Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Гіст_Бел_Сусв_цывіл.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
1.68 Mб
Скачать

Свет у міжваенны перыяд

Версальска-вашынгтонская сістэма міжнародных адносін. У выніку Першай сусветнай вайны змянілася расстаноўка сіл на міжнароднай арэне. Усе краіны ўмоўна падзяліліся на тры групы. Пераможцы — краіны Антанты: ЗША, Вялікабрытанія, Францыя, Італія і Японія. Пераможаныя — Чацвярны саюз: Германія, Турцыя, Балгарыя, Аўстрыя і Венгрыя (былая Аўстра-Венгрыя). Расія як краіна, дзе перамог радыкальны марксізм (бальшавізм), і якая выйшла з вайны, падпісала Брэсцкі мір з Германіяй (сакавік 1918 г.), знаходзілася ў міжнароднай ізаляцыі. «Трэці свет» был прадстаўлены калоніямі і напаўкалоніямі.

Парыжская мірная канферэнцыя. Дзяржавы-пераможцы жадалі цалкам выкарыстаць вынікі перамогі. 18 студзеня 1919 г. у люстраной галерэі Версальскага палаца адкрылася мірная канферэнцыя з прадстаўнікоў 27 краін-пераможцаў і 5 пераможаных краін. Яны сабраліся ў гэтым месцы і ў гэты час невыпадкова. У гэтай жа зале пасля заканчэння франка-прускай вайны 1870 г. быў заснаваны германскі Другі рэйх (18 студзеня 1871 г.). Адкрыццё канферэнцыі ў Версальскім палацы было заклікана стаць фактам, які зневажае немцаў. Тут французскі прэзідэнт Жорж Клемансо, прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі Лойд Джордж і прэзідэнт ЗША Томас Вудра Вільсан вырашалі лёсы Еўропы і свету. Грунтам абмеркавання былі прапановы, якія сфармуляваў В. Вільсан напачатку 1918 г. і вядомыя як «14 пунктаў». Гэта раззбраенне, адкрытасць мораў, перакройка межаў Еўропы на падставе права народаў на самавызначэнне і стварэнне міжнароднай арганізацыі ўсіх краін — Лігі Нацый, якая была заклікана мірным шляхам вырашаць канфлікты паміж дзяржавамі. Але ўмовы міру, замацаваныя дагаворамі 1919 і 1920 гг., выклікалі глыбокае расчараванне. Германія падпісала мірную дамову 28 чэрвеня 1919 г. у Версалі, былыя яе саюзнікі зрабілі гэта пазней. Савецкая Расія не была запрошана і не ўдзельнічала ў працы канферэнцыі.

Версальскі дагавор і Германія. Германія абвяшчалася адзінай віноўніцай вайны. Яна вяртала Францыі Эльзас і Латарынгію, адваяваныя ў 1871 г. Тэрыторыя Германіі на левым беразе Рэйна і пас шырынёю ў 50 км на правым беразе былі абвешчаны дэмілітарызаванаю зонай, дзе забаранялася трымаць войскі і будаваць умацаванні. Саарскі вугальны басейн перадаваўся ва ўласнасць Францыі на 15 гадоў. На ўсходзе Германія страціла тэрыторыі Пазнаншчыны (адышлі да Польшчы), частку Памор’я (да Польшчы, Літвы), Сілезіі (да Польшчы, Чэхаславакіі). Германія адмаўлялася ад далучэнння (аншлюса) Аўстрыі. Горад Данцыг (Гданьск) пераходзіў пад кіраванне Лігі Нацый, а горад Мемель (Клайпеда) быў далучаны да Літвы. Усе немецкія калоніі перадаваліся пад мандат Лігі Нацый.

Германія скарачала свае ўзброеныя сілы. Яе сухаземныя войскі не павінны былі перавышаць 100 тыс. чалавек (пры 4 тыс. афіцэрах). Германія таксама пазбаўлялася падводнага флоту, цяжкіх надводных караблёў і ваеннай авіяцыі, танкаў і цяжкай артылерыі. Акрамя таго, на Германію ўскладалася выплата рэпарацый — плацяжоў іншым пацярпелым ад вайны дзяржавам (суму іх планавалася вызначыць пазней).

Дагаворы з былымі саюзнікамі Германіі былі складзеныя таксама па прынцыпу «гора пераможаным». Кожная з гэтых краін страчвала частку сваёй тэрыторыі і павінна была выплочваць рэпарацыі.

Перагляд межаў і стварэнне Лігі Нацый. Згодна з мірным дагаворам, у Еўропе ствараўся шэраг новых дзяржаў, як правіла, па нацыянальнай прыкмеце: Польшча, Аўстрыя, Венгрыя, Югаславія і Чэхаславакія. Пашыралася Румынія, пацвярджалася незалежнасць трох Балтыйскіх дзяржаў і самастойнасць Фінляндыі. Новы перагляд межаў адпавядаў жаданню краін-пераможцаў стварыць супрацьвагу Германіі, а таксама «санітарны кардон» ад камуністычнай Расіі.

Важным вынікам Парыжскай канферэнцыі з’явілася стварэнне Лігі Нацый. Статут гэтай міжнароднай арганізацыі быў уключаны ў тэкст Версальскай дамовы. Статут дэклараваў адмову дзяржаў — членаў Лігі Нацый — ад вайны, вызначаў некаторыя меры калектыўнай бяспекі ў выпадку агрэсіі супраць любога з членаў арганізацыі. Ствараліся пастаянныя органы Лігі Нацый, месцам знаходжання якіх была абрана Жэнева. Савет Лігі ўключаў чатырох пастаянных членаў: Францыю, Вялікабрытанію, Італію і Японію. З 1926 па 1933 г. у яго склад уваходзіла Германія, а з 1934 па 1940 г. — СССР. Уступленне ЗША ў Лігу Нацый адхіліў сенат.

Вашынгтонская канферэнцыя. Не ўсе пытанні ўдалося вырашыць на Парыжскай канферэнцыі, у прыватнасці, пытанні, звязаныя з марской палітыкай і марскімі ўзбраеннямі. ЗША разлічвалі дамагчыся прызнання прынцыпу «свабоды мораў», які дазволіў бы ім пранікаць у сферы ўплыву іншых дзяржаў, а таксама роўнасці флатоў ЗША і Вялікабрытаніі. Усяго гэтага ЗША дасягнулі на Вашынгтонскай канферэнцыі, якая адбылася напрыканцы 1921 г.

Супярэчнасці Версальска-вашынгтонскай сістэмы. Версальска-вашынгтонская сістэма мірных дагавораў была ўнутрана супярэчлівай. Яна будавалася на падставе суадносін сіл, якія склаліся ў выніку вайны. Але гэтыя суадносіны працягвалі змяняцца ў пасляваенныя гады. Новая сістэма міжнародных адносін не толькі не ўлічвала, але і адкрыта ігнаравала інтарэсы вялікіх дзяржаў — Германіі і Расіі, якія пайшлі на збліжэнне. У красавіку 1922 г. у прадмесці Генуі Рапала паміж Германіяй і РСФСР быў падпісаны дагавор, згодна з якім абедзьве дзяржавы адмаўляліся ад узаемных фінансавых прэтэнзій і ўсталёўвалі паміж сабою дыпламатычныя стасункі. Дагавор быў раўнапраўным і ўзаемавыгадным. Ён садзейнічаў развіццю не толькі палітычных і эканамічных адносін, але і патаемных вайсковых сувязяў паміж дзвумя дзяржавамі. Сувязі ў ваеннай галіне развіваліся ў абход Версальскага дагавору і садзейнічалі яго паслабленню.

Новыя дзяржавы ствараліся без дастатковага ўліку нацыянальнага складу насельніцтва. У выніку ўзнікла праблема нацыянальных меншасцяў у складзе ўсіх дзяржаў Цэнтральнай і Паўднёва-Ўсходняй Еўропы. Межы з Польшчай былі ўсталяваны насуперак інтарэсам нямецкага насельніцтва на гэтых тэрыторыях. У Чэхаславакіі пражывалі не толькі чэхі і славакі, але таксама і немцы, венгры, украінцы і палякі. На тэрыторыі Югаславіі — славенцы, баснійцы, харваты, сербы, італьянцы і албанцы. Шмат украінцаў, беларусаў і рускіх апынулася ва Ўсходняй Польшчы. Этнічныя меншасці былі рассеяны па шмат якіх рэгіёнах Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы. Яны адчувалі сябе ўшчэмленымі ў правах і з’яўляліся пастаяннай крыніцай напружанасці, затоеных канфліктаў, якія маглі ўспыхнуць пры самым малым інцыдэнце альбо непаразуменні.

У Статуце Лігі Нацый быў зафіксаваны прынцып мандатаў, г. зн. права дзяржаў-пераможцаў на кіраванне ад імя Лігі Нацый былымі германскімі калоніямі і ўладаннямі Асманскай імперыі, якая да таго часу распалася. Лічылася, што гэтыя краіны яшчэ не гатовыя да самастойнага развіцця. Прынцып мандатаў не распаўсюджваўся на калоніі Англіі і Францыі. Больш таго, Англія і Францыя імкнуліся пад выглядам мандатаў пашырыць свае каланіяльныя ўладанні. Нарэшце дзяржавы-пераможцы прымусілі пераможаных плаціць рэпарацыі. Але эканоміка дзяржаў, якія прайгралі вайну, была падарвана, людзі пакутвалі ад беспрацоўя і інфляцыі. У 1923 г., калі Германія зацягнула выплату рэпарацый, французскія і бельгійскія войскі ўвайшлі на яе тэрыторыю і выклікалі тым самым нацыянальнае абурэнне немцаў.

Версальска-вашынгтонская сістэма не ліквідавала супярэчнасці паміж дзяржавамі-пераможцамі і пераможанымі, не здолела забяспечыць трывалай стабілізацыі міжнародных адносін, хавала насенне новай сусветнай вайны. Парыжскія і Вашынгтонскія дагаворы праіснавалі каля 15 гадоў.