Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Ходзін С.М. Крыніцы гісторыі Беларусі.doc
Скачиваний:
206
Добавлен:
10.02.2015
Размер:
1.22 Mб
Скачать

2.2. Этапы развіцця мемуарнай літаратуры на Беларусі

Як і іншыя віды апавядальных крыніц, мемуарныя творы маюць сваю ўласную гісторыю. У яе развіцці можна адзначыць наступныя этапы:

Першы этап акрэсліваецца ў другой палове XVI ст., калі летапісцы аддаюць перавагу сюжэту апавядання, мясцовым падзеям, гісторыі жыцця асобных сем’яў ці дзеячаў. З’яўляюцца творы, якія знаходзяцца на мяжы паміж летапісам і мемуарамі (напрыклад, Баркалабаўскі летапіс). Напачатку аўтар застаецца як бы староннім назіральнікам тых ці іншых падзей, апавядае аб сабе ў трэцяй асобе або ўвогуле не акрэслівае сваё існаванне («Дзённікі паходаў Стэфана Баторыя» і інш.). Але нават у тых творах, дзе асоба аўтара выразна прысутнічае, адзначаецца найбольш істотная, характэрная рыса развіцця мемуарнага жанру другой паловы XVI – XVII ст. – пільная ўвага да грамадскіх падзей у краіне. Уражанні аб убачаным, пачутым і перажытым былі настолькі моцнымі, што прымушалі сведкаў весці запісы, каб пакінуць гэтыя падзеі для гісторыі. Стваральнікамі твораў гісторыка-мемуарнай прозы былі ў асноўным прадстаўнікі шляхецкага саслоўя. У той час немагчыма было знайсці такой шляхецкай сям’і, дзе б ні вяліся дзённікі, і не толькі аб гаспадарчым і асабістым жыцці, але і аб найбольш важных палітычных падзеях, якія адбываліся ў краіне. Таму даследчыкі акрэсліваюць творы гэтага часу як гісторыка-мемуарную літаратуру.

Другі этап у развіцці мемуарнага жанру ў асноўным супадае з XVIII ст. Калі раней, у XVII ст. дыярыушы пераважна бясстрасна фіксавалі падзеі, то цяпер у дзённіках і ўспамінах з’яўляецца суб’ектыўнае «я» аўтара, адлюстроўваюцца яго думкі і пачуцці (эгацэнтрычнасць). Мемуарыстыка ўзбагачаецца ў жанравых адносінах, набліжаецца да мастацкай прозы – прыгодніцкага рамана (І. Турчыноўскі, С. П. Пільштынова), сентыментальнай аповесці-споведзі (Ф. Карпінскі). У мемуарах гэтага часу прыметны традыцыі «жыцейскай», бытавой літаратуры, выкладанне матэрыялаў у форме дзённікавых запісаў, «раманаў у пісьмах». Усе гэтыя змены тлумачацца ўнутранымі зменамі ў тагачасным чалавеку, які ўсё больш усведамляў сябе асобай, індывідуальнасцю. У мемуарнай літаратуры XVIII ст. , як і папярэдняй, разам з тым шмат велізарных прагалаў – слаба паказана жыццё вёскі, амаль адсутнічае горад. Гэта патрабуе супастаўлення і дапаўнення мемуарных твораў іншымі крыніцамі.

Трэці этап акрэсліваецца на пачатку ХІХ ст. і ахоплівае перыяд прыкладна да 1920-х гг. Паступова павялічваецца колькасць твораў мемуарнай літаратуры, заўважны яе паварот да народнага, сялянскага жыцця. Узрастае палітызаванасць, інфармацыйная насычанасць крыніц, аўтары якіх былі ў цэнтры найбольш значных падзей свайго часу. Такая тэндэнцыя асабліва акрэсліваецца з канца 50 – 60-х гг. ХІХ ст. Пашыраецца кола аўтараў, сярод якіх – значная колькасць разначынцаў: чыноўнікаў, служачых, інтэлігентаў, а крыху пазней – купецтва, сялян і рабочых. У іх творах шырока адлюстроўваецца дзейнасць цэнтральнай і мясцовай адміністрацыі, прадстаўнікоў народнай адукацыі, духавенства, жыццё сялянства і розных слаёў гарадскога насельніцтва, становішча арміі і г. д. У гэтых мемуарах асоба ўсведамляецца не сама па сабе, а ва ўзаемасувязі з рознымі грамадскімі групамі. Больш дакладна вызначаюцца грамадска-палітычныя погляды аўтараў. Узмацняецца публіцыстычная накіраванасць, мемуарныя творы набываюць грамадскае гучанне. Павялічваецца ўвага аўтараў да мастацкіх вартасцей мемуараў, яны часцей звяртаюцца да дакументаў і дапаможных матэрыялаў, каб падкрэсліць дакладнасць сваіх слоў. Асаблівасцю мемуарнай літаратуры канца ХІХ – пачатку ХХ ст. становіцца дакладнае вызначэнне аўтарамі сваёй сацыяльнай ці нацыянальнай прыналежнасці, грамадска-палітычных і ідэйных пазіцый.

Чацвёрты этап, як і папярэднія, не мае дакладнай храналагічнай мяжы. Ён акрэсліваецца з пачаткам паступовага ўстанаўлення Савецкай улады на тэрыторыі Беларусі. Мемуары гэтага часу ўсё больш вызначаюцца ў якасці зброі ідэалагічнай і палітычнай барацьбы. Актыўна збіраюцца і публікуюцца ўспаміны ўдзельнікаў рэвалюцыйных падзей другой паловы ХІХ – пачатку ХХ ст., Кастрычніцкага перавароту (ці, як пазней яго называлі, – рэвалюцыі), грамадзянскай вайны (1920 – 1930-е гг.). Мемуарысты адшукваюць тыповыя сітуацыі, тыповыя вобразы, прыходзяць да разумення тыповасці сваёй індывідуальнасці («я» – як і «ўсе»), дэманструюць непарыўнасць свайго лёсу з лёсам краіны, народа. Новым штуршком развіцця мемуарнай літаратуры стала барацьба з фашызмам у 1941 – 1945 гг. Узрастае колькасць мемуараў, а таксама з’яўляюцца новыя іх разнавіднасці: успаміны-анкеты, стэнаграфічныя і літаратурныя запісы ўспамінаў. Мемуары часам набываюць навуковую вартасць не толькі як крыніца, але і даследаванне (успаміны кіраўнікоў партызанскага руху П. К. Панамарэнкі, П. З. Калініна і інш.).

З пачатку 1960-х гг. з’яўляюцца таксама ўспаміны дзеячаў культуры (З. Азгура, П. Мядзёлкі, А. Карпюка і інш.), савецкіх і партыйных кіраўнікоў, якія не ўдзельнічалі ў партызанскім і падпольным руху (К. Кавалёва).

Апошні, пяты, этап яшчэ толькі акрэсліўся з канца 1980-х гг. Яго характэрнымі рысамі, у адрозненне ад папярэдняга, сталі меншая ступень заідэалагізаванасці твораў, публікацыя тых з іх, што не маглі ўбачыць свет (успаміны рэпрэсiраваных, дзеячаў беларускай эміграцыі), імкненне выказаць тое, што не змаглі раней (у гэтым сэнсе асабліва паказальныя ўспаміны А. Карпюка «Развітанне з ілюзіямі»). Жыццё працягваецца, а значыць, працягваецца і гісторыя мемуарнага жанру.