- •Гісторыя беларусі і сусветная цывілізацыя Вучэбны дапаможнік для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў
- •Казакоў ю. Л., Каханоўскі а. Г., Коршук у. К., Кошалеў у. С., Ладысеў у. Ф., Лойка п. А., Фядосік в. А., Ходзін с. М., Цяплова в. А., Яноўскі а. А.
- •Уводзіны
- •Перадгісторыя: асноўныя этапы станаўлення чалавецтва
- •Неалітычная рэвалюцыя і перадумовы ўзнікнення цывілізацый
- •Міграцыі і перасяленні народаў у старажытнасці
- •1. Індаеўрапейцы
- •2. Балты
- •3. Славяне
- •4. Германцы
- •«Вялікае перасяленне народаў» і яго вынікі
- •Сярэднявечны свет I Беларусь у V—XII ст. Ля вытокаў заходнееўрапейскай цывiлiзацыi
- •Этнасацыяльныя, гаспадарчыя і палітычныя пРаЦэсы на тэрыторыі усходняй еўропы (V—XII ст.)
- •ЕЎропа I Вялiкае княства ЛiтоЎскае ў XIII—XVI ст. Заходняя Еўропа ў XIV—XV ст.
- •Феадальная раздробленасць русі і яе наступствы
- •Вялiкае княства Лiтоўскае: памiж Усходам I Захадам
- •Сацыяльна-эканамiчнае I культурнае развiццё Вялікага Княства Літоўскага
- •Новы час: перыядызацыя і асноўны змест
- •Ад сярэднявечча да новага часу
- •Еўропа ў XVI—XVII ст.: сацыяльна-эканамічныя і палітычныя працэсы
- •Адраджэнне I рэфармацыя на беларусi
- •Кансалідацыя беларускай народнасці
- •Барацьба за гегемонію ва усходняй Еўропе Эпоха Асветы: сутнасць, характар і гістарычнае значэнне
- •Буржуазныя рэвалюцыі XVII—XVIII ст. Англійская рэвалюцыя XVII ст.
- •Англійская рэвалюцыя xviiі ст.
- •Першая амерыканская рэвалюцыя і ўтварэнне зша
- •Французская рэвалюцыя
- •Фарміраванне індустрыяльнай цывілізацыі
- •Беларусь у першай палове XIX ст.
- •Станаўленне буржуазнага грамадства і нацыянальнае адраджэнне Беларусі (другая палова хіх ст.) Рэформы 1860—1880-х гг.
- •Паўстанне 1863 г.
- •Асаблівасці развіцця эканомікі Беларусі
- •Грамадска-палітычны рух
- •Эвалюцыя беларускай нацыі. Культурнае жыццё
- •Першая сусветная вайна
- •Рэвалюцыi ў Расii ў пачатку хх ст.
- •Беларускае грамадства ў пачатку хх ст.
- •Стварэнне ссср і беларускай дзяржаўнасці
- •Свет у міжваенны перыяд
- •Краіны Заходняй Еўропы і зша ў 1918—1939 гг.: асноўныя кірункі ўнутранай палітыкі
- •Змены ў сацыяльна-эканамічнай сістэме бсср на працягу 1920—1930-х гг.
- •Індустрыялізацыя і калектывізацыя. Іх асаблівасці на Беларусі
- •Грамадска-палітычная сістэма бсср у 1920—30-я гг. Грамадска-палітычнае жыццё бсср на пачатку 1920-х гг.
- •Культура беларускага народа
- •Другая сусветная вайна Прычыны і характар Другой сусветнай вайны
- •Уз’яднанне Беларускага народа. Пачатак Вялікай Айчыннай вайны
- •Беларусь ва ўмовах супрацьстаяння і канфрантацыі звышдзяржаў Праблемы эканамічнага развіцця і мадэрнізацыі
- •Грамадска-палітычнае жыццё бсср у пасляваенны час
- •Культура Беларусі ў другой палове хх ст.
- •Пошукі новай мадэлі грамадскага ладу на мяжы 1980—1990-х гг. Хх ст.
- •Утварэнне рэспублікі беларусь
- •Распад ссср і ўтварэнне снд
- •Барацьба за выбары шляхоў далейшага развіцця беларускай дзяржавы
- •Рэспубліка Беларусь — раўнапраўны член сусветнай супольнасці
- •Духоўнае жыццё беларускага грамадства на мяжы хх—ххі ст.
- •Гісторыя беларусі і сусветная цывілізацыя Дапаможнік для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў
Барацьба за выбары шляхоў далейшага развіцця беларускай дзяржавы
З мэтай забеспячэння эфектыўнасці дзяржаўнай палітыкі было праведзена рэфарміраванне сістэмы выканаўчай улады. У выніку ў пачатку 1995 г. стварылася падпарадкаваная прэзідэнту скразная вертыкальная структура, якая ўключае выканаўчыя і распарадчыя органы як у цэнтры, так і на месцах, т. зв. «вертыкаль» — строга цэнтралізаваная сістэма дзяржаўнага кіравання.
Пераможаная на прэзідэнцкіх выбарах апазіцыя не адмовілася ад барацьбы за дзяржаўную ўладу. Рэванш яна меркавала ўзяць на выбарах парламенцкіх.
Разам з выбарамі ў Вярхоўны Савет, прызначанымі на 14 мая 1995 г., для вырашэння некаторых спрэчных пытанняў, што ставіла палітычная апазіцыя і якія мелі прынцыповае значэнне для ўзаемнай дамоўленасці ў грамадстве, у адпаведнасці з перадвыбарнай платформай прэзідэнта быў праведзены рэспубліканскі рэферэндум. 14 мая абраных было толькі 18 дэпутатаў, хоць у галасаванні ўдзельнічалі 64,7 % выбаршчыкаў. Дэпутацкі мандат прысвойваўся толькі тым кандыдатам, якія ў аднамандатных акругах набралі звыш 50 % галасоў пры больш чым 50-працэнтнай прысутнасці выбаршчыкаў. Паколькі за кожны мандат змагалася некалькі, а ў некаторых акругах нават больш дзесяці кандыдатаў, вылучэнне пераможцаў аказалася складанай справай.
Затое рэферэндум, на які было вынесена чатыры пытанні, завяршыўся вялікай перамогай прэзідэнта. За адабрэнне пытання надання рускай мове роўнага статуса з беларускай прагаласавалі 83,3 % прыняўшых удзельнікаў галасавання, а за прапанову аб устанаўленні новых Дзяржаўнага сцяга і Дзяржаўнага герба Рэспублікі Беларусь — 75,1 %. Дзеянні Прэзідэнта, накіраваныя на эканамічную інтэграцыю з Расійскай Федэрацыяй, адобрылі 83,3 %. Неабходнасць унясення змяненняў у Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, якія прадугледжвалі магчымасць датэрміновага спынення паўнамоцтваў Вярхоўнага Савета Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь у выпадках сістэматычнага або грубага парушэння Канстытуцыі, падтрымалі 77,7 % грамадзян. Прэзідэнта падтрымала большасць беларускага насельніцтва на далейшае правядзенне ўнутранай і знешняй палітыкі.
28 мая адбыўся другі тур выбараў у Вярхоўны Савет. Пасля двух тураў галасавання было абрана 19 дэпутатаў, галоўным чынам, у сельскіх акругах. У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, парламент, які налічваў 260 дэпутатаў, мог пачаць работу пры ўкамплектаванні 2/3 дэпутацкіх месцаў.
4 чэрвеня 1995 г. Прэзідэнт падпісаў указ аб новай дзяржаўнай сімволіцы. Існуючы Вярхоўны Савет быў прызнаны нелігітымным, які не меў права прымаць новыя законы. На думку кіраўніка, паўнамоцтвы парламента папярэдняга склікання скончыліся з моманту абвяшчэння новых выбараў.
На двух турах дадатковых выбараў, якія адбыліся 29 лістапада і 10 снежня 1995 г., было абрана 79 дэпутатаў, у большасці беспартыйных. У новым парламенце дэпутаты, якія называлі сябе незалежнымі, мелі 96 мандатаў. На першай сесіі 60 незалежных дэпутатаў стварылі фракцыю «згода» для падтрымкі Прэзідэнта. Выбраны Старшынёй Вярхоўнага Савета С. Шарэцкі, як і пераважная большасць парламента, пагаджаліся з асноўным напрамкам палітыкі Прэзідэнта.
У чэрвені 1996 г. Прэзідэнт унёс Вярхоўнаму Савету прапанову аб змяненнях у Канстытуцыі: перанясенні нацыянальнага свята з 27 ліпеня (дзень абвяшчэння суверэнітэту ў 1990 г.) на 3 ліпеня (дзень вызвалення Мінска Чырвонай Арміяй у 1944 г.); свабоднага абароту зямлі; адмены смяротнага пакарання; аб стварэнні другой палаты парламента, частку складу якой назначаў бы сам прэзідэнт; падаўжэння паўнамоцтваў кіраўніка дзяржавы з пяці гадоў да сямі.
Ва ўмовах абвостранай канфрантацыі ў грамадстве, спроб апазіцыі сарваць рэферэндум, а таксама няўдалай спробы правесці Вярхоўным Саветам 20 лістапада працэдуру імпічменту прэзідэнту, 24 лістапада 1996 г. адбыўся другі рэспубліканскі рэферэндум. З 7,4 млн чалавек, якія мелі права ўдзельнічаць ў рэферэндуме, галасавалі каля 6,2 млн чалавек, ці 84,4 %. За прыняцце Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994 г. са змяненнямі і дапаўненнямі (новая рэдакцыя Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь), прагаласавалі каля 5,2 млн. чалавек, ці 70,45 % грамадзян, унесеных у спісы для галасавання.
Яшчэ большая колькасць удзельнікаў галасавання — 88,18 % (5,5 млн чалавек) выказаліся за перанясенне Дня незалежнасці Рэспублікі Беларусь з 27 ліпеня на 3 ліпеня. Грамадзяне Беларусі таксама выказаліся супраць свабоднага, без абмежаванняў куплі і продажу зямлі (5,2 млн чалавек, ці 82,88 % і адмены смяротнай кары ў Рэспубліцы Беларусь (каля 5 млн чалавек, ці 80,44 %). Як бачна, палітычныя апазіцыя пацярпела паражэнне.
У адпаведнасці з новай рэдакцыяй Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь замест аднапалатнага Вярхоўнага Савета з 260 дэпутатамі быў сфарміраваны двухпалатны парламент — Нацыянальны сход, які складаецца з Палаты прадстаўнікоў (110 дэпутатаў выбіраюцца насельніцтвам) і Савета Рэспублікі (па 8 чалавек выбіраюцца ад кожнай вобласці і г. Мінска і 8 чалавек прызначаюцца прэзідэнтам). Старшынёй тагачаснай Палаты прадстаўнікоў, сфарміраванай з ліку 110 дэпутатаў Вярхоўнага Савета, быў абраны адзін з лідэраў партыі камуністаў Беларусі А. Малафееў. Савет Рэспублікі, які складаўся з 64 чалавек (у асноўным гэта прадстаўнікі прэзідэнцкай вертыкалі) узначаліў П. Шыпук. Канстытуцыйны суд адмяніў свае ранейшыя пастановы, прызнаў, што рэферэндум быў праведзены ў адпаведнасці з Канстытуцыяй.
Паводле новай рэдакцыі Канстытуцыі, прэзідэнт з’яўляецца кіраўніком дзяржавы, гарантам Канстытуцыі, правоў і свабод чалавека і грамадзяніна. Кіраўніком выканаўчай улады з’яўляецца прэм’ер-міністр урада. Пашыраны правы і паўнамоцтвы Савета Міністраў, зменены парадак прызначэння асоб на некаторыя дзяржаўныя пасады і вызваленне гэтых асоб ад пасад у адпаведнасці з Канстытуцыяй і заканадаўствам.
Яшчэ ў кастрычніку 1990 г. быў распрацаваны курс сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, у аснову якога была пакладзена радыкальная праграма пераходу да рыначных рэформ. Аднак ужо ў першыя гады рэфарміравання эканомікі былі дапушчаны памылкі. Нацыянальны банк быў выведзены з падначалення ўрада. Пры стварэнні ўстаўных фондаў камерцыйных банкаў былі выкарыстаны дзяржаўныя сродкі, пасля чаго банкі сталі прыватызаванымі. Урад В. Кебіча пазбавіўся магутнага ўздзеяння на вытворчасць, дзе яшчэ заставалася ў той час больш чым 90 % дзяржаўнай уласнасці.
Гістарычны вопыт сведчыць, што ўсякія радыкальныя рэформы асуджаны на няўдачу, калі не будзе забяспечаны поспех у фінансавай палітыцы. Менавіта таму, прыйшоўшы да ўлады, прэзідэнт ЗША Франклін Рузвельт абвясціў сваім дэкрэтам ад 5 сакавіка 1933 г. аб сямідзённым прымусовым закрыцці банкаў, забароне вывазу золата, срэбра і папяровых грошай з краіны, абмежаванні свабоды дзейнасці банкіраў.
Разбурэнне эканамічных сувязей пасля распаду СССР паскорыла негатыўныя працэсы ў эканоміцы рэспублікі. У 1991 г. у Беларусі адбылося падзенне вытворчасці прамысловай і сельскагаспадарчай прадукцыі. У наступныя гады для народнай гаспадаркі рэспублікі стала характэрным рэзкае абвастрэнне эканамічнага крызісу. Ён праявіўся ў значным зніжэнні ўсіх асноўных макраэканамічных паказчыкаў, падзенні грамадскай вытворчасці, павелічэнні дэфіцыту дзяржаўных фінансаў, росце інфляцыі, падзенні каштоўнасці беларускага рубля.
Скарачэнне маштабаў вытворчасці ў першай палове 90-х гг. было значным. З улікам нерэалізаваных таварных запасаў неаплачанай прадукцыі скарачэнне прамысловай вытворчасці склала палову ўзроўню 1990 г.
Асноўнымі прычынамі падзення аб’ёмаў вытворчасці ў прамысловасці стала перш за ўсё абвастрэнне праблемы збыту прадукцыі ў сувязі з нізкім узроўнем канкурэнтаздольнасці. Усё гэта абумовіла цяжкае фінансавае становішча большасці прамысловых прадпрыемстваў рэспублікі.
Правядзенне рэформ у 1991—1994 гг. дазволіла стварыць у Беларусі неабходны мінімум асноўных рыначных інстытутаў, нарматыўна-прававых дакументаў, пераўтварыць сістэму дзяржаўнага кіраўніцтва эканомікай у новую сістэму, якая ў пэўнай ступені абапіралася на рыначныя рэгулятары. Былі зроблены практычныя крокі па лібералізацыі гаспадарчых сувязей, рэфармаванні адносін уласнасці.
Разам з тым рыначныя пераўтварэнні ў Беларусі праводзіліся супярэчліва. Гэта было звязана са складанасцю пераходу ад планавай сацыялістычнай эканомікі да эканомікі рыначнага тыпу, жаданнем уладаў стварыць новы эканамічны базіс за кароткі тэрмін. Яскравымі прыкметамі эканамічнага жыцця таго часу стала раскручванне інфляцыйнай спіралі і катастрафічнае падзенне курсу беларускіх грошаў, крытычнае становішча з забеспячэннем гаспадаркі энергарэсурсамі, галапіруючы рост цэн.
У надзвычайным становішчы апынулася сельская гаспадарка Беларусі. Нягледзячы на тое, што ў 1990—1994 гг. на патрэбы агра-прамысловага комплексу (АПК) выдзялялася 25—30 % бюджэтных сродкаў і амаль столькі ж ён атрымліваў дадаткова ў выглядзе розных ільгот і датацый, аб’ёмы вытворчасці сельскай гаспадаркі скараціліся на 14 %. У сувязі з непарытэтам цэн на прамысловыя тавары і сельскагаспадарчую прадукцыю вёска была пазбаўлена магчымасці абнаўлення сельскагаспадарчай тэхнікі. У 1993 г. налічвалася 2700 калгасаў і саўгасаў, 2658 фермерскіх гаспадарак і 1926 400 сельскіх падвор’яў. Плошча выдзеленых зямель для фермерскіх гаспадарак складала 51 959 га, ці 0,5 % усіх сельгасугоддзяў рэспублікі (для параўнання: у Расіі на долю фермераў прыпадала больш за 3 %). Удзельная вага прадукцыі фермерскіх гаспадарак у агульным аб’ёме прадукцыі аграпрамысловага комплексу Беларусі складала менш за 1 %, а таварнай прадукцыі толькі 0,3 %.
У першай палове 1990-х гг. рэзка знізіўся жыццёвы ўзровень насельніцтва рэспублікі. Адбыўся абвальны рост цэн на прадукты харчавання, тавары першай неабходнасці і паслугі. Намінальныя грашовыя даходы насельніцтва не паспявалі за расходамі. У 1994 г. за рысай мінімальнага спажывецкага бюджэту апынулася больш за 60 % насельніцтва рэспублікі. На змену ўсеагульнай занятасці насельніцтва прыйшло беспрацоўе.
Правядзенне новага курсу рэформ у другой палове 1990-х гг. звязана з дзейнасцю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнкі. 29 верасня 1994 г. Кабінет Міністраў Рэспублікі Беларусь прапанаваў Вярхоўнаму Савету праграму неадкладных мер па вываду эканомікі з крызісу, якая была распрацавана па заданні Прэзідэнта рэспублікі. Праграма ўключала аздараўленне крэдытнай грашовай сістэмы, зніжэнне ўзроўню інфляцыі да канца 1994 г. да 10—11 %, а да канца 1995 г. — да 3—4%, спыненне падзення вытворчасці і зніжэння жыццёвага ўзроўню народа.
У другой палове 1990-х гг. кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь прыклала шмат намаганняў, каб пераадолець крызісныя з’явы ў эканоміцы і грамадстве. Ужо ў 1995—1996 гг. былі дасягнуты пэўныя пазітыўныя вынікі. Адбылося запавольванне тэмпаў эканамічнага спаду, паніжэнне інфляцыі, ажыўленне вытворчасці ў асобных галінах і рэгіёнах. Так, у 1996 г. у параўнанні з 1995 г. павялічыўся валавы ўнутраны прадукт, аб’ём прамысловай вытворчасці, рознічны тавараабарот. Упершыню ўдалося ўтрымаць у вызначаных межах інфляцыю, беспрацоўе і стрымаць зніжэнне жыццёвага ўзроўню насельніцтва.
1997 г. быў найлепшым з пункту гледжання сацыяльна-эканамічных паказчыкаў развіцця краіны. Упершыню быў сабраны рэкордны ўраджай збожжа. Яго аб’ём перавысіў 6,5 млн тон — амаль на 630 тыс. тон больш, чым у 1996 г. Ураджайнасць збожжавых склала каля 24 ц з гектара.
Аднак становішча ў сельскай гаспадарцы заставалася складаным. У гаспадарках засталося вельмі мала прыдатных для працы зернеўборачных камбайнаў і каля 55% аўтамабіляў ад іх ранейшай колькасці.
Курс на сацыяльна арыентаваную рыначную эканоміку, ажыццяўленне эфектыўнай сацыяльнай палітыкі з’явіўся асновай унутрыпалітычнай дзейнасці кіраўніцтва краіны. За 1996—1998 гг. вытворчасць тавараў народнага спажывання павялічылася больш чым напалову. Захоўвалася сацыяльная накіраванасць бюджэту. Прыпыненне спаду вытворчасці, забеспячэнне некаторага эканамічнага росту садзейнічалі таму, што, пачынаючы з 1996 г., пачалося зніжэнне ўзроўню беспрацоўя: з 182,5 тыс. у 1996 г. да 151,1 тыс. у 1997 г. Аднак рост цэн па-ранейшаму апярэджваў павышэнне заработнай платы, таму яе рэальны ўзровень няўхільна зніжаўся. Патрабавалася павышэнне памеру мінімальных дзяржаўных сацыяльных гарантый, удасканаленне пенсійнага забеспячэння, узмацненне адраснай сацыяльнай падтрымкі канкрэтных груп насельніцтва.
Валютны крызіс у рэспубліцы ў сакавіку і жнівеньскі фінансавы крызіс 1998 г. у Расіі — усё гэта адмоўна адбілася на эканоміцы Беларусі, бо гандаль з Расіяй складаў звыш 60 % агульнага тавараабароту.
Для пераадолення наступстваў крызісу кіраўніцтва Беларусі зрабіла важныя крокі ў эканамічнай палітыцы: былі праведзены уніфікацыя валютнага курсу ў адносінах да беларускага рубля і частковая лібералізацыя цэн, узмоцнена жорсткасць бюджэтнай дысцыпліны, у значнай ступені ажыццёўлены перавод разлікаў на грашовую аснову, скарачэнне бартэру. Вынікам прынятых мер з’явілася зніжэнне інфляцыі з 251 % у 1999 г. да 108 % у 2000 г. Аб’ём валавога ўнутранага прадукту павялічыўся ў 2000 г. на 5,8 %, а ў 2001 г. больш чым на 4 %, аднак гэта менш, чым планавалася. Вытворчасць прамысловай прадукцыі ўзрасла на 5,5 % і склала 106 % да ўзроўню 1990 г. Беларусь стала адзінай з былых краін на постсавецкай прасторы, якая па асноўных эканамічных паказчыках дасягнула ўзроўню 1990 г.
Аднак нерэалізаваная прадукцыя, што накапілася на складах прадпрыемстваў з прычыны яе невысокай якасці, бартэр, інфляцыя па-ранейшаму адмоўна адбіваліся на рэальных даходах насельніцтва рэспублікі. Па індэксу развіцця чалавечага патэнцыялу эксперты ААН ставяць Беларусь на першае месца сярод краін СНД. Калі ў 1995 г. па гэтым паказчыку Рэспубліка Беларусь займала амаль 70-е месца, то ў 2001 г. перамясцілася на 53-е (у 1991 г. займала 40-е месца).
На 2001—2005 гг., кіраўніцтвам краіны была распрацавана праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця У ліку яе прыярытэтаў: інавацыйныя і інвестыцыйная дзейнасць, пашырэнне экспарту тавараў і паслуг, эфектыўнае і дынамічнае развіццё аграпрамысловага комплексу, жыллёвае будаўніцтва, ахова здароўя насельніцтва.
Рэалізацыя гэтых праграмных задач патрабуе фінансавага аздараўлення эканомікі, яе структурнай перабудовы, развіцця навукаёмкай вытворчасці, рэсурсазберагальных тэхналогій.
