Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Ходзін С.М. Крыніцы гісторыі Беларусі.doc
Скачиваний:
206
Добавлен:
10.02.2015
Размер:
1.22 Mб
Скачать

1.7.3. Іі беларуска-лiтоўскi звод

Да спiсаў II беларуска-літоўскага зводу адносяць летапiсы: Красiнскага, Патрыяршы А i Б, Альшэўскi, Археалагiчнага таварыства, Румянцаўскi, Цiханравава, Пазнанскi, Еўраiнаўскi. Для ўсiх iх характэрнае злучэнне двух асобных летапiсных помнiкаў: 1) легендарнай гiсторыi аб паходжаннi князёў i шляхты Вялiкага княства Лiтоўскага ад знатных рымлян («Хронiкi») i 2) «Летапiсца вялiкiх князёў лiтоўскiх». З’яўленне легендарнай часткi (уласна «Хронiкi») выклiкана iмкненнем паказаць шляхту ВКЛ не менш, а то i больш радавiтай, чым шляхта Кароны, адказаць на распаўсюджаную ў Еўропе легенду аб паходжаннi дынастыi вялiкiх князёў лiтоўскiх ад конюха і пацвердзіць сваё права на рускія землі (права заваёвы). Легенда была выкарыстана маскоўскiм бокам, каб паказаць узурпацыю лiтоўскiмi князямi ўлады над рускiмi землямi. Калi жонкай Васiля III стала Алена Глiнская з Лiтвы, гэтае пытанне не ставiлася жорстка, аднак iснавала рэальная патрэба абгрунтаваць старажытную радаслоўную ўладароў ВКЛ.

Да таго ж аб’яўленне Івана ІІІ «гасударом усея Русі» выклікала неактуальнасць «агульнарускай» часткі, як і ўжывання назвы «рускае». Неабходна было новае абгрунтаванне правоў на «рускія землі» («па праву мяча»), якое, дарэчы, ёсць ужо ў першым зводзе пры вызначэнні правоў на Падолле. Нельга таксама адмаўляць выразнае ўзмацненне жамойцкага патрыятызму, рост цiкавасцi жамойтаў да сваёй гiсторыi. Узнiкненне ў такiх умовах твора яскрава лiтоўскага па сваім характары было вельмi надзённым.

Першая (легендарная) частка ІІ беларуска-літоўскага зводу мае поўную назву «Хронiка Вялiкага княства Лiтоўскага i Жамойцкага». Слова «рускага» адсутнiчае невыпадкова. «Хронiка...», найбольш верагодна, узнiкла ў 20-я гг. XVI ст. у асяроддзi вядомых магнатаў ВКЛ Гаштольдаў i Гальшанскiх, паходжанне якiх у творы выводзiцца непасрэдна ад нашчадкаў рымскай знацi ва ўмовах, калi гаспадаром усiх рускiх зямель называў сябе маскоўскi вялiкi князь. Аўтар «Хронiкi...» пачынае сваё апавяданне з эпохi рымскага iмператара Нерона (I ст. н. э.). Сваёй жорсткасцю гэты дыктатар наводзiў такi жах на рымлян, што асобныя з iх вымушаны былi, ратуючы сваё жыццё i маёмасць, уцякаць з Iталii. I вось адзiн «княжа» (патрыцый) Палемон, «который же цесар Нерону был кровным», сабраў 500 падначаленых яму людзей – добраахвотнiкаў з сем’ямi i накiраваўся шукаць больш бяспечныя землi. Праз некаторы час «эмiгранты» праз Балтыйскае мора прыплылi да вусця Нёмана, паднялiся ўверх па яго цячэнні. Мясцовасць, дзе яны апынулiся, палiчылi прывабнай i пачалi «размноживатися». Пры гэтым асаблiва падкрэслiваецца значэнне Жамойцi: «и от того часу панство Литовское пачалося звати и множити от Жомоити». Аднаўляючы генеалогiю лiтоўскiх князёў, аўтар «Хронiкi...» «не абцяжарваў сябе пошукамi неабходных iмёнаў: частку з iх ён перайначыў з Iпацьеўскага летапiсу, частку вывеў ад гарадоў i рэк (Каўнас – Кунас, Нёман – Неманас, Гальшаны – Гольша i г. д.) Апавяданне даводзiлася да Гедымiна, якi, згодна легендзе, заснаваў новую сталiцу княства – Вiльню.

Можна меркаваць, што прыкладна ў гэты ж час (1520 – 1530-я гг.) «Хронiка...» была злучана з «Летапiсцам вялiкiх князёў лiтоўскiх», якi пачынаў генеалогiю князёў ад Гедымiна. Пры гэтым ён быў iстотна перапрацаваны. Паказальна, што «агульнаруская» частка (якая ўжо ў Слуцкай рэдакцыi I беларускага зводу аднесена на апошнi план) у ІІ зводзе зусiм адсутнiчае.

Першапачатковы тэкст ІІ беларуска-літоўскага зводу, у склад якога ўвайшла «Хронiка Вялiкага княства Лiтоўскага i Жамойцкага» разам з «Летапiсцам вялiкiх князёў лiтоўскiх», у 40-я гг. XVI ст. быў дапоўнены новымi летапiснымi матэрыяламi. Была таксама зроблена iстотная рэдак-тарская апрацоўка ўсяго тэксту: скарочана адно апавяданне, пашырана другое, унесены дапаўненнi, заменены асобныя прозвiшчы герояў, уведзены падзагалоўкi. Гэта дало падставу даследчыку В. А. Чамярыцкаму вызначыць у складзе ІІ зводу тры рэдакцыi: 1) кароткую (летапiс Красiнскага i блiзкi да яго Патрыяршы А); 2) пашыраную (Патрыяршы Б, Румянцаўскi, Альшэўскi, Археалагiчнага таварыства, Цiханравава); 3) поўную (Пазнанскi i Рачынскага). Узнiкненне поўнай рэдакцыi ён датуе першай паловай 50-х гг. XVI ст.lxxv.

Такiм чынам, мы можам назiраць паступовую эвалюцыю летапiсання ў Вялiкiм княстве Лiтоўскiм, чарговым этапам якой стаў III беларускi звод, цi «Хронiка Быхаўца».