Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Гіст_Бел_Сусв_цывіл.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
1.68 Mб
Скачать

3. Славяне

У пісьмовых крыніцах славяне ўпершыню ўзгаданы пад уласным імем у працы гоцкага гісторыка епіскапа Іардана, які жыў у VI ст. н. э. Пералічваючы розныя народы Еўропы, ён піша, што, пачынаючы ад вер­хоўяў Віслы на «невымерных прасторах» пражывае шматлюднае племя, якое складаецца з венедаў, антаў і склавінаў (славян), якія паходзяць ад аднаго народа. У другім месцы сваёй працы ён паведамляе, што склавіны і анты — гэта часцей за ўсё ўжываемыя назвы венедаў. Тое, што гісторык атаясамліваў ім венедаў са славянамі, надзвычайна важна, таму што этнонім «венеды» сустракаецца ў больш ранніх творах грэка-рымскіх аўтараў.

Аднак першыя ўспаміны пра славянаў у пісьмовых крыніцах зусім не азначаюць, што яны з’явіліся толькі ў гэты час. Па-першае, антычныя аўтары адносна позна даведаліся пра насельніцтва Сярэдняй Еўропы, і матэрыялы, якія меліся ў іх, былі вельмі скупымі і не заўсёды дакладнымі. Па-другое, сама пісьменнасць у Еўропе з’явілася намнога пазней, чым народы, якія тады насялялі краіну. Таму, даючы некаторыя звесткі пра этнічны склад насельніцтва і лакалізацыю асобных народаў, яны не маглі адказаць на пытанне пра паходжанне славян. Гэта праблема можа быць вырашана навукай на падставе іншых крыніц. Асноўныя высновы зводзяцца да наступнага: славяне, як і роднасныя ім балты і германцы, выдзеліліся з паўночнай групы індаеўрапейцаў у працэсе іх рассялення і змяшэння з мясцовымі плямёнамі. Доўгі час славяне складалі адзіны этнас з агульнымі мовай і культурай (раннія славяне, або праславяне). Пасля выхаду за межы сваей прарадзімы і засваення новых зямель яны паступова раздзяліліся на тры галіны: заходніх, усходніх і паўднёвых славян. На аснове кожнай з гэтых галінаў пазней фарміраваліся сучасныя славянскія народы.

У даследчыкаў да сёння няма адзінай думкі на конт часу ўзнікнення славян і месцазнаходжання іх прарадзімы. Дыскусійным застаецца пытанне аб механізме выдзялення славян з этнічнай супольнасці, якая ім папярэднічала. Адны лічаць, што фарміраванне славян праходзіла адначасова з фарміраваннем германцаў і балтаў неўзабаве пасля рассялення індаеўрапейскіх плямёнаў у той частцы Еўропы, дзе працякаў гэты працэс. Другія лічаць, што славянам і балтам папярэднічала нейкая балта-славянская супольнасць, якая значна амалоджвае славян. Але прыхільнікам існавання балта-славянскай супольнасці так і не ўдалося рэканструяваць яе, пераканаўча датаваць і лакалізаваць. Таму гэта канцэпцыя ўсё больш страчвае сваіх прыхільнікаў. Узгаданыя вышэй дадзеныя аб з’яўленні балтаў ужо ў III ст. да н. э. робяць яе яшчэ больш уражальнай, таму што для балта-славян проста не застаецца храналагічнай нішы.

Такімі ж дыскусійнымі сталіся погляды аб лакалізацыі славянскай прарадзімы. Вучоныя падзяліліся на дзве групы. Адны (аўтахтоністы) змяшчаюць яе там, дзе застаюць славян старажытныя пісьмовыя звесткі пра іх. Другія ж (міграцыяністы) лічаць славян прышэльцамі з Азіі, паўдневарускіх стэпаў, з Закаўказзя і нават з Афрыкі. Гэтая спрэчка мела не толькі навуковы, але і палітычны падтэкст. Тут асабліва пашчыравала нямецкая шавіністычная гістарыяграфія, якая імкнулася выцесніць ранніх славян з Еўропы і паказаць іх вельмі познімі прышэльцамі. Між тым, ні германскія, ні славянскія крыніцы, ні вусная традыцыя нідзе і ніколі не гавораць аб познім прыходзе славян туды, дзе яны наказаны ў старажытных пісьмовых крыніцах. Больш таго, маецца шмат пераканаўчых доказаў аўтахтоннасці і глыбокай старажытнасці славян. Агульнаславянская мова захавала вельмі архаічныя рысы, уласцівыя праіндаеўрапейскай мове, а яе лексіка адлюстравала пачатковы перыяд развіцця земляробства і ўмовы пераходу ад неаліту да бронзавага веку. Для Еўропы гэта было прыблізна IIІ ст. да н. э.

Мяркуючы па дадзеных лінгвістыкі, мова славян фарміравалася тады, калі яе носьбіты займалі тэрыторыю, пазбаўленую стэпавага ландшафту, у зоне змешаных лясоў і ўмеранага клімату, у басейне рэк, якія ўпадалі ў Балтыйскае мора, аб чым сведчаць, у прыватнасці, назвы некаторых рыб, якія вяліся толькі ў рэках гэтага басейна. Лінгвістычныя дадзеныя дазваляюць таксама змясціць славян да ўсходу або поўдня ад германцаў, паўднёвей або заходней балтаў і заходней іранцаў. Гэта адпавядае сярэднееўрапейскай вобласці да поўначы ад Карпат, між Эльбай і Віслай, дзе, нагадаем, застаюць славян і старажытныя пісьмовыя звесткі пра іх.

Зыходзячы з гэтых высноў, можна выдзеліць славянскія старажытнасці і атрымаць больш поўнае ўяўленне аб ранняй гісторыі славян. Першай культурай фарміруючых славян па праву можна лічыць археалагічную культуру шарападобных амфар другой паловы III ст. да н. э., названую так па характэрным для яе вялікім шарападобным гліняным сасудзе. Яна займала вобласць між Эльбай і Віслай і добра адлюстроўвае працэс змяшэння індаеўрапейцаў з плямёнамі мясцовай неалітычнай культуры варанкападобных кубкаў. Пазней славяне значна пашырылі сваю тэрыторыю па ходу ў паўднёва-ўсходнім накірунку, і засялілі ўкраінскую Валынь, Верхняе Паднястроўе, а на ўсходзе — Заходняе Панямонне.

Аднак у пачатку II ст. да н. э. паміж Віслай і Нёманам пачалі рассяляцца балцкія плямёны, а пачынаючы з сярэдзіны II ст. н. э., прыбярэжныя землі паўднёвай Прыбалтыкі паступова занялі германскія плямёны, што прывяло да значнага змяншэння тэрыторыі ранніх славян. Гэту адносна кампактную вобласць славяне займалі да сярэдзіны І ст. н. э. Доўгае знаходжанне славян у межах сваёй прарадзімы садзейнічала кансалідацыі іх мовы і культуры. У іх распаўсюдзілася агульная саманазва, якое яны здолелі захаваць да нашых дзён.

У славян паслядоўна змянілася некалькі археалагічных культур: культура шарападобных амфар, прадлужыцкая (першая палова ІІ ст. да н. э.), лужыцкая (1400—300 гг. да н. э.), пшэворская (II ст. да н. э. — IV ст.), пражская (V—VII ст.). Вучоня прасачылі культурную пасля­доўнасць у гэтым рэгіёне ад бронзавага веку да ранняга сярэднявечча, што з’яўляецца адным з важкіх аргументаў на карысць гіпотэзы Вісла-Эльбскай прарадзімы славян.

Археолагі добра даследавалі розныя славянскія помнікі, што дазваляе дастаткова поўна ўявіць побыт і заняткі славян, іх матэрыяльную і духоўную культуру. Гэта можна праілюстраваць на прыкладзе лужыцкай культуры, якая прыпадае на бронзавы і пачатак жалезнага веку. Гаспадарка славян была комплекснай. Для апрацоўкі зямлі карысталіся драўляным плугам, у які запрагалі быкоў.

Вырошчвалі пшаніцу, ячмень, проса, лен. Ураджай збіралі бронза­вымі сярпамі, а для размолу зерня карысталіся каменнымі зерняцёркамі. Акрамя земляробства, славяне займаліся жывёлагадоўляй.

Лужыцкая культура адметная высокім развіццём металургіі. Славяне стварылі вялікую колькасць бронзавых і жалезных рэчаў. Існавалі цесныя культурныя і гандлёвыя сувязі з жыхарамі ўсходніх Альпаў, паўночнай Італіі і Венгрыі. Адтуль яны атрымлівалі каштоўныя вырабы з бронзы і жалеза: мячы, тапорыкі, бронзавыя вудзільны, засцёжкі-фібулы, бронзавыя ведры і кацялкі.

Доўгатэрміновыя пасёлкі земляробаў размяшчаліся ў далінах з урадлівай лесава-чарназемнай глебай. Будынкі былі з бярвення, прамавугольныя, з прыбудовай-сенцамі з кароткага боку. Сцены складаліся з гарызантальных бярвенняў, умацаваных паміж сабой слупамі. Пазы між бярвеннямі замазваліся глінай. У сярэдзіне жылога памяшкання знаходзіўся ачаг. Часам у падлогу ўкопвалі вялікі гліняны сасуд для захоўвання запасаў.

Сусветнай вядомасцю карыстаецца цалкам раскопанае археолагамі лужыцкае гарадзішча на Біскупінскім возеры ў паўночна-заходняй Польшчы. У ім цудоўна захаваліся драўляныя пабудовы, якія даюць яскравае ўяўленне аб складаных умацаваннях, планіроўцы і забудове пасёлка. Доўгія дамы, раздзеленыя папярэчнымі сценамі на не аб’яднаных паміж сабой памяшканнях, ішлі суцэльнай сцяной уздоўж вузкіх вулачак, мошчаных дрэвам. З кожнага памяшкання быў выхад на вуліцу, але толькі з дамоў, якія размяшчаліся на адным баку вуліцы. Сцены дамоў процілеглага боку вуліцы былі глухімі. Пад адным дахам было 10—12 асобных будынкаў, якія ўключалі ў сябе жылое памяшканне з ачагом і сенцы, праз якія быў выхад на вуліцу. Часам пры дамах меліся прыбудовы для жывёл.

Цікавыя звесткі пра грамадскі лад, быт і духоўную культуру ранніх славян напярэдадні іх выхаду за межы прарадзімы і пачатку шырокага рассялення на новых землях у Паўднёвай і Усходняй Еўропе можна знайсці ў працах старажытных аўтараў. Візантыйскія пісьменнікі Пракопій (сярэдзіна VI ст.) і Маўрыкій (канец VI — пачатак VII ст.) адзначалі, што славяне жылі шматлікімі плямёнамі і родамі, якія ў сваю чаргу складаліся з вялікіх сем’яў.

Рады кіраваліся радавымі старэйшынамі. Крыніцы называюць славянскіх князёў, якія мелі пры сабе дружыну. Славяне рашалі важкія пытанні на народным сходзе, вялі частыя войны, калі ваенныя правадыры і дружыны збіралі сваё багацце, што паглыбляла сацыяльную і маёмасную дыферэнцыяцыю і вяло да распаду першабытнага ладу. Усё сведчыць аб тым, што ў іх склаўся лад ваеннай дэмакратыі, які непасрэдна папярэднічаў узнікненню дзяржаўнасці.

Нягледзячы на тое, што славяне ў гэты час знаходзіліся ў варожых дачыненнях з Візантыяй, згаданыя аўтары аддаюць належнае смеласці, фізічнай моцы і вынослівасці славян, іх вынаходлівасці ў ваеннай справе.

Славяне абагаўлялі выявы прыроды: неба, сонца, гром і маланку, а таксама горы, дрэвы, ваду, яны пакланяліся продкам (дамавы, шчур і інш.)