Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Гіст_Бел_Сусв_цывіл.doc
Скачиваний:
2
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
2 Мб
Скачать
☆

Адраджэнне I рэфармацыя на беларусi

Канец ХV ст. у большасцi еўрапейскiх краiн вызначаўся наступленнем новага перыяду ў iх гiсторыi, калi на змену эпохе Сярэднявечча прыйшоў новы час, якi пачалi называць Адраджэннем, або Рэнесансам. Ва ўсiх галiнах жыцця грамадства адбывалiся надзвычай важныя перамены, якiя закранулi палiтычную, сацыяльна-эканамiчную i культурную сферы. У шэрагу еўрапейскiх краiн адбываўся працэс зараджэння новых, капiталiстычных адносiн i ломкi старых — феадальных. Узмацнялася роля гарадоў i вельмi хутка развiвалася новая iдэялогiя. Непасрэдным вынiкам гэтага працэсу з’явiлася развiццё нацыянальных моў i лiтаратур, крытыка царквы, перабудова былых рэлiгiйных вучэнняў.

Храналагiчныя рамкi еўрапейскага Адраджэння прыпадаюць на сярэдзiну ХIV ст. (для Iталii) — канец ХVI — пачатак ХVП ст., калi гаворка iдзе пра краiны ўсходняй Еўропы.

З Адраджэннем быў цесна звязаны гуманiзм — вядучая iдэйная плынь эпохi, якi складаў падмурак яе прагрэсiўнай культуры. Для эпохi сусветнага Рэнесансу былi характэрнымi тры найважнейшыя абставiны: амаль касмагенiчнае, аднолькавае пачуццё чалавечнасцi; вызваленне розуму ад догмаў; апора на старажытныя аўтарытэты, аўтарытэты антычнасцi. Апошняму належала выключная роля ў развiццi рэнесанснай культуры. Спадчына антычнасцi стала тым падмуркам, на якi абапiралiся дзеячы Адраджэння. Яна была пэўнай супрацьвагай аўтарытэту Святога Пiсання, якое большасць i не адмаўляла.

Складаная выява культурнага жыцця назiралася ў гэты час на беларускiх землях, бо ў канцы ХV — пачатку ХVI ст. ВКЛ з’яўлялася своеасаблiвай культурнай мяжою памiж Захадам i Усходам. Культурныя ўплывы даходзiлi да яго адносна свабодна, а далей на ўсход затухалi. З прычыны свайго геапалiтычнага становiшча Беларусь стала той мясцiнаю, дзе сышлiся дзве найгалоўнейшыя культурныя традыцыi — заходняя i ўсходняя. Беларускi народ пад iх уплывам зрабiў вялікі скачок у сваiм развiццi. З’явiлiся важныя дасягненнi ва ўсiх галiнах жыцця, у тым лiку i ў культуры.

З пункту гледжання культурна-тыпалагiчнага, ВКЛ адносiлася да краiн Паўночнага Адраджэння, для якiх былi характэрны сувязь з Рэфармацыяй, моцны нацыянальна-культурны рух, iстотная залежнасць ад сярэднявечных традыцый. Аднак усходнееўрапейскi рэгiён вызначаўся адметнымі рысамi ў развiццi матэрыяльнай i духоўнай культуры, да якiх адносiлiся: адсутнасць капiталiстычных праяў у эканомiцы, большая залежнасць гарадоў ад феадалаў, незавершанасць працэсаў нацыянальнай дыферэнцыяцыi, адносная верацярпiмасць, сувязь са старажытнай вiзантыйскай, цi ўсходнеславянскай традыцыяй. Таму некалькi пазней i засвойвалася ва ўмовах узмацнелых Рэфармацыi i контррэфармацыi, што па-свойму адбiвалася на характары айчыннага гуманiзму. Тым не менш, менавiта праз гэта беларускi народ дасягнуў высокай ступені ў сваiм развiццi, што паставiла яго на адзiн узровень з еўрапейскiмi народамi.

У эпоху Адраджэння на тэрыторыi Беларусi ўзнiк i распаўсюдзіўся грамадскі рух — Рэфармацыя, — скiраваны супраць каталiцкай царквы. Галоўнай сваёй задачай iдэолагi Рэфармацыi (М. Лютэр, Ж. Кальвiн, У. Цвiнчыi) паставiлi секулярызацыю царкоўнага i манастырскага землеўладання, якое не абкладалася нiякiмi падаткамi, стварэнне новай, больш дэмакратычнай i таннай царквы. Выступаючы супраць магутнага ўплыву царквы на грамадства, яны не адмаўлялiся ад самой рэлiгii i выступалi за яе захаванне ў новай форме, якая была прыстасавана да iнтарэсаў тых сацыяльных слаёў, ад iмя якiх яны выступалi. Такім чынам у сусветным хрысцiянстве ўзнiк новы кiрунак — пратэстантызм.

Пачынаючы з 20-х гг. ХVI ст. Рэфармацыя ахапiла большасць краiн Заходняй Еўропы i неўзабаве прыйшла на Беларусь. Гэтаму садзейнiчалi рост гарадоў, пашырэнне гандлёвага i культурнага абмену, набыццё адукацыi жыхарамi ВКЛ за мяжой, часовае захапленне iдэямi рэлiгiйных навацый пануючага саслоў’я i неабыякавасць да радыкальных прапаноў простых людзей, перш за ўсё гарадскiх жыхароў. Пры гэтым Рэфармацыя на Беларусi не заўсёды паўтарала заходнюю, яна выступiла як самастойная з’ява, бо яе падтрымалi свае гуманiсты i рэфарматары, такiя як С. Будны, В. Цяпiнскi, Л. Крышкоўскi i iншыя.

Першыя звесткi аб Рэфармацыi на Беларусi прыпадаюць на 1535 г., калi слуцкi князь Юрый Сямёнавiч даў згоду на будаўнiцтва ў горадзе лютэранскай царквы. Неўзабаве такая царква з’явiлася i ў Полацку. Але лютэранства ахапiла нязначную частку гарадскога насельнiцтва, перш за ўсё тых, хто паходзiў з iншаземцаў. Больш шырока ў ВКЛ распаўсюджваўся кальвiнiзм, што было звязана з пазiцыяй магнатаў i шляхты, а таксама тагачаснага канцлера Мiкалая Радзiвiла Чорнага. У 1553 г. ён заснаваў у Вiльні першую кальвiнісцкую абшчыну. Пазней такія абшчыны былi арганiзаваны ў Нясвiжы, Клецку, Бярэсцi i iншых беларускiх гарадах. У кальвiнiзме пануючае саслоўе ўбачыла моцны сродак для захавання суверэнiтэту Айчыны, пашырэння сваёй маёмасцi, падрыву ўсемагутнасцi каталiцкай царквы. К 60-м гг. ХVI ст. у кальвiнiзм перайшлi Радзiвiлы, Хадкевiчы, Кiшкi, Саламярэцкiя, Корсакi, Пацы i iншыя прадстаўнiкi магнацкiх родаў, значная частка беларускай шляхты.

Аднак калi магнаты i шляхта дамаглiся пэўных маёмасных пераваг, у кальвiнiзме на працягу 1562—1565 гг. пад уплывам мараўскiх анабалтыстаў i ерытычных рухаў Маскоўскай Русi вылучыўся радыкальны кiрунак, якi атрымаў назву антытрынiтарызму, цi арыянства. Назва паходзiла ад iмя святара Арыя, якi жыў у Александрыi у IV ст. н. э. i адмаўляў iснаванне Святой Троiцы, патрабаваў звароту да прынцыпаў першахрысцiанскiх абшчын з iдэямi ўсеагульнай роўнасцi. Антытры­нiтарыi прапанавалi праграму рэлiгiйных навацый i сацыяльных пераўтварэнняў. Найбольш радыкальныя з iх (Пётр з Ганёндза, Марцiн Чаховiч) рэзка крытыкавалi iснуючае грамадства i патрабавалi скасаваць прыгоннiцтва, адмаўлялiся ад удзелу ў войнах, маёмасцi, дзяржаўных пасад. Гэта прымусiла больш памяркоўных iдэолагаў (С. Буднага, В. Ця­пiнскага) выступiць у абарону iснуючага ладу i прапанаваць праграму сацыяльных рэформаў. Спрэчкi i шматлiкiя дыскусii ў асяроддзi антытрынiтарыяў скончылiся тым, што ў 90-я гг. ХVI ст. на змену сацыяльнаму прыйшоў рэлiгiйна-фiласофскi радыкалiзм, якi быў звязаны з iмем Феўста Сацына. Таму познi антытрынiтарызм пачалi называць сацынiянствам. Плебейска-сялянскiя масы не зразумелi яго i адышлi ад руху. У немалой ступенi гэтаму пасадзейнiчалi iснуючыя ўлады, контррэфармацыя. У вынiку к сярэдзiне ХVП ст. рэфармацыйны рух спынiў сваё iснаванне.

Ва ўзнаўленнi пазiцый каталiцкай царквы ў ВКЛ важную ролю адыграла контррэфармацыя. У пераадоленнi крызiсу Ватыкан зрабiў стаўку на ордэн езуiтаў i ў 1570 г. у Вiльнi з’явiлiся першыя яго прадстаўнiкi: Пётра Скарга, Францыск Сун’ер, Антонiй Пасевiн, Станiслаў Лянгацкi, Станiслаў Влошак. Для дасягнення сваiх мэтаў езуiты зрабiлi стаўку на ўваход ва ўсе сферы грамадскага жыцця i паставiлі пад свой кантроль палiтыку, адукацыю i культуру. Каб перацягнуць на свой бок пануючае саслоў’е, яны ўвайшлi ў палацы магнатаў i заможнай шляхты ў якасцi дарадцаў i хатнiх настаўнiкаў. Для простага люду яны арганiзавалi шпiталi, прытулкi, аптэкi. Касцёлы пачалi пышна ўпрыгожвацца, у час набажэнства стала выкарыстоўвацца арганная музыка. Змагаючыся за моладзь, езуiты адчынялi калегiумы з выдатна пастаўленай сiстэмай адукацыi. У 1579 г. на базе ранейшага калегiуму ў Вiльні была заснавана езуiцкая акадэмiя — першая вышэйшая навучальная ўстанова на тэрыторыi Вялiкага княства Лiтоўскага.

Карыстаючыся аслабленнем пазiцый праваслаўнай царквы, езуiты ўзнавiлi пытанне аб царкоўнай унii. Правадыром i iдэолагам гэтай iдэi стаў Пётра Скарга, якi выдаў у 1577 г. кнiгу «Аб адзiнстве царквы боскай». Яго падтрымалi праваслаўныя iерархi, перш за ўсё мiтрапалiт М. Рагоза, епiскапы Iпацiй Пацей i Кiрыла Тарлецкi. Былi распрацаваны ўмовы аб’яднання каталiцкай i праваслаўнай царквы, адбыўся вiзiт праваслаўных епiскапаў у Рым да папы Клiмента VІІІ, якi iх падтрымаў. У вынiку ў кастрычнiку 1596 г. у Бярэсцi быў праведзены царкоўны сабор, на якiм была заснавана новая царква — унiяцкая.

Яна стала пад старшынство рыжскага папы, захаваўшы былую абраднасць, мову, царкоўныя святы, юлiянскi каляндар. Праз пэўны час унiяцкая царква была ўжо пануючай у параўнаннi з праваслаўнай, што дазволiла беларускаму народу захаваць сваю самабытнасць i адметную нацыянальную культуру.

Эпоха Рэнесансу прынесла на Беларусь гуманiзм, выдатнымi прадстаўнiкамi якога былi Ф. Скарына i М. Гусоўскi. Паклаўшы пачатак беларускаму кнiгадрукаванню, Ф. Скарына (каля 1490 — каля 1551), як i гуманiсты Iталii, бачыў у асвеце сродак барацьбы з цемрашальствам, шлях узвышэння нацыянальнай самасвядомасцi i iндывiдуалiзацыi асобы. У прадмовах i пасляслоўях да выданняў кнiг Бiблii ён выказаў карысныя думкi аб удасканальваннi грамадства, выхаваннi чалавека, вядзеннi прыстойнага жыцця на зямлi. Традыцыi Ф. Скарыны былi падоўжаны паэтам-гуманiстам М. Гусоўскiм (каля 1470 — каля 1533). У паэме «Песня пра зубра» аўтар раскрыў прыгажосць роднай прыроды i велiч народа, з вялiкай мастацкай сiлай асудзiў войны i мiжусобiцы, заклiкаў да яднання еўрапейскiх народаў перад пагрозай турэцкага нашэсця.

Традыцыi першых гуманiстаў працягвалi выдатныя пiсьменнiкi Сымон Будны, Васiль Цяпiнскi, Лявонцiй Карповiч, Мялецiй Сматулцкi, Лаўрэнцiй Зiзанiй, якiя выступалi супраць нацыянальна-рэлiгiйнага прыгнёту, падтрымлiвалi асвету, лiчылi розум асноўнай крынiцай ведаў.

Значнай з’явай у духоўнай культуры стала кнiгадрукаванне. Услед за скарынiнскiмi ў Празе i Вiльні з другой паловы ХVI ст. друкарнi з’яўляюцца ў Бярэсцi, Нясвiжы, Лоску, Заблудаве, Цяпiна. Пры падтрымцы канцлера ВКЛ, вiленскага ваяводы Мiкалая Радзiвiла Чорнага, у Нясвiжы ў 1562 г. выйшла першая кiрылiчная кнiга на тэрыторыi сучаснай Беларусi — «Катэхiзiс» С. Буднага. Важную ролю ў развiццi кнiгадрукавання адыгралi таксама праваслаўныя брацтвы, якiя для распаўсюджвання сярод народа асветы адчынялi прыходскiя школы, i выпускалi кнiгi ў друкарнях.

Значны штуршок у сваiм развiццi атрымала лiтаратура. Своеасаблiвай энцыклапедыяй гiстарычных ведаў былi летапiсы. Найбольш вядомымi творамi гэтага жанру сталi «Летапiсец вялiкiх князёу Лiтоўскiх», «Хронiка Быхаўца». Аднак з другой паловы ХVI ст. на змену традыцыйнаму летапiсанню прыйшла гiсторыка-мемуарная лiтаратура («Допiсы» аршанскага старасты Ф. Кмiты-Чарнабыль­скага, мемуары наваградскага падсудка Ф. Еўлашэўскага, «Баркулабаў­ская хронiка»). З’явiлiся парадыйна-сатырычныя творы, плённа развiвалася сiлабiчная паэзiя, ля вытокаў якой стаялi Я. Вiслiцкi i А. Рымша.

Усё гэта садзейнiчала далейшаму развiццю беларускай мовы, якая ў ХVI ст. канчаткова замацавалася ў ВКЛ у якасцi дзяржаўнай. У Статуце 1588 г. было асобна падкрэслена: «А пiсар земскiй маеть по-руску лiтерамi i словы рускiмi всi лiсты, выпiсы i позвы пiсатi, а не iншым языком i словы».

Рэнесанс станоўча адбiўся на развiццi архiтэктуры, у якой арганiчна спалучалiся нацыянальныя i заходнееўрапейскiя традыцыi. На Беларусi з’явiлiся гатычны, раманскi стылi, барока. Творча пераасэнсоўваючы спадчыну, беларускiя майстры стваралi самабытныя i арыгiнальныя помнiкi дойлiдства. Узорам беларускай готыкi сталi цэрквы абарончага тыпу ў Сынкавiчах, Мала-Мажэйкаве, Супраслi, Заслаўi. У другой палове ХVI ст. былi пабудаваны культавыя ўстановы ў стылi рэнесансу (пратэстанцкi сабор у Смаргонi i касцёл у Нясвiжы). З канца ХVI ст. з’яўляецца барока. У гэтым стылi iтальянскi архiтэктар Дж. М. Бернардонi ў Нясвiжы пабудаваў езуiцкi касцёл. Знешняя небяспека выклiкала будаўнiцтва шматлiкiх крэпасцяў i замкаў (Гродна, Мiр, Лiда, Нясвiж i iнш.).

У выяўленчым мастацтве вялiкую ролю адыграў iканапiс, фрэскi, дэкаратыўная скульптура. З ХV ст. з’яўляюцца творы свецкага жывапiсу ў жанры партрэта. Распаўсюджанай з’явай становяцца кнiжная мiнiяцюра i гравюры.

Усё гэта яскрава сведчыць пра тое, што беларуская культура ў ХV—ХVI ст. развiвалася на ўласным падмурку, узбагачалася дасягненнямi суседнiх народаў i актыўна ўключалася ў агульнаеўрапейскi культурна-гiстарычны працэс.