- •Гісторыя беларусі і сусветная цывілізацыя Вучэбны дапаможнік для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў
- •Казакоў ю. Л., Каханоўскі а. Г., Коршук у. К., Кошалеў у. С., Ладысеў у. Ф., Лойка п. А., Фядосік в. А., Ходзін с. М., Цяплова в. А., Яноўскі а. А.
- •Уводзіны
- •Перадгісторыя: асноўныя этапы станаўлення чалавецтва
- •Неалітычная рэвалюцыя і перадумовы ўзнікнення цывілізацый
- •Міграцыі і перасяленні народаў у старажытнасці
- •1. Індаеўрапейцы
- •2. Балты
- •3. Славяне
- •4. Германцы
- •«Вялікае перасяленне народаў» і яго вынікі
- •Сярэднявечны свет I Беларусь у V—XII ст. Ля вытокаў заходнееўрапейскай цывiлiзацыi
- •Этнасацыяльныя, гаспадарчыя і палітычныя пРаЦэсы на тэрыторыі усходняй еўропы (V—XII ст.)
- •ЕЎропа I Вялiкае княства ЛiтоЎскае ў XIII—XVI ст. Заходняя Еўропа ў XIV—XV ст.
- •Феадальная раздробленасць русі і яе наступствы
- •Вялiкае княства Лiтоўскае: памiж Усходам I Захадам
- •Сацыяльна-эканамiчнае I культурнае развiццё Вялікага Княства Літоўскага
- •Новы час: перыядызацыя і асноўны змест
- •Ад сярэднявечча да новага часу
- •Еўропа ў XVI—XVII ст.: сацыяльна-эканамічныя і палітычныя працэсы
- •Адраджэнне I рэфармацыя на беларусi
- •Кансалідацыя беларускай народнасці
- •Барацьба за гегемонію ва усходняй Еўропе Эпоха Асветы: сутнасць, характар і гістарычнае значэнне
- •Буржуазныя рэвалюцыі XVII—XVIII ст. Англійская рэвалюцыя XVII ст.
- •Англійская рэвалюцыя xviiі ст.
- •Першая амерыканская рэвалюцыя і ўтварэнне зша
- •Французская рэвалюцыя
- •Фарміраванне індустрыяльнай цывілізацыі
- •Беларусь у першай палове XIX ст.
- •Станаўленне буржуазнага грамадства і нацыянальнае адраджэнне Беларусі (другая палова хіх ст.) Рэформы 1860—1880-х гг.
- •Паўстанне 1863 г.
- •Асаблівасці развіцця эканомікі Беларусі
- •Грамадска-палітычны рух
- •Эвалюцыя беларускай нацыі. Культурнае жыццё
- •Першая сусветная вайна
- •Рэвалюцыi ў Расii ў пачатку хх ст.
- •Беларускае грамадства ў пачатку хх ст.
- •Стварэнне ссср і беларускай дзяржаўнасці
- •Свет у міжваенны перыяд
- •Краіны Заходняй Еўропы і зша ў 1918—1939 гг.: асноўныя кірункі ўнутранай палітыкі
- •Змены ў сацыяльна-эканамічнай сістэме бсср на працягу 1920—1930-х гг.
- •Індустрыялізацыя і калектывізацыя. Іх асаблівасці на Беларусі
- •Грамадска-палітычная сістэма бсср у 1920—30-я гг. Грамадска-палітычнае жыццё бсср на пачатку 1920-х гг.
- •Культура беларускага народа
- •Другая сусветная вайна Прычыны і характар Другой сусветнай вайны
- •Уз’яднанне Беларускага народа. Пачатак Вялікай Айчыннай вайны
- •Беларусь ва ўмовах супрацьстаяння і канфрантацыі звышдзяржаў Праблемы эканамічнага развіцця і мадэрнізацыі
- •Грамадска-палітычнае жыццё бсср у пасляваенны час
- •Культура Беларусі ў другой палове хх ст.
- •Пошукі новай мадэлі грамадскага ладу на мяжы 1980—1990-х гг. Хх ст.
- •Утварэнне рэспублікі беларусь
- •Распад ссср і ўтварэнне снд
- •Барацьба за выбары шляхоў далейшага развіцця беларускай дзяржавы
- •Рэспубліка Беларусь — раўнапраўны член сусветнай супольнасці
- •Духоўнае жыццё беларускага грамадства на мяжы хх—ххі ст.
- •Гісторыя беларусі і сусветная цывілізацыя Дапаможнік для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў
Этнасацыяльныя, гаспадарчыя і палітычныя пРаЦэсы на тэрыторыі усходняй еўропы (V—XII ст.)
Разлажэнне родапляменнага ладу ва Усходняй Еўропе суправаджалася складваннем асноўных этнічных супольнасцей, з іх выйшлі народы, якія цяпер насяляюць яе тэрыторыю. Істотныя змены на ўсходнееўрапейскай карце, перш за ўсё былі звязаны з актыўнай славянскай каланізацыяй.
Славяне адасобіліся ў сярэдзіне II тыс. да н. э. ад індаеўрапейскай супольнасці, якая ўключала таксама балтыйскую (балцкую), германскую, раманскую, іранскую і іншыя моўныя групы. Пытанне аб прарадзіме ранніх славян (праславян) да гэтага часу застаецца спрэчным. Найстаражытнейшы рускі летапіс «Аповесць мінулых гадоў» (пачаў весці ў пачатку XII ст., манах Пячорскага манастыра ў Кіеве Несцер) адзначае, што праславяне размяшчаліся па цячэнні Дуная. Аднак летапісныя весткі не падмацоўваюцца археалагічнымі і лінгвістычнымі дадзенымі. Большасць спецыялістаў арыентуецца на прастору паміж рэкамі Одэр і Вісла. Частка даследчыкаў пашырае вісла-одэрскі рэгіён да межаў Сярэдняга Дняпра.
У III—VI ст. н. э. славяне былі ўцягнуты ў заключную стадыю Вялікага перасялення народаў і рассяліліся на тэрыторыі Цэнтральнай, Усходняй і Паўднёва-ўсходняй Еўропы. У сачыненнях усходніх і заходнееўрапейскіх аўтараў таго часу адзначаецца неаднастайнасць славянскага свету. Адбываецца раздзяленне славян на тры галіны: паўднёвыях, заходнія і ўсходнія.
Геаграфічнае месцазнаходжанне славянскага свету зрабіла яго сваеасаблівым звяном паміж феадальнай Заходняй Еўропай, якая ўспрыняла традыцыі і дасягненні антычнасці, і напаловудзікай Азіяй, абумовіла актыўны ўдзел славян у гістарычных дзеяннях.
Распаўсюджванне славян на вялізнай прасторы Усходне-Еўрапейскай раўніны адбывалася на працягу доўгага часу. Славяне паступова занялі дамінуючае становішча сярод этнасаў, якія пражывалі тут здаўна, — балцкіх, фіна-ўгорскіх і цюрскіх плямёнаў. У цэлым гэта была паступовая інфільтрацыя (прасочванне). Разам з тым праяўляліся і элементы супрацьстаяння. Асіміляцыі славянскімі плямёнамі мясцовага насельніцтва спрыялі больш высокі ўзровень развіцця і іх шматлікасць. Адчуваўся і адваротны ўплыў.
У VIII—IX ст. на вялізнай тэрыторыі басейнаў Дняпра, Заходняй Дзвіны, Сожа, Дзясны, Акі, вытокаў Волгі, на возеры Ільмень пражывалі да 15 славянскіх саюзаў плямёнаў (паляне, драўляне, дрэгавічы, радзімічы, ільменьскія славяне (славены), северане, улічы, ціверцы, «белыя» харваты, дулебы, валыняне бужане, крывічы, палачане, вяцічы). Кожны з саюзаў уключаў да 10—12 плямёнаў (назвы невядомы).
Суседзямі ўсходніх славян выступалі ўласна прадстаўнікі заходняго славянства і частка паўднёвых славян (балгары). На паўночным захадзе ад славян пражывалі балцкія і фіна-ўгорскія плямёны — продкі літоўцаў, латышоў, эстонцаў.
Асобы падтэкст у ранняй гісторыі славянства мела ўзаемадзеянне з народамі Скандынаўскага паўвострава (варагамі, нарманамі, вікінгамі). Летапісныя даныя сведчылі пра «звериньски образ» жыцця славян, пра пакліканне ў 862 г. на княжанне ў Ноўгарад варажскага князя Рурыка, пра тое, як захапіў уладу ў Кіеве ў 882 г. іншы вараг, Алег, пра тое, як аб’яднаў ён Наўгародскую і Кіеўскую землі. Усё гэта дала падставу нямецкім гісторыкам XVIII ст. Г. З. Байеру, Г. Ф. Мілеру і А. Л. Шлёцару, якія знаходзіліся на рускай службе і вывучалі мінулае Расіі, зрабіць вывад, што дзяржаўнасць ва ўсходніх славян узнікла выключна пад варажскім уплывам («нарманская тэорыя»).
Сапраўды, варажскае паходжанне першых усходнеславянскіх князёў — факт бясспрэчны. Магчыма, нарманы спрыялі ўстанаўленню княжскага апарату ўлады на ўсходнеславянскай тэрыторыі. Можа быць, у іх жа запазычана назва ўсходнеславянскага дзяржаўнага аб’яднання — Русь. Аднак вытокі дзяржаўнасці ва ўсходніх славян, як і ў іншых этнасаў, безумоўна, неабходна шукаць перш за ўсё ў сацыяльна-эканамічных, палітычных, прававых, псіхалагічных фактарах уласна іх унутранага развіцця.
Велізарнае ўздзеянне на ўсходніх славян аказвала Візантыйская імперыя. У параўнанні з «нарманскім варыянтам» гэтае ўздзеянне было значна больш планамерным: можна гаварыць аб эканамічным, палітычным, ваенным і культурным уплыве Візантыі на Русь. Паміж імі існаваў актыўны гандаль-абмен (шлях «из варяг в греки» звязваў Балтыйскае і Чорнае мора). Славяне пастаянна ваявалі з Візантыяй (асабліва тут вызначаўся сваімі паходамі кіеўскі князь Святаслаў (957—972 гг.)). У X—XVI ст. усходнеславянская дынастыя Рурыкавічаў эвалюцыяніравала па візантыйскаму «ўзору» (князь — вялікі князь — цар). Менавіта з Канстанцінопаля ў 998—989 гг. на Русь прыйшла адна з сусветных рэлігій — хрысціянства з яго асноўным напрамкам — праваслаўем. Актыўная хрысціянізацыя ўсходнеславянскіх тэрыторый, якая распачалася пры князю Уладзіміру (980—1015 гг.), расцягнулася на стагоддзі (старажытныя славяне як язычнікі абагаўлялі сілы прыроды: яны пакланяліся галоўнаму бажаству — Сварогу, а таксама богу сонца — Дажбогу, богу навальніцы — Перуну, богу ветру — Стрыбогу, заступніку жывёлагадоўлі — Вялесу (Воласу)). Аднак ужо з самага пачатку праваслаўе і яго царкоўная арганізацыя пачалі садзейнічаць узмацненню княжаскай улады, умацаванню міжнароднага становішча Старажытнарускай дзяржавы, развіццю культуры Кіеўскай Русі.
Шматлікія этнасы — мардва, весь, карэла, чудзь, мера, торкі, чарамісы, печанегі, хазары, полаўцы, татары — з’яўляліся паўночна-ўсходнімі, усходнімі і паўднёва-ўсходнімі суседзямі Русі на пэўных этапах яе развіцця. (Стэпаваму этнасу, яго ўплыву на жыццё славян зараз удзяляецца самая пільная ўвага (тут вельмі вялікае значэнне мелі распрацоўкі вядомага гісторыка і этнографа Л. М. Гумілёва)). Ва ўзаемаадносінах славян з усходнімі суседзямі пераважалі элементы барацьбы, сутыкненняў. Прычым павышаная ваяўнічасць зыходзіла з боку апошніх (яна абумоўлівалася асаблівасцямі спосабу жыцця качэўнікаў).
На пэўным этапе развіцця частка ўсходнеславянскіх тэрыторый з’яўлялася даннікам стэпавікоў. Так, у сярэдзіне VII cт. цюркскія паўкачавыя плямёны хазар у нізоўях Волгі і ў Прыазоўі заснавалі вялікую і магутную раннефеадальную дзяржаву — Хазарскі каганат (сталіца Іціль знаходзілася на месцы сучаснай Астрахані). У VIII ст. паляне, севяране, вяцічы былі вымушаны выплачваць хазарам даніну. Алеж пры ўсім хазары стрымлівалі націск на Русь качэўнікаў з Усходу.
З узмацненнем Кіеўскай Русі паступова пачаў праяўляцца адваротны працэс. У 965—966 гг. князь Святаслаў разграміў Хазарскі каганат. Разам з тым у 972 г. ён сам зведаў напад печанегаў на дняпроўскіх парогах падчас вяртання з візантыйскага паходу (гэтыя качэўнікі ў канцы Х — пачатку XI ст. жылі ў нізоўях Дняпра).
Пры Уладзіміры на небяспечных паўднёва-ўсходніх рубяжах Русі была створана моцная абарончая сістэма крэпасцей. Таксама была арганізавана служба разведкі і апавяшчэння, што пазбавіла качэўнікаў перавагі раптоўнасці нападу, імклівасці перамяшчэння і ўвогуле аслабіла іх націск. Канчаткова напады печанегаў спыніліся пасля таго, як у 1036 г. пад Кіевам іх перамог Яраслаў Мудры (1019—1054).
Сур’ёзнай пагрозай для Русі з сярэдзіны XI ст. былі полаўцы. Гэтыя стэпавікі пацяснілі печанегаў і размясціліся паміж рускімі землямі і Чорным морам. Паспяхова змагаўся з полаўцамі Уладзімір Манамах (1113—1125 гг.). Ва ўзаемаадносінах рускіх князёў з палавецкімі ханамі былі і адносна спакойныя перыяды «мірнага суіснавання». Менавіта полаўцы выступілі саюзнікамі Русі ў яе першым сутыкненні з мангола-татарамі ў 1223 г. на р. Калцы. У далейшым полаўцы, пацярпеўшы ў чарговым сутыкненні знішчальнае паражэнне ад татараў, ужо не з’яўляліся небяспекай для Русі. Аднак татары, у сваю чаргу, сталі значна больш грознымі праціўнікамі славян. Другую палову XIII—XV ст. — перыяд мангола-татарскай заваёвы Русі і золатаардынскага ярма — можна лічыць апагеем азіяцкага ўплыву на ўсходнеславянскія тэрыторыі.
Безумоўна, трэба пагадзіцца з У. У. Ключэўскім, які адзначаў, што «барацьба са стэпавымі качэўнікамі… якая працягвалася з VIII да канца XVIII ст., — найцяжэйшы ўспамін рускага народу, які можа пакрыць не адзін еўрапейскі недахоп у рускай гісторыі».
Гаспадарчая дзейнасць усходніх славян мела комплексны характар, інакш кажучы, з’яўлялася спалучэннем усялякіх яе відаў. Дамінуючае становішча пры гэтым займала земляробства. Прычым яго развіццё ажыццяўлялася не ў самых спрыяльных прыродных і кліматычных умовах (а на ранняй стадыі менавіта гэтыя абставіны з’яўляюцца асновай для добрых і стабільных ураджаяў). Геаграфічна Русь можна было аднесці да паўночных рэгіёнаў. У перыяд станаўлення дзяржаўнасці ўсходнія славяне пражывалі ў асноўным у зоне змешаных лясоў (лес сам па сабе — перашкода), дзе пераважала глеба, якая змяшчала вельмі мізэрнае пажыўнае рэчыва. Вялікія стэпавыя чарназёмныя масівы, якія знаходзіліся па суседству на ўсходзе, доўгі час належалі варожым Русі этнасам (актыўнае пранікненне ў стэп пачалося толькі ў сярэдзіне XVI ст., а канчаткова гэтыя тэрыторыі былі далучаны да Расіі ў канцы XVIII ст). Клімат сярэднявечнай Русі можна аднесці да кантынентальнага тыпу (спрыяльны ўплыў Атлантыкі тут адчуваўся значна меней, чым у краінах Паўночнай Еўропы). Характэрным было паніжэнне зімовай тэмпературы па меры прасоўвання на ўсход. У сувязі з гэтым Сібір, асваенне якой пачалося ў сярэдзіне XVI ст., з яе неабмежаванымі запасамі ворнай зямлі аказалася не зусім зручнай для земляробства. Тэрытарыяльнае і сезоннае размеркаванне ападкаў таксама не спрыяла ўсходнім славянам у развіцці земляробства (па меры прасоўвання на паўднёвы ўсход, дзе знаходзілася найбольш каштоўная глеба, іх інтэнсіўнасць зніжалася). Наогул тэрытарыяльныя і прыродныя ўмовы дазвалялі жыхарам Усходняй Еўропы займацца непасрэдна палявой працай усяго 5—6 месяцаў у год (у Заходняй Еўропе 8—9 месяцаў) і разам з тым на 2—3 месяцы, у параўнанні з заходнееўрапейскім «варыянтам», павялічвалі перыяд неабходны для ўтрымання жывёлы ў гаспадарчых памяшканнях.
У Старажытнай Русі земляробства — асноўны від гаспадарчай дзейнасці — мела выразны экстэнсіўны характар (перш за ўсё выкарыстоўвалася магчымасць пашырэння пасяўных плошчаў за кошт прыцягнення дадатковых матэрыяльных і людскіх рэсурсаў). У залежнасці ад прыродных і іншых абставін спачатку славяне арыентаваліся на лядную, абложную і ялавінную сістэмы земляробства. У далейшым здзяйсняўся пераход да ўласна ворнага земляробства — двухполля (як паказваюць археалагічныя раскопкі, азімыя вырошчвалі ўжо ў IX—X ст.) і трохполля. Вырошчваліся разнастайныя сельскагаспадарчыя культуры: пшаніца, жыта, якое паступова выходзіла на асноўныя пазіцыі, проса, ячмень, авёс, грэчка, рэпа, боб, лён, гародніна. Прыкметнай рысай земляробчай вытворчасці сярэднявечнай Русі быў руцінны характар прылад працы, якія выкарыстоўваліся пры ворыве (на стадыі ворнага земляробства — рала, саха, плуг).
Як і ў Еўропе наогул, у перыяд усталявання земляробства ўсходнія славяне атрымлівалі ўраджай у межах «сам — 3». У далейшым у заходнееўрапейскім рэгіёне назіралася рэзкае павышэнне ўраджайнасці (да «сам — 8» — «сам — 10» у краінах развітой сельскай гаспадаркі). Ва Усходняй Еўропе ўсё заставалася на ранейшым узроўні. Гэтага было недастаткова для паступальнага эканамічнага і палітычнага развіцця Русі (Расіі).
Нягледзячы на цяжкасці з прычыны доўгай зімы, значнае месца ў гаспадарчай дзейнасці ўсходніх славян займала жывёлагадоўля. Гэта забяспечвала іх ежай і вопраткай, дапамагала ў земляробстве.
У межах Усходняй Еўропы былі развіты разнастайныя промыслы — паляванне, рыбалоўства, бортніцтва. Высокага ўзроўню тут дасягнула рамесніцтва. Прычым ткацтвам, дрэваапрацоўкай, ганчарствам займаліся амаль у кожнай гаспадарцы. Як і ў іншых рэгіёнах, існаванне натуральнай гаспадаркі, дзе выраблялася большая частка ўсяго неабходнага, складала адну з характэрных рысаў эканомікі сярэднявечнай Русі. Разам з тым ужо на ранняй стадыі развіцця металаапрацоўка, кавальская, ювелірная справа, паступова аддзяляюцца ад сельскагаспадарчай працы, становяцца самастойнымі заняткамі. Узнікаюць адпаведныя рамесныя цэнтры — паселішчы. З часам яны робяцца таксама цэнтрамі абмену і гандлю (адпаведна вызначаюцца асобы, для якіх такая дзейнасць набывае значэнне прафесійных заняткаў). Ужо ў IX—X ст. на ўсходнеславянскіх землях з’явіліся гарады Кіеў, Ноўгарад, Полацк, Ладага, Растоў і іншыя.
Доўгі час асноўнай сацыяльнай адзінкай з’яўлялася радавая абшчына. Гэта быў калектыў сваякоў, якія вялі асобную гаспадарку. Прымітыўныя сістэмы земляробства фізічна не дазвалялі асобным сем’ям займацца гаспадарчай дзейнасцю самастойна. Пры пераходзе да ворнага земляробства адбылося фарміраванне суседскіх (тэрытарыяльных) абшчын. Такія аб’яднанні з некалькіх сем’яў (неабавязкова сваякоў) выкарыстоўвалі агульныя ворныя землі, сенажаці, лясы, вадаёмы, аднак арыентаваліся ўжо на вядзенне самастойных гаспадарак. Зведаўшы істотныя змены, пры адпаведнай падтрымцы ўлад, абшчына праіснавала ва ўсходняй Еўропе да самага пачатку ХХ ст. (яе ліквідацыя стала асновай сталыпінскай аграрнай рэформы).
Магчымасці вядзення індывідуальных гаспадарак былі рознымі (істотная розніца ў колькасці паўнацэнных працаўнікоў і г. д.), таму сярод абшчыннікаў зараджалася маёмасная няроўнасць (багатыя, збяднелыя, бедныя). На гэтай аснове праяўлялася ўжо і сацыяльнае размежаванне (феадалы-землеўладальнікі і залежныя абшчыннікі).
Сацыяльна-эканамічны лад Старажытнай Русі меў пераходны характар: феадальны ўклад, які паступова тут фарміраваўся, змяшчаў у сабе шмат архаічных рыс. Незавершанасць працэсу ператварэння свабодных абшчыннікаў («людзей») у залежных асоб дазволіла даследчыкам (І. Я. Фраянаў і інш.) аднесці Кіеўскую Русь да раннефеадальных дзяржаў.
Асаблівасцю феадалізму на Русі (у Расіі) з’яўлялася адсутнасць тут класічнай формы васальна-сеньярыяльных адносін, якія былі ўласцівы феадальнай Заходняй Еўропе. У ролі ўплывовага калектыўнага феадала ва ўсходняй Еўропе выступала дзяржава.
Сацыяльную групу феадалаў-землеўладальнікаў на Русі складалі, перш за ўсё, князі і іх дружыннікі. Зямля, якую апошнія атрымлівалі за службу, паступова станавілася спадчыннай уласнасцю (вотчынай), а яны самі — баярамі. Саслоўе феадалаў таксама папаўнялася за кошт племянной знаці, язычніцкіх жрацоў, а пазней — хрысціянскіх свяшчэннікаў, часткі простых абшчыннікаў. У перыяд феадальнай раздробленасці і падчас складвання Расійскай цэнтралізаванай дзяржавы фарміравалася памесная сістэма феадальнага землеўладання. Уладальнікі маёнткаў (памесцяў) — дваране — атрымлівалі іх на ўмовах нясення дзяржаўнай службы. Паступова дваранства склала асноўную масу феадалаў.
У межах феадальных адносін, якія паступова фарміраваліся на Русі, абшчыннікі атрымлівалі магчымасць карыстацца зямельным фондам дзяржавы ці феадалаў і весці самастойныя гаспадаркі. Такія ўмоўныя ўладальнікі зямлі вымушаны былі аддаваць частку вырабленай прадукцыі сапраўдным яе гаспадарам. Як і ў іншых рэгіёнах, зямельная (феадальная) рнта на Русі (у Расіі) мела тры формы, якія ўяўлялі сабой паншчыну, натуральны аброк і чынш. З’яўляючыся найбольш простай з іх па механізму дзеяння, паншчына ва ўсходнеславянскім грамадстве набрала сілы ў адносна позні час. Вызначальнае значэнне тут спачатку меў натуральны аброк. Для ўсталявання чыншу была неабходна пэўная ступень развіцця таварна-грашовых адносін.
Падчас фарміравання ва ўсходнеславянскім грамадстве дзяржаўнасці і ў перыяд развіцця Старажытнарускай дзяржавы асноўную катэгорыю складалі свабодныя земляробы — «смерды». Разам з тым з’яўляюцца і залежныя асобы, і іх кола ўвесь час пашыраецца. Формы і ступені залежнасці былі разнастайнымі: частковая ці поўная страта асабістай свабоды, розныя варыянты эканамічнага прымусу. Так, часова абавязанай асобай быў «закуп», які працаваў у лік пагашэння доўгу (пазыкі-«купы»), а таксама «радовіч», які падпарадкоўваўся феадалу праз заключэнне дагавору («рада»). Паступова для абазначэння масы залежнага насельніцтва на Русі (Расіі) пачаў выкарыстоўвацца абагульняючы тэрмін — «сяляне» (па-руску — «крестьяне»; вытворнае ад паняцця «хрысціяне»).
Сукупнасць традыцыйных для перыяду разлажэння родаплямённага ладу сацыяльна-эканамічных, палітычных, прававых, псіхалагічных фактараў развіцця ўсходніх славян прывяла да складвання ў іх дзяржаўнасці. Гэты асноўны інстытут палітычнай сістэмы цывілізаванага грамадства ўзнікае як патрэбнасць ў арганізацыі знешняй абароны, а таксама ў вырашэнні ўнутраных пытанняў. Неад’емнымі прыметамі дзяржавы становяцца спецыяльныя органы кіравання, санкцыянаваная ўладамі сістэма прававых нормаў, наяўнасць пэўнай тэрыторыі, на якую распаўсюджваюцца дадзеныя законы.
Утварэнне Старажытнай (Кіеўскай) Русі — усходнеславянскай дзяржавы, у межах якой у IX—XII ст. здзяйсняўся пераход ад раннефеадальнага грамадства да феадальнага — адбывалася шляхам аб’яднання саюзаў плямён у супер- і звышсаюзы. Адзін з іх сфарміраваўся ў Сярэднім Падняпроўі (на чале з палянамі і цэнтрам у Кіеве), другі — на паўночным захадзе Усходняй Еўропы (тэрыторыя ільменскіх славян з цэнтрам у Ноўгарадзе). Яе палітычным цэнтрам стаў Кіеў, захоплены ў 882 г. наўгародскім князем Алегам.
У параўнанні з Заходняй Еўропай, усходнеславянскі рэгіён некалькі адставаў у працэсе фарміравання дзяржаўнасці (там феадальныя дзяржавы пачалі складвацца ў V—VI ст.). Адпаведна найвышэйшы ўздым Кіеўскай Русі прыпаў на другую палову Х — першую палову XI ст. (Уладзімір I, Яраслаў Мудры), тады як у Еўропе падобны этап развіцця выявіўся ў VIII—IX ст.
Палітычная сістэма Русі ўяўляла раннефеадальную манархію. Як адзначалася, княжаская дынастыя Рурыкавічаў, якая тут усталявалася, мела варажскія карані. У сваёй дзейнасці кіеўскія князі абапіраліся на дружыну і ў выпадку неабходнасці выкарыстоўвалі магчымасці веча (народнага сходу). На месцах таксама дзейнічала падобная княжаская сістэма кіравання. Улада перадавалася ў спадчыну. Пры гэтым у радавым прынцыпе атрымання князямі спадчыны праяўлялася так званае «лесвічнае права»: княжаскі прастол перадаваўся старэйшаму брату, а пасля смерці апошняга з братоў — найстарэйшаму пляменніку; разам з тым прадстаўнікам княжаскага роду, якія лічыліся правіцелямі пэўных тэрыторый Русі, даводзілася перамяшчацца на вакантныя месцы з адных рэгіянальных цэнтраў у другія, тым самым фіксуючы павышэнне свайго статусу. Такі «гарызантальны» парадак перадачы ўлады ўносіў відавочную блытаніну і прыводзіў да крывавых усобіц.
Першыя кіеўскія князі ў сваёй дзейнасці кіраваліся перш за ўсё інтарэсамі ўзбагачэння асабістага і сваёй дружыны. Аднак ужо Святаслаў, які па сутнасці ўсё сваё жыццё правёў у паходах, істотна адрозніваўся ад сваіх папярэднікаў. Яго паходы абумоўліваліся агульнадзяржаўнымі задачамі і былі накіраваны на ліквідацыю знешнепалітычных перашкод на шляху паступальнага развіцця Русі. Праўленне Уладзіміра, а потым і Яраслава Мудрага было сканцэнтравана перш за ўсё на рашэнні ўнутрыпалітычных праблем. Менавіта ў гэты час Русь аб’ядналася па-сапраўднаму. У яе межах усталёўвалася агульнадзяржаўная рэлігія, рабліліся спробы ўвесці адзіную сістэму заканадаўства («Руская праўда», каля 1072 г.), меліся значныя поспехі ва ўмацаванні меж славянскай тэрыторыі. Безумоўна, усё гэта было немагчыма без наяўнасці моцнай цэнтральнай улады.
Кіраваць такой вялізнай дзяржавай як Русь была надта складана: адсутнічала пастаянная сувязь цэнтра з асобнымі гарадамі і тэрыторыямі, не сфарміраваўся мясцовы адміністрацыйны апарат. Увогуле ўзаемаадносіны Кіева з іншымі ўсходнеславянскімі цэнтрамі прадстаўлялі адносіны паміж сюзерэнам і васаламі на дзяржаўным узроўні. Пры гэтым з цягам часу ўсё больш відавочнай станавілася тэндэнцыя ўзрастання палітычнай самастойнасці мясцовых цэнтраў, што, у сваю чаргу, прыводзіла да частых сур’ёзных сутыкненняў паміж кіеўскімі князямі і рэгіянальнымі валадарамі, а таксама да ўсобіц на ўзроўні правінцый.
