- •Гісторыя беларусі і сусветная цывілізацыя Вучэбны дапаможнік для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў
- •Казакоў ю. Л., Каханоўскі а. Г., Коршук у. К., Кошалеў у. С., Ладысеў у. Ф., Лойка п. А., Фядосік в. А., Ходзін с. М., Цяплова в. А., Яноўскі а. А.
- •Уводзіны
- •Перадгісторыя: асноўныя этапы станаўлення чалавецтва
- •Неалітычная рэвалюцыя і перадумовы ўзнікнення цывілізацый
- •Міграцыі і перасяленні народаў у старажытнасці
- •1. Індаеўрапейцы
- •2. Балты
- •3. Славяне
- •4. Германцы
- •«Вялікае перасяленне народаў» і яго вынікі
- •Сярэднявечны свет I Беларусь у V—XII ст. Ля вытокаў заходнееўрапейскай цывiлiзацыi
- •Этнасацыяльныя, гаспадарчыя і палітычныя пРаЦэсы на тэрыторыі усходняй еўропы (V—XII ст.)
- •ЕЎропа I Вялiкае княства ЛiтоЎскае ў XIII—XVI ст. Заходняя Еўропа ў XIV—XV ст.
- •Феадальная раздробленасць русі і яе наступствы
- •Вялiкае княства Лiтоўскае: памiж Усходам I Захадам
- •Сацыяльна-эканамiчнае I культурнае развiццё Вялікага Княства Літоўскага
- •Новы час: перыядызацыя і асноўны змест
- •Ад сярэднявечча да новага часу
- •Еўропа ў XVI—XVII ст.: сацыяльна-эканамічныя і палітычныя працэсы
- •Адраджэнне I рэфармацыя на беларусi
- •Кансалідацыя беларускай народнасці
- •Барацьба за гегемонію ва усходняй Еўропе Эпоха Асветы: сутнасць, характар і гістарычнае значэнне
- •Буржуазныя рэвалюцыі XVII—XVIII ст. Англійская рэвалюцыя XVII ст.
- •Англійская рэвалюцыя xviiі ст.
- •Першая амерыканская рэвалюцыя і ўтварэнне зша
- •Французская рэвалюцыя
- •Фарміраванне індустрыяльнай цывілізацыі
- •Беларусь у першай палове XIX ст.
- •Станаўленне буржуазнага грамадства і нацыянальнае адраджэнне Беларусі (другая палова хіх ст.) Рэформы 1860—1880-х гг.
- •Паўстанне 1863 г.
- •Асаблівасці развіцця эканомікі Беларусі
- •Грамадска-палітычны рух
- •Эвалюцыя беларускай нацыі. Культурнае жыццё
- •Першая сусветная вайна
- •Рэвалюцыi ў Расii ў пачатку хх ст.
- •Беларускае грамадства ў пачатку хх ст.
- •Стварэнне ссср і беларускай дзяржаўнасці
- •Свет у міжваенны перыяд
- •Краіны Заходняй Еўропы і зша ў 1918—1939 гг.: асноўныя кірункі ўнутранай палітыкі
- •Змены ў сацыяльна-эканамічнай сістэме бсср на працягу 1920—1930-х гг.
- •Індустрыялізацыя і калектывізацыя. Іх асаблівасці на Беларусі
- •Грамадска-палітычная сістэма бсср у 1920—30-я гг. Грамадска-палітычнае жыццё бсср на пачатку 1920-х гг.
- •Культура беларускага народа
- •Другая сусветная вайна Прычыны і характар Другой сусветнай вайны
- •Уз’яднанне Беларускага народа. Пачатак Вялікай Айчыннай вайны
- •Беларусь ва ўмовах супрацьстаяння і канфрантацыі звышдзяржаў Праблемы эканамічнага развіцця і мадэрнізацыі
- •Грамадска-палітычнае жыццё бсср у пасляваенны час
- •Культура Беларусі ў другой палове хх ст.
- •Пошукі новай мадэлі грамадскага ладу на мяжы 1980—1990-х гг. Хх ст.
- •Утварэнне рэспублікі беларусь
- •Распад ссср і ўтварэнне снд
- •Барацьба за выбары шляхоў далейшага развіцця беларускай дзяржавы
- •Рэспубліка Беларусь — раўнапраўны член сусветнай супольнасці
- •Духоўнае жыццё беларускага грамадства на мяжы хх—ххі ст.
- •Гісторыя беларусі і сусветная цывілізацыя Дапаможнік для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў
Уз’яднанне Беларускага народа. Пачатак Вялікай Айчыннай вайны
У вынiку уз’яднання тэрыторыя БССР павялiчылася з 125,5 тыс. км2 да 225,7 тыс. насельнiцтва рэспублiкi — з 5 млн 562 тыс. чал. да 10 млн 239 тыс. чал. На тэрыторыi былой Заходняй Беларусi было лiквiдавана ранейшае адмiнiстрацыйнае дзяленне i створана 5 абласцей (Баранавiцкая, Брэсцкая, Вiлейская, Пiнская i Беластоцкая).
Улады заходнiх абласцей прыступiлi да гаспадарчага i сацыяльна-культурнага будаўнiцтва. Былi нацыяналiзаваны 1700 прадпрыемстваў, пачалася тэхнiчная рэканструкцыя старых i будаўнiцтва новых фабрык i заводаў. Паступова лiквiдавалася беспрацоўе.
У вёсцы беззямельным i малазямельным сялянам было раздадзена звыш I млн га землi, якая належала польскiм памешчыкам, асаднiкам i членам вартаўнiчай аховы. Вялася работа па арганiзацыi розных форм кааперацыi, калгасаў i саўгасаў.
Iстотныя зрухi адбывалiся ў духоўна-культурнай сферы. К пачатку 1941 г. было адкрыта 100 кiнатэатраў, 220 бiблiятэк.
Пры правядзеннi сацыяльна-эканамiчных пераўтварэнняў, устанаўленнi савецкай сiстэмы кiравання грамадствам не абыйшлося i без парушэнняў закону новымi ўладамi: рэпрэсiй i дэпартацый (высяленняў памешчыкаў, капiталiстаў, палiцэйскiх, дзяржаўных служачых, гандляроў, кулакоў i iнш.). У вынiку не ўсе былi задаволены палiтыкай Савецкай улады. Тым больш, што з пачатку 1940 г. у заходнiх абласцях Беларусi пачалiся рэпрэсii супраць былых членаў польскай каланiяльнай адмiнiстрацыi i ваеннаслужачых польскай армii.
Аднак, нягледзячы на ўсе цяжкасцi i рэпрэсii, працоўныя Беларусi самааддана працавалi ва ўсiх галiнах гаспадаркi i культуры, умацоўвалi абароназдольнасць краiны. Вялiкiм было iх натхненне ў сувязi з уз’яднаннем Заходняй Беларусi з БССР, якое аднавiла адзiнства беларускага народа i стварыла яго адзiную дзяржаўнасць. Нельга ставiць пад сумненне i працоўны гераiзм народа, яго веру ў сацыялiстычныя iдэалы, надзею, што савецкi ўрад прывядзе да канчатковай перамогi сацыялiзму. Дзякуючы працоўнаму гераiзму рабочых, калгаснiкаў, iнжынерна-тэхнiчных работнiкаў, Беларусь ператварылася ў iндустрыяльна-аграрную рэспублiку, у якой к 1940 г. 80% прадукцыi народнай гаспадаркi прыходзiлася на долю прамысловасцi, на палях звыш 10 тыс. калгасаў працавалi 10413 трактараў, 1675 камбайнаў, дзесяткi тысяч iншых сельскагаспадарчых машын.
А тым часам мiжнародная абстаноўка працягвала ўскладняцца. Фашысцкая Германiя, абаранiўшы сябе дагаворам з СССР з Усходу, умацоўвала пазiцыi на Захадзе.
З лета 1940 г. германскае ваенна-палiтычнае кiраўнiцтва пачало падрыхтоўку да вайны супраць СССР. Нарастанне ваеннай пагрозы бачыла вышэйшае кiраўнiцтва СССР. I хоць з боку Сталiна i яго акружэння быў дапушчаны пралiк у вызначэннi тэрмiну пачатку вайны, тым не менш шэраг мер па ўмацаванні абароназдольнасцi СССР, яго заходнiх рубяжоў, у тым лiку Беларусi, быў прыняты. Iншая справа, што гэтыя меры часта былi запозненнымi i частковымi.
Фарсiравана развiвалiся абаронныя галiны гаспадаркi. Беларускае кiраўнiцтва асаблiвую ўвагу ўдзяляла ў гады апошняй прадваеннай пяцiгодкi будаўнiцтву ў Мiнску i Магiлёве авiяцыйных прадпрыемстваў, у Вiцебску i Баранавiчах — танкарамонтных заводаў. Войскi i тылавыя часцi забяспечвалiся сродкамi сувязi, павялiчвалася прапускная здольнасць магiстральных чыгунак, якiя iшлi па тэрыторыi Заходняй асобай ваеннай акругi (ЗахАВА) да гранiцы. На тэрыторыi Беларусi напярэдаднi вайны былi размешчаны часцi ЗахАВА i II-й армii Прыбалтыйскай асобай ваеннай акругi (ПрыбАВА), якiя складалiся з 48 дывiзiй агульнай колькасцю 715 тыс. чал. На ўзбраеннi гэтых часцей было 10,8 тыс. гармат i мiнамётаў, 3,4 тыс. танкаў, 1,9 тыс. самалётаў. Але будаўнiцтва прымежавых ўмацаванняў палявога тыпу, пераўзбраенне i перабудова ўсiх вiдаў войск толькi разгортвалася.
Вышэйшае кiраўнiцтва краiны памылкова лiчыла, што ў выпадку вайны з СССР фашысцкая Германiя ў першую чаргу будзе наступаць на Украiну i Каўказ. Таму большая ўвага звярталася на ўмацаванне паўднёвага, а не заходняга напрамку. Да лета 1941 г. не былi пабудаваны новыя ўмацаваныя раёны (iх будаўнiцтва пачалося пасля ўваходу Заходняй Беларусi ў склад БССР у 1939 г.). Пастаўкi абсталявання i зброi ў гэтыя раёны часта зрывалiся.
У канцы 1920 — пачатку 1930-х гг. на Беларусi праводзiлася падрыхтоўчая работа па арганiзацыi партызанскiх дзеянняў на выпадак вайны. У рэспублiцы было створана 6 партызанскiх атрадаў. У лясах былi закладзены базы зброi, боепрыпасаў, амунiцыi, харчавання. Спецыяльна падрыхтаваныя людзi прайшлi курс навучання ў закрытых школах, былi прызначаны камандзiры, укамплектаваны штаты кожнага атрада, спланаваны спецыяльныя аперацыi, каб адрэзаць варожыя войскi ад крынiц iх забеспячэння. Аднак пазней гэтыя базы былi расцэнены як падрыхтоўка дыверсiйных груп з мэтай звяржэння савецкай улады. У канцы 1930-х гг. такiя партызанскiя атрады былi расфармiраваны, а iх базы лiквiдаваны. У вынiку Беларусь, як i ўся савецкая краiна не была падрыхтавана да адпору агрэсii.
Беларусь адной з першых прыняла магутны ўдар, накiраваны гiтлераўскай Германiяй на СССР. На Мiнск, Смаленск i Маскву наступала найбольш магутная група армiй «Цэнтр». На працягу некалькiх дзён вораг завалодаў заходняй часткай Беларусi. На шосты дзень вайны быў захоплены Мiнск. Аказваючы ўпартае супрацiўленне, савецкiя войскi адступалi. Жорсткiя баi адбылiся пад Магiлёвам. Абарона горада працягвалася 3 тыднi i стала прыкладам арганiзаванага адпору ворагу. Грамадзяне капалi акопы, траншэi, наладжвалi супрацьтанкавыя загароды. У асобныя днi ў такiх работах удзельнiчала да 40 тыс. чал. Фармiравалася народнае апалчэнне. У вынiку гераiчнай абароны Магiлёва, дзе былi сканцэнтраваны сiлы групы армiй «Цэнтр», савецкае камандаванне выйграла час для наступных баёў.
У жнiўнi 1941 г. 20 дзён абараняўся Гомель, дзе вораг страцiў больш за 80 тыс. чал. i значную колькасць баявой тэхнiкi, у Вiцебску, Гомелi, Магiлёве i Пiнску, у Кастрычнiцкiм, Ельскiм, Лельчыцкiм, Рагачоўскiм i iншых раёнах стваралiся знiшчальныя батальёны, групы самаабароны, якiя разам з Чырвонай Армiяй абаранялi свае гарады i вёскi.
Аднак памылкi савецкага кiраўнiцтва не маглi кампенсавацца мужнасцю i гераiзмам людзей. Са 170 дывiзiй першага стратэгiчнага эшалону ў пачатку вайны былi разбiтыя 28, а 72 дывiзii пазбавiлiся паловы асабовага складу i тэхнiкi. Савецкiя войскi згубiлi 850 тыс. чал. Але i працiўнiк нёс значныя страты. За першыя дзесяць месяцаў вайны страты толькi сухапутных войск Германii склалi забiтымi, параненымi i прапаўшымi без вестак больш за 1,5 млн чалавек. Гэта амаль у 5 разоў больш таго, што згубiў вермахт у Польшчы, Паўночна-Заходняй, Заходняй Еўропе i на Балканах. Гэта было нечаканасцю для гiтлераўскага кiраўнiцтва, яно не чакала, што вайна на савецка-германскiм фронце так зацягнецца. Ужо ў восень 1941 г. адзiн з паплечнiкаў Гiтлера, адмiрал Канарыс, якi наведаў Усходнi фронт, зрабiў у сваiм дзённiку запiс: «Калi руская армiя дэзарганiзавана i знясiлена, дык i мы таксама... Калi становiшча Расii цяжкае, дык яно ўсё ж наўрад можа быць горшым, чым наша».
Савецкiя людзi паднялiся на Айчынную вайну супраць ворага. У кароткi тэрмiн большасць прамысловых прадпрыемстваў было пераключана на абслугоўванне фронту. Адзiнства фронту i тылу адыграла важную ролю ў вайне. У вынiку мабiлiзацыi значнай часткi працоўнага насельнiцтва ў армiю i акупацыi ворагам часткi савецкай тэрыторыi ў краiне скарацiлася колькасць рабочых. Так, калi ў першай палове 1941 г. у народнай гаспадарцы краiны было занята 31,8 млн рабочых, дык у 1942 г. iх колькасць скарацiлася да 18,4 млн чалавек. А трэба ж было павялiчваць выпуск прадукцыi для фронта. У сувязi з гэтым адмяняліся водпускi, уводзiлася звышурочная работа. У краiне разгарнулася спаборнiцтва за лепшую дапамогу фронту. Распаўсюджванне атрымалi франтавыя брыгады, дзе людзi працавалi за сябе i за таварыша, якi пайшоў на вайну. Поспехi на фронце ў значнай ступенi забяспечвалiся працоўным гераiзмам рабочых, калгаснiкаў, iнтэлiгенцыi. У вынiку савецкая прамысловасць у 1942—1944 гг. штомесячна давала армii больш 2 тыс. танкаў. СССР пераўзыйшоў Германiю па сярэднегадавым выпуску вайсковай тэхнiкi.
Нягледзячы на тое, што сацыяльнае становiшча савецкiх людзей у час вайны рэзка пагоршылася, сярод працоўных узнiк рух па адлiчэнню аднаго, двух, трох, чатырохдзённага заробкаў у фонд абароны. З гэтай жа мэтай праводзiлiся суботнiкi. Людзi здавалi добраахвотна сродкi на будаўнiцтва баявой тэхнiкi. Свой уклад у гэты рух уносiла i насельнiцтва акупіраваных раёнаў. Распаўсюджванне атрымалi дзяржаўныя пазыкі, грашова-рэчавыя латарэi. Шырокае развiццё атрымаў збор падарункаў для фронта. Толькi за лiк цёплага амбундзiравання, якое было накiравана на фронт, у якасцi падарункаў, можна было апрануць 10 млн вайскоўцаў. Але не менш важным быў i маральны фактар: бацькаўшчына салдата акупiравана ворагам, там засталiся родныя, а салдат атрымлівае падарункi ад незнаёмых людзей — гэта было вельмі кранальна. Масавым быў донарскi рух. У канцы вайны донараў у краiне было 5,5 млн чалавек. Усё гэта сведчыла аб патрыятызме савецкiх людзей, учынкі якіх шырока прапагандавалі ў друку i на радыё. Адзiнства, згуртаванасць савецкiх людзей у час вайны наблiжала Перамогу.
Разгром гiтлераўскiх войск пад Масквой быў рашаючым у першым перыядзе вайны, якi працягваўся з 22 чэрвеня 1941 г. да лiстапада 1941г. З лiстапада 1942 г. да снежня 1943 г. у другi перыяд Вялiкай Айчыннай вайны вораг пацярпеў паражэнне пад Сталiнградам i Курскам, была вызвалена частка тэрыторыi Беларусi i iнш. Са студзеня 1944 г. да мая 1945 г. доўжыўся трэцi перыяд вайны — гiтлераўцаў выгналі з савецкай зямлi, была дасягнута Перамога.
Адной з асаблiвасцей Вялiкай Айчыннай вайны быў нябачаны ў гiсторыi патрыятызм i масавы гераiзм. Патрыятызм людзей праяўляўся ў стварэннi добраахвотных узброеных фармiраванняў, iх удзеле ў будаўнiцтве абарончых збудаванняў i iнш. Пра ўсенародны характар вайны сведчыць i барацьба супраць захопнiкаў на акупіраванай iмi тэрыторыi. У тыле ворага разгарнулася партызанская барацьба. Ужо ў канцы 1941 г. толькi пад Масквой дзейнiчала каля 10 тыс. партызан. А ўсяго ў час вайны ў партызанскiх атрадах i брыгадах змагалася больш 1 млн чалавек. Як i вайскоўцы на фронце, партызаны i падпольшчыкi праяўлялi нябачаны гераiзм.
Вайна стала суровым i ўсебаковым выпрабаваннем для ўсiх народаў СССР. Гэта была бяда, трагедыя, якая ламала чалавечыя лёсы. Экзамен трымаў кожны чалавек. I большасць выстаяла. Але былi i такiя, хто перайшоў да ворага, удзельнiчаў у розных формах супрацоўнiцтва з гiтлераўцамi, падтрымлiваў iх.
Страшэнны лёс рыхтавалі акупанты для беларускага народа: намячалася выселiць i знiшчыць 75 % насельнiцтва, а астатнiх — анямечыць i выкарыстаць у паднявольнай працы. У буйных гарадах Беларусi фашысты планавалi стварыць пасяленнi для прывiлегіяваных слаёў нямецкага грамадства. Пры гэтым на кожнага чалавека «вышэйшай германскай расы» планавалася пакiнуць двух прадстаўнiкоў «нiжэйшай расы».
Да пачатку верасня 1941 г. уся тэрыторыя Беларусi была акупіравана. Насельнiцтва спачатку не ўяўляла сабе ўсiх яе жахароў. Людзi былi ў стане прыгнечанасцi i разгубленасцi, паводзiлi сябе насцярожана. Былi, праўда, i такiя, што спадзявалiся з дапамогай гiтлераўцаў пазбавiцца ад бальшавiзму, выратавацца ад сталiнскiх рэпрэсiй. У некаторай часткi насельнiцтва з’явiлiся iлюзii адносна «вызваленчай ролi Германii». Такiя спадзяваннi моцна пахiснулiся з увядзеннем жорсткага акупацыйнага рэжыму. Нацысцкiя карныя акцыi, падзеi на фронце змяншалi колькасць тых, хто верыў фашыстам. Важную ролю адыгрывала тут i партызанская прапаганда.
На акупіраванай тэрыторыi Беларусi фашысты ўсталявалi рэжым грабяжу, тэрору, масавых рэпрэсiй, якi парушаў ўсе мiжнародныя канвенцыi i нормы маралi; яны ўчынялi тут цяжкiя злачынствы i зверствы. Гiтлераўцы ўвялi на Беларусi свой адмiнiстрацыйны падзел. Тэрыторыя Вiцебскай, Магiлёўскай, большай часткi Гомельскай i ўсходнiх раёнаў Мiнскай абласцей была ўключана ў зону армейскага тылу групы армiй «Цэнтр». Усе адмiнiстрацыйныя функцыi тут выконвала ваеннае камандаванне. Паўднёвыя раёны Брэсцкай, Пiнскай, Палескай i Гомельскай абласцей былi ўключаны ў склад рэйхскамiсарыята «Украiна». Паўночна-заходнiя раёны Брэсцкай i Беластоцкай абласцей з гарадамi Гродна i Ваўкавыск адышлi да ўсходняй Прусii. Паўночна-заходнiя раёны Вiлейскай вобласцi былi ўключаны ў генеральную акругу Лiтвы. Баранавiцкая, частка Вiлейскай, Мiнскай, Брэсцкай, Пiнскай i Палескай абласцей, якiя складалi 1/3 частку даваеннай тэрыторыi Беларусi, увайшлi ў склад генеральнай акругi Беларусь. Гэта тэрыторыя была ўключана ў склад рэйхскамiсарыята Остланд з рэзiдэнцыяй у Рызе i падзелена на 10 акруг: Баранавiцкую, Барысаўскую, Вiлейскую, Ганцавiцкую, Глыбоцкую, Лiдскую, Мiнскую, Навагрудскую, Слонiмскую, Слуцкую.
Большая частка акупіраванай тэрыторыi рэспублiкi падпарадкоўвалася ваеннай адмiнiстрацыi. Цывiльнае кiраванне было ўведзена толькi ў генеральнай акрузе «Беларусь». Пры гэтым функцыi цывiльнай улады абмяжоўвалiся палiцыяй i СС. У гарадах намiнальна кiравалi прызначаныя немцамi бургамiстры, у вёсках — старасты. З людзей, якiя перайшлi на бок немцаў, стваралася мясцовая палiцыя. Пры гэтым пастаянны недахоп палiцэйскiх акупацыйныя ўлады кампенсавалi ўкраiнскiмi, лiтоўскiмi i латышскiмi палiцэйскiмi батальёнамi.
Праводзiлася палiтыка эканамiчнага рабавання. Усе фабрыкi i заводы знаходзiлiся ў распараджэннi немцаў. Адмiнiстрацыя мела права бiць рабочых, сажаць iх у карцэр, высылаць у канцлагеры. Насельнiцтва рабавалi рознымi падаткамi i паборамi. Харчовыя i прамысловыя тавары вывозiлiся ў Германiю. Для рабавання краiны былi створаны спецыяльныя службы, у тым лiку таварыства «Усход», металургiчныя аб’яднаннi, прыватныя нямецкiя фiрмы i манаполii. Беларусам дазваляўся толькi дробны гандаль. Людзей ва ўзросце ад 14 да 65 гадоў прымушалi працаваць на будоўлi абарончых аб’ектаў, мастоў, дарог. Пры гэтым у кожнай частцы Беларусi аплата працы была розная . Агульны штомесячны даход беларусаў у Смаргонi быў на 40 % вышэйшы, чым у генеральнай акрузе Беларусi. Даход насельнiцтва ў Беластоку i Усходняй Прусii быў яшчэ больш.
Адной з праяў акупацыйнай палiтыкi з’яўляўся вываз насельнiцтва на прымусовыя работы ў Германiю. У Рэйху такiх людзей называлi «ўсходнiмi рабочымi», пазбавiўшы iх не толькi iмя, але i нацыянальнасцi.
Правал аперацыi на ўсходнiм фронце, дадатковыя мабiлiзацыi ў армiю выклiкалi ў Германii патрэбу рэкрутаваць сюды рабочую сiлу. На акупіраваных тэрыторыях вялася актыўная кампанiя па прапагандзе нямецкага ладу жыцця i заклiку на добраахвотную працу ў Германii. Нязначная колькасць жадаючых добраахвотна выехаць на работу ў Германiю прымусiла гiтлераўцаў з 2-й паловы 1942 г. пачаць прымусовы вываз рабочых. Мясцовым бiржам было даручана весцi ўлiк працаздольнага насельнiцтва, усталёвывалася штомесячная квота пастаўкi «остарбайтэраў». Найбольш людзей ў Германiю вывезлi ў 1943 г. Спачатку планавалася вывозiць рабочых 1925 года нараджэння, потым 1926, а нарэшце была дадзена ўстаноўка адпраўляць непаўналетнiх ва ўзросце ад 10 да 14 гадоў.
Гвалтоўны вываз людзей у Германiю, выкарыстанне iх працы ў прамысловасцi i сельскай гаспадарцы — адзiн з кiрункаў фашысцкай палiтыкi генацыду, якая праводзiлася ўладамi на акупіраванай тэрыторыi Беларусi. За гады вайны было вывезена ў Германiю звыш 399 тыс. чал. З iх 260 тыс. не вярнулiся. Большая частка загiнула, некаторыя засталiся ў Германii цi апынулiся ў iншых рэгiёнах свету.
Сродкам рэпрэсiй i генацыду былi фашысцкiя лагеры — месцы канцэнтравання людзей для масавай iх загубы. На Беларусi разам з фiлiяламi i аддзяленнямi iх налiчвалася больш за 260, з iх 110 лагераў для цывiльнага насельнiцтва, у тым лiку 70 гета, i больш за 150 — для ваеннапалонных. Тут панавала масавая смерць ад голаду, холаду, непасiльнай працы, эпiдэмiй. Расправы над зняволенымi суправаджалiся пакутнiцкiмi катаваннямi. Людзей спальвалi ў крэмацыйных печах, знiчшалi ў газавых камерах, жывымi закопвалi ў зямлю, расстрэльвалi. На Беларусi за гады Вялiкай Айчыннай вайны было знiшчана звыш 1,5 млн цывiльнага насельнiцтва, з iх 700 тыс. у нямецка-фашысцкiх лагерах. Самым вялiкiм на Беларусi быў Трасцянецкi лагер смерці пад Мiнскам. Там знiчшана больш за 206 тыс. чалавек. Акрамя спецыяльных лагераў для знiшчэння людзей (Трасцянец i Бронная Гара), стваралiся працоўныя лагеры, дзе вязняў прымушалi працаваць да знясiлення i смерцi. Паўсюдна ў гарадах i мястэчках утваралiся яўрэйскiя гета.
Сродкам рэалiзацыi планаў па знiшчэннi насельнiцтва былi карныя аперацыi — тэрарыстычныя акцыi ваеннага, палiтычнага i эканамiчнага характару. За гады акупацыi фашысты правялi больш як 140 карных аперацый, у ходзе якiх спалiлi 5454 населеныя пункты разам з усiмi цi часткай жыхароў. Трагiчны лёс Хатынi напаткаў 627 беларускiх вёсак.
Фашысты нават дзяцей прымушалi выконваць непасiльную фiзiчную працу, марылi голадам, змяшчалi ў канцэнтрацыйныя лагеры, вывозiлi на катаржныя работы ў Германiю, у iх бралi кроў для гiтлераўскiх салдат. За час акупацыi з Беларусi ў Германiю было вывезена больш за 24 тыс. дзяцей.
Злачынствы фашыстаў былi беспрэцэндэнтныя па масавасцi, планамернасцi i вытанчанасцi. Паводле афiцыйных данных, акупанты расстралялi, закатавалi, павесiлi, спалiлi жывымi, задушылi ў «газавых камерах» на Беларусi больш за 2,2 млн чалавек. Па ўдакладненых звестках, людскiя страты склалi 2,8—3 млн чалавек. У тым лiку 78,6 тыс. дзяцей.
Эканамiчная палiтыка акупантаў мела каланiяльны ўхiл. Дзеля грабяжу i падрыву гаспадарчага патэнцыялу Беларусi iснаваў спецыяльны штаб «Ольдэнбург», якi кардынаваў збор прадукцыi. У Германiю вывозiлi каштоўнае абсталяванне з прадпрыемстваў, прадукты харчавання, лес, лесаматэрыялы. Фашысты знiшчалi цi вывозiлi ў Германiю культурную i гiстарычную спадчыну беларускага народа.
Значную ўвагу надавалi акупанты прапагандзе. Яны хлуслiва тлумачылi насельнiцтву прычыны, мэты, характар вайны, намагаючыся такiм чынам заваяваць сiмпатыi. Вайна падавалася як вызваленчая мiсiя Германii ад бальшавiзму i сталiнскага рэжыму. Актыўна выкарыстоўвалi яны i беларускую нацыянальную iдэю, вырашэнне якой было магчыма нiбыта толькi пры падтрымцы Германii. Увага звярталася на негатыўныя з’явы, якiя мелi месца ў СССР: гвалтоўнае раскулачванне, прымусовая калектывiзацыя, масавыя рэпрэсii. Адначасова прапагандаваўся нямецкi лад жыцця праз друк, радыё, кiно, вусную агiтацыю цi нават праз чуткi. Акупанты выдавалi на Беларусi каля 75 газет, распаўсюджвалi шмат лiстовак. Нямецкая прапаганда вызначалася тэндэнцыйнасцю i аднабаковасцю ў асвятленнi падзей.
З восенi 1942 г., асаблiва пасля разгрому пад Сталiнградам, правячыя колы Германii пачалi ўсведамляць непазбежнасць краху ў вайне з СССР, а значыць i непазбежнасць адплаты за злачынствы, учыненыя на акупіраваных тэрыторыях. У гэтых абставiнах сярод ваеннага камандавання i ў iншых сферах з’явiлiся даклады, паведамленнi, дзе выказвалiся думкi пра неабходнасць памякчэння акупацыйнай палiтыкi, памяншэння жорсткасцi ў адносiнах да мясцовага насельнiцтва, каб заваяваць сiмпатыi насельнiцтва i паралiзаваць яго волю да супрацiўлення. Змянiўся i тон прапаганды.
Паказальнай па змене метадаў кiравання насельнiцтвам на акупіраваных тэрыторыях была дзейнасць генеральнага камiсара акругi Беларусь В.Кубэ, якi кiраваў акругай са жнiўня 1941 па верасень 1943 г.
У 1943 г. В. Кубэ ва ўмовах карэннага пералому ў Вялiкай Айчыннай вайне, не змянiўшы агульных установак, сцвярджаў: «Калi мы хочам выхаваць беларусаў у палiтычных адносiнах так, каб можна было iх выкарыстаць у сваiх мэтах», неабходна змянiць «свой палiтычны курс».
Менавiта ў такой сiтуацыi i былi зроблены пэўныя крокi па змене метадаў кiравання насельнiцтвам. Сярод iх уступкi ў культурна-асветнай, адмiнiстрацыйнай, ваеннай галiнах, дазвол моладзi ствараць аб’яднаннi фашысцкага кiрунку. У пачатку 1943 г. В. Кубэ загаварыў пра захаваную на працягу тысячагадовай гiсторыi так званую «нардычную кроў» у беларусаў.
У красавiку 1943 г. у дакладзе на сакрэтнай нарадзе акруговых камiсараў, начальнiкаў аддзелаў генеральнага камiсарыята Беларусь В. Кубэ гаварыў: «Калi дзякуючы «змякчэнню» ў палiтыцы беларус паверыць у Германiю, тады мы зможам зрабiць з гэтым народам, што захочам». Падтрымку сваiм намерам В. Кубэ знайшоў у беларускiх нацыяналiстаў, якiя ў сваю чаргу намагалiся выкарыстаць супрацоўнiцтва з акупантамi для стварэння беларускай дзяржаўнасцi. Аб’ектыўна гэтыя мэты былi нерэальнымi. Супрацоўнiцтва з акупантамi, сумесная барацьба супраць савецкай улады, партызан i чырвонаармейцаў прыносiла толькi дадатковыя пакуты i гора беларускаму народу.
Калабарацыянiзм на Беларусi не дапамог умацаванню пазiцый нямецкiх акупацыйных улад. Утапiчнай была iдэя супрацоўнiцтва з акупантамi дзеля рэалiзацыi нацыянальных задач. Беларускiя нацыяналiсты былi ў поўнай залежнасцi ад гiтлераўцаў.
Большасць насельнiцтва рэспублiкi ўзнялося на абарону сваёй Радзiмы. Шырокi размах на Беларусi атрымаў партызанскi рух. З цягам часу ён стаў усенародным па сваiх мэтах i сацыяльна-дэмаграфiчным складзе ўдзельнiкаў. Пацвярджэнне гэтаму 374 тыс. партызан, 70 тыс. падпольшчыкаў i 400 тыс. скрытага рэзэрву, якi дапамагаў партызанам. Сярод партызан было 71,1 % беларусаў, 19,3 % рускiх, 3,9 % украiнцаў, 5,7 % прадстаўнiкоў iншых нацыянальнасцей. У партызанскiх атрадах змагалася каля 4 тыс. замежных антыфашыстаў.
Працэс стварэння партызанскiх атрадаў i падпольных арганiзацый на акупіраванай тэрыторыi Беларусi быў цяжкiм. Не адразу гэтая работа атрымала належны размах i высокую эфектыўнасць.
Адны партызанскiя атрады стваралi партыйныя камiтэты на месцах, другiя засылалiся з-за лiнii фронту. Фармiравалi партызанскiя атрады i ваеннаслужачыя, якiя трапiлi ў акружэнне. Развiццю партызанскага руху на Беларусi спрыялi беззаконне i свавольствы акупантаў. Сярод актыўных удзельнiкаў барацьбы былi i тыя, хто не ўваходзiў у склад партызанскiх атрадаў. Жыхары вёсак забяспечвалi партызан харчаваннем, адзеннем, вялi разведку, дапамагалi выводзiць са строю шашэйныя i чыгуначныя камунiкацыi, парушаць лiнii сувязi. Прадстаўнiкi больш як 70-ці нацыянальнасцей СССР змагалiся з фашыстамi на тэрыторыi акупіраванай Беларусi. Ужо на пяты дзень вайны ўтварыўся першы партызанскi атрад пад кiраўнiцтвам В. З. Каржа. Спачатку ён дзейнiчаў як знiшчальны, вёў абарончыя баi за Пiнск, потым перайшоў да партызанскiх форм барацьбы.
Адным з першых быў Суражскi атрад у Вiцебскай вобласцi пад кiраўнiцтвам дырэктара кардоннай фабрыкi ў рабочым пасёлку Пудаць М. Ф. Шмырова. Толькi ў жнiўнi — вераснi гэты атрад разграмiў шэраг варожых гарнiзонаў, падарваў некалькi чыгуначных i шашэйных мастоў. На Палессi значныя ўдары па ворагу наносiў партызанскi атрад «Чырвоны Кастрычнiк», якi ўзначальваў Ц. Б. Бумажкоў, а потым Ф. I. Паўлоўскi. Iм, першым з партызан, у жнiўнi 1941 г. прысвоена званне Героя Савецкага Саюза.
У маi 1942 г. для цэнтралiзацыi кiраўнiцтва партызанскiм рухам пры Стаўцы Вярхоўнага Галоўнакамандавання быў створаны Цэнтральны штаб партызанскага руху (ЦШПР) на чале з П. К. Панамарэнкам, а ў вераснi 1942 г. — Беларускi штаб партызанскага руху (БШПР) на чале з П. З. Калiнiным. З мэтай каардынацыi дзеянняў партызан з савецкiмi войскамi, паляпшэння аператыўнага кiраўнiцтва БШПР стварыў аператыўныя групы, якiя былi накiраваны ў ваенныя саветы ўсiх трох Беларускiх i Прыбалтыйскага франтоў. Гэта дало магчымасць партызанам лепш улiчваць iнтарэсы Чырвонай Армii. Дзякуючы дзейнасцi БШПР значна палепшылася арганiзацыя ўзбраення партызан, забеспячэнне iх сродкамi сувязi, боепрыпасамi, больш дакладнымi сталi каардынацыя i ўзаемадзеянне з часцямi Чырвонай Армii.
Да 1943 г. супрацiўленне гiтлераўскiм захопнiкам на акупіраванай тэрыторыi Беларусi набыло ўсенародны размах, ператварылася ў фактар буйнога ваенна-стратэгiчнага i палiтычнага значэння.
Фронт патрабаваў ад гiтлераўцаў новых папаўненняў, і яны вымушаны былi трымаць на акупіраванай тэрыторыi вялiкую колькасць войскаў для барацьбы з партызанамi, падаўлення супрацiўлення насельнiцтва, аховы камунiкацый. Акупанты намагалiся вывесцi свае кадравыя часцi з-пад удараў партызан i замянiць iх вайсковымi часцямi, сфармiраванымi з ваеннапалонных i мясцовага насельнiцтва. Абапiраючыся на здраднiкаў, запалохваючы людзей, яны фармiравалi асобныя рускiя, украiнскiя, татарскiя, лiтоўскiя i iнш. батальёны, намагаючыся такiм чынам распалiць нацыянальную варожасць памiж народамi СССР.
На тэрыторыi Беларусi гiтлераўцы сфармiравалi «Рускую народную нацыянальную армiю», якая потым называлася «Руская вызваленчая армiя», асобныя батальёны пад назвай «Дняпро» i «Бярэзiна», беларускi корпус самаабароны, украiнскiя, лiтоўскiя i латышскiя батальёны, татарскi легiён, казацкiя часцi. Адначасова з гэтымi фармiраваннямi былi арганiзаваны асобныя атрады службы аховы парадку i палiцэйскiя гарнiзоны, створаныя з актыўных антысавецкiх элеметаў.
Цэнтральны штаб партызанскага руху ў Дырэктыве «Аб метадах барацьбы з контррэвалюцыйнымi фармiраваннямi на часова акупаванай тэрыторыi Беларусi» ад 9 лiпеня 1943 г. заклiкаў партызан выкарыстоўваць усе магчымыя сродкi для разлажэння гэтых фармiраванняў. Не даючы спуску здраднiкам, партызаны iмкнулiся прыцягваць на свой бок тых, хто з-за страху цi падману апынуўся на службе ў акупантаў. Пры гэтым значная ўвага аддавалася палiтычнай рабоце сярод насельнiцтва па выкрыццi прапаганды ворага, зрыве мабiлiзацыi насельнiцтва ў варожыя фармiраваннi.
У савецкiм тыле вялася падрыхтоўка прапагандысцкiх кадраў для работы за лiнiяй фронту. На акупіраванай тэрыторыi распаўсюджвалiся перыядычныя выданнi, якiя выпускалi партызаны i падпольшчыкi. Усяго за гады вайны на акупіраванай тэрыторыi Беларусi друкарскiм спосабам з дапамогай прасцейшай размнажальнай тэхнiкi выдавалася 170 газет.
Iдэалагiчная работа ў час вайны ўмацоўвала веру насельнiцтва ў свае сiлы, натхняла на подзвiгi ў iмя абароны сваёй Айчыны. Савецкая прапаганда аказвала значны ўплыў на жыхароў рэспублiкi, умацоўвала iх упэўненасць у разгроме ворага.
Ва ўмовах карэннага пералому ў вайне важнай стала задача мабiлiзацыi насельнiцтва на актыўную падтрымку наступаючых савецкiх войскаў. Станоўча ўздзейнiчала на рост маральна-баявога духу людзей прапаганда перамог Чырвонай Армii пад Сталiнградам i Курскам.
У iдэалагiчнай рабоце вялiкая ўвага аддавалася выкрыццю сутнасцi нацысцкай iдэалогii, iлжывасцi прапаганды працiўнiка. Значную ролю адыгрывала друкаваная прапаганда. Павялiчвалася колькасць выданняў, якiя паступалi на Беларусь з-за лiнii фронта. Пашырылася сетка падпольных друкарняў, павялiчыўся тыраж лiстовак i газет. У населеных пунктах патрыёты, рызыкуючы жыццём, вялi вусную агiтацыю i прапаганду. Пад уздзеяннем палiтычнай прапаганды i агiтацыi ўзмацнiлiся антыфашысцкiя настроi i сярод нямецкiх ваеннаслужачых. Часта да партызан пераходзiлi салдаты i афiцэры славацкiх, румынскiх, венгерскiх часцей.
Значны ўклад у развiццё барацьбы супраць нямецка-фашысцкiх захопнiкаў зрабiлi пасланцы Вялiкай зямлi. На працягу 1943 г. ў рэспублiку з-за лiнii фронту прыслана 13 атрадаў i 111 арганiзатарскiх i дыверсiйных груп агульнай колькасцю каля 2 тыс. чалавек.
Непарыўная сувязь партызан з насельнiцтвам асаблiва моцна адчувалася ў партызанскiх зонах. Першая такая зона ўзнiкла восенню 1941 г. Да восенi 1943 г. партызаны стварылi i кантралявалi больш за 12 зон, што складала 108 тыс. км2 — каля 60 % акупіраванай тэрыторыi Беларусi. На вызваленай тэрыторыi размяшчалiся абласныя, мiжраённыя i раённыя камiтэты партыi, каардынавалася ўсё ваенна-палiтычнае i гаспадарчае жыццё, падтрымлiвалася ўстойлiвая сувязь з Вялiкай зямлёй. Партызанскiя зоны былi цэнтрам планамерных i ўзгодненых дзеянняў партызан i насельнiцтва. Iх утварэнне азначала поўную нежыццяздольнасць гiтлераўскага «новага парадку», беспадстаўнасць спадзяванняў фашысцкiх вярхоў на «ўцiхамiранне» акупіраванай тэрыторыi Беларусi. З сярэдзiны 1942 г. пашырылася перасяленне мiрных жыхароў у лясныя лагеры пад ахову партызан. Напрыклад, у Клiчаўскiм раёне ў лясных лагерах знаходзiлася больш за 30 тыс. чал.
У барацьбе з партызанамi акупанты iшлi на ўсё. У Мiнску, Бабруйску i Слуцку працавалi школы па падрыхтоўцы шпiёнаў. Гестапа стварыла сетку абласных i раёнах рэзiдэнтур, якiмi кiраваў асобы нямецкi штаб — «Зондэрштаб», размешчаны ў Варшаве. У задачы штаба i яго рэзiдэнтуры ўваходзiла: збор звестак пра партызан, стварэнне атрадаў, якiя б дзейнiчалi пад выглядам партызанскiх, засылка ў атрады шпiёнаў, выяўленне людзей, звязаных з партызанамi. Адначасова гэты штаб рыхтаваў шпiёнаў для накiравання iх у савецкi тыл.
Праз разгорнутую сетку гестапа, жандармерыi, палiцыю i iнш. акупацыйныя службы гiтлераўцы выяўлялi людзей, якiя дапамагалi партызанам харчаваннем, адзеннем, зборам боепрыпасаў. У спiсы ўключалiся нават 15-гадовыя падлеткi, сваякi якiх былi ў партызанах камандзiрамi цi палiтработнiкамi ў Чырвонай Армii. Такiх людзей фашысты адпраўлялi ў канцэнтрацыйныя лагеры, прымушалi там працаваць, многiх расстрэльвалi.
Аднак нi пакаранне смерцю, нi карныя экспедыцыi, нi адмiнiстрацыйныя i прапагандысцкiя меры не дапамагалi зламаць волю людзей да супрацiўлення. Ужо ў кастрычнiку — снежнi 1941 г. ў германскiх дакументах адзначаўся масавы характар супрацiўлення i паўсюдная падтрымка партызан насельнiцтвам.
У 1943 г. германскiя армiя i акупацыйныя ўлады прызналi карэнны пералом у ваеннапалiтычных абставiнах. Гiтлераўцы страцiлi на Беларусi становiшча гаспадароў. Прычыны гэтага яны тлумачылi разгортваннем «небывалай наступальнай актыўнасцi партызан, якiя пры цвёрдым ваенным камандаваннi i цэнтралiзацыi кiраўнiцтва сталi здольнымi ўсе больш паспяхова вырашаць пастаўленыя задачы i праводзiць маштабныя аперацыi».
Нельга недаацэньваць уплыву партызанскага руху на ход вайны ў цэлым. Для барацьбы з партызанамi гiтлераўцы вымушаны былi адцягваць з фронта значныя сiлы. Зiмой 1943—1944 гг. супраць беларускiх партызан дзейнiчала 18 фашысцкiх дывiзiй, а таксама асобныя часцi, якiя накiроўвалiся на фронт цi адводзiлiся ў тыл для перафармiравання. Але ворагу так i не ўдалося знiшчыць нiводнага атрада, нiводнай брыгады. Спалучаючы тактыку ўпартай барацьбы з умелым манеўраваннем i нечаканымi ўдарамi, партызаны ўтрымлiвалi ў сваiх руках iнiцыятыву да поўнага вызвалення тэрыторыi рэспублiкi ад акупантаў. Да таго ж, асобныя аперацыi партызан, напрыклад «Рэйкавая вайна», аказалi непасрэднае ўздзеянне на становiшча спраў на фронце. На ўсiх чыгуначных лiнiях учынялiся дыверсii. Iнтэнсiўныя ўдары наносiлiся па найбольш важных чыгуначных пуцях.
Адначасова з баявой i дыверсiйнай дзейнасцю партызаны пастаянна вялi разведку ў тыле ворага, iм дапамагалi дзесяткi тысяч патрыётаў. Разведвальная служба беларускiх партызан забяспечвала камандаванне Чырвонай Армii звесткамi пра становiшча ў тыле працiўнiка, пра яго планы, своечасова выкрывала i абясшкоджвала шпiёнаў i дыверсантаў.
Важную ролю ў барацьбе з акупантамi адыгрывала дзейнасць падпольшчыкаў. Тэрытарыяльнае падполле, якое дзейнiчала непасрэдна ў лагеры працiўнiка, праводзiла шырокую масава-палiтычную работу, учыняла дыверсii ў гарнiзонах, на ваенных i прамысловых аб’ектах, паўсюдна зрывала ваенна-палiтычныя мерапрыемствы акупантаў. У 1942 г. толькi ў Мiнску барацьбу з захопнiкамi вялi больш за 100 падпольных арганiзацый i груп, у якiх налiчвалася звыш 6900 чалавек. У горадзе дзейнiчалi сотнi патрыётаў, якiя не ўваходзiлi ў арганiзацыi.
У вераснi 1943 г. Чырвоная Армiя ступiла на тэрыторыю Беларусi i да пачатку 1944 г. вызвалiла ад нямецка-фашысцкiх захопнiкаў каля 40 раёнаў. Пры ажыццяўленнi наступальных аперацый савецкае камандаванне ўлiчвала наяўнасць буйных баяздольных партызанскiх аб’яднанняў i разгалiнаванай сеткi падполля.
Ранiцай 23 чэрвеня 1944 г. пачалася адна з найбуйнейшых бiтваў Вялiкай Айчыннай вайны — Беларуская наступальная аперацыя.
У ходзе вызвалення рэспублiкi вайсковыя злучэннi i часцi Чырвонай Армii цесна ўзаемадзейнiчалi з партызанскiмi фармiраваннямi. З дапамогай партызан асобныя часцi Чырвонай Армii заходзiлi ў тыл працiўнiка, рабілі глыбокiя абходныя манеўры i сумеснымi раптоўнымi ўдарамi вызвалялi населеныя пункты. За некалькi дзён да аперацыi «Баграцiён» партызанскiя атрады правялi шэраг аперацый, у вынiку якiх быў фактычна паралiзаваны варожы тыл. Яны перагароджвалi гiтлераўцам шлях да адступлення, захоплiвалi i ўтрымлiвалi зручныя пазiцыi, пераправы i плацдармы да прыходу савецкiх войскаў, вызвалялi населеныя пункты, прымалi ўдзел у лiквiдацыi акружаных вайсковых часцей ворага. У вынiку паспяховага правядзення Беларускай аперацыi воiны i партызаны разграмiлi адну з самых моцных варожых груповак групу армiй «Цэнтр». Пры гэтым 17 дывiзiй страцiлi больш за палову свайго саставу.
Цяжкi быў шлях да перамогi, але народ вытрымаў, не скарыўся ворагу. Барацьба на фронце, супрацiўленне гiтлераўскiм захопнiкам на акупіраванай тэрыторыi прынялi ўсенародны размах, ператварылiся ў фактар буйного ваенна-стратэгiчнага i палiтычнага значэння. Народная барацьба ў тыле ворага на Беларусi развiвалася ў арганiчнай сувязi i цесным узаемадзеяннi з баявымi аперацыямi Чырвонай Армii. Фашызм быў пераможаны ў вынiку аб’яднаных намаганняў савецкiх людзей, краiн антыгiтлераўскай каалiцыi.
На баявых рубяжах СССР уступiлi ў смяротны паядынак не толькi зброя, але i салдацкая мужнасць, воiнскае майстэрства, гераiзм партызан i падпольшчыкаў, масавае супрацiўленне ворагу на акупіраванай iм тэрыторыi. Беларускi народ, як i абаронцы Масквы i Ленiнграда, Сталiнграда i Кiева, усёй савецкай краiны, гераiчна змагаўся з акупантамi i выйшаў пераможцам. : «Я заўсёды захапляўся нацыянальнай рысай беларусаў, — пiсаў Г. К. Жукаў, — чулых на бяду, верных у сяброўстве, гатовых да самаахвярнасці, мужных i адважных у сутыкненнi з ворагам».
