкімі па прафесіі цэхамі.

У XVIII ст. цэхавая арганізацыя вытворчасці пачала саступаць месца мануфактурнай вытворчасці. Мануфактурамі называлі прадпрыемствы, заснаваныя на ручной працы і шырокім яе падзеле. Мануфактура з’яўлялася пераходнай формай вытворчасці ад рамяства да фабрыкі.

На мануфактурах выкарыстоўвалася наёмная праца (за пэўную аплату на працягу пэўнага рабочага часу). Мануфактуры ўзнікалі, перш за ўсё, у малых гарадах і мястэчках, таму што ў буйных гарадах значную канкурэнцыю ім складалі цэхі.

Першыя мануфактуры з’явіліся ў 10 – 30-х гг. XVIII ст. Гэта Налібоцкая і Урэцкая шкляныя мануфактуры, Свержаньская фаянсавая. Урэцкая мануфактура стала першым прадпрыемствам па вырабе люстэрак ва ўсёй Рэчы Паспалітай. Створаная на ўзор Дрэздэнскай каралеўскай люстэрні (Германія), яна набыла еўрапейскую вядомасць. Ва Урэччы і Налібоках таксама выраблялі аконнае шкло, разнастайны шкляны посуд, які аздаблялі гравіроўкай, граненнем і размалёўвалі золатам, срэбрам. Шырокую вядомасць набылі Слуцкая і Нясвіжская мануфактуры шаўковых паясоў (персіярні), якія належалі Радзівілам. Ткацкая мануфактура ў Карэлічах (на тэрыторыі цяперашняй Гродзенскай вобласці) славілася сваімі вырабамі – шпалерамі (бязворсавымі дыванамі) з адлюстраваннямі на іх гістарычных падзей, абрусамі, палатном для абіўкі сцен.

У прадмесцях Гародні дзейнічалі створаныя А.Тызенгаўзам суконная, баваўняная, палатняная, карункавая, панчошная, капялюшная, карэтная, аружэйная і іншыя дзяржаўныя мануфактуры. Усяго на 53 мануфактурах было занята 2400 рабочых.

У XVIII ст. з’явіліся невялікія заводы па выплаўцы жалеза і чыгуну. Вядомыя яны ў Высокім на Аршаншчыне, Кляцішчах пад Стоўбцамі. Найбуйнейшым прадпрыемствам такога тыпу быў чыгуналіцейны завод графа Храптовіча ў Вішневе, што на Валожыншчыне.

Такім чынам, у другой палове XVII – першай палове XVIII ст. беларускі горад перажываў заняпад у сваім развіцці. Звязаны ён быў з разбурэннямі і нястачамі ваеннага ліхалецця. Але ў другой палове XVIII ст. гаспадарчае жыццё горада аднавілася.

6. Станамі ў ВКЛ называліся саслоўі – сацыяльныя супольнасці, прадстаўнікі якіх валодалі аднолькавымі правамі і абавязкамі. Вылучаліся прывілеяваныя станы-саслоўі: шляхта і духавенства, і непрывілеяваныя – мяшчане і сяляне.

Прывілеяваны статус шляхты быў абумоўлены яе выключным правам на валоданне зямлёй. Прывілеямі 1387 г., 1432 г., 1434 г. прадстаўнікам як каталіцкай, так і праваслаўнай шляхты было гарантавана права ўласнасці на свае маёнткі. Прывілей Казіміра 1447 г. надзяліў шляхту судовым імунітэтам – правам вяршыць суд над падданымі ў сваіх маёнтках. Статуты ВКЛ аформілі шляхецтва ў замкнёнае саслоўе. Характэрнай прыметай прыналежнасці да яго з’яўлялася абавязковае выкананне ваеннай службы. Занятак рамяством ці гандлем лічыўся для шляхціца ганьбай і меў для яго вынікам згубу шляхецтва.

Юрыдычна ўсе прадстаўнікі шляхецкага саслоўя лічыліся роўнымі паміж сабой, але ў маёмасных адносінах розніліся. Самыя багатыя называліся магнатамі, а беззямельныя – галотай. У XVI-XVIIІ стст. шляхецкае саслоўе налічвала 8-10% насельніцтва ВКЛ.

Да шляхты па юрыдычнаму становішчу прымыкала духавенства. Аднак прадстаўнікі духавенства розных цэркваў (праваслаўнай, каталіцкай, пратэстанцкай, уніяцкай) у розныя часы мелі неаднолькавае становішча. Так, калі да канца XІV ст. у ВКЛ дамінавала праваслаўе, то з XV ст. прывілеяванай рэлігіяй з’яўлялася каталіцтва.

У маёмасных адносінах духавенства, таксама як і шляхта, было неаднародным. Да вышэйшых колаў палітычнай эліты дзяржавы адносіліся мітрапаліты, епіскапы і архімандрыты буйных манастыроў. Святары, манахі і псаломшчыкі па маёмаснаму становішчу прымыкалі да людзей “простага стану” – сялян і мяшчан.

Жыхары гарадоў з другой паловы XV ст. называліся мяшчанамі. Іх юрыдычнае становішча было аформлена ў Статутах ВКЛ. Вялікакняжацкія прывілеі дазвалялі мяшчанам арганізоўваць судовыя і адміністрацыйныя органы ўлады ў гарадах, вызначаць парадак выбараў службовых асоб, арганізоўваць рамесныя цэхі, кантраляваць гандаль і збор падаткаў.

У маёмасных адносінах мяшчанства падзялялася на тры асноўныя пласты. Вышэйшы пласт складалі вярхі гарадской адміністрацыі, буйныя гандляры, сярэдні – рамесныя майстры, служачыя магістрата. На ніжэйшай ступені ў гарадах знаходзіліся “каморнікі”, “лёзныя”, “гультаі”, “парабкі” – гарадскія нізы.

Афармленне сялянства ў асобнае саслоўе ў ВКЛ адбылося да сярэдзіны XVI ст., калі асноўная маса сялян была запрыгонена і ліквідаваны юрыдычныя адрозненні ў становішчы розных груп сялян. Сялянства ў XVI-XVIIІ стст. складала 70 % насельніцтва.

Пэўным інтэгратарам сялянскага саслоўя ВКЛ выступала сялянская абшчына (грамада). У яе агульным карыстанні меліся сенакосы, дадатковыя ворыўныя землі. За іх выкарыстанне сяляне супольна сплачвалі павіннасці.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]