Добавил:
Upload Опубликованный материал нарушает ваши авторские права? Сообщите нам.
Вуз: Предмет: Файл:
Гіст_Бел_Сусв_цывіл.doc
Скачиваний:
0
Добавлен:
01.07.2025
Размер:
1.68 Mб
Скачать

Першая сусветная вайна

Першая сусветная вайна— адна з найбуйнейшых гуманітарных катастроф XX ст. У ёй удзельнічала 38 дзяржаў. Адзін аднаму супрацьстаялі два ваенна-палітычныя блокі, створаныя на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў. З аднаго боку, Англія,Францыя і Расія, з другога — Германія, Аўстра-Венгрыя і іх саюзнікі. Ваенныя дзеянні адбываліся на сушы і на моры, на тэрыторыі трох кантынентаў — Еўропы, Азіі і Афрыкі. На палях бітваў ваявала да 70 млн чалавек, апранутых у ваенную форму і навучаных «мастацтву» забіваць. Вайна прывяла да гібелі каля 10 млн чалавек, да найвялікшых матэрыяльных стратаў, якіх яшчэ не ведала гісторыя чалавецтва. Аднак вайна так і не вырашыла ўсіх супярэчнасцяў паміж буйнейшымі дзяржавамі. Яна пасеяла насенне новай, яшчэ больш страшнай і разбуральнай Другой сусветнай вайны.

Прычыны вайны. Хто вінаваты? Першая сусветная вайна з’явілася вынікам супярэчнасцяў паміж буйнейшымі еўраапейскімі дзяржавамі. Іх прагнасць і саперніцтва з-за чужых тэрыторый прывялі да сутыкнення і зрабілі агульнасусветны канфлікт непазбежным. Лідэры прамысловасці, фінансісты, фабрыканты зброі, якія імкнуліся атрымаць усё больш высокія прыбыткі, а таксама палітычныя дзеячы, адлюстроўвалі іх інтарэсы, увялі свет у вайну.

Непасрэднай падставаю да вайны з’явілася забойства (28 чэрвеня 1914 г.) нашчадка аўстра-венгерскага прастола Франца Фердынанда ў баснійскім горадзе Сараева. Акт тэрору здзейснілі члены падпольнай сербскай арганізацыі, якія змагаліся за далучэнне Босніі да Сербіі. Аўстра-Венгрыя вырашыла «правучыць» Сербію, якая не мела непасрэднага дачынення да тэрарыстычнага акту і прад’явіла ёй загаддзя невыканальныя патрабаванні. З гэтага часу і да пачатку ваенных дзеянняў Аўстра-Венгрыя і Германія размаўлялі з краінамі Антанты толькі на мове ўльтыматымаў. 28 чэрвеня Аўстра-Венгрыя абвясціла вайну Сербіі, разлічваючы на ваенны канфлікт «мясцовага» значэння. Расія, якая і раней падтрымлівала Сербію, абвясціла аб мабілізацыі.

І хоць справа зайшла далёка, у гэты час яшчэ магчыма было пазбегнуць сусветнай вайны. Аднак Германія лічыла, што надышоў спрыяльны момант для таго, каб расправіцца з Францыяй на Захадзе, пакуль павольная Расія не разгарнула свае ўзброныя сілы на ўсходзе. У ультыматыўнай форме яна патрабавала ад Расіі прыпыніць мабілізацыю і, не чакаючы адказу, 1 жніўня абвясціла ёй вайну. Затым прад’явіла ультыматум Бельгіі, патрабуючы бесперашкоднага праходу для сваіх войск да французскай мяжы. 3 жніўня была абвешчана вайна Францыі. Як толькі немецкія войскі перайшлі мяжу, Вялікабрытанія 4 жніўня абвясціла вайну Германіі. Праз два дні ў вайну ўступіла Аўстра-Венгрыя. Шлях да міру быў безнадзейна адрэзаны. Еўропа надоўга стала тэатрам адной з найбольш крывавых бітваў у гісторыі чалавецтва.

Да сёння не сціхаюць спрэчкі аб адказнасці за развязванне Першай суветнай вайны. Першапачаткова ўсю віну ўскладалі на Германію. Яна парушыла нейтралітэт Бельгіі, гарантам якога з’яўлялася разам з іншымі еўрапейскімі дзяржавамі. Першай абвясціла вайну Францыі і Расіі, распачала актыўныя ваенныя дзеянні на Захадзе. Вярсальская мірная дамова безагаворачна абвінаваціла яе ў развязванні вайны. Аднак з часам стала зразумела, што праблема адказнасці нашмат больш складаная, чым лічылася першапачаткова. Большасць гісторыкаў адзінадушны ў тым, што віну за развязванне Першай сусветнай вайны нясуць у той ці іншай ступені ўсе асноўныя яе ўдзельнікі.

Ход ваенных дзеянняў і асноўныя бітвы. Ваенны план Германіі прадугледжваў кароткачасовую «маланкавую вайну». Нямецкае камандаванне разлічвала нанесці знішчальны ўдар па Францыі, разграміць яе і вызваленыя сілы кінуць на ўсход супраць Расіі. Галоўным для Германіі было не дапусціць вайны на два франты, не апынуцца заціснутай паміж сваімі грознымі супраціўнікамі. Аднак у першыя ж месяцы вайны гэты план пацярпеў крах.

Акупаваўшы Люксембург і вялікую частку Бельгіі, якая аказала супраціўленне агрэсару, германскія войскі ўварваліся на тэрыторыю Паўночнай Францыі і пачалі хутка прасоўвацца да Парыжа. Прэзідэнт і французскі ўрад рыхтаваліся да пераезду на поўдзень. Лёс Парыжа, ды і ўсёй Францыі, падавалася, вісеў на валаску. У гэты час рускія войскі ўварваліся ва Ўсходнюю Прусію. І хоць яны атрымалі сур’ёзнае паражэнне пад Танненбергам, ім ўсё ж удалося адцягнуць увагу немцаў ад французскага фронту. Перамога на ўсходзе дорага абышлася Германіі на Захадзе.

Найвялікшая бітва з удзелам 6 англа-французскіх і 5 нямецкіх армій (усяго каля 2 млн чалавек) адбылася 5—9 верасня 1914 г. на рацэ Марне. Немцы пацярпелі паражэнне. У ходзе наступных крывапралітных бітваў лінія фронту паступова стабілізавалася, расцягнуўшыся ад швейцарскай мяжы да Паўночнага мора. Вайна на Заходнім фронце набыла пазіцыйны характар. Такім чынам, германскі план «маланкавай вайны» праваліўся. Германіі прыйшлося ваяваць на два франты.

Пасля ўступлення ў вайну Турцыі (кастрычнік 1914 г.) і Балгарыі (верасень 1915 г.) з боку германскага блоку і Італіі (красавік 1915 г.) на баку Антанты ўтварыліся новыя франты ў Закаўказзі, Месапатаміі, Сірыі, Дарданэлах і на поўдні Еўропы. Аднак найбольшае значэнне па-ранейшаму мелі Ўсходні і Заходні франты. Цэнтр цяжару ваенных дзеянняў пастаянна перасоўваўся то з Захаду на Ўсход, то з Усходу на Захад.

У 1915 г. асноўны цяжар вайны вынесла Расія, забяспечыўшы Францыі і Англіі гэтак неабходную для іх перадышку. У кампаніі 1916 г. немцы актывізавалі свае дзеянні на Заходнім фронце. Бітвы былі ўпартымі і крывапралітнымі. У выніку цяжкіх баёў у раёне Вердэна, якія атрымалі назву «Вердэнскай мясарубкі» (21 лютага — 18 снежня 1916 г.), абодва бакі згубілі каля 1 млн чалавек. Улетку — увосень таго ж году англа-французскія войскі беспаспяхова спрабавалі прарваць абарону супраціўніка на рацэ Соме, згубіўшы каля 800 тыс. чалавек. Становішча саюзных армій аблегчылася ваеннымі дзеяннямі на ўсходнім фронце. Асабліва вялікае значэнне мела наступальная аперацыя рускіх войскаў пад камандаваннем А. А. Брусілава супраць аўстра-германцаў, якія па­неслі вялікія страты — каля 1,5 млн чалавек забітымі, параненымі і палоннымі.

Пасля гэтых нябачных па сваіх маштабах бітваў наступіў карэнны пералом у Першай сусветнай вайне. З уступленнем у вайну ЗША (6 красавіка 1917 г.) на баку Антанты стратэгічная ініцыятыва перайшла ў яе рукі.

Тым не менш, стомленасць насельніцтва ад вайны назіралася ва ўсіх без выключэння ваюючых краінах. Аб гэтым сведчыць уздым пацыфісцкіх, сацыяльных і нацыянальных рухаў, факты братання на франтах. У лютым 1917 г. рухнула самаўладдзе ў Расіі, а ў кастрычніку таго ж года бальшавікі ажыццявілі сацыялістычную рэвалюцыю. 3 сакавіка 1918 г. Савецкая Расія заключыла сепаратны мір з Германіяй у Брэст-Літоўску. Але адсутнасць другога фронту не выратавала Германію і яе саюзнікаў ад паражэння.

Пасля высадкі армій ЗША ў Еўропе (сакавік 1918 г.) і генеральнага наступлення пад агульным камандаваннем французскага маршала Фердынанда Фоша Германія вымушана была перайсці да татальнай абароны. Ваенныя паражэнні, эканамічная разруха, нарэшце, звяржэнне манархіі (9 лістапада 1918 г.) у выніку рэвалюцыйнага выступлення рабочых і жаўнераў вымусілі Германію капітуляваць 11 лістапада 1918 г. Перад дзяржавамі-пераможцамі са ўсёй вастрынёй паўстала пытанне аб тым, якім быць міру ў Еўропе.

Новае аблічча вайны. Некалькі фактараў змянілі традыцыйны характар вайны. Перш за ўсё, гэта навукова-тэхнічны прагрэс, які прывёў да стварэння зброі масавага паражэння. Часта ўжо не смеласць жаўнераў, а агнявая моц вырашала вынік бітвы. Выкарыстане цяжкіх гармат, кулямётаў, танкаў, самалётаў, задушлівых газаў і падводных лодак гранічна пашырала межы ваенных дзеянняў, да неверагоднага павялічвала колькасць забітых і параненых. Нават ў адносна спакойныя дні на Заходнім фронце страты лічыліся шмат сотнямі забітых саюзных і нямецкіх жаўнераў. Найбуйнейшыя страты на працягу аднаго дня адбыліся 1 чэрвеня 1916 г. у бітве на р. Соме, калі брытанская армія недалічылася 57 470 жаўнераў. Усяго ў гады Першай сусветнай вайны было забіта ці памерла ад ран каля 8,5 млн жаўнераў.

У гады вайны ўсё большае значэнне набывае тыл. Эканоміка ваюючых дзяржаў працавала толькі на вайну. Вытворчасць зброі, асабліва новых тыпаў узбраенняў, дасягнула неверагодных памераў. У Вяліка­брытаніі, напрыклад, ваенныя расходы ў 1918 г. складалі 80 % дзяр­жаўнага бюджэту. Такім чынам, вялізныя людскія рэсурсы выкарыстоў­валіся для патрэбаў фронту. Вайна стала не толькі доляй жаўнераў, але і значнай часткі насельніцтва. Эпоха ўзброеных канфліктаў, абмежаваных некалькімі палямі бітваў, беззваротна сышла ў мінулае.

Ва ўмовах татальнай вайны асаблівае значэнне набывала прапаганда. Ва ўлётках, афішах і паштоўках — паўсюль ствараўся станоўчы воб­раз бацькаўшчыны і ўсяляк ачарняўся вораг. Выключна вытанчаная праца прапагандысцкай машыны ваюючых дзяржаў стала крайне важнай у гады Першай сусветнай вайны.

Вынікі вайны. Першая суветная вайна карэнным чынам змяніла аблічча Еўропы. Разваліліся Асманская і Аўстра-Венгерскія імперыі. Расія аказалася ўцягнутай у хаос рэвалюцыі і грамадзянскай вайны. Узнікла Савецкая дзяржава на чале з бальшавікамі. Аўстрыя і Германія сталі рэспублікамі. У Еўропе ўтварыліся новыя дзяржавы, дабіліся незалежнасці Польшча, Чэхаславакія, Югаславія, Латвія, Літва, Эстонія і Фінляндыя. На абломках Асманскай імперыі была ўтворана Турэцкая рэспубліка і шэраг арабскіх дзяржаў, якія апынуліся пад кантролем Англіі і Францыі. Усе германскія калоніі былі падзелены паміж краінамі Антанты.

Першая сусветная вайна азнаменавала сабою канец еўрапейскай гегемоніі. Цэнтрамі палітычнай сілы ў свеце сталі Злучаныя Штаты Амерыкі і Савецкі Саюз. Вайна не вырашыла ўсіх супярэчнасцяў паміж вялікімі дзяржавамі, што прывяло чалавецтва да другой сусветнай вайны.