- •Гісторыя беларусі і сусветная цывілізацыя Вучэбны дапаможнік для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў
- •Казакоў ю. Л., Каханоўскі а. Г., Коршук у. К., Кошалеў у. С., Ладысеў у. Ф., Лойка п. А., Фядосік в. А., Ходзін с. М., Цяплова в. А., Яноўскі а. А.
- •Уводзіны
- •Перадгісторыя: асноўныя этапы станаўлення чалавецтва
- •Неалітычная рэвалюцыя і перадумовы ўзнікнення цывілізацый
- •Міграцыі і перасяленні народаў у старажытнасці
- •1. Індаеўрапейцы
- •2. Балты
- •3. Славяне
- •4. Германцы
- •«Вялікае перасяленне народаў» і яго вынікі
- •Сярэднявечны свет I Беларусь у V—XII ст. Ля вытокаў заходнееўрапейскай цывiлiзацыi
- •Этнасацыяльныя, гаспадарчыя і палітычныя пРаЦэсы на тэрыторыі усходняй еўропы (V—XII ст.)
- •ЕЎропа I Вялiкае княства ЛiтоЎскае ў XIII—XVI ст. Заходняя Еўропа ў XIV—XV ст.
- •Феадальная раздробленасць русі і яе наступствы
- •Вялiкае княства Лiтоўскае: памiж Усходам I Захадам
- •Сацыяльна-эканамiчнае I культурнае развiццё Вялікага Княства Літоўскага
- •Новы час: перыядызацыя і асноўны змест
- •Ад сярэднявечча да новага часу
- •Еўропа ў XVI—XVII ст.: сацыяльна-эканамічныя і палітычныя працэсы
- •Адраджэнне I рэфармацыя на беларусi
- •Кансалідацыя беларускай народнасці
- •Барацьба за гегемонію ва усходняй Еўропе Эпоха Асветы: сутнасць, характар і гістарычнае значэнне
- •Буржуазныя рэвалюцыі XVII—XVIII ст. Англійская рэвалюцыя XVII ст.
- •Англійская рэвалюцыя xviiі ст.
- •Першая амерыканская рэвалюцыя і ўтварэнне зша
- •Французская рэвалюцыя
- •Фарміраванне індустрыяльнай цывілізацыі
- •Беларусь у першай палове XIX ст.
- •Станаўленне буржуазнага грамадства і нацыянальнае адраджэнне Беларусі (другая палова хіх ст.) Рэформы 1860—1880-х гг.
- •Паўстанне 1863 г.
- •Асаблівасці развіцця эканомікі Беларусі
- •Грамадска-палітычны рух
- •Эвалюцыя беларускай нацыі. Культурнае жыццё
- •Першая сусветная вайна
- •Рэвалюцыi ў Расii ў пачатку хх ст.
- •Беларускае грамадства ў пачатку хх ст.
- •Стварэнне ссср і беларускай дзяржаўнасці
- •Свет у міжваенны перыяд
- •Краіны Заходняй Еўропы і зша ў 1918—1939 гг.: асноўныя кірункі ўнутранай палітыкі
- •Змены ў сацыяльна-эканамічнай сістэме бсср на працягу 1920—1930-х гг.
- •Індустрыялізацыя і калектывізацыя. Іх асаблівасці на Беларусі
- •Грамадска-палітычная сістэма бсср у 1920—30-я гг. Грамадска-палітычнае жыццё бсср на пачатку 1920-х гг.
- •Культура беларускага народа
- •Другая сусветная вайна Прычыны і характар Другой сусветнай вайны
- •Уз’яднанне Беларускага народа. Пачатак Вялікай Айчыннай вайны
- •Беларусь ва ўмовах супрацьстаяння і канфрантацыі звышдзяржаў Праблемы эканамічнага развіцця і мадэрнізацыі
- •Грамадска-палітычнае жыццё бсср у пасляваенны час
- •Культура Беларусі ў другой палове хх ст.
- •Пошукі новай мадэлі грамадскага ладу на мяжы 1980—1990-х гг. Хх ст.
- •Утварэнне рэспублікі беларусь
- •Распад ссср і ўтварэнне снд
- •Барацьба за выбары шляхоў далейшага развіцця беларускай дзяржавы
- •Рэспубліка Беларусь — раўнапраўны член сусветнай супольнасці
- •Духоўнае жыццё беларускага грамадства на мяжы хх—ххі ст.
- •Гісторыя беларусі і сусветная цывілізацыя Дапаможнік для студэнтаў вышэйшых навучальных устаноў
Другая сусветная вайна Прычыны і характар Другой сусветнай вайны
1 верасня 1939 г. гiтлераўская Германiя напала на Польшчу. 3 верасня Англiя i Францыя аб’явiлi вайну Германii. Так пачалася Другая сусветная вайна, якая працягвалася шэсць гадоў, у яе былi ўцягнуты амаль усе дзяржавы свету.
Прычыны вайны перш за ўсё — у асаблiвасцях сацыяльна-эканамiчнага развiцця буйнейшых дзяржаў свету. З аднаго боку — дзяржавы фашысцкага блоку (Германiя, Японiя i Iталiя), якiя лiчылi сябе «абдзеленымi» ў вынiку Першай сусветнай вайны. З другога боку — дзяржавы буржуазнай дэмакратыi (Англiя, Францыя i ЗША), якiя перамаглi i падзялiлi свет памiж сабою.
Германскiя армii хутка прасоўвалiся па тэрыторыi Польшчы. У гэтых умовах урады Англii i Францыi, якiя аб’явiлi вайну Германii, занялi пазiцыю чакання, спадзеючыся, што немцы захопяць Польшчу i далей пойдуць на ўсход, пачнуць барацьбу супраць СССР — «мiжнароднага фарпоста камунiзма». «Дзiўнай вайной» з боку Англii i Францыi супраць Германii быў перыяд з верасня 1939 г. па май 1940 г.
Падзенне Польшчы не ўнесла карэнных змен у дзейнасць заходнiх дзяржаў. У гэты час германскія войскі захапiлi Данiю, Нарвегiю, Бельгiю, Галандыю i Люксембург. Пачалося iх наступленне на Францыю, у вынiку якога 22 чэрвеня было падпiсана пагадненне. Паўночная частка Францыi была акупіравана немцамi. На поўднi быў створаны марыянетачны ўрад Пятэна. У жнiўнi 1940 г. пачалася «Бiтва за Англiю», якая працягвалася па май 1941 г. Немцы рабілі рэгулярныя бамбардзіроўкi краiны. У той час саюзнiкаў у Англii ўжо не было, i Гiтлер спадзяваўся гэтым актам запалохаць насельнiцтва краiны, вывесцi са строю яе прамысловасць. Адначасова шлі размовы аб падрыхтоўцы да высадкi германскiх войскаў у Англii.
У такiх умовах трэба было арганiзаваць сумесныя дзеяннi розных палiтычных сiл для адпору Германii. Яшчэ ў сярэдзiне 1930-х гг. такiя перадумовы як бы намячалiся: iдэя Савецкага Саюза аб арганiзацыi сiстэмы калектыўнай бяспекi знайшла падтрымку Францыi, Югаславii, Румынii i iншых краiн. У 1934 г. СССР уступiў у Лiгу Нацый i стаў пастаянным членам яе Савета. У 1935 г. былi падпiсаны савецка-французскi i савецка-чэхаславацкi дагаворы.
Аднак далей падзеi пайшлi па iншаму шляху. Кiруючыя колы Англii з самага пачатку займалi абыякавую пазiцыю ў адносiнах да iдэi калектыўнай бяспекi. Паступова змянiлася да горшага i пазiцыя Францыi. Заходнiя дзяржавы ўзялi курс на «прымiрэнне» з агрэсарам. Галоўны сэнс гэтага курса заключаўся ў тым, каб коштам саступак аслабiць германскi нацiск на Захадзе i накiраваць яго экспансiю на ўсход.
Палiтыка «прымiрэння» рэалiзоўвалася на розных кірунках. Заходнiя дзяржавы нiчога не зрабiлi, калi Германiя яшчэ вясной 1935 г. афiцыйна адмовiлася ад выканання ўсiх ваенных артыкулаў Версальскага дагавора i ўвяла забароненую ёй усеагульную ваенную павiннасць. У наступным годзе Германiя, натхнёная беспакаранасцю, акупіравала Рэйнскую дэмiлiтарызаваную зону. Ад Германii старалася не адставаць фашысцкая Iталiя, яна напала на Эфiопiю. У 1936 г. Германiя i Японiя заключылi мiж сабой антыкамiнтэрнаўскi пакт, да якога ў 1937 г. далучылася Iталiя.
Чарговай ахвярай агрэсii стала Аўстрыя, якая ў сакавiку 1938 г. была ўключана ў склад рэйха. Пагроза навiсла над Чэхаславакiяй. 30 верасня 1938 г. на канферэнцыi кiраўнiкоў урадаў Англii, Францыi, Германii i Iталii ў Мюнхене было падпiсана пагадненне аб падзеле Чэхаславакii i перадачы яе часткi (Судзецкая вобласць) Германii. У сакавiку 1939 г. Чэхаславакiя была акупіравана Германiяй. Такiм чынам, к 1939 г. Вярсальска-Вашынгтонская сiстэма дагавораў, створаная пасля Першай сусветнай вайны, была канчаткова скасавана.
Становiшча ў свеце рабiлася выбухова небяспечным. У такiх умовах Савецкi Саюз даў згоду на кантакты з Германiяй. Адбылiся эканамiчныя перагаворы, якiя з асаблiвай iнтэнсiўнасцю разгарнулiся ў маi — жнiўнi 1939 г. Затым яны перайшлi ў палiтычную сферу.
Кiруючыя колы Англii i Францыi пасля акупацыi немцамi Чэхаславакii, баючыся непрадказальнай палiтыкi Германii, зноў пайшлi на кантакты з СССР. Вясной i летам 1939 г. праходзiлi траiстыя перагаворы СССР, Англii i Францыi па палiтычных, а потым i ваенных пытаннях. Адначасова брытанскiя палiтычныя колы не пакiнулi спроб дамовiцца з Германiяй, вынiкам чаго ў гэты перыяд з’явiлiся англа-нямецкiя перагаворы.
На палiтычных i ваенных перагаворах з СССР прадстаўнiкi Англii i Францыi займалi неканструктыўную пазiцыю. Разам з тым аналiз матэрыялаў i дакументаў сведчыць, што ўсе ўдзельнiкi гэтых перагавораў не праяўлялi гатоўнасцi да кампрамiсаў перад тварам фашызму.
Гаворачы пра няўдачы ў стварэнні сiстэмы калектыўнай бяспекi ў 1930-я гады, неабходна адзначыць, што i на грамадскiм узроўнi не ўдалося ўтварыць магутны антыфашысцкi фронт. Заходнееўрапейскiя грамадскiя сiлы характарызавалi пасiўнасць i раз’яднанасць. Негатыўна адбiлiся ўстаноўкi Камiнтэрна i Савецкага ўрада на барацьбу за сусветную рэвалюцыю, а таксама рэпрэсii ў краiне, якiя пасеялi сумненнi ў кiруючых колах Захаду ў ацэнцы магутнасцi СССР i адштурхоўвалi ад Савецкага Саюза прагрэсiўныя сiлы.
Да 20 жнiўня 1939 г. стала зразумела, што перагаворы памiж СССР, Англiяй i Францыяй зайшлi ў тупiк. Сiтуацыя станавiлася крытычнай. Нi для каго не было сакрэтам, што Германiяй поўным ходам рыхтуецца да нападу на Польшчу. Дакументы сведчаць, што такое рашэнне (план «Вейс») Гiтлер прыняў яшчэ ў красавiку 1939 г.
Ва ўмовах узрастаючай напружанасцi мiжнароднага становiшча, поўнай палiтычнай iзаляцыi i магчымай вайны на два фронты СССР прыняў прапанову Германii заключыць пакт аб ненападзеннi. 20 жнiўня Гiтлер звярнуўся з асабiстым пасланнем да I. В. Сталiна прыняць мiнiстра замежных спраў Германii «для складання i падпiсання пакта аб ненападзеннi». Ранiцай 23 жнiўня ў Маскву прыляцеў Рыбентроп. Перагаворы памiж iм, Сталiным i Молатавым завяршылiся на працягу аднаго дня. 23 жнiўня 1939 г. быў падпiсаны савецка-германскi дагавор аб ненападзеннi тэрмiнам на 10 гадоў.
З аднага боку, гэты дагавор з’явiўся вымушаным крокам, лагiчным вынiкам развiцця мiжнародных адносiн у 1938—1939 гг. Савецкi Саюз пазбегнуў вайны на два фронты, нанёс рашучы ўдар па планах стварэння адзiнага антысавецкага фронта, атрымаў каля двух гадоў часу для ўмацавання сваёй абароназдольнасцi. З другога ж боку, гэты дагавор нанёс урон мiжнароднаму прэстыжу СССР, якi раней успрымаўся як флагман барацьбы з фашызмам. Быў дэзарыентаваны i савецкi народ, якi бачыў у фашызме лютага ворага.
Да дагавору быў прыкладзены «Сакрэтны дададковы пратакол», якiм размяжоўвалiся «сферы iнтарэсаў» дагаворных бакоў. Германiя атрымала Францыю, Брытанiю i iх афрыканскiя калонii, СССР — Фiнляндыю, Эстонiю, Латвiю, Бесарабiю i «права» пашырацца на поўдзень у бок Персiдскага залiва праз Iран, Афганiстан i Турцыю.
Сам факт размежавання iнтарэсаў сацыялiстычнай i фашысцкай дзяржаў сакрэтным пратаколам, прынятым у абход законаў СССР i ў парушэнне дагаворных абавязацельстваў перад трэцiмi краiнамi, адлюстроўваў грэбаванне нормамi права i маралi.
Кульмiнацыяй гэтага працэсу стаў дагавор аб дружбе i гранiцы памiж СССР i Германiяй ад 28 верасня 1939 г. Быў таксама падпiсаны сакрэтны дадатковы пратакол, паводле якога Лiтва ўключалася ў сферу iнтарэсаў СССР, а Германiя ўзамен атрымлiвала частку Польшчы.
Такiм чынам, нягледзячы на абвастрэнне адносiнаў памiж iмперыялiстычнымi дзяржавамi, асноўнай супярэчнасцю ў свеце было iх супрацьстаянне сацыялiстычнай дзяржаве. Англа-франка-амерыканская групоўка лiчыла, што зможа ўрэгуляваць свае адносiны з фашысцкiм блокам за кошт Савецкага Саюза.
У вераснi 1940 г. Германiя, Iталiя i Японiя падпiсалi так званы Траiсты пакт, у якiм заявiлi, што будуць змагацца за ўсталяванне «новага парадку» у Еўропе i Азii. Ужо ў вераснi 1940 — сакавiку 1941г. гiтлераўцы акупіравалi Венгрыю, Балгарыю, Румынiю, Славакiю; уступiлi на тэрыторыю Югаславii. Паспяховыя дзеяннi вялiся ў Афрыцы.
22 чэрвеня 1941 г. гiтлераўская Германiя без аб’яўлення вайны напала на СССР. На ўсю «аперацыю» адводзiлася 8 тыдняў. Усяго на Савецкi Саюз было кiнута 190 дывiзiй фашысцкай Германii i яе сатэлiтаў. На ўсходзе саюзнiца Германii — Японiя трымала магутную армiю, у вынiку чаго СССР быў вымушаны размясціць на Далёкiм Усходзе значную колькасць войск.
Мэтай нападу з’яўлялася знiшчэнне савецкага дзяржаўнага i грамадскага ладу, ператварэнне СССР у калонiю, заняволенне, анямечванне i фiзiчнае знiшчэнне савецкiх народаў.
Яшчэ 18 снежня 1940 г. Гiтлер падпiсаў план нападу на СССР пад назвай «Барбароса» (прозвiшча нямецкага iмператара Фрыдрыха I было ўзята таму, што ён у свой час правёў шэраг паспяховых паходаў на ўсход). Пасля заваявання СССР, планавалася за 25—30 гадоў лiквiдаваць 120—140 млн чалавек, каб чаго «знiшчыць бiялагiчны патэнцыял Савецкага Саюза».
Савецкi ўрад яшчэ ў 1941 г. паставiў перад iмi пытанне аб мэтазгоднасцi высадкi англiйскiх i амерыканскiх вайскоўцаў на Поўначы Францыi. На гэта была дадзена згода, і абяцанне адкрыць другi фронт у Еўропе ў 1942 г. Аднак гэта яны не выканалi нi ў 1942 г., нi ў 1943 г. Другi фронт быў адкрыты толькi летам 1944 г. I тым не менш Другая сусветная была вайной каалiцыйнай. Падтрымка з боку дзяржаў антыгiтлераўскай каалiцыi адыграла значную ролю ў дасягненнi Перамогi.
Вялiкая Айчынная вайна з’явiлася важнейшай часткай, Другой сусветнай вайны. Яе стрыжнем сталi савецка-германскiя супярэчнасцi. Акрамя нянавiсцi да бальшавiзму, Гiтлер бачыў, што ў той час Германiя i СССР былi дзвюма вялiкiмi дзяржавамi з моцнымi адмiнiстратыўна-каманднымi сiстэмамi. Дыктат у эканамiчнай, сацыяльнай i палiтычнай сферах унутры гэтых краiн заканамерна выклiкаў iмкненне дасягнуць больш спрыяльных знешнепалiтычных умоў развiцця.
Для дзяржаў і народаў, якiя былi ўцягнуты ў вайну, небяспечнасць сталiнскага таталiтарызму здавалася меншай, чым гiтлераўскага. Фашысты дзялiлi людзей на паўнацэнных i непаўнацэнных. Яны не толькi тэарэтычна, але i практычна абвяшчалi права немцаў быць гаспадарамi над iншымi народамi. Чалавека разглядалi як iстоту толькi бiялагiчную. Што тычыцца сацыялiзму, дык гаворка iшла аб сацыяльнай справядлiвасцi, усеагульнай роўнасцi людзей, нягледзячы на расу i нацыянальнасць. А фашызм абяцаў райскае жыццё арыйскай расе за кошт знiшчэння i эксплуатацыi астатняга чалавецтва. Адсюль генацыд па расавай цi нацыянальнай прыкмеце. Камунiсты ж абяцалi роўнасць i працвiтанне для ўсiх.
Гэта спрыяла сумеснай барацьбе народаў многiх краiн супраць фашызму, садзейнiчала ўтварэнню антыгiтлераўскай каалiцыi. У гiтлераўскай Германii ўбачылi большае зло, чым у сталiнскiм Савецкiм Саюзе. Пераканаўшыся ў тым, што вайна супраць Савецкага Саюза не дала адпаведных вынiкаў, Японія не стала ўцягвацца ў канфлiкт з СССР. У снежнi 1941 г. яна пачала ваенныя дзеяннi супраць амерыканцаў на Гавайскiх астравах, знiшчыўшы значную частку цiхаакеанскага флоту ЗША. Затым японцы захапiлі шэраг астравоў на Цiхiм акiяне, якiя належылi ЗША i Англii; акупіравалi Бiрму, Фiлiпiны, Iнданэзiю. Усё новыя дзяржавы ўцягвалiся ў вайну, усё больш людзей падымалася на барацьбу супраць фашызму.
У захопленых фашыстамi дзяржавах узнiк рух Супрацiўлення, якi аб’ядноўваў прамыслоўцаў, рабочых і сялян. Патрыёты знiшчалi гiтлераўцаў i iх памагатых, узрывалi масты i аэрадромы, пускалi пад адхон варожыя эшалоны. Асаблiвы размах рух атрымаў у Францыi, Грэцыi, Чэхаславакii, Польшчы, Югаславii i iнш. Летам 1944 г. французскiя сiлы Супрацiўлення паднялі народ на паўстанне супраць акупантаў, у вынiку якога было вызвалена шэраг гарадоў. 18 жнiўня патрыёты пачалi барацьбу за Парыж, якi яны вызвалiлi да 25 жнiўня.
Перамогi савецкiх войскаў пад Масквой, Сталiнградам i Курскам мелi важнае значэнне ў згуртаванай антыгiтлераўскай каалiцыi. У лiстападзе 1942 г. саюзнiкi нанеслi паражэнне нямецкiм i iтальянскiм войскам у Алжыры i Марока, а ў маi 1943 г. фашысты ў Афрыцы капiтулявалi. У лiпенi 1943 г. англа-амерыканскiя войскi высадзiлiся на Сiцылii. Паражэннi, якiя цярпелi немцы на савецка-германскiм фронце, поспехi саюзнiкаў выклiкалi незадаволенасць у фашысцкiм лагеры, людзi лiчылi вайну безнадзейнай.
Востры палiтычны крызiс узнiк у Iталii. Паражэнне яе войскаў у Афрыцы, разгром 10 iтальянскiх дывiзiй на ўсходнiм фронце прывялi да таго, што Мусалiнi быў арыштаваны. Iталiя капiтулявала i 13 кастрычнiка 1943 г. аб’явiла вайну Германii.
Фашызм быў пераможаны ў вынiку аб’яднаных намаганняў антыгiтлераўскай каалiцыi. Баявыя дзеяннi разгортвалiся на прасторах Еўропы, Азii, Афрыкi. Многiя народы i краіны ўдзельнічалі ў разгроме гiтлераўскiх фашыстаў i японскiх мiлiтарыстаў. Важкi ўклад унеслi ЗША, Англiя, Францыя, другiя саюзнiкi. Аднак вядучая роля належыла савецкаму народу i яго ўзброеным сiлам.
Савецка-германскi фронт з’яўляўся па дчас вайны галоўным, рашаючым. Менавiта тут была сканцэнтравана асноўная колькасць войскаў гітлераўскай Германii. У ходзе вайны Савецкая Армiя разбiла 607 дывiзiй фашысцкага блоку, а англа-амерыканскiя войскi — 176. У розныя гады вайны працягласць савецка-германскага фронта хiсталася ад 3000 да 6000 км., у той час калi даўжыня фронта ў Паўночнай Афрыцы i Iталii не перавышала 300—350 км, а ў Заходняй Еўропе — 800. Актыўныя баявыя дзеяннi займалi ў Iталii 74 %, у Паўночнай Афрыцы — 29 % часу iснавання франтоў, а на савецка-германскiм 93 %. Калi агульныя страты нямецка-фашысцкай армii ў Другой сусветнай вайне ўзяць за 100 %, то ў барацьбе з Савецкiмi Узброенымi Сiламi вермахт страцiў больш 73 % асабовага складу, да 75 % танкаў i гармат, больш 75 % самалётаў.
Вядома, адпаведную ролю адыгралi саюзнiкi, якiя аказвалi СССР у час вайны дапамогу па ленд-лiзу. З Англii i Амерыкi пастаўлялiся аўтамабiлi, паравозы, гаручае, прылады сувязi, самалёты, танкi i гарматы. Нельга не ўлiчваць i маральнага фактара барацьбы 26-ці дзяржаў супраць фашызму. I тым не менш «... Менавiта руская армiя выпусцiла кiшкi з германскай ваеннай машыны», — пiсаў у 1944 г. У.Чэрчыль.
Уступленне ў жнiўнi 1945 г. СССР у вайну супраць Японii, разгром Савецкiмi Узброенымi Сiламi разам з войскамi Манголii Квантунскай армii, шэраг паражэнняў японцаў у Цiхiм акiяне прывялi да капiтуляцыi Японii i хуткаму завяршэнню вайны на Далёкiм Усходзе. 3 верасня Японiя падпiсала акт капiтуляцыi. Так скончылася Другая сусветная вайна.
