Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Гіст_Бел_Сусв_цывіл.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
1.68 Mб
Скачать

Стварэнне ссср і беларускай дзяржаўнасці

Вялікая Беларуская Рада, прызнаўшы Савецкую ўладу ў Расіі, у той жа час не прызнала яе на Беларусі. Яна паставіла сваёй мэтай дабівацца самавызначэння Беларусі на буржуазнай аснове і стварэння асобнай ад Савецкай Расіі буржуазна-дэмакратычнай рэспублікі. Для вырашэння пытання аб уладзе Рада разам з Цэнтральнай Беларускай вайсковай Радай прызначыла на снежань 1917 г. Усебеларускі з’езд. Гэтую ідэю падтрымаў і існуючы ў Петраградзе пры ўсерасійскім Савеце сялянскіх дэпутатаў Беларускі абласны камітэт. (БАК).

На з’езд, які адкрыўся 15 снежня, з’ехаліся 1872 дэлегаты ад БСГ, эсэраў меншавікоў, бальшавікоў. На ім прысутнічалі прадстаўнікі гарадскіх дум, земстваў, афіцэраў і салдат, сялян, рабочых, урачоў і г. д. Шматпартыйны састаў наклаў адбітак на ход дыскусій.

Бальшавікі, недаацэньваючы нацыянальны рух на Беларусі, былі супраць стварэння Беларускай дзяржавы, лічачы, што ў парадку дня стаіць сусветная рэвалюцыя, стварэнне сусветнай савецкай рэспублікі, а не дзяржаўнасці для асобных рэгіёнаў Расіі. ВБР, не будучы супраць улады беларускіх Саветаў сялянскіх, салдацкіх і рабочых дэпутатаў, выступала за стварэнне незалежнай Беларускай Народнай Рэспублікі. БАК быў за стварэнне самастойнай Рэспублікі ў рамках Расійскай Федэрацыі.

З’езд абвясціў права Беларусі на самавызначэнне і зацвярджэнне рэспубліканскага ладу, пастанавіў утварыць часовы выканаўчы орган улады. Аднак ён быў аб’яўлены незаконным і распушчаны бальшавіцкай партыяй, якая стала ва ўладзе.

У гэтых умовах адбыўся раскол у беларускім нацыянальным руху. З аднаго боку, набірала моц правае крыло, — за сепаратызм, супраць устанаўлення Савецкай улады на Беларусі. З другога, — левае крыло, якое заклікала працоўныя масы да рэвалюцыйнай барацьбы, стаялае на пазіцыях інтэрнацыяналізму, заяўляла аб прыярытэце рэвалюцыйных задач над нацыянальнымі.

Тэндэнцыі незалежнасці ў беларускім вызваленчым руху асабліва ўзмацніліся пасля падпісання 3 сакавіка 1918 г. Брэсцкага мірнага дагавору, дзе лёс Беларусі быў вырашаны без удзелу яе прадстаўнікоў.

У гэтых умовах выканаўчы камітэт Рады ўсебеларускага з’езда 9 сакавіка абвясціў Беларусь Народнай Рэспублікай. Уся паўната ўлады перадавалася Радзе, якая па прапанове прадстаўнікоў БСГ была ператворана ў Раду Беларускай Народнай Рэспублікі. Супраць незалежнасці Беларусі выступілі прадстаўнікі некаторых нацыянальных меншасцяў. Сярод іх шэраг польскіх, рускіх і яўрэйскіх арганізацый на Беларусі. У апазіцыі да Рады аказаліся і члены «Мінскага беларускага прадстаў­ніцтва», якія выступалі за беларуска-германскае збліжэнне і супраць нацыяналізацыі зямлі.

Пасля дэбатаў кіраўніцтва Рады заявіла, што будучыню Беларусі яно бачыць толькі пад апекай Германіі, і звярнулася з тэлеграмай да кайзера Вільгельма, у якой выказвалася глыбокая падзяка нямецкім войскам за вызваленне ад чужога прыгнёту, насілля і анархіі. Дэкларуючы незалежнасць і непадзельнасць Беларусі, Рада прасіла аб абароне яе дзейнасці для ўмацавання дзяржаўнай незалежнасці і непадзельнасці краю, выступала за саюз з Германіяй.

Паколькі гэты зварот прымаўся ўпотай на закрытым пасяджэнні Рады, звесткі аб ім выклікалі рознагалоссі сярод розных груповак. Раду пакінулі прадстаўнікі шэрагу партый, а левая частка Грамады адклікае сваіх членаў з урада.

Калі савецкія войскі пакінулі Мінск, а германскія яшчэ не ўступілі, кіраўніцтва беларускага нацыянальнага руху 21 лютага 1918 г. звярнулася да народа з Першай устаўной граматай з тым, што беларускі народ павінен здейсніць сваё права на поўнае самавызначэнне. А дзеля гэтага прапанавалася скліканне на дэмакратычных асновах Устаноўчага Сойму. Гэта быў пачатковы крок у акце нараджэння беларускай дзяржаўнасці. Але нямецкая ваенная ўлада разглядала Беларусь як частку тэрыторыі Расіі.

Згодна з падпісаным у сакавіку 1918 г. Брэсцкім мірным дагаворам з Германіяй, дзе лёс Беларусі быў вырашаны без удзелу яе прадстаўнікоў, інтарэсы беларусаў не былі прыняты пад увагу ні адным з бакоў. Немцы занялі большую частку тэрыторыі Беларусі. Гэта выклікала ўзмацненне нацыянальна-вызваленчага руху, садзейнічала выспяванню ідэі суверэннай Беларускай дзяржавы. 9 сакавіка была прынята Другая ўстаўная грамата, дзе Беларусь абвяшчалася Народнай Рэспублікай, стваралася Рада БНР, гарантаваліся правы і свабоды грамадзян. Беларусь паўставала дэмакратычнай прававой дзяржавай, аднак нічога не было сказана пра сувярэннасць БНР, яе тэрыторыю. Германія адмовілася прызнаць гэты акт, разглядаючы Беларусь як акупіраваную частку Расіі. У гэтых умовах 25 сакавіка 1918 г. прымаецца Трэцяя ўстаўная грамата, якая абвяшчала Беларусь незалежнай і вольнай дзяржавай, дзе самі яе народы вырашаць будучыя дзяржаўныя сувязі. Аб’яўлялася аб намерах перагледзець умовы Брэсцкага дагавору ў дачыненні да Беларусі. Была вызначана тэрыторыя БНР. Згодна з гэтым дакументам, Расія не мела права на Беларусь. Устаўныя граматы ў агульных рысах акрэслілі мадэль БНР. Але гэтыя ідэі трэба было ажыццявіць на практыцы.

Парадаксальнасць сітуацыі была ў тым, што незалежнасць Беларусі была аб’яўлена на тэрыторыі, акупіраванай немцамі. Менавіта нямецкай акупацыйнай адміністрацыі належыла тут уся ўлада. А гэта абмяжоўвала ўсялякія магчымасці БНР, рэалізацыю планаў незалежнікаў. Таму гаварыць аб свабодзе, дзяржаўнай самастойнасці, выпрацоўцы і рэалізацыі законаў, кантролю за іх выкананнем, абароне сваіх грамадзян нельга. Германія не дазволіла БНР стварэнне беларускіх узброеных сіл і паліцыі. Сама магчымасць існавання БНР у рашучай ступені залежыла ад Германіі. Неаднаразовыя звароты Рады да іншых дзяржаў з мэтай дасягнуць прызнання БНР не мелі станоўчых вынікаў.

Створаная ў неспрыяльных умовах без шырокага ўдзелу і падтрымкі народа, БНР не мела шансаў на развіццё і ўмацаванне. А рэвалюцыя ў лістападзе 1918 г. ў Германіі пазбавіла БНР усялякіх надзей на падтрымку.

29 лістапада, калі немцы адыходзілі з Беларусі, Рада ў Чацвёртай грамаце заклікала народ захоўваць парадак, падтрымаць БНР, але гэта не садзейнічала ўмацаванню становішча. Як рэальнае дзяржаўнае ўтварэнне, БНР так і не склалася.

У гэты час за стварэнне незалежнай Беларускай дзяржавы пры падтрымцы працоўнага народа выступіла Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў, якая была створана летам 1918 г. Пры гэтым партыя заклікала да барацьбы як супраць германскай, так і расійскай акупацыі.

Разлік быў на стварэнне кааліцыйнага складу Рады БНР. Бунд, меншавікі, расійскія і яўрэйскія буржуазныя партыі рабілі ўсё магчымае каб стварыць самастойныя ўрадавыя ўстановы. Але перавага была на баку палітычных партый і сіл, якія падтрымлівалі ідэю аўтаноміі Беларусі ў складзе Расійскай федэратыўнай рэспублікі.

Наступленне Чырвонай Арміі ў лістападзе — снежні 1918 г. на савецка-германскім фронце актывізавала дзейнасць бальшавіцкіх арганізацый на Беларусі. Так, на выбарах у Мінскі Савет 3 снежня 1918 г. большасць атрымалі камуністы.

Вызваленне Беларусі ад нямецкіх войск і аднаўленне савецкай улады выклікалі пашырэнне і паглыбленне руху за нацыянальнае самавызначэнне, за стварэнне беларускай сацыялістычнай дзяржаўнасці.

Ініцыятарамі стварэння беларускай сацыялістычнай дзяржаўнасці сталі кіраўнікі леварадыкальнага крыла нацыянальнага руху, якія яшчэ восенню 1917 г. на аснове петраградскіх арганізацый утварылі Беларускую сацыял-дэмакратычную рабочую партыю, а ў лютым 1918 г. узначалілі Беларускі нацыянальны камісарыят (Белнацкам) і садзейнічалі арганізацыі беларускіх секцый РКП(б). 21—23 снежня 1918 г. у Маскве адбылася канферэнцыя беларускіх секцый РКП(б), якая прыняла рашэнне аб неабходнасці стварэння Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі і звярнулася да У. І. Леніна і ў ЦВК з просьбай дапамагчы беларусам у ажыццяўленні гэтай ідэі.

Улічваючы прапановы Цэнтральнага бюро беларускіх секцый і Белнацкама, пленум ЦК РКП(б) прыняў пастанову аб неабходнасці абвяшчэння незалежнай і суверэннай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі Беларусі. З гэтай пастановай вымушаны былі пагадзіцца партыйныя і савецкія кіраўнікі Заходняй вобласці і фронту, якія да гэтага прытрымліваліся думкі, што беларусы не з’яўляюцца самастойнай нацыяй, а таму прынцып самавызначэння да іх не падыходзіць, а Заходняя воб­ласць павінна заставацца адміністрацыйна-тэрытарыяльнай адзінкай РСФСР.

1 студзеня 1919 г. быў абнародаваны Маніфест часовага рэвалюцыйнага рабоча-сялянскага ўрада Беларусі аб утварэнні ССРБ у складзе 5 губерняў: Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай і Смаленскай. Аднак 16 студзеня 1919 г. ЦК РКП(б) у сувязі з наступленнем польскіх войск пастанавіў перадаць Віцебскую, Смаленскую і Магілёўскую губерні ў склад РСФСР, а ў лютым прыняў рашэнне аб аб’яднанні Беларускай і Літоўскай рэспублік у адну — Літоўска-Беларускую.

Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная рэспубліка была штучным утварэннем без уліку інтарэсаў як беларускага, так і літоўскага народаў. Яна фактычна складалася толькі з беларускіх губерняў: Віленскай, Гродзенскай і Мінскай, на тэрыторыі ж этнічнай Літвы ўлада належала літоўскай «Тарыбе».

У лютым — сакавіку 1919 г. пачалося шырокае наступленне польскіх войскаў на тэрыторыю Беларусі. У выніку польскай акупацыі беларускі народ зноў быў пазбаўлены сваёй дзяржаўнасці. Яго зямля амаль на год трапіла пад уладу польскіх легіёнаў. Новыя акупанты, прыкрываючыся барацьбой з бальшавізмам, усталявалі на Беларусі жорсткі акупацыйны рэжым. Як і ў ранейшыя часы, для іх не існавала ні самастойнага беларускага этнасу, не этнічнай тэрыторыі Беларусі.

11 ліпеня 1920 г. Чырвоная Армія вызваліла Мінск, а 31 ліпеня зноў была абвешчана Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка Беларусі ў складзе няпоўных шасці паветаў Мінскай губерні з насельніцтвам 1,5 млн чалавек і тэрыторыяй 52 тыс. км2. Заходняя частка Беларусі была пад Польшчай, а Віцебшчына, Магілёўшчына, частка Смаленскай губерні — у складзе Расіі. Беларускія эсэры адмовіліся падпісаць у ліпені 1920 г. Дэкларацыю аб абвяшчэнні ССРБ. Яны патрабавалі вынесці пытанні дзяржаўнага будаўніцтва на Беларусі на разгляд Усебеларускага працоўнага кангрэса, стварыць кааліцыйны ўрад з удзелам нацыянальна-дэмакратычных партый, абвясціць Беларускую народную рэспубліку на тэрыторыі этнаграфічных межаў беларусаў. Але бальшавікі на гэта не пайшлі.

Не падтрымалі яны і выступленні беларускіх эсэраў, Беларускай сацыял-дэмакратычнай і беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў супраць Рыжскага мірнага дагавору, у выніку якога да Польшчы адыходзіла Заходняя Беларусь плошчай 113 тыс. км2, з насельніцтвам каля 4,5 млн чал.

Урад савецкай Беларусі выдаў мандат РСФСР на вядзенне мірных перагавораў з Польшчай, якія ў верасні 1920 г. праходзілі ў Рызе. Расія ад імя Беларусі атрымала права ўсталявання граніц, заключэння міру, эканамічных пагадненняў і інш. Рыжскі мір узаконіў захоп Польшчай значнай часткі беларускіх зямель. На падставе дагавору Польшча абавязвалася прадставіць рускім, украінцам і беларусам правы, якія б забяспечвалі ім свабоднае развіццё, але польскія ўлады ўстанавілі ў Заходняй Беларусі жорсткі рэжым сацыяльнага, нацыянальнага і рэлігійнага прыгнёту. І доўжылася гэта да верасня 1939 г. калі адбылося ўз’яднанне Заходняй Беларусі з БССР. Падпісанне Рыжскіх пагадненняў без ўдзелу ў іх прадстаўнікоў Беларусі яшчэ больш абвастрыла барацьбу паміж рознымі партыямі, якія тут існавалі.

Менавіта ў пачатку 20-х гадоў на Беларусі, як і ва ўсёй Расіі ўсталёўваецца аднапартыйная сістэма. Усе партыі, акрамя бальшавіцкай, паступова губляюць свой уплыў на насельніцтва. А некаторыя з іх былі даволі ўплывовамі. Так, партыя Беларускіх эсэраў у другой палове 1920 г. налічвала каля 5 тыс. актыўных сяброў, 10 тыс. чалавек аб’ядноўвала эсэраўская «Грамада моладзі». У лютым 1921 г. напярэдадні падпісання Рыжскага мірнага дагавору было арыштавана 860 сябраў партыі белэсэраў, шэраг актывістаў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі і Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў. Пры гэтым камуністы ўспомнілі ім і тое, што яны адмовіліся падпісаць Дэкларацыю аб дзяржаўнай незалежнасці ССРБ 31 ліпеня 1920 г. Наогул удзел альбо не ўдзел у гэтым акце ў значнай ступені вызначыў будучае шэрагу партый. Хоць і раней супраць некаторых з іх былі адпаведныя захады. Так, яшчэ вясной 1919 г. на Беларусі пачалася барацьба супраць членаў партыі левых эсэраў. У гэты ж час кіраўніцтва кампартыі Беларусі робіць захады, каб раскалоць найбольш уплывовыя яўрэйскія арганізацыі. Была дадзена згода на стварэнне ў КП(б)Б яўрэйскай камуністычнай партыі. У выніку частку яўрэяў, прыхільнікаў сацыя­лістаў, камуністы ад іх адцягнулі. Але тым не менш у чэрвені 1920 г. ЯКПб была распушчана. У сакавіку 1921 г. спыніў сваю дзейнасць Бунд.

Менавіта ў гэты час камуністычныя ўлады Беларусі ў адпаведнасці з дырэктывай ЦК РКП(б) пераходзяць да ліквідацыі апазіцыйных рухаў. У СССР набірае моц рух за самароспуск «непралетарскіх» партый. Адпаведны працэс праходзіў і на Беларусі. Так, у чэрвені 1924 г. на з’ездзе БПС-Р было прынята рашэнне аб ліквідацыі партыі і прызнанні савецкай улады. І хоць частка сяброў БПС-Р з гэтым не пагадзілася, але афіцыйна партыя на тэрыторыі Беларусі не існавала.

Беларускія эсэры спрабавалі праводзіць работу ў эміграцыі (Каўна, Берлін, Прага), але пры гэтым больш высвятлялі адносіны паміж сабой. Паступова сышлі з палітычнай арэны беларускія сацыял-дэмакраты і сацыял-федэралісты.

З сярэдзіны 20-х гг. Камуністычная партыя Беларусі моцна трымала ў сваіх руках дзяржаўную ўладу. Ужо на з’ездзе Саветаў, які адбыўся на Беларусі ў снежні 1921 г., былі прадстаўлены толькі камуністы і тыя, хто ім спачуваў. Паступова ўсталёўваецца блок камуністаў і беспартыйных, які павінен быў адыгрываць асноўную ролю ў палітычным жыцці краіны. Пры гэтым нельга не звярнуць увагі на тое, што значны ўплыў на ўмацаванне беларускай дзяржаўнасці, на павышэнне аўтарытэту камуністычнай партыі аказала беларусізацыя, якая пачалася ў гэты час.

Такім чынам ў 1925 г. на Беларусі легальна дзейнічала толькі камуністычная партыя.

У гэты час паміж савецкімі рэспублікамі, якія былі створаны на тэрыторыі былой царскай Расіі пасля кастрычніцкай рэвалюцыі, існаваў ваенны, эканамічны і дыпламатычны саюзы. Але ўсё больш адчувалася іх недастатковасць. Не былі рэгламентаваны ўзаемаадносіны вышэйшых органаў дзяржаўнай улады рэспублік, не было належнай каардынацыі ў рабоце планавых і фінансавых органаў, а гэта ў той час адмоўна адбівалася на гаспадарчым будаўніцтве. У ліквідацыі такога становішча былі зацікаўлены многія народы. Менавіта таму і было пастаўлена пытанне аб больш цесным збліжэнні савецкіх рэспублік.

На працягу некалькіх месяцаў гэта пытанне абмяркоўвалася на з’ездах Саветаў Савецкіх рэспублік, партыйных з’ездах, сходах працоўных. Спецыяльная камісія, якая была створана з прадстаўнікоў рэспублік, распрацавала Дэкларацыю і Дагавор аб аб’яднанні ў Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. Новая дзяржава стваралася на правах раўнапраўя. Рэспублікі, якія аб’ядноўваліся, адмаўляліся на карысць саюзнай дзяржавы ад часткі сваіх правоў галоўным чынам у знешніх і ваенных справах, фінансах, планавасці народнай гаспадаркі. Самастойнасць захоўвалася ў адукацыі, ахове здароўя, сацыяльным забеспячэнні, унутраных справах і інш. Ствараліся агульнасаюзныя заканадаўчыя і выканаўчыя органы.

Абмеркаваўшы ў верасні 1922 г. пытанне аб узаемаадносінах паміж савецкімі рэспублікамі, Цэнтральнае Бюро Кампартыі Беларусі пастанавіла лічыць мэтазгодным устанаўленне больш цесных адносін з іншымі савецкімі рэспублікамі. Гэта ідэя была падтрымана на партыйных канферэнцыях, павятовых і валасных з’ездах Саветаў, на шматлікіх сходах працоўных Беларусі. 14 снежня Усебеларускі з’езд Саветаў рабочых, сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў Беларусі прыняў рашэнне аб уваходжанні рэспублікі ў Саюз ССР на аднолькавых правах з РСФСР, Украінскай ССР і Закаўказскай Савецкай Федэратыўнай рэспублікай. Сваечасовым аб’яднанне савецкіх рэспублік у адзінай дзяржаве прызналі з’езды Саветаў УССР, ЗСФСР і РСФСР.

У выніку 30 снежня 1922 г. быў утвораны Саюз Савецкіх Сацыя­лістычных Рэспублік (СССР), у які ўвайшлі РСФСР, УССР, БССР, а таксама Азербайджан, Арменія і Грузія. СССР існаваў да снежня 1991 г.

Утварэнне СССР садзейнічала стварэнню эканамічнага патэнцыялу, які забяспечваў тэхніка-эканамічную незалежнасць шматнацыянальнай дзяржавы. У рамках СССР Беларусі лягчэй было вырашыць пытанне аб вяртанні ёй некаторых тэрыторый, дзе жылі беларусы. Так, у сакавіку 1924 г. было прынята рашэнне вярнуць Савецкай Беларусі 16 паветаў Віцебскай, Смаленскай і Гомельскай губерняў, у снежні 1926 г. былі вернуты яшчэ два паветы: Гомельскі і Рэчыцкі.

Нягледзячы на тое, што ў СССР паступова ішла цэнтралізацыя ўлады, абмежаванне паўнамоцтваў саюзных рэспублік, адзяржаўленне народнай гаспадаркі, згортванне матэрыяльных стымулаў, усталяванне адміністрацыйна-каманднай сістэмы, парушаліся дэмакратычныя правы і свабоды грамадзян, ў краіне быў створаны магутны сацыяльна-эка­намічны патэнцыял.