Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
лекцыи.doc.docx
Скачиваний:
32
Добавлен:
14.04.2015
Размер:
586.99 Кб
Скачать

3. Сельская гаспадарка бсср у 20-30-я гг. Калектывізацыя: сутнасць і вынікі

Найбольш цяжкім і драматычным напрамкам пераўтварэнняў, праведзеных пад сцягам пабудовы сацыялізму, з’явілася калектывізацыя сельскай гаспадаркі. Сталінскае кіраўніцтва праводзіла яе ў час актыўнага фарміравання дыктатарскага рэжыму і культу асобы. Калектывізацыя была яскравай праявай гэтых заганных працэсаў.

У канцы 20-х – пачатку 30-х гг. перабудова вёскі згубіла сувязь з паступовым каапераваннем на аснове добраахвотнага аб’яднання гаспадарак і ператварылася ў прымусовую калектывізацыю. Першы пяцігадовы план развіцця народнай гаспадаркі БССР прадугледжваў аб’яднаць у калгасы і саўгасы 18–20% сялянскіх гаспадарак.

Калектыўныя гаспадаркі ствараліся ў двух формах – калгасы і саўгасы. Сяляне не ўспрымалі ідэю калектывізацыі, між тым пачалася гонка за тэмпамі. Ажыццяўленне калектывізацыі базіравалася на 3-х партыйна-дзяржаўных дырэктывах: ад 3 студзеня 1930 г. “Аб мерапрыемствах па ліквідацыі кулацкіх гаспадарак у раёнах суцэльнай калек-тывізацыі”, ад 5 студзеня 1930 г. “Аб тэмпах калектывізацыі і мерах дапамогі дзяржавы калгаснаму будаўніцтву” і ад 1 лютага 1930 г. “Аб ліквідацыі кулацтва як класа”.

У лютым 1930 г. Бюро ЦК ВКП(б)Б прыняло рашэнне калектывізаваць да пачатку веснавой сяўбы гэтага года 75–80% сялянскіх гаспадарак і звярнулася з просьбай аб’явіць БССР рэспублікай суцэльнай калектывізацыі. Пры правядзенні калектывізацыі шырока выкарыстоўвалася раскулачванне. Кулацтва было падзелена на тры катэгорыі: актыўныя праціўнікі калектывізацыі, найбольш заможныя і ўсе астатнія. Усіх аднесеных да першай катэгорыі без суда і следства паводле рашэння “троек” (першы сакратар райкама партыі, старшыня райвыканкама і начальнік ДПУ) арыштоўвалі і накіроўвалі ў месцы зняволення або расстрэльвалі. Залічаных у другую катэгорыю разам з сем’ямі вывозілі на Поўнач, Урал, у Сібір або Казахстан. Трэцяя катэ-горыя раскулачваемых пазбаўлялася права на надзел зямлі ў сваёй весцы і атрымлівала ўчасткі за межамі калгасаў.

У вёску для стварэння каўгасаў былі накіраваны сотні ўпаўнаважаных камуністаў. Разам з імі адпраўлялі і рабочых-дваццаціпяцітысячнікаў, у тым ліку прысланых з прамысловых цэнтраў РСФСР, усяго звыш 600 чалавек. Аднак многія з арганізатараў калгасаў увогуле слаба дасведчаныя ў асаблівасцях сялянскага жыццця, лічылі за лепшае дзейнічаць метадам “лепш перагнуць, каб потым не абвінавацілі ў правым ухіле”. Працэс кааперавання быў падменены “раскулачваннем”.

Рэспубліка была ахоплена страхам. Ламаўся станавы хрыбет яе эканомікі і разбураліся адвечныя асновы вёскі. Бальшавіцкія ўлады зганялі з зямлі дзесяткі тысяч працаўнікоў, а разбурэнне сялянскага гаспадарчага ладу выдавалі за пабудову гарманічнага з горадам жыцця.

Вясной 1932 г. замест суцэльнай калектывізацыі ў рэспубліцы адбыўся новы адток сялян з калгасаў. Толькі за два-тры месяцы распалася не менш як тысяча гаспадарак, з якіх выйшла больш як 55 тыс. сялянскіх сем’яў. Аб прычынах выхаду можна меркаваць па пісьму селяніна Цімафея Палуненкі, у якім адзначалася: “У калгасе кепска. Калі я сам сабе працаваў, у мяне была бульба, быў хлеб, цяпер я выпрацаваў 114 працадзён і амаль нічога не атрымаў. Я партызан… змагаўся за Савецкую ўладу і цяпер, калі спатрэбіцца, пайду (за яе) не гледзячы на тое, што мае жонка і дзеці без хлеба. А ў калгасе жыць не магу”.

У выніку дапушчаных памылак у эканамічнай палітыцы ў 1932–1933 гг. краіну ахапіў масавы голад, які забраў 3–4 мільёны жыццяў. Неабходна адзначыць, што масавы голад абышоў нашу рэспубліку за выключэннем некаторых паўднёвых раёнаў, хаця і тут шматлікімі былі паведамленні аб тым, што сяляне засталіся без хлеба, які сілай канфіскоўваўся ў іх праз калгасы.

Знаходзячыся ў безвыхадным становішчы, людзі, асабліва жанчыны, спрабавалі зразаць на калгасных палетках каласкі, вынесці зерне ў кішэнях, за пазухай. Аднак 7 жніўня 1932 г. быў выдадзены Закон аб ахове сацыялістычнай уласнасці (“закон аб пяці каласках” – як яго называлі ў народзе), паводле якога за такія крадзяжы ўводзілася вышэйшая мера пакарання – растрэл ці пазбаўленне волі на тэрмін не ніжэй за дзесяць гадоў з канфіскацыяй усёй маёмасці. Такую палітыку можна ацаніць як цяжкае злачынства супраць савецкага народа.

Між тым фарсіраваная, прымусовая калектывізацыя дала свае вынікі.

Да канца першай пяцігодкі ў БССР налічвалася больш як 9 тыс. калгасаў, у якія было ўключана звыш 43% сялянскіх гаспадарак з пасяўной плошчай 1782 тыс. гектараў і было створана 219 новых саўгасаў. Агульны аб’ём вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі ў 1932 г. у параўнанні з 1928 г. быў на 26% меншым, упала ўраджайнасць асноўных культур, на адну трэцюю скарацілася пагалоўе жывёлы.

У гады другой пяцігодкі калектывізацыя ў Беларусі завяршылася. У калгасах і саўгасах апынулася 680 тыс. сялянскіх двароў, ці 87,5% іх агульнай колькасці, было абагулена 96% пасяўной плошчы. Створаныя ў МТС палітаддзелы, якія дзейнічалі камандна-загаднымі мэтамі, ажыццяўляючы “чыстку” калгасаў і іх кіруючых органаў, “умацавалі” гаспадаркі. На калгасных палетках працавала больш, як 8 тыс. трактароў, 600 камбайнаў і іншых сельскагаспадарчых машын. Калі ў 1930 г. на Беларусі дзейнічала адна (Койданаўская) МТС, то ў 1937 г. – 200.

План трэцяй пяцігодкі (1938–1942 гг.) прадугледжваў павелічэнне ўраджаю і ўсёй валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі ў 2 разы.

У 1939 г. для больш рацыянальнага выкарыстання зямель у калгасах пачынаецца ссяленне хутароў у калгасныя цэнтры. З далучэннем Заходняй Беларусі ў 1939 г. тымі ж гвалтоўнымі метадамі, што і ва Усходняй Беларусі, пачалася калектывізацыя сялянскіх гаспадарак. Ужо да мая 1940 г. у Заходняй Беларусі было створана 430 калгасаў, якія аб’ядноўвалі 32 тыс. сялянскіх гаспадарак і 28 саўгасаў.

Між тым па многіх паказчыках сельская гаспадарка адставала ад узроўню 1913 г. і адпаведны рацыён харчавання быў горшы, чым у 1913 г.

Такім чынам, ажыццяўленне калектывізацыі адбывалася з вялікімі цяжкасцямі, жорсткім прымусам, насіллем над сялянамі, неаднаразовымі выхадамі з калгасаў. Працэс гэты быў супярэчлівы.

Калектывізацыя нанесла цяжкі ўдар па найбольш гаспадарлівай частцы сялян, якія былі асноўнымі носьбітамі земляробчага вопыту. Іх лёс трагічны. Гэта вельмі адмоўна адбілася на развіцці сельскай гаспадаркі, паклала пачатак ганебнаму працэсу рассялянівання вёскі. Цяжкія вынікі яго мы адчуваем і сёння.

Асноўныя тэрміны і паняцці

Калектывізацыя – прымусовае аб’яднанне аднаасобных сялян-скіх гаспадарак у калектыўныя. Стварэнне калектыўных гаспадарак (калгасаў) у розных формах пачалося ў першыя паслякастрычніцкія гады. У 1928–1929 гг. у БССР пачаўся пераход да суцэльнай калектывізацыі.

Працадзень – эквівалент паміж колькасцю зробленай работы і атрыманай за яе платай – быў вынайдзены ў пачатку 30-х гг.

Калгас – калектыўная гаспадарка, сельскагаспадарчае прадпрыемства. Разглядаўся як форма сацыялістычнай арганізацыі працы на вёсцы.

Саўгас – савецкая гаспадарка, у якой дамініравала дзяржаўная форма ўласнасці.

Раскулачванне – адзін са спосабаў ліквідацыі буйных сялянскіх гаспадарак, прадпрымальнікаў вёскі – кулацтва: састаўная частка сацыяльна-класавай палітыкі савецкай улады ў СССР, у тым ліку ў БССР – распачата ў канцы 1920-х гг. У БССР масавае раскулачванне праводзілася ў 1929–1931, 1931–1941 і 1949–1952 гг.

Суцэльная калектывізацыя – абагульненне не толькі сродкаў вытворчасці і зямельных плошчаў бядняцкіх і серадняцкіх гаспадарак, але і жывёлы і дробнага інвентару. Гэты працэс быў распачаты ў БССР з 1929 г.

Храналогія падзей

Снежань 1927 г. – ХV з’езд ВКП(б), які ўзяў курс на аб’яднанне сялянскіх гаспадарак у буйныя калектыўныя.

Студзень 1928 г. – пасяджэнне бюро ЦК УКП(б)Б абмеркавала ход хлебанарыхтовак у рэспубліцы і заклікала да ўзмацнення барацьбы з кулацтвам.

Студзень – люты 1929 г. – ХІІ з’езд КП(б)Б выказаўся за падрыхтоўку да масавай калектывізацыі вёскі.

Чэрвень 1929 г. – пастанова Бюро ЦК КП(б)Б “Аб землекарыстанні”. Спецыяльная дырэктыва забараняла хутарскую і дробнапасялковую формы землекарыстання ў рэспубліцы.

Лістапад 1929 г. – Пленум ЦК УКП(б)Б заклікаў да фарсіравання працэсу калектывізацыі і індустрыялізацыі.

3 студзеня 1930 г. – Пастанова ЦК УКП(б) “Аб мерапрыемствах па ліквідацыі кулацкіх гаспадарак у раёнах суцэльнай калектывізацыі”.

5 студзеня 1930 г. – Пастанова ЦК УКП(б) “Аб тэмпе калектывізацыі і мерах дапамогі дзяржавы калгаснаму будаўніцтву”.

1 лютага 1930 г. – Пастанова ЦВК і СНК СССР “Аб ліквідацыі кулацтва як класа”.

Снежань 1932 г. – Пастанова ЦВК і СНК БССР “Аб аб’яўленні БССР краінай суцэльнай калектывізацыі”.

Жнівень 1932 г. – ЦВК і СНК СССР прыняў пастанову “Аб ахове маёмасці дзяржаўных прадпрыемстваў, калгасаў і кааперацыі, умацаванні грамадскай (сацыялістычнай) уласнасці” (закон пяці каласкоў).

Студзень 1933 г. – створаны спецыяльныя палітаддзелы ў саўгасах і машынна-трактарных станцыях (МТС).

Чэрвень 1939 г. – прыняцце Пленумам ЦК КП(б)Б рашэння аб ссяленні двароў калгаснікаў з хутароў у калгасныя пасяленні.

Пытанні для самаправеркі

1. Ахарактарызуйце сацыяльна-эканамічнае становішча беларускай вёскі напярэдадні “суцэльнай” калектывізацыі.

2. У чым сэнс сталінскай мадэлі калектывізацыі?

3. Выдзеліце і ахарактэрызуйце перыяды калектывізацыі беларускай вёскі.

4. Як сяляне супраціўляліся ўступленню ў калгасы?

5. Што хавалася за палітыкай ліквідацыі кулацтва як класа?

6. Вынікі гвалтоўнай калектывізацыі.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]