Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Гіст_Бел_Сусв_цывіл.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
1.68 Mб
Скачать

Індустрыялізацыя і калектывізацыя. Іх асаблівасці на Беларусі

Савецкае кіраўніцтва вызначыла ў сярэдзіне 1920-х гг. у якасці асноўных кірункаў сваёй палітыкі індустрыялізацыю і калектывізацыю. Пад індустрыялізацыяй бальшавікі разумелі найперш развіццё цяжкай прамысловасці. У такім выглядзе яна б уяўляла новы аспект развіцця эканомікі Беларусі, дзе традыцыйна пераважала лёгкая прамысловасць, дробныя і сярэднія прадпрыемствы. Апошняе істотна абмяжоўвала працэсы ўрбанізацыі і абвастрала праблему аграрнай перанаселенасці (наяўнасць вялікай колькасці залішніх рабочых рук на вёсцы). Але ў развіцці працэсаў індустрыялізацыі Беларусі меліся свае асаблівасці, свае цяжкасці, іншымі былі тут тэрміны і тэмпы. Пачынаючы з 1929 г. па 1932 г. у рэспубліцы па-ранейшаму акцэнт быў зроблены на развіцці лёгкай і харчовай прамысловасці, што базіравалася найперш на мясцовай сыравіне.

Другой асаблівасцю індустрыялізацыі ў рэспубліцы з’яўлялася выкарыстанне магчымасцей рамесна-саматужнай вытворчасці на аснове іх кааперавання. Першыя гады савецкай індустрыялізацыі на Беларусі прынеслі пэўны плён. Удзельная вага прамысловасці БССР у прадукцыі прамысловасці СССР павялічылася ў два разы. Было ліквідавана беспрацоўе. Пры гэтым колькасць рабочых у складзе насельніцтва Савецкай Беларусі вырасла ў два разы. Узніклі новыя галіны пра­мысловасці: машынабудаванне, станкабудаванне, хімічная прамысловасць. Такім чынам, у першыя гады індустрыялізацыя развівалася пераважна ў традыцыйным для Беларусі кірунку.

У 1930-я гг. паступова складваюцца іншыя ўмовы. Былі рэпрэсаваны многія з кіраўнікоў БССР, якія настойвалі на збалансаваным развіцці прамысловасці і сельскай гаспадаркі. Гаспадарча-разліковы механізм (калі прадпрыемствы свае страты забяспечвалі за кошт сваіх прыбыткаў) змяніла жорсткая камандна-загадная сістэма. З прычыны фарміравання калектывізацыі істотныя страты панесла сыравінная база індустрыялізацыі. Нізкая кваліфікацыя рабочых прыводзіла да паломак і прастояў тэхнікі. Але віну за гэта, як і за недавыкананне планаў, ускладалі на «шкоднікаў», якіх выявілі і ў БССР (на фабрыцы «Знамя індустрыялізацыі», у Віцебскім чыгуначным дэпо і на іншых прадпрыемствах). Працоўны энтузіязм, без якога немагчыма было ў такія сціслыя тэрміны стварыць індустрыяльны патэнцыял краіны, спалучаўся з жорсткай карнай сістэмай, якая знішчала асобу.

Супярэчлівым засталося індустрыяльнае развіццё рэспублікі і ў перадваенны час. За гады трох пяцігодак (1928—1932, 1933—1937, 1938—чэрвень 1941 гг.) было пабудавана больш 1000 прадпрыемстваў, створаны новыя галіны прамысловасці: машынабудаванне, паліўная, штучных ва­локнаў, вытворчасць радыёапаратуры. Хуткімі тэмпамі развіваліся мета­лаапрацоўка і станкабудаванне. Колькасць рабочых узрасла больш чым утрая. Але ў той жа час высокія тэмпы індустрыялізацыі, якія патрабавалі вялікай колькасці сродкаў, значна пагаршалі матэрыяльнае становішча насельніцтва. Рэальная заработная плата дасягнула ўзроўню 1928 г. толькі да 1940 г. Велізарныя выдаткі панесла найперш беларускае сялянства, за кошт якога ажыццяўлялася індустрыялізацыя не толькі ў БССР.

У 1920-я гг. пад калектывізацыяй разумелі не толькі стварэнне калектыўных гаспадарак, тым болей толькі ў адной форме — сельгасарцелі. Часам кааперацыя, калектывізацыя, ужываліся як тэрміны тоесныя. Наркамат земляробства рэспублікі на чале з З.Прышчэпавым аддаваў перавагу прасцейшым формам кааперавання. ХV з’езд Усесаюзнай Камуністычнай партыі (УсеКП(б) 1921 г.), вядомы як «з’езд калектывізацыі», вызначыў спалучэнне яе з іншымі відамі кааператываў, эканамічныя метады стымулявання гэтага працэсу.

Драбленне сялянскіх гаспадарак, зніжэнне іх таварнасці ва ўмовах растучай колькасці насельніцтва гарадоў падштурхоўвала да паскарэння працэсу калектывізацыі. Ва ўмовах адсутнасці канкурэнцыі прадпрыемствы завышалі цэны на сваю прадукцыю, а сялянства прытрымлівала збожжа. Калгасы разглядаліся як зручны сродак выпампоўвання з вёскі не толькі збожжа, але і іншай прадукцыі. Мясцовае партыйна-савецкае чыноўніцтва на чале з прысланым сюды К. Геем (К. Гей на пачатку 1930-х гг. узначальваў кіраўніцтва КП(б)Б) звярнулася да Масквы з просьбай аб’явіць рэспубліку зонай суцэльнай калектывізацыі. Гэта дазваляла распачаць адкрыты тэрор супраць заможнага сялянства і серадняцкай часткі. Аб’яўляючы «кулакамі», «іх пасобнікамі» ўсіх тых, хто не жадаў уступаць у калгасы, кіруючыя структуры садзейнічалі канфіскацыі іх маёмасці і высяленню. «Раскулачванне» дазваляла вырашаць задачу забеспячэння калектываў (створаных напачатку пераважна з бядняцкай часткі сялянства) неабходным інвентаром.

У вядомым артыкуле І. Сталіна (1930) уся віна за прымус была ўскладзена на мясцовае кіраўніцтва. Але націск на сялянства паслабеў не надоўга. Пасля таго, як партыйна-савецкае чыноўніцтва зразумела гэты тактычны крок, «прыліў» у калгасы павялічыўся. Для Беларусі фарсіраванне калектывізацыі нанесла асаблівую шкоду. Ва ўмовах спецыялізацыі сельскай гаспадаркі рэспублікі ў кірунку жывёлагадоўлі значная частка сялянства была залічана ў кулакі з прычыны наяўнасці істотна большай, чым у многіх іншых рэгіёнах СССР колькасці мяса-малочнага статку. Калектывізацыя, праведзеная толькі ў адной са сваіх вышэйшых формаў — сельгасарцелі — для вяскоўцаў Савецкай Беларусі перадвызначала абавязковае абагуленне жывёлы, да чаго сялянства псіхалагічна не было падрыхтавана. У выніку была знішчана трэцяя частка малочнага статку (адноўленага толькі на пачатку 1960-х гг.)

Фарміраванне адміністрацыйна-загаднай сістэмы. Па-сутнасці, у перыяд новай эанамічнай палітыкі адміністрацыйна-загадныя метады эпохі «ваеннага камунізму» працягвалі дзейнічаць. Калі ў галіне гандлю і сельскай гаспадаркі савецкая дзяржава істотна скарэктавала свой курс шэрагам «адступленняў» да прыватніка, то ў прамысловасці захавалася поўнасцю не толькі дзяржаўная форма ўласнасці, але і цэнтралізаванае размеркаванне сродкаў вытворчасці. Наступ на прыватніка на вёсцы і ў сферы гандлю быў падрыхтаваны незадаволенасцю значнай часткі бяднейшых слаёў насельніцтва ў дачыненні да канцэнтрацыі прыбытку ў руках невялікай часткі гаспадароў.

Сфармуляваная ідэалагічная дактрына («пабудаванне сацыялізму ў адной асобна ўзятай краіне», тэорыя «асаджанай крэпасці») перадвызначылі імклівае развіццё працэсаў цэнтралізацыі ў эканоміцы, разгортванне калектывізацыі і індустрыялізацыі. Адбываецца абасабленне значнай часткі сялянства ад сродкаў вытворчасці (агульная зямля, тэхніка, сыравіна, жывёла) пры захаванні дуалізму ўласнасці (індывідуальная гаспадарка побач з калгаснай). Новаствораныя калгасы з самага пачатку прызначаліся дзеля выпампоўвання рэсурсаў з вёскі, яны поўнасцю залежалі ад дзяржавы ў галіне забеспячэння тэхнікай, над імі рэальна ўзвышалася ўся астатняя піраміда аграрнай сістэмы камандавання ў сельскай гаспадарцы.

Падагульняючы сказанае, нельга не адзначыць шэраг дасягненняў БССР у 1920-1930-х гг. Яна пераўтварылася ў аграрна-індустрыяльную краіну з хутка растучым рабочым класам. Актывізаваліся працэсы урбанізацыі, склаліся асновы для фарміравання нацыянальнай навукова-тэхнічнай інтэлігенцыі. Вызначыліся новыя перспектывы, якія былі перапынены вайной.