Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
лекцыи.doc.docx
Скачиваний:
31
Добавлен:
14.04.2015
Размер:
586.99 Кб
Скачать

2. Беларусь у 50-я – першай палове 80-х гг. Гаспадарчыя рэформы і іх абмежаванасць

Для сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі гэтага перыяду характэрны дзве асаблівасці: спробы рэфармавання эканамічнай сістэмы краіны ў 50–60-я гг. і паступовае запавольванне тэмпаў развіцця ў 70–80-я гг.

Трэба падкрэсліць, што з сярэдзіны 50-х гг. у свеце разгарнулася навукова-тэхнічная рэвалюцыя (НТР), якая прадугледжвала якаснае пераўтварэнне прадукцыйных сіл на аснове ўкаранення ў вытворчасць новых дасягненняў навукі і тэхнікі. Таму прапаноўваліся аперажальныя тэмпы развіцця тых галін прамысловасці, якія забяспечвалі тэхнічны прагрэс усёй народнай гаспадаркі: машынабудавання і металаапрацоўкі, хімічнай і нафтахімічнай прамысловасці, энергетыкі.

У другой палове 50-х – першай палове 60-х гг. у БССР былі пабудаваны завод аўтаматычных ліній і (упершыню ў СССР) завод электронных вылічальных машын; пачалі дзейнічаць Полацкі нафтаперапрацоўчы камбінат, Гомельскі суперфасфатны і Гродзенскі азотна-тукавы заводы, Салігорскі калійны камбінат. Быў асвоены выпуск новых марак трактара “Беларусь”, аўтамабіляў “МАЗ” і “БелАЗ”. Выдаў першы пракат Магілёўскі металургічны завод. Пачаўся выпуск халадзільнікаў з маркай “Мінск”.

Аднак перавод прамысловасці на новы тэхнічны ўзровень на базе навейшых дасягненняў навукі і тэхнікі ажыццяўляўся марудна. Гэта азначала, што ў эканоміцы і ў грамадстве дзейнічалі сілы тармажэння, звязаныя з захаваннем камандна-адміністрацыйнай сістэмы кіравання.

У 1957 г. была праведзена спроба рэфармаваць кіраўніцтва эканомікай: замест міністэрстваў, якія былі створаны па галінах вытворчасці, былі ўведзены саветы народнай гаспадаркі (саўнаргасы), якія прадугледжвалі кіраўніцтва ўсёй прамысловасцю і сельскай гаспадаркай у межах вызначанай тэрыторыі. Так, у БССР быў створаны Беларускі саўнаргас. Лічылася, што гэта будзе садзейнічаць лепшаму выкарыстанню мясцовых рэсурсаў, узмацненню спецыялізацыі і г.д.

У першай палове 60-х гг. у БССР увайшлі ў строй 300 буйных прамысловых прадпрыемстваў, а валавы выпуск прамысловай прадукцыі ў цэлым павялічыўся на 164%. Аднак эканамічныя паказчыкі работы прамысловасці пагаршаліся, пачалі праяўляцца негатыўныя з’явы, звязаныя з вычэрпваннем экстэнсіўных шляхоў развіцця. Абвастраліся праблемы цэнтралізаванай планавай эканомікі, якая тармазіла тэхнічны прагрэс, не спрыяла росту творчай актыўнасці і прадпрымальнасці работнікаў. У сувязі з гэтым была зроблена спроба радыкальных змен у эканоміцы на аснове рэформы 1965 г. Рэформа прадугледжвала пераход ад тэрытарыяльных прынцыпаў кіравання да галіновых і ўключэнне ў дзеянне разліковых і таварна-грашовых механізмаў на аснове пашырэння гаспадарчай самастойнасці прадпрыемстваў.

Перавод прадпрыемстваў на новыя ўмовы на першым часе прывёў да некаторага паляпшэння ўсёй гаспадарчай дзейнасці. За гады 8-й пяцігодкі (1966–1970 гг.) аб’ём прадукцыі прамысловасці павялічыўся на 79% (70% па плану), на 39% павысілася прадукцыйнасць працы.

Уздым прамысловай вытворчасці працягнуўся і ў гады 9-й пяцігодкі (1971–1976 гг.) і склаў 64%. Было ўведзена больш за 90 новых буйных прамысловых прадпрыемстваў: Бабруйскі шынны камбінат, Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод, Баранавіцкі завод аўтаматычных ліній і інш.

Між тым рэформа ў эканоміцы не суправаджалася зменамі палітычнай сістэмы, пачалі ўзмацняцца сілы бюракратычнага кансерватызму. Пераход вытворчасці на інтэнсіўны шлях развіцця аказаўся задачай невырашальнай.

Спробы рэфармавання народнай гаспадаркі спыніліся на пачатку 70-х гг. Аднак эканамічная сітуацыя не была крызіснай, паколькі значная частка экстэнсіўных фактараў яшчэ працягвала дзейнічаць. З улікам гэтага захоўвалася магчымасць падтрымаць пэўны эканамічны рост да сярэдзіны 70-х гг. Паралельна ішлі і ўзмацняліся негатыўныя з’явы. Асабліва істотным з’яўлялася адставанне ад сусветных тэмпаў НТР. Адбывалася падзенне якаснага ўзроўню прадукцыі і яе адставанне ад сусветных стандартаў. З другой паловы 70-х гг. сярэднегадавыя тэмпы росту прадукцыйнасці працы знізіліся з 8,6% у 1970–1975 гг. да 4,5% у 1976–1980 гг.

У 1965–1970 гг. акцэнт быў зроблены на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнага забяспячэння аграрнага сектара, пашырэнне меліярацыйных работ, хімізацыю, спецыялізацыю і канцэнтрацыю сельскагаспадарчай вытворчасці. Аднак сродкі, укладзеныя ў сельскую гаспадарку, не давалі планавых паказчыкаў. Безгаспадарчасць, адсутнасць ініцыятывы станавіліся характэрнымі рысамі дзейнасці калгасна-саўгаснай сістэмы. Адчужэнне працаўніка ад зямлі і вынікаў сваёй працы паскорыла працэс міграцыі насельніцтва з вёскі ў горад. З 1970 па 1984 г. сельскае насельніцтва паменшылася ў 1,5 раза. Пэўныя спробы паляпшэння спраў у 1982 г. не адпавядалі патрэбам рэспублікі і тым затратам, якія накіроўваліся ў аграрны сектар. У выніку недастаткова вырашаліся сацыяльныя задачы, знізілася харчовае забеспячэнне рэспублікі.

Пачатак 80-х гг. характарызуецца памяншэннем нацыянальнага даходу да 3,4% – рэкордна нізкага ўзроўню.

Адной з асаблівасцей эканамічнага развіцця Беларусі з’явіўся пераважны рост цяжкай прамысловасці, якая ператварылася ў галіну вытворчасці для абслугоўвання ваенна-прамысловага комплексу (ВПК). Лёгкая прамысловасць аказалася другараднай галіной.

Асабліва дрэнна вырашаліся праблемы экалогіі. БССР, якая займала меней за 1% ад усесаюзнай тэрыторыі, маючы каля 4% насельніцтва СССР, у 1981 г. вырабляла ў маштабах краіны 52% калій-ных угнаенняў, 22% хімічных валокнаў і, такім чынам, аказалася перанасычанай прадпрыемствамі хімічнай прамысловасці. Пачалася хімізацыя сельскай гаспадаркі: колькасць штучных угнаенняў з 1965 па 1985 г. павялічылася ў 20 разоў.

Такім чынам, эканамічнае развіццё БССР у другой палове 50-х – першай палове 80-х гг. было звязана з гаспадарчымі рэформамі, спробай мадэрнізацыі і пераходам да індустрыяльнага тыпу вытворчасці на аснове ўвядзення комплекснай механізацыі і аўтаматызацыі з улікам дасягнення НТР. Аднак спалучэнне цэнтралізаванага кіраўніцтва эканомікай і эканамічных метадаў кіравання абумовіла яе няўдачу. Сталі відавочнымі негатыўныя з’явы:

1) зніжэнне тэмпаў эканамічнага росту;

2) не ўдалося забяспечыць выхад народнай гаспадаркі БССР на якасна новы навукова-тэхнічны, арганізацыйна-эканамічны ўзровень;

3) не адбылося значнага паляпшэння якасці прадукцыі;

4) недастаткова рашаліся сацыяльныя задачы;

5) не адбылося рашучага зруху ў інтэнсіфікацыі вытворчасці;

6) ускладнілася экалагічная сітуацыя ў выніку бурнага індустры-яльнага развіцця і недаацэнкі прыродаахоўных мер.

Пасля некалькіх спроб абаперціся на аб’ектыўныя эканамічныя законы эканоміка рэспублікі была павернута да адміністратыўных метадаў кіравання, арыентаваных выключна на колькасны, валавы падыход да ацэнкі гаспадарчай дзейнасці, што не магло даць доўгатэрміновага станоўчага выніку.

Асноўныя тэрміны і паняцці

Інтэнсіўны шлях – шлях развіцця, звязаны з ростам вытворчасці на аснове паляпшэння якасных паказчыкаў, перш за ўсё, за кошт укаранення ў вытворчасць дасягненняў навукі і тэхнікі і павелічэння прадукцыйнасці працы.

Прадукцыйнасць працы – эфектыўнасць працы. Вымяраецца колькасцю створанай за адзінку часу прадукцыі або велічынёй часу, патрачанага на вытворчасць адзінкі прадукцыі.

Экстэнсіўны шлях – шлях развіцця, звязаны перш за ўсё з павелічэннем колькасці выпускаемай прадукцыі за кошт росту колькасці працуючых, колькасці прадпрыемстваў і г.д.

Храналогія падзей

Сакавік 1954 г. – адпраўка першых груп беларускай моладзі на засваенне цалінных зямель у Казахстане.

Лістапад 1958 г. – выпуск першых аўтамабіляў на БелАЗе.

1960 г. – выпуск у Мінску першых электронна-вылічальных машын (ЭВМ).

Снежань 1963 г. – пуск Салігорскага калійнага камбіната.

Ліпень 1964 г. – закон “Аб пенсіях і дапамогах членам калгасаў”.

Снежань 1968 г. – адкрыццё ў Мінску ВДНГ БССР.

1960-я–1970-я гг. – стварэнне машынабудаўнічай, радыётэхнічнай, нафтахімічнай прамысловасці, аграрна-прамысловых комплексаў.

70–80 гг. – разгортванне праграмы “Меліярацыя”.

Пытанні для самаправеркі

1. Назавіце найбольш значныя дасягненні БССР у эканамічным развіцці ў 1950–1960-х гг., якія сведчылі аб тым, што рэспубліка пера-тварылася з аграрна-індустрыяльнай у індустрыяльную.

2. Ці былі альтэрнатывы рэформам 60-х гг.? Што прадвызначыла непаслядоўнасць у іх правядзенні? Вызначце вынікі рэформаў для сацыяльна-эканамічнага развіцця.

3. У якой ступені можна гаварыць аб перыядзе 70-х – першай паловы 80-х гг. як аб “застойным”? Акрэсліце галоўныя рысы развіцця прамысловасці і сельскай гаспадаркі ў гэтыя гады.

Соседние файлы в предмете [НЕСОРТИРОВАННОЕ]