Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Гіст_Бел_Сусв_цывіл.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
1.68 Mб
Скачать

Утварэнне рэспублікі беларусь

Шлях да суверэнітэту Беларусі. Ва ўмовах радыкальных пераўтварэнняў палітычнае развіццё грамадства прывяло да ўзнікнення новых узаемаадносін паміж рэспублікамі і цэнтрам. На месцах, у тым ліку і ў Беларусі, узрастаў рух за незалежнасць.

27 ліпеня 1990 г. Вярхоўны Савет БССР абвясціў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце БССР у складзе савецкай федэрацыі. Гэтае рашэнне з’явілася вынікам рэакцыі на знешнюю сітуацыю, на прыняцце 12 чэрвеня 1990 г. першым з’ездам народных дэпутатаў РСФСР Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Расійскай Федэрацыі.

Правал жнівеньскага путчу 1991 г. стварыў спрыяльныя ўмовы на шляху да рэалізацыі дзяржаўнага суверэнітэту. 25 жніўня быў прыняты Закон «Аб наданні статусу канстытуцыйнага закона Дэкларацыі Вярхоўнага Савета Беларускай ССР аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі» і пастанова «Аб забеспячэнні палітычнай і эканамічнай самастойнасці Беларускай ССР». Гэтымі актамі аб’яўлялася палітычная і эканамічная незалежнасць рэспублікі. Ва ўласнасць Беларускай ССР пераходзілі прадпрыемствы, арганізацыі і ўстановы саюзнага падпарадкавання, размешчаныя на яе тэрыторыі. Выключэнне складалі тыя прадпрыемствы і арганізацыі, кіраўніцтва якімі засталося, згодна з заканадаўствам Беларускай ССР, за адпаведнымі органамі Саюза ССР.

Была зменена назва рэспублікі, а таксама адбылася замена дзяржаўнай сімволікі. 19 верасня прынята рашэнне Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку надалей называць «Рэспубліка Беларусь», а ў скарочаных назвах «Беларусь». У той самы дзень былі прыняты законы «Аб дзяржаўным сцягу Рэспублікі Беларусь» і «Аб дзяржаўным гербе Рэспублікі Беларусь».

Распад ссср і ўтварэнне снд

8 снежня 1991 г. у рэзідэнцыі беларускага ўрада Віскулі С. Шуш­кевіч разам з прэзідэнтамі Расіі і Украіны — Б. Ельцыным Л. Краўчуком падпісалі пагадненне аб фармальнай ліквідацыі СССР і стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў (СНД).

Да сферы сумеснай дзейнасці дзяржаў у Садружнасці была аднесена каардынацыя знешняй палітыкі, супрацоўніцтва ў межах агульнай палітычнай прасторы, еўрапейскага і азіяцкага рынкаў, мытнай палітыкі, у развіцці транспарту і сувязі, у галіне аховы навакольнага асяроддзя, удзел у стварэнні ўсеабдымнай міжнароднай сістэмы эканамічнай бяспекі; пытанні міграцыйнай палітыкі, барацьба з арганізаванай злачыннасцю.

Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь 10 снежня 1991 г. ратыфікаваў пагадненне аб утварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Адначасова была прынята пастанова аб дэнансацыі дагавору 1922 г. аб утварэнні СССР. На сустрэчы ў Алма-Аце, якая адбылася 21 снежня, да пагаднення далучыліся яшчэ 8 дзяржаў — былых рэспублік СССР, за выключэннем прыбалтыйскіх рэспублік і Грузіі. 11 дэлегацый суверэнных краін прынялі рашэнне аб стварэнні вышэйшага органа Садружнасці — Савета кіраўнікоў дзяржаў, а таксама Савета кіраўнікоў урадаў, падпісалі Дэкларацыю, у якой пацвердзілі іх аднолькавыя правы ў Садружнасці, прыхільнасць да супрацоўніцтва ў развіцці агульнай эканамічнай прасторы, агульнаеўрапейскага і еўраазіяцкага рынкаў, гарантыі выканання міжнародных абавязкаў былога Саюза ССР.

Нягледзячы на прынятыя дакументы і ўтварэнне дадатковых каардынацыйных органаў, у дзейнасці дзяржаў Садружнасці выявіліся рознагалоссі. Асабліва абвострана яны праявіліся паміж Расіяй і Украінай па пытанні раздзелу арміі і Чарнаморскага флоту. Многія рэспублікі выказалі незадавальненне тым, што Расіі ў якасці правапераемніцы СССР адышла дыпламатычная сетка былога Саюза, большая частка маёмасці саюзных і партыйных структур, матэрыяльныя і духоўныя каштоўнасці, што ствараліся фактычна сіламі ўсіх рэспублік.

Станаўленне суверэннай дзяржавы патрабавала фарміравання органаў кіравання, стварэння ўласнага войска. Паводле закона ад 25 жніўня 1991 г. «Аб некаторых змяненнях у сістэме органаў дзяржаўнага кіравання Беларускай ССР» саюзна-рэспубліканскае Міністэрства ўнутраных спраў БССР было пераўтворана ў рэспубліканскае Міністэрства ўнутраных спраў. Яму былі падпарадкаваны ўнутраныя войскі і навучальныя ўстановы Міністэрства ўнутраных спраў СССР, размешчаныя на тэрыторыі рэспублікі. Саюзна-рэспубліканскі Камітэт дзяржаўнай бяспекі БССР быў пераўтвораны ў рэспубліканскі Камітэт дзяржаўнай бяспекі. Ён перападпарадкоўваўся Вярхоўнаму Савету Рэспублікі Беларусь. Былі перагледжаны функцыянальныя напрамкі дзейнасці камітэта, скасавана служба палітычнага вышуку, створана новае для гэтых сілавых ведамстваў падраздзяленне грамадскіх сувязей.

Савету Міністраў Беларусі падпарадкоўваліся пагранічныя войскі Камітэта дзяржаўнай бяспекі. У пачатку 1992 г. пачало дзейнічаць Галоўнае ўпраўленне пагранічных войскаў пры Савеце Міністраў. За кароткі тэрмін Упраўленне пагранвойскаў правяло работу па ўмаца­ванні пагранзастаў. На службу ў рэспубліку было вернута 1400 беларусаў-пагранічнікаў. Была таксама праведзена работа беларуска-літоўскай і беларуска-латвійскай змешанымі камісіямі па ўстанаўленні мяжы Рэспублікі Беларусь з Літвой і Латвіяй, створаны новыя пагранатрады.

У мэтах забеспячэння палітычнай і эканамічнай самастойнасці рэспублікі ў верасні 1991 г. Вярхоўны Савет прыняў пастанову «Аб мытнай службе Рэспублікі Беларусь». Беларускае ўпраўленне дзяржаўнага мытнага кантролю СССР было пераўтворана ў Дзяржаўны мытны камітэт Рэспублікі Беларусь. У яго падпарадкаванне перайшлі мытныя органы, якія размяшчаліся на тэрыторыі рэспублікі.

Важным крокам на шляху ўмацавання суверэннасці Беларусі з’явілася стварэнне ўласнага войска на аснове прыняцця Вярхоўным Саветам Рэспублікі Беларусь у верасні 1991 г. адпаведнай пастановы. У сакавіку 1992 г. пачало дзейнічаць Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь. Пастанова Савета Міністраў ад 6 мая 1992 г. паклала пачатак непасрэднаму стварэнню ўласных узброеных сіл. Беларуская ваенная акруга была скасавана. Усе яе часці і падраздзяленні, а таксама часці цэнтральнага падпарадкавання, якія не ўваходзілі ў склад стратэгічных сіл СНД, перайшлі ў падпарадкаванне Міністэрства абароны рэспублікі. Распрацаваная ў лістападзе 1992 г. ваенная дактрына зыходзіла з неабходнасці быць без’ядзернай, нейтральнай дзяржавай. Прынятая праграма рэарганізацыі ўзброеных сіл прадугледжвала скарачэнне колькасці салдат да 60 тысяч.

Былі прыняты меры па ўзмацненні кантралюючых функцый дзяржавы. У адпаведнасці з прынятым у сакавіку 1992 г. Вярхоўным Саветам Законам «Аб Кантрольнай палаце Рэспублікі Беларусь» галоўнымі функцыямі створанай палаты з’яўляліся кантроль за выкананнем законаў Рэспублікі Беларусь, пастаноў Вярхоўнага Савета і адпаведных ім іншых актаў, якія рэгулююць узаемаадносіны дзяржаўных, прыватных і гаспадарчых органаў.

Ва ўмацаванні дзяржаўнага ладу Рэспублікі Беларусь важнае значэнне мела выпрацоўка і прыняцце Канстытуцыі. Падрыхтоўка закона­праекта аб дзяржаўным ладзе Беларусі было даручана Канстытуцыйнай камісіі, старшынёй якой з кастрычніка 1992 г. быў абраны С. Шушкевіч. У Вярхоўным Савеце разгарэўся канфлікт паміж апазіцыяй на чале дэпутатамі БНФ, і большасцю дэпутатаў, па пытанні прэзідэнцтва. Апазіцыя намагалася мінімізаваць значэнне кіраўніка дзяржавы. На іх думку, палітычная традыцыя Беларусі патрабавала парламенцкага кіравання. Апазіцыя прапанавала, каб прэзідэнт выбіраўся Вярхоўным Саветам. Праўрадавая большасць імкнулася да варыянта Канстытуцыі, у якой будучы прэзідэнт надзяляўся правамі поўнага кантролю за выканаўчай уладай.

На працягу 1992—1994 гг. Вярхоўны Савет стаў арэнай жорсткай фракцыйнай палітычнай барацьбы па абвостраных праблемах эканамічнага жыцця, вызначэння палітычнага статуса дзяржавы, будучага дагавору з Расіяй. Прэзідэнцкія выбары, прызначаныя на чэрвень 1994 г., прымушалі розныя палітычныя лагеры да ўзмоцненай палітычнай актыўнасці. У гэтай сітуацыі ўзрастаў палітычны рэйтынг А.Лукашэнкі, тагачаснага старшыні парламенцкай камісіі па барацьбе з карупцыяй. Ён абвінаваціў С. Шушкевіча і некалькіх звязаных з ім чыноўнікаў у раскраданні дзяржаўнай маёмасці. 26 студзеня 1994 г. дэпутаты Вярхоўнага Савета (209 галасоў «за» і 39 «супраць») адклікалі С. Шушкевіча з займаемай пасады. Старшынёй Вярхоўнага Савета некалькі дзён пазней стаў М. І. Грыб, які фарсіраваў працэс прыняцця канстытуцыі.

15 сакавіка 1994 г. Вярхоўны Савет рэспублікі прыняў новую Канстытуцыю — Асноўны закон Рэспублікі Беларусь. Паводле Канстытуцыі, Беларусь з’яўляецца унітарнай дэмакратычнай сацыяльнай дзяржавай, якая валодае вяршэнствам і паўнатой улады на сваёй тэрыторыі. У рэспубліцы ўводзілася прэзідэнцкая форма кіравання. На чарзе стаяла пытанне — абранне прэзідэнта.

Кандыдатамі былі вылучаны шэсць чалавек: А. Дубко, В. Кебіч, А. Лукашэнка, В. Новікаў, З. Пазняк, С. Шушкевіч.

Пераможцам першага тура выбараў 19 чэрвеня стаў А. Лукашэнка, які набраў 45 % галасоў. В. Кебіч хоць і выйшаў у другі тур, але яго падтрымала толькі 17,4 % выбаршчыкаў. Кандыдаты апазіцыі — З. Пазняк і С. Шушкевіч — атрымалі 13 % і адпаведна 10 % галасоў. В. Новікаў атрымаў 5 % галасоў. У наступным туры выбараў 10 ліпеня амаль 80 % галасоў быў выбраны А. Р. Лукашэнка першым Прэзідэнтам Беларусі. Насельніцтва Беларусі, якое чакала паляпшэння свайго эканамічнага становішча, выказалася за радыкальныя змены, якія ў ходзе выбарчай кампаніі абяцаў Прэзідэнт.