Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Гіст_Бел_Сусв_цывіл.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
1.68 Mб
Скачать

Сярэднявечны свет I Беларусь у V—XII ст. Ля вытокаў заходнееўрапейскай цывiлiзацыi

Апошнiм храналагiчным рубяжом iснавання антычнай цывiлiзацыi традыцыйна прынята лiчыць канец V ст. У якасцi сiмвалiчнай даты звычайна называецца 476 г., калi апошнi iмператар Заходняй Рымскай iмперыi Ромул Аўгуст (альбо «Аўгустул», «Аўгусцiк» — так яго дражнiлi з-за вельмi юнага ўзросту) быў звергнуты адным з правадыроў варвараў. Iмператарскiя рэгалii Ромула Аўгуста былi адасланы iмператару Вiзантыi (Усходняй Рымскай iмперыi), што павiнна было азначаць непатрэбнасць i ў будучым iмператарскай улады на захадзе Еўропы. З канца V ст. гiсторыкi адлiчваюць пачатак новай эпохi ў гiсторыi Еўропы — эпохi сярэднiх вякоў. Сярэднявечча храналагiчна ахоплiвае час з канца V да канца XV ст. Эпоху Сярэднявечча гiсторыкi падраздзяляюць на тры перыяды: ранняе (канец V—IX ст.), высокае (X—XIII ст.) i позняе (XIV—XV ст.) сярэднявечча.

Заходнееўрапейская сярэднявечная цывiлiзацыя складвалася як на тэрыторыях былой Заходняй Рымскай iмперыi, так i на тых землях, дзе ў старажытнасцi людзi жылi яшчэ ва ўмовах першабытнага ладу (частка Германii, заходнеславянскiя землi, Скандынавiя, поўнач Велiкабрытанii, Iрландыя). Новыя адносiны памiж людзьмi фармiравался як шляхам сiнтэзу элементаў антычнасцi з варварскiмi, так i шляхам iх выспявання з першабытных адносiн. Першае ўласцiва грамадствам на тэрыторыях былой Заходняй Рымскай iмперыi, захопленых варварамi (у асноўным, германцамi), другое — тым грамадствам, якiя ў старажытнасцi не дасягнулi ўзроўню цывiлiзацыi.

Сярэднявечнае грамадства Заходняй Еўропы большасць гiсторыкаў характарызуе як феадальнае грамадства, г. зн. грамадства, у якiм панавалi феадальныя адносiны. Вызначальнымi для феадальных адносiн былi сiстэма пазямельных адносiн (памiж феадаламi i сялянамi, памiж сеньёрамi i васаламi) i сiстэма асабiстых сувязей панавання—падпарадкавання (феадалы — сяляне, сеньёры — васалы). Сярэднявечнае грамадства было аграрным, г. зн. што галоўнай галiной эканомiкi было земляробства, большасць насельнiцтва была занята ў сельскай гаспадарцы, галоўным багаццем лiчылася зямля. Уласнасць на зямлю паступова сканцэнтравалася ў руках феадалаў — у перыяд высокага сярэднявечча ў Заходняй Еўропе амаль не заставалася зямель без гаспадара-феадала. Феадалы былi ўласнiкамi i ўладальнiкамi зямлі, а працавалi на ёй сяляне. Сваёй працай селянiн забяспечваў сябе i сваю сям’ю, а за карыстанне зямлёй, якая належала феадалу, ён павiнен быў выплочваць таму аброк (натуральны цi грашовы). Сяляне мусілі адбываць i паншчыну, у тым выпадку, калi феадал вёў уласную гаспадарку на той частцы сваёй зямлi, якая не аддавалася ў карыстанне сялянам (такiя землi называлi даменам). Сяляне знаходзiлiся ў пазямельнай залежнасцi ад свайго феадала.

Уласнiкi зямлi частку сваiх уладанняў аддавалi тым людзям, якiя абавязвалiся несцi iм службу (ваенную, прыдворную i г. д.). Той, хто даваў зямлю, патрабуючы за гэта пэўную службу, называўся сеньёрам, а той, хто атрымлiваў — васалам. Васал прысягаў на вернасць свайму сеньёру. Галоўны абавязк васала заключаўся ў тым, каб з’яўляцца ў войска сеньёра — ўзброеным i са сваiмi ўзброенымi людзьмi. Зямельнае ўладанне, якое даваў сеньёр васалу, называлася феодам. Васал мог перадаць частку свайго феода на тых жа ўмовах нясення службы на сваю карысць iншым людзям, i тады ўжо ён быў сеньёрам, а тыя людзi — васаламi. У сярэднявечнай Еўропе часта сеньёры і нават каралi, самi былi васаламi iншых уласнiкаў зямель. Так, напрыклад, англiйскiя каралi, якiм належала частка зямель Францыi, давалi васальную прысягу вернасцi французскаму каралю. А французскi кароль мог быць васалам якога-небудзь буйнога французскага землеўладальнiка. I сеньёры, i васалы складалi той пануючы клас насельнiцтва, якi называўся феадаламi. Менавiта феадалам належала галоўная, кiруючая роля ў жыццi заходнееўрапейскага сярэднявечнага грамадства.

Адносiны сеньёр—васал былi вызначальнымi для феадалаў. I не выклікаюць здзіўлення факты, што тыя цi iншыя феадалы падпарадкоўвалiся не каралю сваёй дзяржавы, а свайму сеньёру, калi той ваяваў, напрыклад, з каралём. Людзi Сярэднявечча былi іншымі, не такiмi, як мы па сваім складзе думак успрыманні свету i грамадства, спосабах арыентацыi ў грамадстве. Напрыклад, калі мы будзем прымяркоўваць да людзей Сярэднявечча наша разуменне нацыянальна-дзяржаўных iнтарэсаў,то будзе абсалютна незразумелым многае ў сярэднявечнай гiсторыi. У прыватнасці: чаму каралi франкаў, памiраючы, шчодра надзялялi дабротамі сваіх сыноў-нашчадкаў? Гэта яўна не стасавалася з узмацненнем адзiнай дзяржавы-манархii. Альбо чаму частка французскiх феадалаў у часы лёсавызначальнай Стогадовай вайны ваявала на баку англiчан, а не французскага караля? Уся справа ў тым, што феадалы-васалы строга выконвалi свае абавязкi перад сеньёрам, бо менавiта гэта было для iх галоўным.

Сiстэма асабiстых сувязей панавання i падпарадкавання ў сярэднявечнай Еўропе iснавала не толькi сярод феадалаў, а i ў адносiнах памiж феадаламi i сялянамi. Сяляне знаходзiлiся як ў пазямельнай, так i ў асабiстай залежнасцi ад феадала. У сваiх уладаннях феадал сам судзiў i караў залежных ад яго сялян, сам (а не дзяржаўныя чыноўнiкi) збiраў з iх падаткi, урэшце, менавiта ён сам i вызначаў падаткi i павiннасцi. Феадалы ўмешвалiся ў прыватнае жыццё сялян (напрыклад, у пытаннi сялянскай спадчыны; у шэрагу месц iснавала ганебнае права «першай шлюбнай ночы» i г. д.).

Еўрапейскае сярэднявечнае грамадства значна адрознiвалася ад антычнага. Асаблiва iстотным было тое, як адрозніваліся сацыяльныя адносiны феадальнага грамадства ад старажытнагрэчаскiх дзяржаў-полiсаў i рэспублiканскага Рыму. У апошнiх сацыяльныя адносiны базiравалiся на роўнасцi грамадзян у правах i перад законам. Законы там прымалi самi грамадзяне на народных сходах; прызнаць чалавека вiнаватым можна было толькi паводле прыгавору суда, а не па чыім рашэнні; прадстаўнiкi выканаўчай улады выбiралiся грамадзянамi (на кароткi тэрмiн i абавязкова па некалькi чалавек на пасаду), яня з’яўляліся абавязкова i строга падсправаздачнымi перад сходам грамадзян; армiя была апалчэннем грамадзян, а не апалчэннем васалаў, залежных ад свайго сеньёра. Першае ў гiсторыi чалавецтва грамадзянскае грамадства знiкла яшчэ ў антычнасцi. У эпоху ж Сярэднявечча паўсюдна iснаваў толькi адзін тып адносiнаў памiж людзьмi: панавання—падпарадкавання, калi адзiн чалавек знаходзiўся ў залежнасцi ад другога.

Феадалы i сяляне былi асноўнымi групамi насельнiцтва ў сярэднявечнай Заходняй Еўропе. Вядом, феадалы складалi зусім нешматлiкi слой, але менавiта гэтаму слою належала галоўная, кiруючая роля ў сацыяльным, палiтычным, эканамiчным жыццi. Сяляне складалi слой непасрэдных вытворцаў-земляробаў. Акрамя гэтых слаёў існаваў яшчэ адзін, якому належала iстотная роля ў жыццi Еўропы, — духавенства i гараджане.

Духавенства i манахi складалi не болей 1,5 % ад усяго насельнiцтва сярэднявечнай Еўропы. Аднак царква валодала амаць трацінай земляў. Духавенства i манахi былi ўцягнуты ў феадальныя адносiны, iх землi апрацоўвалi залежныя сяляне. Царкве належала важная роля ў эканамiчным жыццi сярэднявечнага грамадства. Але яшчэ большую ролю царква адыграла ў духоўным жыццi сярэднявечнай Еўропы. Светаўспрыманне сярэднявечнага чалавека было, перш за ўсё, рэлiгiйным — свет i грамадства ён успрымаў праз прызму хрысцiянскiх догмаў i ўстановак святароў. Безумоўнай рэалiяй для чалавека Сярэднявечча быў i незямны, той свет, звышнатуральны. У раннiм Сярэднявеччы царква была сапраўдным манапалiстам у сферы адукацыi. Духавенства i манахi былi найбольш адукаванымi людзьмi ў грамадстве. Трэба заўважыць, што менавiта хрысцiянства, якое ўзнiкла ў Рымскай iмперыi ў I ст. i стала адзiнай афiцыйнай рэлiгiяй гэтай дзяржавы ў канцы IV ст. у часы iмператара Феадосiя, — было галоўным рэтранслятарам здабыткаў антычнай культуры ў еўрапейскае Сярэднявечча. Царква ставiлася адмоўна толькi да антычнага язычнiцтва. Варта падкрэсліць, што творы многiх вялiкiх мыслiцеляў старажытнасцi змаглi дайсцi да нас толькi дзякуючы карпатлiвай i падзвіжнецкай працы сярэднявечных манахаў-перапiсчыкаў.

У Сярэднявеччы паступова рос i ўзмацняўся яшчэ адзiн слой насельнiцтва — гараджане. Нашэсце варвараў на Заходнюю Рымскую iмперыю прывяло да заняпаду гарадоў. Заваёўнiкам, якiя займалiся сельскай гаспадаркай, гарады былi непатрэбныя. Мноства гарадоў было разрабавана, была разбурана сетка рымскiх дарог i iншых камунiкацый, неабходных для гандлю. Наогул, гандлю i рамяству быў нанесены цяжкi ўдар, гандлёва-грашовыя адносiны прыйшлi ў заняпад. Але паступовы, хоць i марудны пад’ём эканомiкi (пачынаючы з сельскай гаспадаркi) даў штуршок развiццю рамяства i гандлю, што з’явiлася ўмовай для ўзнiкнення новых гарадоў. Асаблiва бурны рост гарадоў адбываўся ў высокiм Сярэднявеччы. Гарады былi цэнтрамi таварна-грашовай гаспадаркi. Гараджане дабiвалiся правоў на самакiраванне ад феадалаў. Наогул, у сярэднявечнай Заходняй Еўропе з яе адносiнамi панавання—падпарадкавання гараджане складалi асобны слой насельнiцтва, якi адрознiваўся прыватнай iнiцыятыўнасцю, духам прадпрымальнiцтва, адноснай свабодай, прагай да ведаў, неабходных для штодзённай дзейнасцi. Менавiта развiццё гарадоў прывяло да таго, што царква паступова пачала страчваць манаполiю на адукацыю i навуку. У гарадах з’явiлiся школы, дзе выкладалiся не столькi багаслоўскiя дысцыплiны, колькі пачаткi навукі, без якой цяжка было абысцiся гандляру цi рамеснiку. У гарадах пачалi ўзнiкаць унiверсiтэты.

Гарады далi моцны штуршок развiццю таварна-грашовай гаспадаркi, якая паступова выцясняла натуральную гаспадарку. Патрэбнасць у грошах прымушала феадалаў шукаць найбольш эфектыўныя шляхi iх атрымання ад сялян. Феадалы пераводзiлi сваiх сялян на грашовы аброк, давалi iм большую самастойнасць у працы на сваiх надзелах. У канцы высокага Сярэднявечча амаль паўсюдна ў Заходняй Еўропе была адменена асабiстая залежнасць сялян ад феадалаў.

Буйнейшай дзяржавай ранняга Сярэднявечча ў Заходняй Еўропе была дзяржава франкаў. Яна ўключала ў сябе тэрыторыю сучасных Францыi, Швейцарыi, Бельгii, Галандыi, Люксембург, часткi Германii, Iталii, Iспанii. Кароль франкаў Карл Вялiкi ў 800 г. нават прыняў тытул iмператара. Але неўзабаве пасля яго смерцi дзяржава франкаў распалася. Фактычна ўжо тады з’явiлiся першыя абрысы будучых еўрапейскiх дзяржаў — Францыi i Германii. На рубяжы ранняга i высокага Сярэднявечча ў адну дзяржаву — Англiю былi аб’яднаны англа-саксонскiя каралеўствы на востраве Велiкабрытанiя.

Другой магутнай iмперыяй у раннiм Сярэднявеччы была Вiзантыя, былая ўсходняя Рымская iмперыя, якая здолела адбiцца ад нападаў варвараў. Вiзантыя не зведала такога заняпаду як Заходняя Еўропа. У першай палове вiзантыйскi iмператар Юсцiнiян нават здолеў аб’яднаць пад сваёй уладай амаль усе былыя рымскiя тэрыторыi ў заходнiм Мiжземнамор’i. Аднак неўзабаве Вiзантыя страцiла гэтыя землi.

Сацыяльныя адносiны ў Вiзантыi развiвалiся па iншаму шляху, чым у Заходняй Еўропе. Як i ў позняй антычнасцi там працягвала iснаваць моцная дзяржаўная ўлада з вялiзным апаратам чыноўнiкаў. Дзяржаўная ўлада ў Вiзантыi трымала пад пiльным кантролем усе сферы жыцця грамадства. Вiзантыйскiя гарады нiколi не мелi правоў самакiравання (iмi кiравалi дзяржаўныя чыноўнiкi, якiя ўмешвалiся ў дзейнасць гандляроў, рамеснiкаў). Вiзантыйская царква не адыграла самастойнай палiтычнай ролi, яна была фактычна часткай дзяржаўнага апарата. У Вiзантыi не склалiся адносiны сеньёр—васал, нават такой з’явы, як феод, не iснавала. Землеўладальнiкi, войска падпарадкоўвалiся не сваiм сеньёрам, а iмператару i яго чыноўнiкам. Але ў цэлым па ўзроўні эканомiкi, культуры Вiзантыя ў раннiм i высокiм Сярэднявеччы значна пераўзыходзiла Заходнюю Еўропу.

Многiя гiсторыкi лiчаць, што ў сярэднявеччы ў Еўропе iснавалi дзве цывiлiзацыi: заходнееўрапейская i вiзантыйская (цi «ўсходняя праваслаўная»). Адной з iстотных характарыстык гэтых цывiлiзацый была рэлiгiя. I заходнееўрапейцы i вiзантыйцы былi хрысцiянамi. На працягу ранняга Сярэднявечча ў Заходняй Еўропе склалася адзiная царкоўная арганiзацыя на чале з папамi рымскiмi. Галоўную ролю ў узвышэннi рымскiх пап адыграў iх саюз з каралямi франкаў. Папы сталi вышэйшымi асобамi ў царкве самай вялiкай дзяржавы Заходняй Еўропы. Iх вяршэнства прызналi i хрысцiяне Брытанскiх астравоў, i затым ахрышчаныя заходнiя славяне, скандынавы, венгры. Пасля распаду iмперыi франкаў папы пазбавiлiся пiльнай апекi з боку каралеўскай улады i пачалi адыгрываць усё большую ролю ў палiтычным жыццi Заходняй Еўропы. Адна вера, адна царква — гэта была галоўная сувязь, якая аб’ядноўвала заходнееўрапейцаў, давала iм адчуванне еднасцi ў свеце, падзеленым на дзяржавы i феадальныя ўладаннi. Адной з найбольш iстотных праяў ролi царквы ў жыццi сярэднявечнай Заходняй Еўропы з’явiлiся крыжовыя паходы. У феадальна раздробленай Заходняй Еўропе з яе крывавымi мiжусобнымi войнамi царква здолела аб’яднаць найбольш анархiчныя элементы з лiку феадалаў i накiраваць iх за яе межы — на iншаверцаў на Блiзкiм Усходзе.

У 1054 г. быў канчаткова аформлены падзел хрысцiянскай царквы на каталiцкую i праваслаўную. Адзiны хрысцiянскi свет раскалоўся на свет каталiцкi i свет праваслаўны. У свет праваслаўны i ў сферу ўплыву вiзантыйскай цывiлiзацыi былi ўключаны народы, якiя прымалi хрысцiянства па вiзантыйскаму ўзору — усходнiя славяне i частка паўднёвых славян. Расколаты хрысцiянскi свет супрацьстаяў мусульманскаму свету. На пачатку VII ст. арабскiя плямёны Аравiйскага паўвострава былi аб’яднаны заснавальнiкам новай рэлiгii (iсламу) Мухамедам. Ужо на пачатку VIII ст. тэрыторыя Арабскай дзяржавы (халiфата) раскiнулася на трох частках свету: Азii, Афрыцы i Еўропе. У Еўропе арабы захапiлi Пiрэнейскi паўвостраў. На працягу амаль усяго сярэднявечча (ды i потым) мусульманскi свет уяўляў сабой небяспечную пагрозу для заходнееўрапейскай цывiлiзацыi i Вiзантыi. Гэтая варожасць асаблiва абвастрылася ў вынiку крыжовых паходаў.

У раннiм i высокiм Сярэднявеччы Заходняя Еўропа значна адставала ў сваiм эканамiчным i культурным развiццi не толькi ад Вiзантыi, але i ад Арабскага халiфата i тых мусульманскiх краiн, якiя стварылiся пасля яго распаду. Краiны Усходу ў вачах заходнееўрапейцаў выглядалi як «краiны казачных багаццяў».

Заходняя Еўропа ў высокiм Сярэднявеччы знаходзiлася ў стане феадальнай раздробленасцi, яе асновай з’яўлялася натуральная гаспадарка. Буйнейшай дзяржавай была Свяшчэнная Рымская iмперыя (узнiкла ў 962 г.). Ядро яе складалi германскiя землi. У гэтую аморфную дзяржаву уваходзiлi частка iтальянскiх зямель, Чэхiя, тэрыторыi сучасных Швейцарыi, Бельгii, Галандыi i шэраг iншых. Iмператары гэтай дзяржавы нiколi не мелi моцнай улады. Iншымi буйнымi дзяржавамi Заходняй Еўропы ў высокiм Сярэднявеччы былi Англiя, Францыя, дзяржавы Скандынавii (Данiя, Швецыя, Нарвегiя), Польшча. На адваяваных у мусульман пiрэнейскiх тэрыторыях стваралiся i новыя хрысцiянскiя дзяржавы: Партугалiя, Кастылiя, Арагон. Каралеўская ўлада ў заходнееўрапейскiх дзяржавах ва ўмовах феадальнай раздробленасцi была слабай. Аднак развiццё таварна-грашовай гаспадаркi стварала ўмовы для ўзнiкнення моцных цэнтралiзаваных дзяржаў-манархiй. Першымi на такi шлях у Заходняй Еўропе ступiлi Англiя i Францыя.