- •Установа адукацыі
- •Тлумачальная запіска
- •Змест практыкі
- •Інфармацыйна-метадычная частка
- •Арганізацыя практыкі
- •Крытэрыі ацэнкі справаздачы студэнта па фальклорнай практыцы
- •Крытэрыі выстаўлення адзнак
- •Тэхніка бяспекі падчас праходжання вучэбнай фальклорнай практыкі
- •1. Агульныя патрабаванні бяспекі:
- •2. Патрабаванні бяспекі падчас працы
- •3. Правілы ўнутранага працоўнага распарадку
- •Літаратура
- •Патрабаванні да зместу і афармлення матэрыялаў і дакументаў практыкі
- •Апытальнік для збору фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў
- •Абрадавы фальклор і. Замовы
- •Іі. Каляндарна-абрадавы фальклор.
- •Ііі. Радзінная паэзія
- •Паэзія вясельнага абраду
- •Пахавальныя галашэнні
- •Пазаабрадавая лірыка
- •Празаічныя творы
- •Дзіцячы фальклор
Змест практыкі
Падчас праходжання вучэбнай фальклорнай практыкі вылучаюцца наступныя накірункі дзейнасці студэнтаў, якія забяспечваюць замацаванне тэарэтычных ведаў, авалоданне практычнымі ўменнямі і навыкамі па падрыхтоўцы да самастойнай прафесійнай дзейнасці па спецыяльнасці: збор фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў па асобных цыклах і жанрах (абрадавы фальклор (замовы, каляндарна-абрадавая паэзія, сямейна-абрадавая паэзія) і пазаабрадавы фальклор (пазаабрадавыя песні, празаічныя жанры, малыя фальклорныя жанры, дзіцячы фальклор)), іх камеральная апрацоўка і афармленне для захавання ў архіве.
Збор фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў па асобных цыклах і жанрах
Міфалагічная проза
Збор звестак па персанажах ніжэйшай міфалогіі: духі культурнай прасторы: (дамавік (хатнік), змей, злыдні, кікімара, хлеўнік, лазнік і інш), духі прыроды (балотнік, вадзянік, багнік, ведзьма, ваўкалак, русалкі і інш.), насельнікі неба і паветра (грамаўніца, гарцук, паветрык), жыхары падземнага свету і пекла (чорт, (д’ябал), сатана, бес, нячысты дух, Люцыпар), пякельнікі, прахі; ведзьмакі, чараўнікі, вупыр, ваўкалак, дзікія людзі іншыя нечысці; хваробы і насланні (ліхаманка, халера, начніца, мара, паморак, і інш.).
Касмаганічныя міфы (уяўленні аб сусвеце, аповеды пра стварэнне свету, прыкметы і павер’і, звязаныя з агнём, вадой, зямлёй, паветрам); міфалагічныя ўяўленні, звязаныя з зоркамі, сонцам, месяцам, каметамі, Млечным шляхам. Стыхійныя бедствы і прыродныя з’явы ў мясцовай міфалагічнай традыцыі (навальніца, гром, град, маланка, віхуры, засуха, паводкі, землятрус, пажар). Прыкметы і павер’і, звязаныя з выкліканнем дажджу і засцярогай ад маланкі, навальніцы. Міфалагічныя ўяўленні біблейскага характару: Бог, пекла, рай, анёл-ахоўнік, стварэнне першага чалавека, уяўленні, звязаныя з лёсам, смерцю і пасмяротным жыццём.
Міфалагічныя ўяўленні, звязаныя з рэчыўным светам: сякера, нож, хлебная лапата, засланка, печ, венік, парог, дзяжа, рэшата, грэбень, люстэрка, фартух, пояс, кажух, качарга, шапка, хустка, лапці, вяроўка, частакол, соль, гаршчок, барана, іголка, патэльня, хамут, лыжка, стол і інш.
Міфалагічныя ўяўленні, звязаныя з жывёламі (дзікімі і свойскімі) і птушкамі: кот, сабака, конь, карова, свіння, певень, курыца, воўк, мядзведзь, ліса, заяц, крот, мышы, вавёрка, бусел, галка, варона, сарока, верабей, зязюля, ластаўка і інш.
Міфалагічныя ўяўленні, звязаныя з дрэвамі і раслінамі: асіна, дуб, вярба, бяроза, сасна, яблыня, вішня, каліна, рабіна, папараць-кветка, Іван-ды-Мар’я, жыта.
Каляндарна-абрадавы фальклор
Зімовы цыкл земляробчага календара, структура калядна-навагодняга комплексу: абходныя шэсці калядоўшчыкаў і шчадроўнікаў, рытуальная трапеза, звязаная з падрыхтоўкай трох куццяў; варажба шлюбнага і гаспадарчага характару; прыкметы і павер’і, абрад ваджэння казы (мядзведзя, сабачкі, кабылы, каня, жураўля, бусла і інш.); рытуальны дыялог, які адбываўся паміж гаспадарамі, падчас святкавання першай куцці; рытуальны дыялог, звязаны з закліканнем марозу (у розных мясцовасцях апошні дыялог меў сваю спецыфіку і быў звязаны або з першай, або з другой, або з трэцяй куццёй, або з усімі трыма куццямі); выкананне агульнакалядных або прадкалядных песень, велічальна-віншавальных калядна-шчадроўных песень, адрасаваных гаспадару, гаспадыні, дачцэ, сыну, песень пад назвамі “Васілле”, “Каза”, лірычных песень, прымеркаваных да Каляд; выкананне абрадавых гульняў з элементамі пахавання і вяселля (гульня ў нябожчыка “Памярла наша Мальвіна, памярла”, “Пава з павуком”, “Жаніць бахара” (бахурку), “Жаніцьба Цярэшкі”, “Пекчы ката” і інш.).
Масленічны абрадавы комплекс: распальванне вогнішча, падрыхтоўка пудзіла Масленіцы і яго спальванне, масленічныя стравы (бліны, сыр, масла), варожбы на Масленіцу, масленічныя прыкметы, масленічныя гульні, катанне на конях, ушанаванне маладых шлюбных пар, абрад “Цягаць калодку” (“Цягаць ступу”), звычай вазіць на санках бабу-павітуху, выкананне масленічных песень і песень-вяснянак (у некаторых мясцовасцях абрад “Гуканне вясны” адбываўся на масленічным тыдні).
Гуканне вясны: час загукання вясны (1 сакавіка – на Аўдакею, 9 сакавіка (Соракі), 25 сакавіка – Благавешчанне (Дабравешчанне) (па старому стылю)), выхад на высокае месца, распальванне вогнішча, падрыхтоўка абрадавага печыва ў выглядзе птушак і інш., выбар дзяўчыны на ролю вясны, гушканне на арэлях, выкананне песень-вяснянак, прыкметы і павер’і, звязаныя з гэтым абрадам.
Велікодная абраднасць і паэзія: рытуалы, звязаныя з падрыхтоўкай да Вялікадня; магічнае значэнне “чацвярговай” солі, варожбы на Чысты чацвер, падрыхтоўка і асвячэнне пасхі і іншых рытуальных страў, прыкметы і павер’і, звязаныя з выпечкай пасхі, фарбаванне яек і рытуалы, звязаныя з імі (качанне на магілках, гульня ў біткі (лакальныя асаблівасці)), адорванне яйкамі хрэснікаў, семантыка чырвонага колеру велікоднага яйка, звычай разгаўляцца, выкарыстанне шкарлупіння пасвечаных яек.
Валачобніцтва як абрадавая з’ява не характэрна для фальклору Гомельшчыны, аднак, тэрмін “валачобнае” выкарыстоўваецца ў дачыненні да тых падарункаў, якімі хросныя бацькі адорваюць сваіх хрэснікаў, класіфікацыя валачобных песень.
Юраўскі абрадавы комплекс: звычаі і абрады, звязаныя з першым выганам жывёлы на пашу (жывёлагадоўчая скіраванасць); агледзіны нівы, хаджэнне на юр’еву расу, карагодны абход поля (земляробчая скіраванасць), адорванне пастуха; шлюбны характар юраўскіх песень. Класіфікацыя юраўскіх песень.
Траецкі абрадавы комплекс: абрады “Завіванне вянкоў”, “Кумленне”, “Развіванне вянкоў”, упрыгожванне хаты і падвор’яў зелянінай. Прыкметы і павер’і, звязаныя з “маем”, выкананне траецка-сёмушных песень.
Абрад “Пахаванне стралы” – адметнасць фальклору Усходняга Палесся. Рэгіянальна-лакальныя асаблівасці абраду “Ваджэнне і пахаванне стралы” (“Страла”, “Стрылка”, “Вадзіць сулу”, “Сула”, “Вадзіць стралу”, “Пахаванне стралы”), выкананне “стрэльных” песень.
Абрад “Ваджэнне Куста” (Пінскае Палессе і яго памежжа), Маі (Усходняе Палессе), абрад праводзін русалкі (выбар прыгожай дзяўчыны на ролю русалкі, выбар дачкі русалкі і русаліна (мужчына-праваднік), шэсце з русалкай да жыта, пакіданне русалкі ў жыце, разрыванне ўбрання русалкі, кіданне на качаны капусты), выкананне русальных песень.
Летні цыкл земляробчага календара
Этнаграфічныя звесткі пра Купалле. Агульнае калектыўнае купанне на досвітку, збіранне расы, распальванне вогнішча, скокі праз яго, збор зёлак, пошукі папараці-кветкі, засцярогі ад ведзьмы, назіранне за “гульнёй сонца”, варажба на вянках, розныя купальскія бясчынствы.
Жніўная абраднасць: зажынкі, уласна жніво, дажынкі, абрад “Завіванне барады”, класіфікацыя жніўных песень.
Восеньскі цыкл земляробчага календара
Этнаграфічныя звесткі пра свята “Пакровы”, восеньскія “Дзяды”, “Узвіжанне”, класіфікацыя восеньскіх песень.
Сямейна-абрадавы фальклор
Радзінна-хрэсьбінная абраднасць і паэзія. Прыкметы, павер’і і забароны, звязаныя з цяжарнасцю жанчыны-парадзіхі, родамі і гадаваннем дзіцяці. Хрэсьбіны. Выбар кумоў і бабкі-павітухі, царкоўны абрад “Хрышчэнне” і звязаныя з ім рытуалы, хрэсьбіннае застолле, абрад разбівання “бабінай кашы”, зычэнні і пажаданні нованароджанаму і яго бацькам, першае купанне нованароджанага, ушанаванне бабкі-павітухі.
Вяселле. Час наладжванне вяселляў, структура вясельнай абраднасці: даведкі (прапыткі), сватанне, запоіны, заручыны (змовіны), зборная субота (“Вяночкі”, “Дзявічкі”, “Ёлачка”, “Паненскі вечар” і інш.), каравай, пасад (саджэнне на дзяжу, расплятанне касы, застрыганне, пакрыванне), прыезд дружыны маладога да маладой, выкуп нявесты, шлюб (абрад вянчання), застолле ў хаце маладой, пераезд да маладога, застолле ў хаце маладога, дзяльба караваю, адорванне маладых; паслявясельная частка (“цыганы”, “пярэзвы”, “хвост”, “дуць папялішча”, “куры” і інш.).
Пахаванне. Рытуалы, звязаныя са смерцю нябожчыка і апусканнем труны ў магілу. Мясцовыя асаблівасці пахавальнай абраднасці. Пахавальныя галашэнні.
Замовы
Магія слова і магія дзеяння, іншыя народныя назвы (шэпты, заклінанні, малітвы, загаворы, нагаворы і інш.). Вусны і пісьмовы (сшыткі інфарматараў) спосабы бытавання і захавання замоў, умовы іх выканання. Тэматычная класіфікацыя замоў: замовы, звязаныя з гаспадарчай дзейнасцю чалавека (паляванне, пчалярства, захаванне жывёлы, ураджаю і інш.); лекавыя замовы (ліхаманка, зубны боль, грыжа, пярэпалах, удар, крывацячэнне, сурокі і інш.); замовы сямейна-бытавой тэматыкі (засцярогі ад напасці, ад смерці, нячыстай сілы, звязаныя з нараджэннем дзіцяці, вясельныя і інш.); замовы любоўнага характару (прысушкі, адсушкі); замовы, звязаныя з грамадскімі адносінамі (на поспех у судзе, ад ліхога начальства, армейскія і інш.). Акцыянальны, вербальны і рэальны кампаненты, звязаныя з замовамі.
Падчас запісу замоў важнае значэнне надаецца апісанню тых дзеянняў, якімі суправаджаўся рытуал замаўлення, тлумачэнне семантыкі прадметнай атрыбутыкі, якая выкарыстоўвалася падчас замаўлення. “Партрэтная” характарыстыка носьбітаў замоў. Замовы, звязаныя з календаром і сямейнай абраднасцю.
Пазаабрадавая паэзія
Класіфікацыя пазаабрадавых песень, сямейна-бытавыя (распрацоўваюцца тэмы жаночай долі, сямейнага дэспатызму, узаемаадносіны паміж мужам і жонкай, узаемаадносіны паміж нявесткай і свёкрамі і інш.), любоўныя песні, сацыяльна-бытавыя песні (рэкруцкія, салдацкія, казацкія, батрацкія, бурлацкія, турэмныя і інш.). Жартоўныя і сатырычныя песні, рамансы, прыпеўкі, песні літаратурнага паходжання.
Баладныя песні: міфалагічныя, гістарычныя, навелістычныя, балады-загадкі. Адметнасць міфалагічных балад: асноўны матыў – ператварэнне гераіні ў птушку (зязюлю, ластаўку, салавейку), радзей – у кветкі, дрэвы, каменні, рэчкі. Тэматыка гістарычных балад: татарскі (турэцкі) палон, трагічная сустрэча членаў сям’і пасля палону, выкуп з няволі і інш. Асноўная тэматыка навелістычных балад – сямейныя канфлікты, нешчаслівы лёс. Балады-загадкі змяшчаюць загадкі – выпрабаванне загадкамі-пытаннямі. Класічная фальклорныя балады і балады літаратурнага паходжання, беларускія варыянты вядомых рускіх баладных песень.
Духоўныя вершы і псальмы як вусна-паэтычныя творы на хрысціянскія сюжэты, матывы і вобразы.
Казкавая і няказкавая проза. Казкі пра жывёл, чарадзейныя казкі, сацыяльна-бытавыя казкі. Класіфікацыя няказкавай прозы: легендарная, прымхлівая, рэалістычная і смехавая. Жанравыя віды легенд: міфалагічныя легенды пра стварэнне свету і яго асобных частак, заагенічныя (пра стварэнне жывёл, птушак, раслін, насякомых), антрапагенічныя (пра паходжанне чалавека), эсхаталагічныя (пра канец свету); гістарычныя легенды, у якіх змешчаны звесткі аб этнічнай гісторыі беларусаў, іх паходжанні, расказваецца пра гістарычныя падзеі мінулых часоў, пра гістарычных асоб; тапанімічныя легенды звязаны з геаграфіяй пэўнай мясцовасці, з паходжаннем гарадоў, вёсак, азёр, рэк, курганоў, урочышчаў і іх назваў; маральна-этычныя легенды: асноўны матыў – пакаранне за зло і ўзнагарода за дабро.
Прымхліцы як творы, у якіх распавядаецца аб сутыкненні чалавека са з’явамі звышнатуральнага свету. Бываліцы, апавяданні-ўспаміны (мемуары) як жанры рэалістычнай прозы. Смехавая проза (анекдоты, жарты, досціпы (гумарэскі), небыліцы).
Дзіцячы фальклор. Фальклор для дзяцей і ўласна дзіцячая творчасць, класіфікацыя жанраў дзіцячага фальклору: калыханкі, забаўлянкі, пацешкі, магічныя выкліканні, дзіцячыя гульні, лічылкі, заклічкі, дражнілкі, мірылкі, хітрыкі, адгаворкі, казкі, садысцкія вершы і інш.
Малыя жанры беларускага фальклору
Прыказкі, прымаўкі, загадкі, выслоўі: віды выслоўяў, прыкметы і павер’і, застольныя жарты, скорагаворкі, прыгаворкі і тосты, вітанні, зычанні, праклёны, бажба і інш.
Сучасны гарадскі фальклор
Традыцыйныя жанры фальклору, якія захоўваюцца ў памяці гараджан; уласна гарадскія тэксты, якія распаўсюджваюцца ў вуснай і пісьмовай формах. Вусныя формы: гарадскі абрадавы фальклор (датычыць грамадскага і хатняга быту: паэзія адноўленых каляндарных традыцый, сучасных свят, выпускных вечароў, вечароў-сустрэч, “пасвяшчальных” абрадаў – у салдат, студэнтаў, альпіністаў, турыстаў); гарадскія былічкі, бывальшчыны, мемараты, легенды, міфы, чуткі, плёткі, байкі, малыя формы фальклору (прыказкі, прымаўкі, сучасныя маладзёжныя выслоўі), гарадская фальклорная паэзія, гарадскія рамансы, новыя балады, крычалкі, выразы, прыгаворкі, гарадскі дзіцячы фальклор, фальклор гарасдкіх субкультур (маладзёжнай (“стэб”, “кіч”) студэнцкай (афарызмы, замовы, “малітвы”), армейскай (павер’і, тосты, “маразмы”), блатной (афарызмы, прыказкі, клятвы, праклёны), прафесійны (пажарнікі, рабочыя, медыкі, альпіністы, турысты), камп’ютэрнай, рэгіянальнай (песні адэскага цыкла) і інш.
Пісьмовыя формы: рукапісныя і друкаваныя песеннікі, альбомныя вершы, паэмы і апавяданні (турэмныя, дэмбельскія, школьныя, дзявоцкія), вершаваныя подпісы (да фотаздымкаў, паштовак, лістоў), графіці, “святыя” лісты і “лісты шчасця”.
Інтэрнет-фальклор
Камеральная апрацоўка фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў
Расшыфроўка сабраных матэрыялаў з аўдыя-і відэаносьбітаў. Тэксталагічная работа над расшыфраванымі матэрыяламі.
Афармленне фальклорна-этнаграфічных матэрыялаў для захавання ў архіве
Сабраныя і апрацаваныя матэрыялы афармляюцца згодна з патрабаваннямі, акрэсленымі ў правілах афармлення матэрыялаў і дакументаў практыкі.
