Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
І.docx
Скачиваний:
5
Добавлен:
19.03.2015
Размер:
56.72 Кб
Скачать

І. Вытокі

I.1. Першабытныя людзі

Пачатак гiсторыi Беларусi сягае каменнага веку, перыяду станаўлення старажытнага чалавечага грамадства. Першыя людзi маглi прыйсцi на абшары нашай краiны ўжо ў эпоху мусцье, г.зн. у сярэднiм палеалiце. Пра гэта сведчаць выяўленыя археолагамi на паўднёвым усходзе цяперашняй Беларусi архаічныя крамянёвыя прылады для палявання i апрацоўкi скуры, якiя, мяркуючы па iх характэрных рысах, маглі належаць неандэртальскаму чалавеку, г.зн. іх можна адносіць да перыяду 100 — 40 тыс. гадоў да н.э. Праўда, падобнае датаванне не мае надзейных геалагiчных, археалагiчных i палеанталагiчных падставаў, таму шэраг вучоных аспрэчвае мусцьерскае паходжанне гэтых знаходак. Больш пэўным будзе звязваць пачатак асваення нашай зямлi чалавекам з эпохай позняга палеалiту (ад 40 да 11 тыс. гадоў да н.э.), якой датуюцца добра захаваныя стаянкi людзей, выяўленыя каля вёсак Бердыж i Юравiчы. Людзi, што пакiнулi тут паўзямлянкi, ужо ўмелi выкарыстоўваць агонь, валодалi пласцiнкавай тэхнiкай апрацоўкi каменя. Гэта былi краманьёнцы.

Прыкладна 15 — 14 тысяч гадоў назад з Беларусi сышоў апошнi ледавiк. Пачалася эпоха мезалiту, якая доўжылася да канца V тыс. да н.э. Рэльеф, раслiнны i жывёльны свет паступова набывалi цяперашнi выгляд. Прыходзячы з поўдня або захаду, першабытныя людзi рухаліся ўздоўж рэк і паволі засялялi ўсю цяперашнюю тэрыторыю нашай краiны. Яны жылi ў паўзямлянках родавымi абшчынамi (аснову абшчыны, якая налiчвала 25—30 чалавек, складалi родзiчы па мацi), займалiся паляваннем, рыбалоўствам ды збiральнiцтвам. З родавых абшчын утварылася новая форма сацыяльнай арганiзацыi людзей — племя, якое паклала пачатак фармаванню першых этнiчных супольнасцяў. Колькасць усяго насельнiцтва ў сённяшнiх межах Беларусi магла сягаць тады прыкладна 6 тысячаў.

На апошнiм этапе каменнага веку, у нэалiце, які настаў на нашых землях напрыканцы V тысячагоддзя да н.э., у жыццi першабытных насельнiкаў адбылiся важныя перамены. Пачалася так званая тэхналагiчная рэвалюцыя: чалавек авалодаў новай тэхнiкай апрацоўкi крэменю, пачаў шлiфаваць каменныя прылады працы, навучыўся вырабляць глiняны посуд i iнш. Дзякуючы гэтым дасягненням людзi сталi пераходзiць да аседлага ладу жыцця, асвойваць земляробства ды жывёлагадоўлю. Пацяпленне клiмата i пераход да iнтэнсiўных формаў гаспадарання абумовiлi хуткi рост колькасцi насельнiцтва: на абшарах Беларусi археолагi выявiлi больш за 600 пасяленняў новага каменнага веку.

У III тысячагоддзi да н.э., калi ад сфармаванай у Балкана–Карпацкiм рэгiёне iндаеўрапейскай этнамоўнай супольнасцi пачалi аддзяляцца асобныя дыялектныя групы, плямёны iнда-еўрапейцаў — далёкiх продкаў сучасных еўрапейскiх народаў — дасягнулi i Беларусi. Гэта былi носьбiты культуры шарападобных амфараў, якiя прыходзiлi праз Панямонне i басейн Дняпра. Аднак сапраўды вялiкiя этнiчныя перамены насталi толькi ў канцы III i пачатку II тысячагоддзяў, калi пачаўся перыяд бронзавага веку. Iндаеўрапейскiя плямёны вялiкай этнакультурнай групоўкi, вядомай у навуцы як культура шнуравой керамiкi, рассялiлiся па ўсёй Еўропе, ад Рэйна да Волгi. У Беларусь яны прыйшлi праз басейны Нёмана i Дняпра. Прышлыя насельнiкi ўжо карысталiся бронзавымi прыладамi працы (з чым звязаны пачатак бронзавага веку i на нашай тэрыторыi), займалiся больш прадукцыйнымi формамi гаспадарання — матычным земляробствам i жывёлагадоўляй, жылi ў наземных пабудовах слупавой канструкцыi. Выкарыстанне металiчных прылад працы зрабiла пераварот у развiццi прадукцыйных сiл. Паўсюдна адбываўся пераход да вытворчай гаспадаркi, якая павялiчвала ролю мужчынскай працы. Археалагiчныя матэрыялы з тагачасных пахаванняў сведчаць, што сярод насельнiцтва была ўжо сацыяльная няроўнасць. Жывёлагадоўля i земляробства дазвалялi людзям пакiдаць нешта ў запас, ствараць багацце. Гэта падрывала асновы мацярынскага роду i ставiла на першае месца вялiкую патрыярхальную сям’ю, праца якой была больш прадукцыйнай. Так нараджалася прыватная ўласнасць, якая пазней i пахавала першабытнае грамадства.

Значным этапам у этнiчнай гiсторыi нашай краіны стала яе засяленне iндаеўрапейскiмі плямёнамі ў II тыс. да н.э. Тэрыторыя Беларусі зрабiлася часткай прарадзiмы балтаў i славян. У яе межах найбольш даследаваны старажытнасцi сярэднедняпроўскай культуры, якая ўвасабляла тут этнакультурную групоўку iндаеўрапейцаў. Яе носьбiты доўга суiснавалi з карэнным насельнiцтвам, паступова асiмiлюючы туземцаў. У сярэдзiне II тыс. да н.э. плямёны культуры шнуравой керамiкi злiлiся з ранейшым жыхарствам Беларусi, у вынiку чаго паўстала протабалта–славянская супольнасць — сталае насельнiцтва, якое было ўжо пастаянным дэмаграфiчным фонам на тэрыторыi краю.