Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Гіст_Бел_Сусв_цывіл.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
1.68 Mб
Скачать

Культура беларускага народа

Беларуская культура ў 1921—1939 гг. развівалася ва ўмовах падзелу тэрыторыі Беларусі паміж рознымі дзяржавамі. У савецкай яе частцы с пашырэннем нэпу і станаўленнем яго гаспадарчай сістэмы на вёсцы ў нацыянальна-культурнай палітыцы Кампартыі Беларусі вызначыўся кірунак, які атрымаў назву «беларусізацыя» (афіцыйны пачатак — ліпень 1924 г.). Мэтай беларусізацыі з’яўлялася прыстасаванне дзяржаўнага апарату да мовы большасці насельніцтва БССР, аднак яна закранула ўсе сферы нацыянальна-культурнага будаўніцтва савецкай часткі Беларусі.

У развіцці асветы і навукі БССР 1920 гг. акрэсліваюцца два этапы: першы (1921—1924), калі ішоў пошук формаў і шляхоў развіцця адукацыі і навукі, другі (1925— 1928), калі адукацыя выяўлялася як сапраўды беларуская па сутнасці і вызначаліся асноўныя напрамкі навуковых даследаванняў на Беларусі. Адпраўным пунктам азначаных вышэй працэсаў стаў пачатак дзейнасці ў Мінску дзвюх устаноў: Беларускага дзяржаўнага універсітэта (1921) і Інстытута беларускай культуры (Інбелкульт, 1922).

Спробы адкрыцця дзяржаўнага універсітэта рабіў яшчэ ўрад БНР. Адпаведную пастанову прыняў і ЦВК Беларусі ў лютым 1919 г., але прынятае рашэнне было ажыццёўлена толькі праз два гады. 1 лістапада 1921 г. пачаліся заняткі на двух факультэтах Беларускага дзяржаўнага універсітэта — грамадскіх навук і медыцынскім — у сталіцы БССР Мінску. Першым рэктарам БДУ стаў вядомы гісторык-славіст У. І. Пі­чэта. У 1925—1926 гг. акрамя БДУ у БССР дзейнічалі 3 вышэйшыя навучальныя ўстановы: Камуністычны універсітэт у Мінску, Беларускі ветэрынарны інстытут у Віцебску і Беларуская сельскагаспадарчая акадэмія ў Горках. Акрамя таго, у рэспубліцы налічвалася 23 тэхнікумы, 20 прафтэхшкол і 20 іншых спецыяльных навучальных устаноў.

У 1920-я гг. у БССР для дзяцей розных нацыянальнасцей з’яўляецца магчымасць атрымаць адукацыю на роднай мове. Для сістэмы нацыянальных школ (яўрэйскіх, беларускіх, польскіх і г. д.) рыхтаваліся адпаведна і педагагічныя кадры. Да 1928 г. каля 80 % (што адпавядала ўдзельнай вазе беларусаў у агульнай масе насельніцтва БССР) школ былі беларускімі, навучанне ў іх вялося на беларускай мове. У той жа час з 1926 г. колькасць выпускнікоў, якія валодалі беларускай мовай, скарачалася, ледзь дасягнуўшы 50 %.

Станаўленне беларускай навукі ў 1920-я гг. адбывалася ў сценах не толькі вышэйшых навучальных устаноў, але і Інстытута беларускай культуры. У арганізацыі і працы Інбелкульта прынялі ўдзел Я. Карскі, І. Луцэвіч (Я. Купала), К. Міцкевіч (Я. Колас), Я. Лёсік, С. Плаўнік (З. Бядуля) і інш. У 20-я гг. у рэспубліку прыехалі на працу вядомыя вучоныя І. Замоцін, М. Нікольскі, У. Перцаў, М. Шчакаціхін і інш. Нязменным сакратаром Інбелкульта ў 1926—1928 гг. з’яўляўся вядомы грамадскі і навуковы дзеяч В.Ластоўскі.

Распачаўшы сваю дзейнасць з даследаванняў у галіне гуманітарных навук, Інбелкульт паступова распрацаваў і іншыя навуковыя напрамкі. Ужо ў 1924 г. у яго складзе з’яўляюцца навуковыя падраздзяленні прыродазнаўчага профілю: геаграфічная, медыцынская і агранамічная секцыі.

Рост цікавасці да нацыянальнай спадчыны садзейнічаў хуткаму станаўленню беларускай гістарычнай навукі (М. Доўнар-Запольскі, А. Цвікевіч і інш.). Перыяд 1920-х гг. — гэта час росквіту беларускай літаратуры. Менавіта тады фарміруюцца і дзейнічаюць першыя літаратурныя аб’яднанні пісьменнікаў: беларускія («Маладняк», «Узвышша», «Полымя»), рускія («Звенья», «Минский перевал»), яўрэйскія («Юнгер арбайтер»). Іх узнікненне было выклікана пошукамі новых шляхоў у мастацтве. Часам гэта садзейнічала ўзнікненню групавых інтарэсаў і барацьбы, але разам з тым — разнастайнасці поглядаў, літаратурных формаў. З «Маладняка» (1923—1928) выйшлі такія тале­навітыя пісьменнікі, як К. Чорны, К. Крапіва, М. Зарэцкі, М. Лынькоў, М. Лужанін і інш. У яго асяроддзі над класавымі інтарэсамі ўзняліся стваральнікі новага літаратурна-творчага аб’яднання «Полымя» М. Чарот і інш. (1928), у якое ўваходзілі як старэйшыя беларускія літаратары (Я. Купала, Я. Колас, Ц. Гартны), так і маладыя літаратурныя сілы (А. Александровіч, А. Дудар, А. Вольны). «Узвышэнцы» (К. Чорны, З. Бядуля, К.Крапіва) вызначылі сваю арыентацыю на багатую спадчыну — вусную народную творчасць, якая, на іх думку, павінна была стаць крыніцай паэтычных вобразаў і літаратурных формаў.

Для твораў 1920-х гг. характэрна сацыяльна-бытавое апавяданне з арыентацыяй пераважна на вясковы матэрыял, а таксама развіццё эпічных твораў, станаўленне жанру рамана ў беларускай літаратуры («Сокі цаліны» Ц. Гартнага, трылогія Я. Коласа «На ростанях», раманы М. Зарэцкага, К. Чорнага і інш.).

Па сутнасці, менавіта 1920-я гг. вызначаюцца сваімі асаблівымі нацыянальнымі рысамі і знаходзяць дзяржаўную падтрымку бела­рускія драматургія, тэатр і кіно. У жніўні 1920 г. дэбютаваў беларускі вандроўны тэатр пад кіраўніцтвам У. Галубка (да 1926 г. меў назву «Трупа Галубка»), які працягваў традыцыі I. Буйніцкага. Пераважная частка пастановак, ажыццёўленых тэатрам на працягу 1921—1928 гг., была напісана самім У. Галубком (найбольш папулярная ў той час п’еса «Ганка» ставілася каля 800 разоў). Пад кіраўніцтвам выдатнага рэжысёра Е. Міровіча з 1921 па 1931 г. адбывалася станаўленне Беларускага дзяржаўнага тэатра (з 1926 г. — БДТ-1).

Фундаментам новага беларускага тэатра ў Віцебску, што атрымаў назву БДТ-2, сталі навучэнцы Беларускай драматычнай студыі ў Маскве, створанай у лістападзе 1920 г. для падрыхтоўкі нацыянальных акцёрскіх кадраў. Творчы рэпертуар тэатра не заўсёды радаваў гледача нацыянальнай тэматыкай; і ўсё ж менавіта тут склаліся як выдатныя акцёры А. Ільінскі, П. Малчанаў, С. Станюта і многія іншыя.

Стварэнне нацыянальнага тэатра садзейнічала росквіту беларускай драматургіі. Вядомыя п’есы 1920-х гг. («На Купалле» М. Чарота, «Каваль-ваявода» Е. Міровіча і інш.) былі пабудаваны на матэрыяле народнай творчасці. І гэта невыпадкова. Пададзеныя ў фальклорна-раман­тычным асвятленні народныя героі мінулага, увасабляючы непахісны дух і мужнасць у вызваленчай барацьбе мінулых эпох, павінны былі служыць і служылі прыкладам для сучаснікаў, выхоўвалі ў іх патрыятычныя пачуцці.

1920-я гг. — гэта таксама час узнікнення і станаўлення беларускага кіно. Першыя беларускія фільмы — пераважна хранікальныя кінастужкі (адкрыццё з’ездаў Кампартыі, «Меліярацыя БССР» і інш.). Але ўжо ў 1926 г. на экраны Беларусі выйшла першая беларуская мастацкая кінастужка «Лясная быль» — героіка-рамантычны фільм аб грамадзянскай вайне на Беларусі (кінарэжысёр Ю. Тарыч-Аляксееў). Для першых нямых беларускіх фільмаў характэрны дынамічны, захапляльны сюжэт. Гэта былі стужкі, разлічаныя на масавага гледача.

1920-я гг. не прадвызначылі з’яўлення новай архітэктурнай школы. У жывапісе як вынік барацьбы з абстракцыянізмам (М. Шагал, К. Ма­левіч і інш.) пачынае дамінаваць такі жанр, як тэматычная карціна. Пераважаюць сюжэты сацыяльнай барацьбы. Для гэтага перыяду характэрны яе паказ на аснове гістарычнага мінулага Беларусі, рэвалюцыйных падзей у Расіі (В. Волкаў). Уплыў левага пафасу адчуў на сабе М. Філіповіч, у творчасці якога ўсё ж пераважалі тэмы беларускага фальклору і гістарычная.

У 1924 г. ствараецца Беларускае-Дзяржаўнае выдавецтва (загадчык Дз. Жылуновіч). Кнігавыданне ў БССР прадвызначыла нараджэнне і станаўленне новага жанру нацыянальнага мастацтва — беларускай кніжнай графікі, піянерамі якога сталі М. Філіповіч, А. Тычына, П. Гут­коўскі, Г. Змудзінскі.

1920-я гг. — пачатак творчасці вядомага беларускага скульптара З. І. Азгура. У дзяцінстве ён вучыўся ў віцебскага гліняных спраў майстра Піліпа Патапенкі і ў 13 гадоў трапіў у майстэрню Ю. М. Пэна, які за паўгода падрыхтаваў З. І. Азгура да паступлення ў мастацка-практычны інстытут. Дырэктарам інстытута ў гэты час быў М. Шагал. Камісія прызнала З. Азгура таленавітым, але, паколькі яму было толькі 13 гадоў і ён не меў належнай адукацыі, яго прынялі пры ўмове, што, будучы студэнтам, ён на працягу навучання вытрымае адпаведныя іспыты па ўсіх прадметах.

Такім чынам, беларусізацыя абудзіла да свядомага нацыянальнага жыцця шырокія слаі беларускага насельніцтва. За некалькі гадоў было створана тое, што многія нацыі стваралі дзесяцігоддзямі: нацыянальная асвета і даследчыя ўстановы, нацыянальны тэатр, кіно; узнялася шматлікая маладая плеяда беларускіх літаратараў і дзяржаўных дзеячаў. Але праводзімая зверху, часам павярхоўная, беларусізацыя залежала ад змен у палітыцы далёка не беларусізаванай кампартыі.

На рубяжы 1920—30-х гг. у многіх галінах культуры ўзнікаюць арганізацыі, мэтай якіх было стварэнне новай пралетарскай культуры. Палітыка беларусізацыі згортваецца. Адстойванне інтарэсаў нацыянальнай культуры і нават прыналежнасць да яе разглядаюцца як варожыя сацыялізму, а гэта значыць, і народу. На такой аснове НКУС дзеля знішчэння нацыянальна-свядомай часткі інтэлігенцыі была сфаль­сіфікавана справа СВБ (Саюз вызвалення Беларусі). Другая хваля рэпрэсій мела месца ў 1936—1938 гт. Асабліва адчувальны ўрон быў нанесены літаратуры — частцы культуры, якая ў той час мела найбольшы ўплыў на шырокія слаі насельніцтва. У лагерах і турмах загінулі М. Гарэцкі, У. Галубок, М. Чарот, М. Зарэцкі, А. Дудар, П. Галавач, З.Жылуновіч і дзесяткі іншых літаратараў. У верасні 1930 г. у ліку 115 вучоных быў арыштаваны рэктар БДУ прафесар У. Пічэта (яго выратаваў толькі выпадак — прыезд у СССР прэзідэнта Чэхаславакіі). Першы прэзідэнт АН БССР У. М. Ігнатоўскі, пратэстуючы супраць неабгрунтаваных абвінавачванняў, пакончыў жыццё самагубствам.

Разам з тым не трэба адкідваць і пэўныя станоўчыя зрухі, якія адбываліся ў развіцці культуры ў перыяд 1929—1939 гг. Нягледзячы на жорсткі ідэалагічны прэсінг, сілай таленту нараджаліся многія выдатныя творы. Узрастаў агульны ўзровень адукацыі насельніцтва, павялічвалася колькасць навучальных устаноў, даследчых інстытутаў. 1 студзеня 1929 г. адбылося афіцыйнае адкрыццё Акадэміі навук Беларускай ССР (на аснове Інбелкульта). Шэраг навуковых напрамкаў атрымаў развіццё ў межах структурных падраздзяленняў ВНУ рэспублікі. З БДУ пераважна звязана развіццё фізікі і матэматыкі, тут у 1934 г. адкрываецца гістарычны фа-культэт, на аснове асобных факультэтаў БДУ ўтвараюцца новыя вышэйшыя навучальныя ўстановы (медыцынскі, педагагічны, юрыдычны інстытуты і г. д.). З 1930 г. уводзіцца абавязковае наведванне лекцый студэнтамі, а на грамадскія спецыяльнасці пачалі прынімаць толькі камуністаў і камсамольцаў. З сярэдзіны 1930-х гг. усе студэнты ВНУ з першага курса вывучалі рускую мову. У школах яе выкладанне з 1937 г. пачыналася з 2-га класа.

Асноўныя тэмы, якім аддавалі перавагу празаікі гэтага часу, — адлюстраванне рэвалюцыі і грамадзянскай вайны, калектывізацыі. Пры гэтым пераважная ўвага надавалася (з пэўнай ступенню гераізацыі) тым, хто прыняў Савецкую ўладу, актыўна змагаўся за яе станаўленне і тыя пераўтварэнні, якія ажыццяўляліся дзякуючы ёй (аповесць «Дрыгва» Я. Коласа, раманы «Бацькаўшчына» К. Чорнага, «Мядзведзічы» К. Крапівы і інш.). Менш паспяховымі былі спробы апісання адзначаных падзей у паэзіі («Цэхавыя будні» П. Броўкі, «На шляхах волі» Я. Коласа, «Над ракой Арэсай» Я. Купалы). У 1930-я гг. з’яўляецца шмат захапляючых твораў для дзяцей, у тым ліку тых, што ўвайшлі ў класіку дзіцячай літаратуры («Міколка-паравоз» М. Лынькова, «Палескія рабін­зоны», «ТВТ» Я. Маўра і інш.). У драматургіі акрэсленага часу, акрамя рэвалюцыі і грамадзянскай вайны, адной з папулярных тэм з’яўлялася тэма «ворагаў народа», даніну якой аддалі Е. Міровіч, Э. Самуйлёнак і інш. Разам з тым і тут былі цікавыя здабыткі, напрыклад сатырычная камедыя К. Крапівы «Хто смяецца апошнім». У выніку тэатральнай дыскусіі 1928 г. адбыўся зварот тэатраў да «актуальных тэм». Пры гэтым поспех спектакля залежаў ад якасці драматычнага твора і акцёраў, сярод якіх у 1930-я гг. у БССР было шмат выдатных майстроў (У. Крыловіч, П. Глебаў, Б. Платонаў, П. Малчанаў). У 1930-я гг. не толькі закрываліся тэатры (тэатр У. Галубка, БДТ-3), але і распачыналі сваю дзейнасць новыя тэатральныя калектывы (тэатр юнага гледача, тэатр лялек, Дзяржаўны тэатр оперы і балета). Значнае развіццё атрымала музычнае мастацтва. У 1932 г. была заснавана Беларуская дзяржаўная кансерваторыя, дзе пачаў плённую дзейнасць вучань М. Рымскага-Корсакава, выдатны расійскі кампазітар В. Залатароў. Выпускнікі В. Залатарова (А. Ба­гатыроў, П. Падкавыраў, М. Вайнберг, У. Алоўнікаў і інш.) сталі вядо­мымі беларускімі кампазітарамі,

Самае адметнае, што было ў архітэктуры БССР у 1930-я гг., стваралася ў сферы грамадскіх будынкаў. Значная заслуга ў гэтым Г. Лаўрова (корпус Беларускай політэхнічнай акадэміі), І. Лангбарда (Дом Урада, Дом Чырвонай Арміі, тэатр лялек).

Савецкія беларускія жывапісцы імкнуліся распрацоўваць «вытвор­чую» тэму (Г. Віер, Я. Кругер, А. Шаўчэнка). У жанры пейзажа па-ранейшаму вядучае месца належала В. Бялыніцкаму-Бірулі, а ў жанры партрэта — В. Волкаву, М. Філіповічу, І. Ахрэмчыку.

У развіцці культуры Заходняй Беларусі таксама можна вызначыць два этапы — 1920-я і 1930-я гг. У той час як справа нацыянальна-культурнага адраджэння ў БССР у 1920-я гг. была падтрымана партыйна-савецкім кіраўніцтвам, у Заходняй Беларусі насельніцтву прыходзілася змагацца за магчымасць навучаць дзяцей на роднай мове. Супраць паланізацыі выступіла «Таварыства беларускай школы», заснаванае ў 1921 г., з цэнтрам у Вільні. Ля вытокаў гэтай арганізацыі стаяў аўтар «Беларускай граматыкі для школ», дырэктар Віленскай беларускай гімназіі Б.Тарашкевіч. Як легальная арганізацыя ТБШ мела права адкрываць і падтрымліваць народныя школы, настаўніцкія семінары, бібліятэкі і г. д. У 1920-я гг. ТБШ стала самай масавай беларускай арганізацыяй. У 1928—1929 гг. польскія ўлады пад націскам грамадскага руху вымушаны былі даць дазвол на адкрыццё новых беларускіх і польска-беларускіх школ, амаль у 100 школах увесці беларускую мову як прадмет. У гэтым годзе ў Заходняй Беларусі налічвалася каля 20 дзяржаўных школ і 4 прыватныя беларускія школы, а таксама больш за 40 польска-беларускіх школ. Аднак гэта было ненадоўга. У 1929 г. Польшча ўслед за іншымі еўрапейскімі дзяржавамі ўступала ў перыяд эканамічнага крызісу, затым працяглай дэпрэсіі. У 1937 г. дзейнасць ТБШ была забаронена. Частковае задавальненне патрэб беларусаў у галіне асветы ў 1928—1929 гг., якое разглядалася «санацыйным» рэжымам як адна з мер барацьбы з радыкальным камуністычным рухам, у 1930-я гг. канчаткова змянілася курсам на далейшую ліквідацыю нацыянальнай школы. У канцы 1930-х гг. беларуская школа ў Заходняй Беларусі ўжо фактычна не існавала, што з’яўлялася вынікам палітыкі польскіх улад, накіраванай на асіміляцыю насельніцтва.

Асноўным жанрам у заходнебеларускай літаратуры з’яўляўся паэтычны, які дазваляў хутка і эмацыянальна рэагаваць на грамадска-палітычныя падзеі. Паэзія нараджалася з глыбіні душы, з перакананняў і грамадскай дзейнасці літаратараў. У 1920-я гг. пераважаў рамантызм (К. Сваяк, як прадстаўнік адной з яго плыняў, а таксама У. Жылка, Л. Радзевіч, Г. Леўчык). З другой паловы 1920-х гг. пад уздзеяннем Беларускай сялянска-работніцкай грамады вызначаецца сатырычны і публіцыстычны жанры. У масавай паэзіі камуністычнага падполля той пары выспявалі новыя таленты, такія як Я. Скурко, што падпісваўся псеўданімам А. Граніт, а пасля стаў вядомы як Максім Танк. Тэма сацыяльнай барацьбы характэрна для творчасці В. Таўлая, М. Засіма. Тонкім лірызмам, прыродным талентам пазначаны творы беларускай паэтэсы Н. Арсенневай.

У 1920—30-я гг. у Заходняй Беларусі працавалі і выдатныя беларускія мастакі. Я. Драздовіч першым з беларускіх жывапісцаў стварыў цыкл карцін на касмічную тэму. Пры гэтым нават на чужых планетах Я. Драздовіч згадваў краявіды роднай беларускай прыроды. У 1930-я гг. мастак таксама плённа працягвае сімволіка-алегарычную тэму. Яго палотны «Дух зла», «Дух цемры» — гэта трывожнае прадчуванне небяспекі. У залаты фонд жывапісу ўвайшлі таксама карціны П. Сергіе­віча («Беларусы», «Шляхам жыцця»), М. Сеўрука («Жніво»). Жывапіс Заходняй Беларусі, пазбаўлены ідэалагічнага прыгнёту, захаваў пэўную свежасць, нацыянальны каларыт.

Такім чынам, нягледзячы на падзел паміж рознымі дзяржаўнымі ўтварэннямі, Беларусь захавала пэўную адметнасць. У развіцці культуры яе як і многіх еўрапейскіх дзяржаў выразна акрэсліваюцца два этапы — 1920-я і 1930-я гг. Першы вызначаецца беларусізацыяй у БССР і масавым рухам за нацыянальную школу ў Заходняй Беларусі. Асноўнымі ры­самі другога этапа становяцца пачатак русіфікацыі і ідэалагізацыі культурнага жыцця ў БССР, паланізацыі — ў Заходняй Беларусі. Спыніць развіццё культуры (асабліва адукацыі, навукі, што аб’ектыўна выкліка­лася эканамічнымі, дзяржаўнымі патрэбамі) адзначаныя перашкоды не маглі. Аднак справе нацыянальнага характару развіцця, справе нацыянальна-культурнага адраджэння былі нанесены незаменныя страты.